Tag Archives: Янка Мавр

А. Сімакоў пра Д. Выгодскага

Добрае літаратурнае імя: Давід Выгодскі

Піша Алесь Сімакоў

Літаратуразнавец, перакладчык і паэт, асветнік і арганізатар міжнародных культурных сувязяў, ён быў прыкметнай постаццю ў Гомелі і Ленінградзе, з якімі звязаны яго жыццёвы шлях. Памёр у карагандзінскім лагеры ў 1943 г., а спробу вызваліць яго сучасная ізраільская энцыклапедыя лічыць амаль беспрэцэдэнтнай па смеласці.

Д. Выгодскі

«Гомельскі перыяд» пачаўся 5 кастрычніка 1893 г., калі Давід Выгодскі нарадзіўся тут у сям’і дробнага службоўца і праходзіў у цесных зносінах са стрыечным братам Львом, які пасля змяніў сваё прозвішча на «Выгоцкі». У 1911–1912 гг. браты падрыхтавалі і надрукавалі некалькі нумароў літаратурнага часопіса «Зарницы», які быў адзначаны ў адрасна-даведачнай кнізе «Весь Гомель» на 1913 г. Часопіс вылучыўся з тагачаснага багацця мясцовай перыёдыкі імкненнем адлюстраваць духоўнае жыццё гомельскай «моладзі». Першае ж выступленне Выгодскага ў друку датуецца 16 красавіка 1911 г., калі ў пецярбургскай «Неделе Вестника знания» з’явілася яго нататка «Дзе шчасце».

Пасля вучобы на гісторыка-філалагічным факультэце сталічнага ўніверсітэта, ужо як практычна сфармаваны іспаніст, Давід Выгодскі з канца 1917-га правёў некалькі неспакойных гадоў у Гомелі. Ён з энтузіязмам успрыняў рэвалюцыю, што было натуральным для супрацоўніка такіх выданняў, як «Летопись» і «Новая жизнь». Няма пераканаўчых сведчанняў таго, што ён актыўна ўдзельнічаў ва ўсталяванні савецкай улады, але яго праца ў рэдакцыях, у тым ліку «Гомельской мысли», і педагагічных установах мела цалкам лаяльны характар і адрознівалася добрасумленнасцю.

Фота зроблена ў Гомелі прыкладна сто гадоў таму. Першы злева – А. Быхоўскі, другі злева – Д. Выгодскі, другі справа – Л. Выгоцкі. Узята адсюль

«Господи, верую», — так пачынаецца і заканчваецца адзін з яго вершаў, напісаных у 1920 г. у «Губнаробразе». Матывы іншых яго твораў — «Мы все обречены на боль, / Нам всем начертано страдание» або «Взвивается чёрное знамя. Черное знамя — как смерть» — таксама прымушаюць задумацца над сапраўдным складам яго думкі, які вымушана скажаўся біёграфамі нават пасля рэабілітацыі (1957).

Ранняя мастацкая творчасць Д. Выгодскага, што ўключае, акрамя паэтычнага зборнічка 1922 г., і пераклад п’есы ў вершах Лесі Украінкі «У катакомбах» (Гомель, 1924), ставіць пад сумнеў «бальшавізм», які спрабавалі ўкараніць у гэтага, як пісаў Веніямін Каверын, «добрага, разумнага, але, можа, не вельмі адважнага чалавека». Пазбягаючы ўцягвання ў небяспечныя сітуацыі ўжо падчас антыэсэраўскіх «чэкісцкіх засадаў» 1922 г., пазней Давід быў вымушаны прыстасоўвацца ва ўмовах ганенняў на ўсё і ўся, што ўзмацняліся. І тым не менш ён быў «камарада Давід Выгодскі», калі з 1936 г. падтрымліваў байцоў Інтэрбрыгад у Іспаніі, пасылаючы эмацыянальныя лісты і кнігі. Менавіта «папулярызацыя рэвалюцыйнай літаратуры» зрабіла яму «добрае літаратурнае імя». Аднак Давід ухіляўся ад залішняй «палітызацыі»: усе яго намеры былі накіраваны на творчую працу, увесь яго дом быў запоўнены кнігамі; яго добрасардэчнасць прыцягвала.

Р. Э. Боці, Р. Гансалес Туньён, Л. дэ Грэйф, К. Гуцьерэс-Крус, Х. дэ  ла Куарда, Х. Ліст Арсубідэ, Х. Саламеа, А. Юнке — толькі некаторыя  з імёнаў лацінаамерыканскіх пісьменнікаў, якія сталі вядомымі ў СССР дзякуючы Выгодскаму. Перакладчык і рэцэнзент вёў шырокую перапіску з аўтарамі, атрымліваў выданні – і адразу ж імкнуўся забяспечыць ім другое жыццё ў рускамоўным асяроддзі. З лістоў сваіх шматлікіх карэспандэнтаў у Лацінскай Амерыцы ён даведваўся нямала пра тое, што было «звязана з яе эканамічным становішчам, залежнасцю ад замежнага капіталу і абсалютным паўфеадальным прыгнётам безабаронных індзейцаў» (з ліста яго «таварыша, які падае надзеі», С.-С. Вітурэйры з Мантэвідэа). Кніга «Перапіска з Амерыкай», з маладымі Ж. Амаду, Х. Л. Борхесам, Х. Ікасам, А. Пасам і Н. Гільенам, якую Выгодскі абмяркоўваў з выдавецтвам «Советский писатель», не выйшла. Частка лекцый Выгодскага была заснавана выключна на арыгінальным матэрыяле, атрыманым па пошце. Разам з вядомымі даследчыкамі К. М. Дзяржавіным, Б. А. Кржэўскім, В. У. Рахманавым ён стварыў Іспанаамерыканскае таварыства — навуковую асацыяцыю па вывучэнні Іспаніі і Лацінскай Амерыкі. Як яго старшыня, Д. Выгодскі каардынаваў першыя сур’ёзныя крокі ў збліжэнні савецкай грамадскасці з «культурным лацінаамерыканскім светам». Гасцямі ИСПАМО і Выгодскага былі вядомыя пісьменнікі і гісторыкі, такія як Р. Альберці з Іспаніі, Х. Падэста з Уругвая. Сам ён, як і Янка Маўр, не падарожнічаў па свеце, — яго крыніцамі былі візіты іншаземцаў і дакументальныя крыніцы. Разам з Маўрам яго адносяць да піянераў беларускага эсперанта; яны атрымлівалі матэрыял для сваіх працаў на гэтай мове і з Амерыкі.

Не абмяжоўваючыся ў сваіх інтарэсах лацінамерыканістыкай і пашыраючы асноўную цікавасць на Іспанію (непадзельнасць «лацінскай стыхіі» ілюструе пераклад ім рамана іспанца В. Бласка Ібаньеса пра адкрывальніка-італьянца «У пошуках вялікага хана (Крыстобаль Калон)», 1931), Выгодскі рэцэнзаваў, яшчэ да рэвалюцыі, чарговае выданне «Спеву аб Гаяваце» ў перакладзе І. Буніна. Пазней гамельчанін перакладаў І. Бехера і Б. Келермана, Э. Сінклера і К. Сэндберга, пісаў прадмовы да выданняў М. Твэна, ацэньваў творчасць Т. Драйзера, шматлікіх іншых амерыканскіх і еўрапейскіх пісьменнікаў. Яго звароты да замежных літаратараў мелі на мэце ўзаемнае ўзбагачэнне літаратур: Выгодскі актыўна прапагандаваў за мяжой юбілейныя мерапрыемствы ў сувязі са стагоддзем смерці А. С. Пушкіна. Асобныя творы А. Блока, У. Маякоўскага, К. Бальмонта, Г. Ахматавай і іншых рускіх пісьменнікаў сталі даступныя іспанамоўнаму чытачу дзякуючы перакладам Выгодскага. Не забываючы пра родную Беларусь пасля ад’езду ў 1921 г., ён пераклаў для «Анталогіі беларускай літаратуры» (1929) і іншых выданняў вершы М. Багдановіча, у тым ліку «Слуцкіх ткачых», творы Я. Коласа, М. Чарота. Глыбока цікавіла яго, натуральна, і яўрэйская літаратура, асабліва паэзія, у прыватнасці Х. Н. Бяліка. Яе Д. Выгодскі даносіў да шырокага чытача ва ўласных перакладах і крытычных аглядах; калі быў супрацоўнікам Петраградскага ўніверсітэта, выступаў і ў «Еврейской неделе».

«Іспана-беларускае» згуртаванне «На Моховой семейство из Полесья» наведвалі амаль усе найбольш вядомыя літаратары Ленінграда. «Осьми вершков, невзрачен, бородат, / Как закорючка азбуки еврейской» — такім Давід Выгодскі паўставаў перад сваімі гасцямі, сярод якіх часта бываў і Восіп Мандэльштам. Шчыра і амаль па-дзіцячы наіўна глядзіць Д. Выгодскі з малюнка мастака У. Майзеліса, які паспеў увасобіць яго перад адыходам з «сапраўднага жыцця».

Д. Выгодскі быў арыштаваны ў 1938 г. па «справе перакладчыкаў». Тыя, хто ведаў яго выключна як «савецкага чалавека і добрага таварыша», накіравалі ліст у ЦК ВКП(б); пад заявай стаялі подпісы М. Зошчанкі, Б. Лаўранёва, М. Слонімскага, Ю. Тынянава, К. Федзіна, В. Шклоўскага. Міхаіл Зошчанка быў сярод тых, хто пасля смерці Выгодскага хадайнічаў пра вяртанне яго ўдаве велізарнага кнігазбору з 12 тысяч тамоў, галоўным чынам замежных кніг, вывезеных падчас блакады ў Публічную бібліятэку (у лісце ад 28.12.1993 г. яе — тады ўжо РНБ — вучоны сакратар У. А. Калабкоў адказаў нам наконт гэтай праблемы, якая ўсё яшчэ ўздымалася з боку сям’і; ён паведаміў, што частка кніг, трапіўшы ў абменны фонд, мусіла разысціся па бібліятэках краіны, якія пацярпелі падчас вайны), і пра пасмяротнае аднаўленне яго ў Саюзе пісьменнікаў.

Яшчэ з перасыльнай турмы ў Ленінградзе, а потым з КарЛАГа Выгодскаму ўдавалася пісаць сваякам, паведамляючы пра неймаверныя, здавалася б, планы: «…Пакутліва хочацца працаваць, хочацца напісаць і ў прозе, і ў вершах цэлы шэраг рэчаў, народжаных гэтымі цяжкімі гадамі», — дзяліўся ён з жонкай за тры месяцы да смерці. — Вельмі, аднак, баюся, што нічога гэтага зрабіць ужо не атрымаецца». Вершы, датаваныя 1941–1943 гг., выкарыстала ў «Матэрыялах да біяграфіі» Давіда Выгодскага ленінградская даследчыца Р. Р. Фатхуліна (Шагліна), даслаўшы іх яшчэ ў рукапісе і нам.

Аддаючы доўг памяці і паўторна «вяртаючы» Давіда Іосіфавіча Выгодскага жыхарам Гомеля і ўсёй Беларусі, нельга не ўспомніць і пра блізкіх людзей, якія падтрымлівалі яго. Жонка Эма Іосіфаўна нарадзілася ў Гомелі ў 1899 г. і пасля заканчэння ў 1922 г. гістарычнага факультэта МДУ, прысвяціўшы сябе літаратурнай працы, займалася перакладамі. Стварыла шэраг папулярных кніг для юнацтва. Яе няскончаная гістарычная аповесць пра канкісту, апублікаваная ў 1961 г. у зборніку «Бурштынавы пакой» пад загалоўкам «Капітан Картэс», цікавая тым, што прадстаўляе шмат «пазітыўных» рысаў заваёўніка, запазычаных з хронік.

Пасля арышту мужа яна яшчэ спрабавала працаваць, але, зламаная няшчасцямі, перажыла Давіда Іосіфавіча толькі на шэсць гадоў. Сын Давіда і Эмы Іосіф прайшоў вайну, быў паранены і ўсе пасляваенныя гады жыў надзеяй на аднаўленне справядлівасці.

Іосіф Давідавіч, які шмат перанёс у жыцці і ўнаследаваў ад бацькі клапатлівасць у адносінах да людзей, памёр у Санкт-Пецярбургу ў 1992 г., паспеўшы звярнуцца да гамяльчанаў і, у прыватнасці, да Беларуска-індзейскага таварыства (у бібліятэцы і архіве якога захоўваюцца шматлікія матэрыялы пра Выгодскіх) са словамі ўдзячнасці за памяць пра бацьку.

У 1993-м і наступных гадах мемарыяльная праграма, якая ўключала ў якасці нагоды 100-годдзе з дня нараджэння і 50-годдзе смерці Давіда Выгодскага, паўтарыла асноўныя кірункі рассылання лістоў з заклікам да міжнароднага супрацоўніцтва і актывізацыі дыялогу культур. Зварот аргкамітэта «Трохгоддзя Выгодскіх» апублікаваў «American Indian Culture and Research Journal» (1994, № 3) у Лос-Анджэлесе.

Хаця Выгодскі і не можа лічыцца адным з першых уласна беларускіх лацінаамерыканістаў, ён — лацінаамерыканіст-ураджэнец, што таксама натхняе.

Пра аўтара

Алесь Сімакоў нарадзіўся ў 1962 г. у вёсцы Рудакоў Хойніцкага раёна. У 1979 г. скончыў 10 класаў — СШ № 3 у Гомелі. Працаваў на абутковай фабрыцы, заводзе металаканструкцый, у інфармацыйна-вылічальным цэнтры, міжраённым упраўленні па меліярацыі, вучыўся на падрыхтоўчым аддзяленні ГДУ. Са студзеня 1987 г. быў заняты арганізацыйнай працай па стварэнні Беларуска-індзейскага таварыства. Аўтар каля 120 публікацый, уключаючы даклады на навуковых канферэнцыях; друкаваўся ў 9 краінах. Асноўныя тэмы даследаванняў: беларусы на Алясцы і ў Сан-Францыска, гісторыя беларуска-індзейскіх сувязяў, школазнаўства.

Крыніца: Палац: літаратурны альманах. 2020. Мінск: Кнігазбор, 2021. С. 178–181.

Артыкул перадрукоўваецца з невялікімі рэдакцыйнымі праўкамі – belisrael

Апублiкавана 08.04.2021  20:48