Tag Archives: Ян Гриб

«(Не)расстраляная паэзія» і «Расстраляная літаратура»

Увосень 2017 года ў Мінску адзначаецца 80-годдзе «Чорнай ночы». Ужо нямала гаварылася пра тое, што ў 1937-м быў знішчаны цвет беларускай (і беларуска-яўрэйскай) інтэлігенцыі. Нашы аўтары бралі ўдзел у некаторых імпрэзах – і як выступоўцы, і як гледачы. Засяродзімся на праекце партала tuzinfm.by, які стартаваў фактычна 1 верасня, а прадоўжыцца як мінімум да 16.11.2017, і на вечарыне Саюза беларускіх пісьменнікаў, што адбылася ў галерэі TUT.by на праспекце Дзяржынскага (!). Учора, 30 кастрычніка 2017 г.

* * *

Праблема: беларускім паэтам Расстралянага Адраджэння пагражае поўнае забыццё: іх творы і твары сціраюцца з народнай памяці. Рашэнне: музычна-адукацыйны праект, прысвечаны памяці беларускіх дзеячоў культуры і навукі, якія былі расстраляныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937… Праект «(Не)расстраляная паэзія» плён паўгадавой працы больш чым 60 чалавек: музыкаў, даследчыкаў літаратуры, дызайнераў, саўндпрадзюсераў, рэжысёраў ды актораў. У прома-роліку Арцёма Лобача ў ролі «паэтаў маладой краіны» зняліся Павел Харланчук, Алена Гіранок і Андрэй Саўчанка. Таксама з’явілася 12 відэазваротаў удзельнікаў праектa з заклікам звярнуць увагу на паэтаў 1930-х гадоў.

Мы мусім памятаць імёны рэпрэсаваных паэтаў і захаваць іх творы, каб не знікнуць самім. Сэнс назвы праекту «(Не)расстраляная паэзія» – хоць аўтары і расстраляныя, іх творчую спадчыну ліквідаваць немагчыма. З дапамогай гэтага праекта мы аддаем даніну павагі паэтам і ўключаем іх творчасць у сучасны культурны кантэкст.

Кропка ў праекце «(Не)расстраляная паэзія» на прэзентацыі альбома, лекцыях і канцэрце не будзе пастаўлена. Прадзюсер праекта Сяргей Будкін кажа, што магчымы працяг. Што ды як будзе рабіцца далей, залежыць у тым ліку і ад падтрымкі слухачоў, якую можна выказаць да 17 лістапада праз Talaka.by.

(паводле www.talaka.org/projects/1936/overview & tuzinfm.by)

Спадзяюся на працяг

Праeкт «(Не)расстраляная паэзія» яшчэ не скончыўся (увогуле яго плануюць зрабіць бясконцым, і ўсе фэйсбук-старонкі расстраляных у 1937 годзе літаратараў абнаўляць), але альбом у сеціве ўжо ёсць, і нават завяршыўся канцэрт, таму, напэўна, можна сказаць пра яго некалькі слоў.

Перш за ўсё — добра, што ён не скончыўся. Спадзяюся, што неўзабаве з’явяцца «(Не)расстраляная паэзія-2», «(Не)расстраляная паэзія-3» і г. д., бо прадстаўленыя зараз 12 літаратараў — трошкі больш за палову ад расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, а расстрэльвалі, як вядома, не толькі тады, і ўвогуле расстрэл — не адзіны спосаб гвалтоўнай смерці.

А пакуль што вымушаная неабходнасць абмежавацца некаторымі прозвішчамі міжволі выклікае пытанні аб крытэрыях адбору аўтараў тэкстаў.

Калі карыстацца крытэрыем вядомасці-знакамітасці (на канцэрце ўвесь час выказваліся спадзяванні, што гэтыя імёны стануць шырока вядомымі), то, напрыклад, пра Галубка ці Харыка ведаюць нават многія з тых, хто іх не чытаў. Кульбак стаў шырока вядомым (краязнаўцы ж пра яго, напэўна, заўсёды ведалі) дзякуючы нядаўнім перавыданням, а Зарэцкі даўно ўваходзіць у школьную праграму і яго чатырохтомнік час ад часу «ўсплывае» (і зноў хутка знікае) ў букіністычных крамах. Большасць астатніх прозвішчаў, сапраўды, вядомая ў лепшым выпадку дзякуючы кнігазбораўскаму тому «Расстраляная літаратура», а ў горшым – дзякуючы рознага кшталту мартыралогам. І якасць твораў таксама розная: некаторыя, магчыма, былі б забытыя, і калі б іхнія аўтары здолелі дажыць да старасці. Усё гэта, і шмат чаго іншага, не будзе мець значэння толькі тады, калі ўспомняць усіх, каго, «крещёных единым списком / Превратила их смерть в людей» (цытата з Аляксандра Галіча).

Калі ад спадзяванняў перайсці да сучаснасці, то праект быў неабходны не толькі ў якасці своеасаблівага tribute (з-за «круглай» даты было некалькі паралельных, у тым ліку і музычных мерапрыемстваў; быць на ўсіх аказалася фізічна немагчыма, і зноў прыйшлося карыстацца другараднымі крытэрыямі, між іншага і тым, ці адпавядаюць выступоўцы ўласнаму густу), але і як своеасаблівы агляд магчымасцей.

Бо што было цікавага ў музычным жыцці Сінявокай? — «Песнярок», «Народны альбом» (якому зусім нядаўна споўнілася 20 год!), «Я нарадзіўся тут» — і ўсё. Я для сябе нават «Местачковае кабарэ» Купалаўскага тэатра ўключыў у іх шэраг. За гэты час шмат хто з музыкаў з’ехаў у суседнія і далёкія краіны. Не ўсе новыя гурты і выканаўцы (і развіццё некаторых «мэтраў») мне падабаліся. Я вельмі непакоіўся: ці магчыма ў сённяшніх умовах дасягнуць ранейшай якасці?

Як высветлілася: магчыма. З-за таго, што стылёва альбом «(Не)расстраляная паэзія» вытрыманы значна больш за «Песнярок» і «Я нарадзіўся тут», ён у маім уласным рэйтынгу адразу пачаў змагацца з «Народным альбомам», але змаганне не зусім справядлівае: апошні, як вядома, — канцэптуальны, амаль што са скразной гісторыяй, а першы — амаль выпадковае аб’яднанне тэкстаў розных аўтараў. Але выканаўцы і гэтую «фору» звялі амаль на нішто!

Па-мойму, лепш за ўсё быў зроблены нумар Кацярыны Ваданосавай (на верш Алеся Дудара), найменш спадабаўся Вінсэнт (але ён якраз той выканаўца, якога я па-за межамі праектаў не слухаю). Расстаўляць астатніх паміж імі даволі цяжка… Песня на Ізі Харыка ў выкананні Святланы Бень, безумоўна, добрая, але гэта – яшчэ большы адыход ад «старой» «Серебряной Свадьбы» (у межах якой былі, напрыклад, песні на словы Брэхта). Пусцее важная «экалагічная ніша».

Пётр Рэзванаў, г. Мінск

На фота з brestnet.com – П. Рэзванаў (навуковы супрацоўнік, падарожнік, блогер)

* * *

На Дзяржынскага – пра ахвяр тэрору

Утульная зала паволі запаўнялася цікаўнымі, сярод якіх я прыкмячаў нямала знаёмых твараў… Аншлагу на ўчорашняй вечарыне «Расстраляная літаратура» не было, але чалавек пяцьдзясят прыйшлі. Сярод іх аказалася нямала слухачоў паважнага ўзросту, напрыклад, 80-цігадовы Ян Грыб, які праславіўся 25.03.2017 (тады яго спрабавалі затрымаць тры амапаўцы…)

Гурток арганізатараў. Злева направа: Усевалад Сцебурака, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч

Выступілі ўсе, пра каго гаварылася ў анонсе, а менавіта акадэмік Радзім Гарэцкі, Марат Гаравы, Анатоль Сідарэвіч, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Марына Шыбко. Далучыўся і Лявон Баршчэўскі, які распавядаў пра Юлія Таўбіна і Майсея Кульбака, да таго ж чытаў пачатак паэмы «Дзісенскі Чайльд-Гарольд» на ідышы (са сваім перакладам). Ва ўсіх прамоўцаў была свая «фішка», а вось Таццяна Грыневіч з гітарай нейк не зачапіла… Яна cтаранна выканала некалькі песень на словы мёртвых і жывых паэтаў, ды ейнае выкананне было, як на мой густ, залішне манерным.

Яшчэ тры волаты: А. Сідарэвіч, М. Скобла, ак. Гарэцкі

Кароткі змест выступаў прыведзены ў справаздачы на сайце СБП. Не пераказанай засталася прамова Марата Гаравога – педагога, журналіста, кіраўніка ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапат». Між тым ён казаў нямала цікавага – і пра тое, адкуль узялася назва «Курапаты» (так называўся пагорак побач з лесам Брод, дзе непасрэдна вяліся расстрэлы; потым пагорак зарос лесам, і ўвесь масіў атрымаў яго назву), і пра тое, што тэрыторыя ў 1930-я гады была абнесена дошкамі вышынёй да 2,5 метраў, некаторыя з іх захаваліся дагэтуль… Экспертам вядомае месца ўезду, дзе стаялі вялізныя вароты з негабляваных неабразных дошак, і нават месца, дзе была вышка ахоўніка.

Дарма што пакуль не ясна, колькі ахвяр ляжаць у лесе (дзяржава не наважваецца аднаўляць маштабныя раскопкі), даследчыкі парупіліся вызначыць асноўныя «балявыя кропкі» ўрочышча. Марат прэзентаваў схему, з якой можна сёе-тое скеміць.

 

Кобрынец М. Гаравы (за ім – мінскі бард Аляксей Галіч) і план-схема Курапатаў

Як М. Г. пісаў і раней, многія яго паплечнікі лічаць, што на ўваходзе ў будучы мемарыял варта выбіць трохрадкоўе паэта Алеся Разанава:

Словы аціхлі:

у немату

стукае сэрца

Мне гэтая ідэя – з вершам і запісам стукату сэрца над лесам – таксама запала ў душу.

Міхась Скобла на вечарыне не толькі звярнуў увагу на тое, што расстраляныя творцы былі пераважна маладыя, але і запрасіў прысутных наведаць выставу «Страчаныя абліччы» ў музеі Янкі Купалы: «Упершыню ў адкрытай экспазіцыі ляжыць нож. Ім або падобным у 1930-м Купала спрабаваў здзейсніць самагубства. Без гэтага нажа мы не зразумеем становішча паэта… Хай ён там ляжыць, пакуль існуе музей».

З гэтым можна цалкам згадзіцца, аднак літаратуразнавец пайшоў далей і выказаўся досыць кантраверсійна, палемізуючы з тымі, хто закідае народнаму паэту хваласпевы Сталіну і г. д.: «Калі б Купала пайшоў на адкрыты бунт (а бунтам было і маўклівае непадпарадкаванне), то пацярпела б уся Беларусь. Мо’ Сталін беларусаў загнаў бы на берагі Амура, стварыў бы там «Беларускую аўтаномную вобласць» (як стварылі Яўрэйскую аўтаномную вобласць з цэнтрам у Бірабіджане)». Я б так не драматызаваў. У 1930-х сталінцы мелі звычай караць за «грахі» чалавека ягоных родзічаў, калегаў, але ўсё ж не цэлы народ. І тая самая яўрэйская вобласць (напачатку – Біра-Біджанскі нацыянальны раён) была створана з іншых прычын.

Анатоль Сідарэвіч спаслаўся на меркаванне паэта Сяргея Грахоўскага: «Самы ўрадлівы на арышты быў не 37-ы, а 36-ы год». А Марына Шыбко, прадстаўніца выдавецтва «Лімарыус», следам за Міхасём Скоблам паказала кнігу выбраных твораў Алеся Дудара і гукнула: «Набывайце, яна толькі што выйшла!» На што вядучы імпрэзы, пісьменнік Алесь Пашкевіч, адказаў у тон: «Калі ласка, выдавайце!»

М. Шыбко і Л. Баршчэўскі з каштоўным выданнем – дальбог, фота не пастановачнае 🙂

Мабыць, кніга сапраўды вартая прачытання. Яе можна было набыць у той жа залі ў Алеся Яўдахі (у сакавіку вядомага кнігара садзілі за краты, але ён ужо на волі). Калі я ехаў назад, то знянацку заспеў Лявона Баршчэўскага, які не ўтрымаўся і сеў за Дудара прама ў вагоне метро…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

31.10.2017

PSЯшчэ пра вечарыну «Расстраляная літаратура» чытайце на сайце «Радыё Рацыя» (плюс многа фотак) 

 Апублiкавана 31.10.2017  17:17