Tag Archives: Владимир Слободчиков

В. Рубінчык. Выбары-выбары…

Прадоўжу аглядаць «перадвыбарную кумпанію» у краіне Тутэйшыі са сваёй званіцы, нізэнькай-нізэнькай. Потым будзе жменя прабачэнняў, ідэй і кур’ёзаў.

Забаўная выйшла дыскусія паміж двума дыпламаванымі гісторыкамі: гомельскім Пятром Кузняцовым і мінскім Аляксандрам Кур’яновічам. Вялося пра палітычную вагу фінансіста Віктара Бабарыкі. Калі коратка: Пётр, паслухаўшы прэс-канферэнцыю В. Б., заяўляе, што прэтэндэнт «рызыкуе і свядома адсякае ад сябе пратэстны электарат, але, у той жа час, спрабуе гуляць на куды большым і шырокім электаральным полі… Аперуе не каштоўнаснымі і ідэйнымі рэчамі, а цалкам практычнымі і зразумелымі простаму абывацелю», г. зн. мае шансы ў жніўні 2020 г. Аляксандр – кандыдат навук, даследчык парламентарызму ў Беларусі – упарта пярэчыць: «Палітычныя лідары, здольныя захапіць уладу, не з’яўляюцца на палітычнай сцэне за два-тры месяцы да гэтага “захопу”. Бальшавікі і нацысты ішлі да ўлады пятнаццаць-дваццаць гадоў, лідары аксамітавых рэвалюцый Вацлаў Гавел і Лех Валенса з’явіліся не за адзін дзень. А што Бабарыка? Ён запомніўся хіба што некалькімі крытычнымі інтэрв’ю ды прыватнымі пастамі ў сацыяльных сеткахКалі дапусціць фантастычны варыянт, што дзясяткі тысячаў прыхільнікаў Віктара Бабарыкі выйдуць на пратэсты, каб абараніць свой выбар, то Бабарыку на чале іх уявіць проста немагчыма. Ён не вулічны палітык».

Папраўдзе, пакуль што гэткія дыскусіі нагадваюць дыялог гогалеўскіх персанажаў з «Мёртвых душ»: «Даедзе тое кола ў Маскву або не даедзе?» Працэдура выбараў у класічным іх разуменні даўно пахаваная ў/на нашых землях, і тыя маніпуляцыі для напаўнення «парламента» або перапрызначэння «прэзідэнта», што ладзяцца ў РБ два дзясяткі гадоў, выбарамі па сутнасці не з’яўляюцца. Тым не менш яны залежаць ад стану «эліт», і вось тут крыецца «фортка магчымасцей», пра якую даводзілася пісаць летась. Эліты ў Беларусі не гамагенныя, ужо даволі чотка вымалёўваюцца «партыя Мао» і «партыя Лінь Бяо» 🙂 Далёка не ўсе ключавыя чыноўнікі палюбляюць клан Лукашэнак. На фоне каранакрызісу – ролю якога сп. Кур’яновіч, падобна, недаацэньвае – галасы дзе-нідзе ў нас парой могуць падлічыць без фальсіфікацый, як тое было ў 1994 г… А каб тады не спрацаваў «эфект даміно»?

Так, на сёння Бабарыка – малавядомая ў грамадстве асоба, дарма што ў яго ініцыятыўную групу запісалася каля 10 тыс. чалавек (болей толькі ў Лукашэнкі). Але цяпер зусім не тая эпоха, калі папулярнасць набывалася цягам 10-15 гадоў. У «грамадстве спектаклю» умелы PR важыць болей за паступовае карасканне «угору па лесвіцы, што ідзе ўніз». Гісторыя ператварэння масажыста ў губернатара хораша паказана ў расійскім фільме «Дзень выбараў» (2007).

Сінема – фабрыка кроз, але хуткія ўзлёты магчымыя наяве, што не далей як у 2019 г. даказаў прыклад нашых паўднёвых суседзяў. Калі комік за тры месяцы здолеў раскруціцца да прэзідэнта, чаму шматвопытны банкір не здольны паўтарыць яго шлях? (Дадам, што з В. Бабарыкам я не знаёмы, дый не дужа цягне; разважаю абстрактна.) Да таго ж уклад чэла ў самараскрутку, як ужо адзначалася, не зводзіцца да «некалькіх крытычных інтэрв’ю ды прыватных пастоў у сацыяльных сетках». Падобна, што да выбараў В. Б. пачаў рыхтавацца загадзя, у тым ліку з дапамогай вядомай краўдфандынгавай платформы, дзе рэй вядзе яго сын Эдуард (ён жа – «правая рука» ў палітычнай кумпаніі). Не «вулічны палітык»? Але ці мог нехта дапусціць увосень 2003 г., што Аляксандр Казулін, які-ніякі доктар навук, рэктар універсітэта і без пяці хвіляў пасол Беларусі ў ААН, праз два з паловай гады паспрабуе сілай прабіцца на «Усебеларускі сход», а потым павядзе пратэстны марш на фалангі АМАПаўцаў?

Карацей, краіна ўступае ў перыяд палітычнай непрадвызначанасці; многае будзе залежаць ад паводзін вышэйшых дзяржчыноўнікаў у барацьбе з COVID-19 (колькасць ахвяр у РБ пераваліла за 200). І ад чынавенскай рэакцыі на сусветны эканамічны крызіс, выкліканы як самім вірусам, так і няўмелым з ім змаганнем… Пра «кавіданоміку» ў Беларусі можна пачытаць тут. Наказ ад самі-ведаеце-каго «давайце пасадзім больш бульбы, яна нас уратуе» у 2020 г. усё ж выглядае праставата, як і прапанова былога дырэктара Парка высокіх тэхналогій бясплатна раздаць усім грамадзянам Беларусі зямельныя надзелы (калі б у канцы 1980-х БНФ выступіў з такой праграмай, апанентаў «рэжыму» на руках бы насілі, а цяпер позна).

Валерый Вільямавіч спасылаецца на досвед Фінляндыі, дзе працаваў у 1991 г.; маўляў, дзякуючы валоданню надзеламі «фіны так адчайна змагаліся за сваю зямлю ў перыяд Зімовай вайны 1938–1939 года, супрацьстоячы агромністаму Савецкаму Саюзу». Чарговы раз дэманструючы, што мінуўшчына для яго – поле маніпуляцый; хто-хто, а спецыяліст па міжнародных адносінах з кандыдацкай ступенню мусіў бы ведаць, што вайну з СССР Фінляндыя вяла ў канцы 1939 – пачатку 1940 гг.

Людзям уласціва памыляцца. Во даў я маху з песняй «Шпілт а фрэйлэхс», якую выконвае Тамара Гвердцытэлі; следам за амерыканскім ідышыстам Юрыем Ведзяняпіным прыпісаў словы той песні Ізі Харыку, а музыку – Мотлу Палянскаму. Насамрэч гэта песня Самуіла Палонскага на верш паэта з Украіны Іцыка Фефера (прыяцеля Ізі Харыка).

Раней я падаваў прозвішча прэтэндэнта як «Цапкала»; цяпер аказваецца, што паводле пашпарту ён Цэпкала. Прыняў да ведама… каб яшчэ ўсяведная газета «Звязда» прыняла (у 2015–2017 гг. не менш за 10 разоў друкавала прозвішча дзяржаўнага дзеяча з трыма «а»).

Мог бы і пан Цэпкала прызнаць свoй ляпсус, але не прызнаў, і мой камент пра час Зімовай вайны чамусь не з’явіўся на яго старонцы. Якая, будзьма шчырымі, больш нагадвае аматарскі блог, чым сайт кандыдата ў прэзідэнты. Штопраўда… ці не паліттэхналагічны гэта ход з боку В. Ц. – спроба падлабуніцца да «звычайных блогераў», выглядаючы як адзін з іх?

Яшчэ адна інцярэсная навіна з тутэйшага сайта… Аказваецца, Кім Чэн Ын захапіў уладу ў Кітаі! Крочыць на Мінск 🙂

Існуе меркаванне, што партал tut.by, дзецішча нядаўна спачылага Юрыя Зісера, не такі, што ён – «сярод лідараў медыйнай прасторы Беларусі не толькі ў статыстычных паказчыках, але і ў якасці журналісцкага прадукту» («Радыё Свабода», 21.05.2020). Густы розняцца, і я не хацеў бы прыніжаць «партал № 1», вышукваючы ў яго «блохі» – пагатове ў 2008 г. і 2010 г. tut.by перадрукоўваў гутаркі са мною. Разам з тым не адмаўляюся ад таго, што пісаў пра гэты камерцыйны праект у «Катлетах & мухах» (2016–2019), і дадам яшчэ пару абзацаў.

Курс на самацэнзуру, узяты на партале пасля снежаньскіх падзей 2010 г., не быў мне блізкі. Асабліва прыкра было даведацца пра адзін эпізод: у кастрычніку 2011 г. рэдакцыя перапыніла трансляцыю сустрэчы з Лявонам Вольскім, калі той заспяваў сатырычную песню пра выбарчую кампанію… Лявон не пакрыўдзіўся, і праз нейкі час песня ўсё ж зрабілася даступная слухачам, але «асадачак астаўся». Тады ж выявілася, што Ю. З. такі мяшаўся ў бягучыя рэдакцыйныя справы: «У нас былі падставы прыпыніць трансляцыю, калі Лявон пачаў непрыхавана здзеквацца з дзяржаўных асоб». Заснавальнік дадаў: «Песня стане хітом, бо ўсім будзе цікава, што ж мы не прапусцілі ў эфір. Лявон павінен быць нам удзячны за паспяховую правакацыю…». Потым (у cакавіку 2018 г.) дзіўна было чытаць словы Зісера: «Многія ўвогуле не ведаюць, што я праграміст, а не журналіст, і ніколі не меў адносінаў да працы рэдакцыі».

Зміцер Дзядзенка ў гутарцы са мной падкрэсліў: «Зісер, безумоўна, значная фігура на нашым полі і за ім шмат заслуг». Але нагадаў, што партал tut.by дапамог міліцыянтам «вылічыць» карыстальніка ў 2013 г., г. зн. задоўга да таго, як дзяржава ўвяла ідэнтыфікацыю каментатараў (справа Андрэя Карэліна). Улічваючы эпізоды з Вольскім і Карэліным (падобных «прагінаў», на жаль, было больш), я скептычна стаўлюся да ідэі з «вуліцай Зісера» ў Мінску. І прэзентую urbi et orbi больш перспектыўную ідэю…

Як ужо выпадала пісаць, медыяменеджары – заснавальнікі і рэдактары СМІ – у Беларусі XXI ст. з’яўляюцца групай рызыкі. Нярэдка яны дачасна пакідалі гэты свет, «згарэўшы на працы». Пералічу некаторых (зразумела, спіс можа быць даўжэйшы):

Юрый Базан (заснавальнік і галоўны рэдактар «Аўтарадыё») – пражыў 53 гады.

Віктар Валадашчук (заснавальнік і галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай») – 61.

Ігар Гермянчук (рэдактар газет «Свабода» і «Навіны», заснавальнік і рэдактар часопіса «Кур’ер») – 41.

Юрый Зісер (заснавальнік tut.by) – 59.

Аляксей Кароль (галоўны рэдактар газеты «Новы час») – 70.

Алесь Ліпай (сузаснавальнік і дырэктар інфармагенцтва БелАПАН) – 52.

Юрый Шырокі (намдырэктара агенцтва БелАПАН) – 36.

Кожны з іх зрабіў унёсак у развіццё неказённай сістэмы распаўсюду інфармацыі. Думаю, не варта высвятляць, хто з гэтых людзей большы герой, хто меншы: можна проста паставіць ім агульны помнік і назваць яго, да прыкладу, «Бой з ценем». Дэ-юрэ няхай бы гэта быў нават не «помнік» (каб абысці бюракратычныя працэдуры – узгадненні ва ўрадзе і пад.), а скульптура, якую варта было б усталяваць на прыватнай – але бачнай гараджанам – тэрыторыі. Такіх пляцовак цяпер нямала ў сталіцы Беларусі.

Файна зрабіла кіраўніцтва фірмы «Амкадор»: не чакаючы, пакуль дзяржава адшкадуе для мінчукоў помнік Уладзіміру Караткевічу, у 2017 г. паставіла перад цэнтрам «Спамаш» скульптуру…

Хтосьці лічыць, што гэта малады Караткевіч (балазе падабенства ёсць, дый радок з твора У. К. ля ног змешчаны), афіцыйна ж тут паказаны «збіральны вобраз маладога паэта». Скульптар Уладзімір Слабодчыкаў будзе казаць: «Калі людзі пазнаюць у ім Караткевіча – слава богу».

І новыя кур’ёзы. Няможна не бачыць прыкметаў таго, што жыццё імітуе краснае пісьменства… Пэўная частка інтэрнэт-аўдыторыі распалілася праз тое, што ў сеціва трапіў здымак медсястры ў паўпразрыстым ахоўным касцюме, пад якім… было няшмат адзення. Успомнілася кніга «Так, пане міністр!» з калекцыяй бюракратычных пісулек…

No comment.

Калі ж чытаеш «Ужо ў гэтым годзе гарадскія газоны ў Мінску плануюць апрацаваць хімікатам, які прыгнятае рост і развіццё дзьмухаўца», то мазгі апаноўвае апавяданне Паўла Касцюкевіча «Вайна з дзьмухаўцамі» (2011; увайшло ў зборнічак, уганараваны прэміяй Гедройца). Што характэрна, гарадскія ўлады апалчыліся на дзьмухаўцы менавіта сёлета, пасля таго як апавяданне было перакладзена на рускую і апублікавана на belisrael.info (!) Супадзенне? 🙂

I вось яшчэ ўскосны доказ папулярнасці ізраільскага сайта ў Мінску. Мой леташні артыкул змяшчаў шэраг фотак, дзе вулічныя назовы былі пададзены толькі па-руску… У верасні 2019 г. я заўважыў, што такое афармленне шыльдаў супярэчыць закону пра найменні геаграфічных аб’ектаў (2010). Выпадкова ці не, адна таблічка ўжо беларусізавалася (трымціце, рэгнумаўскія клікушы :))

Было ў жніўні 2019 г. і стала ў траўні 2020 г.

Шчасце прыходзіць гамеапатычнымі дозамі, але дзякуй і за тое.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

25.05.2020

Апублiкавана 25.05.2020  22:55

Водгук
Пасмяяўся, калі прачытаў, што таварыш Кім з Паўночнай Карэі кіруе Кітаем.
Дзьмухаўцы песцяць вока. Кепска толькі тое, што яны экспансіўныя і ў сваёй экспансіі не даюць жыцця іншым раслінам. Вось тут і патрэбны граматны чалавек-рэгулятар.
Важна, каб, змагаючыся з дзьмухаўцамі, мы не паўтарылі кітайскую вайну з вераб’ямі, што вялася ў канцы 1950-х гадоў. Але думаю, што дзьмухаўцам доля кітайскіх вераб’ёў не пагражае. (Анатоль Сідарэвіч, г. Мінск)
29.05.2020  12:26