Tag Archives: Владимир Чуденцов

В. Рубінчык. PS да «Катлет & мух»

Блізу двух месяцаў таму «пазнавальна-каляпалітычны, ненавукова-фантастычны серыял жахаў» спыніў выхад. Не хвалюйцеся і не спадзявайцеся, ніхто тут яго не аднаўляе – проста ў архіве заляжаліся допісы ад пастаянных чытачоў «К&М», якія мне закарцела распублікаваць… Ну і колькі фактаў згадаю ад сябе. Пагэтаму зараз будзе kinda пастскрыптум.

У лютым 2019 г., рэагуючы на 103-ю серыю, мінскі аналітык Пётр Рэзванаў пісаў:

Чаму Вас здзівіла, што Вас у Расіі аднеслі да «суайчыннікаў»? Здаецца, яшчэ пачынаючы з Мядзведзева так называюцца ўсе рускамоўныя, як мінімум на постсавецкай прасторы. Калі я ў 2011 годзе ездзіў да знаёмых ва Ўзбекістан, на зваротным шляху са мной ехала карэянка, якая здолела (як «суайчынніца») перабрацца ў Самару і збірала сілы для пераезду ў Маскву.

Ён жа (26.02.2019):

У тым, што змены калі-небудзь адбудуцца, я з Вамі згодны. Пытанне толькі ў тым, калі і хто гэта пабачыць?.. Як бачыце, ува мне песімізму трохі больш.

Пётр – не столькі песіміст, колькі рэаліст. Дапраўды, за 9 месяцаў не нарадзілася амаль нічога, што сведчыла б пра рэальныя перамены ў краіне. Тры шумныя кампаніі былі ініцыяваны «зверху»: ІІ Еўрапейскія гульні (чэрвень), перапіс насельніцтва (верасень), «парламенцкія выбары» (лістапад). Не абышлося без чарговага «ператраху» ўраду й адміністрацыі прэзідэнта (чэрвень-снежань). Бальшыня тубыльцаў адказала на ўладныя высілкі традыцыйным пафігізмам, але гэтага цяпер малавата… Патрэбна жыццяздольная альтэрнатыва, якой пакуль што не прасочваецца: грамадства дагэтуль атамізаванае, на фоне ўзаемнага недаверу пануе анамія, у рот ёй ногі. А яшчэ – упершыню зафіксаваныя ў «Катлетах з мухамі» (тут можна смяяцца) лалітыка і вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР).

Дальбог, рабіў, што мог і як умеў, выцягваючы на публіку наступствы колішняга заглыблення ў палітычныя навукі. Папярэджваў пра непамыснасць сумяшчэння вышэйшых пастоў у дзяржаўных і (квазі)грамадскіх спартовых арганізацыях. Заклікаў «апазіцыянерчыкаў» перахапіць ва ўлады ініцыятыву ў канстытуцыйным працэсе. Прасіў суграмадзян слаць мэйлы «дэпутатам», каб не дазволілі «Чырвонаму дому» скараціць тэрмін сваіх паўнамоцтваў, прадугледжаны Канстытуцыяй. Звяртаўся непасрэдна да «дэмакратычных дэпутатак», каб турбавалі сваіх калег… «І цішыня». Калі падумаць, то што на сваёй пасіўнасці зарабілі Ганна К. і Алена А.? Іх і блізка не пусцілі ў «палатку» новага склікання. Гучнавата-пуставатыя заявы пра гарантыі для экс-прэзідэнтаў або магчымую вайну – так сабе трамплін для далейшай кар’еры.

«Дзякуй», вядома, і «незалежным» СМІ, якія старанна замоўчвалі мае прапановы. У выніку ні руху ў бок новага Вялікага княства, ні нават узбуйнення «дэмакратычных» палітпартый у 2017–2019 гг. не выйшла, хаця, здавалася б, чым ужэ такая відавочная ідэйка не дагадзіла? ¯\_(ツ)_/¯

Зважаючы на нягегласць кіраўнікоў тых партый, а таксама «Саюза беларускіх яўрэйскіх абшчын», Беларускага ПЭН-цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў (спіс можна доўжыць), «трэці сектар» у Сінявокай надалей дэградуе, пазбаўляючыся альтэрнатыўных поглядаў разам з іх носьбітамі. Як там гукала новая начальніца ПЭНа: «Мы мусім стаць разам, стаць добрай тусоўкай» Характэрна, што старшыня кантрольнай камісіі Павел Анціпаў, які «праглынуў» выгнанне Паўла Севярынца, зладжанае на падставе псеўдаэкспертызы, праз нейкі месяц сам трапіў пад каток «тусоўкі»… ажно выпала рыхтаваць петыцыю супраць дыскрымінацыі Паўлаў 🙂 Са свайго боку, літаратар Зміцер Дзядзенка мудра папярэджваў у лісце (30.10.2019): «Няздольнасць ПАЧУЦЬ чужое меркаванне і пабачыць рацыю ў словах апанента (хаця б каліва) – гэта хвароба не толькі дзяржаўных органаў, але і ўсіх беларускіх структураў, у тым ліку незалежных. А калі пачынаецца “Я начальнік – ты дурак” – дык гэта ўніверсальная формула, якая дзейнічае ва ўсім грамадстве».

Дзіва што сёлета паціху выходзіў на авансцэну «чацвёрты сектар» – усялякія там сеткавыя супольнасці. Не ў вялізным я захапленні ад фільмаў пра Лукашэнку, дый некаторых іншых крокаў відэаблогера Сцяпана Святлова (Пуцілы), але тое, што на іх апалчыліся такія «гіганты думкі», як Лілія А. ды Юрый З., як бы намякае, што «трэба браць»… прынамсі прыглядзецца. Змушае мысліць (=існаваць) таксама фільм Паўла Спірына «Грань» – пра наркагандаль і не толькі – дарма што, зноў-такі, цяжкавата згадзіцца з усімі аўтарскімі прад’явамі тэзісамі.

Як бы ні вабіў «бераг турэцкі», трэба тутэйшым звесці да мінімуму знешні локус кантролю. Пачаць, нарэшце, жыць сваім розумам і радзей летуценіць пра «заграніцу», якая нам «дапаможа». Думаю, скора грамадзяне Беларусі, народжаныя ў 1980–90-х гадах (сярод іх не ўсе такія «актывісткі», як Марыйка з лукашэнскага эскорту), усё ж возьмуць стырно ў рукі і не дазволяць вяшчаць ад свайго імя 65-70-гадовым. Такім як Святлана, каторая ў лістападзе 2019 г. заяўляла, што «каля 80% беларускай моладзі марыць з’ехаць на Захад» (апытанне ў канцы 2018 г. дало «крыху» іншыя звесткі – 60%, прычым сярод патэнцыйных напрамкаў эміграцыі многія бачаць «Усход»).

«Маладой шпане» параіў бы чытаць сур’ёзныя кнігі, каб умець крытычна ставіцца да «лідараў меркаванняў» з іх бясконцымі інтэрв’ю ды фэйсбучацінай. Вось уладар парталу, дзе ўсё менш аналітыкі, а ўсё болей «папкорну», выступіў з мініяцюркамі пра «настоящего беларуса», падабранымі «Еўрарадыё». Нечым яны нагадалі вядомыя жарцікі на тэму «хто ён, ізраілец?» Але медыямагнатам зазвычай бракуе гумару ў арганізме, таму выйшла нясмешна («Сапраўдны беларус спрачаецца ў “Фэйсбуку” з усімі, хто не падзяляе яго пункт гледжання», «Сапраўдны беларус шырока выкарыстоўвае нацыянальную сімволіку») і з прыпахам гнілога селядцаСапраўдны беларус ненавідзіць Расію»).

«Містэр тутбай» – любіцель вешаць локшыну на вушы (напрыклад, 23.11.2019 публічна даводзіў, што інфа пра арышт журналіста на мяжы – «укід» і «фэйк», дый «кому он нужен, этот Чуденцов?»; назаўтра Ю. Зісер выдаліў свой допіс, але «асадак застаўся»). Праўда, з тым, што (паліт)эмігранты пераважна робяць замах на рубель, а б’юць на капейку – «Настоящий беларус эмигрирует в Литву или Польшу и оттуда через фейсбук учит оставшихся, как им родину любить» – я, бадай, згаджуся. Канаду й Чэхію б яшчэ далучыў…

Час ад часу ў серыяле закраналася тэма «юдафобія ў Беларусі». У ліпені я быў запытаўся, што на гэты конт думае Зміцер Дзядзенка, і вось што ён адказаў (30.07.2019):

Побытавая юдафобія (як і іншая ксенафобія) з’ява, як мне падаецца, даволі пашыраная: літаратары тут наўрад ці адрозніваюцца ад паспалітага люду. Наконт літаратуры мне больш складана сказаць: я не так багата чытаю, як гадоў з 20 таму. Пасля масавай эміграцыі пачатку 90-х габрэйская частка Беларусі (на вялікі для мяне жаль) амаль сышла, вялікай ролі габрэі не адыгрываюць, таму пераважна мішэнямі ксенафобаў апошнімі гадамі становяцца «чучмекі», «азеры» і «підары» (пардон!). То бок, тыя, хто навокал заўважны ў больш-менш вялікай колькасці або актыўна прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы.

На сёння праявы юдафобіі ў нас, мабыць, альбо рэшткі савецкай эпохі, або ўплыў замежжа. Бо – як можна выступаць супраць тых, каго навокал няма?

Адзін мой былы аднакурснік (таксама нібыта рыфмач – паэтам назваць язык не паварочваецца) называў мяне «ўсходнім жыдам», а Алеся Пашкевіча – «заходнім жыдам». Прычым ужываў гэтае слова не ў традыцыйным беларускім кантэксце, а ў расейскім. Карацей, заўзяты такі юдафоб…

З універа яго выключылі пасля другога курса. Гадоў праз 10 пасля таго, як я закончыў БДУ, я яго сустрэў: працаваў ён у Мінфіне, запрашаў мяне ісці працаваць туды, «а то навокал адны жыдкі»… Так што я з ліку «жыдоў», мабыць, выкраслены.

Схадзілі з жонкай на творчую сустрэчу 25.11.2019, дзе асноўным выступоўцам быў акурат пан Дзядзенка…

 

Cправа: барды З. Дзядзенка і А. Мельнікаў з уласным інструментарыем

Усё было файна – прагучалі і «Нацыянальная ідэя» а-ля Умар Хаям, і парадыйнае «Дзікае паляванне», і, зразумела, песні на вершы Уладзіміра Караткевіча. Адзінае, імпрэза была надта немнагалюдная – з тузінам слухачоў. Хіба закавыка ў тым, што дармовае не цэніцца? Але на «клезмер-фэст» у Мінску набіжалі сотні… (я не хадзіў «з тэхнічных прычын» – і пакуль апекуны фэста шрайбаюць скаргі на тых, хто быццам бы топча іхнюю «паляну», прычыны будуць знаходзіцца).

У пачатку лістапада згуляў у традыцыйным шахматным турнірчыку пад дахам Саюза беларускіх пісьменнікаў. З’явіліся новыя твары, што не магло не пацешыць. На фота ад Анатоля Івашчанкі – не ўсе ўдзельнікі 🙂 Паэтка Людміла Хейдарава, каторая 2-я справа, мяркуе так: «Шахматы гэта і філасофія, і мастацтва, і партнёрства, і прыгажосць, і любоў…»

А 5 снежня надышоў час для аўтограф-сесіі Рыгора (Гершана) Трэстмана, у якога ў лістападзе выйшла «Кніга Небыцця». Я завітаў у кнігарню Логвінава з асобнікам «Мы яшчэ тут!» за май 2007 г., дзе была надрукаваная нізка вершаў Трэстмана, – і наваліўся на паэта…

«Калі табе даюць лінееную паперу, пішы напоперак»… Больш мудрых думак – у 128 выпусках «Катлет & мух» 🙂

Цікавыя (каля)літаратурныя факты – у іншым допісе Пятра Рэзванава (19.09.2019):

Уладзімір Караленка амаль як Маякоўскі – пасля школы яго амаль ніхто не чытае, таму амаль ніхто не ведае, што «Дзяцей падзямелля» ён не пісаў. Ён напісаў «У благой кампаніі» («В дурном обществе»), а «Дзеці падзямелля» чыясьці пераробка гэтай аповесці, адаптацыя для дзяцей. Прычым калі з падобнай перапрацоўкі «Гарганцюа і Пантагрюэля» Рабле была выкінута ўся эротыка, то з караленкаўскай аповесці выкінулі «яўрэйскую тэму». Сам Караленка ў адным з лістоў пісаў, што перапрацоўка благая, але дагэтуль назіраецца непавага да волі аўтара. У жытомірскім музеі Караленкі ў апошняй залі, дзе выстаўлены пераклады на замежныя мовы, пераклад на румынскую правільны: «У благой кампаніі», а на англійскую – «Дзеці падзямелля». Можа таму, што Караленка пэўны час быў у Румыніі?

Ну, пры цару быў антысемітызм, таму гэта перапрацоўка была зразумелая. Палітыка СССР у «яўрэйскім пытанні» вядомая, i «Дзеці падзямелля» ў школьнай праграме таксама нічому не супярэчылі. Але чаму іх пакінулі ў сучаснай праграме, і ніхто не пратэстуе: ні супраць таго, што па-ранейшаму парушаецца воля аўтара, ні супраць таго, што выкінуты яўрэі?..

Чытаючы такое, міжволі канстатуеш: свет поўны абсурду. Тое, што навагодняя елка сёлета была пастаўлена каля Палаца на Прытыцкага нават не 12-13 лістапада (як летась), а 9-га, дадатковае сведчанне. Гармідар у ізраільскім палітыкуме, дзе намячаюцца новыя выбары ў Кнэсет (трэція за год) – яшчэ адно. Бібі, Бені ды Эвік за месяцы (!) перамоў не здолелі сфармаваць дзеяздольны ўрад, хоць ты на помач прэзідэнту Рыўліну кліч Рыгорыча… Названы хітрун пераседзеў семярых прэм’ер-міністраў, а з 2018 г. перакідвае адказнасць на восьмага.

Міністэрства па падатках і зборах РБ падлівае алею ў цяпельца. Учора на мэйл прыслалі пісулю –ажно ў двух асобніках, хіба «для надзейнасці»…

А нічога, што тэрмін платы падатку мінуў звыш трох тыдняў таму? Папярэджанні можна і варта было рабіць перад 15.11.2019. Ну і чаго-чаго, а нерухомасці «Рубинчик В. П.» не мае ды ніколі не меў. Тут такое: паведамляеш свой мэйл дзяржканторам – рыхтуйся да хвалі спаму 🙁

Усё ж часам абсурд удаецца хоць на каліва, але зменшыць. У «Катлетах…» нямала гаварылася пра стан спраў у Беларускай федэрацыі шахмат. Пазачарговая канферэнцыя суполкі 16.11.2019 зацвярдзіла «своеасаблівы» спіс ганаровых членаў – 4 чалавекі, з іх двое гросмайстраў (адзін з 2017 г. не жыве) і двое высокіх чыноўнікаў. Даслаў я ў БФШ запыт – куды дзеўся вопытны трэнер Леанід Суднікаў, ганаровы сябра з сярэдзіны 2000-х? – і 03.12.2019 атрымаў адказ ад выканаўчай дырэктаркі Надзеі Краўчук: «Почетные члены БФШ, утвержденные в более ранний период, данный статус не теряют. На официальном сайте в ближайшее время информация будет актуализирована». Сапраўды, ужо 4 снежня заўважыў, што спіс папоўнены прозвішчамі Суднікава і дваіх экс-босаў федэрацыі (Карагіна, Іванова). Мо даспее БФШ і да расшыфроўкі заслуг кожнага з уганараваных, бо, напрыклад, у выпадку генпракурора Канюка тыя заслугі не кідаюцца ў вочы. 😉

 

  

У мастацкім музеі адкрылася выстава ўраджэнца Смілавічаў Файбіша-Шрагі Царфіна (1899/1900–1975, памёр у Францыі) – прадоўжыцца да лютага 2020 г. А мінчанка Natusia, яна ж Наталля Агарэлышава, падрыхтавала да Ханукі самаробныя паштоўкі – гл. вышэй. Мне такая «народная творчасць» блізкая, бо і сам у 2012–2014 гг. пад эгідай суполкі «Шах-плюс» распачынаў серыі «Выбітныя шахматныя кампазітары Беларусі», «Знакамітыя яўрэйскія пісьменнікі Беларусі» (паштоўкі з пісьменнікамі Аксельродам і Кульбакам можна бачыць тут). Наталля тлумачыць: «Ханукальныя – на трох мовах, а з сінагогамі – назвы штэтлаў і гарадоў перапісала з карты Довіда Каца, у яго там лацінкаю. Ідэя гэтых паштовак – практычнае ўвасабленне маёй магістарскай працы, прысвечанай сінагогам Гомельшчыны… Фармат паштовак – падарункавы, “ад чалавека чалавеку”, таму спадзяюся, што нехта адкрые для сябе частку багатай яўрэйскай спадчыны. Але я малявала не толькі сінагогі. У снежні нас чакае цудоўнае і светлае свята Ханука, таму другую партыю паштовак я задумала як віншавальную. Хаг Ханука Самэах!»

Раман жа (Шмуэль-Рувен) Цыперштэйн з Пінска колькі гадоў таму аформіў дыск, дзе быў запісаны ханукальны канцэрт…

І яшчэ пінскае віншаванне аф ідыш: «А фрэйлэхе, а ліхтыке, а гешмаке Ханыке!»

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

10.12.2019

Апублiкавана 10.12.2019  20:40