Tag Archives: Винцук (Валентин) Вечёрко

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (105)

Shalom? Яшчэ пару заўваг пра мегашоў у «Белэкспа», дакладней, пра рэакцыю на яго (даруйце, панове, больш не буду :))

Мінскага «лідара меркаванняў» Віктара М. некаторыя кідкі «сонцападобнага», відаць, так разнервавалі, што ён кінуўся пляжыць нядаўняга сябе. Тады, 22.01.2019, пісаў: «Як так здарылася, што менавіта Аляксандр Рыгоравіч… зрабіўся апошняй надзеяй на далейшае існаванне беларускай дзяржавы? Чаму… на ягоным фоне прадстаўнікі БНФ — некалі самай моцнай незалежніцкай сілы, што аб’ядноўвала ўсіх прыхільнікаў адраджэння — выглядаюць няўцямнымі мямлямі?» Цяпер, 05.03.2019: «Праз сустрэчу быў распаўсюджаны яўны і просты мэсідж: згортванне беларусізацыі… Збольшага ўсіх тых, хто шчыра тапіў за беларусізацыю, за нацыянальную адукацыю ўнутры краіны, за мову і культуру, чарговым разам скарысталі. Былі да часу — далі крыху свабоды. Прыйшліся не ў тэму — абазначылі маршрут на Бангалор».

Што адрознівае спелага грамадзяніна ад інфантыльнага? Сярод іншага, уменне не ўпадаць у эйфарыю (або істэрыку) ад тых ці іншых заяў, у т. л. ад зробленых в. а. цара. Ніколі «Рыгоравіч» не быў – дый не здаваўся – «апошняй надзеяй» на існаванне беларускай дзяржавы; вось і цяпер няма падстаў лічыць, што ўсіх «прыхільнікаў адраджэння» (а не тых, хто глядзеў прамоўцу ў рот) «скарысталі». М. раіць: «Што рабіць? Жыць далей». Ды гэткія парады ляжаць на паверхні – ад інтэлектуалаў чакаюцца глыбейшыя раскопы.

Калі б інтэлектуалам быў я, то парадзіў бы журналістам і «экспертам» устрымацца ад удзелу менавіта ў падобных сустрэчах (увогуле ж ад кантактаў з урадавымі структурамі нікуды не падзецца 🙁 ). Рэдактар «першай беларускай» паскардзіўся на «Вялікую размову»: «Нашто сем гадзін гаварыць тое, што можна лёгка сказаць за гадзіну?» Варыянты адказу: «каб вас патроліць» & «каб вам дагадзіць», i адно не выключае другога. Прадстаўнік «НН» сёлета зноў ціхамірна сядзеў у залі – не ўстаў, не сышоў. Значыць, некаму даспадобы адчуваць «блізіню да цела» і слухаць з першых вуснаў трызненні перлы пра хакеістаў, якія «праскоквалі як таракашкі»А вось рэдакцыя «Новага Часу» на шоў 1 сакавіка сваіх не адправіла – за гэта рэспект!

Рэцэпты ад «НН» узору 2001 г.

Тут сёй-той палічыў жудкай абразай лукашэнкаўскую прапанову пайсці з канцэртам да Дня Волі на Бангалор. У другой палове 1990-х палітыкі адмаўляліся тэпаць на «клятае месца» – плошчу Бангалор (дакладней, у парк Дружбы народаў), бо далёка ад цэнтра Мінска, дый сабакі там гойсалі. Можа, і мелі рацыю… Праўда, помню мітынг у парку ўвосень 2000 г. – выступалі В. Вячорка («На падыходзе да плошчы ўлады затрымалі коней! Гэта ж нашы, беларускія коні!»), П. Севярынец, які агітаваў супраць удзелу ў парламенцкіх «не выбарах, а вырабах», Л. Гразнова, прадстаўленая арганізатарамі як «Пасіянарыя беларускай апазіцыі» (апошні час легітымізуе «антыдармаедскі» дэкрэт № 1)… Сабралася хіба тысяча гражданоў. Сабакаў не было.

Калі рыхтуецца імпрэза вонкава нейтральная, без зацятых пратэстаў, то «Бангалор» за пару кіламетраў ад плошчы Якуба Коласа – не найгоршая опцыя. Па-дзеля мяне, святочны настрой можа выявіцца дзе заўгодна (летась пазнякоўцы збіраліся на 25 сакавіка ў Кіеўскім скверы, яшчэ далей ад цэнтру); з другога боку, «сілавікі» здольныя стварыць для адэптаў БНР «гета» ў любым месцы. Няўжо так прынцыпова, дзе цябе будуць прыдзірліва шманаць: каля Опернага тэатра, на стадыёне «Дынама» або на вуліцы Сурганава?

І нашто завышаць кошт асобна ўзятай пляцоўкі? Прафесар-гісторык Леанід Лыч – не мой герой, але ён нядаўна слушна заўважыў пра ўгодкі БНР: «Хацелася б, каб гэтае свята адзначалі на лакальным узроўні таксама – Заводскі раён, Фрунзенскі раён, каб быў не адзін мітынг, а пятнаццаць». Ці ж не тое («парваць шаблон») раіў і ваш пакорлівы мізантраполаг увесну 2017 г.? 🙂

Зара’ хочацца вярнуцца да тэмы «Плюсы/дасягненні незалежнай Беларусі», распачатай месяц таму. Падабаюцца не толькі муралы, набыццё ўласнай ідэнтычнасці і тое, што ў свеце лепей даведаліся пра беларусаў, чым 30 год таму. Мяркую, урад правільна адмовіўся ў 2011 г. ад пераходаў на зімовы/летні час, і тут, як ні дзіўна, я салідарны з Лукашэнкам-старэйшым…

Някідкі плюс незалежнасці і ў тым, што ў мінскіх дварах дворнікі перасталі штовосень спальваць кучы смецця (пераважна палую лістоту). У 1990-х яшчэ спальвалі, разводзілі куродым, цяпер вывозяць або проста пакідаюць палае лісце там, дзе ляжыць – экалагічненька 😉

«Вывучаная бездапаможнасць» пануе не паўсюль, i прадпрымальнікі не апантаныя бульбай: у Лунінцы навучыліся рабіць патэльні для замежжа, у Кобрыне Сяргей Паленік заняўся 3D-друкам… Агулам, людзі сталі больш мабільныя, многія беларусы наведалі дзясяткі краін, ё што ўспомніць. Да прыкладу, спартоўцы – з 1990-х ім нашмат лягчэй трапіць на розныя чэмпіянаты-алімпіяды-універсіяды, чым у савецкі час, калі даводзілася прабівацца праз Маскву. Цяпер – былі б грошы, а яны для талентаў часцей за ўсё знаходзяцца. Пра выгады незалежнасці для юных шахматыстаў пісаў, зрэшты, у 2005 г.

У Беларусі амаль два дзясяткі шахматных гросмайстраў – колькасць іх вырасла на парадак у параўнанні з позняй БССР. Так, многія з’ехалі, аднак лідар зборнай апошніх гадоў, мінчанін Уладзіслаў Кавалёў з рэйтынгам Elo каля 2700, народжаны ўжо ў незалежнай краіне (06.01.1994), эміграваць быццам бы не збіраецца…

Сталы чытач belisrael.info, мастак і педагог Андрэй Дубінін (1963 г. нар.) таксама не прайграў ад распаду СССР. Філасофствуе:

Паспрабую адказаць на пытанне «што мне дала незалежнасць». Чуецца пасыл некарэктны – бо тут актыўны і пасіўны модусы прысутнічаюць, «што табе дае незалежнасць» і «што ты даў незалежнасці», бо калі ты адно рэцыпіент – дык ты залежны 🙂

Чаго я дамогся пры дапамозе палітычнай незалежнасці? Я здабыў эканамічную незалежнасць, якая сталася фундаментам, маёй персанальнай «валентнасцю» да ўтварэння гарызантальных сувязяў-залежнасцяў у культурным полі. Незалежнасць ад галерэйных гонак, я змог не быць рабом на галерах галерэях, сваім падзённым рамесніцкім хлебам (часам лепей, часам горш) магу рабіць карціны, перпендыкулярныя трэндам і брэндам. Андэрграўнд сыходзіў у падвалы за савецкім часам… Я дык не лічу сябе андэрграўндам, калі што андрэйграўндам, але зараз на маім стале – вырашэнні тэмаў Мінскага гета ды Курапатаў, от гэта мяне мацуе і робіць незалежным.

* * *

У мінулай серыі было сказана пра тое, што сябра Беларускага саюза мастакоў скончыў працу для новага Вялікага магістра ордэна Мальты. Герб ужо колькі дзён вісіць над тронам.

Гатова і правая частка трыпціха А. Дубініна «Клуб Дзяржынскага, або Ноч паэтаў» (левая частка выстаўлялася ў 2017 г.):

На мой дылетанцкі погляд – моцна. Цікава, як будзе глядзецца цэнтральная карціна, – тая, што пакуль у праекце.

Падобна, рыхтуецца яшчэ адзін праект – перадачы паўнамоцтваў новаму кіраўніку Беларусі, якая можа адбыцца ў 2024-2025 гг. Чаму яна наспела, пісаў тыдзень таму.

Ніхто з чытачоў не прыслаў канкрэтныя прозвішчы людзей, здольных змяніць Лукашэнку. Вядома, палітычны таталізатар у Сінявокай – штука няўдзячная, мала хто прагне «вангаваць» у гэтай сферы. Ну, а я рызыкну.

Верагоднымі кандыдатамі на ролю «мясцовага Пуціна» мне бачацца экс-памочнікі Лукашэнкі Кірыл Руды (па эканамічных пытаннях; 2013-2016) і Максім Рыжанкоў (па пытаннях спорту і турызму; 2012-2016). Абодва – людзі адносна маладыя, працаздольныя, не навічкі ў палітыцы, здольныя на ўсялякія хітрыкі. Напрыклад, К. Руды са сваімі кнігамі ў пэўных (квазі)інтэлектуальных колах лічыцца лібералам, бо слушна дыягнастуе асобныя балячкі беларускага грамадства. Названыя колы падхапілі чуткі пра «ссылку» экс-памочніка паслом у Кітай, хоць насамрэч гэтая пасада выдатна пасуе для далейшай кар’еры. М. Рыжанкоў мае рэпутацыю «няхціўцы», адкрытага для кантактаў з аматарамі спорту (у пачатку 2010-х праз «Прессбол» прапаноўваў з праблемамі звяртацца на асабісты мэйл; бараніў рабіў выгляд, што бараніў ад закрыцця шахматныя секцыі ў рэгіёнах).

Асабіста не знаёмы ні з Рудым, ні з Рыжанковым, але шансы другога лічу вышэйшымі, і вось чаму. Па-першае, у беларускім грамадстве важна, з якой ты сям’і, а сп. Максім – сын вядомага чалавека, куратара белспорту ў часы перабудовы і ранняй незалежнасці (Уладзімір Рыжанкоў памёр у 1996 г.). Па-другое, палітычны досвед у Рыжанкова-малодшага багацейшы, чым у Рудага, які ў 2000-х больш займаўся навукай. Ёсць і іншыя тлумачэнні, але… пакуль што досыць. Няможна, дарэчы, выключаць прарыву на самы верх счэпкі, дзе доктар эканамічных навук Руды займаў бы пасаду прэм’ер-міністра.

Багата што ў раскладах будзе залежаць ад (ня)поспеху Еўрапейскіх гульняў у чэрвені г. г. – імі апекаваўся акурат Рыжанкоў… Дзеля-мадзеля патлумачу: я не за і не супраць магчымага яго вылучэння ў пераемнікі. Проста іншыя сцэнарыі – народнае паўстанне з перахопам ініцыятывы да 2024 г., свабодныя выбары пад кантролем Еўрапейскага Саюза, уварванне ў Беларусь усходніх інтарэсантаў і навязванне свайго сатрапа – выглядаюць яшчэ менш рэальнымі.

Еўрасаюз, хоць не «падрохквае», а гаворыць па-чалавечаску, часам робіць вычварныя крокі… То абвяшчае пра падвышэнне кошту віз да 80 еўра, у т. л. для беларусаў (вось дык дапамога дэмакратычным пераўтварэнням), то высокія чыноўнікі зацыкліваюцца на смяротнай кары: «Ужыванне смяротнага пакарання ў Беларусі не дазваляе Еўропе стаць прасторай, цалкам вольнай ад гэтага віду пакарання, якое замахваецца на самую сутнасць чалавечай годнасці». Упэўнены, што праблему (не)ўжывання павінны вырашаць нацыянальныя ўрады, улічваючы найперш інтарэсы сваіх грамадзян, і нават «мяккі» дыктат тут недарэчны. Дасціпна адпавёў бельгійскаму міністру чытач tut.by «Zadorny_Myslitel» (27.02.2019): «Нешта мне гэты Брусель нагадвае ўпраўдома І. В. Буншу: “Мы змагаемся за ганаровае званне дома (Еўропы) высокай культуры і побыту, а вы сваімі разводамі (смертнымі пакараннямі) рэзка зніжаеце нашы паказчыкі!”» Былі б заходнееўрапейцы шчырыя ў сваіх заявах аб правох тутэйшых – ці гандлявалі б яны шмат гадоў з Лукашэнкам, ці выдавалі б крэдыты ягонаму ўраду, а гранты – падкантрольным дзяржаве арганізацыям?

Па сутнасці-то чалавецтва «не дарасло» да адмены смяротных прысудаў – гл. казусы не толькі Індыі, Кітая, Нігерыі, але і «больш цывілізаваных» ЗША, Паўднёвай Карэі, Сінгапура, Японіі. Да таго ж адсутнасць у заканадаўстве такой меры, як смяротная кара, падахвочвае супрацоўнікаў спецслужбаў займацца «самасудом», ліквідуючы рэальных або ўяўных злачынцаў.

«Вольфаў цытатнік»

«Фарс і блеф гэта практыка беларускай палітыкі — што з боку ўлады, што з боку апазыцыі. Для ўлады фарс і блеф — гэта наіўная мужыцкая спроба неяк адцягнуць час, адкласьці на потым: можа, неяк “наладзіцца”. Для апазыцыі, што набірае сабе ў правадыры тых, каго Лукашэнка выгнаў са службы, гэта спроба вярнуць час, якога даўно няма, які страчаны бяздарна і па-пустому» (Алесь Чобат, снежань 2001 г.).

«Дзевяностыя не адпускаюць. І не могуць адпусціць, таму што яны – наша ўсё. Таму што ўсё, што нам так не падабаецца, і ўсё, што нам так падабаецца, – яно адтуль, і адно ад другога вельмі цяжка адарваць… Барацьба за адзінае “слушнае” разуменне дзевяностых.. з’яўляецца адным з самых сур’ёзных франтоў сучаснай ідэалагічнай барацьбы» (Уладзімір Пастухоў, 05.03.2019)

«Сучасная барацьба за заходнюю талерантнасць у нашых умовах – гэта своеасаблівае “cамалётапаклонства [карга-культ], будоўля глінянага самалёта, то бок імітацыя знешніх атрыбутаў, пазбаўленая ўнутранага напаўнення» (Алена Радзівон, 05.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

07.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 07.03.2019  16:16

Водгук

Урад адмовіўся ад «пераводу стрэлак», папярэдне перайшоўшы на не наш астранамічны час (які дзіўным чынам, абсалютна выпадкова, урэшце супаў з маскоўскім)… Розніца з астранамічным бачная на карце. І гэта адчуваецца ўзімку без усялякай геапалітыкі, калі ўстаеш на гадзіну раней за норму. Дарэчы, калі Колю хацелася спаць на першым уроку — то лепей б угаварыў бацьку вярнуцца на наш уласны астранамічны час — вынік быў бы той самы, што і перанос пачатку навучання ў школе на гадзіну пазней. Але менш балюча для ўсіх.

Пішаце: «Еўрасаюз… абвяшчае пра падвышэнне кошту віз да 80 еўра, у т. л. для беларусаў (вось дык дапамога дэмакратычным пераўтварэнням)». Дык не адным жа нам, а нашы ніяк не дамовяцца пра спрошчаныя ўмовы (патанненне да €35) атрымання шэнгенскіх візаў для беларусаў — пэўна, не надта хочуць, бо ўвесь час высоўваюць дзіўныя, невыканальныя для таго боку, патрабаванні — ужо каторы год…

Цытата ваша з Алеся Чобата для мяне апынулася вельмі дарэчы: я нядаўна нарэшце дабраўся прачытаць яго «Зямлю святога Лукі» і «многа думаў». Не стае яго калонак у газетах, як і Віталя Тараса…

Віктар Сяргейчык, г. Мінск

Дадана 11.03.2019  22:40

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70g)

Cамага шаломістага шалому! Цягнік «БНР-100» поўным ходам імчыцца кудысьці… Куды – пабачым 25.03.2018 у цэнтры Мінска, пакуль жа прапаную абяцаныя развагі пра ролю яўрэяў у заснаванні Беларускай народнай рэспублікі.

Дзякуючы таму, што з 1992 г. не раз перавыдаваўся нарыс Змітрака Бядулі «Жыды на Беларусі», цяпер ужо амаль усе ведаюць, што «У часе перавароту [1917 г.], калі беларусы ў Менску пачалі выступаць пад сваім уласным штандарам, то гарачэй усіх віталі іх жыды-нацыяналісты. У часе выбараў у меськую думу [лета 1917 г.] беларусы з жыдамі (нацыянальныя партыі) увайшлі ў кааліцыю і зрабілі адзін сьпіс кандыдатаў. А калі Ўсебеларускі Зьезд [снежань 1917 г.] паказаў, што творыцца дзяржаўная сіла, у жыдоўскіх газэтах пачалі ўсё часьцей паказвацца артыкулы аб беларусах. Пасьля разгону бальшавікамі памянёнага зьезду, жыдоўскія нацыянальныя партыі апублікавалі свой пратэст супраць гэтага гвалту». Адным з дэлегатаў з’езда аказаўся Мойша Гутман, выбраны і ў Раду. Немалы палітычны досвед давёў актывіста да таго, што ў лютым 1918 г. Гутман патрапіў у Народны сакратарыят, г. зн. фактычна ва ўрад Беларусі. Бядуля называе яго сакратаром без партфеля, але насамрэч Гутман быў, кажучы цяперашняй мовай, віцэ-прэм’ерам. Кандыдатка гістарычных навук Іна Герасімава дапускае, што ён складаў Першую Ўстаўную грамату БНР, апублікаваную 21.02.1918 (прынамсі яна рыхтавалася ў ягоным доме). Другім членам Народнага сакратарыята «ад нашых» стаў Гелій Белкінд, адказны за фінансы.

На нейкі час далучыліся да Рады БНР прадстаўнікі Бунда і сіяністаў. Люты-сакавік 1918 г. – пік палітычнай супрацы беларусаў і яўрэяў, потым надышлі «прымаразкі». Яўрэі, прынятыя ў Раду БНР, пасля Трэцяй Устаўной граматы дыстанцыяваліся ад «незалежніцкага праекта». Бядуля ў тым жа годзе тлумачыў паводзіны супляменнікаў так: «гісторыя іх так вышкаліла, што, на жаль, па большасьці яны арыентуюцца толькі грубай сілай: чый верх таго і праўда…» Аднак ці магло быць іначай?

Асноўнымі гульцамі на землях Беларусі ў 1918 г. былі тыя, хто абапіраўся на войска, г. зн. расійцы, немцы і палякі. Беларускі рух толькі браўся і не меў суперпапулярнасці сярод паспалітых беларусаў, якія пасля рэвалюцый 1917 г. цікавіліся хутчэй перадзелам маёмасці, чым праблемамі дзяржаўнага суверэнітэту.

Ясна, я не падпішуся пад лухтою пра БНР тыпу «групоўка радыкальных нацыяналістаў, якія прызначылі сябе прадстаўнікамі народа… Ніхто пра іх нічога не чуў ні тады, ні цяпер» (гомельскі «палітолаг» Жан Ч.). Аднак ваяваць за новую рэспубліку ў тубыльцаў ахвоты сапраўды не ставала. Толькі 09.11.1918, пад самы канец нямецкай акупацыі, урад БНР выдаў пастанову аб фармаванні ўласнага войска. «Міністр абароны», генерал Кіпрыян Кандратовіч у лістападзе 1918 г. прапанаваў паставіць пад ружжо 200 тыcяч – а ў выніку (канец снежня 1918 г.) аказаўся ў Гродне на чале Першага беларускага палка з тысячай штыкоў. Пазней урад БНР на выгнанні звязаў сябе з «бацькам» Булак-Балаховічам, чыё разнамаснае войска ў 1920 г. набыло сумную вядомасць, запэцкаўшыся, між іншага, у антыяўрэйскіх пагромах на поўдні Беларусі.

Сярод «левых» у БНР-1918 пераважалі дзеячы культуры, схільныя больш да сімвалічных крокаў, чым да рэальнай разбудовы дзяржаўнасці. «Правыя» (Раман Скірмунт, той самы Кандратовіч…) з дарэвалюцыйных часін сёе-тое ведалі пра механізмы ўлады, але слаба ўпісваліся ў рэвалюцыйную эпоху. Знайсці паразуменне ім так да канца і не ўдалося, як не змаглі паразумецца ва Украіне Пятлюра і Скарападскі.

Ведаючы – або адчуваючы – нутраную слабасць БНР, пераважная большасць яўрэяў увесну 1918 г. заняла нейтральна-чакальную пазіцыю. Меліся такія, хто падтрымліваў немцаў, спадзеючыся, што яны прыйшлі «ўсур’ёз і надоўга»; нямала было і прыхільнікаў новай Расіі (неабавязкова бальшавіцкай).

Паспрабую забыцца, што гісторыя не мае ўмоўнага ладу. Што, калі б у лютым-сакавіку 1918 г. палітычна актыўныя тутэйшыя яўрэі масава падтрымалі БНР, спакусіўшыся лозунгам «нацыянальна-персанальнай аўтаноміі», і Рада не прамарудзіла б з абвяшчэннем незалежнасці? Тады, мажліва, у той ці іншай форме захаваўся б «левы» або цэнтрысцкі ўрад, які б не адправіў вернападданніцкую тэлеграму кайзеру… Ён заваяваў бы пэўны давер «народных мас», дый акупанты больш лічыліся б з яго аўтарытэтам.

Мяркую, усё адно пасля скасавання Брэсцкага міру на большасць тэрыторыі Беларусі вярнулася б савецкая ўлада, падпёртая рулямі чырвонаармейцаў. Іншая рэч, што БНР, дзякуючы актыўнасці міністраў-яўрэяў, маглі б прызнаць краіны Антанты і/або ЗША (хаця я б не перабольшваў уплыву «яўрэйскага лобі» на заходнія ўрады пачатку ХХ ст.). За прызнаную «цывілізаваным светам» дзяржаву змагалася б куды больш народу, чым за непрызнаную, і – хто ведае? – мо беларускаму ўраду ўдалося б «выгрызці» лапік зямлі на захадзе Беларусі, недзе там, дзе летась паказалася «Вейшнорыя».

Утапічнасць маіх дапушчэнняў – яшчэ і ў тым, што палітычна ангажаваным яўрэям на пачатку 1918 г. было цяжка дамовіцца міжсобку (зрэшты, як заўсёды). Так, бундаўцы, сіяністы і прадстаўнікі артадаксальных колаў, мякка кажучы, недалюблівалі адно аднаго. Выпрацаваць агульную лінію што да новай рэспублікі – а зрабіць тое трэ было тэрмінова, лік ішоў на тыдні – яны маглі б толькі цудам.

Сто год таму «яўрэйская абшчына» была ўжо моцна фрагментаваная, і зварот Янкі Купалы да абстрактных «ўсебеларускіх жыдоў» («Пара, жыды, паны усяго свету / Сплаціці доўг, які вам Беларусь дала!»), калі разглядаць яго як палітычную дэкларацыю, гучаў у 1919 г. досыць наіўна. Дзіва што, калі ў 1920 г. у БНР зноў завіталі яўрэі (д-р Ісак Лур’е, Давід Анекштэйн, а ў 1921 г. – «міністр па справах нацыянальных меншасцей» Самуіл Жытлоўскі), мала што ў іх атрымалася. Гэтыя людзі з іхнімі добрымі намерамі прадстаўлялі не так «абшчыну», як саміх сябе, дый час быў упушчаны… Акурат у 1919 г. пачалася «трэцяя алія», г. зн. масавае перасяленне яўрэяў з Усходняй Еўропы ў Палесціну. «Многія яўрэйскія лідары не бачылі неабходнасці дапамагаць беларусам і адцягваць людзей і сродкі ад барацьбы за пабудову сваёй яўрэйскай дзяржавы», – заўважае І. Герасімава.

Так цi іначай, для БНР (без якой, хутчэй за ўсё, не існавала б ані БССР, ані Рэспублікі Беларусь) нямала зрабілі і яўрэі, і прадстаўнікі левых партый, асабліва Беларускай сацыялістычнай грамады ды эсэраў. Таму рэванш, які апошнім часам спрабуюць узяць кансерватары, прэтэндуючы на ўсю спадчыну БНР, мала каму патрэбны. Адна мінская «праваабаронца» (Ганна Ш.; я-то заўсёды меркаваў, што праваабаронцам лепей заставацца нейтральнымі…) кінула ў адрас партыі Статкевіча: «Сацінтэрн, рукі прэч ад нашага нацыянальнага Свята [25 сакавіка]! Наперадзе 1 траўня. Рыхтуйцеся!» Кіраўнікі БНФ гэты хамаваты заклік ухвалілі 🙁

Тое, што сучасны БНФ, адрозна ад пачатку 1990-х, – кволая палітычная секта, хутчэй аксіёма, чым тэарэма або гіпотэза. Рэакцыя чалавека, які ў 1999–2007 гг. узначальваў гэтую партыю, на новы cцёбны кліп з удзелам расійца Шнурава, дазваляе зразумець, адкуль ногі растуць… Прывяду пост Вінцука Вячоркі цалкам; яго меркаванне ў нечым тыповае, і падтрымала В. В. звыш сотні людзей, у іх ліку паважаныя мною пісьменнікі:

Я даўным-даўно не жыву ў савецка-расейскай інфармацыйнай прасторы. Ня ведаю ані герояў тамтэйшага папсовага паўсьвету, ані сэрыялаў, ані тэлезьвёздаў. Імя Галыгін мне да сяньня нічога не гаварыла, сам я не націснуў бы на прысьвечанае „8 сакавіка“ відэа, якое ўпарта зьяўляецца ў сяньняшняй стужцы, але мяне настойліва намовілі. Лінк даваць ня буду, хто захоча сам знойдзе.

Вось жа тое, што я пабачыў, акрамя агульнага ганебнага ўзроўню, — яшчэ і абраза ў адрас беларускай мовы і ўсіх беларускамоўных. Калі ўбогая пахабшчына, якую „сьпяваюць“ па-беларуску (я не памыліўся з удзелам пэўнага народнага артыста?), „перакладаецца“ субтытрамі па-расейску, але моўнымі сродкамі паэтычнага, высокага стылю. Г. зн. беларуская мова яна для бруду, які на расейскую і перакладу адэкватнаму не паддаецца.

Матрыца для закладаньня ў падсьвядомасьць ня новая. З свайго дзяцінства, з чорна-белага савецкага тэлевізара памятаю двух блазнаў Тарапуньку й Штэпсэля. Недалёкі Тарапунька гаварыў, вядома ж, па-ўкраінску. А хітры і недурны Штэпсэль па-расейску. Але такога падзеньня, як я сяньня пабачыў, усё ж яшчэ не было.

Не збіраюся бараніць творчасць Вадзіма Галыгіна і Сяргея Шнурава, а пагатоў Анатоля Ярмоленкі і Ларысы Грыбалёвай. Недалужныя п’янтосы? Заклапочаныя кабеткі? Мне больш даспадобы такая клаўнада, як у наступным кліпе:

Калі ж мяне цягне быць сведкам экзістэнцыйнай тугі, не толькі жаночай, я слухаю іншую песню «Серебряной свадьбы»:

Аднак шыць палітычныя абвінавачанні не самаму высокадухоўнаму крэатыву, зробленаму ў стылістыцы ўкраінскага «Дызель шоў», – гэта больш чым занадта. «Абраза мовы» – яшчэ і артыкул у беларускім Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Аб’ектыўна выходзіць, што В. В. заклікае да паліцэйскага пераследу комікаў.

Годна адказалі Вячорку энд компані Юрый Варонежцаў («Справа даходзіць да сур’ёзных паталогій. Нядаўна адзін адстаўны беларускі палітык заявіў, што гэты кліп – элемент інфармацыйнай вайны, развязанай Расіяй супраць нас, няшчасных»), Віталь Цыганкоў, дый нават харашуха Вольга Хіжынкова, дачка лесніка і рабочай аграфермы. Дадам, што няведанне прозвішча Галыгіна, да пачатку 2000-х – аднаго з самых яркіх гульцоў беларускага КВЗ, які не раз, і даволі трапна, парадзіраваў Лукашэнку, дапушчальнае хіба для мовазнаўцы, але не для кіраўніка тутэйшай партыі. Крывая трактоўка вобраза Тарапунькі (які зусім не выглядаў дурнем у параўнанні са Штэпселем!) – «ягадка на торце».

Калі ў 55-й серыі я пісаў пра «музычныя рознагалоссі» з многімі тутэйшымі «апазіцыянерамі», то не чакаў, што метафара стане рэчаіснасцю. Дальбог, стаміўся ад іхняга маралізатарства, снабізму і прымітыўнай канспіралогіі, калі ўсё (ну, амаль) тлумачыцца падкопамі Люцыфера Крамля. Добра, што нарадзіліся не ў Сярэднявеччы – папрабіваліся б у інквізітары ды папалілі б на вогнішчах скамарохаў, «апантаных д’яблам»…

Расчараваў і аналітык, да якога я ставіўся крытычна, але прызнаваў ягоную суб’ектнасць. Пасля публікацыі Паўла Усава ў «Белгазеце», дзе ёсць, у прыватнасці, такія словы: «Рускі чалавек – “драпежнік”. Яму не патрэбныя вытанчаныя тэхналогіі, прарывы ў медыцыне – яму патрэбная дубіна (няхай і выдуманая), і чым яна большая, тым лепей. Бо рускі чалавек без дубіны – гэта не рускі», мне цяжка ўважаць яго за калегу. Тут прафанацыя прафесіі самая настаяшчая.

* * *

Пазіцыя беларускай рэжысёркі Вольгі Нікалайчык, якая раскрытыкавала вышэйзгаданы кліп за «культ нізкапробнай якасьці жыцьця праз калярытны народны бурлеска-лубок», мне блізкая ўжо таму, што Вольга прапанавала: «Давайце зробім свой кліп :)))» Але ж для таго, каб зрабіць у Беларусі нешта якаснае і папулярнае, тое, што набярэ на «Тытрубе» хоць 5% праглядаў ад шнураўскіх мільёнаў, трэба адправіць на мароз пару соцень ідэолагаў… Зэканомленыя грошы сабраць у кучку, зліць творчаму калектыву ў асобах Вольгі Н., Святланы Б., Лёліка У. і спецыяльна запрошанага з Расійскай Федэрацыі грамадзяніна РБ Вадзіка Г. (можна далучыць галоўнага ўрача Лепельскай псіхіятрычнай лякарні), пару месяцаў настояць, узбоўтнуць… Профіт.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

13.03.2018

Апублiкавана 13.03.2018  06:53