Tag Archives: Виктор Барский

У Мінску адкрыўся «Шахматны дом»

Ля ўвахода ў офісныя памяшканні; нам па стрэлцы…

Паэт Васіль Жуковіч (першаразраднік па шахматах, неаднаразовы чэмпіён Саюза беларускіх пісьменнікаў) рады адкрыццю новага клуба…

Гэтаксама як пастаянны аўтар belisrael.info Юрый Тэпер – нацыянальны майстар па гексашахматах і кандыдат у майстры па звычайных.

 

А вось і гаспадар – Віктар Барскі, 24 гады, выпускнік гістарычнага факультэта БДУ, таксама кмс… Індывідуальны прадпрымальнік, які ўзяў ля станцыі метро «Пушкінская» два пакойчыкі ў арэнду пад клуб. «Шахматны дом» толькі адкрыўся, але паспеў ужо выдаць дыхтоўныя нататнікі на 48 старонак. Прадаваліся па 1,5 Br (каля 3 шэк.); можна бачыць справа.

Бацька гаспадара Яўген; у 1980-х гадах – адзін з пачынальнікаў рэндзю ў Беларусі. Зараз будзе весці заняткі з шахматыстамі-пачаткоўцамі.

Брат гаспадара Андрэй, адказны за лагістыку. Дапраўды, сямейны бізнэс.

 

Жонка Віктара, Ганна Барская, скора запоўніць беларускамоўныя дыпломы сваім прыгожым почыркам. Аднак у клубе вітаюць і рускамоўных, нават прыдумалі слоган: «Мы разумеем шмат моваў, а размаўляем на дзвюх».

Першы турнір па хуткіх шахматах на новым месцы, 20.08.2017, пяты тур. Былы трэнер В. Я. Барскага Э. М. Андрэеў гуляе чорнымі.

Інфа пра лёсаванне. Чароўная сумесь беларускай, рускай і англійскай…

 

У пакоі для гульні; з верасня 2017 г. ён стане залай для вучэбных заняткаў.

А тут, мяркуецца, будзе «шахматная гасцёўня», дзе за пэўны грашовы ўнёсак атабарацца дарослыя аматары. «У нас можна ў прыемнай атмасферы, з кубачкам кавы ці гарбаты, пагуляць з сябрам ці аднадумцам, абмеркаваць з трэнерам нашага клубу апошнія шахматныя навіны, згуляць невялічкі вечаровы бліц-турнір ці больш сур’ёзны ў класічныя шахматы», – абяцаюць на сайце.

 

Гульня скарае ўсіх.

Галоўны суддзя судзіць.

Такога ў нашых шахматных клубах яшчэ не было – няйначай арганізатары натхніліся досведам курсаў «Мова ці кава»?

Клуб з савецкім знакам якасці ў закутку. Насамрэч гэты знак застаўся ад ранейшых арандатараў 🙂

Паядынак Валянціны Баранавай з Мітрафанам Патаповічам. Хлопчык перамог…

Пісьменнік Іван Клімянкоў (злева) спрабуе дае адпор Алесю Лапо.

Трэнер Алесь Станішэўскі (з барадой) выкладаў шахматы па-беларуску яшчэ ў 1990-х гг. А сёлета перабраўся з Мінска ў Гродна.

Эмоцый у час аналізу партый хапала («не надо меня снимать!» :))

У Эдуарда Андрэева было значна цішэй – што значыць педагог з 30-гадовым стажам.

Усяго дзве нічыі ў 23 партыях 5-га тура! Карлсену з Каракіным ёсць з каго браць прыклад…

Турнірныя вынікі з сайта chesshouse.by: 1. Лазавік Дзяніс; 2. Мартулёў Пётр; 3. Рунец Іван; 4. Кірылін Дзмітрый (усе па 6,5 ачкоў з 8); 5. Сакалоў Яўген – 6, і г. д.

Тэкст і фота – Вольф Рубінчык

PS. Піша Васіль Аляксеевіч Жуковіч: «Даведаўся пра турнір, калі націснуў на Адкрытыя шахматы. Спадабалася там, бо гамонка капітана – беларуская. Віктар распавядаў пра свае намеры… Малайцы Барскія! Аднак будзе вельмі складана выстаяць перад арэндай і атрымаць хоць якую капейчыну. Я вельмі жадаю, каб усё атрымалася! Восень і зіма ўсё і пакажуць».

Апублiкавана 23.08.2017  08:04

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (56)

Вітаю аматараў серыяла – тых, каму неабыякавыя падзеі ва ўласнай краіне, і ў свеце таксама!

Днямі споўнілася 60 гадоў рокеру Юрыю Шаўчуку, aka «Юра-музыкант». Да яго творчасці можна ставіцца па-рознаму; асабіста мяне яна натхняе амаль 30 год, пачынаючы ад кружэлкі «Я получил эту роль».

 

Юра Ш. (Віцебск, 2015) і яго пласцінка 1988 г.

Мужны чалавек, як ні круці. Акрыяў пасля смерці жонкі. Ратаваў душы на войнах (за гэта, а таксама за яго раннюю песню «Не страляй», на месцы нарвежскага камітэта я б выпісаў Шаўчуку Нобелеўскую прэмію міру). Цаню і тое, што Юрый Юліянавіч даваў канцэрты ў Беларусі, увайшоў у гісторыю рэплікай 2009 г.: «Холадна ў вас выступаць, паўсюль лядовыя палацы – лепей бы ваш прэзідэнт у шахматы гуляў (смяецца)». Некалі, да сваёй адседкі, шаўчукоўскія імпрэзы ладзіў у Беларусі Генадзь Шульман – дырэктар цэнтра «Клас-клуб ДК»; гэта яму залічылася або залічыцца.

Упершыню за час бытавання «Катлет & мух» у Беларускай федэрацыі шахмат (БФШ) змянілася кіраўніцтва. Цікава?! Ну, слухайце далей…

У 2009 г. федэрацыя з некалькімі сотнямі членаў дэ-факта амаль год жыла без старшыні (хочацца з’едліва дадаць: «і нічога»). Потым знайшлі сабе начальніка дзяржаўнага прадпрыемства, звязанага з аэранавігацыяй, ад шахмат досыць далёкага. Тым не менш, сякія-такія грошы спонсараў пры ім знаходзіліся – мо і не меншыя, чым пры ранейшым старшыні-прадпрымальніку, які шмат абяцаў, а рабіў… як рабіў.

Сёлета ў канцы красавіка адзін небезвядомы палітык раскрытыкаваў стан спраў у спорце, асабліва ў хакеі. Прачуханца дастаў і Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, які з вясны 1997 г. узначальваецца «самі ведаеце кім». Чыстая булгакаўшчына: «Калі гэтыя барытоны равуць “бі разруху!” – я смяюся… Гэта абазначае, што кожны з нас павінен лупіць сябе па карку!»

Напэўна, у адміністрацыі ўспомнілі лозунг ад вусатага сучасніка Булгакава М. А.: «Кадры вырашаюць усё», і ў маі распачалася хваля перавыбараў у спартыўных федэрацыях. Калі раней імі кіравалі розныя буйныя чыноўнікі, то цяпер лічыцца, што «руліць» павінны самі дзеячы спорту. Што, у прынцыпе, няблага, але прымушае задумацца: ці насамрэч дзяржава зацікаўлена ў самакіраванні спартоўцаў? Ці не хоча проста сапхнуць на іх адказнасць ва ўмовах эканамічнага крызісу? (Тут трэба дадаць, што падзенне валавага ўнутранага прадукта ў «сінявокай» спынілася, чаго не скажаш пра даходы грамадзян.) Выняткам стала федэрацыя хакея: узначаліць яе прапаноўвалі трэнеру Міхаілу Захараву, ён адмовіўся, тады паклікалі Сямёна Шапіру, старшыню Мінскага аблвыканкама… Патлумачылі так: «Хакей – ідэалогія, тое, што можа згуртаваць нацыю» 🙂

19 мая дайшла чарга і да БФШ. Амаль аднадушна (1 галасаваў супраць, 1 устрымаўся) прысутныя выбралі 37-гадовую Настассю Сарокіну, міжнароднага майстра, трэнера ФІДЭ і г. д. У сярэдзіне 2000-х гадоў яна жыла ў Аўстраліі, потым вярнулася, працавала ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, а гадоў 5 таму адкрыла прыватную школу. Не з’яўляюцца сакрэтам яе добрыя адносіны з Кірсанам Ілюмжынавым і Максімам Рыжанковым, «моцнымі людзьмі» ФІДЭ і адміністрацыі прэзідэнта РБ адпаведна. Натуральна, самаацэнка часам зашкальвае.

Выглядае, ёсць у рашэнні канферэнцыі плюсы і мінусы. Паводле статуту БФШ скліканне так скора не робіцца, пра яго трэба паведамляць актывістам прынамсі за месяц (п. 4.7). Перагледзеў навіны на chess.by – не было там паведамлення пра канферэнцыю і парадак дня. Як кажуць юрысты, «з неправавой сітуацыі не можа быць прававога выйсця», і фармальна вынікі канферэнцыі БФШ (дый сходаў іншых федэрацый РБ – статуты прыкладна аднолькавыя ва ўсіх) маглі б быць аспрэчаны ў судзе. Зрэшты, каляспартыўныя дзеячы ва ўсім свеце схільныя абапірацца хутчэй на мэтазгоднасць, чым на законнасць. І большасць спартоўцаў таксама…

У навіне пра абранне спн. Сарокінай, апублікаванай усё на тым жа сайце БФШ, насцярожваюць наступныя словы: «Асаблівую ўдзячнасць Настасся Віктараўна выразіла дзяржаўным структурам: Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту, Міністэрству спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу, якія рэальна зацікаўлены ў развіцці шахмат у Беларусі і аказваюць істотную падтрымку беларускім шахматам». Не ў тым праблема, што расхвальваецца «начальства»: магчыма, кар’еру без гэтага не пабудуеш. Ізноў жа, «шахматная вертыкаль» з яе «жэстачайшым парадкам» часам у Беларусі спрацоўвае, хоць я аддаю перавагу «гарызанталі». Але якая з Нацыянальнага алімпійскага камітэта «дзяржаўная структура»?.. Алімпійская хартыя забараняе «адзяржаўліванне» мясцовых камітэтаў, і ў Беларусі НАК пазіцыянуе сябе як «самастойнае, незалежнае грамадскае аб’яднанне». Статус яго адрозніваецца ад «прэзідэнцкага клуба» – «дзяржаўна-грамадскага аб’яднання».

НАК – назіральная інстанцыя над федэрацыямі, асабліва тымі, што мусяць развіваць алімпійскія віды спорту. На 30.05.2017 прызначаны «вялікі алімпійскі сход». Можа, прэзідэнт НАК, па сумяшчальніцтве – прэзідэнт гордай краіны «між Літвой і Украінай», нарэшце пакіне пасаду, якую займае акурат 20 гадоў, і ў рамках «сур’ёзнага перафарматавання сферы спорту» следам за сваімі падначаленымі саступіць месца адмыслоўцу? Вунь той жа Кірсан, які ў 1990–2000-х гадах сумяшчаў прэзідэнцтва ў Калмыкіі і ў Сусветнай шахматнай федэрацыі, у 2010 г. даспеў да таго, што трэба засяродзіцца на адным…

Але вярнуся да Сарокінай, з якой у дзяцінстве нават згуляў пару партый у клубе «Прахадная пешка» на вул. Асіпенка (па ініцыятыве Русланы Іванаўны Мачалавай). Калі зменяцца варункі, яна можа стаць някепскай грамадскай лідэркай, бо, як слушна адзначыў калега, умее «лавіць момант». Летась у ейнай школе планаваліся заняткі на «роднай мове», весці іх намерваўся муж Настассі, Дзяніс Бурко. Нядаўна ўжо быў прэцэдэнт – трэнер Віктар Барскі набіраў белмоўную групу ў клубе «Стратэг» (Палац дзяцей і моладзі). Усё ж пакуль не так многа людзей у Мінску гатовыя плаціць за навучанне шахматам па-беларуску… 🙁

А. Сарокіна – арбітр на чэмпіянаце свету ў Тэгеране (люты 2017 г., злева; фота з chesspro.ru). На 2-м фота – іранская актрыса Садаф Тахер’ян, якая ў 2015 г. адмовілася публічна насіць хіджаб. У адказ ёй забаранілі працаваць у Іране.

Як бы там ні было, зычу новай старшыньцы БФШ плённа правесці 1-ы (!) чэмпіянат свету ФІДЭ па рапідзе і бліцы сярод дзяцей да 8, 10 і 12 гадоў (Мінск, Палац спорту, 1–5 чэрвеня 2017 г.). Упэўнены, шмат для каго з малых, дый іх бацькоў, чэмпіянат акажацца падзеяй на ўсе часы. Чакаецца, што прыляцяць юныя шахісты з Швецыі, Узбекістана, Японіі і нават Калумбіі, але чамусьці не з Ізраіля.

Практыка паказвае, што грандыёзныя спартыўныя падзеі ў Беларусі рэдка спрыяюць развіццю адпаведнага віду. Пышна правялі чэмпіянат свету па хакеі 2014 г., аднак сёлета беларуская хакейная каманда паказала 13-ы вынік з 16 краін, ледзь не вылецела з эліты. Вышэйзгаданы Захараў паставіў галіне «дыягназ», хоць і вывеў «галоўнага хакеіста» з-пад удару («Гэта не прэзідэнт, гэта ўрад павінен думаць. Прэзідэнт пабудаваў каткі, а іх трэба запаўняць, каб яны запрацавалі» :)). Таксама не заўважыў я, каб пасля першынства Еўропы па хуткіх шахматах у Мінску (снежань 2015 г.) з удзелам такіх зорак, як Найджэл Шорт, «люд паспаліты» зачасціў у шахклубы. Адчуванне, што Беларусь па-ранейшаму застаецца пляцоўкай для чужых гульняў… 🙁

Не магу не згадаць лекцыю нашага аўтара Аляксандра Астравуха «Беларуская яўрэйская паэзія», якая адбудзецца 25.05.2017 у памяшканні ПЭН-цэнтра (Мінск, Залатая Горка 2-101). Афіцыйна нікога не запрашаю, бо не ведаю, як да наплыву гасцей паставяцца арганізатары.

Улетку будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадруку… Летась прыдзяржаўныя і непрыдзяржаўныя дзеячы культуры выступілі за тое, каб аэрапорт «Мінск» – былы «Мінск-2» атрымаў імя Францішка Скарыны. Я не супраць, каб нацыянальны аэрапорт набыў чалавечае імя (як «Бен-Гурыён» у Ізраілі, «Шарль дэ Голь» у Францыі, «Джон Фіцджэральд Кенэдзі» ў ЗША), аднак варыянт са Скарынам небясспрэчны. Вось і паэт Віктар Жыбуль зацеміў у інтэрв’ю, што «лепш імем Скарыны назваць буйную бібліятэку ці сетку кнігарняў (тую ж «Белкнігу»). Усё ж асоба Скарыны асацыюецца найперш з кнігамі. А аэрапорт, самалёты — гэта сымбалі пазьнейшай эпохі». І я згодзен з тымі, хто прапануе назваць аэрапорт імем першага Героя Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Карвата (1958-1996), які 21 год таму адвёў аварыйны самалёт ад вёскі ў Баранавіцкім раёне, а сам загінуў. Падабаецца мне і ідэя з аэрапортам імя Сямёна Косберга, доктара тэхнічных навук, ураджэнца Слуцка (1903-1965). Ён заслужана меў ваенныя ордэны за распрацоўкі для самалётаў Чырвонай Арміі, а потым ладна ўклаўся ў савецкую касманаўтыку. Адна са слуцкіх вуліц носіць імя Косберга, але гэтага, па-мойму, недастаткова для ўвекавечання яго асобы.

Нават пасля абсурднай адмовы ад праспекта Скарыны (2005 г.) першадрукара не забылі ў сталіцы: ёсць прысвечаная яму вуліца, стаіць помнік ля Нацыянальнай бібліятэкі. Праспекты Скарыны не так даўно з’явіліся ў Жодзіне і Полацку. Зараз паправіць бы пераклад цытаты са скарынаўскай Бібліі ля ўваходу ў «галоўную бібліятэку»…

Па-французску часцінка «а» мае тут пісацца з рысачкай («à»), з чым у студзені 2013 г. пагадзілася намесніца дырэктара Алена Далгаполава: «На жаль, бібліятэка не можа самастойна выправіць гэты недахоп на якасным ўзроўні. Надпісы высечаны на мармуры і пакрыты спецыяльным колерам. Такая тэхналогія патрабуе спецыяльных навыкаў». Пры нагодзе, абяцала, паправяць… Чакаю ўжо 51 месяц, 21 дзень і 16 гадзін.

Мой пачакун, як ты мне мілы!..

Для кагосьці гэта драбяза, аднак многія французы, як памятаю з мінулага стагоддзя, дужа адчувальныя да парушэнняў правіл сваёй мовы. Надпіс на турыстычным аб’екце бачылі сотні нашчадкаў галаў франкафонаў, і ў дзясяткаў гэтае «а» на нейкую долю абясцэніла сімвалічны капітал нашай краіны… Хоць ты сам бяры «бронзавую» фарбу і падмалёўвай рысачку! (Насамрэч не, бо потым яшчэ і вінаватым акажуся…)

Усё часцей здаецца, што прэзідэнты суседніх краін, каторыя на «П», з аднаго кубла вылезлі. А можа, проста карыстаюцца паслугамі тых самых паліттэхнолагаў?… Адзін «П» пад прыкрыццём сочынскай алімпіяды «сцягнуў» Крым; другі, на фоне агульнай эйфарыі ад «Еўрабачання» ў Кіеве, 16.05.2017 загадаў блакаваць ва Украіне сайтаў «Вконтакте», «Одноклассники», «Яндекс»… Довады «за» і «супраць» блакіроўкі папулярна выкладзены тут. Па-мойму, змаганне з «расійскай прапагандай» набліжаецца да небяспечнай рысы, калі «гарматы інфармацыйнай вайны» лупяць ужо не проста ўхаластую, а па сваіх.

Падзівіў белдэпутат Ігар Марзалюк, які даў газеце «Звязда» вялікае інтэрв’ю ў іпастасі гісторыка. Многа там усяго, у т. л. ідэалагічная ўстаноўка: «Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе не было антысемітызму». Каб хоць не І. М. казаў… Справа ў тым, што іменна гэты гісторык у «габрэйскім» выпуску часопіса «Arche» (2000) з фактамі ў руках даводзіў, што «для нашых земляў быў характэрны мяккі варыянт антысемітызму». А потым у кнігах 2007 і 2009 гг. папракаў калегу: «незразумела, чаму Сагановіч лічыць немагчымым скарыстанне дадзеных фальклору ў якасці доказу існавання ўстойлівых антысеміцкіх стэрэатыпаў у беларусаў». Смешна і сумна.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.05.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.05.2017  04:24