ЧАРОЎНЫЯ НАЖНІЧКІ
(сцэнарый па матывах яўрэйскіх казак)
Публікуецца ўпершыню
(С) Anna Avota * 2017 * myza.by
РЫЎКА, дачка краўца Берла, маці Шмуэля
ШМУЭЛЬ, бедны кравец
РЭБЕКА, сірата з Варшавы
ШЛЁМА, шынкар
ПЕСЯ, самая багатая гандлярка ў мястэчку
ГІРШ, сын Песі, марыць паступіць у віленскi балет
РЭЙЗЛ, цнатлівая сястра Гірша, дачка Песі
МАДАМ СОФА, гаспадыня адмысловага завядзенія
ЭТЛ і ЦЭЙТЛ, паненкі з завядзенія цёці Соні
ЧОРТ, у вобразе нямецкага Музыканта
ФІШЛ, мясцовы скрыпаль
МОЙША, дохтур
ЁЙСІФ, рэбе
У эпізодах: гараджане, суседзі, наведвальнікі шынка.
ІНТРА
У адным мястэчку жыў бедны кравец Шмуэль са сваёй маці Рыўкай. Кажуць, яе бацька Берл, дзед Шмуэля быў тутака найлепшым краўцом i працаваў за дзесяцёх, быццам нячысцік яму дапамагаў. А не стала Берла, то і сям’я хутка збяднела.
Сцэна I
Дзень. Дом краўца, дворык, плот ля завядзенія мадам Софы.
Шмуэль, яго маці Рыўка, суседзі, мадам Софа.
Шмуэль сядзіць ля дома з кавалкам тканіны ў руках, назірае за аблокамі, аб нечым марыць. Рыўка назірае за ім. Раптам хапаецца за сэрца.
Мама, вы крышачку захварэлі?
Не, Шмулік, ужо паміраю.
Рыўка дастае з гарсэткі скрутак.
Вазьмі нажнічкі твайго дзеда краўца Берла, мусіла аддаць іх табе ў спадчыну…
Шмулік разгортвае скрутак, там іржавыя старыя нажніцы.
Гэтыя нажніцы зробяць цябе самым багатым краўцом у мястэчку.
З вашае смерці, мама, я самы нешчаслівы ў гэтым мястэчку.
Ты будзеш самы шчаслівы, калі падбярэш скарб, які сам трапіць табе пад ногі.
Рыўка памірае. Шмулік спрабуе падняць, але не атрымліваецца.
Што робіць сапраўдны жыд, калі ў яго здараецца гора? Канешне, спявае ды танчыць.
Шмуэль танчыць ля хаты з кавалкам тканіны, да яго далучаюцца суседзі і выпадковыя мінакі. Аднекуль узнікае бутэлька гарэлкі і чарачка. Усе па чарзе п’юць у час танца.
Мадам Софа высоўваецца праз плот.
Пашчасціла таму заказчыку, чые грошы Шмулік зараз прапівае.
Шмуэль трымае ў руках скрутак, на якім падпісана “Замова для мадам Софы”, у скрутку два грошыкі. Аддае камусьці адзін грошык, забірае бутэльку, танец працягваецца.
Сцэна II
Дзень. Крама гандляркі Песі. Песя, яе сынок Гірш. Пакупнік.
Гірш прадае Пакупніку камізэлю, Песя прыглядвае за імі. Пакупнік мацае камізэлю.
Дзе, кажаце, пашытая?
У Парыжы.
А то далёка?
У Вільні былі?
Пакупнік трошкі ў сумневе.
Ну, вось Парыж у чатыры разы далей.
Што вы кажаце! Такая глухмень, і так шыюць!
Таму і каштуе.
Пакупнік адлічвае і аддае грошы, забірае камізэлю, сыходзіць. Гірш пералічвае грошы. Песя дапісвае нулік да цаны на камізэлі.
Чым вышэй цана, тым менш падобна, што той куцюр – Шмулік з нашага штэтла.
Ваша праўда, мама.
Маладзец, сынок, будзе каму прыглядаць за крамай, калі пайду да вашага з Рэйзл таткі.
Забірае ў Гірша пералічаныя грошы.
Але вы абяцалі грошы, каб я восенню паступіў у віленскі балет!
Гірш, не навадзі маме хваробу на галаву.
Я танцор, а не гандляр!
Песя хапаецца за галаву.
Ой,ой, ізноў зрабіў маме мігрэнь…
Песя прысаджваецца на крэсла. Гірш набірае са збана вады ў рот, пырскае на Песю. Навязвае ёй на галаву хустку, дае нюхаць солі.
Мо Рэйзл возьмеце замест мяне?
Твая сястра зможа прадаць хіба што сваю цнатлівасць. Але вось твой сябра Шмуэль…
Песя думае. Паглядае хітра.
Сынок, каб ты трошачкі дагаварыўся з ім, пакуль ён у жалобе… Шыць у нас на замову… За два грашы на тыдзень…
Гірш здзіўлены.
А як я з ім на такое дамоўлюся?
Песя адпівае са збана. Дае Гіршу грошык.
Сцэна ІІІ
Вечар. Шынок Шлёмы.
Шынкар Шлёма, Шмуэль, Гірш, Этл, Цэйтл.
Шмулік заходзіць у шынок, натыкаецца на Этл і Цэйтл. Хоча разысціся з імі, але трапляе то да бюста адной, то да зада другой.
Мадам пытаецца, калі мы можам забраць нашыя сукенкі.
Скажыце мадам, што заўтра.
У Шмуліка атрымліваецца праслізнуць між паненкамі, ён садзіцца ля стала. Разгортвае скрутак “Замова для мадам Софы” і дастае апошнюю капеечку. Кліча шынкара. Той нясе бутэльку і чарку, але бачыць капейку і ставіць толькі чарку. Шмуэль засмучаны, хутка выпівае. Дастае дзедавы нажнічкі. Шлёма глядзіць крыху пагардліва, забірае нажнічкі, налівае Шмуліку яшчэ.
Раптам побач садзіцца Гірш, кладзе ля нажнічак грош. Здаволены шынкар ставіць ім на стол бутэльку і яшчэ адну чарку.
Шмуэль радасны. Наліваюць.
Ну, за тваю маці Рыўку, Шмулік. Хай ёй добра жывецца на небе.
Хочуць стукнуцца чаркамі. Шлёма звяртае ўвагу.
Мо паны не будуць за нябожчыцу чокацца?! Чэрці на звон збягуцца.
Гірш і Шмуэль пераглядваюцца, здзекваюцца з шынкара.
У суботу не збягуцца.
А хіба чэрці шабат святкуюць?
А хіба чэрці не жыды?
Шынкар цішком плюе праз левае плячо.
Я і сам напалову гой, таму адна палова мяне ў шабат працуе, а другая адпачывае. Прасці госпадзі.
Гірш і Шмулік ужо трошкі весялейшыя.
Маці хоча, каб ты да нас наняўся шыць…
Шмулік ажыўляецца.
…за два грашы на тыдзень.
Шмулік пакрыўджаны, але робіць выгляд, быццам у філасофскім роздуме.
Не, прабач, Гірш, не пайду. Я ж вольная птушка. А вольныя птушкі за два грашы не спяваюць. Хаця б за чатыры.
Ды я й за дзесяць у краму не хачу! Ехаў аднойчы ў прыцемках з горада з таварам, гляджу, на дарозе мех валяецца. Спыніўся, падабраў. Цяжкі. А ў ім нешта сыпкае. Закінуў, вязу. Дай, думаю, хаця б паглялжу, што. Калі соль – то добра, але ж калі цукру цэлы мех, то прадам і паеду ў Вільню, паступлю ў балет, і хай маміна крама хоць згарыць! Адкрыў, лізнуў. А адтуль як выскачыць чарцяня і як зарагоча – Гірш, ты лізаў маю задніцу!
Шынкар пачынае зноў плявацца праз левае плячо.
Зусім здурнелі, чорта ў суботу ўзгадваць!
Дык субота пяць хвілін таму скончылася.
Сцэна IV
Вечар. Шынок Шлёмы.
Шынкар Шлёма, Шмуэль, Гірш, Чорт, Рэйзл – сястра Гірша (успамін).
Дзверы расчыняюцца і ў шынок заходзіць Чорт у выглядзе нямецкага Музыканта ў капелюшы, з інструментам. Спыняецца на парозе. Шынкар напружваецца. Вітаецца першым.
Шалом.
Ну, дапусцім, прывітанне.
Што пан будзе піць?
Паны ўсе ў Варшаве.
Шынкар не настойвае.
Музыкант, не здымаючы капелюша, садзіцца да Гірша са Шмулікам. Тыя разглядаюць незнаёмца.
Што адзначаем?
Памінкі па яго маці, Рыўцы.
Музыкант быццам нешта прыпамінае.
Не, не ведаў такую.
Музыкант замаўляе тры чарачцы для сябе, Гірша і Шмуліка.
Пэўна, харошая была кабета.
Ой, харошая!
Шынкар падае тры чаркі. Гірш са Шмулікам п’юць, Музыкант адпівае крышачку і недапітую ставіць. Дастае інструмент. Гірш са Шмулікам глядзяць на недапітую чарку.
Добрая была!
Душэўная!
Музыкант пачынае наігрываць. Гіршавы ногі самі прыстукваюць пад сталом. Шмуэль заўважае гэта.
А як танчыла!
Што, сапраўды добра танчыла?
Музыкант замаўляе яшчэ дзве чаркі. Гірш не разумее, што адбываецца з яго нагамі. Шмуэль радасны.
Як ніхто ў нашым штэтле! Апошняя танцорка гэтага мястэчка!
Шынкар прыносіць яшчэ две чаркі, але Музыкант спыняе.
А, дык апошняя…
Музыкант адмаўляецца ад гарэлкі. Шынкар хоча адыходзіць. Шмулік яго чапляе за рукаў.
А я ж ейны сын, пераняў ад маці лепшае!
Музыкант ківае, каб шынкар паднёс чарку Шмуэлю. Гірш пачынае злавацца.
Хто? Ты?
А хто?
Лепшы танцор тут я!
Музыкант дае шынкару знак, каб перасунуў чарку да Гірша, той совае.
Да ты ж гандляр!
Шынкар на маўклівы загад Музыканта перасоўвае чарку да Шмуліка.
А ты кравец!
А што мне перашкаджае танчыць?
Я табе зараз скажу, што…
Абодва падымаюцца. Шынкар спыняе.
Эй, панове, можа без бойкі сення? Апошні рамонт абышоўся ў капейчыну!
Музыкант хітра пасміхаецца.
Можа быць, у заклад?
Мне няма чаго ставіць, я ўжо тыдзень як сірата.
І ў мяне грошы скончыліся.
Стаўце штось даражэйшае.
Гірш і Шмулік думаюць.
Самае дарагое.
Гірш падскоквае, бо яму прыходзіць думка…
Рэйзл!
/успамін пра Рэйзл/
Пра сястру Гірша, Рэйзл казалі – самая цнатлівая паненка ў мястэчку. Гандлярка Песя сцерагла сваю дачку ад ўсіх сучасных захапленняў. Усім наўздзіў Рэйзл чытала Тору, ведала на памяць малітвы, карацей, з усіх бакоў харошая была нявеста. Таму маці адмаўляла мясцовым кавалерам і чакала найвыгаднейшага жаніха.
Музыкант, Шмулік і шынкар Шлёма глядзяць на Гірша. Той ззяе. На стале ўжо ляжаць папера і аловак. Музыкант дае знак шынкару, каб той пісаў.
Калі я прайграю, Шмулік, ажэнішся з маёй цнатлівай сястрой Рэйзл!
Шлёма ажно вылупляе вочы, Музыкант пасмейваецца. Шмуліку падабаецца ідэя.
Калі ты прайграеш, то пойдзеш да нас у краму на год шыць задарма!
Музыкант робіцца дзелавым і сур’ёзным.
Маладзец, гандляр.
Паціскае Гіршу руку.
Кравец, ты згодны?
Шмулік ківае. Шлёма падае ім паперу з дамовай, яны падпісваюць. Музыкант пачынае граць. Гірш і Шмулік танчаць адзін супраць аднаго. Музыка паскараецца. Яны танчаць хутчэй і хутчэй. Ужо і Музыканта няма, а музыка ўсё грае, а яны ўсё танчаць, пакуль шынок не пачынае вярцецца перад вачыма. Стомлены Гірш падае на падлогу, Шмулік жа скача далей. Напужаны шынкар стаіць ля сцяны, кідаецца да Шмуліка.
Хопіць! Гірш прайграў!
Шмулік, нарэшце, спыняецца.
Сцэна V
Раніца. Вуліца мястэчка, вакно нейкага дамка.
Шмуэль, Рэбека.
П’яны Шмуэль ідзе па вуліцы, прытанцоўвае і спявае.
Скарб! Цнатлівая Рэйзл мой скарб! Дачка гандляркі Песі мой скарб! Мама, дзякую за блаславенне! І за ногі, якія ператанчылі Гірша!
Раптам спатыкаецца аб кагосьці на зямлі, траха не ляціць.
Ля плота спіць жабрак з клункамі. Але ў Шмуліка ўсё плыве перад вачыма.
Каб цябе!
Жабрак прачынаецца. Гэта мурзатая, дрэнна апранутая дзяўчына (Рэбека).
Думаў, памерлая.
Жывейшая за цябе, хам.
Сама ж пані таксама не варшаўская князёўна.
Але з Варшавы іду.
Шмуэль горда азіраецца, аглядае гарадскі пейзаж.
Ну, і як пані знайшла нашае мястэчка?
Выпадкова. Хочаш спаць – шукай сабе іншы кут, валацуга.
Не адгадала! я кравец Шмуэль!!! без пяці хвілін зяць самай багатай у мястэчку гандляркі!!!
Расчыняецца вакно, на Шмуэля выліваецца вада. Мурзатая рагоча. Шмуэль абтрасае ваду.
А можа вашай найсвятлейшай цешчы пакаёўка патрэбная?
Мо нават і мне цяпер спатрэбіцца.
Сыходзяць разам. Шмуэль зусім не стаіць на нагах, мурзатая яго прытрымлівае, вядзе.
Сцэна VI
Дзень. Вуліца мястэчка, куст.
Гірш, Песя, рэбе Ёйсіф, Этл, Цэйтл, шынкар Шлёма, мадам Софа, Рэйзл, гараджане.
Раніцай мястэчка абляцела навіна, як Гірш прайграў сваю сястру, цнатлівую Рэйзл Шмуліку ў шлюб.
Аб гэтым балбочуць Этл і Цэйтл з шынкаром Шлёмам, ён трасе паперкай з дамовай. Хтосьці расказвае рэбе Ёйсіфу, які ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць. Збіраюцца людзі, хтосьці смяецца, хтосьці здзіўлены. Гандлярка Песя таксама чуе гэтыя размовы, кідаецца шукаць Гірша. Гараджане глядзяць ёй услед, абмяркоўваюць. Рэйзл чуе ад кагосьці, амаль страчвае прытомнасць.
Гірш з хворай галавой прачынаецца ў кустах. У той жа момант хаваецца ў куст ад Песі, бо тая ў лютасці прабягае міма. Раптам Песя натыкаецца на рэбе Ёйсіфа. Гірш падслухоўвае з-пад куста.
Вітаю шаноўную Песю, цудоўную раніцу падарылі нам сёння нябесы.
Каб ведаў шаноўны рэбе, што падарыў мне сёння мой сын Гірш!
Адкуль жа мне тое ведаць!
Ён хоча адправіць мяне ў магілу!
Гірш купіў вам труну?
Гірш прадаў сваю сястру Рэйзл у шлюб!
Аднойчы кожнае дзіця пакідае дом, каб віць сваё гняздо.
Рэбе, у тым гняздзе не будзе нічога, акрамя голых яек!
Калі Рэйзл пойдзе за птушніка, то мае вам віншаванні.
Хаця б! Гірш прадаў яе гэтаму галадранцу, краўцу Шмуліку! Маё золатка! Маё багацце! Мая цнатлівая Рэйзл! Ці бачылі вы, рэбе, яшчэ адну такую харошую нявесту ў нашым штэтле! Магла б мець прыстойнага мужа!
Рэбе спачувальна ківае.
Трымайцеся.
Рэбе, ці можна скасаваць гэтую дамову, бо абодва ж былі… крыху ў подпітку?
Крыху?
Як свінні.
Песя глядзіць з надзеяй. Рэбе ўздыхае.
Шчыра спачуваю, пані Песя. Але ніяк нельга. Бо слова сына Ізраіля – мацней за жалеза.
Ну, то я яму тое жалеза зараз паміж вачэй прыкладу!
Песя бяжыць далей, Гірш пад кустом разумее, што яму лепш не паказвацца.
Сцэна VII
Дзень. Завулак, плот.
Рэйзл, Фішл, Песя.
Рэйзл стаіць ля плота, нярвуецца. Падыходзіць Фішл са скрыпкай. Рэйзл кідаецца да яго ў абдымкі.
Я думала, ты не прыйдзеш, каханы!
Калі тое было, каб я да цябе не прыйшоў.
Бяда, Фішл! Гірш учора напіўся!
У твайго брата праз дзень такая бяда.
Ён прайграў мяне Шмуэлю!
Твая маці адыграе цябе назад.
Мая маці нічога не зробіць, бо ў іх заклад!
Побач ідзе Песя, чуе голас дачкі, спыняецца, падслухоўвае.
А я не хачу, каб нашага з табой дзіцёнка гадаваў чужы чалавек!
Каго?
Ужо хутка тры месяцы, я хацела зрабіць табе сюрпрыз на дзень народзінаў, таму маўчала.
Песя за вуглом не верыць таму, што чуе. Фішл таксама здзіўлены. Хоча адсунуцца ад Рэйзл, тая прыціскае яшчэ больш.
Рэйзл, ты ведаеш, слова жыда мацней за жалеза. Што зробіш, Рэйзл. Ад лёсу не сыдзеш. А мне акурат самы час сыходзіць. На рэпетыцыю.
Фішл спрабуе выкараскацца з абдымкаў Рэйзл.
Калі мы сустрэнемся?
Ой, Рэйзл, зараз ты чужая нявеста. Неяк непрыстойна атрымліваецца… Ну, бывай.
Каханы!
У Фішла атрымліваецца выбрацца, Рэйзл чапляецца за скрыпку, ён выдзірае, збягае. Рэйзл не паспявае за ім.
Сцэна VIII
Дзень. Пакоі Шмуэля.
Шмулік, Рэбека, мадам Софа.
Шмулік прачынаецца на падлозе, цягнецца за шклянкай вады, п’е. Вакол страшэнны гармідар. Бачыць у сваім ложку дзяўчыну.
Хазяін, слухайце, няблага было б гарбаты папіць.
Няма.
Пазычце ў цешчы.
Дзяўчына салодка пацягваецца ў ложку.
Давайце дамовімся, што на маім ложку буду спаць я, а не мая пакаёўка.
Давайце дамовімся, што ваша пакаёўка не будзе вашу п’яную светласць падымаць з падлогі.
Хаця б імя назавіце.
Рэбека.
А мяне зваць…
Тут ў хату хтосьці грукае і заходзіць.
ШМУЭЛЬ!!!
Гэта прыйшла мадам Софа.
Шмулік хаваецца пад ложак, Рэбека накідвае шалік і ўстае з ложка.
Мадам Софа разглядае распранутую мурзатую дзяўчыну, раскіданы ложак.
Вітаю пані…
Рэбека.
Хацела б я ведаць, калі ўжо будуць гатовыя сукенкі, што замовіла вашаму…
…кузэну.
Мадам Софа недаверліва глядзіць. Шмуэль пад ложкам нездаволены.
…кузэну Шмуэлю тыдзень таму. Учора ён казаў заўтра.
Ну то заўтра.
Даруйце, шаноўная, але заўтра гэта сёння.
Ну то сёння.
Шмуэль з-пад ложка круціць галавою і паказвае, што грошы прапіў. Рэбека робіць выгляд, што нешта прыпамінае.
Чакайце, пані…
Мадам Софа.
Я ўспомніла, мадам Софа, што мой кузэн забыўся сказаць вам, што яму каліва не хапіла на ніткі.
Якія ніткі?
Шаўковыя, канешне.
Шмуэль пад ложкам радуецца, якая ў яго кемная пакаёўка.
То калі вы зараз дадасце грошык, заўтра раніцай зможаце забраць сукенкі.
Шмуэль расчараваны, што толькі адзін грошык.
Мадам Софа выдае Рэбецы грошык і сыходзіць. Шмуэль вылязае з-пад ложка. Рэбека працягвае яму грошык.
Схадзіце па гарбату, кузэн.
Шмуэль, павярцеўшы грошык, кладзе яго на стол.
Я ўчора прапіў увесь аванс. Гэтага нават і на ніткі не хопіць. Відаць, трэба мне йсці да Песі.
Мамы Песі, кузэн.
І не называйце мяне кузэнам!
Дбаю аб вашай рэпутацыі.
Шмулік хутка апранаецца і сыходзіць. Рэбека дастае са сваіх клункаў мёд і булку.
Сцэна IX
Дзень. Крама Песі.
Шмулік, мадам Софа, Гірш, Рэйзл.
У краме Песя адна. Бачыць Шмуліка, пачынае злавацца. Той стараецца выглядаць далікатным і радасным.
Дабрыдзень, мама.
Калі ты прыйшоў да Рэйзл, то яе няма.
Я прыйшоў да вас, мама, з адной далікатнай справай.
Грошы не дам.
Мама, я…
Усяго найлепшага. Сынок…
У краме з’яўляецца Рэйзл, бачыць Шмуліка, пазірае на яго з нянавісцю.
Добрай раніцы, Рэйзл.
Рэйзл маўчыць. Песя злуецца.
Ты што, знямела ад шчасця? Павітайся з жаніхом.
Шмулік бярэ руку Рэйзл, каб пацалаваць, тая вырывае і лупіць яго па твары. Песя ў той жа момант выдае Рэйзл аплявушыну. Шмулік выбягае з крамы.
Мама, нашто вы б’ецеся!
Гэта яшчэ дзякуй богу, твой брат сёння прайграў тваю хвалёную цнатлівасць! Шалахвостка! Здрадніца!
Я за Шмуліка ўсё роўна не пайду!
А за каго пойдзеш? За таго, хто табе ў жывот нарабіў?
Рэйзл адварочваецца і маўчыць.
А ну, прызнавайся, хто!
За Шмуліка не пайду.
Не пойдзеш за Шмуліка, пойдзеш да мадам Софы. Цябе там прымуць, як сваю.
Я яго не люблю! Гэта гвалт!
Гвалт – гэта рабіць маме мігрэнь, калі мама клапoціцца пра тваю будучыню.
У краму заходзіць з вінаватым выглядам Гірш.
Ну, што, кат, з’явіўся?
Добрай раніцы, мама.
Як твой бессаромны язык такое вымаўляе! Паглядзі, да чаго давёў сястру! Для каго я яе гадавала! Для гэтай галоты?
Прабачце, мама. Можа, мне лепш з’ехаць з дому зараз?
Што??? Ой, паміраю, мая мігрэнь, вады…
Песя прысаджваецца на крэсла, Гірш кідаецца наліць вады.
Рэйзл абмахвае Песю. Гірш дае вады.
Ой, дрэнна мне, дрэнна…
Мама, што вам зрабіць?
Ідзі да пакупнікоў, Гірш… Ратуй нашу сямейную справу, сынок… Рэйзл пабудзе са мной…
Мама, я не сыйду з крамы, пакуль вам не палепшае!
Гірш сустракае пакупніка, які толькі што ўвайшоў. Песі робіцца раптам значна лепей.
Хрэн табе цяпер, а не віленскі балет. Лепшы мужык – вінаваты мужык.
Рэйзл ад нечаканасці ажно разяўляе рот.
Сцэна Х
Дзень. Пакоі Шмуліка.
Шмулік, Рэбека.
Сумны Шмулік заходзіць ў пакой. Рэбека п’е гарбату з мёдам і булкай. Запрашае яго да стала.
Дзе вы ўзялі гарбату?
Яна ў вас пад вакном расце.
Дык гэта ж мята!
Дык што ў гэтым дрэннага?
Але ж, у гэтым нічога.
Што пан невясёлы, цешча грошы не дала?
Заказчыца паскардзіцца на мяне, што прапіў аванс, і шлях мне адзін – за краты, бо аддаваць няма чым. Ой, мама, мама, сын твой пайшоў не па той дарозе…
Рэбека ад яго ныцця курчыцца, падсоўвае яму булку і гарбату.
Слухайце, кузэн. А дзе вашыя нажнічкі, каторыя ад дзеда-краўца засталіся?
Заклаў шынкару ўчора. Адкуль вы ведаеце?
Вы п’яны ноччу расказалі. Карацей, ідзіце ізноў у краму да Песі.
Не, даруйце!!!
Рэбека дае Шмуліку грошык.
Рабіце, як я кажу. Купіце кавалак самай лепшай тканіны, колькі хопіць. А я пакуль вярну тое, што вам належыць.
Шмулік жуе булку, Рэбека так на яго глядзіць, што ён пачынае збіраецца.
Сцэна ХІ
Дзень. Шынок Шлёмы.
Шлёма, Рэбека.
Рэбека падыходзіць да шынка, садзіцца на лаўку з бруднай анучкай у руках і прыкладае так і сяк да яе нажніцы. Уздыхае. Шынкар заўважае мурзатую госцю, сочыць за ёй. Рэбека быццам бы хоча парэзаць анучку, але не вырашаецца. Шынкар ідзе да яе.
Што гэта пані робіць?
Ды вось мой кузэн Шмулік папрасіў пашыць апранаху нашаму пудзілу ў садок. А мне шкада псаваць харошыя нажніцы аб гэтую брудную анучу.
А што, дужа харошыя?
Дык самыя лепшыя! Яшчэ дзед Шмуліка, кравец Берл, для пані з Зембіна шлюбны строй імі краіў.
Ой, ой, такі рарытэт!
Я б памянялася на якія старыя…
Калі пані хоча, можам памяняцца!
Шлёма дастае старыя Шмулікавы нажніцы. Мяняюцца, Рэбека сыходзіць. Шлёма задаволены.
Сцэна XII
Дзень. Крама Песі.
Шмуэль, Песя, Гірш.
Шмуэль сціпла заходзіць у краму Песі. Песя паглядае сувора, Гірш увогуле стараецца не глядзець Шмуэлю ў вочы.
Я б хацеў набыць у пані тканіну.
Якую пан хоча?
Вось гэту. Самую дарагую.
Колькі пан будзе браць?
Шмулік працягвае грошык.
Колькі выйдзе.
Гэта ваша ўсё?
Усё.
Песя глядзіць на яго, на грошык і рагоча.
Выдатнага мужа ты прыдбаў сваёй сястрыцы, сынок!
Гірш адмярае сантыметр тканіны, заварочвае яе Шмуліку ў паперку.
Сцэна ХІІІ
Дзень. Гарадскі парк, алея.
Рэйзл, Цэйтл, Этл, Фішл.
Засмучаная Рэйзл ідзе шукаць Фішла. Раптам бачыць, як Фішл забаўляецца ў ціхім месцы з Этл і Цэйтл. Перад вачыма ўсё верціцца, Рэйзл страчвае прытомнасць. Гэта бачыць дохтур Мойша.
Сцэна ХІV
Дзень. Пакоі Шмуліка.
Рэбека, Шмулік.
Шмулік дома, побач Рэбека, ён істэрычна рве валасы, хапаецца за вяроўку.
Я прапаў! Маё чэснае імя!
Рэбека чакае, пакуль ён супакоіцца.
Цішэй вы, перапужаеце суседзяў.
Суседзі першымі прыйдуць плюнуць на маё надмагілле! На якім будзе напісана квадратнымі літарамі: Шмулік, сын Рыўкі, унук краўца Берла – п’яніца! Прапіў замову! Сеў за краты! Ганьба!
Слухайце, калі хочаце вешацца, вось вам.
Рэбека падае яму зэдлік.
Пайду пагуляю, пакуль вы тут справіцесь.
Рэбека накідвае хустку і збіраецца сысці. Шмулік пачынае асэнсоўваць, драматычна працягвае руку да Рэбекі.
Дайце хаця б вады папіць нябожчыку.
Рэбека вяртаецца, налівае вады ў шклянку, дае Шмуліку. Той жлукціць.
Рэбека, я не ведаю, што мне рабіць. Гэтага не хопіць нават на манжэтку.
Шмулік дастае з кішэні тканіну. Рэбека бярэ старыя нажніцы, адразае кавалак тканіны. Тканіна павялічваецца акурат на адрэзаны кавалак. Яна адразае яшчэ – тое ж самае. Шмулік здзіўлены, а вакол іх памалу расце гара дарагой тканіны. Яны пачынаюць краіць.
Сцэна ХV
Дзень. Шынок Шлёмы.
Шлёма, Рэйзл, наведвальнікі і разявакі, дохтур Мойша, Песя.
У шынку дохтур Мойша аглядае Рэйзл, знаходзіць пульс, слухае. Вакол іх гледачы і шынкар Шлёма. З’яўляецца Песя, разганяе ўсіх. Рэйзл расплюшчвае вочы, бачыць над сабой Песю, зноў страчвае прытомнасць.
Пан дохтур, ці будзе жыць гэтае няшчаснае дзіця?
Будзе, чаму ж не. І само дзіця, і дзіця гэтага дзіця таксама.
Песя азіраецца, дастае грошы.
Пан дохтур пакіне ўрачэбную тайну паміж намі?
О, за гэта хай пані не хвалюецца.
Мойша хавае грошы. Шынкар паглядае на іх з адлегласці, быццам працірае посуд, старанна прыслухоўваецца.
Песя надта выразнымі аплявухамі абуджае Рэйзл, тая нездаволеная, яны выходзяць.
Мойша падыходзіць да Шлёмы. Той прапаноўвае яму келішак гарэлкі. Мойша адмаўляецца.
Не-не-не, гэта за кошт установы, пан выратавальнік.
А, то дзякую.
Чуў, цяперака добрыя грошы даюць за страчаную прытомнасць.
О, то каб пан ведаў, якія грошы даюць за страчаную цноту!
Ды што вы такое кажаце? І які месяц?
Падазраю, чацвёрты.
Тут Мойша разумее, што збалбатнуў лішняе, развітваецца.
Сцэна XVI
Дзень. Вуліцы мястэчка.
Гараджане.
Штэтл аблятае навіна, што нявеста краўца Шмуэля – цяжарная. Шынкар Шлёма расказвае аб гэтым наведвальніку, аб гэтым балбочуць Цэйтл і Этл, людзі на вуліцы. Гэта чуе Песя, якая ідзе з кошыкам міма. На яе глядзяць і шэпчуцца.
Сцэна XVII
Вечар, Пакоі Шмуэля. /сон Шмуэля/
Рэбека, Шмуэль.
Шмуэль і Рэбека шыюць сукенкі на старым зінгеры, Шмуэль кроіць, Рэбека шые. Шмуэль засынае за працай.
Сніцца яму, што Рэбека ўсміхаецца яму – памытая, у прыгожай сукенцы, з распушчанымі валасамі. Ён спрабуе дацягнуцца да яе, але яму перашкаджае паўпразрыстая тканіна. Тканіны ўжо поўны пакой, яны абодва быццам блукаюць у тумане між бясконцымі хвалямі палатна. Шмуэль хоча злавіць Рэбеку і пацалаваць, але ў яго не атрымліваецца. Раптам Рэбека трапляе яму ў рукі, ён цалуе яе і нечакана атрымлівае па мордзе.
Шмуэль прачынаецца, Рэбека стаіць над ім з ручніком, якім, падаецца, “абудзіла” яго.
Прыйшла вашая заказчыца.
Шмуэль пужаецца і робіць выгляд, што надта стомлены і не можа ўстаць. Рэбека ідзе да наведвальнікаў сама.
Сцэна XVIII
Дзень. Пакоі Шмуэля.
Рэбека, Шмуэль, мадам Софа, Цэйтл, Этл, рэбе Ёйсіф, Песя.
Этл і Цэйтл разглядаюць сукенкі, мадам Софа спачатку прыдзірліва таропіцца, потым бачна, што задаволеная. Шмулік падглядвае з-за дзвярэй.
А дзе сам?
Адпачывае.
Такі ваш кузэн лепшы кравец у нашым мястэчку!
Такі ў вашым мястэчку не прынята даваць чаявыя?
Хіба я не давала вам на ніткі?
Хіба пані хоча, каб у мястэчку гаварылі, быццам кравец атрымаў ад пані ніткі замест падзякі?
Мадам дастае яшчэ грошы. Цэйтл і Этл шэпчуцца.
Ай, дзякуй, пані, добрага вам здароўя!
І вам, дарагая, і вашаму кузэну.
І вашаму пляменніку!
Якому пляменніку?
Які хутка народзіцца.
Шмулік за дзвярыма ажно ледзь не высоўваецца ў пакой.
Ой, то дзякуй добрай пані, што ахвяруе шчэ й на немаўлятка!
Рэбека працягвае руку, мадам Софа хутка дастае яшчэ грошы, забірае сукенкі і выпіхвае з пакою Цэйтл і Этл, каб хутчэй сысці, бо кашэль пусты.
Шмулік выбягае да Рэбекі.
Вось бачыце, будзе на што вам з нявестай вяселле зрабіць, зажывеце як паны.
Я не хачу так жыць!
Зноў даць вам вашу вяроўку? Такі шчасны дзень.
Вялікае шчасце ажаніцца з цяжарнай!
Гэта ў вас панічная атака ад радасці.
Вялікая радасць жаніцца з той, каторую не люблю!
Падаецца, учора яшчэ любілі ж. Казалі, скарб ваш.
Рэбека, вы мой скарб, выхадзіце за мяне.
А немаўлятка куды дзенем?
Вашае???
Не, вашае.
У тым і справа, што яно не маё!
Чаму – яно? Можа, ён. А мо нават блізняткі атрымаліся.
Шмулік ходзіць па пакою.
Чорт бы пабраў гэтыя танцы…
Чорт прынёс, чорт і забярэ. Скажыце хаця б, што было ў той дамове?
“Калі я ператанцую краўца Шмуэля, то ён мусіць год бясплатна працаваць на мяне краўцом, калі ж кравец Шмуэль мяне ператанцуе, то бярэ шлюбам маю цнатлівую сястру Рэйзл”.
Так і напісана – цнатлівую?
Але! То значыць дамова не сапраўдная!
У пакой заходзіць Песя з рэбе Ёйсіфам.
Шмулік, усё робім як мага хутчэй! Калі ўсё гатова, то сёння заручыны, заўтра вяселле, сынок.
Я не гатовы, мама.
Затое твая нявеста ўжо такая гатовая, ажно ўвесь штэтл пляткарыць!
Рэбека паўстае паміж імі.
Дык то ж не мой кузэн яе падгатовіў.
Якую выйграў, такую і хай забірае.
Даруйце, пані, у яго іншыя планы.
Мо скажаце, якія?
Ён са мною жэніцца.
Шмулік радасны.
Рэбека!
Шмулік!
Пакуль яны абдымаюцца, Песя ў разгубленасці, а рэбе Ёйсіф замілавана ўсміхаецца, але раптам пачынаецца сварка.
Рэбе, што вы моўчкі глядзіце, як чэсную жэншчыну надурыць хочуць!
Гэты ваш Гірш майго мілага надурыў, падсунуў яму сапсаваны тавар!
Рэбе супакойвае Рэбеку і Песю.
Пані, пані!
Пані супакойваюцца.
А ці ведае Рэйзл, хто тата, калі Шмуэль ведае, што гэта не ён?
Што вы такое на маю дачку нагаворваеце! Анягож ведае!
Тады хай Рэйзл за яго ідзе, як тое зярнятка да каласочка…
Дык яна не прызнаецца, чый то быў каласок.
Рэбека ў задуменні бярэ люстэрка і падсвечнік. Усе глядзяць на яе.
Калі шаноўны рэбе дазволіць…
Я адмаўляюся займацца вашымі кабалісцкімі справамі!
Проста патрымайце свечку, рэбе.
Песя глядзіць на іх з недаверам.
Дык позна ўжо свечку трымаць.
Абяцаю пані, сёння на заручыны прыйдзе жаніх вашай Рэйзл.
Рэбека ссоўвае фіранкі, яна і Песя трымаюць два люстэркі адно насупраць другога, паміж імі рэбе трымае свечку. Шмуліку даюць старыя нажніцы ў руку. Рэбека нешта прыгаворвае. Шмулік глядзіць у люстэрка, і раптоўна там з’яўляецца нехта. Рэбека дае знак і Шмулік праводзіць нажніцамі па твары таму, хто з’явіўся.
Сцэна ХІХ
Вечар. Шынок Шлёмы.
Рэбека, Шмуэль, мадам Софа, Цэйтл, Этл, рэбе Ёйсіф, Песя, Гірш, Рэйзл, дохтур Мойша, шынкар Шлёма, Фішл, наведвальнікі.
У шынку сабраны ці не ўвесь штэтл. Рэйзл і Шмулік побач, глядзяць адзін на аднаго непрыязна. Усе ў чаканні. Хтосьці віншуе жаніха з нявестай. Шынкар Шлёма здаволена падлічвае гасцей. Песя нервуецца.
Дзе падзеўся Фішл? Трэба ўжо пачынаць!
У гэты момант з’яўляецца скрыпаль. Яго капялюш закрывае палову твару. Рэбека ўсміхаецца.
У нас у Варшаве прынята здымаць капялюш, калі вітаесся з харошымі людзьмі!
Рэбека сцягвае капялюш з Фішла, усе бачаць свежую драпіну на яго твары. Рэйзл кідаецца да Фішла з крыкам “Каханы! Цябе ранілі!”. Усе здзіўленыя. Песя хапаецца за галаву.
Толькі не скрыпаль! Ой, мая мігрэнь…
Гірш радасны.
Музыкант танцора заўжды зразумее. Віншую, сястрыца.
Шмулік ідзе да шынкара.
То зараз тую дамову можна скасаваць?
Той апрысквае Песю вадою са збана.
Толькі калі гэты… скрыпаль, прасці госпадзі, ажэніцца з Рэйзл!
Фішл вымушана ківае.
Шынкар дастае замову, урачыста рве яе. Але… Замова на вачах ва ўсіх зноў збіраецца ў цэлую паперу. Хтосьці крычыць “Чорт!”. Людзі напалоханыя. Шынкар адкідвае дамову ад сябе. Рэбека падыходзіць, дастае старыя нажніцы і разразае дамову. Паперка ўспыхвае і згарае ўмомант.
ФІНАЛ
Дзень. Гараджане і ўсе героі ў старым дворыку мястэчка.
Ужо на наступны дзень у мястэчку зладзілі падвойнае вяселле. Так хутка, таму што ні адна, ні другая пара ці не хацелі, ці то не маглі чакаць. А яшчэ й таму, што былі яны дужа шчаслівыя. А што робіць жыд, калі ў яго здараецца радасць? Вядома, спявае і танчыць.
Апошняй сцэнай ідзе шыкоўнае вяселле Рэбекі і Шмуліка, відавочна цяжарнай Рэйзл і Фішла. Нават Гірш вытанцоўвае з Этл і Цэйтл. Ну, і астатнія таксама далучаюцца да харошага танца “Нажнічкі”. На момант жаніх адхіляецца ад сваёй каханай нявесты – ці то падаецца Шмуліку, ці то сапраўды сярод музыкаў грае той самы нямецкі Музыкант і хітра ўсміхаецца? А мо й здалося. Халера з ім, Шмулік бярэ пяшчотную ручку Рэбекі ў свае далоні і цалуе ейныя пальчыкі.
* * *
Анонс паказу кінафільма “Чароўныя нажнічкі” ў сельскім клубе “ірландскім пабе” горада Барысава (паказ адбыўся 08.10.2019). Гл. таксама: “Яўрэйскі” фільм Наты Голавай
У публікацыі выкарыстаны фота Валянціны Цвірко, зробленае на здымачнай пляцоўцы, і скрыншоты з фільма (аператары Наталля Буцневіч, Валянціна Цвірко, Павел Сляпухін).
Апублiкавана 19.10.2019 00:17