Перш чым пачнеце чытаць…
«Па просьбах працоўных» перанабраў з часопіса «Полымя рэволюцыі» (№ 6, 1935; с. 73–79) тэкст паэмы вядомага беларускага драматурга і кінасцэнарыста. Пазнака «Урывак з паэмы» не павінна ўводзіць у зман: працягу ў часопісе не знайшлося, верагодна, яго і не было.
У прынцыпе, ніжэйпададзены тэкст уяўляе з сябе самастойны, завершаны твор. Ахвотным пашукаць паўнейшую версію на рускай мове раю пагартаць падшыўкі газет «Биробиджанская звезда» і «Тихоокеанская звезда». З гэтымі выданнямі ў 1933–1934 гг. супрацоўнічаў Р. Кобец – чаму яму было не надрукаваць там і сваю паэму?.. Для мяне названыя газеты, як і архіўныя матэрыялы, зараз недаступныя, дый часу на пошукі бракуе.
Колькі заўваг да публікацыі:
- Цікава, што словы «парайхес» (дакладней на ідышы «паройхес», ад іўрыцкага парохет – заслона ў сінагагальным Каўчэгу Запавету), «шамес» (служка ў сінагозе) і «Ём-Кіпур» (восеньскае іудзейскае свята, Дзень выкуплення) падаюцца ў часопісе без тлумачэнняў. Падобна, мэтавая аўдыторыя выдання – беларускамоўныя, якія цікавіліся красным пісьменствам – і ў 1935 г., пасля кампаній па барацьбе з «яўрэйскімі клерыкаламі» ды закрыцця большасці сінагог у БССР, ведала, што значаць тыя словы.
Рыгора Кобеца перакладалі і на ідыш. Вокладка кніжкі з ягонай знакамітай п’есай «Гута» (пераклаў Даніэль Маршак)
- Аб’ектыўна паэма «Палестына» выглядае як накіды для сцэнарыя «Шукальнікаў шчасця», напісанага Рыгорам Кобецам (загадчыкам сцэнарнага аддзела кінафабрыкі «Савецкая Беларусь» у 1932–1937 гг.) з дапамогай Ёгана Зэльцара неўзабаве пасля 1933 г. Першы варыянт сцэнарыя славутага фільма з’явіўся ў 1934 г., фільм жа, нагадаю, выйшаў на экраны ў 1936 г.; у ім на Далёкі Ўсход перасяляецца ўжо не толькі «маладое пакаленне», а і старая Двойра. Відавочна, мелася на ўвазе, што ў Бірабіджане знойдзецца месца ўсім, за выняткам дармаедаў-«аднаасобнікаў» (увасабленнем якіх стаў Піня Копман).
- Тэма эміграцыі яўрэяў у раён Бірабіджана глыбока хвалявала Кобеца – перасяленца з Украіны, чалавека, лёгкага на пад’ём. Назва паэмы ўскосна сведчыць пра тое, што ён трактаваў той раён, дзе «працаваў на залатых капальнях на рацэ Сутары, лавіў рыбу на Амуры, а зімой хадзіў у тайгу з паляўнічымі за пушнінай» (з «Аўтабіяграфіі» 1967 г.), куды вяртаўся ў 1935-м і 1937-м гадах, як «новую Палесціну». Апісанне ж «старой» не з’яўляецца пераканаўчым; пры ўсіх цяжкасцях жыцця на Зямлі Ізраіля ў 1930-х гадах рэй там вялі не Ротшыльды, і той, хто хацеў працаваць на зямлі, далучаўся да кібуцаў, машаваў… Процістаўленне «іхніх» і «нашых» нораваў – улюбёны прыём савецкай прапаганды, але тут ягоны эфект быў зніжаны праз тое, што Р. Кобец ведаў пра падмандатную Палестыну з «трэціх вуснаў».
Р. Кобец (1898–1990) і С. Грахоўскі (1913–2002). Здымкі 1930 і 1933 гг.
- Кур’ёзна, што ў шасцітомным даведніку «Беларускія пісьменнікі» ў матэрыяле пра Р. Кобеца (т. 3, 1994) няма звестак пра паэму «Палестына», але яны ёсць у матэрыяле пра С. Грахоўскага (т. 2, 1993). Частка паэмы – на рускай – увайшла ў аўтабіяграфічны мастацкі твор Кобеца «Ноеў каўчэг» (1964; яе там чытае на памяць вязень ГУЛага, вяртанец з Палестыны Саламон Ізраілевіч, ён жа «Моня»). У каментарыях да «Выбраных твораў» Рыгора Кобеца (Мінск, 2009, с. 573) укладальніца, дачка літаратара А. Р. Кобец-Філімонава пазначыла: «У аповесці Кобец скарыстаў урывак з паэмы “Письма из Палестины”, напісанай у Бірабіджане 13 чэрвеня 1933 г.». Але з нейкай прычыны Алена Рыгораўна не пашырала «антысіянісцкі» твор свайго бацькі ў беларускай версіі – дапускаю, што праз напружаныя адносіны з Сяргеем Грахоўскім (гл.: Кобец-Філімонава А. Калі ўцякала сонца. Мінск: Кнігазбор, 2006. С. 362, 366–367).
Старонкі «Выбраных твораў» (2009)
- Выпадкова ці не, аднак і аўтар, і перакладчык былі арыштаваныя ў часіны сталінскага тэрору ды асуджаныя на 10 гадоў зняволення; Р. Я. Кобец – у 1941-м, С. І. Грахоўскі – у 1936-м. Iм «пашэнціла» ў тым сэнсе, што ў 1950-я гады яны вярнуліся з лагераў і дажылі да паважнага веку, пакінуўшы ўспаміны пра ГУЛаг. Юлію Таўбіну, аўтару паэмы «Таўрыда» (1930–1931) пра перасяленне яўрэяў у сельскагаспадарчыя калоніі савецкага Крыма, пашанцавала значна менш; пасля двух арыштаў ён быў расстраляны ў 1937-м… Відаць, небяспечная ўсё ж была за Сталіным тэма эміграцыі, нават «слушна» скіраванай.
В. Рубінчык
* * *
Рыгор Кобец
ПАЛЕСТЫНА
(Урывак з паэмы)
Чорным парайхесам
Ноч паўзе ўгары –
У змроку мястэчка
заснула даўно.
Плачам галодным
завылі вятры
І папаўзлі
з-пад вакна, пад вакно.
Бразгае вецер
у шыбы вакна,
ночы не відна
ні краю, ні дна, –
месяц захутаўся
ў хмары да дня.
Свечка гарыць
у мястэчку адна.
Вецер не спіць
і шамес не спіць.
Свечка да рання
бядою курыць.
Шамесу свет надакучыў,
абрыд –
Многа у шамеса суму
і крыўд…
Гора на плечы
уссела гарбом,
Гора сплялося
ў калтун барады –
хутка магіла –
заменіць дом –
пылам яго зарастуць
сляды…
Паранена старасць
ударам нажа –
Многа сагнулася спін…
Дачка паехала
ў Біра-Біджан,
у Палестыну – сын.
Голад,
і старасці горкай гады –
спраўляюць бязлітасны суд…
Дык няўжо
памыліўся і ты,
прадзедаў мудры талмуд?
Ці-ж я не маліўся?
Ці-ж я не паліў
свечак суботніх агні?
Ці я не казаў местачкоўцам:
“Прыйшлі
йом-кіпура шэрыя дні?”
Можа з малітваю на губах
не ведаў кудой ісці?
Можа ў тваіх
пажаўцелых лістах
ісціны мне не знайсці?
Дык раскажы, раскажы мне, чаго
стаў апусцелым мой дом?..
Крыва глядзіць праз вакно на яго
месяц сівым жабраком.
Старасць прыйшлося
адным дажываць:
голад у хаце
і гразь…
Лісты ад дзяцей
ён узяўся чытаць
мабыць у соты раз.
Дробненькі почырк –
гэта ад сына:
Польшча, мястэчка Смаргонь –
шамесу Ліўшыцу,
з Палестыны…
І задрыжэла сухая далонь.
Ліст першы
Добры дзень!
Мой добры, слаўны, татка!
Гэты край –
велізарны вакзал!
У Палестыне –
дрэнныя парадкі,
што пра іх лістом
не расказаць.
Ты паслухай,
мой харошы татка…
(праўду ў вочы
я люблю казаць.)
Прадаем апошнія манаткі,
каб як-небудзь выбрацца назад.
Мы прыехалі спакойна,
дзякуй богу.
Толькі вецер дым слупамі
слаў…
Тыдзень мы хадзілі ў сінагогу,
а пасля…
паслухай, што пасля…
Аглядзелі (толькі паміж намі)
сцену плачу –
(мокрая ад слёз).
Акрапіў і я яе слязамі,
да яе сваё я гора нёс!
Не кляні,
што збіўся я з дарогі, –
Нас яны
здалелі ашукаць:
сінагог
тут дужа, дужа многа,
але фабрык штосьці
не відаць.
Без работы…
часта галадаем –
Край дзядоў
нялёгка йдзе к рукам!
Праўду мне
казаў наборшчык Хаім:
“Палестына – яйка без жаўтка,
Пустка тут,
нібы пасля пажару,
і суровы, як талмуд, закон…
Пра зямлю я з маладосці мару.
Дзе ж яна?”
І праўду кажа ён.
Памятаеш, татка мой харошы, –
Па зямлі
нудзіўся я і сам.
Ды зямлі не возьмеш тут без грошай,
а іх Ротшыльд
не пазычыць нам.
Грошы… грошы
трэба усёроўна,
болей грошай –
значыць шчасця больш.
Я хадзіў па Польшчы
беспрацоўным,
ну а тут, бадай,
што нават горш.
Тут ад гора
кожны дзень старэем.
Палестына –
Эт –
дзіравы мост.
Тут – магіла беднаму яўрэю,
багацеям шчасце
ўсюды ёсць.
Што прабуду шмат –
казаць баюся,
гэта ўсё
ты разумееш сам.
Толькі ты не дужа
там хвалюйся.
Ну бывай –
Цалую! Твой Абрам.
* * *
Чорным парайхесам
Ноч паўзе ўгары,
у змроку мястэчка
заснула даўно.
Плачам галодным завылі
вятры
І папаўзлі з-пад вакна
пад вакно.
Бразгае вецер
у шыбы вакна,
ночы не відна
ні краю, ні дна,
месяц захутаўся
ў хмары да дня –
шамесу – не да сна.
Старасць прыйшлося
адным дажываць:
голад у хаце
і гразь…
Лісты ад дзяцей
ён узяўся чытаць,
мабыць у соты раз.
Лiст другі
Добры дзень,
мой любы тата!
Я часам, бывае, сумую,
успамінаючы часта
дабрату тваіх шэрых вачэй.
Я, здаецца, здалёку твой голас
чую
І прыгадваю ціш
местачковых начэй.
Мы рассталіся,
мабыць, нядобра з табою,
ты гразіўся мне карай,
гаварыў аб грахах…
Ну, падумай
ці можна віно маладое
Утрымаць у збуцвелых
мяхах?
Шлях мой лёг
праз завеі і кручы,
а пад коламі толькі
трашчала іржа.
Я імчалася смела
завеям насустрач,
на радзіму шчаслівую
ў Біра-Біджан.
Край няветла сустрэў нас,
і нават сурова.
Нас сцяной непраходнай
тайга абняла.
Але, родны, павер мне
на чэснае слова –
утрымаць яна
нас не змагла.
Першы час начавалі
ў паходных палатках,
бараніліся дымам
ад ліхіх камароў:
Елі, як хто папала,
жылі без парадку:
“часам з квасам”,
а часам пяклі асятроў.
А начамі, калі
выпаўзаў з-за Амура
залаты маладзік
на шырокіх рагах,
нас палохала часта
стракатаю скурай
і рэвам галоднага тыгра тайга.
Мы адразу хапалі
аберуч вінтоўкі –
і тады адыходзіў
драпежніцкі гул.
Але мы не спыняліся.
Зноўку і зноўку
Наступалі люцей
на глухую тайгу.
А яна, мабыць, гэта
прымала за жарты
і шумела спакойна сабе
да пары,
рагатала савою
назойна і ўпарта,
ракатала халоднаю хваляй
Біры.
Але, мы дружна
рванулі з запалам,
Трактар урэзаўся
ў першыя га.
Раптам завыла
і грузна ўпала
зверам калматым
старая тайга.
Ды залілася
балотамі топкімі
і непраходнымі стромамі
круч.
Мы ж авалодвалі
новымі сопкамі –
к сэрцу тайгі
заваёўвалі ключ.
Яна-ж не здавалася:
хоць і дрыжала,
але ішла бараніцца парой:
то камарыным
назойлівым жалам,
то налятала
на нас машкарой.
Нямногія беглі,
як мышы з пажару –
ганьбу панеслі
яны за сабой…
Прыкладам нам
быў партыйны таварыш,
з ім мы ішлі
нестрымана ў бой.
Твары скусаныя
страшна распухлі.
Кожны ў рабоце дужэў
і крыяў.
І вось тады
ненадзейныя туфлі
змяніла на грубыя
чобаты я.
Тайга баранілася
цвёрдай пародай,
лютасцю выла
ў адвечнай глушы.
Кожны гектар
паліваецца потам
нашай работы
і нафтай машын.
Час быстракрылы
над намі імчыцца,
піша дзён летапісь
ён на ляту.
……………………………………
Тысячы га
залацістай пшаніцы
Радасцю нашай адвагі
цвітуць.
Біра-Біджан, 13-VI-33 г.
Пераклад з рускай мовы Сяргея ГРАХОЎСКАГА.
Апублiкавана 15.10.2018 22:53