Tag Archives: Семён Букчин

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (53)

Сайт belisrael.info неабыякавы да кур’ёзаў… Бабруйская фірма «Чырвоны харчавік» выпусціла разрэкламаваную навінку – зефір з мацовай абсыпкай, 15 штук у каробцы на 249 грамаў, з надпісамі на іўрыце. Чаму б не на ідышы?

Мо варта было б падскочыць у Бабруйск, забраць у фірмы грошы за піяр… Ну ды ладна, матстановішча там і так наўрад ці бліскучае – не было каму падказаць, што 28 красавіка ўжо позна рэкламаваць гэты «ўнікальны прадукт» як «падарунак да Песаха». Хіба што да Пэйсаха-2018? Аднак чаму тады тэрмін захоўвання зефіру толькі 4 месяцы? 🙂

На вул. Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску. Гаспадар адмывальні яўна не без гумару…

* * *

Cкора праграма «Вольная Беларусь» (згаданая ў мінулай серыі) адпусціць мяне і тутэйшую палітбагему, ды пакуль не адпусціла. Адзін з аўтараў дакумента, калега Усаў, расхваліў сваё дзецішча ў інтэрв’ю 28.04.2017: «гэтая праграма стала такой папулярнай… праграмы іншых палітычных рухаў былі прывязаныя да канкрэтных палітычных партыяў, а палітычныя партыі ня вельмі папулярныя ў краіне». Падкрэсліў, што «Вольная Беларусь» – «адкрыты праект, і крытычныя моманты, заўвагі будуць улічаныя ў наступнай рэдакцыі праграмы».

Цягне паспрачацца з тым, што праграма «такая папулярная». Сумняюся, што большасць беларусаў за апошнюю дэкаду красавіка нават даведалася пра ініцыятыву Пазняка і яго памочнікаў, не кажучы аб падтрымцы апошняй. Інтэрнэт-хвалі прыходзяць, сыходзяць; масавы «вірусны» прагляд не гарантуе таго, што праз месяц-два віртуальны праект не садзьмецца. Перасцярогай служыць, напрыклад, лёс расійскай спявачкі Алісы В., выканаўцы песні «пра лабутэны», мегапапулярнай на прасторах СНД у пачатку 2016 г. Ужо ў лістападзе на яе канцэрт у Мінску не ламіліся.

Магчыма, разважаючы пра «адкрыты праект», д-р паліталогіі выдае пажаданае за сапраўднае, бо нішто не паказвае на тое, што ён упаўнаважаны выступаць ад імя ўсяго аўтарскага калектыву (амаль 10 чалавек). Паўтаруся – магчыма… Бо наступная заява паказвае, што выдае-такі: «Калі раней… беларусы ня бачылі альтэрнатывы сёньняшняй сыстэме, то гэтая праграма на тэарэтычным узроўні паказвае, што ёсьць альтэрнатыва, шлях і мэханізмы яе дасягнуць».

Чаму праграма не з’яўляецца – і наўрад ці з’явіцца – эфектыўным мабілізацыйным рычагом, крыху пісаў ужо. Асноўная праблема, аднак, не ў «тарашкевіцы» і памылках друку (што паддаецца карэкцыі), дый не ў тым, што першая прэзентацыя кніжачкі прайшла ў Польшчы заміж Беларусі. Праблема ў іншым.

Лейтматыў пераважнай часткі тэксту – змаганне «супраць», а не «за», г. зн. аўтары наступаюць на тыя ж граблі, што і апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 25 год таму (тады многім здавалася, што дастаткова скінуць Вячаслава Кебіча, «чырвоных дырэктароў» – і зажывем…) Пачаць з уводзін: «Сельская гаспадарка – калгасная, эканоміка – стратная, тэхналягічна састарэлая, спынілася на савецкім узроўні». «Энэргетычнае забесьпячэньне эканомікі штучна прывязана толькі да рэсурсаў чужой дзяржавы (Расеі)». Нават калі б гэта было на 100% праўдай, лозунгі без канкрэтыкі выклікаюць адштурхоўванне… Аднак ярлык «калгасная» і несправядлівы ў дачыненні да фермераў, якія ўносяць важкі ўклад у беларускую сельгасвытворчасць, і здатны пакрыўдзіць саміх «калгаснікаў» – работнікаў сельскіх унітарных прадпрыемстваў і акцыянерных таварыстваў – бо ў кантэксце яўна паказвае на нешта другараднае… Энергетычнае ж забяспечэнне «прывязана» не толькі да расійскіх рэсурсаў – былі пастаўкі нафты і з Азербайджана, а электраэнергію Беларусь у асноўным вырабляе сама. І г. д.

Досыць рэзкую крытыку ад добразычлівага, у прынцыпе, каардынатара супольнасці хрысціянскіх журналістаў на адрас «рэлігійнага» раздзела праграмы можна пачытаць тут. Максім Г. канстатуе дыскрымінацыйнае стаўленне «Вольнай Беларусі» да праваслаўнай епархіі, і цяжка не згадзіцца з тым, што «вынікам можа стаць рост міжканфесійнай і ўвогуле сацыяльнай напружанасці ў краіне, калі дзясяткі, калі не сотні прыходаў будуць пазбаўленыя сваіх храмаў».

Той «канструктыў», што фігуруе ў праграме (адмова ад «царскіх» паўнамоцтваў прэзідэнта ў Канстытуцыі, узмацненне ролі парламента), істотна псуецца праз агаворкі і спробы тлумачэнняў, «як яно павінна быць насамрэч». На думку аўтараў, у заканадаўчым органе маюць засесці 360 народных прадстаўнікоў, як на пачатку 1990-х. Вядома, у парламенце Францыі аж 577 дэпутатаў (+348 сенатараў), але ж на радзіме Заля і Дэ Голя трохі больш насельнікаў, чым у нас, усяго-та ў сем разоў 🙂 У Ізраілі, з колькасна блізкім да беларускага насельніцтвам (перавысіла 8,65 млн), заканадаўчы орган складаецца са 120 членаў Кнэсета. Мяркую, і ў Беларусі хапіла б 120 дэпутатаў, ну, максімум 150.

Аўтары спасылаюцца на «слабасьць і вынішчэньне палітычнага клясу за часы аўтарытарнай дыктатуры», што нібыта вымагае сфармаваць вялікі «народны парлямант». Між тым іхні довад працуе акурат супраць іх. У Беларусі небагаты вопыт парламентарызму. Да 1991 г. большасць у Вярхоўным Савеце кантралявалася з ЦК КПБ, з 1992 г., пасля некалькіх месяцаў разгубленасці, ёю пачаў апекавацца ўрад Кебіча. «Непаслухмянасць» многіх дэпутатаў да 1996 г. не варта перабольшваць: лік самастойных палітыкаў у Вярхоўным Савеце ніколі не перавышаў 100. Так што і 110 прафесійных дэпутатаў, якія б аргументавана баранілі свае погляды, умелі ісці на кампрамісы etc., у бліжэйшы час нялёгка будзе знайсці. І трэба ж эканоміць рэсурсы… (пагаджуся з планамі скасавання верхняй палаты, амаль бяздзейнага «Савета рэспублікі»).

«Фішка» праекта – адмова ад абласнога і раённага падзелу Беларусі, пераход на ваяводствы і паветы cа зменай межаў. Ідэя, мякка кажучы, няўчасная… Зараз сілы, альтэрнатыўныя лукашэнкаўскай «вертыкалі»,  расцярушаны; у Мінску, іншых буйных гарадах яшчэ можна казаць пра «грамадзянскую супольнасць», а шмат дзе «на месцах» – на жаль… У райцэнтрах ды невялікіх паселішчах актывістаў лягчэй маргіналізаваць… Карацей, ёсць у Беларусі раёны, дзе даўно не бачылі жывога «бээнэфаўца». У гэткіх умовах новая ўлада сутыкнецца з тым, што ў рэгіянальныя органы ўлады пасля «люстрацый» праточацца людзі малакампетэнтныя, і на нейкі час узнікне крызіс кіравання. Калі ж яшчэ памяняць межы адміністратыўных адзінак, то верагоднасць хаосу павялічыцца ў разы. І каму тое выгадна?..

Дэкларатыўным і занадта сціслым – на адну старонку – выйшаў параграф «Навука, культура». Мала ў наш прагматычны час паабяцаць: «Прыярытэт акадэмічных дасьледваньняў будзе скіраваны на разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі і новых тэхналёгіяў», варта ўдакладніць, якія сферы маюцца на ўвазе… І няма ў гэтым параграфе разлікаў, худа-бедна зробленых у раздзелах «Адукацыя», «Палажэнні сацыяльнай палітыкі», «Войска. Абарона». Колькі ж працэнтаў ад ВУП/бюджэту пойдзе на навуковыя даследаванні? Ужо і акадэмік, старшыня рэспубліканскага фонда адзначае, што «ў Беларусі невялікая навукаёмістасць ВУП. Так, у краінах з развітай эканомікай гэтая доля перавышае 3%. У Беларусі ж гэтая лічба звыш 20 гадоў не перасягае 1%. У такіх умовах, лічыцца, навука не можа ўплываць на эканоміку». Няўжо Зянон П. следам за загадчыкам кафедры ў Акадэміі кіравання Сяргеем К. (хутчэй ідэолагам, чым навукоўцам) верыць, што маладых даследчыкаў можна ўтрымаць у краіне і навуцы дзякуючы «патрыятычным» пропаведзям?

* * *

Хто радуе, дык гэта Беларуская чыгунка, дакладней, яе мінскае аддзяленне. Летась некаторыя надпісы на дэкаратыўнай канструкцыі (уваход у залу чакання сталічнага вакзала) былі выкладзены з памылкамі. Пасля зваротаў у канцы сакавіка – пачатку красавіка 2017 г. усе дзесяць памылак тыпу «КарЕлічы» і «ФаніпОль» выправіліся цягам месяца – а гэта ж не папяровую раздрукоўку памяняць, там мастацкая праца… Павага майстрам-скульптарам і іхняму куратару Грыбанаву Івану Іванавічу, намесніку начальніка аддзялення.

Як было 25.04.2017 і стала 30.04.2017

Вось тое, што 24.04.2017 сфоткаў на выездзе са Шчучына Гродзенскай вобласці (і ўездзе на вул. Пушкіна):

Можа, гэтую недарэчнасць (у беларускай мове няма літары «Щ») адпаведныя службы прыбяруць яшчэ да афіцыйнага звароту?

А тут – «усяго» тры памылкі на афіцыйным бланку. Хіба толькі ў асобна ўзятым раёне такое? Хацелася б верыць.

Нямала прыкладаў чынавенскай непісьменнасці сабраў і апублікаваў гомельскі актывіст Ігар С. Каб даць рады, ён прапануе заснаваць у Беларусі «моўную інспекцыю» пад дахам міністэрства адукацыі. Помню, з аналагічнай ідэяй на пачатку 1990-х насіўся дэпутат Яўген Цумараў, а Сямён Букчын кпіў з яго. Дарма што далёка не Букчын, лічу прапанову… не тое што бессэнсоўнай або звышнебяспечнай, а рызыкоўнай. Кантрольныя органы ў сучаснай Беларусі імкнуцца да пашырэння сваіх паўнамоцтваў за кошт правоў чалавека, да ператварэння ў карныя – раз. З цяперашняй сістэмай падбору кадраў у інспекцыю трапілі б, хутчэй за ўсё, «знаёмыя знаёмых», а не кваліфікаваныя юрысты і лінгвісты – два. Аб’ектыўна, дзяржава, змагаючыся за пісьменнасць, мусіць найперш звяртаць увагу не на цэтлікі, а на дзіцячыя садкі/школы/універсітэты – тры.

Іншымі словамі, я аддаю перавагу дэцэнтралізаваным рухам: канструктыўнай крытыцы, калі гэта магчыма (як у выпадку з чыгункай), або высмейванню малапісьменных «слуг народа». А таксама самадасканаленню, бо маральна цяжка патрабаваць пісьменнасці ад іншых, калі сам усцяж прапускаеш «ляпы».

Практычна не сачу за тым, што кажа/піша Ірына Хакамада (усё ж яна ў сваёй краіне, мы ў сваёй), але надоечы натрапіў на інтэрв’ю, насычанае цікавосткамі. Прынамсі высвятліў для сябе, чаму вострая на язык Ірына сышла з палітыкі… Калі Святлана Алексіевіч запросіць яе ў свой «інтэлектуальны клуб», як мерылася, то можна будзе падтрымаць суму маналогаў дыялог.

Я не хаджу туды, дзе няма перспектыў, калі ад цябе нічога не залежыць.

Лібералы – не тыя, хто супраць дзяржавы. Лібералы тыя, хто лічыць, што мусіць быць акрэсленае функцыянальнае раздзяленне ролі дзяржавы ў эканоміцы (мабыць, мела на ўвазе, што дзяржава павінна ведаць межы ўмяшання ў эканоміку. – В. Р.)

Большасць расійцаў – побытавыя лібералы. Таму што адсутнасць дзяржаўнай дапамогі пачала рабіць вельмі незалежнымі, схільнымі да рызыкі і адказнымі… Што да палітычнага лібералізму, то іх [лібералаў] вельмі мала, гэта проста 0,2%… Там, наверсе, арыентуюцца толькі на большасць.

Пэўны песімізм прасочваецца ў І. Х. – дама дагэтуль перажывае, што была толькі «маленькім міністрам», а не віцэ-прэм’ерам. Адчуваю, што ў Беларусі прыхільнікаў ліберальнай мадэлі не 0,2% – можа, у сто разоў больш. Іх і ў Расіі не бракуе. Пытанне ў тым, як канвертаваць прагу побытавых выгад у дасягненне палітычных свабод…

Свежая прычына для ўцехі – беларускі суд, самы гуманны ў свеце. 27 красавіка суддзя Аляксандр Петраш адмовіўся караць турмой (нават і «хіміяй») мясцовага перформера ад анархізму Вячку Касінерава. За пятлю на статуі гарадавога – 5 базавых, або каля 60 USD, яшчэ прымальна. Ці не?.. З падсудным не знаёмы, сам са скульптурамі не ваюю, ды матывы яго ўчынку зразумець няцяжка. Дапраўды, абышлася б сталіца без гэткага «сімвала стабільнасці».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

30.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 30.04.2017  18:58

В. Рубінчык. Пасяджэнне № 3

Да інтэлектуальнага клуба «Святлана Алексіевіч запрашае», што дзейнічае са снежня 2016 г., ад пачатку ставіўся скептычна, аднак запрашэнне наведаць сустрэчу з Рутай Ванагайтэ прыняў. Дзякуй Таццяне Бембель – яна ласкава ўнесла маё прозвішча ў спіс, паводле якога ахоўнікі пускалі гасцей у пасольства Літвы на вуліцы Захарава, 68. І, зразумела, дзякуй самой С. А.

Трэцяя сустрэча ў «клубе Алексіевіч» адбылася ўвечары 2 сакавіка. Арганізатары абяцалі залу на 150 персон, у выніку сабралося чалавек сто. Не сказаць, што «міжсабойчык», але многіх пазнаў нават я, далёкі ад тусовак. З беларускага «бамонду» мільганулі Аляксей Братачкін, Сямён Букчын, Валянцін Голубеў, Максім Жбанкоў, Валер Карбалевіч, Уладзімір Колас, Алесь Лагвінец, Жанна Літвіна, Ігар Логвінаў з жонкай (Таццяна Шчытцова, калі не памыляюся), бацька і сын Строцавы, Аляксандр Фядута, Сяргей Харэўскі… З яўрэйскіх дзеячаў – Рыгор Абрамовіч, Аляксандр Ліцін, Гарык Хайтовіч, Іда Шэндэровіч. Прашу прабачэння ў тых, каго не назваў. З Гародні на запрашэнне Юліі Чарняўскай за свой кошт прыехала кандыдатка гістарычных навук Іна Соркіна – як высветлілася, неабыякавая да аўтографаў…

С. Алексіевіч падпісвае паштоўку для сына І. Соркінай

Самі прамовы пачаліся з некаторым спазненнем; перад імі галоўныя дзеючыя асобы эфектна спусціліся з другога паверха. Вядучая парадавалася, што бачыць у зале «новыя твары» і мінут дзесяць разважала пра тое, што «мы не прызналіся ў многіх рэчах, баімся расплюшчваць вочы на многае, у нас няма грамадства, няма філасофіі супраціву, трагедыя Халакосту прайшла міма нашай літаратуры, нашага мастацтва…» Карацей, як казаў булгакаўскі герой, «чего ни хватишься, ничего нет». Адразу ўспомніла пра тое, што 2 сакавіка – гадавіна трагедыі на «Яме» ў Мінску. Дарэчы, хацеў бы нагадаць карэспандэнтцы «Радыё Свабода» Іне Студзінскай, якая асвятляла сустрэчу, што першыя масавыя забойствы ў Мінскім гета адбыліся ўсё ж не ў пачатку сакавіка 1942 г., а яшчэ ў 1941 годзе. Пазначаю гэта, вядома, не для таго, каб уставіць камусьці «шпільку», а дзеля гістарычнай праўды…

С. Алексіевіч сказала, што ёй перад сустрэчай пазванілі некалькі чалавек і так адрэагавалі на анансаваную тэму: «Чаму зноў яўрэі, колькі можна?» Неяк дзіўна, што сярод знаёмых нобелеўскай лаўрэаткі дагэтуль ёсць людзі, якіх дзівіць публічная размова пра яўрэяў, і яны не ўтрымліваюцца, каб выказаць ёй сваё «фэ»… Але – дапусцім. Святлана Аляксандраўна паведаміла таксама, што кнігі няма на рускай мове (дадам – і на беларускай), што сама яна прачытала толькі невялікі перакладзены кавалак. Гэтыя старонак 10 пра тое, як літоўцы забівалі «сваіх» яўрэяў, прымусілі нашу лаўрэатку думаць, што зло – бясконцае.

Далей прагучала шматабяцальнае: «Размова не пра тое, што нейкі народ кепскі або добры, а пра тое, як быць чалавекам». І слова перайшло да Руты, артыстычнай «неспакойнай» дамы, не абдзеленай аратарскімі талентамі. Відаць, невыпадкова яна нейкі час працавала дарадчыцай па культуры ў прэзідэнта Паксаса і кіравала піяр-агенцтвам… Пераказваць прамову Р. В. не бачу сэнсу, асноўныя тэзісы былі апублікаваны ў інтэрв’ю (яшчэ тут і тут). Ці варта безагаворачна прымаць на веру ўсё сказанае, не ўпэўнены. Прынамсі, не чытаўшы саму кнігу, не ведаючы падрабязнасцей, я пакуль не гатовы падпісацца пад кампліментамі Сямёна Букчына з яго старонкі ў фэйсбуку: «цудоўны чалавек: прастата абыходжання ў спалучэнні з душэўнасцю, глыбокай адданасцю сваёй справе і адчуваннем трагізму сітуацыі, у якой апынулася яна, наважыўшыся сказаць праўду пра ўдзел літоўцаў у масавых забойствах яўрэяў… Яна непажаданая асоба ў Літве, дзе яе не запрашаюць ні ў школы, ні ў іншыя публічныя месцы».

Можа быць, і на «Радыё Свабода» сёй-той паспяшаўся ацаніць учынак Руты як «вельмі смелы, сумленны, мужны». Як на мой густ, у прамове перад тутэйшымі яна крыху «перабаршчыла» з акцэнтам на сваю бескарыслівасць: маўляў, атрымала за кнігу паўтары тысячы еўра ад выдаўца і больш ні ад кога. Аднак, да гонару пісьменніцы, яна прызнала, што не першая распрацоўвае тэму і «рэжа праўду-матку»: сур’ёзныя гісторыкі даўно прааналізавалі ролю літоўцаў у генацыдзе, аднак «іхнія талмуды ніхто не чытае». Напісаць папулярную кнігу яе падштурхнуў семінар неназванага гісторыка, які «40 мінут расказваў, як было на самай справе».

Даследчык Валерый Іваноў убачыў у кнізе «Mūsiškiai» («Нашы»), што выйшла ў студзені 2016 г. у віленскім выдавецтве «Аlma littera», і пазітыўныя бакі, і недахопы. Пэўны ўнёсак у з’яўленне твора Руты зрабіў Эфраім Зураф, дзеяч цэнтра Візенталя. Вядома, добра ўжо тое, што «Нашы» выклікалі грамадскую дыскусію пра асабістую і калектыўную адказнасць. Мне, чалавеку з дыпломам палітолага, цікава было даведацца, што ў Літве пашыраны «argumentum ad Putinum»: як што не адпавядае лакальным догмам, то вінаваты Пуцін. Як з’едліва кінула Рута, «калі б Пуціна не было, то яго варта было б выдумаць».

Ахвотна веру, што аўтарка кнігі страціла сяброў праз яе выхад; сам заўважаў, як на мяне скоса пачыналі глядзець пасля нават не самых вострых тэкстаў. У цкаванне з боку органаў бяспекі верыцца ўжо не без цяжкасці… Усё ж Літва – больш-менш дэмакратычная дзяржава, дый знаёмцы, якія туды ездзяць, не пацвярджаюць змрочнай карціны, вымаляванай на сустрэчы. Дарэчы, не чуў, каб пісьменніца звярталася да пасла Літвы так, як у Сямёна Б., «з дзіцячай непасрэднасцю»: «Ой, а вам нічога не будзе з-за таго, што запрасілі мяне? Выбачайце…» Была іншая рэпліка: «Я здзіўлена і вельмі рада, што літоўскае пасольства вылучыла гэтае памяшканне… Калі не спадабаецца тое, што я буду казаць, паважаны пасол – сыходзьце, я не пакрыўджуся» (смех і апладысменты ў зале). Кожны сам здолее ацаніць розніцу.

Пасля кароткай інтэрмедыі быў выступ доктара гістарычных навук Аляксея Літвіна, загадчыка аддзела ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Доктар адразу папярэдзіў, што быць апанентам пісьменніцы яму няёмка (тым болей што кнігу яе нават не трымаў у руках), што ў навукоўцаў і творчых людзей – розныя задачы. Сказаў, што ў Беларусі пісьменнікі «слаба бралі тэму калабарацыі», але і сам разгледзеў яе толькі ўскосна, почасту пагружаючыся ва ўспаміны дзяцінства і юнацтва. Наколькі я зразумеў, настойваў на тым, што беларуская калабарацыя не мела такога масавага характару, як ва Украіне і Літве: «былі асобныя людзі, але не стварылі структуру, якая магла б дапамагаць [нацыстам]».

А. Літвін, Р. Ванагайтэ i С. Алексіевіч. Фота з baj.by

«Беларуская ганьба» – залішне моцны выраз, ды ў прамове прадстаўніка нашых акадэмічных колаў мелася, як здалося не толькі мне, доля хітрасці. Я хацеў задаць гісторыку пытанне наконт тутэйшых калабаранцкіх структур (некаторыя з іх былі згаданы тут) ды іхняга саўдзелу ў пазбаўленні мясцовага насельніцтва ад яўрэяў, але ў чарзе да мікрафона мяне спрэс апярэджвалі тыя, каму карцела выказацца: сярод іншых, абаронца правоў жанчын Вераніка Заўялава, кінааператар Юрый Гарулёў…

Найбольш уцямнай, хоць і эмацыйнай, аказалася, бадай, прамова сівавалосага журналіста Мікалая Тоўсціка. Ён нагадаў, што тысячы беларусаў служылі немцам са зброяй у руках: «Былі тут элементы грамадзянскай вайны. Той, хто хацеў рабаваць, ішоў у паліцыю. У Міры ў 1942 годзе быў пагром, і школьнікі разам з татамі і мамамі паказвалі, дзе яўрэі хаваюцца. Увогуле, не запэцкалася ў вайну ў Халакосце [з еўрапейскіх краін] хіба толькі Албанія. Калі стваралася Беларуская народная рэспубліка, дэлегацыя мінскага кагала [sic] дзякавала беларусам за тое, што тут не было пагромаў. Што змянілася за 20 гадоў – не толькі ў нас, але і ў Еўропе? І сёння – «вялікае перасяленне народаў», расійска-украінская вайна… Мы што, зноў стаім на парозе нейкага Халакосту?! Ён жа не абавязкова яўрэйскай нацыянальнасці тычыцца, быў і цыганскі Халакост… Да чаго мы ідзем?»

К канцу пасяджэння прыкладна трэць гасцей разбеглася; трох гадзін, насычаных маналогамі пра набалелае, атрымалася замнога (ну, але ж не сем з паловай, як у «канкурэнтаў»…) Два Уладзіміры, пісьменнікі Арлоў і Някляеў перагаворваліся, седзячы побач. Скарыстаўшыся выпадкам, я задаў Някляеву даўно наспелае пытанне пра ягонае інтэрв’ю «Белсату»: з чаго ўвесну 2015 года паэт узяў, што «нашымі сілавымі структурамі кіруюць жыды»? Уладзімір Пракопавіч імпэтна аспрэчыў сам факт вымаўлення ім тых слоў: «Не выдумляйце! Пакажыце, дзе я пад імі падпісаўся!».

Так, гэтай цытаты ў кэшы зараз не знаходжу (спасылка, дадзеная тут у 2015 г., сёлета ўжо «бітая»), але многія бачылі, мякка кажучы, спрэчныя словы адразу па іх з’яўленні. Маю таксама копію таго злашчаснага інтэрв’ю, падцертага на наступны дзень, – гл. вышэй. «Хто-та ўрот»: пакідаю сп. Някляеву і журналістам самім разабрацца, хто іменна. Па-мойму, найлепшы для ўсіх бакоў варыянт – гіпатэтычны ўзлом сайта belsat.eu; праўда, калі спыніцца на гэтай версіі, то нейкі занадта «кропкавы» ўдар быў нанесены…

Па выніках сустрэчы прапанаваў Іне Соркінай падзяліцца ўражаннямі, і вось што яна сказала:

Тэма мяне вельмі хвалюе. У мяне, напэўна, ідэалізаванае ўяўленне пра беларуска-габрэйскія ўзаемаадносіны. Вывучаючы гісторыю мястэчак, у дакументах ХІХ ст. мала сустракаю сведчанняў пра варожасць, а наадварот, прыклады гарманічных дачыненняў. На сустрэчы мяне вельмі ўразіла літоўская аўтарка, спадарыня Рута – яна цудоўна падабрала фармат выступлення, закранула за жывое. У шаноўнага Аляксея Літвіна выступленне было іншага фармату. Не ведаю, ці дарэчы тут былі гістарычныя канкрэтныя факты, якія ён прыводзіў. Мне здаецца, больш у літаратараў, пісьменнікаў атрымліваецца гаварыць пра падзеі Халакосту так, каб кранала. Кніга, на жаль, толькі на літоўскай мове (я не прачытаю), але яна, здаецца, вельмі важная і для беларускага чытача. Было б добра мець такое выданне на мовах, больш распаўсюджаных у Беларусі. Мяркую, сітуацыя ў нас не супрацьлеглая той, што ў Літве; тут, на жаль, таксама былі факты ўдзелу мясцовага насельніцтва ў Халакосце, не зусім яно было «талерантнае».

Карацей, з’ездзіў не дарэмна. Схільны згадзіцца з гаспадыняй клуба ў той частцы, што нейкую «маленькую справу», уклад у захаванне памяці мы ўсе зрабілі: пра «супраціў уладзе, якая не хоча пра гэта думаць і гаварыць» лепей памаўчу. Тым болей што сустрэча завяршылася (па ініцыятыве літоўскай госці, якая пажадала ўшанаваць ахвяр Мінскага гета) менавіта мінутай маўчання.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.03.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.03.2017  13:27

З абмеркавання:
Людміла Мірзаянава, 14:32
Змястоўна i цiкава. Дзякую. Падзяляю погляды літоўскай аўтаркi, спадарынi Руты на праблему ўдзелу лiтоўскага насельніцтва ў Халакосце. Маша Ральнiкайтэ таксама пiсала пра гэта ў сваёй кнiзе “Я должна рассказать”.
Алена Ждановіч, 15:49
Не збіраюся даказваць, што беларусы не маглі ўдзельнічаць у знішчэнні габрэяў… Але сярод беларусаў не было масавага ўдзелу ў гэтым, дзякуй Богу, адрозна ад Літвы. А вось пра літоўскія карныя атрады ўсе ведаюць, якія лютавалі і ў нас. Але ж дзіўная штука жыццё, майго бацьку выратавала менавіта літоўская жанчына, калі ён адстаў ад свайго атрада, а бабуля майго мужыка ўсю вайну гадавала дзіцятка габрэйскае. Цудоўнае інтэрвью са сп. Рутай чытала ўчора на тут.бае, аўтар дарэчы ў мяне ў сябрах… няма часу далей пісаць, лячу ў Курапаты.
Margarita Akoulitch, 17:03
Жизнь штука сложная. Моего деда-партизана от расстрела спас полицай. Я никогда не слышала, чтоб евреи уничтожали беларусов, вот что ямы рыли – слышала. Думаю, что и евреи друг друга предавали. И беларусы друг друга предавали, и друг друга предавали, всё было. Люди делятся по большей части не на евреев и неевреев, люди делятся на хороших и подлых, хотя это деление также условное. Иной раз подлецы поступают гуманно, иной раз хорошие поступают как подлецы.
Алена Ждановіч, 17:06
Ну так, ёсьць людзі, і ёсьць нелюдзі ў кожнай нацыі.