Tag Archives: программа «Вольная Беларусь»

ВАЖНА НЕ ЗАБЫЦЦА

Шалом! Не пішу пра важнае, дык папісваю… Сёння трыгерам сталася заява Зянона П. ад 15.10.2022: «Стварайма хутчэй і разбудоўваем шырока наш Нацыянальна-Вызвольны Рух Вольная Беларусь, каб зьнесьці ўсю нечысьць, каб духу ад яе не засталося». Нешта мне здалося знаёмым… Узгадалася, што ў 2020 г., на фоне масавых пратэстаў у Беларусі, чытаў:

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят «Вольная Беларусь» заклікае ствараць суполкі руху «Вольная Беларусь». На сёньняшні дзень лёзунгі руху такія:

 Лукашэнка, прэч! (Гэта значыць – ліквідацыя ўлады Лукашэнкі);

 Новыя выбары (Гэта значыць – выбары парляманта і прэзыдэнта згодна з Канстытуцыяй 1994 года).

Характар узаемаадносін – салідарнасьць.

Стварэньне суполак адзіна правільны мэтад у сёньняшніх умовах. Рух разьвіваецца гарызантальна. Стварайце суполкі па месцы жыхарства, ва ўніверсытэтах, прадпрыемствах, установах. Аб’ядноўвайцеся і салідарызуйцеся.

Потым (пры зьмене ўмоў) – устаноўчая канфэрэнцыя і структурная арганізацыя. Для суполкі на пачатак дастаткова трох чалавек.

Беларусы, гуртуймася ў рух пад нацыянальным сьцягам!.. Будучыня – наша!

Я-то не супраць салідарнасці, наадварот… Але ж за гэтыя два гады, жывучы ў Мінску, згойсаўшы ў Барысаў і Слуцк, анідзе не чуў пра суполкі «Вольнай Беларусі», апрача як у інтэрнэце. Тым не менш летась у верасні сакратарыят «ВБ» гукнуў з Варшавы пра задачу «падрыхтаваць і стварыць Часовы Нацыянальны Урад Рэспублікі Беларусь, які павінен узяць на сябе функцыю надзвычайнай улады ў час ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі, у пэрыяд рэформаў і перамен». Звычайная справа – разбудаванай інфраструктуры няма, прэтэндэнты на кіраўнічыя пасады ёсць.

Некалі, мо ў 1990-х, чытаў пра летуценнікаў з НТС (праўласаўскага «Народна-працоўнага саюза»). Гэта яны кіраваліся «тэорыяй малекулярнай рэвалюцыі» ды закідвалі ў СССР сваю літаратуру, заклікаючы прыхільнікаў арганізоўвацца ў мікрасупольнасці, каб у дзень Х выскачыць, як Піліп з канапель. (Між іншага, «малекулярную рэвалюцыю» прыдумалі не самі, а «пазычылі» ў Антоніа Грамшы.) Выглядае, пазнякоўцы крочаць даўно працярэбленым шляхам… у палітычны нябыт. Не спрацавала схема ў НТС, не працуе і ў БНС (расшыфроўваецца як «Беларускі нацыянальны сакратарыят», хаця ў час Другой сусветнай на Беларусі была іншая БНС, калабаранцкая).

Аднак не збіраюся моцна крытыкаваць замежных «паліттэхнолагаў». Ад Народна-працоўнага саюза была карысць хаця б у тым сэнсе, што яны падтрымлівалі дзеячаў культуры. Вікіпедыя: «У выданнях НТС “Посев” і “Грани” публікаваліся, у прыватнасці, А. Салжаніцын, А. Галіч, Б. Акуджава, Г. Уладзімаў». КХП-БНФ з «філіяламі» таксама неабыякавыя да культуркі… Зянон Пазняк і сам піша кнігі, і аглядае творчасць іншых. «Вольная Беларусь» мае, сярод іншага, сваю візію будучыні, выкладзеную ў аднайменнай праграме 2017 г. (якую я паддаў сцісламу аналізу – тут і тут). Збольшага ўтапічная візія… ды патрэбны і такія.

Як бы ні было, праграма «Вольная Беларусь» натхніла на ўчынкі прынамсі некалькі чалавек у Сінявокай. Так, на працэсе па «справе Аўтуховіча» абвінавачаны Уладзімір Гундар (1960 г. нар., з Баранавічаў) звярнуўся да суддзі з просьбай зачытаць праграму або ўрыўкі з яе. Што было далей, распавяла прапагандыстка, якая прысутнічала на пасяджэнні… (фрагменты з sb.by, 12.07.2022; моўныя выкрунтасы – на сумленні рэдакцыі, ачоленай «хвілолагам»):

— Программу «вольнай Беларусi» можно зачитать?.. Многие здесь хотели бы… Многие не слышали.

Зачем? Заявитель помялся, ответил:

— Все хотят знать, в чем нас… э-э-э… обвиняют.

На помощь Гундарю пришла, точнее подскочила в клетке, Майорова:

— Падтрымлiваю. Лiчу вельмi важным…

Соблюдая порядок хода процесса, судебная коллегия удалилась в совещательную комнату. Необходимости в прочтении «программы» нет…

Состряпали ее, к слову, еще в 2017 году в Штатах и Польше, ну и белорусским шатателям режима спустили. Мол, к исполнению, к выборам 2020 года готовились. Пишут, что проект авторства всяких мутных филёлягаў, палятолягаў, филёсафаў и прочих странных персонажей. Если коротко, то там про «перамены», начало которых белорусы нормально так прочувствовали, начиная с 2020‑го. Оттуда же, из «программы»: «Наша новая вольная Беларусь — гэта частка агульнай дэмакратычнай Эўропы, дзяржава новай Усходнеэўрапейскай цывілізацыі, сяброўскімі партнёрамі якой зьяўляюцца вольная Украіна, дэмакратычная Польшча, краіны Прыбалтыкі».

Што кепскага ў тым, каб быць часткай дэмакратычнай Еўропы, аўтарка «СБ» патлумачыць не дала рады, толькі пакпіла з «дзярмакратыі» ў нашых суседзяў. Не зразумеў я і таго, нашто было падчас пасяджэння трымаць у клетцы Вольгу Маёраву, 1966 г. нар., ніякую не рэцыдывістку, – хіба з мэтай запалохвання… Цяпер мне скажуць, што зоаабаронцу Маёраву гродзенскі суд прыгаварыў да 20 гадоў калоніі, інваліда Гундара – да 18 гадоў, іх «правадыра» Міколу Аўтуховіча – ажно да 25 гадоў (першыя 5 у турме). А я запярэчу, што гэтыя людзі нікога не забілі, дый наагул, прысуды яшчэ не ўступілі ў законную сілу.

Ул. Гундар, В. Маёрава, М. Аўтуховіч. Фота з адкрытых крыніц

А праграма як праграма – зараз перачытваю ды зноў, як увесну 2017 г., бачу ў ёй і памысныя месцы, і менш памысныя. Напрыклад, на с. 7 збянтэжыў «дыягназ», пастаўлены Пазняком, які на той час два дзесяцігоддзі адсутнічаў у Беларусі, нашаму грамадству:

Прыкметы агульнага ўпадку: а) Пануе палітычная бязграматнасьць і палітычная непісьменнасьць насельніцтва (якім лёгка маніпуляваць); б) Панаваньне несправядлівасьці паралізуе ў людзей волю да супраціўленьня. Задушаныя надзеі і ідэалы; в) Не зьяўляюцца больш у грамадзтве нацыянальныя мудрацы і аўтарытэты, вялікія паэты і пісьменьнікі – сумленьне і розум нацыі, якія былі нават за савецкай акупацыяй. Вялікія людзі 60-х адышлі, і засталася пустка. Няма больш такіх асобаў. Не запатрабаваныя. Не вырастаюць.

Нагнаў дзядзька песімізму… Калі з першым пунктам неяк можна згадзіцца (насамрэч у ХХІ ст. і лукашысты, і антылукашысты нямала клапаціліся, каб у галовах «электарату» была каша), то два астатніх – надта спрэчныя. Ага, так ужо была спаралізавана «воля да супраціўлення», што акурат у пачатку 2017 г. многія тысячы людзей выходзілі на вуліцы буйных і малых гарадоў! Фармальна пратэст накіроўваўся супраць «дэкрэта № 3», паводле якога ледзь не паўмільёна грамадзян мусілі былі плаціць «падатак на дармаедства», але гучалі патрабаванні шырэйшага плану, агульнапалітычныя…

Нараканні на «пустку», што з’явілася замест «сумлення і розуму нацыі», – апошняе, што патрабавалася пратэстоўцам таго перыяду. І калі параўноўваць 2022 г. з 2017-м, то відавочна, што цяпер мы значна бліжэйшыя да ўяўнай «пусткі». Пяць гадоў таму яшчэ жылі ў Беларусі такія знакамітыя асобы, як:

Пятро Васючэнка (1959-2019);

Васіль Сёмуха (1936-2019);

Юрка Голуб (1947-2020);

Алена Васілевіч (1922-2021);

Анатоль Клышка (1935-2021);

Алесь Разанаў (1947-2021);

Кастусь Севярынец (1952-2021);

Юрый Станкевіч (1949-2021);

Яўген Бяласін (1954-2022);

Анатоль Вярцінскі (1931-2022);

Адам Мальдзіс (1932-2022);

Эрнэст Ялугін (1936-2022).

Тут пералічаны не ўсё літаратары, якія адышлі ў лепшы свет на рубяжы 2010-2020-х гг., але тыя, хто пералічаны, аб’ектыўна маглі прэтэндаваць на званне «мудрацоў». А былі ж у 2017-м побач з намі таксама іншыя «аўтарытэты»… Зноў жа, спіс далёка не поўны:

Міхал Анемпадыстаў (1964-2018), Леанід Шчамялёў (1923-2021), Уладзімір Крукоўскі (1937-2022) – мастакі;

Эдуард Зарыцкі (1946-2018) – кампазітар;

Генадзь Гарбук (1934-2018) – артыст; Ілья Курган (1926-2019), Аўгуст Мілаванаў (1937-2019) – артысты, педагогі;

Георгій Штыхаў (1927-2018), Міхаіл Касцюк (1940-2019), Вольга Сабалеўская (1974-2019), Яўген Анішчанка (1955-2021), Марыя Бяспалая (1948-2021), Алег Іоў (1957-2021), Уладзімір Ляхоўскі (1964-2021), Анатоль Цітоў (1947-2021) – гісторыкі;

Фёдар Клімчук (1935-2018), Валянціна Лемцюгова (1935-2018), Арсень Ліс (1934-2018), Міхась Мушынскі (1931-2018), Павел Сцяцко (1930-2020)– філолагі;

Міхаіл Дрынеўскі (1941-2020), Міхаіл Казінец (1938-2021) – дырыжоры;

Вальмен Аладаў (1930-2021), Сяргей Багласаў (1949-2021)  – архітэктары;

Арнольд Смеяновіч (1938-2021) – нейрахірург;

Алег Хадыка (1942-2021) – мастак-рэстаўратар;

Антон Фурс (1927-2021) – актывіст паваеннага «Саюза беларускіх патрыётаў», вязень ГУЛАГу;

Эрнэст Сабіла (1932-2022) – рэлігійны дзеяч, вязень ГУЛАГу;

Вера Кунцэвіч (1954-2022) – заснавальніца хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына»;

Андрэй Каляда (1940-2022) – перакладчык, педагог, майстар выразнага чытання…

Карацей кажучы, не з таго боку зайшоў галоўны аўтар «народнай праграмы». Між тым у 2017-м годзе прыхільнікі перамен «знізу» дапраўды мелі рэсурсы, каб запачаткаваць шырокі рух і станоўча паўплываць на далейшую хаду падзей (для памяркоўных ва ўрадзе паваротным пунктам быў, па-мойму, 2010-ы год). На жаль, палітыкам і чыноўнікам у Беларусі ўласціва ўпускаць шанцы… Потым аматарам аналітыкі – такім выскалякам, як я, ці больш сур’ёзным – застаецца разбіраць кепска згуляныя «шахматныя партыі» ды паціскаць плячыма.

Нават цяпер, пасля пагромаў 2020-2021 гг., не ўсё страчана, перадусім у культуры. Ведаю, што працуюць у Беларусі добрыя літаратары, якія прымудраюцца публікаваць свае новыя творы (у «Дзеяслове», «Літаратурнай Беларусі»…). Амаль ніхто з чатырох соцень членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў за год, што мінуў ад ліквідацыі СБП, не перайшоў у казённа-марадзёрскі СПБ. Хтосьці з’ехаў, многія засталіся; гэтую «грыбніцу» ў прынцыпе немагчыма вытаптаць.

Сёмага кастрычніка г. г. культурныя колы Беларусі атрымалі яшчэ адно прызнанне – Нобелеўскі камітэт, падзяліўшы прэмію міру «на траіх», адзначыў ёй праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага. Прыводзіў ліст ягоны з бабруйскае калоніі, зараз працытую другі:

02.12.2013

Добры дзень, шаноўны Вольф!

Дзякуй за арыгінальныя канвэрты (з партрэтам шахматнага кампазітара Вацлава Гебельта; як выглядаў той самаробны канверт, можна ўбачыць па спасылцы. – В. Р.). Я мяркую, што такога роду праекты можна было б паспрабаваць рабіць праз міністэрства сувязі. Так прынамсі зь імі працуе ТБМ. Але самому, вядома, зрабіць прасьцей і ўпэўненей. З сумам прачытаў у “Н. Ніве” пра стан магілы Зьмітрака Бядулі ў Расіі (дакладней, у казахстанскім Уральску. – В. Р.). Зьвярніцеся, калі ласка, у мін. культуры з прапановаю перанесьці ягоныя парэшткі ў Менск. Я пра тое ж папрашу Трусава, каб ТБМ зьвярнулася. З. Бядуля – вельмі файны празаік… У мяне ўсё збольшага нармальна.

Да сустрэчы, Алесь Бяляцкі.

Парэшткі Змітрака Бядулі (ён жа Самуіл Плаўнік, 1886-1941) былі перанесены ў Мінск два гады таму, хоць і не без мітрэнгаў. Бядулева магіла – недалёка ад галоўнага ўваходу на Ўсходнія могілкі (злева ад цэнтральнай алеі).

І во зусім нядаўна з’явіўся помнік на магіле палітвязня Вітольда Ашурка (загінуў Вітольд у калоніі, пахаваны на радзіме ў Лідскім раёне). Думаю, пільнае расследаванне смерці актывіста БНФ і руху «За свабоду» яшчэ наперадзе.

Зварот рава Шмуэля Камінецкага з украінскага Дняпра – расповед пра свята Сімхэс-Тойрэ (адсюль). Хаг самэах!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

18.10.2022

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 18.10.2022  13:49

Канстытуцыі бываюць розныя…

Бадай, і не сеў бы набіраць гэты матэрыяльчык, але ў нядзелю, 11.10.2020, нейкі афіцыёзны тэлеканал паспрабаваў сутыкнуць такіх, як я, з іншымі «альтэрнатыўнікамі» («каму ёсць што сказаць, шлюць прапановы па змене Канстытуцыі дэпутатам, а не гукаюць на вуліцах»). Між тым 3 кастрычніка я давёў быў да ведама «дэпутатаў», што варта ўнесці змены ў сем артыкулаў.

Ніколі ў прынцыпе не атакаваў масавыя пратэстныя рухі – часам толькі пры іх дапамозе можна паставіць на месца зверыядаўцаў… Калісьці напісаў для расійскага навуковага часопіса «Дыяспары» (2002) артыкул пра Ізраіль як краіну пратэстаў. Сам не раз выходзіў у Мінску на мітынгі і шэсці – як санкцыянаваныя органамі мясцовай улады, так і не (у падобных выпадках арыентаваўся на Канстытуцыю і дух міжнародных нормаў). Спачуваю зняволеным і збітым: дужа сумна, што «галоўны» ці то не хоча спыніць паскудствы накшталт гэтага (удзень у цэнтры Мінска), ці то ўжо і не можа. Разам з тым… адной «вулічнай дэмакратыі», мірнай ці не, зазвычай недастаткова для дасягнення грамадска-значных, а пагатоў палітычных мэтаў.

Джону Ленану (1940-1980) 9 кастрычніка споўнілася б 80. Яго песня «Рэвалюцыя» дагэтуль актуальная, IMHO ці не IMHO

Сучасная дзяржава, не толькі беларуская – Левіяфан самы настаяшчы. Каб даць з ім рады, неабходна, як мінімум, распрацаваць стратэгію. Так, буйныя чыноўнікі часцяком не маюць «звышзадач», а імкнуцца «жыць, як набяжыць», вырашаючы праблемы «па меры паступлення», то бок займаюцца пераважна тактыкай. Гэта, аднак, не значыць, што іх апаненты могуць сабе дазволіць тое самае; на баку чыноўнікаў – сіла інэрцыі, дый блазнаватыя яны толькі да той пары, пакуль не пастаўлена пад пагрозу іх улада. Успомнім, як Уладзімір Караткевіч маляваў у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» мітрапаліта Гіляра Балвановіча: «Рыхлы, сонны, з маленькімі мядзведжымі вочкамі. Адны толькі гараджане ведалі, што, калі даводзіцца разбараняць у бойках гарадскія канцы, гэтая млявасць правялебнага можа цалкам нечакана, як у кракадзіла, перайсці ў бліскавічныя хуткасць і спрыт».

Яркі тактычны крок – паход «першай асобы» да вязняў у СІЗА КДБ (10.10.2020) з імітацыяй «круглага стала». Ніхто асабліва не хаваў, што сустрэча была скіравана на раскол «апазіцыі», вылушчванне з яе «канструктыўнай» фракцыі. Няйначай каб засведчыць «добрыя намеры», в. а. цара паціскаў прысутным рукі, а дваіх вязняў, якія «сталі на шлях выпраўлення», неўзабаве адпусціў пад хатні арышт.

Але трэба дадаць, што: а) сустрэча з «апанентамі», насуперак гэтаму меркаванню, была не першай за 20+ гадоў; б) папярэдняе «мерапрыемства» (22.06.2020, Брэст) скончылася тым, што абяцання (дапамагчы) арганізаваць рэферэндум након будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам «галоўны прамоўца» не датрымаў. Хутчэй за ўсё, і паход у СІЗА кладзецца ў звыклы набор тактычных прыёмаў – забалбатаць праблему, збіць пратэстную хвалю…

Канцэптуальная беднасць уладаў заўважана даўно і не мною. Разам з тым, сумнеўна, што штаб, аб’яднаны ў ліпені г. г. вакол Святланы Ціханоўскай (мала падобнай да прыхільніцы складаных планаў; вось і цяпер яна кажа з-за мяжы «Вы самі ведаеце, што рабіць» ды выракаецца звання «палітык»), меў нейкую патаемную стратэгію. Тым болей яе не мела «каардынацыйная рада», спехам сабраная ў сярэдзіне жніўня 2020 г. Многія ўчынкі членаў штаба і КР не спрыялі адзінству… я згадваў некаторыя з такіх учынкаў у ранейшых тэкстах, няма ахвоты паўтарацца.

Тактычных перамог у «твараў новага пратэсту» налічваецца нямала; і рэзалюцыі высокапастаўленых палітыкаў (у выпадку з Літвой – цэлага парламента), і сустрэчы з лідарамі Еўрапейскага Саюза… Праўда, Сунь Цзы даводзіў: «Тактыка без стратэгіі – проста мітусня перад паражэннем». Ну, гэта не пра нас (?!)

Стратэгія магла б нарадзіцца «знізу», у выніку самаарганізацыі двароў і прадпрыемстваў, але, відаць, даецца ў знакі нявопытнасць актывістаў… «Крытычная маса» не дасягнута, і акты лакальнай самаарганізацыі пакуль што не пераходзіць у рух нацыянальнага маштабу.

Цікавы праект апошніх тыдняў – вынаходства і папулярызацыя «мясцовых» сцягоў на аснове бел-чырвона-белага (відавочна, з мэтай падкрэсліць «рознасць і адзінства»).

Амаль кожны з раёнаў Мінска мае цяпер «свой» сцяг, і людзі гэтымі штандарамі карыстаюцца. Той, што з арлом ды надпісам «Арлоўка» (паходзіць ад вуліцы Арлоўскай), я сам бачыў на пл. Перамен перад чарговым нядзельным шэсцем…

Вось тут можна паглядзець варыянты сцягоў для гродзенскіх раёнаў. Вядома, «сцягіфікацыя» сама па сабе не здольная замяніць «хітры план», але магла б упісацца ў «стратэгію нармалізацыі» (назоў умоўны). Дасягненне гэтай нармалізацыі наўрад ці магчыма без канстытуцыйнай рэформы і сумленных выбараў. Што мусіць ісці спярша, а што потым, я зараз не рызыкнуў бы сцвярджаць напэўна…

Былы часовы павераны РБ у Швейцарыі Павел Мацукевіч мяркуе іначай: маўляў, рэформа ўжо ўзгоднена Макронам, Меркель, Пуціным «за зачыненымі дзвярыма» і мусіць быць рэалізавана да лета 2021 г., але яна не адпавядае інтарэсам беларускага народу. Кажа: «У нас не настолькі кепская Канстытуцыя, каб з яе пачынаць». З другога боку, няможна выключаць, што без адмовы ад прэзідэнцкага кантролю над цэнтрвыбаркамам і судамі (які з 1996 г. замацаваны ў Канстытуцыі) сумленныя выбары так і застануцца лозунгам, пустым гукам. А ў пільным міжнародным кантролі над працэсам выбараў (які, тэарэтычна, «ураўнаважыў» бы лукашэнскі) мала хто зацікаўлены, у т. л. і праз сітуацыю з COVID-19.

Інтрыгуе «Канстытуцыя Вольнай плошчы Перамен», што на мінулым тыдні з’явілася ў акаўнтах названай плошчы (дзякуй мастаку Андрэю Дубініну, які падзяліўся са мной яе тэкстам…)

Тут, безумоўна, жарт, але такі, у якім толькі доля жарту. Пазнаёміліся з ім многія жыхары «бунтоўных» дамоў… Пакуль што няясна, ці была гэтая «Канстытуцыя» прынятая большасцю галасоў на Смаргоўскім тракце і Чарвякова; у кожным разе, яе не відаць на славутай будцы з муралам, дый побач.

Станам на 16.00 12 кастрычніка. Мурал зафарбоўваўся, сцяг зрываўся, стужкі на плоце спальваліся… але яны, як тая птушка Фенікс 🙂

Хто ведае, можа, дзякуючы «Канстытуцыі плошчы Перамен» з цягам часу квартальчык атрымае сваё «Майдаборскае права»… або, прынамсі, статус, блізкі да «рэспублікі Ужупіс» (Зарачанскай) у cтарой Вільні. А можа, як горад Кракаў пасля 1815 г., «не будзе належаць ні Аўстрыі, якая яго саступіла ў 1809 годзе, ні Расіі, а стане вольнай незалежнай рэспублікай»? 🙂

Крыніца фота

Дарэчы, канстытуцыя Ужупіса існуе на восьмі мовах, у тым ліку беларускай, i там ёсць цікавыя пункты: «Кожны мае права быць адзіным і непаўторным», «кожны мае права памыляцца», etc.

Віталь Рымашэўскі з «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» 12.10.2020 заявіў: «Такога Беларусь яшчэ не бачыла, каб у кожным двары, у кожным мікрараёне грамадзяне краіны бралі адказнасць за арганізацыю дваровых канцэртаў, роспісаў муралаў, па сутнасці – за арганізацыю мясцовага самакіравання». Ну, наконт «кожнага» двара ён загнуў: «Плошча Перамен» у Цэнтральным раёне хутчэй вынятак, чым правіла. Але напрамак думкі слушны…

Адзін вусаты чэл, на манер оруэлаўскага О’Браяна, які «перавыхоўваў» Уінстана ва ўстанове міністэрства любові, дыдактычна тлумачыў вязням у суботу, што Канстытуцыі не пішуцца на вуліцах. Ганна Севярынец адгукнулася вершам «Наша канстытуцыя»:

Можа, і ёсць канстытуцыі, што пішуцца не на вуліцах.

Над іхнымі фармулёўкамі плыве кабінетны пах.

А нашая канстытуцыя ў дварах і на лесвіцах туліцца,

На дахах, на вежах, на комінах, на стэлах і на мастах.

[…]

Можа, у вас — на паперы. У нас — на бінтах і кашулях.

Па беламу-беламу полю чырвонаю паласой,

Па тратуарнай плітцы, па трансфарматарнай будцы,

Па плоце вакол Акрэсціна, па лоджыях у Баравой.

І вам не злічыць Галгофаў, паўстанняў і рэвалюцый,

Як не злічыць ніколі вачніц Курапацкіх ям,

Дзе мы напісалі навечна артыкулы канстытуцыі,

Па якой мы збіраемся выжыць — і жыць насуперак вам.

Каля дваццаці год таму ў Брэсце склалі і выдалі сатырычную «Канстытуцыю Белабрысіі» з такімі прыкладна артыкуламі: «Прэзідэнт у Белабрысіі мае ўсё, народ – усё астатняе», «Кожны пенсіянер у Белабрысіі мае права пераходзіць вуліцу на чырвонае святло і заплываць за буйкі», і г. д. Многае з яе зместу ў 2020 г. выглядае, бадай, як змрочнае прароцтва.

Думаю, што і ў найгоршым выпадку, калі раптам «Усебеларускі народны сход» будзе лупіць «нас» праектам Канстытуцыі, нібыта кітайскай дубінкай, трэба мець альтэрнатыўны варыянт, хаця б для самаабароны. На сёння я не ведаю, дзе сур’ёзна абмяркоўваюцца такія варыянты, ды на якой пляцоўцы вядзецца, напрыклад, пошук кампрамісу паміж прыхільнікамі моцнай прэзідэнцкай улады і парламенцкай рэспублікі.

Апасаюся, калі ў бліжэйшыя пару месяцаў канстытуцыйная камісія пад кіраўніцтвам М. Грыба не сфармулюе нешта ўцямнае, то цераз яе напрацоўкі папросту пераступяць. Як пераступілі «шырокія масы», палітычныя дарадцы і дзяржава цераз праграмы БХД («Народная партыя з хрысціянскім сэрцам», 2015) і Зянона Пазняка & Со. («Вольная Беларусь», 2017), дарма што ў абодвух дакументах было нямала каштоўнага.

Пакуль што прапаную зазірнуць у «Канстытуцыю вольнага горада Кракава» (1815) і чарговы раз пераканацца, што прагрэс – панятак умоўны, што нам ёсць чаго павучыцца ў людзей пачатку ХІХ ст.:

Арт. VІІІ. Сенат вызначае людзей для ўрадавых пасад і вызваляе па сваёй волі чыноўнікаў, якіх прызначае.

Арт. ХV. У краі будзе два суды: першай інстанцыі і апеляцыйны. У першым судзе трое суддзяў, а ў апеляцыйным чатыры, у тым ліку і старшыні судоў, будуць выконваць свае функцыі пажыццёва. Іншыя суддзі, якія ўвойдуць у кожную з названых устаноў адпаведна вымогам той ці іншай мясцовасці, будуць залежаць ад вольных выбараў у абшчынах.

Арт. ХVІІ. Усе цывільныя і крымінальныя справы будуць разглядацца публічна. У вядзенні судовых спраў увогуле (асабліва тых, якія належаць найперш да крымінальнага права) будзе прымяняцца інстытут прысяжных, адаптаваны да мясцовых абставін, культуры і характару жыхароў.

Пераклаў я гэтыя ўрыўкі з французскай паводле мемуараў Міхала Клеофаса Агінскага (князь уcтавіў у сваю кнігу, часткі якой паступова друкаваліся ў 1820-х гадах, мноства «нарматыўна-прававых актаў»). Нядаўна ўсё прагрэсіўнае чалавецтва адзначыла 255 год з дня яго нараджэння; для свайго ўзросту князь Агінскі добра захаваўся і ўладае старонкай у інстаграме 🙂

Кніжачку пра Агінскага (Мінск, 2008, 128 с.) некалі атрымаў ад аўтара, С. І. Верамейчыка

На жаль, артыкул «галоўнага партала краіны» (07.10.2020), прысвечаны знакамітаму культурнаму дзеячу, выйшаў павярхоўны. «Праект незалежнасці» Вялікага Княства Літоўскага сенатар Агінскі Аляксандру І не прапаноўваў і не быў «глыбока расчараваны» ў імператары, калі той адкінуў план аўтаноміі (1811). Сенатар Агінскі верна служыў Расіі ў вайну 1812 г. ды нахвальваў імператара – як перад смерцю Аляксандра (1825), так і пасля яе. Жыў ён у той час у Італіі, ад палітыкі адышоў, таму версія пра дыпламатычны этыкет не спрацоўвае.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

12.10.2020

Апублiкавана 12.10.2020  21:58