Tag Archives: Порозово

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (124)

Шалом!.. Блi кішалон? Забаўна, што іўрыцкае слова «kishalon» («няўдача») увайшло ў гарадскі слэнг англамоўных. А яшчэ больш забаўна, што, калі ўводзіш у пошукавік urbandictionary.com «Lukashenko», то выскоквае такі во мэсыдж, не без намёку…

На месцы Рыгорыча я б загадаў заблакаваць гэты ўрэдны рэсурс у Сінявокай. Або ўзнагародзіць яго стваральнікаў медалём за развіццё звышкаштоўнай думкі «лепей быць дыктатарам, чым блакітным», або так: узнагародзіць і потым заблакаваць. Амаль як у «Прыгодах Чыпаліна» незабыўнага Джані Радары – фашыста, які 75 год таму перакаваўся ў камуніста… Праўда, дзе-нідзе даводзяць, што ў фашысцкую партыю на пачатку 1940-х ён запісаўся, каб ямчэй змагацца з ворагам (рыхтык той Штырліц).

Не ўсё шаноўнае чытацтва было ў курсах, што сёлета ў мінскага піўзавода – юбілей, ажно 155 гадоў… Першую піваварню ў 1864 г. пабудавала на месцы сучаснага завода мяшчанка з характэрнымі імем і прозвішчам: Рохл(я) Фрумкіна. У гонар «круглай» даты быў звараны гатунак «Багемскае паравое».

Раней іншы вытворца шпурнуў быў на рынак піва «Спарыш» – няйначай у гонар былога генеральнага сакратара БСДП(НГ), ньюсмэйкера, які нават у «Катлетах & мухах» засвяціўся 🙂

Раз «пайшла такая п’янка», бадзёра падкідваю маркетолагам ідэйку да сусветнай шахалімпіяды 2022 года – піва «Шахматнае»! Кандытары ўжо даўно расшалопаліся…

Але чаму раптам «Шахматный слодыч»? Слодыч у беларускай мове – жаночага роду.

Дарэчы, «Аліварыі» варта было б выпусціць «інтэлектуальнае» піва яшчэ з адной прычыны. Перад алімпіядай у Мінску лёгка прадбачыць «набегі» на спонсараў з боку адміністрацыі, як тое было перад Еўрапейскімі гульнямі. Выпуск «шахматнага» піва можа залічыцца як уклад у падрыхтоўку спартыўнай імпрэзы (ну, піяр жа, шахмат жа!), і фірме не прыйдзецца пускаць на вецер у ход жывыя грошы 😉

*

Пазаўчора з’явіліся-такі ўказы аб прызначэнні выбараў у Нацыянальны сход на лістапад 2019 г. Калі гэтыя кепскія паперы не будуць аспрэчаны ў Канстытуцыйным судзе (да разбору справы па сутнасці, хутчэй за ўсё, не дойдзе, але хто ведае…), то дэпутаты страцяць 10 месяцаў з перыяду сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў, г. зн. амаль 20%. Паводле рэдакцыі партала tut.by, нічога страшнага не адбудзецца – «тэрмін працы цяперашняга парламента будзе крыху скарочаны». Відаць, магутна кагосьці «нармалізавалі» год таму, у час «справы БелТА» 🙁

У «Народнай волі» 02.08.2019 паказана рэакцыя кіраўнікоў камісій палаты прадстаўнікоў на пытанне пра дачасныя выбары – «стакгольмскі сіндром» самы настаяшчы. Уладзімір Б.: «Хто будзе абурацца рашэннем прэзідэнта?» Дзмітрый Ш.: «Няма ніякіх парушэнняў закона ў тым, што тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў скарочаны», etc. На гэтым шэрым фоне арыгінальнасцю вылучыліся «філасофскія» развагі старшыні камісіі па міжнародных справах: «Любое грамадства мае тое, што заслугоўвае, і дабіваецца таго, на што здольнае. Калі пытанне тэрміну паўнамоцтваў не хвалюе грамадства, то ці павінна гэта хваляваць тых, хто абавязаны выконваць іх волю?» Усё ж гэта сафістыка, каб не сказаць «дэмагогія». Па-першае, не абавязаны канкрэтны дэпутат слепа выконваць волю выбарцаў сваёй акругі (іншымі словамі, няма ў яго імператыўнага мандату). Па-другое, я ўпэўнены, што пытанне хвалюе значную частку грамадства, асабліва ў сталіцы, дзе няхілая доля юрыдычна падкутых людзей, знаёмых з арт. 93 Канстытуцыі. Дарэчы, пан Варанецкі ў 2016 г. балатаваўся менавіта ў Мінску.

Тутэйшыя «незалежныя» СМІ цягам трох месяцаў не знайшлі часу, каб паведаміць пра бяскрыўдную ініцыятыву – звароты грамадзян да дэпутатаў «сваіх» акругаў у падтрымку Канстытуцыі ды парламентарызму (накшталт ліста, які мастак А. Дубінін адправіў спявачцы І. Дарафеевай яшчэ ў канцы красавіка). Вось і здаецца некаторым, што беларусам усё роўна, топча «галоўны» Канстытуцыю, або не, што на «грамадства» можна перакінуць адказнасць… Думаю, зусім скора гэтых «некаторых» накрые расчараванне.

А цяпер загадка. Якая сувязь паміж ярмошынскай заявай аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў 30 жніўня 2020 г. і выстаўленнем на торг будынка сінагогі ў гарпасёлку Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (тым самым Поразаве, адкуль родам знаная акцёрка Эстэр-Рохл Камінская)? Адказ: у абодвух выпадках службовыя асобы бясклопатна распараджаюцца чужымі аб’ектамі…

Паводле Канстытуцыі (арт. 81), дату прэзідэнцкіх выбараў вызначае ніжняя палата парламента, а не чыноўніца са сваёй камісіяй – «тэхнічным органам», як Ярмошына сама яго накрэслівала ўвесну. Цікава, што ніхто з будучых «канкурэнтаў» Лукашэнкі 05.08.2019 не звярнуў увагі на гэтую акалічнасць (а мо хітрамудрае «Радыё С.» і не дало гэтага зрабіць?) Тут запярэчаць, што чыноўніца – якая трапіла ў пастку з утрыманнем уласнага маёнтка ды баіцца жыць на адну пенсію – проста выказала сваё падхалімскае меркаванне пра аптымальную дату, але ў такім разе публіцы лепей бы яго проста праігнараваць. І я праігнараваў бы, калі б раскручваць навіну не пачаў нацыянальны прававы (!) рэсурс. Не кажучы пра розныя тутбаі & «Беларуси сегодня».

Вядома, задача лукашэнскай адміністрацыі – атрымаць у канцы 2019 г. паслухмяны парламент, пазбаўлены нават той кволай «апазіцыі», што ёсць там цяперака. Вядома, сіл у «выканаўцаў» куды болей, чым у «народных абраннікаў», ды раз на год і палка страляе… Во будзе смешна, калі парламентарыі збяруцца на сваю першую сесію – і раптам прызначаць выбары прэзідэнта не на дзень народзінаў Лукашэнкі, а на вясну 2020 г., як бы ў знак помсты за скарачэнне тэрміну паўнамоцтваў сваіх папярэднікаў 😉

Паводле сусветных норм, часткова засвоеных і ў Беларусі, маёмасць належыць нашчадкам тых, у каго была незаконна канфіскавана. Духоўнымі нашчадкамі тых яўрэяў, што ў канцы ХІХ ст. пабудавалі сінагогу пад Ваўкавыскам, варта лічыць членаў іудзейскай абшчыны, найбліжэйшай да Поразава. Напэўна, гэта будуць іудзеі, адказныя за сінагогу ў Гродне… Што ім рабіць з напаўразбураным – але яшчэ трывалым – будынкам у Поразаве, гэта ўжо іх справа.

Дзейная гродзенская сінагога (hrodna.life); тое, што засталося ад сінагогі ў Поразаве, у 1964 г. ператворанай у склад (fotobel.by).

*

Усё прагрэсіўнае чалавецтва на Свіслачы, Дзвіне і Нёмане хвалюе, «што там у расіян». Аляксандр Л-к з Полацка, экс-шахматыст, а цяпер квазіпалітык, тыдзень таму заявіў: «Россиюшка поднимается с колен» (і нам, маўляў, з ёй па дарозе). Між тым у суседзяў назіраецца прымітывізацыя; іх улады працуюць тымі ж брутальнымі метадамі, што ў Беларусі ўжываліся прыкладна ў 1996-м годзе… Тады ў Расіі таксама было шмат нездаволеных, але іх нейтралізоўвалі больш хітра, чымся ў нас. Цяпер, бач, наадварот: у нас «касманаўты» неяк выйшлі з моды, у Маскве – увайшлі.

Арт-каментар Алега Мініча з racyja.com

Cёння я не па-мізантропску лагодны – пішу пра ўсіх-усіх… Ну, дзейнічае такі «Цэнтр новых ідэй» пад камандзёрствам адстаўных маладафронтаўцаў. На сайце ideaby.org то «ўздымаюць» рэгіёны Беларусі, то «выганяюць» міністра адукацыі (не дакляруючы альтэрнатывы), а цяпер во школьную праграму па літаратуры «перарабляюць». Апошні план – ад культуролага Вадзіма Мажэйкі, выхадца з «Ліберальнага клуба». Падзівіцеся

Ёсць, безумоўна, ў мажэйкавым артыкуле тэзісы здаровыя, хоць і банальныя. Пра настаўнікаў: «Заробкі неабходна павысіць, а не звязаныя з навучаннем абавязкі – скасаваць». Далей сам аўтар прызнае: «Гэта гучыць як кніжная ісціна, якую шмат разоў паўтаралі нават на самым высокім узроўні, але заганная сістэма працягвае існаваць». І што маем?.. Апошняе, 777-е кітайскае папярэджанне?

Дапушчэнне «бадай, асноўны забойца цікаўнасці да літаратуры – гэта сучасная школьная праграма», як мінімум, спрэчнае. Успамінаю сябе і сваіх аднакласнікаў у канцы 1980-х – пачатку 1990-х: тагачасная праграма па літаратуры была не менш «патрыярхальнай» ды ідэалагізаванай, чым цяпер, але ж чыталі нямала, абменьваліся кнігамі… Асабліва каціраваліся замежныя фантасты кшталту Гарысана, Катнера, Хайнлайна, Шэклі (была б «крутая» белфантастыка, юзалі б і яе). Зрэшты, пасля Талстога ды Тургенева добра заходзілі і Міх. Булгакаў, і Д. Хармс.

Артыкул В. М. – не без метадычных парадаў: «Школьны курс дагэтуль грунтуецца на кансерватыўным падыходзе да разгляду твораў. Каб рэфлексаваць над прозай ды лірыкай, дзецям прапануецца засвоіць “асновы светаўспрымання аўтара”, вывучыць яго біяграфію, а потым зразумець, што аўтар хацеў сказаць. Дзіўна засяроджвацца на гэтым у век постмадэрну, калі Ралан Барт ужо 50 гадоў таму напісаў “Смерць аўтара» Пэўна, француз Барт афігеў бы, дазнаўшыся, што яго кароткае і суб’ектыўнае эсэ ў 2019 г. прапануюць прыняць за догму ў Беларусі.

«Немагчыма развіць мысленне, калі проста завучваць тлумачэнні са старой крытыкі» – дык у сучасных навучальных установах і не абмяжоўваюцца «простым завучваннем». Нават у познім СССР лічылася, што вучням трэба ведаць факты плюс умець выказаць уласнае стаўленне да твораў ды персанажаў. (Згадваю, зноў жа, сваю сярэднюю школу, а таксама апавяданні Ільі Зверава кшталту «Другое красавіка».) Агулам, добрай школцы ўласцівы баланс паміж аўтарытарнасцю і разняволенасцю.

Сама ідэя адчужэння літаратурнага твора ад аўтара не дужа мне падабаецца, хоць у 1960-х яна, магчыма, гучала рэвалюцыйна. Зараз насаджэнне гэткага падыходу ў школе здольнае прывесці хіба да дэвальвацыі аўтарытэтаў – за выняткам тых, каторыя «тут і цяпер». Да большай залежнасці школьных курсаў ад моды і палітычнай кан’юнктуры.

Думка выпускніка філфака БДУ, пісьменніка Змітра Дзядзенкі: «Біяграфія ўсё ж уплывае на творчасць. Як уплывае на яе эпоха. Не ўяўляю, як тлумачыць паэзію Маякоўскага ці творы Купалы без сумленнай біяграфіі. Часам біяграфія можа стацца той фішкай, якая зацікавіць, прывабіць будучага чытача». А калега Павел Касцюкевіч на запыт, ці варта вывучаць жыццяпісы літаратараў у школе, прыгадаў выказванне Сяргея Жадана: «Біяграфіі ва ўкраінскіх пісьменнікаў звычайна цікавейшыя, чым творы».

Ці памысна ў РБ адмовіцца ад асобнага курса рускай літаратуры, перавёўшы яе творы ў курс літаратуры сусветнай? Мо і памысна (няхай скажуць адукатары-метадысты), аднак у любым разе гэта зусім не першачарговая задача. Дый лозунг Мажэйкі «доля рускай літаратуры ў беларускай школьнай праграме мусіць адпавядаць адсотку, які складаюць творы рускіх пісьменнікаў у сусветнай літаратурнай спадчыне» – нейкі дэмагагічна-статыстычны… Прадаўжаючы ў тым жа духу, не дайсці б да высновы, што і аб’ём беларускай літаратуры ў агульнай праграме дапушчальна скараціць да 1% (прадстаўнікоў Беларусі сярод лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі – 1/107, нават менш за адсотак, а сярод жыхароў зямной кулі беларусаў усяго-та блізу 0,12%). У гуманітарных сферах статыстыка працуе з перабоямі: пра гэта здагадваюцца нават заўзятыя хунвэйбіны лібертарыянцы 🙂

Цытатнік

«У мяне адчуванне, што цяперашні этап расійскай гісторыі, расійскага грамадства – гэта зацяглая хвароба. Пагатоў што ўрачоў гоняць з парога і спрабуюць іх неяк абезруховіць» (Дзмітрый Быкаў, 02.08.2019) Аналагічныя адчуванні з’яўляюцца ў мяне пры поглядзе на асобныя сегменты беларускага грамадства… Толькі не прыпісвайце мне думак кшталту «беларусы ўсе хворыя» 🙂

«Дзяржава спярша фарміруе кепскія законы, потым ужо гэтыя кепскія перастаюць яе задавальняць… Таму што нават у рамках гэтага вельмі кепскага, нязручнага для грамадзян, але зручнага для ўлады заканадаўства яно не можа ўтрымаць сітуацыю пад кантролем. І тады гэтай уладзе даводзіцца свае ж законы парушаць» (Алена Лук’янава, 02.08.2019)

«Планы барацьбы з алкагалізмам ажыццяўляюцца праз паўмеры. Відаць, алкагалізацыя насельніцтва камусьці вельмі патрэбная. Разам з тым пры дапамозе рупараў прапаганды нас хочуць пераканаць, што вайна з алкагалізмам ідзе, і часам паспяхова» (Міхалена Немагай, 03.08.2019)

Вольф Рубінчык

Мінск, 07.08.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 07.08.2019  11:37

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70і)

Веснавы – нарэшце – вялікалітоўскі шалом! Гэтая серыя – пра даўкаваты паслясмак ад «Дня волі», ну і пра ўсё патрохі.

Напярэдадні «Дня Х» нью-ёркскі музыка Зміцер Сляповіч зрабіў такі запіс: «Думаю пра маю родную Беларусь, пра тое, што заўтра будзе 100 гадоў яе незалежнасці (усё яшчэ цалкам не дасягнутай). Мая родная краіна пакутуе ад дыктатуры, расійскага кантролю, несвабоды, унутранай і рэальнай эміграцыі… І ўсё ж Беларусь дала мне мовы, ідэнтычнасць (дакладней, ідэнтычнасці). Я бачу блізкае падабенства ў цяжкім лёсе беларускай і ідыша». На наступны дзень З. С. узяў удзел у манхэтэнскай імпрэзе «Беларускага інстытута Амерыкі» – спяваў белмоўныя песні і пераклад на ідыш «нятленкі» «Бывайце здаровы, жывіце багата…»

Пан Сляповіч сядзіць у першым радзе, справа. З «нашых» на фота – яшчэ і Сляповічаў цёзка Левіт (стаіць злева, у фуражцы)

Рады за тых, каму 25 сакавіка падалося дапраўды святочным днём. Новы рэдактар «Берегов» схадзіў у Мінску на дазволенае мерапрыемства, зрабіў сэлфі ды «зацаніў» свята: «Класная атмосфера!» Пра абвяшчэнне Беларускай народнай рэспублікі ў 1918 г. Юлій А. выказаўся так: «Спроба была. І, як нагода для гонару, гэтая спроба зусім не горшая за паўстанне ў Варшаўскім гета, якім я асабіста шчыра ганаруся». Папраўдзе, параўнанне з падзеямі 75-гадовай даўніны прыцягнутае даволі-такі за вушы; хутчэй дзейнасць «айцоў-заснавальнікаў» БНР нагадвае Першы сіянісцкі кангрэс 1897 г. у Базелі, пасля якога Тэадор Герцль занатаваў: «Я заснаваў яўрэйскую дзяржаву… Праз 5 або 50 гадоў гэта прызнаюць усе».

Ну, а ваш пакорлівы слуга 25.03.2018 не выбавіўся ні на плошчу Якуба Коласа, ні на пляцоўку ля Опернага тэатра… Бо ў святле (хутчэй цемры) папярэдніх мітрэнгаў не карцела адчуваць сябе ні Сотнікавым, ані Рыбаком – мабыць, я з іншага атрада 🙂

Вядома, на дзень можна было забыцца пра сваю партызанскасць і паліталагічнасць, ды ў якасці аднаго з тысяч згубіцца ў тлуме, адпачыць пад жывыя прамовы і музыку… Аднак папярэдняя «праграма свята» не дужа натхніла; густы «Рады БНР» узору 2018 г. & беларускай службы «Радыё Свабода» (што прыкладна тое самае) і мае прыхільнасці – «дзве вялікія розніцы». Калі б арганізатары запрасілі Фелікса Х. пачытаць вершы, а Свету Б., Федзю Ж. і Пінхаса Ц. – паспяваць, то, можа, і прыцёгся б на Траецкую гару. Тады, глядзіш, і мяне б сфоткаў любімы тутбай 🙂

«Гістарычнае адкрыццё» ад супермегапартала tut.by; БНР у 1919 г. фінансаваў Скарападскі (!), ды яшчэ і Пётр (!! – памёр у 1885 г.)

* * *

Тыя, каму дадзявала шэсце ад плошчы Я. Коласа, не хавалі таго, што арыентуюцца на стварэнне «прыгожай» карцінкі ды на ўтылізацыю «змагароў». Спікер гэтай хітрамудрай інтэрнацыянальнай групоўкі Юрый Д. не без яхідства заўважыў: «людзі, якія былі сёлета затрыманыя на плошчы — гэта прыкладна былі ўсе, хто наагул на яе прыйшоў». Маўляў, ініцыятары шэсця «памыліліся, недакладна разьлічылі грамадзкія настроi», а вось арганізатары мітынгу-канцэрту «збольшага правільна разьлічылі».

У палітыцы колькасць далёка не заўжды пераходзіць у якасць. Гэта даказваюць і «фэсты “Юманітэ”» – імпрэзы, якія, пачынаючы з 1930-га, амаль штогод ладзіліся ў Францыі пад эгідай тамтэйшай кампартыі. На іх завітвалі ажно сотні тысяч цікаўных, аднак на папулярнасці партыі ў краіне тое істотна не адбівалася. Разявакі наведвалі канцэрты з удзелам «зорак» (гралі ў камуністаў Чак Беры, «Пінк Флойд», і «Дып Пёрпл»…), дэгуставалі прысмакі, слухалі «левыя» лозунгі, часам нават падпісвалі заявы аб уступленні ў кампартыю – і разбягаліся, хаваючы свой «актывізм» як мінімум да наступнага года.

Што да мяне, то ў любой сур’ёзнай справе я б аддаў перавагу тым, хто 25.03.2018 не збаяўся «плошчы», а не тым, каго прыцягваюць тусоўкі з бел-чырвона-белым сцягам у рэзервацыі спецыяльна вызначаным і дазволеным рукавадзяшчымі таварышамі месцы. Не выключаю, што адзін 90-гадовы дзядуля, затрыманы амапаўцамі (Аляксандр Карызна яго зваць), здольны на большае, чым сотня «патрыятычных» маладзёнаў, якія паслухмяна згарнулі сцягі, пакінуўшы тэрыторыю свята.

Думкі пра колькасць наведвальнікаў «Свята незалежнасці» ў Мінску, як і чакалася, істотна адрозніваюцца. Палітолаг Дзяніс М. ацаніў гэтую колькасць у 6000 чалавек – звесткі, бадай, заніжаныя, бо людзі не стаялі на месцы, цыркулявалі. Арганізатары называлі агульную лічбу 50000 чалавек – і «стрэлілі сабе ў нагу», бо няўжо імпрэза была настолькі нецікавая, што за 6 гадзін аўдыторыя змянілася ВОСЕМ разоў? Праўдападобна, да Опернага тэатра, дзе не так ужо шмат вольнага месца, прыходзілі ад 10 да 20 тысяч.

Калі зацікаўленыя асобы «раздзьмуваюць» лічбы, то гэта можна зразумець (успомнім казус з жаночым забегам; праўда, там завысілі колькасць толькі ў 1,5-2 разы, а не ў 3-4). Мяне больш дратуе той факт, што калегі-аналітыкі таксама лічаць для сябе прымальным займацца дэмагогіяй. Андрэй Л. у фэйспалмбуку: «У сваім коле спецыялістаў-грамадазнаўцаў мы можам казаць пра 8-15-20 тысяч. Але трэба, каб быў сігнал грамадзтву, што было 50 тысяч, што і робіць НН. Усё ж карцінка атрымалася выдатная. Кожная дзяржава і кожны грамадзкі рух мае падмурак і ў мітах». Той самы Дзяніс М. адпавёў годна: «Ага, давайце хлусіць людзям, як і дзяржаўная прапаганда».

Нехта ў сакавіку пананосіў графіці «100 год БНР» на сцены ў Фрунзенскім раёне, не пытаючыся дазволаў і рэальна рызыкуючы… Мінск, 29.03.2018

Да і падчас канцэрту арганізатары параздавалі безліч «бел-чырвона-белых» аксесуараў: «налепак, значкоў, напульснікаў, буклетаў і ўлётак». Сэнс, наколькі разумею, у тым, што свята  мае крочыць па краіне, што наведвальнікі будуць пазначаць сябе ўвесь юбілейны год, а гэта пашырыць ідэі незалежнасці ў белграмадстве. Праект небезнадзейны, аднак прыпамінаю, што пасля вясны 2006 г. многія мінскія маладзёны таксама насілі аналагічныя значкі…

Вось толькі з той самай свабодай і к вясне 2018 г. штось не склалася 🙁

Для кволага кастусёўскага БНФ і губарэвіцкага піяр-руху «За Свабоду» праведзенае «мерапрыемства» – адносны поспех, прынамсі нехта пра іх напісаў (во нават і я :)) Агулам жа, улады сёлета выйгралі сакавіцкі раўнд па акулярах ачках – замацавалі мяжу паміж двума лагерамі «апазіцыянерчыкаў», прадэманстравалі гнуткасць, ізаляваўшы палітактывістаў ад «народа», але не пасадзіўшы іх надоўга… Можа быць, гэта Пірава перамога. Мо і «лаяльным» дзеячам неўзабаве надакучыць скакаць пад чужую дудку – асабліва, калі не будзе стрымана абяцанка павесіць мемарыяльную шыльду ў гонар БНР на вул. Валадарскага, 9… Нагадаю, грошы на дошку месяц таму былі сабраныя за тры гадзіны; меркавалі, што ўрачыстае адкрыццё адбудзецца 23.03.2018.

Папулярны гарадскі партал, відаць, купіўшыся на бадзёрыя заявы Глеба Лабадзенкі, у той дзень загадзя паведаміў, што адкрыццё адбылося. На заўвагі (не толькі мае) рэдакцыя «Сіцідога» не адрэагавала, і нават сёння ў іх вісіць такая інфа:

Новае пакаленне беларускай журналістыкі… Між тым, 22.03.2018 старшыня Саюза мастакоў патлумачыў, што «ўлады папрасілі перанесці адкрыццё дошкі на наступны тыдзень». Мінуў тыдзень – дошкі на будынку няма. Дата яе ўсталявання дагэтуль невядомая, і пан Сітніца пад канец сакавіка будзе казаць: «Растуць падазрэнні».

Затое… Зноў, пасля 35-гадовага перапынку, выйшла кніга аднаго купалаўскага верша («А хто там ідзе?») у перакладзе на розныя мовы. Цяпер там, апрача ідыша, ёсць і версія на іўрыце. Самой кнігі 2018 г., праўда, не бачыў – прачытаў пра яе тут. Урэшце, выявілася, што нават не 100 перакладаў тамака, а 101! 🙂

27.03.2018 схадзіў я на вечарыну ў музей беларускай літаратуры – і ля гардэроба нечакана быў запрошаны выступіць (дзякуючы вядучай Алёне Канапацкай). Што ж, сёе-тое пра Ізі Харыка распавёў, балазе не без досведу. Прачытаў пару вершаў.

Фоткі адсюль

Віктар Жыбуль многа і цікава гаварыў пра паэта Тодара Кляшторнага, пара студэнтаў яго дапоўніла, Ксенія Тоўсцік грала на ўкулеле і спявала… Карацей, cправа «ЛІТэАРТа» жыве і квітнее, бы тая пралеска.

Выступае К. Тоўсцік

Тым часам «галоўны» над усімі музеямі і прочымі дзяржаўнымі ўстановамі ўжо не намякнуў, а проста даў адмашку рыхтавацца да рэферэндуму ў Беларусі. З майго гледзішча грамадзяніна Беларусі, першае і галоўнае пытанне мусіць тычыцца вяртання ў Канстытуцыю максімальнай колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў (два). У 2004 г. абмежаванне было знятае – жызня паказала, што пара яго аднавіць… Бестэрміновае кіраванне аднаго чыноўніка прыводзіць краіну да стану, не проціў ночы кажучы, Кемераўскай вобласці… Сярод асноўных задач самавітага дзяржаўнага дзеяча – цягам 5-10 гадоў падрыхтаваць сабе прыстойную змену.

Калі ж такой змены ў Канстытуцыю прапанавана не будзе, то варта ўжо наўпрост спытацца ў «электарату»: «Ці падтрымліваеце ператварэнне Рэспублікі Беларусь у манархію?» Так сабе варыянт, але ён лепшы за існуючы лад, калі «ні рыба, ні мяса», калі выбары ладзяцца для праформы, адцягваюць значныя матэрыяльныя рэсурсы і дэ-факта адно дэмаралізуюць «электарат» (ОК, выбарцаў). Як той казаў, у манархічнай дынастыі выпадкова можа выгадавацца і прыстойны чалавек…

Дальбог, «прэзідэнт» мог бы пераназваць сябе ў цара (вялікага князя, караля, султана) Луку І ды «імем рэвалюцыі», як ён гэта палюбляе, сфармаваць новую арыстакратыю. Напрыклад, з людзей, чыё прозвішча гучыць падобна: Лукашонкі, Лукашанцы, Лукашэвічы… За адным разам нейтралізаваў бы Лукашука, дырэктара злаўрэднага «Радыё Свабода», хоць яно ў Беларусі і так ужо, здаецца, на кароткім павадку. Агітатары з прапагандыстамі заўсёды між сабою лёгка дамаўляліся 🙂

Мемуарная паўза. У шостым выпуску «Дзеяслова» за 2017 г. – расповед вядомага бібліёграфа Юліі Бібілы (1897–1974) пра дзяцінства на Гродзеншчыне. Запісаныя былі ў 1967 г.; тут падаю ўрывачак, каб заінтрыгаваць («толькі для вас» :)):

Насельніцтва мястэчка Поразава: яўрэі – саматужнікі і гандляры – і беларусы. Побач з бабаю жыў саматужнік, які фарбаваў пражу для мясцовых ткачых. Праз плот сада можна было бачыць розных колераў маткі, развешаныя на дручках для прасушкі. У цэнтры мястэчка былі крамы больш заможных гандляроў, дзе можна было набыць крамніну і абутак. Тавар прывозілі з Ваўкавыска і нават з Беластока. Аб такой падзеі паведамлялася пад сакрэтам і запэўнялася, што тавар – гэта нешта незвычайнае: «Толькі для вас».

Змястоўных мемуараў пра свае родныя мясціны нямала запісалі і беларусы, і яўрэі; згадаю хаця б Іехезкеля Коціка (пісаў пра Камянец) і Соф’ю Рохкінд (пра Талачын). Калі ж хто хоча даведацца пра жыццё ў даўнейшых мястэчках, асабліва заходнебеларускіх, ад прафесійнага гісторыка, то рэкамендую кнігі Іны Соркінай, пачынаючы з гэтай.

Зноў аскандаліўся беларускі сайт з птушынай назвай, які ўлетку 2015 г. блакаваўся ў РБ (у свой час я за яго, смешна сказаць, заступаўся…) Учора не знайшлі нічога лепшага, як пад навіной аб тым, што Беларуская чыгунка ўводзіць плату за падзарадку мабільных тэлефонаў, уляпіць гэты калаж:

Неўзабаве прыбралі, але «асадачак застаўся», як і неапаганскі душок ад рэдакцыі, дзе лічылі нармальным гуляць з сабакам па мацэйвах з яўрэйскіх могілак. Так, свабода слова і самавыяўлення, цудоўна… Але наступным разам няхай хто-небудзь іншы за іх заступіцца.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.04.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.04.2018  23:00