Tag Archives: поп-культура

Н. Голава пра яўрэйскія танцы (1)

* * *

Прывітанне, Хосідал, Сем-сорак – бывай, альбо Куды прыводзіць м̶я̶ч̶т̶а папулярызацыя

Першая частка

Я ўжо была хацела адмазацца ад падрыхтоўкі гэтага матэрыялу, бо, паглядзеўшы на свой амаль гатовы лонгрыд, зарыдала. Ніводны тэкст не здольны перадаць усе мае пачуцці, што электрычаскімі разрадамі пстрыкаюць з фотачак і б’юць ключамі жывой вады з відосікаў Ваймара. І тут на вочы трапіла чарговая «цыганачка з выхадам».

Апусцім дэталі кшталту традыцыйных яўрэйскіх какошнікаў з гомeльскага рэгіёнa на вясёлых кабетках, бо гэта справа асабістага густу (мо і не зусім асабістага, але тут яшчэ на адзін лонгрыд рыданняў…). Апусцім нават драматургічныя дзівосы ў інтэрвію кшталту «а мы чота гралі беларускія танцы і раптам вырашылі граць яўрэйскія», бо аднойчы самі далі повад для такіх дзівосаў.

У 2017 годзе, калі барысаўскі клуб папрасіў мінскіх музыкаў вывучыць для майстар-класа колькі яўрэйскіх танцаў, да іх былі дададзены «умоўна» яўрэйскія з беларускага традыцыйнага рэпертуару (фотка В. Цвірко)

Аднак, калі нешта называецца «яўрэйская танцавальная вечарына», то хочацца ўдакладніць: таварышы, вы мелі на ўвазе вечарынку ў яўрэйскім асяродку? Альбо тое, што людзі будуць танчыць яўрэйскія танцы? Даруйце, вы пэўныя, што тое, што вы на той вечарыне танчыце, на самай справе з’яўляецца яўрэйскімі танцамі?

Я не.

Пачнем з-за печкі. Восенню 2019-га пабачыў свет артыкул пра выступ беларускага этнахарэографа на культурным свяце ў Мінску. Паважаны пан Танцмайстра ўпэўнена прапанаваў нейкі яўрэйскі танец з яго вёскі – танец, які не існуе ўжо як фальклорны ўзор, але «старажылы помняць», бо «падгледзелі ў мясцовых жыдоў». Ён паказваў хрэстаматыйныя рухі сцэнічнай пародыі на яўрэйскую народную (савецкую!) харэаграфію. Сталыя вясковыя музыкі гралі «Сем-сорак», танцоры паўтаралі крокі, гледачы глядзелі, нацыянальнае выданне напісала (і дадало відэапруфы).

Відэа з youtube-канала Alena Liaszkiewicz

«А можа, ты зарэпосціш?» – спыталася аўтарка матэрыялу.

А можа, не будзем спрабаваць дастаць з бабінай шафы тое, што туды ніколі не клалі? А то ж на хвалі ажыятажу да адраджэння ўсяго яўрэйскага ў ход ідзе і сем-сорак, і шабат-шалом у нядзелю, і ізраільская кухня на літвацкім фэсце (рэаліі беларускіх прамоўтараў яўрэйскай спадчыны). Нішто яўрэйскае, как гаварыцца, нам не чужда. Такім жа чынам, здаецца, нядаўна прадавалася «беларуская вышыванка». Хто першы наштампаваў — той пры барышах.

Пра гэта ёсць харошая казка, але пакіну на фінал. Зараз будзе пра танцы.

Не, я не прафесійная танцорка, не экспертка ў этнаграфіі, дый дзякуй Б-гу. Я арганізатарка івэнтаў і кінематаграфістка. І мяне прыцягвае не столькі фальклорны ўзор сам па сабе, як сітуацыя, пры якой да гэтай з’явы ўзнікае цікавасць з боку розных людзей і пачынаецца нястрымны брэндзінг+стварэнне міфаў.

Але яшчэ больш вабіць мой асабісты, глыбока ўнутраны рэзананс з тым узорам. Як нядаўна сказаў адзін знаёмы, «сваё – рэзануе». Возьмем мяне адразу ў тым моманце, дзе я пачала ўжо асэнсавана запытваць пра яўрэйскія танцы мінскіх музыкаў, што дзесяць год іграюць вечарынкі. Такія вечарынкі, куды людзі прыходзяць не на адзін раз (бо майстар-клас ці анімацыя), а рэгулярна, бо гэта частка іхнага жыцця і любімы адпачынак. Тая ж дыскатэка, толькі як даўней.

Такія вечарынкі робіць клуб Сіта, па нядзелях летам – у Верхнім горадзе ў Мінску, зімой – у Міханавічах (Мінскі раён)

Чаму менавіта іх запытвала? Бо ўсё яўрэйскае, што я знаходзіла з яўрэйскіх крыніц, было альбо катастрафічна сцэнічнае, альбо флэшмобна-ізраільскае, пабудаванае на новай яўрэйскай масавай харэаграфіі. Маю на ўвазе ізраільскія танцы і працы спадара Баруха Агадаці (Каўшанскага), які і стварыў у трыццатых гадах мінулага стагоддзя новы танцавальны жанр. Сваёй «настаяшчасцю» і дачыненнем да традыцыі вылучаюцца, бадай, толькі дзікія ўкраінскія і яўрэйскія танцы з амерыканскіх вяселляў. Пашукайце гуглам Каламыйку, Хору, Перэніцу – і самі ўбачыце.

Дык вось нашыя беларускія музыкі граюць сапраўдныя! не прыдуманыя пастаноўшчыкам какіе-нібудзь! але вясковыя танцы. Бо іх яны назбіралі ў экспедыцыях і рэканструявалі па этнаграфічных запісах. А гарацкія, аказваецца, ніхто і не даследваў. Бо аматарскія этнаграфічныя суполкі, што зрабіліся папулярныя апошнім часам, шукаюць сваю беларускую ідэнтычнасць па вёсках. Яўрэйскую ідэнтычнасць па мястэчках яны не шукаюць. Дый ні мястэчак у тым выглядзе, дзе можна было б пашукаць, ні носьбітаў той ідэнтычнасці не засталося. Таму, калі раптам з’яўляюцца «узгаданыя старажыламі» танцы, якія дужа напамінаюць рэпертуар раённага народнага ансамбеля песні і пляскі, мне інтуітыўна хочацца… перахрысціцца.

Відэа з youtube-канала Dance Hayat

Ну, што было рабіць. Нашыя музыкі расказалі і паказалі ўсё, што ведалі пра «Суботу», «Нажнічкі», «Жыдка» і «Жыдовачку» – беларускія традыцыйныя танцы, якія сведчаць пра добрасуседскія стасункі дзвюх культур. А далей я пайшла праз… Маскву. З танцмайстаркай Данай Ліфанавай мяне пазнаёміла наша беларуская, віцебская танцмайстарка з іншага накірунку, contemporary. А ўжо Дана расказала пра амерыканскага даследчыка, Вальтэра Зева Фельдмана (Walter Zev Feldman). Прапаную шаноўнаму паньству пазнаёміцца з ягонай кніжкай «Klezmer: Music, History, and Memory» (можна, напрыклад, набыць праз Аmazon). Гэты этнаграфічна-навуковы твор, акрамя канкрэтыкі, гістарычных дадзеных, цікавых звестак, хірургічнага аналізу і спасылак на іншыя крыніцы, дапамагае ўявіць усю моц і шыр танцавальнай і музычнай традыцыі, каторую мы страцілі.

Зеў быў лідарам адраджэння клезмерскага руху ў Амерыцы 1970-80-х гадоў, ён харызматычны танцор, выдатны музыкант і найцікавейшы суразмоўца. А то ж! Дзесяцігоддзі даследванняў, музыканцкі асяродак, экспедыцыі, танцы. Ягоны бацька таксама быў выдатным танцорам. І самае для мяне цікавае – у Зева ёсць беларускія карані, сям’я ягонай маці з-пад Магілёва. Але сам Зеў не быў тут ніколі.

Вальтэр Зеў Фельдман, Ваймар, 2019

Маскоўскія сябры кажуць: «Напішы яму». Я думаю: «Ну, здрасце». Нейкая баба з горада Бэ будзе зараз пісаць «да Амерыкі, пану прафесару». Во яму дзялоў да экзістэнцыяльных пытанняў асобна ўзятай пані. Але пачалося цікавае ліставанне. Аказваецца, Беларусь — белая пляма клезмера і ідыш-танцаў не толькі для нас саміх. У тым жа Ваймары ніхто на ўласныя вочы не бачыў нікакіх беларусаў, за выняткам, можа быць, Зісла Слеповіча (як кажуць, «апошняга беларускага клезмера»), які з’ехаў у Амерыку звыш 10 год таму. З танцамі ўсё яшчэ горш.

І маскоўскія сябры, і Зеў рэкамендавалі па веды і адчуванне сапраўднай ідыш-суполкі накіравацца ў Нямеччыну на Yiddish Summer Weimar – маўляў, там самае яўрэйскае, якое сабе толькі можна ўявіць, месца Еўропы. Мы з (ня)клезмер-дзевушкамі з капэлы Zhydovachka сачынілі заяўку на Праграму МОСТ і нечакана атрымалі падтрымку, апынуўшыся ў жніўні 2019 года там… куды прыводзіць Мячта, калі добра разумееш, чаго насамрэч хочаш.

У перапынку паміж варкшопамі ў Ваймары, 2019

Напэўна, зараз скажу самае важнае пра яўрэйскія танцы – і сама спужаюся. Іх немагчыма танчыць па-за межамі яўрэйскага асяродку. Бо, калі проста паўтараеш рухі за танцмайстрам ці іншымі танцорамі, спрабуючы скапіраваць і запомніць, атрымаецца пантаміма. А яўрэйскі танец ніякая не пантаміма. І чаму мне страшна? Таму што, у яўрэйскім беларускім асяродку гэта зараз ніхто не танчыць. Ёсць абшчыны, ёсць святы, вяселлі, але няма танцавальнай ідыш-традыцыі. Няма тых танцаў, што існавалі тут недзе яшчэ да Другой сусветнай. І няма з кім іх танчыць. І, што самае сумнае, няма каму іх зайграць для танцораў. Я вам болей скажу, тыя клезмеры, якіх вы чулі на «першым бясплатным клезмерфэсце», гэта не саўсім клезмеры.

Мы прыехалі з Ваймара са слязьмі, бо зразумелі, што больш не хочацца выходзіць на Зінгерай ды іншыя масавыя пляцоўкі, што з’явіліся ў краіне цягам 2019 года (у тым ліку дзякуючы агрэсіўнаму прадзюсіраванню) і быць там аніматаркамі. Бо для нас, як для капэлы, і для мяне асабіста, як для танцоркі, у гэтай апантанай папулярызацыі няма сэнсу. Кірмашоваму натоўпу, які прыйшоў «прычасціцца яўрэйскага» (да моды на якое мы самі неспадзявана прыклалі руку) «да звязды» дыялог і глыбіня. Людзі прыходзяць на фэст і, цалкам справядліва, хочуць фастфуду. Гістарычнага, танцавальнага, любога. І ў гэтых умовах толькі фастфуд даць ім і магчыма. А яўрэйскаму танцу, каб яго зразумець і адчуць, перш-наперш патрабуецца цішыня, уменне слухаць сябе і музыкаў, жаданне выказвацца праз рух свайго цела. Асобна альбо разам з іншымі – такімі самымі, як ты.

Варкшоп па Хосідлу, Ваймар, 2019: Зеў Фельдман, Аляксей Розаў, Алан Берн

Мы размаўлялі летам 2019 года з сябрам, які мог бы падтрымаць танцавальныя варкшопы з Зевам Фельдманам. Умовы былі простыя: «У Мінску будзе дзень Ізраіля, і было б няблага, каб Зеў даў майстар-клас на плошчы». Блага, панове, блага. Мне было нават сорамна прапанаваць гэта нашаму Танцмайстру. Але ён не адмовіў, ён ветліва адказаў: «Канешне, калі магчыма, хацелася б абыйсціся без “плошчавых” майстар-класаў…». Дзякуй Б-гу, мы перанеслі варкшопы на восень 2020 года і адмовіліся ад «спонсараў”.

Аднак ёсць яшчэ адзін нюанс падобнай падтрымкі – «Наташа, нікому не патрэбна, каб нейкі там чалавек пранікся яўрэйскай філасофіяй танцу і пайшоў танчыць дахаты. Гэта спонсару не цікава». А мне не цікава множыць чарговыя а-ля яўрэйскія харэаграфічныя «шэдэўры» на сцэнах палацаў культуры, ды ланцужкі семсоракаў і хаванагіл на гарацкіх святах. Тут, ведаеце, як у вядомым меме «хутка, якасна, танна выберыце два крытэры». Яўрэйскі танец хутка, якасна, масава. Выберыце два.

А я працягну гэтую тэму трошкі пазней.

У наступнай частцы — што не так з «клезмерамі», якіх многія з вас тут бачылі, дзе шукаць страчаны яўрэйскі танцавальны жэст, і казка, каторую я вам недзе там напачатку абяцала.

Ната Голава, г. Барысаў

Ідэя тэксту ўзнікла дзякуючы варкшопам у Ваймары, куды мы патрапілі праз праграму МОСТ, даследчыцкім матэрыялам Зева Фельдмана © і прыватным размовам з ім.

***

Ад belisrael.info. Нагадваем, што погляды аўтараў рэдакцыя не заўсёды падзяляе. Запрашаем тых, хто «ў тэме», выказацца наконт узнятых Н. Голавай праблем.

Апублiкавана 22.01.2020  21:07

Водгукі
Цяжка сказаць, ці варта сыходзіць выключна ў глыбокае этна, мусіць быць і лягчэйшы папсовы варыянт, лепш, каб дзве плыні існавалі паралельна… Для Беларусі ва ўсіх галінах папса – праблема, бо нават якаснай папсы вобмаль (Алег Дашкевіч, з абмеркавання на facebook.com/aar.sh.7503
***
Танчыць не ўмею, і нават да харошкаўскіх “Бабруйскіх (яны ж местачковыя) карцінак” у мяне былі музычныя, а не харэаграфічныя прэтэнзіі… Тое, што згаданы ў артыкуле Н. Голавай клезмерфэст у Мінску быў не толькі клезмерскі, я адзначаў у сваёй справаздачы  О «первом» клезмерфесте в Минске  
Праўда, я паспрабаваў знайсці ў гэтым і нешта станоўчае. Што да “Bаreznburger kapelye”, яны мне спадабаліся як музыкі. Самі яны не танчаць, а як танчылі пад іх – яны не вінаватыя! (Пётр Рэзванаў, г. Мінск) 23.01.2020  13:58