Tag Archives: Петербургская консерватория

Жыццё музыкаў Камінскіх (ІІ)

Дзмітрый Камінскі

ПРА МАЙГО БАЦЬКУ І СЯБЕ. УСПАМІНЫ ПРА НАЙЛЕПШАГА ЧАЛАВЕКА Ў МАІМ ЖЫЦЦІ

(працяг; пачатак тут)

Пасля заканчэння кансерваторыі

Заканчэнне Пецярбургскай кансерваторыі ў бацькі прайшло бліскуча! Выдатная ігра на акце канцэрта Бетховена з кансерваторскім аркестрам, потым – прысваенне срэбранага медаля і звання «вольнага мастака». Бацька атрымліваў дзве стыпендыі: адну ад барона Гарацыя Еўзелевіча Гінцбурга (адзінага яўрэя пры двары Мікалая ІІ; бацька Г. Гінзбурга нарадзіўся ў Віцебску), другую – як выдатнік кансерваторыі. Апрача таго, «камер-фрэйліна» пры старой імператрыцы (Аляксандры Фёдараўне) Ганна Вырубава старалася выклапатаць яму камандзіроўку ў Прагу да Отакара Шэўчыка, педагога з сусветным імем, для далейшага дасканалення. Аднак, паводле слоў бацькі, ён адмовіўся праз матэрыяльны стан (вялікая бацькоўская сям’я мела патрэбу ў падтрымцы). Дый характар майго бацькі – багема! Ён быў вялікі аматар уцех, «знакамітасць» у кансерваторыі па гэтай частцы!.. Нават барон Гінцбург, робячы майму бацьку вымову за «паводзіны», казаў так: «Вы паводзіце сябе непрыстойна для яўрэя! Такія паводзіны пасавалі б вулічнаму хулігану, але не Вам. Спадзяюся, гэта больш ніколі не паўторыцца!»

На выпускны экзамен, і асабліва на «акт» у Пецярбургскую кансерваторыю (як і ў Маскоўскую), з’язджаліся музычныя прадпрымальнікі з усёй імперыі, было так і ў 1903 годзе. Бацьку слухаў дырыжор Цярэнцьеў з Севастопаля і запрасіў яго ў свой аркестр у якасці канцэртмайстра (бацьку тады яшчэ толькі ішоў 21-ы год). Бацька быў вельмі ўсцешаны гэтым запрашэннем; ён думаў, галоўным чынам, пра тое, як сядзе ў купэ першага класа цягніка «Пецярбург–Севастопаль», больш яго нічога не цікавіла! Мінула лета, на восень і зіму бацька падпісаў кантракт на педагагічную работу ў Стаўрапалі на Каўказе, і 1904 год ён прабавіў там. Гэтая паездка ў Стаўрапаль была фатальнай памылкай, трэба было вяртацца ў Пецярбург! У кансерваторыю, дзе яго доўга памяталі і калегі, і прафесура. Паездка ж у Стаўрапаль паклала пачатак жыццю ў правінцыі, а правінцыя для сапраўднага артыста вельмі небяспечная. Публіка там пераважна «ўсёедная», і ў артыста, які ўжо заняў высокае становішча, няма стымулу расці далей.

У Стаўрапалі бацька сустрэў Ганну Яўгенаўну Красовіч (дваранскага саслоўя), якая стала яго жонкай і маёй маці. Пры ўсёй сваёй натуры, якая імкнулася да «прыгожага жыцця», бацька быў далікатны і не карыстаўся даходамі з жончыных маёнткаў, утрымліваў сям’ю самастойна. Ну, а пасля ракавога 1917 года так ці іначай трэба было разлічваць на сябе самога. Ауэр (які з’ехаў ад бальшавікоў у Амерыку ў 1918 годзе) яшчэ ў 1906-м казаў маёй маме, падмацоўваючы словы жэстамі рук: «У Вашага мужа вось такі таленцішча, але вось такусенькі розум!» І праўда, бацька быў зусім непрактычны. Ён ужо больш і не бачыў Пецярбурга, акрамя як у 1917 годзе, калі прабавіў там некалькі дзён.

Аднойчы ў Кіславодску, дзе мы з ім разам адпачывалі, бацька далучыўся да музыкаў аркестра Ленінградскай філармоніі, які гастраляваў у горадзе. Разгаварыўшыся, бацька спытаўся ў аднаго з музыкаў: «Ну, як цяпер жыве Пецярбург?» Той яму адказаў: «Пецярбург ужо даўно жыве як Ленінград». Была гэтая гутарка ў 1948 годзе. Тады мне стала шкада жыцця майго бацькі. Не ўдалося яно яму!

Пра сябе

Нарадзіўся я 4 жніўня (паводле старога стылю) 1906 года ў горадзе Екацярынаславе (Днепрапятроўску). З ранняга дзяцінства я быў аточаны вялікай увагай і агромністай любоўю «надзвычайнага дабрака», майго бацькі, а таксама маёй мілай маці. З задавальненнем і глыбокім сумам успамінаю я сваё дзяцінства. Бадай, самым прыемным успамінам было наша жыццё ў горадзе Растове-на-Доне, дзе мы пражылі з 1921-га па 1933 год. Гэтыя ўласцівасці душы – марыць і тужыць па мінулым – выхавалі ў мяне «скрайні» сентыменталізм. З дзяцінства я не мог абыякава бачыць ад’язджаючы цягнік, адразу пачынаў «усхліпваць»! Мне здавалася, што я кагосьці выпраўляю назаўсёды, хаця нічога такога не было. Дзякуючы частым паездкам бацькі, я прызвычаіўся да вакзалаў і ўсялякіх чыгуначных «падрабязнасцей»: праводзінаў, сустрэч, чакання. Колькі сябе памятаю, любімыя гульні ў мяне тычыліся чыгункі, а паравоз быў любімай цацкай. Калі я трохі падрос і навучыўся чытаць, бацька навучыў мяне карыстацца чыгуначным даведнікам. Гэта адкрыла мне «свет бясконцых уцех». Які я быў яму ўдзячны!

Калі мне было шэсць-сем гадоў, бацька ўзяўся вучыць мяне граць на скрыпцы – справа аказалася складанай! Трымаць скрыпку нязручна, гукі яна выдае жахлівыя: рыпіць, свішча, «харкае». Нягледзячы на ўсе намаганні бацькі, нічога ў яго не выйшла. Ён прасіў займацца са мной сваіх вучняў, але без выніку. Слых у мяне быў цудоўны, але нават трымаць скрыпку мне было дужа непрыемна. Затое слухаць скрыпку, калі бацька граў, я абажаў. Асабліва санаты Бетховена. У нас здымаў пакой піяніст Васіль Арнольдавіч Зісерман. Бацька з ім часта выбіраўся ў канцэртныя паездкі, і ўдома ў нас яны не раз рэпеціравалі санату Бетховена F-dur. Для мяне гэта было вялізнай асалодай. Я нават патаемна спрабаваў развучыць першую частку і фінал гэтай санаты на раялі. Фінал я ведаў, але не ведаў басовы ключ; Васіль Арнольдавіч растлумачыў мне басовы ключ. Калі, як мне здалося, 1-я частка была «гатова», я папрасіў бацьку ўзяць скрыпку і зайграць у маім суправаджэнні 1-ю частку вясенняй санаты Бетховена № 5. Бацька прыйшоў у захапленне, паклікалі Васіля Арнольдавіча і вырашылі, што я пачну займацца ў піяніста Букімовіча. Пасля скрыпкі раяль здаваўся мне спрэс прыемным адпачынкам: ясная клавіятура з канкрэтнымі і выразнымі нотамі – адно здавальненне. Нічога не трэба рыхтаваць – усё заўсёды на месцы! На скрыпцы ж – ціхі жах! Уся музыка ляціць у бездань ад найменшай недакладнасці як левай рукі, так і правай. Пазней, калі я падрос, то зразумеў, што пачынаць вучыцца на скрыпцы сапраўды цяжка, але затое на раялі далейшыя заняткі становяцца ўсё цяжэйшыя і цяжэйшыя.

Больш за ўсё мяне цешыла граць на раялі са слыху. Я хутка арыентаваўся ў розных танальнасцях і, такім чынам, ствараў уражанне, што «ўмею» граць на раялі. Заняткі з Букімовічам і потым, з 1922 года, з Гартмутам, многа мне далі: я здолеў вытрымаць іспыт па класе раяля ў Растоўскі-на-Доне музычны тэхнікум (вучылішча) у 1923 годзе. Мне было няпоўных 17 гадоў. Час быў галодны, імкненне падзарабіць штурхала мяне да ігры ў рэстаранах, дзе ў мяне ўжо былі некаторыя навыкі і досвед, хаця, безумоўна, такая ігра і ўяўны «досвед» прыносілі больш шкоды, чым карысці з пункту гледжання прафесіяналізму ў авалоданні інструментам. Але тады я і чуць не хацеў пра такія «пункты гледжання». Я быў упэўнены, што любы прафесіяналізм, які спрыяе заробку, карысны. А як прыемна па заканчэнні працоўнага дня падлічваць «чаявыя»! Маё самалюбства цешыла тое, што я магу палегчыць лёс маіх бацькоў у сэнсе «даходаў». Мне было радасна прыносіць у родны дом «свежую капейку».

У вучылішчы я трапіў да выкладчыка Гіроўскага Яўгена Фёдаравіча, выхаванца Пецярбургскай кансерваторыі, вучня прафесара Барынавай. Ад доўгай ігры ў рэстаране ў мяне балелі рукі. Гіроўскі адразу сцяміў, у чым справа, і вызваліў мае рукі ад перанапружання. Граць стала лёгка, тэхнікі прыбавілася, і ў наступным годзе на веснавых экзаменах я выступіў з рапсодыяй Ліста № 11. Граў яе я з вялікім поспехам, і многія педагогі, хто памятаў мяне з прыёмных іспытаў, мяне віншавалі. Гэта быў 1924 год. Гіроўскі быў знешне вельмі падобны на Шапэна, мы з ім пасябравалі, і справы пайшлі добра. У 1925 годзе я ўжо мог граць «Канцэртны вальс» Глазунова ў транскрыпцыі Фелікса Блуменфельда. З’явілася багата новых сяброў, жыць было цікава і добра. Гармоніяй са мной займаўся бацька – ён быў выдатным тэарэтыкам, скончыў курс Пецярбургскай кансерваторыі ў кампазітара Анатоля Лядава. Між іншага, бацька мне паказваў свой дыплом, выдадзены ў 1903 годзе Пецярбургскай кансерваторыяй: спрэс пяцёркі! Нават такія прадметы, як ігра на альце – 5, энцыклапедыя (аналіз форм) – 5, клас дырыжыравання – 5, клас ансамбля – 5. Што за вучань! Ясная рэч, да яго мне было далёка, але ён радаваўся і мамі поспехам. У чым я даваў слабіну, дык гэта ў чытанні з аркуша, не давалася мне гэтая навука… Не было спрыту, хаця ў класе ансамбля я атрымліваў чацвёркі з плюсам і пяцёркі. Вось мой бацька чытаў ноты з аркуша – гэта было нешта неверагоднае! Усё-такі сапраўдны музыка павінен умець чытаць ноты выдатна; як кажуць рэстаранныя лабухі, «галоўнае – гэта чытка!» Мяне ж Бог пакрыўдзіў, не даў гэтай «прамудрасці». Але затое я быў непераўзыдзеным імправізатарам у нямым кіно. Варта мне было зірнуць на экран і пакласці рукі на клавішы, як яны пачыналі нешта «выяўляць». Часам сярод публікі мне нават апладзіравалі за імправізацыі.

Я шмат гадоў адпрацаваў ілюстратарам у нямым кіно. Пасля гэтай працы я зразумеў, што мне зусім не зашкодзіць павучыцца кампазіцыі.

Войны і рэвалюцыі

Ужо з 1914 года пачалася першая «імперыялістычная» вайна; яна «аўтаматычна» перайшла ў рэвалюцыю, якая працягваецца дагэтуль, г. зн. да 1983 года! У пачатку вайны з Германіяй і Аўстрыяй эканоміка Расіі рэзка пагоршылася, але жыць яшчэ можна было. А ў 1917 годзе грымнула «сацыялістычная рэвалюцыя», прадказаная паэтам і філосафам Меражкоўскім у яго крытычным артыкуле «Грядущий хам» і вялікім Дастаеўскім у «Бесах». Рэвалюцыю мой бацька ўспрыняў вельмі холадна, больш за ўсё яго палохала фраза з «Інтэрнацыянала»: «Кто был ничем, тот станет всем!» Ён не мог з ёй згадзіцца, і крыніцу ўсіх бед ад рэвалюцыі ён бачыў у гэтай бязглуздзіцы. Яшчэ яго абураў сваёй хлуслівасцю выраз «дыктатура пралетарыяту», бацька нават публічна дазваляў сабе казаць: «Гэта не дыктатура пралетарыяту, а дыктатура над пралетарыятам». Падобнай фразіроўкі было зусім дастаткова, каб паводле «рэвалюцыйных законаў» сесці ў турму прынамсі гадоў на пяць (гэта лічылася «лёгкім пакараннем»). Небяспека была і ў «непралетарскім» паходжанні маёй мамы. Але, на шчасце, тады, у 1920-х гадах, яго яшчэ не пасадзілі: гэта здарылася пазней, у 1931 годзе. «Органы бяспекі» (ДПУ) арыштавалі бацьку па абвінавачанні ў сувязі з замежнай буржуазіяй! Ніводнага радка ён не пісаў і не атрымліваў ад «буржуазіі», ніводнага замежнага канверта ў нас дома не было! Аднак, калі ДПУ кажа, што сувязь была – значыць ён «вінаваты»! Сядзеў ён восем месяцаў у Растоўскім ДПУ і чатыры месяцы ў Новачаркаскай турме ні за што! У 1933 годзе «абвясцілі прысуд» – тры гады вольнай высылкі ў Котлас! Божа! Там жа голад і ўсё засыпана вошамі! Але і ў гэтым страшным Котласе скрыпка выручыла бацьку: ён «даў канцэрт» у памяшканні Котласкага ДПУ для «слаўных чэкістаў». Вядома, ён граў рускія народныя песні і скокі – поспех быў велізарны! Яму нанеслі столькі хлеба і рыбы, што ён тыдзень жыў «на ўсім гатовым!» На знак асаблівай літасці ўладаў бацьку дазволілі пераехаць у Архангельск, а там было куды лягчэй, можна было «прымяніць свае здольнасці». Агулам, жыццё ў ссылцы ў Савецкім Саюзе – гэта бясконцы доказ таго, што «ўсё ў жыцці адносна»! Нават само існаванне – паняцце «адноснае»!

У Архангельск прыехаў і я з мамай, і зажылі мы там, як казаў тата, «на славу»! Асабліва добра стала тады, калі бацьку, віяланчэліста Вышылоўскага і мяне запрасілі граць у рэстаран «Таргсіна» за «таргсінаўскую бульбу», даволі добрую. Яшчэ адзін доказ таго, што ўсё-такі ўсё ў жыцці «адносна».

У 1936 годзе бацьку вызвалілі, і ён, як «вольны грамадзянін», атрымаў прызначэнне ў Варонеж у музычнае вучылішча, дзе яго таксама называлі «галоўным па музыцы»! Урэшце, пасля ўсіх неймаверных перажыванняў, у Архангельску, паводле бацькі, «жылося няблага». Ён казаў, што «ўсё трэба ўмець цаніць: сухар, кавалак хлеба, навагу (паўночная рыба), шклянку гарбаты з цукрам – усё гэта можа стаць у любы момант у Савецкім Саюзе небывалай рэдкасцю!» І калі такія «ператварэнні» выпрабуеш на сабе, то надыходзіць сапраўдная пераацэнка каштоўнасцей.

Тата жыў паводле азбучнай ісціны: «трэба ўмець цаніць усё добрае і ўсё чалавечае»! Мой тата… У 1959 годзе я атрымаў ад мамы тэлеграму: «сышоў тата». Я адразу ж у аэрапорт і ў Маскву. У Маскве я паехаў на Курскі вакзал (яны тады жылі ў Арле). Вось і іх домік… Маўкліва мяне сустрэла мама і павяла ў пакоі. На пасцелі ляжыць цела бацькі – як быццам ён спіць! Не! Ён мёртвы! Смерць здарылася знянацку, ён размаўляў, за нешта дзякаваў маме, потым закашляўся і змоўк. Мама выклікала «хуткую дапамогу», яна прыехала, але ўжо было позна. Урач развёў рукамі і выказаў спачуванне. Гэта было 10 жніўня 1959 года, яму было 76 гадоў, столькі, колькі мне зараз. Хавалі яго на наступны дзень, было раскошнае надвор’е, бліскучы дзень. Нарэшце прыехала падвода з бальніцы, на якой ужо стаяла труна. Труну падвезлі бліжэй да мяне. Я не мог адвесці позірку ад яго рук… Як гэта было цяжка! Калі пачалі закопваць магілу, я вырваў у трунара лапату і таксама чамусьці стаў спешна закопваць дарагую мне магілу. Я моцна плакаў – каго ж я хаваю! Ды мне лягчэй самому з жыццём развітацца, чым з горача любым бацькам! Маму я адправіў да родных, а сам паехаў дадому ў Мінск… У Мінску, прыкладна праз тыдзень, бацька прысніўся мне. У сне я адразу зразумеў, што трэба, не марнуючы часу, паспець спытацца ў яго, як яму там? І я паспеў спытацца! Што ж ён адказаў? «Выдатна! Я ніколі так не адпачываў, як цяпер!» Я прачнуўся ашчасліўлены. Мне хацелася быць забабонным і верыць у замагільнае жыццё! Вось так і скончылася няўдалае і ў той жа час па-свойму шчаснае жыццё майго палка любімага бацькі, Роберта Ісакавіча Камінскага.

     

Падзяка Р. Камінскаму (Варонеж, 1940) і памятнае фота ад А. Залатарова (1957)

Апошні жывы напамін ад бацькі быў мне, здаецца, у пачатку 1960-х гадоў. Татаў вучань Анатоль Сцяпанавіч Залатароў, вярнуўшыся з Масквы, прывёз мне цёплае прывітанне ад старога сябра бацькі па кансерваторыі, выбітнага скрыпача Яфрэма Цымбаліста (рускі і амерыканскі музыка, 1889–1985; пасля Хейфеца і Эльмана – самы вядомы вучань Ауэра. Канцэртаваць за мяжой пачаў у 1907 г., як толькі скончыў Пецярбургскую кансерваторыю – заўв. З. Г.), які старшынстваваў на конкурсе. Бацька яго часта і захоплена згадваў. Цымбаліст вельмі падрабязна распытваў Залатарова пра майго бацьку, тужыў па ім, быў вельмі збянтэжаны з-за яго смерці.

Маю мілую, дарагую маму я пахаваў у Мінску ў дзень новага 1965 года. У той дзень я нічога не разумеў, не цяміў. Я ўжо не памятаю падрабязнасцей – толькі страшную яву, як я адзін вёз яе на могілкі. Ох, як гэта было цяжка, і не знаходзіцца ў мяне слоў, каб патлумачыць, што я перажыў. Адно толькі ведаю: мой горача любімы тата і мілая мама будуць вечна жыць у маім сэрцы. Я заўсёды стараўся жыць паводле іх запаветаў, па прыкладзе майго дарагога таты: сумленна і змястоўна, а галоўнае, быць удзячным за тое добрае, што прыносіць жыццё. У памяць пра тату я распавяду пра гарады, у якіх мы жылі.

Пра Новачаркаск

У 1911 годзе мой бацька атрымаў запрашэнне паступіць на службу ў Новачаркаскае музычнае вучылішча і музычную школу. У Новачаркаск ён прыехаў з Луганска, дзе граў сезон са сваім старым сябрам, дырыжорам І. І. Розенфельдам. А я з мамай жыў у гэты час у Стаўрапалі, дзе непадалёку, у фамільным маёнтку, пастаянна жылі яе сёстры. Выдатна помню, што лета 1913 года я з мамай правёў у Есентуках, там было мала цікавага. А ў 1914 годзе бацька «наняўся на сезон» у Сімферопаль, мы з мамай прыехалі да яго пасля «сезона» і разам потым вярнуліся ў Новачаркаск. Недзе ў канцы траўня або ў пачатку чэрвеня я з мамай сеў у цягнік, і мы паехалі да станцыі Сінельнікава, а там была перасядка далей на поўдзень. Як усё было цікава! Асаблівае значэнне я надаваў надпісам на вагонах: вензель паўднёвых дарог – «Е» («Екатерининская дорога»), а «Ник» – вензель Мікалаеўскай («Николаевской») дарогі! Я наперад смакаваў «асалоду» расказаць пра гэта майму найлепшаму сябру Лёню. Які ён будзе рады даведацца ўсе гэтыя «тонкасці»! А вось і рака Салгір, на якой стаіць Сімферопаль. На вазаку паехалі ў гарадскі сад, дзе ў аркестры граў тата, а вось і ён сам! Як добра! Ён нас адвёз у зняты для нас пакой, і зажылі мы там раскошна, бо Сімферопаль – цудоўны горад! Неўзабаве перазнаёміліся з музыкамі аркестра, дырыжор – важны пан. Аркестранты да нашага прыезду паставіліся выключна гасцінна. Майго тату паспелі палюбіць як вельмі добрага скрыпача, нястомнага аптыміста і найбольш сардэчнага чалавека. Парк, у якім штовечар граў аркестр, быў найвыдатнейшы! Так, у нас была маса знаёмых, і нас вельмі любілі. Але пачалі ўжо пагаворваць пра вайну, і ў хуткім часе тата паехаў прызывацца ў Новачаркаск (па месцы прапіскі). Мы засталіся ў Сімферопалі без навін, поўныя хвалявання. Аднойчы мы з мамай зайшлі на пошту даведацца пра пісьмы. Нас сустрэў чыноўнік з усмешкай: «Вам прыйшла добрая тэлеграма, хоць і аднаслоўная: “Вольны!”» Я саромеўся паказаць сваю радасць перад чыноўнікам, ведаючы, чаго вартая такая тэлеграма ў час мабілізацыі. З пошты я і мама сышлі шчаслівыя. Хутка скончыўся сезон, і мы ўсёй сям’ёй вярнуліся дадому, у Новачаркаск. Уражваў тлум на вакзалах, народ заварушыўся – вайна! Я, безумоўна, не разумеў у той час усяго маштабу катастрофы, дый ніхто не разумеў, нават дарослыя.

К вясне 1915 года я ўжо быў падрыхтаваны да паступлення ў Пятроўскую гімназію, і ўсё прайшло выдатна. Вытрымаў я экзамен у другі падрыхтоўчы клас. На экзамене я зрабіў адну памылку: слова «вверх» напісаў паасобку. Настаўнік Рэбрыкаў, які прымаў экзамен, пасмяяўся і пакінуў гэтую памылку без наступстваў! Дома мяне сустрэлі як імянінніка! У той жа дзень я пайшоў да майго лепшага сябра Лёні, ён таксама паступіў, але ў настаўніцкую семінарыю, яму карцела стаць настаўнікам. Якая цудоўная пара – дзяцінства! Нічога няма лепей. Дома я ўпрасіў бацьку купіць мне дзіцячую чыгунку, і ён, вядома, купіў, бо ён жа быў вельмі добры! Гэта быў паравозік, і да яго прыстаўляліся тры вагоны. Які я быў шчаслівы – з дзяцінства я надзвычайна любіў чыгункі і ўсё, што было з імі звязана. Купіў мне тата гэты падарунак у горадзе Растове-на-Доне за пяць рублёў. На той час гэта былі шалёныя грошы: за іх можна было купіць падводу вінаграду.

Гэта было даўно, але было на свеце, і я гэта помню. Я не забуду «Атаманскі спуск», дом № 10 з яго кватэрай № 2. Там доўга-доўга мы жылі, і з намі было хараство, якое няможна, грэх забыць. За тры гады жыцця ў Новачаркаску ў нас з’явілася мноства знаёмых і сяброў. Найперш хочацца назваць стрыечнага брата мамы, Пракоф’ева (ён быў старшынёй судовай палаты), і яго жонку, наймілейшую Праскоўю Аляксандраўну. Іх сын Сярожа, мой раўналетак, здаваўся мне не вельмі сімпатычным, так што асаблівага сяброўства ў нас не было. Бацька і мы з мамай пасябравалі з сям’ёй яго таварышкі па службе, М. Ф. Гінзбург. Яе муж, Саламон Ільіч Гінзбург, прысяжны павераны, быў найвядомейшым у горадзе, дый увогуле на Доне адвакатам. Яны жылі ў доме № 25 на Гарбатай вуліцы, недалёка ад нас. Добра памятаю гэты дом, выдатную кватэру, а галоўнае, гэтых людзей: тата лагодна менаваў іх «рафінаваная інтэлігенцыя»! У сям’і было двое дзетак, хлопчык Сярожа і дзяўчынка Ліда. Лёс іх у час Другой сусветнай вайны быў жахлівы: за «яўрэйскае пахожанне» іх расстралялі ў шахтах. Так, Саламон Ільіч быў хрышчаным яўрэем – і з пункту гледжання ідыёта Гітлера гэтая «правіннасць» каралася смерцю ўсёй сям’і. Гэтай вар’яцкай гнюснасці няма назвы! Я ў чымсьці «забег уперад», але мушу сказаць, што тады, перад вайной і рэвалюцыямі, антысемітызму, гэтага звярынага шаленства, на Доне не назіралася.

Там, у доме № 10, у нас былі суседзі, з якімі мы выдатна ўжываліся. Гэта была сям’я Зазерскіх: бацька быў афіцэрам, служыў у войску. У яго была жонка Ганна Міхайлаўна і дзве цудоўныя дачкі, Ірачка і Кіцi. Мы вельмі сябравалі, і гэта было сапраўднае, самае шчырае сяброўства! Малодшая, Кіці, забаўляла нас спевамі. Была ў яе такая песня: «вот маленький кабанчик взобрался в скользку гору...» Гэта было так забаўна і так добра! Кіця і мая мама абажалі адна адну. У той жа час у мяне быў неразлучны друг Лёня Сарокін, я згадваў яго раней. Мы з ім апантана любілі Новачаркаск і пастаянна блукалі па горадзе ды наваколлі. Так, Лёня быў незвычайным хлопчыкам паводле душэўнага ладу і па сваёй дабрыні, спагадлівасці. Нешматслоўны, ён мог выказаць глыбокія і самастойныя думкі, у якіх мелася імкненне да маралі і справядлівасці. Дзіўна, як хутка мы знаходзілі агульную мову і разумелі адно аднаго. Лёня жыў з маці, Антанінай Уладзіславаўнай. Яна была сціплая і добрая жанчына, вельмі любіла свайго «Лёньку». Памерла Антаніна Ўладзіславаўна ў 1943 годзе ад разрыву сэрца, калі даведалася, што Лёня ўпаў з паравоза, які рухаўся… Мне гэтыя людзі вельмі дарагія, яны мне родныя.

Так, у нас наладзіліся сяброўскія стасункі са многімі. Хочацца ўспомніць хоць некаторых: Анатоль Залатароў, Гукаў (скрыпачы), Міхаіл Міхайлавіч Хуцыеў, Алоіс Стэрнардт (віяланчэлісты), ваенныя (атаманы і проста казакі), урачы, настаўнікі, юрысты, просты і адметны народ, які жыў ва ўзаемапавазе да войнаў і рэвалюцый. Алоіс Стэрнардт у свой час, калі пачалася рэвалюцыя, намаўляў майго бацьку пакінуць Новачаркаск і назаўсёды (праз Турцыю) з’ехаць у Англію, але бацька адмовіўся, і вельмі шкада! Стэрнардт неўзабаве пасля ад’езду прыслаў нам пісьмо ў Новачаркаск з Канстанцінопаля. Яно не захавалася, але я памятаю першыя радкі: «Дарагія мае, пішу вам з Турцыі! Збіраюся ехаць у Англію! Як шкада, Веня (памяншальнае імя бацькі), што ты не паехаў са мной!» Мая мілая мамуля пасля гэтага пісьма доўга-доўга плакала…

У мяне быў яшчэ адзін блізкі сябар, Віктар Каклюгін. Быў ён бацькавым вучнем, здольным скрыпачом, мой тата яго вельмі любіў. Жыў ён з бацькамі на Марыінскай вуліцы. Памятаю яго маці, яна была ўжо немаладая, звалі яе Вольга Міхайлаўна. У яе было найтанчэйшае пачуццё гумару, яна заўсёды нас смяшыла. Вольга Міхайлаўна таксама нас усіх вельмі любіла. Бацька Віці, Канстанцін Каклюгін, быў міністрам унутраных спраў пры Данскім урадзе. Калі Віця прыходзіў да нас, мы яго сустракалі «пераможна»! З ушанаваннямі садзілі за стол, і тады пачынаўся абед, які заўсёды праходзіў весела. Памятаю, яшчэ быў у майго бацькі вялікі сябар, яго благароддзе, казацкі афіцэр – есаул Ломцеў. Служыў ён у мясцовай камандзе на Хрышчэнскім спуску, па дарозе на вакзал да станцыі Новачаркаскай. Жыў Ломцеў на скрыжаванні Хрышчэнскага спуску і Аксайскай вуліцы. Сяброўства з маім бацькам у іх было моцнае і шчырае, яны пастаянна наведвалі адно аднаго. Дый я любіў яго, мне падабалася ў яго бываць. Ломцеў вучыў мяне казацкім песням, вось прыпеў адной з іх: «Так громче музыка, играй победу, мы победили и враг бежит, бежит, бежит! Так за царя, царя и нашу веру, мы грянем громкое ура! ура! ура!». Вельмі многа было сяброў, усіх не пералічыш і пра ўсіх не раскажаш!

У плане здабыцця харчоў да першай вайны ў Новачаркаску жылося прыўкрасна! Таннасць, а якія базары! Я помню Хрышчэнскі базарчык – раскоша! Кіслае малако найлепшай якасці! А фрукты! Усё фантастычна танна, толькі што не дарма! Новачаркаск быў спакойным месцам, і не хацелася думаць пра нейкія перамены ў жыцці гэтага чароўнага горада.

Данскія казакі – народ добры, але надта самалюбны. «Мы – прыродныя данскія казакі, і размова скончана!» Было агульнае шанаванне памяці атаманаў, Ермака і Платава, якім казакі будавалі манументы ў гонар Дона ціхага. Дзе цяпер тыя манументы і тыя казакі? І дзе цяпер той ціхі Дон? Грамадзянская вайна змяла ўсё магутным ураганам. Брат пайшоў на брата – такая была бяда! Праўда, усё пакацілася кулём ужо на пачатку нямецкай вайны. Жыццё амаль адразу змянілася да горшага, з’явіліся людзі, якія цярпелі ад беднасці. Жыць адразу стала цяжэй усім. А тут яшчэ ўсеагульная мабілізацыя! Данскія казакі грузіліся ў эшэлоны і ехалі на фронт, на яўную смерць! Як удараліся ў слёзы нашыя казачкі! Мы, мірныя людзі, да канца не разумелі, што адбываецца, але было ясна, што ў свеце здарыўся страшны ералаш! На вакзалах, праўда, быў выгляд парадку. Там я некалькі разоў бачыў цара, Мікалая ІІ, ён прыязджаў у царскім цягніку ў Новачаркаск. Божа, што тварылася! Велізарны тлум народа сустракаў яго са шчырым натхненнем. Але я стаў пазбягаць гэтых натоўпаў, яны мяне пужалі. У тыя дні я імкнуўся бачыцца толькі са сваім сябрам Лёням Сарокіным, яго таксама не вабіла стоўпатварэнне. А разам нам было добра.

(заканчэнне будзе)

Апублiкавана 28.04.2017  20:26

Жыццё музыкаў Камінскіх (І)

Паважаныя чытачы, дазвольце прапанаваць вашай увазе ўспаміны беларускага кампазітара і піяніста Дзмітрыя Раманавіча Камінскага (1906–1989). Музыка Д. Р. Камінскага была шырока вядомая ў Беларусі і за яе межамі. Ён з’яўляўся членам прафесійных арганізацый: Саюза кампазітараў СССР (з 1941 г.) і Саюза кампазітараў БССР (з 1946 г.), а таксама быў старшынёй праўлення Саюза кампазітараў БССР (1963–1966). У 1963 годзе Д. Камінскі стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР. Ён – ветэран Другой сусветнай вайны, быў узнагароджаны некалькімі медалямі і ордэнамі за ваенныя заслугі.

Гэты чалавек, які валодаў надзвычайным характарам, ведамі і прафесійным майстэрствам, увайшоў у жыццё нашай сям’і, калі мая сястра была падлеткам, а мне яшчэ не споўнілася і адзінаццаці гадоў. Ён ажаніўся з маёй мамай пасля смерці нашага роднага бацькі, Якава Захаравіча Гімпілевіча, які прайшоў тую ж страшную вайну з чэрвеня 1941 г. і ўдзельнічаў ва ўзяцці Берліна. Я. З. Гімпілевіч (1909–1961) скончыў вайну ў званні капітана і не раз узнагароджваўся ордэнамі і медалямі за вайсковую доблесць. Ён нарадзіўся ў беларускім мястэчку Сяліба; з 1947 года, неўзабаве па дэмабілізацыі, працаваў начальнікам планавага аддзела на мінскай шчотачнай фабрыцы. Пры жыцці майго бацькі Якаў Захаравіч і Дзмітрый Раманавіч, нягледзячы на розніцу прафесій, глыбока сімпатызавалі адно аднаму. Дзмітрый Раманавіч мне таксама заўсёды падабаўся, таму, хоць я і шанавала памяць роднага бацькі, мы скора пасябравалі. Сястра, праз падлеткавы максімалізм, спачатку даволі холадна паставілася да новага члена сям’і, але, пасталеўшы, зусім змянілася і цалкам усвядоміла высокія чалавечыя і прафесійныя якасці нашага айчыма. Таму я спадзяюся, што паважаныя чытачу даруюць мне, публікатарцы, некалькі лірычна-сямейных адступленняў у прадмове да ўспамінаў Дзмітрыя Раманавіча. Пачну з момантаў, якія характарызуюць яго шматгранную асобу. Першы звязаны з тым, як Д. Р., не жадаўшы таго, «папаўся» на пасаду «старшыні праўлення».

Дзмітрый Раманавіч Камінскі. Аўтарскі канцэрт (1955)

Ішоў з’езд Саюза кампазітараў БССР, на якім прысутнічаў адзін з «гаспадароў» Беларусі таго часу, «камуніст з чалавечым абліччам», Пётр Машэраў. Усчалася шумная валтузня перад выбарамі новага старшыні праўлення. Машэраў пэўны час назіраў за гэтай карцінай, а тады падышоў да Камінскага, які нешта захоплена чытаў, і спытаўся ў яго: «Што Вы чытаеце, Дзмітрый Раманавіч?» – «Ды “Палату № 6”, Пётр Міронавіч. Быццам бы ведаю на памяць, а адарвацца немагчыма!» Машэраў, колішні школьны настаўнік, а ў час вайны – адзін з адважных камандзіраў партызанскага руху, таксама любіў Чэхава. Пасля кароткага абмену цёплымі словамі пра пісьменніка Машэраў падышоў да трыбуны, узяў мікрафон і сказаў: «Дарагія таварышы! Думаю, што вы згадзіцеся з кандыдатурай на пасаду старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі Дзмітрыя Раманавіча Камінскага, нашага вядучага кампазітара! Галасуйце, калі ласка!» Атарапелы Камінскі, які стаў, бадай, адзіным беспартыйным кіраўніком творчага саюза за ўсю гісторыю СССР, вярнуўшыся дахаты, у асобах апісваў, як «таварышы спешна і аднагалосна прагаласавалі». На наступны тэрмін, аднак, ён не застаўся, дарма што яго доўга ўгаворвалі.

Д. Р. Камінскі, Зіна Гімпелевіч (другая справа), Дора Камінская і Святлана Міхайлоўская (другая злева) – жонка маскоўскага кампазітара Яўгена Жаркоўскага са сваёй матуляй. Дом творчасці Саюза кампазітараў СССР, 1967.

А вось і другі выпадак. У 1977 годзе Дзмітрыя Камінскага ўзнагародзілі ордэнам «Дружбы народаў» (у той час даволі рэдкая, а таму пачэсная ўзнагарода). Спаслаўшыся на хворасць, Дзмітрый Раманавіч не паехаў у Маскву на ўручэнне яму ордэна «асабіста таварышам Брэжневым» і пад той жа маркай не пайшоў на ўрачыстасць, наладжаную ў Мінску з гэтай нагоды. Калі ж, нарэшце, яму перадалі (паводле яго выразу, «уперлі») ордэн, то, прыйшоўшы дадому, ён прыладзіў яго нашаму дварнягу Рэксу на ашыйнік са словамі: «Зінуля, зірні, праўда, яму пасуе?»

Што ж тычыць музычнай творчасці, то хочацца паказаць, чым вызначыўся Камінскі ў гісторыі беларускай музыкі, на прыкладзе аднаго толькі жанру, канцэрта для саліруючага інструмента з сімфанічным аркестрам. У манаграфіі доктара мастацтвазнаўства І. Д. Назінай «Беларускі фартэпіянны канцэрт» (Мінск: Наука и техника, 1977) – усяго 130 старонак, яе наратыў абыймае 40 імёнаў, аднак кампазіцыям Камінскага яўна аддаецца перавага: яго імя спамінаецца на 86 старонках, і творы падрабязна аналізуюцца. Вось што кажа музыказнаўца: «Беларускі фартэпіянны канцэрт ствараўся намаганнямі кампазітараў розных кірункаў. Аднак ніводзін з аўтараў на працягу свайго творчага шляху не выявіў такой глыбокай і пастаяннай цікавасці да гэтага віду музычнага мастацтва, як Дзмітрый Раманавіч Камінскі. Ён стварыў 14 канцэртных твораў для розных саліруючых інструментаў з аркестрам: адзін для цымбалаў (1947), адзін для двух цымбалаў (1948), што з’явілася першай спробай такога кшталту не толькі ў Беларусі, а і ў Савецкім Саюзе ўвогуле, чатыры для скрыпкі (1948, 1953, 1963, 1974), адзін для віяланчэлі (1957) і сем для фартэпіяна (1940, 1946, 1953, 1958, 1962, 1969, 1972). Сваю цікавасць да канцэрта Камінскі тлумачыць тым, што гэта адзін з найбольш “камунікабельных” жанраў інструментальнай музыкі, жанр вялікай канцэртнай залы, які дазваляе напоўніцу праявіць разнастайныя выразныя сродкі саліруючага інструмента, а таксама прадставіць выканаўцу слухачам. Вабяць кампазітара ў гэтым жанры і закладзеныя ў ім элементы святочнасці» (с. 23-24 кнігі І. Назінай).

Камінскі з’яўляецца таксама аўтарам дзвюх канцэртных фантазій на беларускую тэму. Ён, безумоўна, не першы кампазітар, які паказаў беларускі нацыянальны тэматычны пачатак у сваіх творах, але ён фундаментальна ўмацаваў гэты пачатак як тэарэтычна, так і на практыцы. Паводле яго слоў у часопісе «Советская музыка» за 1971 год, «у творах, якія прэтэндуюць на беларускі каларыт, павінны прысутнічаць інтанацыі менавіта беларускага складу, іначай ніхто і ніколі не адчуе нацыянальную прыналежнасць таго ці іншага твора». У пацверджанне гэтай тэарэтычнай думкі, няхай выказанай сухавата-артадаксальна, Камінскі стварыў дванаццаць цудоўных п’ес для цымбалаў з фартэпіяна, кожная з якіх нясе тэму індывідуальнай народнай песні (гл.: Камінскі Д. Р. «П’есы для цымбал з фартэпіяна». Мінск: Беларусь, 1973). Таксама ён з’яўляецца аўтарам дзвюх кантат, трох сімфанічных сюіт, некалькіх сімфоній, дзвюх санат (адна для фартэпіяна, другая для скрыпкі), двух струнных трыа і квартэта, мноства камерна-інструментальных твораў. Выдатную музыку пісаў ён для спектакляў і кінафільмаў, хораў і сольнага вакалу. Практычна няма жанраў, у якіх Камінскі не праявіў бы сябе ў якасці арыгінальнага і таленавітага аўтара. Яго дасягненні ў поліфаніі выявіліся ў дванаццаці прэлюдыях і дванаццаці фугах, напісаных на тэмы беларускіх народных песень, у якія кампазітар, без сумневу, быў закаханы: «На беларускай зямлі з яе цудоўнымі народнымі песнямі Камінскі знайшоў сапраўднае натхненне» (Гольдштейн Михаил. «Композитор Дмитрий Каминский. К 80-летию со дня рождения». Новое Русское Слово, 16.08.1986, с. 6).

Д. Р. Камінскі. Аўтарскі канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі (1975)

Мне здаецца, Міхаіл Гальдштэйн – скрыпач, кампазітар, дырыжор, літаратар і музычны крытык (аўтар чатырох манаграфій і мноства артыкулаў) – слушна акрэсліў і адміністратыўны, і творчы характар працы Камінскага: «На пасадзе старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі ён выявіў сябе смелым і ініцыятыўным кіраўніком, прынцыповым і сумленным, дапамагаў таленавітым музыкам выйсці на прастор. Такую ж сумленнасць і прынцыповасць ён дэманстраваў у музычнай творчасці. Мне добра вядомая яго сімфанічная паэма “Брэсцкая крэпасць”. Як вядома, абаронцы крэпасці, якія засталіся ў жывых, былі жорстка і незаслужана пакараны Сталіным».

Д. Р. Камінскі (у цэнтры) у Брэсцкай крэпасці з сем’ямі пагранічнікаў (1966)

Усе савецкія ўзнагароды, абсалютна заслужаныя, а не «выслужаныя», не дапамаглі пазбегнуць суворага паклёпніцкага цкавання, калі ў 1980 годзе Д. Р. Камінскі з маёй матуляй наважыўся эміграваць у Канаду. Яны мелі матыў, просты і зразумелы для ўсіх, за выняткам кіраўніцтва СССР: пажылыя бацькі хацелі ўз’яднацца з маёй сястрой, мной і нашымі сем’ямі. Мы выехалі з БССР у 1978 годзе (сям’я сястры) і ў 1979-м (мая сям’я). Не варта і казаць, што двое старых пакінулі ўсё нажытае ў БССР… Нарэшце, з двума чамаданамі, дзе былі ў асноўным кнігі і ноты, а таксама з дазволенымі дзвюма сотнямі долараў, яны прыехалі ў Рым. Гэты вялікі горад быў тады транзітным цэнтрам, дзе, пасля медычнай праверкі (якая цягнулася часам звыш паўгода), мігрантаў скіроўвалі ў розныя краіны. Вось што мама напісала ў лісце да М. Гальдштэйна ў Германію пра гэты перыяд іх жыцця і пра непрыемнасці на граніцы ў Чопе (Заходняя Украіна): «Вельмі цяжка апісаць перыяд перад эміграцыяй на паперы… але некаторыя дэталі паспрабую расказаць… Нягледзячы на тое, што ўвесь удар я прыняла на сябе, сам працэс не прайшоў бясследна. Выключэнне з Саюза кампазітараў; на сходах, не шкадуючы эпітэтаў, Камінскага клеймавалі ганьбай… бясконцыя званкі па тэлефоне, пагрозы… усё гэта адбілася на стане здароўя Дзмітрыя Раманавіча. Ды яшчэ дарога з жахлівымі прыгодамі. У Чопе (на мяжы), калі падалі вагоны, не прыставілі лесвічку-падножку. І гэта зімою, у галалёд. Я сама цудам упаўзла ў вагон і спрабавала зацягнуць Дзмітрыя Раманавіча, але ні ў мяне, ні ў яго не было сіл; праваднікі глядзелі на нашыя высілкі і смяяліся. У рэшце рэшт нейкі малады пасажыр пашкадаваў нас і дапамог літаральна зацягнуць мужа ў вагон. Дай яму Бог здароўя. Потым ён жа выскачыў і закінуў у вагон два нашых чамаданчыкі, і ўжо практычна на хаду заскочыў сам. Я нават не падзякавала яму як след, да Вены не магла гуку вымавіць». Мама мела рацыю, хваляванні і пераезд адмоўна паўплывалі на здароўе абодвух. У Камінскага вельмі хутка развілася хвароба Альцгеймера, пачаліся камунікацыйныя складанасці. У мамы пазней выявіўся рак.

Д. Р. Камінскі і яго жонка Дора Камінская з унучкай Лізай ў Атаве (Канада), лета 1982.

Да ўсіх звычайных праблем эміграцыі – чужая абстаноўка, няведанне мовы і звычаяў, матэрыяльная залежнасць (у адрозненне ад ЗША, урад у Канадзе звычайна не дапамагаў пажылым людзям у першыя дзесяць год жыцця ў краіне) – дадалося тое, што першы раз у жыцці ў бацькоў не было галоўнай аддушыны, фартэпіяна. Мама ж і сама мела не абы-якія музычныя схільнасці. Вундэркіндам яна ў сем гадоў саліравала дзяржаўнаму аркестру беларускага радыё. Музычнае чатырохгадовае вучылішча ў Мінску яна скончыла экстэрнам за два гады і была адразу ж прынята ў кансерваторыю, але тут пачалася вайна. Неўзабаве мама і трое яе братоў асірацелі. Спачатку памерла наша бабуля, а праз месяц ад інфаркту памёр і дзед. Абодвум было толькі крыху за сорак. У мамы на руках засталіся трое братоў, малодшаму было чатыры гады. Калі яны вярнуліся ў родны горад, Бабруйск, мама адразу пайшла на работу ў дзіцячую музычную школу, каб неяк пракарміць малодшых братоў. Было не да кансерваторыі. Калі ж у 1945 годзе яна сустрэла свайго першага мужа, нашага бацьку, то шлюб не наблізіў, а нават аддаліў яе мару пра кар’еру канцэртнай піяністкі. Бацька, на чатырнаццаць гадоў старэйшы за маці, адразу ж і безагаворачна прыняў маміных братоў як родных дзяцей, але яе мары пра вяртанне ў кансерваторыю палічыў незразумелай выдварай, дзівацтвам. І мама прадаўжала займацца педагагічнай работай да пенсіі. А потым – эміграцыя.

Д. Камінскі з жонкай у Атаве, 1983.

Па прыездзе ў Канаду маці, нягледзячы на свой стан і далейшыя некалькі аперацый, старалася стварыць мужу ўтульнасць і спакой, падтрымаць цікавасць да жыцця. Яна грукалася ва ўсе дзверы, спрабавала знайсці спосабы, каб вярнуць творы Дзмітрыя Раманавіча да жыцця, бо яны былі забаронены да выканання ў СССР і выкінуты з музычных бібліятэк. Мы з сястрой былі настолькі занятыя пошукамі свайго месца ў новай краіне, што фізічна не маглі ім сур’ёзна дапамагаць (абмяжоўваліся пераважна матэрыяльнай падтрымкай), дый з англійскай мовай напачатку было ў нас усіх даволі кепска. Вядома, бацькі надоўга прыязджалі да нас у Атаву і любілі гэты горад, але пастаянна жылі ў Манрэалі, недалёка ад маёй сястры.

Тым не менш мама не марнавала часу. Хвалюючыся з-за часовай залежнасці ад дачок, яна знайшла месца нянькі і гувернанткі ў шматдзетнай яўрэйскай сям’і. Там аказаўся інструмент, і яна з асалодай займалася з дзецьмі. Паступова прыйшла падтрымка ад яўрэйскай абшчыны, у жыцці якой мама пачала браць удзел (не афішуючы той факт, што Дзмітрый Раманавіч быў сынам рускай дваранкі), а потым і невялікая ўрадавая дапамога. Калі ж праз няпоўных тры гады было набытае піяніна (таннае, кароткаструннае), да мамы пацёк спярша маленькі, а потым і вельмі прыстойны паток студэнтаў – і дзяцей, і дарослых. Праца ёй падабалася, мама выкладала нават за два тыдні да сваёй апошняй шпіталізацыі; на яе пахаванне ў 1997 годзе прыйшло багата яе вучняў.

Аднак галоўным клопатам маці ў эміграцыі заставаўся яе супруг. Даволі рана па пераездзе ў Канаду мама прыдумала яму занятак; наказала мне забяспечыць яму пісьмовыя прыналежнасці, а яму – пісаць мемуары. Зараз, амаль праз трыццаць гадоў, яны ляжаць у мяне, і скора Дзмітрый Раманавіч – чалавек, які навучыў мяне цаніць самастойнае мысленне, істотна паўплываў на літаратурныя і музычныя густы – сам загаворыць з Вамі, дарагі чытач.

Дм. Р. Камінскі і Дора Камінская граюць у шпіталі для хворых, 1988.

Мемуары майго айчыма валодаюць непараўнальнай каштоўнасцю. Першае ў іх – безумоўна, даніна эпосе, дзе перадрэвалюцыйная Расійская імперыя, асабліва яе паўднёвая частка, апісаная падрабязна і жыва. Цікава, што, чытаючы ўспаміны, мы шмат у чым пройдзем той жа геаграфічны маршрут, што і героі Міхаіла Шолахава. Розніца, аднак, у тым, што пісьменнік цікавіўся перадусім аграрнай і данской Расіяй, тады як у Камінскага апісваецца жыццё тыповых прадстаўнікоў такога нетыповага пласта грамадства, як рускамоўная інтэлігенцыя, што складалася з людзей рознага паходжання і выхавання.

Яшчэ адна, сумная рыса ўспамінаў Дзмітрыя Раманавіча Камінскага – у тым, што па іх можна прасачыць гісторыю яго хваробы. Паступова змяніліся як почырк аўтара, ператварыўшыся з каліграфічнага ў цяжкачытэльны, так і якасць самавыяўлення. Пачынаючы з 1986 года, Дзмітрый Раманавіч пачаў губляць дар мовы, а ўжо на два гады пазней ён размаўляў толькі сваімі цудоўнымі светла-блакітнымі вачыма, якія запальваліся, бы ліхтарыкі, пры відзе мамы. У сувязі з гэтым яго запісы апошніх гадоў тут не публікуюцца. 23 лістапада 1989 года Д. Р. Камінскі памёр у Манрэалі.

Апошні дзень народзінаў Д. Р. Камінскага. Побач з ім жонка і Эстэла Гімпілевіч, старэйшая дачка Доры Абрамаўны

Я шчыра шкадую, што Камінскі амаль зусім не закрануў ва ўспамінах сваёй неспатольнай цікавасці да А. Чэхава, А. Пушкіна, А. Франса, У. Шэкспіра, А. Маруа, І. Стравінскага, Д. Шастаковіча, С. Пракоф’ева, а значыць, не пазнаёміць з імі чытачоў. З гэтымі і многімі іншымі дзеячамі культуры я расла, быццам з блізкімі сябрамі, настолькі жыва ён іх абмяркоўваў, «нагбом», як казала мама. Назва яго ўспамінаў – «Пра майго бацьку і сябе. Успаміны пра найлепшага чалавека ў маім жыцці» – мяне, аднак, не здзіўляе. Пра свайго бацьку ён заўсёды гаварыў з такой пяшчотнай любоўю і сімпатыяй, якія рэдка здараюцца ў наш час. Дый увогуле, адметнай рысай майго айчыма была здольнасць да шчырай любові, якая выяўлялася ў яго музыцы. Гэтую адметнасць чытач, без сумневу, прыкмеціць і ў запісках, прапанаваных ніжэй.

Д-р Зіна Гімпелевіч (Канада)

Д. Камінскі. Пра майго бацьку і сябе. Успаміны пра найлепшага чалавека ў маім жыцці

Імя маё – Дзмітрый, імя па бацьку – Раманавіч, а прозвішча – Камінскі. Я сын вядомага ў свой час на поўдні Расіі музыкі, Роберта Ісакавіча Камінскага. Гэта быў надзвычай адораны скрыпач-віртуоз, выдатны ансамбліст і ўвогуле музыка велізарнага таленту і рэдкіх душэўных якасцей: дабрак, спагадлівы чалавек, нястомны аптыміст і жыццялюб. Тыя, хто яго ведаў, а ведалі яго вельмі многія, шчыра любілі яго. Асабліва прыхільна да майго бацькі ставілася яго публіка, калі ён выходзіў на эстраду са скрыпкай, прыбраны (фрак яму пасаваў), цікавы, нават прыгожы, браў скрыпку і пачынаў граць так, як толькі ён умеў граць. Было такое ўражанне, што ігра на скрыпцы для яго – занятак неверагодна лёгкі! Перш за ўсё ўражваў гук яго інструмента, які глыбока пранікаў у душу слухача. Выдатнае, віртуознае ўладанне інструментам, «чароўныя штрыхі», высокароднасць фразіроўкі, цудоўны густ – усё гэта рабіла яго ігру незабыўнай. Граў ён усё, што напісана для скрыпкі. Улюбёнымі яго кампазітарамі былі Бах, Бетховен, Паганіні, Брамс, Крэйслер. На біс ён часта выконваў мноства твораў папулярных і вядомых музычнай публіцы, напрыклад, «На прыгожым халме» Пабла Сарасатэ і «Фантастычнае» скерца Антоніа Баціні. Як ён радаваў слухачоў сваім віртуозным майстэрствам! Публіка яго вельмі любіла. У Растове-на-Доне, дзе мы доўгі час шчасна жылі, майго бацьку называлі «галоўны па музыцы» (!) Ці варта казаць пра тое, як я яго любіў, дый ён проста абажаў мяне…

Мне хочацца вярнуцца да яго дзяцінства і гадоў навучання. Нарадзіўся ён у 1882 годзе ў горадзе Крамянчугу (Украіна). У яго бацькі быў прыдарожны гатэльчык (карчма) – крыніца існавання даволі вялікай сям’і, дзе нарадзіліся тры хлопчыкі (Леў, Рыгор, Рувім) і дзяўчынка Цыля. Акрамя бацькавага брата Рыгора (дзядзя Грыша), другога брата я не ведаў, гэтаксама не быў знаёмы з цёткай Цыляй. З цягам часу ўся сям’я Камінскіх пераехала ў Адэсу, і жылі яны ў самым пралетарскім раёне, на Малдаванцы. Калі бацьку было з тры гады, ува двор зайшоў вулічны «ансамбль» музыкаў. У Адэсе такія «ансамблі» называліся «Ванька-ру-цю-цю»! У майго таты гэтая музыка пакінула «непазбыўнае ўражанне», ён хадзіў з гэтымі музыкамі з аднаго двара ў другі і паўсюль слухаў іх выступы. Пасля гэтага любімай для майго таты сталася гульня з дзвюма палкамі: адну ён прыстаўляў да грудзей («скрыпку»), а другая была «смыком». Ён мог гадзінамі «пілаваць» гэтыя палкі, удаючы з сябе скрыпача. Калі яму споўнілася пяць гадоў, яго аддалі ў музычную школу – не помню імя выкладчыка. Хлопчык здзіўляў педагогаў сваімі поспехамі. У бацькі былі рукі фенаменальнай будовы: на левай руцэ мезенец быў гэткай жа даўжыні, як 4-ы палец (як у Паганіні!), таму цяжкасцей для яго не існавала.

У 1893 годзе ў Адэсу прыехаў Пётр Ільіч Чайкоўскі, наладзілі вялікую ўрачыстасць. Чайкоўскаму паказалі адораных дзяцей школы, і, вядома, Рувім (у свецкім жыцці – Раман, але нярэдка яго менавалі Веням) Камінскі ўдзельнічаў у гэтым спаборніцтве. Ён уразіў Пятра Ільіча спеласцю выканання канцэрта № 9 Берыо. Чайкоўскі абняў хлопчыка і параіў не перагружаць яго заняткамі: «Ён у вас бледненькі, кволы, яму трэба больш хадзіць на шпацыр! А скрыпка ад яго не ўцячэ!» Тату было тады гадоў адзінаццаць. Пётр Ільіч падарыў бацьку Рувіма сторублёвую купюру – для беднай сям’і гэта было цэлым багаццем! Чайкоўскі тут жа напісаў хадайніцтва ў Пецярбургскую кансерваторыю з просьбай прыняць без іспыту рэдкага паводле адоранасці хлопчыка, а таксама ліст свайму брату Мадэсту Ільічу з просьбай прытуліць у сябе на кватэры хлопчыка з беднай сям’і, які прыедзе вучыцца ў кансерваторыю ў бліжэйшы час. Мадэст Ільіч ахвотна выканаў просьбу брата. Так і пачалося для майго бацькі новае жыццё ў Пецярбургу.

Гады навучання

Чым асабліва каштоўныя гады навучання ў такой установе, як Пецярбургская кансерваторыя таго часу? Гэта быў апагей росквіту кансерваторыі. Бадай, у тыя гады Пецярбургская кансерваторыя была адной з лепшых у свеце навучальных устаноў па ўкамплектаванні прафесарамі і па складзе студэнтаў. Па прыклады «далёка хадзіць не трэба». Прафесар па тэорыі кампазіцыі – Мікалай Рымскі-Корсакаў, дырэктар – Антон Рубінштэйн. Прафесары па класе скрыпкі – Леапольд Ауэр і Мікалай Галкін (вучань Ауэра), прафесары па класе фартэпіяна – Ганна Есіпава і Марыя Барынава, прафесар па класе віяланчэлі – Аляксандр Вержбіловіч, прафесары вакалу – зоркі Марыінскага тэатра! Пазней ім на змену прыйшлі Аляксандр Глазуноў, Вячаслаў Сук і многія іншыя асобы, якімі ганарылася музычная культура Расійскай імперыі.

Апынуўшыся ў такім атачэнні, мой бацька проста «абавязаны» быў добра граць, дый Ауэр прымушаў яго добра займацца! Калі Ауэр бачыў прыкметы ляноты, або, яшчэ горш, падману, то доўга не разважаў: адной рукой ён трымаў пульт, на якім стаялі ноты, а другой рукой – галаву вучня са скрыпкай, усё гэта рухалася насустрач, білася адно аб адно і выкідвалася прэч з класа, у калідор, а па калідоры гулялі дзяўчаты, таварышы… Гэтаму ёсць дакладная назва: «выгнаць у шыю»! А якія ў бацькі былі таварышы! Міша Эльман, бліскучы скрыпач, у Англіі атрымаў ганаровае званне лорда. У свой час бацька ўпрасіў Ауэра ўзяць Мішу ў клас. Яша Хейфец, з якім бацька асабліва сябраваў! Пра Хейфеца бацька казаў так: «хлопчыкам 12 гадоў ён паводле спеласці граў як стары», г. зн. ён быў не проста вундэркіндам, а геніяльным майстрам, яшчэ не дасягнуўшы падлеткавага ўзросту.

Ауэр навучыў бацьку лёгкасці штрыхоў. «Цяжка працуючым» скрыпачам Ауэр казаў: «Ад Вашай ігры потам патыхае, гэтага не трэба ў музыцы». І амаль усе ауэраўскія вучні славіліся відочнай лёгкасцю і высокім артыстызмам пры выкананні любых, нават найскладанейшых твораў. Я памятаю, як бацька граў «Кармэн» у транскрыпцыі Сарасатэ. У гэтай транскрыпцыі вельмі цяжкі фінал – у шалёным тэмпе, усцяж у двайных нотах. Гэтыя двайныя ноты, тэрцыі, сексты, актавы праносіліся з жахлівай хуткасцю, а ён, граючы, толькі пазіраў на мяне і пасміхаўся. Я думаю, што яму многае дала Адэса! Ён казаў, што горад у той час «поўніўся эмбрыёнамі таленту менавіта скрыпічнай ігры». У час навучання ў кансерваторыі бацьку накіравалі для стажыроўкі і практыкі ігры ў аркестр Марыінскага тэатра. Гэта таксама, мякка кажучы, някепская школа: пад кіраўніцтвам Эдуарда Напраўніка аркестр Марыінскага тэатра быў проста ідэальны!

Бацька Д. Камінскага – Роберт (Раман, Веніямін) Ісакавіч Камінскі (раней за 1917 г.).

У 1903 годзе прыйшла пара заканчваць кансерваторыю, бацьку тады ішоў дваццаць першы год. Многія ў такім узросце толькі паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, а мой бацька ўжо быў выпускніком. За год да заканчэння ён змяніў кватэру, утаіўшы свой новы адрас ад «сябручкоў», якія заміналі яму займацца скрыпкай, і засеў за працу ўсур’ёз. Для экзамену была выбрана праграма: канцэрт Бетховена і «Атэла» Г. Эрнста (фантазія на тэмы оперы Расіні). І больш я нічога не ведаю, мяне яшчэ тады не было на свеце. Я нарадзіўся ў 1906 годзе, так што ўсе гэтыя звесткі – са слоў бацькі. Яшчэ ён мне казаў, што год працы са скрыпкай у «пустэльніцтве» даў яму больш, чым усе гады навучання ў кансерваторыі! У маі 1903 года адбыўся выпускны экзамен у кансерваторыі, але майго бацьку, як круглага выдатніка, прызначылі граць на акце – гэта асаблівая ўзнагарода, якая давалася толькі тым, хто быў выдатнікам на працягу ўсяго курсу ў навучальнай установе. Пра канцэрт у выкананні бацькі я магу распавесці паводле аднаго эпізоду, які здарыўся са мною ў Маскве. Калі я быў у Сакольніцкім парку на канцэрце, вучань майго бацькі (Анатоль Сцяпанавіч Залатароў) паклікаў мяне на хвілінку ў бок, падвёў да музыкі, які стаяў недалёка, і звярнуўся да яго: «Дазвольце прадставіць Вам сына знаёмага Вам Роберта Камінскага!» Той музыка абамлеў! «Уй, Вы сын Рувіма Камінскага? Скажыце, дзе ён? Уй, маё прозвішча Вейсбейн! Перадайце яму, што я дагэтуль памятаю, як ён граў канцэрт Бетховена, гэта было на акце! Гэта было нешта незвычайнае! Гэты гук! Гэтая фразіроўка! Перадайце яму вялікі прывет! Маё прозвішча Вейсбейн! Вы падобны на свайго тату!» Гэта было ў пачатку трыццатых гадоў.

(працяг будзе)

Поўны тэкст мемуараў будзе надрукаваны ў альманаху «Запісы БІНіМ», № 39 (Нью-Ёрк-Менск). Гэты нумар «Запісаў» мае выйсці ўвосень 2017 года.

Апублiкавана 27.04.2017  22:20