Tag Archives: Ошмянская синагога

СНЕЖАНЬСКАЕ

Шалом, every buddy. З вядомых прычын (спалучэнне лічбаў «2022» запомніцца мільёнам людзей надоўга) настрой мой пакідае многа лепшага, але цешыць тое, што цырымонія ўзнагароджання Нобелеўскай прэміяй міру Алеся Бяляцкага такі прайшла ў Осла. Было гэта 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.

Дыплом атрымала і прамову казала Алесева жонка Наталля Пінчук (на фота ад Associated Press). Вытрымкі:

Пра нацыянальны кампраміс або дыялог няма размовы. Пераследуюць дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей сталага ўзросту. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сістэмы, асабліва для тых, хто марылі быць свабоднымі людзьмі!

У такой сітуацыі невыпадкова, што за дэмакратычныя перакананні і праваабарончую дзейнасць улады арыштавалі Алеся і яго паплечнікаў з Праваабарончага цэнтра «Вясна»: у вязніцах Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя праваабаронцы. Другія зараз яшчэ пад следствам і пракурорскімі абвінавачваннямі, трэція вымушаны былі эміграваць за мяжу.

Тым часам дзякуючы праекту #FreeAllWords творы Алеся Бяляцкага былі перакладзены на некалькі (хіба 8) еўрапейскіх моў. А ў Вільнюсе міністэрства замежных спраў Літвы прапанавала размаляваць фасад прагімназіі Сімона Даўкантаса так, каб партрэт Бяляцкага глядзеў на пасольства РБ…

За рэалізацыю ўзяліся мастакі з лабараторыі «Kiaurai sieńs» (кіраўніца Ліна Шліпавічутэ) і калектыва «Gyva Grafika». «Алеся Бяляцкага шмат не бывае», пракаментавалі ў газеце «Новы час»

Не ведаю, наколькі гэдакі «тролінг» паспрыяе скарэйшаму вызваленню палітвязня; зрэшты, чаго гадаць… Лепей выкладу тут рэпрадукцыю яшчэ адной паштоўкі, адпраўленай А. В. Бяляцкім з бабруйскай калоніі (13.04.2014):

Добры дзень, шаноўны Вольф!

Дзякуй за паштоўкі. Мне яны спадабаліся – густоўныя. Вы малайцы, што варушыцеся і робіце добрую справу. «Зэльманцаў» я не чытаў, але калі будзе перавыданьне, абавязкова прачытаю. Зараз мне даслалі кнігі Абрама Рабкіна, мастака, які жыве ў Пецярбургу, пра даваенны Бабруйск «Вниз по Шоссейной». Начытваю матэрыял, бо пішу пра бабруйца пісьменьніка Барыса Мікуліча. Яшчэ не пачынаў чытаць, але, мяркую, будзе цікава і карысна. У мяне ўсё па-старому… Да сустрэчы, Алесь.

Першую паказваў у гэтым восеньскім тэксце, другую – вось тут (у 2013-2014 гг. будучы набеліят адгукаўся на мае пасланні). Пыталіся ў сеціве некаторыя, а што яго арганізацыя зрабіла карыснага? Тут і цяпер не месца і не час для паглыбленага аналізу. Мне «Вясна» ў 2001 г. дапамагла, пісаў пра гэта.

Сярод пазітыўных навін – і тое, што святар Уладзіслаў Багамольнікаў, за якога перажывалі многія (у прыватнасці, яго былы сукамернік, філолаг Сяргей Гаранін), пасля 100 дзён на Акрэсціна ўсё ж вярнуўся дахаты. З падпіскай аб нявыездзе, але тым не меней…

У сярэдзіне снежня пакінулі месцы няволі некаторыя іншыя вязні, што сядзелі «за палітыку»: брэсцкія блогеры Аляксандр Кабанаў & Сяргей Пятрухін, пружанскі паэт Мікола Папека, кобрынскі «абражальнік Яго вялікасці» Віталь Жук. Тэндэнцыя?

А. Кабанаў (злева; у 2020 г. кароткі час быў прэс-сакратаром ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскай) і С. Пятрухін

М. Папека, В. Жук (фоткі з паўзакрытых крыніц)

А так-то вакол зіма і ледзь не суцэльны змрок. З канца 2021 г. нярэдка пісаў пра смерці сваіх знаёмых – зараз яшчэ адна навіна з таго самага шэрагу. Ілана Акапян паведамляла ў fb (29.12.2021, пер. з рус.):

Памяці Святланы Бергер.

Вельмі балюча…

Сышоў чалавек, які шукаў адказы на складаныя філасофскія пытанні, яднаў, здавалася б, неаб’яднальнае: ідыш і славянскую культуру, іудаізм і бахаізм… Няхай гэта дапаможа пракласці ёй шлях у вечнасць.

Дзеcяць дзён таму памерла і сама І. Акапян, якую цанілі ў Беларусі як выкладчыцу іўрыта і не толькі. Праўда, асабіста Ілану я не ведаў, а псіхолага Святлану Бергер ведаў – сустракаўся з ёй разоў трох, пачынаючы з вясны 2012 г.

Папрасіў сталага чытача з Мінска Пятра Рэзванава напісаць пра нябожчыцу – што з гэтага выйшла, гл. ніжэй:

C. Бергер

Насамрэч неардынарная была жанчына. Самы яркі мой успамін звязаны з паездкай у Камаі Пастаўскага раёна (верасень 2012 г.) – на запрашэнне д-ра Юрася Гарбінскага, каторы тамака дабіваўся і дабіўся ўпарадкавання старых яўрэйскіх могілкаў. Ехалі мы ў аўто Аляксея Жбанава – маладога супрацоўніка міністэрства замежных спраў, аматара спеваў на ідышы, якому С. Б. дапамагала арганізоўваць імпрэзы. На адваротным шляху спыніліся ў полі, дзе расла дзікая яблыня… Аляксей і Святлана сталі бадзёра латашыць яе. Наогул, С. Бергер любіла і вандраваць, і ладзіць вандроўкі па Беларусі: праект «У пошуках ідыша» з Алесем Астравухам у ролі экскурсавода – яе дзецішча.

Крыху больш за год таму Святлана Аронаўна яшчэ спрачалася з камандай «Штэтлфэста», рэагуючы на аб’яву пра анлайнавы майстар-клас па «ідышскім танцы» (05.12.2021): «Ідышскі танец – гэта што? Танец на мове? Танец словамі? На мой погляд, словаспалучэнне не мае сэнсу» Адказ быў такі: «Гэта менавіта пра “танец на мове” і “танец словамі”. Усё так, як вы мяркуеце. Гутарка пойдзе пра ўнікальную танцавальную традыцыю і спецыфічную жэставую танцавальную рыторыку, што традыцыйна належыла людзям, якія размаулялі на ідышы. І больш нікому :)))»

Гатовыя да тлумачэнняў Аляксей Розаў, Ната Голава і Cammi Kazeno

Пасля штэтлфэстаўскіх падарожжаў, закранутых у маіх леташніх нататках, быў створаны сайт-«справаздача». Дзеля-мадзеля спашлюся таксама на фільм «Людзі і сінагогі» (2020), падрыхтаваны беларускім таварыствам ІСОMOS:

Абодва праекты фундаваліся з краін ЕС, але першы падабаецца мне болей (гэтая старонка як бы намякае, чаму :)) Да «прысабечвання» ашмянскай сінагогі дзеячамі ІСОMOS ставіўся даволі скептычна яшчэ ў 2018 г., і фільм не пахіснуў маю пазіцыю… Сфармуляваў бы так: у канцы 2010-х улады Ашмянскага раёна (і) Гродзенскай вобласці рабілі выгляд, што іх цікавіць стары будынак сінагогі ды планы, падтрыманыя літоўскімі дабрадзеямі; грамадскія актывісты рабілі выгляд, што давяраюць уладам. Як насамрэч у названым раёне дбаюць пра «яўрэйскую спадчыну», красамоўна паказала гісторыя з перабудовай сядзібы ў вёсцы Будзёнаўка. Драўляную сядзібу – рарытэтную, як для нашага часу – пабудавалі заможныя яўрэі Стругачы на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў… Новы гаспадар «упарадкаваў» маёмасць.

Было ў 2021 г. і стала ў 2022 г.

Зрэшты, нічога дзіўнага. Бадай у гэтым жа стылі «дорага-багата» ў 2000-х перарабілі драўляныя дзверы ў мінскім «доме з мязузай» на вул. Ракаўскай (пасля «рэстаўрацыі» след ад мязузы папросту знік, што, вядома, не дадало каштоўнасці аб’екту). І во кагадзе паставілі каля Белдзяржцырка цацачны «фасад» першай мінскай электрастанцыі, знесенай у 2011 г.:

Выява адсюль. Гэй-там, спыніцеся з імітацыямі; маркіз дэ Кюстын менаваў «краінай фасадаў» іншую дзяржаву!

Яшчэ мне шкада касцёла ў Зембіне, па якім лазіў, калі трапляў у мястэчка па «ізіхарыкаўскіх» справах (з лістапада 2022 г. помнік гісторыі ХVIII-XIX стст. – усё).

Фота А. Дыбоўскага, 2004 г.

Давайце ўсе разам па… спадзяемся, што слонімская сінагога, ужо фактычна вернутая Ілонай Караваевай ва ўласнасць райвыканкама, не зведае лёсу зембінскага касцёла.

Тут, у сталічным пяціпавярховым доме на бул. Шаўчэнкі, 4, уночы разгарэўся смерцяносны пажар. Фота 19.12.2022; за двое сутак пажарныя расчысцілі завалы, мантажнікі ўмацавалі сцены… Як было на ранку 17 снежня, гл. па гэтай спасылцы. Не састарэла, выглядае, мая змрачнаватая красавіцкая нататка; на ціхім бульвары за 9 месяцаў загінула больш людзей, чым за ўвесь час яго існавання 🙁

Апрача тых, каго пералічваў надоечы, у 2022-м памёр мой фамільянт – а можа, і далёкі сваяк. Віцебскі кампазітар Аляксандр Рауза напісаў у фэйсбуку (пер. з рус.):

17 студзеня 2022 года на 75-м годзе пайшоў з жыцця Рубінчык Ілья Барысавіч, выдатны музыка, педагог, прафесіянал сваёй справы. За доўгія гады працы ў нашым каледжы ён падрыхтаваў дзясяткі спецыялістаў для ўстаноў адукацыі і культуры горада Віцебска, вобласці і рэспублікі, а таксама лаўрэатаў выканальніцкіх конкурсаў, салістаў аркестраў. Ён заўжды вылучаўся незвычайнай культурай зносінаў, высокай адукаванасцю, чалавечнасцю, шчырым стаўленнем да навучэнцаў і калегаў па працы. Аркестравыя калектывы ніколі не абыходзіліся без удзелу віртуоза-флейтыста Ільі Барысавіча. Мы ніколі не страчвалі з ім сувязь і заўсёды былі рады бачыць яго на нашых каледжавых мерапрыемствах. Выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім Рубінчыка Ільі Барысавіча. Памяць аб ім назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах!

І. Б. Рубінчык

З тэатральным дзеячам Аляксеем Стрэльнікавым (1983-2022; застаўка 2019 г.) 5 год таму бралі ўдзел у серыі лекцый «(Не)расстраляная паэзія». Чаму на мінулым тыдні спынілася яго жыццё, мне дагэтуль не ясна.

Толькі цяпер заўважыў, што ў кнізе доктара гістарычных навук Леаніда Лыча (1929–2021) «Яўрэйская культура Беларусі – яе агульны духоўны набытак» (Мінск, 2012; с. 117–118) ёсць такія фразы:

Будаваць нацыянальна-адраджэнскі працэс на рускамоўнай аснове вымушае яўрэяў невалоданне пераважнай бальшынёю іх сваімі нацыянальнымі мовамі іўрыт і ідыш. Таму не на іх, а на рускай мове вядзецца амаль уся культурна-асветніцкая праца, друкуюцца кнігі, выходзяць газеты, за выключэннем невялічкай беларускамоўнай газеты «Мы яшчэ тут», за што нацыянальна-свядомым беларусам трэба быць удзячнымі яе рэдакцыі…

Меўся на ўвазе бюлетэнь «Мы яшчэ тут!» – друкаваў яго ў 2003–2009 гг., мяне хапіла на 42 выпускі (дакладней, 42¼; у маі 2009 г. на «Яме» раздаваўся анекдатычны спецвыпуск – чысты аркуш з надпісам «І так усё ясна!»). Што ж, пачытаў развагі Л. М. Лыча з цікавасцю, нават не без прыемнасці… Праўда, беларуская мова была ў «Мы яшчэ тут!» толькі «адной з» – трапляліся ў тым бюлетэні матэрыяльчыкі на рускай ды ідышы. Дый кніг з «яўрэйскім зместам» па-беларуску з’явілася к 2012 г. не зусім ужо мізэр; сам выдаў «На яўрэйскія тэмы» і «На ізраільскія тэмы» (Мінск: Шах-плюс, 2011).

Апошнія пару гадоў далёкі я ад выдавецкіх клопатаў. Зрэдчас запісваю відэаролікі накшталт гэтага:

Зміцер Дзядзенка (з)ацаніў… І прапанаваў паслухаць сваю песню:

Раман Цыперштэйн з Пінска прыслаў віншаванне з Ханукай, якім ахвотна дзялюся:

Ідыш не забываецца. Лебн зол ідыш!

Узгадаем яшчэ, што 120 год таму (4-10 верасня 1902 г.) у Мінску адбылася ўсерасійская канферэнцыя сіяністаў – у зале «Парыж», тамака, дзе рог цяперашніх вуліц Мяснікова і Калектарнай. Іна Герасімава пісала, што прыехала звыш 500 дэлегатаў – актывістаў руху. У канцы 2002 г., на стагоддзе падзеі, цэлы выпуск газеты быў ёй прысвечаны («Авив», № 80), а ў сталіцы Беларусі зноў сабраліся… тым разам, хутчэй, аматары стабільнасці. Калекцыянер «яўрэйскіх пасадаў» Якаў Басін прапаноўваў стварыць у краіне сіянісцкую федэрацыю, ды нават у ягоным коле скемілі тады, што няможна бясконца памнажаць сутнасці.

Фота з мінскай газеціны «Авив», № 81 (снежань 2002)

А гэта ўжо варыяцыя на тэму «якім будзе наступны год». От, новы паварот…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.12.2022

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 21.12.2022  20:50

***
Алена, удава Аляксея Стрэльнікава, пра абставіны яго смерці (fb, 22.12.2022):
Лёша ехаў на тэатральны варкшоп. У прыўкраснае месца на прыродзе, далёка ад населеных пунктаў. Я падтрымлівала яго. А ён радаваўся прыродзе і працы з людзьмі. Дарогі занесла, і ім выпала пераходзіць возера. Лёша праваліўся пад лёд. Ён выбраўся. Але стаяў моцны мароз. Дапамога не паспела прыйсці…

Наталля Агарэлышава разважае пра сінагогі Гомельшчыны

Выкарыстанне патэнцыялу былых і існуючых сінагог Гомельшчыны: гісторыя, праблематыка, магчымасці

Для беларускіх мястэчак пачатку ΧΧ ст. былі характэрныя царква, касцёл і сінагога (часам – і мячэць), якія звычайна стаялі ў цэнтры. Паводле этнічнага складніка пасля беларусаў на другім месцы былі габрэі, якія складалі 14,1% (каля 1,2 млн. чалавек) ад усяго насельніцтва [1]. Даследчык Бэн-Цыён Пінчук прадставіў дадзеныя аб тым, што ў 1897 г. габрэйскае насельніцтва дамінавала (складала звыш 80% насельніцтва) у 462 мястэчках ва ўсёй рысе аседласці [3].

Усе змянілася пасля 1940-х гг., калі габрэйскае насельніцтва пацярпела ў час Халакоста (з тых, хто застаўся на акупаванай тэрыторыі, загінула каля 96% – статыстыка Яд Вашэм, 1991 г.). У апошнія дзесяцігоддзі існавання Савецкага Саюза ў беларускіх габрэяў з’явілася магчымасць з’ехаць у Ізраіль або іншыя краіны. Але засталося матэрыяльнае ўвасабленне габрэйскай культуры – сінагогі, вакол якіх некалі круцілася ўсё жыццё абшчыны. Што ж такое сінагогі і як яны выкарыстоўваюцца цяпер? Сінагога – гэта любое памяшканне, прызначанае для грамадскай малітвы, якая заўсёды была і застаецца яе галоўным прызначэннем. Аднак у Талмудзе сінагога толькі адзін раз названа «домам малітвы» (бейт-тфіла). Як правіла, яе функцыі значна шырэй – з старажытных часоў і па сённяшні дзень яна завецца «дом сходу» (бейт-кнесет), ці ў больш звыклай для нас грэчаскай версіі – «сінагога» (συναγωγή). У адпаведнасці са сваёй назвай, сінагога з’яўляецца месцам адукацыі, правядзення сустрэч, сходаў, розных урачыстасцяў як для ўсёй абшчыны, так і для яе асобных чальцоў [4].На сённяшні час у Беларусі дзейнічае каля дзесяці сінагог, з іх тры – у г. Мінску [5]. Будынкаў сінагог, якія не выконваюць свае першапачатковыя функцыі, захавалася каля 70, і выкарыстоўваюцца яны пад розныя гаспадарча-бытавыя патрэбы: складскія памяшканні, рамонтныя майстэрні, крамы, жытло і г.д. І гэта – у лепшым выпадку, бо некаторыя з іх проста пустуюць і стаяць у руінах [2, 5]. Я вырашыла разгледзець сінагогі Гомельшчыны – вобласці Беларусі, дзе іх захавалася менш за ўсё. Навізна даследавання – у тым, што сінагогі Гомельшчыны дагэтуль падрабязна не вывучаны і не апісаны (аднак ёсць асобныя публікацыі пра жыццё габрэйскіх суполак Беларусі).

Мал. 1. Касцялянскі А. Р. Сінагога ў Нароўлі. 1927 г. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (фота аўтаркі). Будынак страчаны.

Падчас даследвання я высветліла, што сінагогі, якія дзейнічаюць у першапачатковым будынку, знаходзяцца ў самым г. Гомелі.

Мал. 2. Былы будынак сінагогі «Рош-Піна» у Гомелі, дзе зараз знаходзяцца ўсе габрэйскія суполкі горада (фота аўтаркі)

Так, будынак сінагогі «Рош-Піна» (год пабудовы – 1870) пасля ўсіх выкарыстанняў і перабудоў усё ж такі вярнулі габрэйскай суполцы Гомеля. Зараз асноўны карыстальнік будынка – грамадскае аб’яднанне «Гомельская абласная габрэйская суполка “Ахдут”». Па адрасе вул. Чырвонаармейская, 1а, зараз знаходзяцца дзве сінагогі: «Бейт Якаў» (артадаксальны іўдаізм) і «Кадзіма» (рэфармісцкі іўдаізм). Акрамя гэтага, у будынку размешчаны наступныя габрэйскія суполкі: супольная бібліятэка, клуб «Менора», грамадскае аб’яднанне «Гомельскі абласны габрэйскі дабрачынны цэнтр “Хэсэд Бат’я”», грамадскія аб’яднанні «Сахнут» і «Кэшэр», моладзевае аб’яднанне «Тхія», гарадская арганізацыя Беларускага саюза габрэяў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, габрэйскі навучальна-інфармацыйны цэнтр, культурна-гістарычнае таварыства «Арыэль», габрэйская нядзельная школа, дзіцячы садок-школа «Атыква», танцавальны гурток, ВІА «Мішпаха», хор «Аідышэ Лід», праграмы «Умелыя ручкі» і «З рук у рукі» і іншыя [9]. Тут можна зрабіць выснову, што ў абласным цэнтры існуе моцная габрэйская суполка, намаганнямі якой атрымалася не толькі захаваць і вярнуць будынак сінагогі, але і ўключыць у супольнае жыцце каля 1000 габрэяў горада [6, 9].

Зусім іншая сітуацыя склалася ў населеных пунктах, дзе засталіся будынкі былых сінагог, а габрэйскія суполкі невялікія (і дзе жывуць пераважна габрэі сталага ўзросту). Так, будынак сінагогі ў Калінкавічах да нядаўняга часу быў заняты пунктам аховы грамадскага правапарадку, але цяпер ахоўнікам перадалі новы будынак, а стары пустуе. Габрэйская супольнасць г. Калінкавічы збіраецца ў хаце, пераробленай унутры пад сінагогу (на той жа вуліцы) [10].

Мал. 3. Былы будынак сінагогі ў Калінкавічах, у якім да нядаўняга часу быў размешчаны пункт аховы грамадскага правапарадку, зараз пустуе (фота аўтаркі)

У гарадскім пасёлку Парычы будынак былой сінагогі займае дзіцячая бібліятэка, а ў Чачэрску – малітоўны дом хрысціян-баптыстаў.

Мал. 4. Былы будынак сінагогі ў г.п. Парычы, зараз – дзіцячая бібліятэка (фота: globus.tut.by)

Мал. 5. Былы будынак сінагогі ў Чачэрску, гісторыка-культурная каштоўнасць, зараз – царква хрысціян-баптыстаў (фота: globus.tut.by)

Дарэчы, гэта адзіны будынак сінагогі на Гомельшчыне, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці з часткова захаванай аўтэнтычнай архітэктурай [2, с. 142, с. 144]. Кіраўнік праекта «Гісторыя габрэяў у Беларусі» у Тэль-Авіўскім універсітэце, доктар гістарычных навук Л. Смілавіцкі (паводле нашых звестак – кандыдат гістарычных навук, або PhD. – belisrael) піша, што ў г. Рэчыцы захаваўся будынак былой сінагогі насупраць гарвыканкама, але навукова гэта не падцверджана [7].

Таксама былі выяўлены асноўныя праблемы выкарыстання будынкаў былых сінагог:

1. Зніклая памяць (пра габрэйскую культуру і спадчыну сярод беларусаў);

2. Выпадкі неталерантнасці і вандалізму (Калінкавічы, Гомель);

3. Адсутнасць запыту на выкарыстанне будынкаў былых сінагог у першапачатковым выглядзе (невялікая колькасць наведвальнікаў габрэйскіх суполак у Калінкавічах і Парычах, адсутнасць суполкі ў Чачэрску).

У сувязі з гэтым паўстаюць пытанні інтэрпрэтацыі былой/сённяшняй матэрыяльнай габрэйскай спадчыны. Прааналізаваўшы сітуацыю з сінагогамі Гомельшчыны, я бачу наступныя шляхі яе вырашэння:

• Вывучыць па розных крыніцах (навуковыя публікацыі, архівы, сайты габрэйскіх суполак і арганізацый) метамарфозы, што адбываліся з сінагогамі Гомельскай вобласці ў перыяд 1945-2000 гг.;

• Вывучыць сітуацыю са станам існуючых і перабудаваных сінагог «на месцы»;

• Высветліць адносіны да гэтых будынкаў як мясцовага насельніцтва, так і габрэйскіх суполак (падрыхтаваць апытальнікі і правесці інтэрв’юіраванне).

Таксама мае быць праведзены SWOT-аналіз:

Унутраныя фактары Strengths (моцныя бакі):

– багатая і драматычная гісторыя габрэяў у Беларусі (у тым ліку – і ў Гомельскай вобласці);

– прысутнасць габрэйскіх суполак Гомельшчыны ў сацсетках (Фэйсбук, Укантакце, Аднакласнікі, Інстаграм);

– зацікаўленасць сярод габрэйскіх суполак матэрыяльнай спадчынай свайго народа

Weaknesses (слабыя бакі):

– абмежаваная інфармацыя пра габрэйскую спадчыну Гомельшчыны;

– адсутнасць адзінага сайта пра габрэйскую спадчыну Гомельшчыны (у т. л. пра сінагогі);

– няма фінансавых укладанняў з боку ўладаў;

– адсутнасць рэкламнай прадукцыі пра габрэйскую спадчыну на «месцах»

Знешнія фактары Opportunities (магчымасці):

– магчымасць вывучаць архіўныя і іншыя крыніцы для далейшай інтэрпрэтацыі матэрыялу;

– магчымасць папулярызацыі габрэйскай спадчыны на тэматычных выставах, кірмашах, этнафэстах і г.д.;

– магчымасць дапамогі з-за мяжы (Ізраіль, ЗША і г.д.)

Threats (пагрозы):

– выпадкі і спробы вандалізму;

– адсутнасць зацікаўленасці і інфармаванасці сярод мясцовага насельніцтва, уладаў і г.д.

 

Пасля гэтага можна вывучыць станоўчыя прыклады выкарыстання будынкаў былых сінагог на патрэбы мясцовай супольнасці. І тут самы яскравы прыклад – праца Беларускага камітэта ICOMOS па выкарыстанні будынка былой Ашмянскай сінагогі [8].

А далей ужо можна прапанаваць наступны набор дзеянняў:

• Распрацоўка турыстычнага маршруту «Па слядах былых штэтлаў Гомельшчыны»;

• Здымкі фільма/рэкламнага роліка пра жыццё былых штэтлаў Гомельскай вобласці ў фокусе з сінагогамі як «сведкамі» матэрыяльнай габрэйскай культурнай спадчыны;

• Развіццё зацікаўленасці мясцовых супольнасцяў у вывучэнні гісторыі Палесся (можна на базе краязнаўчых музеяў);

• Распрацоўка рэкламнай прадукцыі пра габрэйскую спадчыну Гомельшчыны.

Н. Агарэлышава, г. Мінск

Крыніцы

  1. Беларусы: Т. 4: Вытокі і этнічнае развіццё. Мінск: Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, 2001, 221 с. – 4 т.
  2. Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий /сост. А. Еременко, М. Райхинштейн. – Иерусалим, 2019, 148 с.
  3. Pinchuk,B. C. How Jewish Was the Shtetl? // Polin. 2004. №17. P. 112.
  4. https://toldot.ru/articles/articleshtml?fbclid=IwAR01hK7jUuWBalwZB_qVqrbvCdQA0bHnt5XHIT_iR_HHbjUu7TkGV7DF_GQ
  5. https://globus.tut.by/type_tn_sinag_dejstv.htm
  6. https://toldot.ru/blogs/toldotplus/toldotplushtml
  7. http://nashkraj.info/evrejskie-adresa-rechitsy/
  8. https://nash-dom.info/54337
  9. Матэрыялы інтэрв’ю №№ 1 і 2 з прадстаўнікамі габрэйскіх суполак г. Гомеля.
  10. Матэрыялы інтэрв’ю № 3 з прадстаўніком габрэйскай суполкі Калінкавічаў.

Опубликовано 26.03.2020  15:23