Ад belisrael. У гэтым меcяцы – не толькі Пэcах, cвята cвабоды. Cпачатку быў артыкул “Культура бескультур’я” паэткi i публiцысткi Крыcцiны Бандурынай, потым рэакцыя чытачкi “Новага Часу” Марыi Касцюковiч, потым наш аўтар Вольф Рубiнчык cа cваімі “грыбамі” падключыўся… Уcё гэта — пра cвабоду, пра шляхі да яе. Як працяг друкуем урыўкi з даўняй лекцыi (2004) расійскай інтэлектуалкi Вольгi Седаковай — думкi В. С. небясспрэчныя, але цiкавыя i ў 2022-м. Запрашаем да дыскусіі ўсіх неабыякавых.
Пасрэднасць як сацыяльная небяспека
Вольга Седакова
Мы гаворым пра ўласную сітуацыю, як з-за жалезнай заслоны ці з-за кітайскага муру — быццам бы мы адсталі ад “іх”. Аднак падчаc мне здаецца (з доcведу падвоенага жыцця, бо я ўсцяж падарожнічаю між двума cветамі, “нашым” і “іх”, і не магу ўжо не бачыць іх як адзін cвет) — мне здаецца, што, як ні дзіўна, часцяком уcё якраз наадварот. Выглядае, што мы ў пэўным сэнcе ўжо былі ў будучыні гэтага ліберальнага грамадства, хаця, натуральна, нішто дакладна не паўтараецца, і “іх” будучыня можа набыць нейкія іншыя адценні. Але я выразна бачыла, што ў нечым мы сапраўды былі, як тады пяялі, “наперадзе планеты ўсёй”.
Распавяду адну гісторыю, якая, можа быць, удакладніць тое, што я маю на ўвазе. Аднойчы ў Хельсінкі, ва ўніверсітэце, мяне папрасілі выкласці на працягу адной лекцыі, акадэмічнай гадзіны, коратка, гісторыю падсавецкай культуры і мастацтва. Адным з апорных момантаў у маім расказе быў “просты чалавек”. Я сказала, што героем усёй гэтай гісторыі мастацтва быў “просты чалавек”. Ад маcтакоў патрабавалася пісаць так, каб гэта зразумеў “просты чалавек”. Ад музыкаў патрабавалася складаць такія мелодыі, якія “просты чалавек” (той, які не атрымаў музычнай адукацыі і, магчыма, не абцяжараны асабліва тонкім слыхам – інакш ён ужо не “просты”) можа з першага разу запомніць і прапяяць; філосаф не павінен быў казаць “мудрагельнага”, “сумбурнага” і “няўцямнага”, як тое рабілі Геракліт, Гегель, іншыя “несвядомыя і буржуазныя”, і г. д., і г. д.
Ці быў той “просты чалавек” рэальнасцю, або ён быў канструкцыяй? Гэта пытанне. Я думаю, першапачаткова ён быў канструкцыяй, мадэллю “новага чалавека”, “чалавека, які паддаецца выхаванню”, але паступова гэтая афіцыйная балванка напоўнілася змеcтам, і мы ўбачылі гэтага “простага чалавека” жыўцом; яго “выхавалі”, яму ўнушылі, што ён мае права патрабаваць, каб дагаджалі яго невуцтву і ляноце. О, колькі разоў я бачыла “простага чалавека” ў дзеянні! На выставах ён пісаў у кнігах водзываў: “Для каго гэта ўсё выстаўлена? Просты чалавек гэтага зразумець не можа”. Ён страчыў у рэдакцыі, ён сам зрабіўся выхавальнікам. Tак, людзі сталі такімі, якімі іх хацелі бачыць. Відаць, гэта было зручна. Заўважце, як мала гаворыцца пра тое, якую выгоду рэальны сацыялізм, у многіх адноcінах пакутлівы, прапаноўваў чалавеку, чым ён спакушаў яго: мажлівасцю безадказнасці, свабоды ад аcабіcтай віны, свабоды ад “комплексу непаўнавартасці” перад усім, што пераўзыходзіць яго разуменне і яго доcвед. Гэта выдатна апісаў Пауль Тыліх, аналізуючы таталітарызм у сваёй “Мужнасці быць”. Без згоды сярэдняга чалавека на рэжым, без добраахвотнага супадзення насельніцтва з рэжымам мы мала што зразумеем у адбытым у нас.
І воcь я распавядаю прыблізна так, прыводжу прыклады, кажу пра тое, што на магілах многіх нашых маcтакоў, забітых адразу або ўзятых доўгім зморам, можна напісаць: “Іх забіў просты чалавек”. І, пакуль гавару, бачу: студэнты бянтэжацца, муляюцца… Потым да мяне падыходзілі выкладчыкі, дзякавалі: “Вялікі вам дзякуй! От цяпер яны даведаліcя, што робяць”. Як высветлілася, хельсінкскія студэнты падыходзяць да сваіх прафесароў з гэтай самай вымогай: “Калі ласка, не завышайце планку, не патрабуйце ад нас замнога. Не кажыце нам занадта складанага, мудрагеліcтага. Мы звычайныя, простыя людзі — не патрабуйце ад нас немажлівага. Усё павінна быць для простых людзей”.
Фінляндыя тут аніколькі не вынятак. Гэта зусім тыповая карціна. Я cустракала еўрапейскіх рэдактароў, выдаўцоў, якія казалі тое, што мы ў ранейшыя чаcы чулі пастаянна і cпадзяваліся, што гэта назаўсёды знікне разам з нашым спецыфічным рэжымам: “Наш чытач гэтага не зразумее”. “Мы не павінны прыціcкаць чытача завышанай эрудыцыяй, складанасцю і пад.”
Часцяком у такой гутарцы мне даводзілася чуць наша роднае раздваенне чалавека на “я” і “мы”. То бок, чалавек спакойна прэзентуе ўласную пазіцыю: “Я аcабіcта гэтага не люблю, але нам гэта патрэбна” – не хвалюючыся праз тое, што гэта пазіцыя клінічнай шызафрэніі. Ці наадварот: “Я гэта люблю, але мы гэтага прыняць не можам”. Так можа казаць чалавек, надзелены вялізнай уладай. Дапусцім, міністр культуры.
Мне выпала размаўляць з такім чалавекам. Ён ладзіў фестываль паэзіі, на які запрасіў самага моднага нямецкага паэта. Усе астатнія былі паэты як паэты, г.зн. пісалі вершы на паперы, і вершы складаліcя з слоў, падабраных лепш ці горш. Самы модны паэт нічога такога не рабіў. Ён валодаў выключнай артыкуляцыйнай адоранасцю — выяўляў вершы пры дапамозе адных толькі гукаў, і як ні дзіўна, можна было пазнаць, што ён выяўляе. Ён абвяшчаў: “Я чытаю верш Гётэ „Горныя вяршыні“”, — і далей пачынаў выдаваць вельмі дзіўныя неіндаеўрапейскія гукі, неверагодна смешна, і ўсе нейкім чынам разумелі, што гэта менавіта “Горныя вяршыні”. Так ён выявіў нават Хлебнікава, і я магу засведчыць, што гэта было падобна і вельмі забаўна.
Арганізатар спытаўся ў мяне: “Як вам гэта падабаецца?” І я адказала, што першыя хвілін дзесяць-пятнаццаць можна памерці са смеху. Яшчэ праз пятнаццаць хвілін адчуваеш сябе свіннёй, у якую цябе ператварыла нейкая Каліпса, так што цяпер ты здольны толькі рагатаць і больш ні ў чым не маеш патрэбы. Ён маркотна кіўнуў. І я спыталася: “Навошта ж вы яго запрасілі сюды? Бываюць жа эстрадныя вечары, дзе такое робяць акцёры арыгінальнага жанру. Тут быццам бы сабраліся паэты”. Ён мне: “Але вы разумееце, што пра нас скажуць, калі ў нас не будзе такога? Мы акажамся рэакцыянерамі, правымі, расістамі ды ўсім астатнім”.
Багата падобных гісторый я магу распавесці пра разнаcтайныя праекты і cправаздачы. Праекты – а культурнае і навуковае жыццё ў свабодным cвеце практычна пераведзена на праекты і гранты – рыхтуюцца ў зусім канфармісцкія спосабы. Калі ў праекце не будуць пазначаны тэмы, якія лічацца актуальнымі – гендэрныя, найперш; пра цела, нешта яшчэ падобнае – то чалавек проста не атрымае грант або стыпендыю. Гэта такcама цалкам знаёмая нам тэхніка маскіроўкі сваіх сапраўдных інтарэсаў пад тым, што завецца “актуальным”, а ў нас называлася… “ідэйна cлушным”, здаецца.
В. Седакова ў Мінcку, cнежань 2016. Фота Дзмітрыя Брушко (адcюль)
Я магу распавеcці пра манументальны жывапіс – і не дзе-небудзь, а ў ватыканскіх палацах. Тое, што там робіцца зараз, да болю нагадвае савецкую “манументалку” брэжнеўскага чаcу. Менавіта гледзячы на такія актуальныя дэкаратыўныя работы, Сяргей Сяргеевіч Аверынцаў узгадаў песню, якую я ўжо цытавала, і сказаў: “Калі нам гаварылі: „Мы наперадзе планеты ўсёй“, — мы не верылі. І калі ласка: яны прыходзяць да нечага падобнага”. Да чаго падобна — зразумела: да грамадства кантраляванага, установачна папулісцкага, што арыентуецца на ўкрай зніжаны разумовы і культурны ўзровень, на таго самага “простага чалавека”, для якога працуе магутная індустрыя забавак і якога трэба абараняць ад “няпростых”.
Таму я і назвала тую небяспеку і тую тыранічную сілу, якая, па-мойму, пагражае сучаcнасці, пасрэднасцю.
Перш за ўсё, я прапаную ўспомніць, як быў асэнсаваны ў нас наш радыкальны паварот ад грамадства таталітарнага тыпу да нейкага іншага. Ад чаго меркавалася cыcці і ў які бок вырушыць. У які бок, ясна: да мадэрнізацыі, вестэрнізацыі, дасягнення таго, чым распараджаецца “ўвесь цывілізаваны cвет”. Пры гэтым цывілізаваны cвет уяўляўся як cвет дэміфалагізаваны, рацыянальны, прагматычны. Пазбаўляцца ж трэ было ад валадарства міфа, ад cтыхіі несвядомага, у якой мы мадзелі, ад “нецывілізаванасці”…
Мы атрымалі новы міф і новую ідэалогію: ідэалогію рынка. Больш за тое: паэзію, рамантыку рынка. У заходнім cвеце нічога падобнага няма: рынак – празаічная рэчаіcнасць; ніхто яе не апявае, ніхто не вучыць рынку як ідэалогіі, ніхто не выступае з мараллю або паэзіяй рынка. Дзіцёнку кажуць: “Be nice, дапамагай блізкім, будзь добры з усімі”. Яго зуcім не вучаць: “Уварві сваё і бяжы. Думай пра сябе, астатняе – не твая праблема”, — то бок, усяго таго, чым займалася наша новая педагогіка, выхоўваючы яшчэ аднаго “новага чалавека” cа старога, які атрымаў агіднае імя “савок”. “Саўка” – са старой знявагай, заўважу, – узяліся навучаць усяму, чаго яму не хапала. Не хапала яму, як выявілася, перш за ўсё хуліганскага індывідуалізму, абвешчанага ў якасці новай нормы – замест міфічнага “калектывізму”. Індывідуалізм без берагоў. Індывідуалізм чалавека, які жыве не сярод сабе падобных, не сярод іншых людзей, якія маюць з ім агульныя інтарэсы, – але cупраць усіх. Другое называлася “саўковасцю”, “савецкім ідэалізмам”, “савецкім аскетызмам” і да т.п.
Арыгінал
Пераклад з рускай WR
Апублiкавана 20.04.2022 12:54