Tag Archives: Марьян Дукса

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (115)

Дзень добры – калі добры! Зноў адказам на мае прапановы, шпурнутыя ў сеціва тры тыдні таму, служыць жалезабетоннае маўчанне. Я ж яшчэ асобна тром дэпутаткам напісаў, каб супраціўляліся датэрміноваму роспуску парламента, – нуль рэакцыі. «Затое» знаны палітаглядальнік не знайшоў лепшага, чым запэўніць публіку, што «Парламенцкія выбары ў лістападзе зручныя і для ўладаў, і для апазіцыі. Верагодны каляндарны план гэтай кампаніі на рэдкасць камфортны… і збор подпісаў, і агітацыя прыпадаюць не на марозныя і апалітычныя калядныя канікулы, не на спякотнае лета, а на яшчэ цёплую і сытую восень» (12.05.2019).

Пакіну за дужкамі рэмарку пра цёплую і сытую восень (адкуль П. Быкоўскаму вядома, што чакае Беларусь праз паўгода?) Проста зафіксую: пасля пары сутак на Акрэсціна ў жніўні 2018 г. П. Б. разважае ў катэгорыях «камфорту» там, дзе гэта гучыць дужа фальшыва… Ну, выкацім гіпербалу: чарговую партыю іншадумцаў вязуць у канцлагер – а тут «альтэрнатыўны» журналіст пачынае радавацца таму, што крэслы ў вагонах гэтым разам мякчэйшыя і туалеты чысцейшыя.

Яшчэ раз і марудна: у цяперашніх умовах роспуск палаты прадстаўнікоў на 10 месяцаў раней за вызначаны Канстытуцыяй тэрмін будзе межаваць з дзяржаўным пераваротам. Намеры & дэкларацыі Лукашэнкі, Ярмошынай ды іншых «зацікаўленых» мусяць турбаваць «грамадзянскую супольнасць» хіба ў апошнюю чаргу: найперш трэба думаць пра тое, як сабраць сілы й даць адпор, зрабіць усё, каб парламент перастаў быць «спячым інстытутам». А навінам-бай кіну адно: калі вас дагэтуль я..ць пасля «белтаўскай справы», то хоць не падмахвайце…

Пра тое, чым ёсць сучасная «незалежная» журналістыка ў РБ, сказана так многа, што няма сэнсу паўтарацца. «Проста пакіну гэта тут» (С):

На хвілінку, ад Салігорска Мінскай вобласці да Светлагорска Гомельскай – мінімум 150 км.

Не без маркоты чарговы раз вярнуўся я з Гарадзеншчыны. І могілкі за Шчучынам, дзе гарою – нябожчыкаў з майго пакалення, і сам Шчучын, фактычна горад удоў… 44 месяцы таму захоўваўся далікатны спадзеў на тое, што Дзень беларускага пісьменства штось пераломіць у лёсе райцэнтра і акругі, але ж не. За гэты час насельніцтва Шчучынскага раёна скарацілася яшчэ на 2,5 тыс. чалавек, г. зн. звыш 5%. Прыкладна такія ж тэмпы скарачэння – у суседніх раёнах: Воранаўскім, Дзятлаўскім, Іўеўскім… Агулам жа на Шчучыншчыне за апошнія два дзесяцігоддзі «Вялікага Беларускага Шчасця» насельніцтва зменшылася на 23 тысячы чалавек, або на 37,3%. Для параўнання, у Калінкавіцкім раёне (недалёка Чарнобыль, экалогія так сабе…) – «толькі» на 13,4 тыс., альбо на 18,6%.

У 2017 г. у пераліку на 10 тыс. чал. колькасць дактароў у Шчучынскім раёне была 33,5, а па Гродзенскай вобласці – 48,6; колькасць бальнічных коек на 10 тыс. чал. – 74,9, а па Гродзеншчыне – 81,5… І вось што пісаў галоўны санітарны ўрач раёна: «Смяротнасць у працаздольным узросце склала ў 2017 годзе 686,69 на 100 тыс. насельніцтва, што вышэй за сярэднеабласны паказчык у 1,7 разы і вышэй за паказнік мінулага года на 11,5%». Bravo, шматгадовыя кіраўнікі Шчучраёна – Казяк, Ушкевіч, Ложачнік! Накіравалі…

Відаць, каб зберагчы раён ад ліквідацыі (чуткі пра ўзбуйненне даўно ходзяць), начальства дабілася, каб райцэнтр выглядаў больш самавіта: летась да яго далучылі тры суседнія вёскі. Цяпер можна ўводзіць у англійскую мову новы дзеяслоў: «to schuch in», г. зн. пашырацца як г. Шчучын, на роўным месцы. Ну і ў беларускай не будзе збыткоўным тэрмін «шчучынг» (займацца шчучынгам = падграбаць пад сябе тое, што «кепска ляжыць» ;))

Прадукцыя мясцовага масласырзавода раз-пораз блакуецца на расійскім рынку… Мо ў блакіроўцы i было палітычнае адценне, але насамрэч сыр і твораг, лагодна кажучы, не зусім тыя, што ў сярэдзіне 2000-х, калі я адмыслова шукаў іх у мінскіх крамах. І хто б уклаў у галаву менеджэрам, што кан’юнктурная налепка «75 год вызвалення Беларусі» на пакунку з творагам – абы-што? Лепшай прыкметай вызвалення быў бы выпуск харчоў, ад якіх не хочацца плявацца… Хоць бы як у Тураве, не?..

Прыватная кнігарня ў цэнтры Шчучына, пра якую пісаў у 2015 г., зачынілася; там аптэка цяпер. А во рэкламуе сябе вандроўны цырк – маўляў, «сайдзёт для сельскай местнасці»:

Вядома, цыркачы не абавязаны быць дактарамі філалогіі. Аднак інстынктыўны недавер правакуюць у мяне абяцанкі тыпу «самые присамые».

Так і не знайшлі за тры гады мясцовыя ўлады рэсурсаў і часу, каб павесіць дошку ў гонар Шарля дэ Голя, які, палонны, утрымліваўся ўлетку 1916 г. у Шчучыне-беларускім. Знаёмае развіццё падзей: спачатку «так-так», што значыць «можа быць», потым «можа быць», якое значыць «не». Тым часам накрыўся «медным тазам» адзін з буйных працадаўцаў – МПМК-166, дзясяткі работнікаў апынуліся на вуліцы. Карацей, сыплецца амаль усё: дэмаграфія, «культурка», медыцына, прадпрыемствы. Толькі ў блогу намесніцы рэдактара мясцовай раёнкі (11.05.2019; за двое сутак – ажно 12 праглядаў) усё вясёлкава: «Які яшчэ горад можа пахваліцца сучасным заводам для перапрацоўкі малочнай сыроваткі, фабрыкай для вырошчвання шампіньёнаў, сонечнымі электрастанцыяй, мотатрасай, стадыёнам для пляжных відаў спорту, школай веславання, школай пілотаў?»

Ачарненне – гэта не мая стратэгія, нямала добрага і ў Шчучыне. Вунь 9 мая гараджане, у т. л. юныя, «усклалі кветкі на брацкай магіле на тэрыторыі былога аэрадрома». Там, дзе 77 гадоў таму загінулі ад рук лап нацыстаў і іх памагатых 2060 яўрэяў.

А каля мінскага вакзала нешта сыпалася ўжо ў простым сэнсе. Не рызыкнуў бы я прайсці пад гэтымі балконамі на вул. Бабруйскай, 7…

Фота 09.05.2019

Публікую гэтыя здымкі, ведаючы, што некаторыя чыноўнікі пачытваюць «Катлеты & мухі». Глядзіш, аператыўна паправяць перад Еўрапейскімі гульнямі, бо сорамна ўсё-ткі. (NB: Аргумент пра гульні ды «прэстыж краіны» можа спрацаваць, а довады наконт (не)бяспекі ўласных грамадзян тут мала каго хвалююць.)

Нашумела – і, пэўна, яшчэ не скончылася – гісторыя з cотнямі тысяч (3-5 мільёнаў?) тон забруджанай расійскай нафты, дастаўленымі ў Беларусь. Нагадаю «вехі вялікага шляху»:

19.04.2019 дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» абвясціў аб тым, што ўжо некалькі дзён з Расіі паступае нафта з перавышэннем канцэнтрацыі хлорарганічных рэчываў у дзясяткі разоў. Расійская кампанія «Транснефть» прызнала наяўнасць праблемы.

22.04.2019 гукалі, што 20 красавіка праз няякасную нафту на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе зламалася частка абсталявання.

23.04.2019 прадстаўнік «Белнафтахіма» заявіў, што няякасная нафта дасягнула тэрыторыі Еўрапейскага Саюза. Афіцыйнае агенцтва БелТА, спасылаючыся на спецыялістаў, паведаміла, што паляпшэння якасці нафты (на тэрыторыі Беларусі) не назіраецца.

24.04.2019 Польшча спыніла прыём нафты з газаправода «Дружба» (пракладзенага па Беларусі). Прэс-сакратарка «Белнафтахіма» сказала, што яе арганізацыя «ўжо на працягу тыдня б’е трывогу ў сувязі з пастаўкамі няякаснай нафты, якая паступае з расійскага боку, цярпліва вядзе перамовы з «Транснефтью»… Нашы суседзі не сталі чакаць».

Скокнем на паўмесяца ўперад, і – вуаля! 11 мая робіцца вядома, што каля мільёна тон забруджанай нафты знаходзіцца ў Беларусі, яшчэ толькі «мае адбыцца вялікая тэхналагічная работа па выцісканні нафты, не адпаведнай ДАСТу». В. а. цара каментаваў падзеі так: «Расхлябанасць і бязладнасць на тэрыторыі Расіі… – і вялізная труба была забруджана атрутнай нафтай… Мы недаатрымалі пэўны прыбытак – мы вялізныя грошы страцілі. Гэта сотні мільёнаў долараў… Але я чарговы раз, калі бруд гэты пайшоў, пайшла атрутная нафта, забараніў спыняць участкі нафтаправоду, каб яшчэ большай шкоды Расіі не нанесці».

Няўжо месяц таму не было магчымасці паставіць заслон на шляху дзярма – тутэйшыя ж умеюць «ставіць заслоны» (ідэолагі, здаецца, адно гэта і ўмеюць)? Польшча здолела, а беларусы зноў апынуліся ў ролі мазахістаў, як у тым анекдоце пра цвік у крэсле… І што замінала за тры тыдні адпампаваць разбадзяжаную нафту назад? Ну так, «галоўны» ўжо даў адказ: ён «забараніў», хоць я ўпэўнены, што ў «Белнафтахіме» і ва ўрадзе многія схіляліся да жорсткага варыянту ў стасунках з расійскай фірмай. Матывіроўка забароны – «каб яшчэ большай шкоды Расіі не нанесці» – наводзіць на думку пра тое, што чалавек блытае нацыянальныя інтарэсы Беларусі і суседняй краіны… Чаго тады вартыя «грозныя» словы пра «расхлябанасць» у Расіі? 🙁

Калі ж гэта не чыста балбатня, то задумайся, чалавеча: як краіна з гэткай расхлябанасцю (нядаўная катастрофа суперджэта ў Шарамеццеве, ранейшы пажар у Кемераве, еtc, etc…) можа будаваць у нас атамную электрастанцыю? Так, будоўля амаль завершана, укладзена безліч грошай, але ці не пара спыніцца? Як найменш – правесці там незалежную праверку-рэвізію, у ідэале – арганізаваць усебеларускі рэферэндум наконт таго, ці патрэбная нам агулам тая Астравецкая АЭС?

I – cумна ад таго, што адна асоба зноў усё вырашае сама, а між тым прыпыняць пастаўкі ці не, вяртаць брудную нафту ці не, падаваць у суд на пастаўшчыкоў ці не – усе гэтыя пытанні ўваходзяць у кампетэнцыю ўрада (Савета міністраў), якому А. Лукашэнка летась абяцаў даць больш паўнамоцтваў. Сёлета ў красавіку-маі зноў высветлілася, што нічога не каштуюць у яго вачах ні парламент, ні ўрад… Што казаць пра нас, «простых смяротных», на якіх, скарэй за ўсё, і плануюць у адміністрацыі раскідаць выдаткі ад нафтавага інцыдэнту (як без судовага разбору з усімі экспертызамі, то добра, калі расійскі бок кампенсуе 10-20%).

*

На Дзень Перамогі ў Маскве пайшоў з жыцця 59-гадовы «тэлекілер». Сяргей Дарэнка быў адным з тых, дзякуючы каму я практычна перастаў глядзець ТV – пасля восені 1999 г. з яго вядомымі «наездамі» на Лужкова і Прымакова. Сумна, што чэл памёр; дзівіць толькі, што праз гэта столькі шуму, у тым ліку ў беларускіх выданнях. 19 красавіка памёр выдатны паэт, ганаровы грамадзянін Смаргоні Мар’ян Дукса (1943-2019), і? Многа распавядалі тутэйшыя пра яго і яго даробак?.. Усё па завядзёнцы, як у В. Гафта: «И пусть по радио твердят, что умер Джо Дассен / И пусть молчат, что умер наш Высоцкий…»

  

Гэты верш са зборніка «Горн прымірэння» (1993) – праўдзівы і для мяне самы важны; М. Дукса на фота з shliah.by

*

У сувязі з майсай, распаведзенай у мінулай серыі «К&М», ад старшыні Бел. ПЭН-цэнтра паступіла ведамка (02.05.2019): «Шаноўны Вольф, Паўла Севярынца выключылі на радзе 15 студзеня. Паведаміць пра выключэнне збіралася яму і іншым выключаным пасля чарговай рады 30 красавіка, але ў выніку паведаміла яму 22 красавіка, бо ён спытаўся ў мяне пра гэта ў месэнджэры. Ад жніўня мінулага году мы напісалі Паўлу некалькі лістоў з просьбай заплаціць складкі і папярэджвалі, што ў адваротным выніку мы будзем вымушаныя выключыць яго з ПЭНу. Павел адказаў толькі на адзін ліст і ў ім адмовіўся плаціць складкі праз нязгоду з “гейпрапагандай”, якой нібыта “займаецца ПЭН”». М-да, а Павел-то даводзіў у fb 22 красавіка: «Прычакалі Курапатаў, Вялікадню і, значыць, усмажылі» 🙁 З іншага боку, чаму кіраўніцтва ПЭНа не паведаміла яму пра выключэнне 16 або 17 студзеня?

Цытатнік

«Для лоўкага палеміста папросту не існуе рысаў, пунктаў гледжання і душэўных станаў, на якія няможна было б наляпіць цэтлік, які б самой назвай выкрываў пустэчу, тупасць і нікчэмнасць гнанага праціўніка» (Карал Чапек, 1931?)

«Жыццёвы досвед вучыць нас, / Што дармавое пастаянна / Нам абыходзіцца не танна / І даражэе з разу ў раз» (Фелікс Баторын, 2015)

«Нішто не заганяе ў дэпрэсію так, як Тут няма пра што размаўляць, зверху ўсё даўно вырашана» (Рыгор Юдзін, 12.05.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

13.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 13.05.2019  18:11