Як усе ўжо начутыя, за дзень да «параду смерці» 9 мая (пасля якога ў Мінску быццам бы адбылося «значнае зніжэнне пнеўманій»; хай бы гэта не палітык заявіў, а тру-эпідэміёлаг) было абвешчана пра «выбары» 9 жніўня г. г. У гэтым месяцы прадугледжана рэгістрацыя ініцыятыўных груп.
Намячаецца рэкорд – чатыры вядомыя асобы з бізнэсу імкнуцца заняць прэзідэнцкі фатэль, і ўсе чатыры дыстанцыруюцца (прынамсі на словах) ад лукашэнкаўшчыны. Маю на ўвазе Віктара Бабарыку, Ганну Канапацкую, Валерыя Цапкалу, Сяргея Чэрачня. Крыху інакш убачыў «бізнэс-групоўку» нядаўні вязень Сяргей Сацук – яго права.
Такая во чацвёрка…
Не тое каб раней прадпрымальнікі не прэтэндавалі на «царскую» пасаду, але цягам ранейшых кампаній (патэнцыйныя) прэтэндэнты з ліку бізнэсоўцаў выглядалі непадрыхтаванымі. І часцяком адсейваліся ўжо на старце, хоць на «рэжым» асабліва і не наязджалі. Юрый Данькоў, калі быў дэпутатам Мінгарсавета, пасля «гарачай восені 1999 года» увогуле публічна шкадаваў, што ўлады занадта мякка абышліся з пратэстоўцамі (не нацкоўвалі на іх сабак, etc). Праз колькі год узнагарода знайшла героя…
Ад Данькова (2001), яго цезкі Радзькова (2015) ды іншых чэмпіёнаў РБ па негалоўных відах спорту гэтак густа патыхала самапіярам, што яны не мелі б аніякіх шансаў, нават калі б сабралі подпісы за сваё вылучэнне. Крыху больш сур’ёзнай выглядала хіба кандыдатура Віктара Цярэшчанкі, зарэгістраваная ў 2010 г. (пан Цярэшчанка спрабаваў заявіць пра сябе яшчэ ў 1994 ды 2001 гг.). Але гэты чалавек з дыпломам эканаміста спецыялізаваўся хутчэй на прадстаўніцтве інтарэсаў прадпрымальнікаў, чым на прадпрымальніцтве як такім.
У 2020 г. «масоўка» таксама прысутнічае; во 12 мая прачытаў, што дакументы здалі індывідуальныя прадпрымальнікі Вераніка Мішчанка і Анатоль Грачышнікаў. Гэта «кандыдаты пратэсту» з атачэння Міколы Статкевіча, які жыве на вайсковую пенсію. Цікавае прозвішча ў кіраўніка ініцыятыўнай групы В. Мішчанка – Троцкі 🙂 Пры ўсёй павазе да гэтых людзей, да фермера Юрыя Ганцэвіча з Гомельскага раёна (які летась звярнуў на сябе ўвагу «жывёльным» перформансам) зразумела, што іхняе вылучэнне – або палітычны рамантызм, або гэст адчаю. (Ведаю і пра яшчэ аднаго ІП, які ўзважваў сваё вылучэнне, – былога сустаршыню «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Міколу Арцюхова; ключавое слова тут «былога».) Таму – коратка пра «цяжкавагавікоў».
Кожны з вышэйзгаданай чацвёркі аб’ектыўна – г. зн. незалежна ад майго асабістага да іх стаўлення – мае свае моцныя і слабыя бакі. Віктар: дасведчаны банкір, фундатар шматлікіх культурніцкіх праектаў у Беларусі, «раскручаны» ў недзяржаўных СМІ (у апошнія месяцы гутаркі з ім трансляваліся ледзь не з кожнага праса). Ганна: «галоўная апазіцыянерка» палаты прадстаўнікоў у 2016-2019 гг., сувязі ў Заходняй Еўропе, гнуткасць. Валер: унікальны, як для супернікаў Лукашэнкі, досвед працы на высокіх пасадах у выканаўчай уладзе, схільнасць да філасофскіх пабудоў. Сяргей: за ім партыя (хоць і кволая, як усе палітычныя групоўкі РБ…), маладосць, адсутнасць грузу паражэнняў.
Слабасці кожнага таксама цяжка не заўважыць. У першым выпадку прэтэндэнт – навічок у рэальнай палітыцы, які не згуртаваў вакол сябе правераную каманду аднадумцаў; гэта выяўляецца нават у тым, што яго ініцыятыўную групу ўзначаліў сын. Два дзесяцігоддзі кіраўнічай працы ў банку з расійскім капіталам лёгка ператвараюцца ў «ахілесаву пяту», дый філантропія Бабарыкі выглядала часам навязліва (збор твораў С. Алексіевіч у перакладзе на беларускую, які раздаваўся правінцыйным бібліятэкам з не абы-якой медыятызацыяй працэсу…) Пані Ганна ў «парламенце» мала чаго дасягнула, дый, па-мойму, не надта прагнула… Цяперашнія яе заявы пра неканстытуцыйнасць новага склікання палаты прадстаўнікоў – маханне кулакамі пасля бойкі; яны б гучалі куды больш раскаціста год таму, калі Г. Канапацкая яшчэ засядала ў «палатцы» і мела пэўныя магчымасці, каб яе раскатурхаць… Не дадалі балаў імпэтнай кабеце скандалы ва ўласнай партыі (АГП) і ў асяродку ўдзельнікаў «праймерыз».
Хіба найбольшыя надзеі ў гэтым сезоне звязваюць з В. Цапкалам. Яго недахопы – бадай, працяг яго дадатных якасцей. Цапкалаву «філасофію» відаць з яго артыкулаў – на мой густ, яна залішне сінкрэтычная, быццам ідэалогія кітайскіх камуністаў (дарэчы, В. Ц. не аднойчы спасылаўся на апошніх). Залішняя самаўпэўненасць, каб не сказаць фанабэрыя, і шматгадовы погляд на краіну з Эйфелевай вежы фешэнебельнага квартала за Нацыянальнай бібліятэкай – тое, што выдатна спрацавала б у шоў-бізнэсе (на розум прыходзіць Ксенія Сабчак), але з цяжкасцю кладзецца на грэшную зямлю «ад Асвеі да Лунінца». Своеасаблівы стыль зносін з журналісцкім цэхам – у гэты ж кошык…
Пра «любоў у адказ». Шмат каго з «рэальнага сектару», асабліва на перыферыі з яе заробкамі ніжэй за сярэдні, апошнія пару гадоў раздражняў трындзёж пра «лічбавы ўрад», блокчэйн, біткойны, перспектыўнасць працы «кампутарных геніяў» з іх падатковымі прывілеямі, etc. Трэба дадаць, што і ў ІТ-сферы далёка не ўсе так удзячныя першаму шэфу Парка высокіх тэхналогій, як яму хацелася б, і не палезуць дзеля яго «у палітыку»; напрыклад, той жа Пракапеня, аматар падчышчаць мінулае, пасля адседкі ў турме яўна схіляецца да захавання status quo. Сам ён агучваў надоечы сервільны тэкст або яму «дапамаглі» (думаю, што «дапамаглі», як Раманчуку 20 снежня 2010 г.), не так істотна; тэкст апублікаваны, ПВТ-шная «супольнасць» моцна не пратэставала… Напрошваецца выснова, што ў ёй многія ў маральным плане на ўзроўні П.; менавіта пра такіх гора-інтэлектуалаў я і шрайбануў мінулым разам.
Хто там яшчэ? Чэрачань? Яго мінулае да 2017 г., у лаяльнай рэжыму кампартыі, – тлусты, але не вырашальны мінус. У прынцыпе, я быў бы рады, калі б у выбарчым бюлетэні фігураваў чалавек новага пакалення (Сяргею – 35), але пра палітычныя крокі гэтага актывіста проста мала вядома. Сяргеевы паўтара года на чале партыі БСДГ не прывялі ні да яе развалу, ні да выразнага абнаўлення. Выпадала прабягаць вачыма рад інтэрв’ю з Чэрачнем, што змяшчалі нейкія абяцанкі… Папраўдзе, нават лянота правяраць, выкананы яны альбо не – дэлегую гэтае пачэснае права сайту promise.by 🙂
Летась я звяртаўся са сваімі ідэямі наконт абароны канстытуцыйнасці да розных палітычных сіл. Рэакцыі ад Канапацкай і Чэрачня не паступіла; вось жа, Алена Анісім выявілася больш ветлай і адказала (ці задаволіў мяне той адказ, іншае пытанне).
Згаджуся з Арцёмам Шрайбманам, што заявы ад Цапкалы і Бабарыкі – сімптом неспакою «наверсе». Аднак, ці хочуць гэтыя двое працаваць на «раскол у элітах», могуць адказаць толькі яны самі – журналісцкія дадумкі тут бессэнсоўныя… Я б на месцы Б. і Ц. працаваў не на «раскол», а на яднанне «ўсіх-усіх-усіх» вакол сябе, пагатоў да радыкалаў ні Віктар, ні, асабліва, Валер не падобныя. Даспехі Аляксандра Казуліна або Міколы Статкевіча ім не пасуюць – няма чаго і прымяраць.
Развагі пра шансы кандыдатаў тут і цяпер у мяне збольшага абстрактныя. Хто ўважліва сачыў за тутэйшым соцыумам і палітыкумам, той даўно ўцяміў: «не так важна, як галасуюць, важна, як падлічаць галасы» (Бабарыка ўжо і вымаўляў знакамітую напалеонаўска-сталінскую формулу). Дый колькасць хворых на COVID-19 расце ў Сінявокай не па днях, а па гадзінах, што ставіць пад сумнеў нармальнае правядзенне якой бы ні было палітычнай кампаніі. Тым не менш марыць можна (і варта). Што, калі заўтра Ліда-«птушка паднявольная» зляціць у вырай адстаўку, а паслязаўтра ў свеце знойдуць эфектыўны сродак для прафілактыкі і/або лячэння каранавіруснай хваробы? Тады, напэўна, і «чэсных выбараў» зможам дачакацца…
Як для каго, а для мяне інтэлектуальная перазагрузка Сінявокай з’яўляецца важнейшай нават за выкананне духу і літары дэмакратычных працэдур – дакладней, першая абумоўлівае другое. А то чытаеш «разумнікаў», якія ўсцяж прымітывізуюць Лукашэнку, мяркуючы, што яго ідэал – СССР-1984 («улада збірае нацыю паводле старых лекалаў»…), а потым займаюцца самаедствам («сёння нашай калгаснай неда-рэтра-нацыі касіць пад чырвоную імперыю – як Урупінску здуру назначыцца Венецыяй»), мімаходзь cтавячы «гібрыднаму» рэжыму на нашых землях дыягназ «таталітарызм», і думаеш: калі гэта лепшыя кадры, то якія ж горшыя?
Слоўца «неда-рэтра-нацыя» з той жа оперы, што «краіна паліцаяў» у вуснах заснавальніцы «інтэлектуальнага клуба» і «недачалавек» (на адрас расійскага журналіста Аляксея Кручыніна) у «галоўнай прэзідэнцкай газеце». Дарэчы, пра гісторыю з журналістамі «Першага канала», высланымі з Беларусі, якіх борзда падтрымала Г. Канапацкая ў імя свабоды слова; іх рэпартажык на 4 мінуты (выйшаў 6 мая) не ідэальны, і ўсёй праўды там не сказана, аднак высылаць за яго значыла распісацца ва ўласнай нягегласці. Калі чыноўнікі жадалі адцягнуць увагу ад сітуацыі з COVID-19 на «даручанай ім тэрыторыі», у тым ліку ў Стоўбцах, то ім гэта не ўдалося, дый «эфект Стрэйзанд» ніхто не адмяняў.
Тутэйшы «галоўны тэлеканал», вотчына Івана Эйсманта & Co., прысвяціў расійскім вісусам 18 мінут дарагога эфірнага часу, налічыўшы ў іх сюжэце ажно сем фэйкаў (большасць з якіх зусім не фэйкі; напрыклад, «геаметрычная прагрэсія» не абавязкова значыць падваенне колькасці хворых кожны дзень). Карацей, зноўку спрацаваў вірус… не той, што з каронай, а ВІПР – вірус істэрычных празмерных рэакцый, надта пашыраны ў межах РБ.
Калі караць за паўпраўду, то прыйшлося б выганяць з краіны, або прынамсі з прафесіі, большую частку адказных (насамрэч безадказных) супрацоўнікаў «СБ. Беларусь сегодня» і БТ. З нядаўніх казусаў – развагі Мукавозчыка пра Расію (06.05.2020): «ужо трэці дзень запар выяўляюць звыш 10 тыс. захварэлых у суткі; за ўчора зарэгістравана 10.102 новых выпадкі. На ўчорашні дзень у Расіі ўсяго зарэгістравана 155.370 захварэлых на каранавірус (у арыгінале «заболевших короновирусом»; вірус не роўны хваробе, а правакуе яе, але дапусцім. – В. Р.), і гэта нягледзячы на каранцін…» Развагі – нічым не лепшыя за «пужалкі» расійскага тэлеканала, бо аўтар «забыўся», што насельніцтва Расіі ў 15 разоў больш за нашае… Тое, што на 5 мая ў РФ налічвалася ўсяго ў 8,5 разоў больш заражаных COVID-19, чым у Беларусі, можа сведчыць якраз пра пэўную эфектыўнасць захадаў каранціннага характару. Нават з раздзяўбайствам, звыклым «за парэбрыкам», у красавіку расіянам, выглядае, удалося крыху запаволіць распаўсюд інфекцыі. Больш разумна абмежавальныя меры прымяняліся, напрыклад, у Аўстрыі, Грузіі, Чэхіі; з нашых непасрэдных постсавецкіх суседзяў – у Латвіі і (з агаворкамі) у Літве. Не згадаў яшчэ В’етнам з Тайландам, дзе своечасова і жорстка адрэагавалі на эпідэмію; ды там усё ж дамінуе «не наша», «нееўрапейская» палітычная культура.
І вось гэты… аўтарок эсбэшны, які абзывае сваіх апанентаў «гнідамі», падбіраючы псеўдацытаты, а COVID-19 нават у канцы красавіка 2020 г. трактуючы як грып, другі год запар перамагае ў конкурсе міністэрства інфармацыі «Залатая літара»; то ён найлепшы аглядальнік, то выдатны аналітык… Не, да М-ка ў мяне пытанняў няма; ёсць да пазначанага міністэрства і да яго кіраўніка, А. Карлюкевіча, якога гадоў …ццаць таму я ўважаў за прыстойнага чэла.
Бывае, што прыстойныя дэградуюць, а здараецца, што нягоднікі здзяйсняюць тшуву. Усё складана 😉 Даруйце, калі што не так, шалом вам усім і легітраот у шапку. Пажывем-пабачым, да чаго разаўецца капіталізм «паміж Польшчай і Расіяй».
Вольф Рубінчык, г. Мінск
wrubinchyk[at]gmail.com
13.05.2020
Апублiкавана 13.05.2020 20:25
PS (14.05.2020). Крыху памыліўся: як выявілася, пасля cпрэчнага рэпартажу турнулі з Беларусі не «журналістаў», а аднаго А. Кручыніна. Учора ён якраз пракаментаваў абвінавачанні з боку БТ і дадаў пра сваіх калег з «Першага канала»: «Я ў Маскве, рабяты пакуль у Мінску, буду забіраць скора». Яго адказ «па пунктах» у цэлым слушны, але настойваць, што «exponentionally» у вуснах прадстаўніцы СААЗ перакладаецца як «в геометрической прогрессии», не варта было… Зрэшты, і тутэйшыя ідэолухі перакладаюць не лепей: напрыклад, на sb.by упарта мянуюць свайго заакіянскага «брата па розуму» «профессор Рэдфордского университета Григорий Иоффе», дарма што «professor» у гэтым выпадку – выкладчык, «преподаватель».
Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заявіла ў фэйсбуку барысаўчанка Н. Голава (Anna Avota), яна ж аўтарка шэрагу матэрыялаў на belisrael.info . І шо тут сказаш? Ведай нашых!
В. Р.
Дадана 14.05.2020 11:01