Tag Archives: хоккей в Беларуси

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (56)

Вітаю аматараў серыяла – тых, каму неабыякавыя падзеі ва ўласнай краіне, і ў свеце таксама!

Днямі споўнілася 60 гадоў рокеру Юрыю Шаўчуку, aka «Юра-музыкант». Да яго творчасці можна ставіцца па-рознаму; асабіста мяне яна натхняе амаль 30 год, пачынаючы ад кружэлкі «Я получил эту роль».

 

Юра Ш. (Віцебск, 2015) і яго пласцінка 1988 г.

Мужны чалавек, як ні круці. Акрыяў пасля смерці жонкі. Ратаваў душы на войнах (за гэта, а таксама за яго раннюю песню «Не страляй», на месцы нарвежскага камітэта я б выпісаў Шаўчуку Нобелеўскую прэмію міру). Цаню і тое, што Юрый Юліянавіч даваў канцэрты ў Беларусі, увайшоў у гісторыю рэплікай 2009 г.: «Холадна ў вас выступаць, паўсюль лядовыя палацы – лепей бы ваш прэзідэнт у шахматы гуляў (смяецца)». Некалі, да сваёй адседкі, шаўчукоўскія імпрэзы ладзіў у Беларусі Генадзь Шульман – дырэктар цэнтра «Клас-клуб ДК»; гэта яму залічылася або залічыцца.

Упершыню за час бытавання «Катлет & мух» у Беларускай федэрацыі шахмат (БФШ) змянілася кіраўніцтва. Цікава?! Ну, слухайце далей…

У 2009 г. федэрацыя з некалькімі сотнямі членаў дэ-факта амаль год жыла без старшыні (хочацца з’едліва дадаць: «і нічога»). Потым знайшлі сабе начальніка дзяржаўнага прадпрыемства, звязанага з аэранавігацыяй, ад шахмат досыць далёкага. Тым не менш, сякія-такія грошы спонсараў пры ім знаходзіліся – мо і не меншыя, чым пры ранейшым старшыні-прадпрымальніку, які шмат абяцаў, а рабіў… як рабіў.

Сёлета ў канцы красавіка адзін небезвядомы палітык раскрытыкаваў стан спраў у спорце, асабліва ў хакеі. Прачуханца дастаў і Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, які з вясны 1997 г. узначальваецца «самі ведаеце кім». Чыстая булгакаўшчына: «Калі гэтыя барытоны равуць “бі разруху!” – я смяюся… Гэта абазначае, што кожны з нас павінен лупіць сябе па карку!»

Напэўна, у адміністрацыі ўспомнілі лозунг ад вусатага сучасніка Булгакава М. А.: «Кадры вырашаюць усё», і ў маі распачалася хваля перавыбараў у спартыўных федэрацыях. Калі раней імі кіравалі розныя буйныя чыноўнікі, то цяпер лічыцца, што «руліць» павінны самі дзеячы спорту. Што, у прынцыпе, няблага, але прымушае задумацца: ці насамрэч дзяржава зацікаўлена ў самакіраванні спартоўцаў? Ці не хоча проста сапхнуць на іх адказнасць ва ўмовах эканамічнага крызісу? (Тут трэба дадаць, што падзенне валавага ўнутранага прадукта ў «сінявокай» спынілася, чаго не скажаш пра даходы грамадзян.) Выняткам стала федэрацыя хакея: узначаліць яе прапаноўвалі трэнеру Міхаілу Захараву, ён адмовіўся, тады паклікалі Сямёна Шапіру, старшыню Мінскага аблвыканкама… Патлумачылі так: «Хакей – ідэалогія, тое, што можа згуртаваць нацыю» 🙂

19 мая дайшла чарга і да БФШ. Амаль аднадушна (1 галасаваў супраць, 1 устрымаўся) прысутныя выбралі 37-гадовую Настассю Сарокіну, міжнароднага майстра, трэнера ФІДЭ і г. д. У сярэдзіне 2000-х гадоў яна жыла ў Аўстраліі, потым вярнулася, працавала ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, а гадоў 5 таму адкрыла прыватную школу. Не з’яўляюцца сакрэтам яе добрыя адносіны з Кірсанам Ілюмжынавым і Максімам Рыжанковым, «моцнымі людзьмі» ФІДЭ і адміністрацыі прэзідэнта РБ адпаведна. Натуральна, самаацэнка часам зашкальвае.

Выглядае, ёсць у рашэнні канферэнцыі плюсы і мінусы. Паводле статуту БФШ скліканне так скора не робіцца, пра яго трэба паведамляць актывістам прынамсі за месяц (п. 4.7). Перагледзеў навіны на chess.by – не было там паведамлення пра канферэнцыю і парадак дня. Як кажуць юрысты, «з неправавой сітуацыі не можа быць прававога выйсця», і фармальна вынікі канферэнцыі БФШ (дый сходаў іншых федэрацый РБ – статуты прыкладна аднолькавыя ва ўсіх) маглі б быць аспрэчаны ў судзе. Зрэшты, каляспартыўныя дзеячы ва ўсім свеце схільныя абапірацца хутчэй на мэтазгоднасць, чым на законнасць. І большасць спартоўцаў таксама…

У навіне пра абранне спн. Сарокінай, апублікаванай усё на тым жа сайце БФШ, насцярожваюць наступныя словы: «Асаблівую ўдзячнасць Настасся Віктараўна выразіла дзяржаўным структурам: Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту, Міністэрству спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу, якія рэальна зацікаўлены ў развіцці шахмат у Беларусі і аказваюць істотную падтрымку беларускім шахматам». Не ў тым праблема, што расхвальваецца «начальства»: магчыма, кар’еру без гэтага не пабудуеш. Ізноў жа, «шахматная вертыкаль» з яе «жэстачайшым парадкам» часам у Беларусі спрацоўвае, хоць я аддаю перавагу «гарызанталі». Але якая з Нацыянальнага алімпійскага камітэта «дзяржаўная структура»?.. Алімпійская хартыя забараняе «адзяржаўліванне» мясцовых камітэтаў, і ў Беларусі НАК пазіцыянуе сябе як «самастойнае, незалежнае грамадскае аб’яднанне». Статус яго адрозніваецца ад «прэзідэнцкага клуба» – «дзяржаўна-грамадскага аб’яднання».

НАК – назіральная інстанцыя над федэрацыямі, асабліва тымі, што мусяць развіваць алімпійскія віды спорту. На 30.05.2017 прызначаны «вялікі алімпійскі сход». Можа, прэзідэнт НАК, па сумяшчальніцтве – прэзідэнт гордай краіны «між Літвой і Украінай», нарэшце пакіне пасаду, якую займае акурат 20 гадоў, і ў рамках «сур’ёзнага перафарматавання сферы спорту» следам за сваімі падначаленымі саступіць месца адмыслоўцу? Вунь той жа Кірсан, які ў 1990–2000-х гадах сумяшчаў прэзідэнцтва ў Калмыкіі і ў Сусветнай шахматнай федэрацыі, у 2010 г. даспеў да таго, што трэба засяродзіцца на адным…

Але вярнуся да Сарокінай, з якой у дзяцінстве нават згуляў пару партый у клубе «Прахадная пешка» на вул. Асіпенка (па ініцыятыве Русланы Іванаўны Мачалавай). Калі зменяцца варункі, яна можа стаць някепскай грамадскай лідэркай, бо, як слушна адзначыў калега, умее «лавіць момант». Летась у ейнай школе планаваліся заняткі на «роднай мове», весці іх намерваўся муж Настассі, Дзяніс Бурко. Нядаўна ўжо быў прэцэдэнт – трэнер Віктар Барскі набіраў белмоўную групу ў клубе «Стратэг» (Палац дзяцей і моладзі). Усё ж пакуль не так многа людзей у Мінску гатовыя плаціць за навучанне шахматам па-беларуску… 🙁

А. Сарокіна – арбітр на чэмпіянаце свету ў Тэгеране (люты 2017 г., злева; фота з chesspro.ru). На 2-м фота – іранская актрыса Садаф Тахер’ян, якая ў 2015 г. адмовілася публічна насіць хіджаб. У адказ ёй забаранілі працаваць у Іране.

Як бы там ні было, зычу новай старшыньцы БФШ плённа правесці 1-ы (!) чэмпіянат свету ФІДЭ па рапідзе і бліцы сярод дзяцей да 8, 10 і 12 гадоў (Мінск, Палац спорту, 1–5 чэрвеня 2017 г.). Упэўнены, шмат для каго з малых, дый іх бацькоў, чэмпіянат акажацца падзеяй на ўсе часы. Чакаецца, што прыляцяць юныя шахісты з Швецыі, Узбекістана, Японіі і нават Калумбіі, але чамусьці не з Ізраіля.

Практыка паказвае, што грандыёзныя спартыўныя падзеі ў Беларусі рэдка спрыяюць развіццю адпаведнага віду. Пышна правялі чэмпіянат свету па хакеі 2014 г., аднак сёлета беларуская хакейная каманда паказала 13-ы вынік з 16 краін, ледзь не вылецела з эліты. Вышэйзгаданы Захараў паставіў галіне «дыягназ», хоць і вывеў «галоўнага хакеіста» з-пад удару («Гэта не прэзідэнт, гэта ўрад павінен думаць. Прэзідэнт пабудаваў каткі, а іх трэба запаўняць, каб яны запрацавалі» :)). Таксама не заўважыў я, каб пасля першынства Еўропы па хуткіх шахматах у Мінску (снежань 2015 г.) з удзелам такіх зорак, як Найджэл Шорт, «люд паспаліты» зачасціў у шахклубы. Адчуванне, што Беларусь па-ранейшаму застаецца пляцоўкай для чужых гульняў… 🙁

Не магу не згадаць лекцыю нашага аўтара Аляксандра Астравуха «Беларуская яўрэйская паэзія», якая адбудзецца 25.05.2017 у памяшканні ПЭН-цэнтра (Мінск, Залатая Горка 2-101). Афіцыйна нікога не запрашаю, бо не ведаю, як да наплыву гасцей паставяцца арганізатары.

Улетку будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадруку… Летась прыдзяржаўныя і непрыдзяржаўныя дзеячы культуры выступілі за тое, каб аэрапорт «Мінск» – былы «Мінск-2» атрымаў імя Францішка Скарыны. Я не супраць, каб нацыянальны аэрапорт набыў чалавечае імя (як «Бен-Гурыён» у Ізраілі, «Шарль дэ Голь» у Францыі, «Джон Фіцджэральд Кенэдзі» ў ЗША), аднак варыянт са Скарынам небясспрэчны. Вось і паэт Віктар Жыбуль зацеміў у інтэрв’ю, што «лепш імем Скарыны назваць буйную бібліятэку ці сетку кнігарняў (тую ж «Белкнігу»). Усё ж асоба Скарыны асацыюецца найперш з кнігамі. А аэрапорт, самалёты — гэта сымбалі пазьнейшай эпохі». І я згодзен з тымі, хто прапануе назваць аэрапорт імем першага Героя Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Карвата (1958-1996), які 21 год таму адвёў аварыйны самалёт ад вёскі ў Баранавіцкім раёне, а сам загінуў. Падабаецца мне і ідэя з аэрапортам імя Сямёна Косберга, доктара тэхнічных навук, ураджэнца Слуцка (1903-1965). Ён заслужана меў ваенныя ордэны за распрацоўкі для самалётаў Чырвонай Арміі, а потым ладна ўклаўся ў савецкую касманаўтыку. Адна са слуцкіх вуліц носіць імя Косберга, але гэтага, па-мойму, недастаткова для ўвекавечання яго асобы.

Нават пасля абсурднай адмовы ад праспекта Скарыны (2005 г.) першадрукара не забылі ў сталіцы: ёсць прысвечаная яму вуліца, стаіць помнік ля Нацыянальнай бібліятэкі. Праспекты Скарыны не так даўно з’явіліся ў Жодзіне і Полацку. Зараз паправіць бы пераклад цытаты са скарынаўскай Бібліі ля ўваходу ў «галоўную бібліятэку»…

Па-французску часцінка «а» мае тут пісацца з рысачкай («à»), з чым у студзені 2013 г. пагадзілася намесніца дырэктара Алена Далгаполава: «На жаль, бібліятэка не можа самастойна выправіць гэты недахоп на якасным ўзроўні. Надпісы высечаны на мармуры і пакрыты спецыяльным колерам. Такая тэхналогія патрабуе спецыяльных навыкаў». Пры нагодзе, абяцала, паправяць… Чакаю ўжо 51 месяц, 21 дзень і 16 гадзін.

Мой пачакун, як ты мне мілы!..

Для кагосьці гэта драбяза, аднак многія французы, як памятаю з мінулага стагоддзя, дужа адчувальныя да парушэнняў правіл сваёй мовы. Надпіс на турыстычным аб’екце бачылі сотні нашчадкаў галаў франкафонаў, і ў дзясяткаў гэтае «а» на нейкую долю абясцэніла сімвалічны капітал нашай краіны… Хоць ты сам бяры «бронзавую» фарбу і падмалёўвай рысачку! (Насамрэч не, бо потым яшчэ і вінаватым акажуся…)

Усё часцей здаецца, што прэзідэнты суседніх краін, каторыя на «П», з аднаго кубла вылезлі. А можа, проста карыстаюцца паслугамі тых самых паліттэхнолагаў?… Адзін «П» пад прыкрыццём сочынскай алімпіяды «сцягнуў» Крым; другі, на фоне агульнай эйфарыі ад «Еўрабачання» ў Кіеве, 16.05.2017 загадаў блакаваць ва Украіне сайтаў «Вконтакте», «Одноклассники», «Яндекс»… Довады «за» і «супраць» блакіроўкі папулярна выкладзены тут. Па-мойму, змаганне з «расійскай прапагандай» набліжаецца да небяспечнай рысы, калі «гарматы інфармацыйнай вайны» лупяць ужо не проста ўхаластую, а па сваіх.

Падзівіў белдэпутат Ігар Марзалюк, які даў газеце «Звязда» вялікае інтэрв’ю ў іпастасі гісторыка. Многа там усяго, у т. л. ідэалагічная ўстаноўка: «Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе не было антысемітызму». Каб хоць не І. М. казаў… Справа ў тым, што іменна гэты гісторык у «габрэйскім» выпуску часопіса «Arche» (2000) з фактамі ў руках даводзіў, што «для нашых земляў быў характэрны мяккі варыянт антысемітызму». А потым у кнігах 2007 і 2009 гг. папракаў калегу: «незразумела, чаму Сагановіч лічыць немагчымым скарыстанне дадзеных фальклору ў якасці доказу існавання ўстойлівых антысеміцкіх стэрэатыпаў у беларусаў». Смешна і сумна.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.05.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.05.2017  04:24