Tag Archives: Иудейское религиозное объединение

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (66)

Чытачам – шалом, нечытачам – паўшалому! Насоўваецца свята Ханукі, якое з года ў год нейк адметна грэе. Дрэйдла праз сваё савецкае дзяцінства круціць не давялося, аднак дранікі (бадай латкес) – наша кулінарнае ўсё. І перамога продкаў над прыгнятальнікамі – дужа сімпатычная з’ява, і прынцып «вялікае з малога», калі дзённай порцыі алею хапае на тыдзень з гакам – гэтак сама.

Акурат 10 год таму тэлефанавалі мне з радыё «С.», на Хануку выводзілі ў прамы эфір. А ў мяне ў той дзень скокнула тэмпература, язык не слухаўся, дык і плёў кашалі з лапцямі… З таго часу зносіны з супрацоўнікамі хітрамудрага радыё меў толькі па перапісцы, а цяпер, пасля брыдкага ўчынку аднаго з рэдактараў (пра іншых таксама ведаю сёе-тое малапрыемнае, хоць адмыслова не цікаваў), спыніў і ліставанне. Час ідзе, прыярытэты мяняюцца… Нікому сваёй думкі не навязваю, але парадак дня для Беларусі лепей бы вызначаць яе грамадзянам, незалежным ад замежных структур, тым болей (пры)ўрадавых.

Як бачна з віншаванкі ў газеце «Берега» (лістапад 2017), і афіцыйны прадстаўнік Ізраіля апынуўся пад Хануку «на сваёй хвалі». Арыгінальная трактоўка свята – гэта адно, а другое – трэба мець не абы-якое выабражэнне, каб убачыць у РБ яўрэйскую «абшчыну» (не блытаць з асобнымі арганізацыямі – яўрэйскімі, квазіяўрэйскімі і псеўдаяўрэйскімі). Да таго ж, па-мойму, ясна, што ніводная грамадская або рэлігійная суполка не цягне на ролю «моста» паміж яўрэямі і беларусамі, а пагатоў паміж Ізраілем і Беларуссю. Усе яны занятыя перадусім уласным выжываннем – вунь той жа выдавец «Берегов», Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне, штомесяц скардзіцца на фінансавыя цяжкасці.

Турысты, бізнэсоўцы, культурныя дзеячы, якія ездзяць туды-сюды-назад, як правіла, не маюць патрэбы ў паслугах тутэйшых «лідэраў»; іх контрагенты (гіды, арэндадаўцы, юрысты, прадзюсеры…) працуюць незалежна ад волі прафесійных яўрэяў. Гэта што да «народнай дыпламатыі», а афіцыйныя ізраільска-беларускія адносіны яшчэ менш завязаныя на маламоцным «трэцім сектары»; хто-хто, а пасол павінен пра тое ведаць. Адылі будзем лічыць, што ён проста хацеў зрабіць прыемнае яўрэям у «постсоветстких» (sic) краінах. У такім разе дзякуй яму ў капялюш кіпу.

Год 2017-ы характарызаваўся трампуцінскімі закідонамі і далейшай эрозіяй сістэмы міжнароднага права, што для невялікіх краін, у тым ліку Беларусі (найперш) і Ізраіля (у меншай ступені), стратэгічна нявыгадна. Але што паробіш, перажывем неяк. Абы ў жыхароў нашых краін часцей абуджаліся «пачуцці добрыя».

…Перачытваў «Легенду пра Уленшпігеля» Шарля-Тэадора-Анры дэ Кастэра – і ўсцяж лавіў сябе на думцы, што гэта не проста круцельскі раман з прагай помсты за «попел Клааса», а і прышчэпка ад каланіялізму ды цемрашальства, такая памысная праз 150 год пасля першага выхаду кнігі (у снежні 1867 г.). Аж крыху зайздросна, што саракагадовы Кастэр меў у актыве такі выдатны твор, і цяжка не згадзіцца з расійцам Змітром Быкавым, які мяркуе, што гэтую кнігу, нягледзячы на яе жорсткасць, трэба даваць чытаць ужо сямі-дзевяцігадовым дзецям: на прыкладзе нацыянальнага эпасу Фландрыі «чалавек пачынае разумець, як робіцца эпапея». Праўда, сам я прачытаў «Легенду…» гадоў у 12, а цяперашнія выдаўцы ставяць на яе пазнаку «16+», што ўвогуле абсурдна. Ну, перастрахоўшчыкаў ва ўсе вякі хапала…

А вось дохтур гістарычных навук Эмануіл І., які выдаў чарговую «цагліну» на 500 з лішнім старонак, прысвечаную гэтым разам крываваму Цанаве («Лаврентий Цанава. Его называли “Белорусский Берия”», Мiнск, 2016), Кастэра ў дзяцінстве яўна не чытаў, і ў спелым веку наўрад ці заглыбляўся ў творчасць Караткевіча («Хрыстос прызямліўся ў Гародні» – наскі аналаг «Уленшпігеля», няхай з пэўнай нацяжкай). Калі б І. чытаў «патрэбныя кнігі» ((С) Ул. Высоцкі), то не ўзяўся б адбельваць обер-ката з дапамогай ліслівых выразаў тыпу «таленавіты аналітык, храбры і вельмі камунікабельны чалавек… ненавідзеў паклёпнікаў, махляроў і падманшчыкаў, быў добрым сямейнікам і клапатлівым дзядулем». На гэтае адбельванне звярнуў увагу філолаг Міхась С. – і дастаў газетны адказ ад гора-гісторыка, маўляў, апанент мысліць як дылетант, закранае гонар «вучонага і выкладчыка», ды ўвогуле нічога не ведаў пра Цанаву да згаданай кнігі.

Міхась С., мой старэйшы таварыш па Саюзе беларускіх пісьменнікаў, насамрэч павёў сябе досыць наіўна. Як быццам не ведаў, хто такі І. – 78-гадовы прыстасаванец, які ўсхваляў яшчэ Лёніка Брэжнева, аматар падбіраць чужыя тэксты без спасылкі на іх… Колькі ўжо было публікацый, дзе паказваліся цынізм і некампетэнтнасць І., хоць бы ў «Анахну кан» (2002) і той жа «Народнай волі» (2003) – яму як з гусі вада.

Хіба адчуваючы, што выбраў не тую мішэнь, пад канец С. гукнуў: «Няўжо выдавецтву “Адукацыя і выхаванне” няма чым заняцца? Няўжо нашы школы і ўніверсітэты цалкам забяспечаны навучальнай літаратурай? Няўжо і далёка не аб’ектыўная кніга пра Цанаву, на думку міністэрскіх чыноўнікаў – таксама навучальная літаратура? Мне як падаткаплацельшчыку не дае спакою пытанне: чаму ў Мінадукацыі з’явіліся “дубы”, якія вырашылі “пашумець” яўна не “сваёй дуброве”?» Аднак і гэтыя пытанні – збольшага рытарычныя. Больш дарэчна было задаваць іх у 2003 г., калі згаданае выдавецтва было яшчэ ўстановай, г. зн. непасрэдна падпарадкоўвалася міністэрству ў сваёй дзейнасці. Тады намесніца дырэктара (якая кур’ёзна пісала рускае слова «гонорар»: «ганорар») красамоўнічала на судзе: маўляў, навошта расказваць пра сталінскія рэпрэсіі ў шахматным часопісе? (Сам я і не расказваў, але паставіў у нумар нарыс Вадзіма Жылко на тэму «шахматы і літаратура», там было пару радкоў пра Сталіна.) Дзяўчына маёй генерацыі, аматарка замежных паездак… Яшчэ на пачатку 2000-х гадоў я скеміў, што «пакаленне БРСМ» – часцяком яшчэ больш паскуднае, чым замшэлыя, карыкатурныя камунякі тыпу тав. Малафеева (не футбольнага трэнера, вядома ж). Апошнім часам пацвярджалася шмат разоў…

У сярэдзіне 2000-х «АіВ» набыло форму РУП – рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства. Гэта значыць, яно ўладае самастойнасцю ў гаспадарчай дзейнасці, і фармальна мінадукацыі за яго рэдакцыйную палітыку не адказвае. Карацей, які б трэш ні выпускалі, заўсёды могуць адбрахацца: «Мы – прадпрыемства, павінны зарабляць грошы».

З ліста намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны РБ, 2004 г. Намміністра адукацыі ў тым жа годзе паведамляў: «кіраўніцтву “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” зроблена заўвага…»

Магу толькі паспачуваць шараговым супрацоўнікам; не думаю, што стаўленне да іх адміністрацыі з 2004 г. істотна змянілася ў лепшы бок, хутчэй наадварот.

…«Год навукі» ў Беларусі яшчэ не скончыўся, але выглядае, што найбольшым яго дасягненнем застанецца «ІІ з’езд навукоўцаў» у Мінску (12-13 снежня, для больш як 2000 дэлегатаў). Штопраўда, навуковыя адкрыцці робяцца не на з’ездах: імпрэза можа прыгадзіцца хіба што сацыёлагам (як прадмет для вывучэння). А добрых пажаданняў можна і без выдаткаў на пышныя мерапрыемствы накідаць цэлы мех… Што не раз і не два рабілася ў «Катлетах з мухамі». Зрэшты, у бюджэце РБ на 2018 г. доля выдаткаў на навуку па-ранейшаму складзе менш за 1% (і нават не дасягае сціплага паказніка 2011 г., 0,7%), то «нафіга папу баян»?

У нечым разумею і ўрадоўцаў з парламентарыямі: адшпіліш сур’ёзную суму такім «аўтарытэтам», як акадэмікі, апісаныя ў папярэдняй серыі, дык потым сам не будзеш рады. Але хто вінаваты, што створана сістэма, якая заахвочвае ў навуцы маўчалінскія «памяркоўнасць і акуратнасць», іначай кажучы, пасрэднасць – хіба не высокія чыноўнікі? Упэўнены, калі б незалежныя эксперты прааналізавалі дзейнасць Міхаіла М-ча на чале Акадэміі навук у 2001–2010 гг., то выявілася б нямала цікавага. Дый майса пра абарону М-чам, кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі, доктарскай дысертацыі па эканоміцы ў канцы 1990-х інтрыгуе не менш, чым расійскі «казус Мядзінскага».

Няма ў сінявокай свайго «Дысернета», а варта было б стварыць: дальбог, беларускай навуцы хоць трохі палягчэла б. Падобныя задачы ставіў перад сабой мінскі часопіс «Аrche» ў 2000-х гадах, асабліва ў «скарынаўскіх» выпусках, але «ніасіліў». Замежныя навукоўцы, патрыёты Беларусі, маглі б асіліць пры падтрымцы мясцовых кадраў… Мо і філосаф-выкладчык Пётр Р. перастаў бы наракаць, што «большасць студэнцкіх работ – плагіят»: «старых малпаў» не навучыш новым трукам, затое моладзь паціху прызвычаілася б да самастойнай даследніцкай працы.

Філолаг Аляксандр Ф. заявіў у «Народнай волі» (08.12.2017), што «краіна павінна ператварыцца ў адзіную каманду». Адным з «драйвераў», як ён лічыць, мае стаць памяць пра рэпрэсаваных, для захавання якой нямала зрабіў рэдактар партала tuzinfm.by Сяргей Будкін (куратар праекта « (Не)расстраляная паэзія»).

Пры ўсёй павазе да С. Будкіна – які, дарэчы, папулярызуе на сваім партале і «хасідскае рэгі» Пінхаса Цынмана – і згаданай у народнавольскім артыкуле Ганны Севярынец, памяць пра 1937 г. слаба яднае «дзяржаўнікаў» і «апазіцыянераў» (тэрміны Ф., я б такімі не карыстаўся), і ў бліжэйшы час не паяднае. Гаваркі факт: на краўдфандынгавай платформе праект сабраў менш за 10 тыс. рублёў з запрошаных 15 тыс., г. зн. усяго 64%. Выдатная лекцыя Андрэя Хадановіча пра Тодара Кляшторнага (між іншага, паэт пісаў і пра яўрэяў; пад канец Андрэй працытаваў адпаведныя радкі) за два тыдні прыцягнула ўвагу каля сотні інтэрнаўтаў.

Так уладкаваны сучасныя людзі: пераважнай большасці абыякава нават тое, што адбывалася летась, а не тое што 80 год таму. Можа, уплывае пастаянны перагруз інфармацыяй… Як бы ні было, уратаванне ў краіне навукі як апірышча рацыянальнасці – больш дарэчны драйвер. Гэткая тэма, звернутая ў будучыню, а не ў мінулае, насамрэч дазволіла б распачаць «паўнавартасны агульнанацыянальны дыялог у імя Беларусі». Аднак афіцыёзныя з’езды навукоўцаў, зразумела, збіраюцца з іншымі мэтамі.

Дужа спадабалася показка ад каманды электроннага слоўніка skarnik.by: «Сядзіць беларус у канцлагеры, і тут ахоўнік-акупант звяртаецца да яго па-беларуску. А БОЖУХНА, ЯКОЕ ШЧАСЦЕ, ДАВАЙЦЕ ЯШЧЭ ШЫЛЬДАЧКІ ПЕРАКЛАДЗЁМ!”». Тут я адразу ўспомніў, што беларусізацыяй бланкаў розных карных устаноў колькі год таму займаўся калега Л-ц. Зрэшты, хто я такі, каб кпіць з яго? Сам жа некалі «перавыхоўваў» міліцыянтаў, пракурораў і суддзяў, цешыўся, калі службоўцы пераходзілі на беларускую, абстрагуючыся ад іхніх намераў. Гэта пройдзены этап; зараз мне хочацца атрымліваць рэальныя перамогі, а не толькі маральныя/сімвалічныя.

В. Міхедзька заклікае «памятаць і разбірацца»

З пазітываў: музей гісторыі польскіх яўрэяў «Полін» «загаварыў па-беларуску», то бок беларуская стала мовай аўдыёгідаў у варшаўскай мемарыяльнай установе. Гомельскі гісторык Валянцін Міхедзька ў рамках адукацыйнага праекта «Краявід» запісаў грунтоўную лекцыю пра яўрэяў Гомеля і не толькі. Бліскучая Бенька з мужам-музыкам наведала Ізраіль з гастролямі – ужо другі раз (першы меў месца сёлета ў маі). Здаецца, усё прайшло паспяхова. Аўтар трылогіі «Беларусалім» Павел Севярынец, правёўшы пафасную прэзентацыю першай часткі рамана ў Мінску (16.11.2017, «Золак»), ездзіць з ёй па рэгіёнах. «Беларусь вынасіла пад сэрцам Ізраіль», – кажа адзін з герояў рамана.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.12.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.12.2017  16:45

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (20)

Чарговае лета мінула, а можа быць, цячэ, як вада ў ярок. Не ўсе за мітульгой падзей прыкмецілі, што пасада пасла Ізраіля ў Беларусі вакантная ўжо год, але мы-та прыкмецілі: яшчэ і таму, што вялікаразумная часовая павераная абяцала прыезд новага пасла ў ліпені або ў жніўні 2016 г. Праўда, гэтак яна абяцала ў красавіку, а 7 жніўня падчас пасяджэння «Каардынацыйнага савета» галоўнага (?) яўрэйскага саюза Беларусі на адпаведны запыт адказала іначай: «гэтае пытанне зараз вырашаецца ў ізраільскім урадзе». Маўляў, як толькі, так адразу; чым марудней, тым хутчэй, і ўвогуле, Рым Тэль-Авіў не ў адзін дзень будаваўся… «Школа Шагала».

На жаль, марнаслоўе характэрнае як для ізраільскіх чыноўнікаў & чыноўніц, так і для мясцовых «яўрэйскіх лідараў». Ну хто цягнуў за язык бізнэсоўца Макса Ю., калі ў сакавіку 2015 г. ён рэагаваў у пэйсбуку фэйсбуку Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання (ІРА) на мой артыкул пра Левіна & левіншчыну? Адзін з маіх тэзісаў тычыўся герантакратыі ў яўрэйскіх арганізацыях, выціскання моладзі на трэцеразрадныя ролі. Па сутнасці запярэчыць нічога не знайшлося, але ж Ю. запэўніваў: «у 2016 годзе ў большасці [яўрэйскіх] груп адбудзецца натуральная змена пакаленняў…» Нешта не відаць. Напэўна, прыйдзецца камусьці за астатнія 4 месяцы забяспечыць «натуральную змену» ўласнымі сіламі, а ў адваротным выпадку… ці дазволена будзе лічыць лімуднага піяршчыка пустабрэхам?

Aviv2016

Маладыя яўрэйскія інтэлектуалы з «Каардынацыйнага савета», 07.08.2016. Фота з aviv.by.

Дарэчы, калегі з ІРА пякуць напалмам, да штыху прыраўнаўшы пяро. Чаго варты іхні допіс ад 30.08.2016 пра падарожжа 500 рабінаў з Расіі ў Беларусь, які пачынаецца з перафразаванай дзіцячай песенькі:

Ехали раввины темным лесом

За каким-то интересом

Интер, интер, интерес

Из ЦК КПСС…

Далей расказ пра інцыдэнт 22.08.2016 у перакладзе на беларускую гучыць прыкладна так:

Яны рабіны, у іх з’езд, яны едуць у Беларусь з Расіі, не паклапаціўшыся пра наяўнасць беларускай візы для тых, каму гэта трэба. І пры выездзе з Расіі ў Беларусь расійскія ўлады не выпускаюць іх у Лёзна, што для любавіцкага хасіда на другім месцы пасля Сцяны плачу. Ну, у прынцыпе, правільна робяць, што не выпускаюць, таму што Беларусь хаця і сяброўская краіна для Расіі, але ўсё ж суверэнная краіна і адсутнасць візы ў замежных грамадзян не дае магчымасць легальна перасекчы мяжу. У паветры ствараецца нейкае напружанне… І тут адбылася падзея, якая на першы погляд не вельмі ўпісваецца ў свядомасць тых, хто прызвычаіўся ўсё беларускае паддаваць абструкцыі. Прыехаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, прывёз вітанне ад Прэзідэнта Лукашэнкі, рабінаў пусцілі ў Беларусь. Магчыма, паслядоўнасць была іншай, але факт не мяняецца. Напружанне было знята, рабіны трапілі, куды ім трэба было, а Беларусь адным махам атрымала «сто ачкоў на барабане і прыз»…

Вось ён, таленавіты піяр! І першага прэзідэнта Беларусі ўспомнілі, і яго нукера (які, праўда, прыклаў руку да знішчэння мінскай сінагогі на Дзімітрава, 3 у 2001 г., але хто тое помніць?) з вялікай літары пазначылі, і перадачу з Лёням Якубовічам ненавязліва прыплялі… Заадно заявіўшы сябе апанентамі тых, хто «прызвычаіўся ўсё беларускае паддаваць абструкцыі», а сала беларускае жарэ, а бабруйскім алеем «Шалом» мінскі фалафель залівае. Вось хто заслугоўвае суперпрызу – пазачарговага прыёму ў старшыні гарвыканкама і чарговай абяцанкі пазначыць месца, дзе была Халодная сінагога, ды аднавіць яўрэйскія могілкі!

Такой бяды, што той жа аўтар (тыя ж аффтары?), пішучы пра канферэнцыю ІРА 28 жніўня, на каліва сказілі прозвішча новага галоўнага рабіна: ім стаў ураджэнец Мардэхай Райхінштэйн, а ў фэйсбуку было «Ранхінштэйн». ПраМблема ў тым, што памылачку адразу падхапіў – і не выправіў – «партызанскі» сайт. Між іншым, партызаны такія партызаны, што, у адрозненне ад рэлігійнага партала, забыліся нават пра тое, што гал. рабіна мае яшчэ зацвярдзіць дзяржаўны ўпаўнаважаны… Хаця, здавалася б, някепская нагода патроліць урад, які соваецца ва ўсе дзіркі.

Апошнім часам неяк панура ўсё з журналістыкай у нашым краі. Будаўніца «Брамы» Ларыса Фінкельштэйн змясціла ў сябе звышэмацыйны допіс пра «бандытызм і езуіцтва» медыкаў, з якімі ўступіла ў жорсткую спрэчку праз… нявыкліканы ў паліклініцы ліфт. «Новы час» і «Салідарнасць» некрытычна перадрукавалі фэйсбучны крык душы: даць слова другому боку ў рэдакцый глуздоў не хапіла… Безумоўна, лекары, педагогі (а таксама жэсаўцы, паштары…) – зручная мішэнь для крытыкі яшчэ з савецкай эры. Дапяць, што гэтыя катэгорыі адлюстроўваюць стан грамадства і не могуць скокнуць «вышэй галавы», дадзена не ўсім.

Не здзівілі мяне і крокі аднаго з вядучых аўтараў «НЧ», які, насуперак нашаму прагнозу з папярэдняй серыі «Катлет і мух», даказваў, што ў «палату № 6» ніхто з апазіцыянерчыкаў не патрапіць. На словах «незалежны журналіст» быў гатовы пайсці ў заклад, а ў адказ на канкрэтную прапанову «саскочыў»: хіба спалохаўся, што прайграе пляшку спіртнога або акарыну 🙂

Насамрэч баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў замнога ў Беларусі, і не заўсёды яны тояцца ў дзяржаўных установах. Наадварот, часам супрацоўнікі гэтых устаноў аказваюцца смялейшымі за «вольных стралкоў». Так, трэнер СДЮШАР-7 г. Брэста нярэдка змяшчае ў сябе на сайце спасылкі на шахматныя матэрыялы belisrael.info (дарэчы, сёлета праекту «Брэсцкія шахматы» грукнула 10 гадоў), вядучы бібліятэкар і загадчык кафедры дзяржаўнага педуніверсітэта не адмаўляюцца ад супрацы з намі. А магілёўскаму гросмайстру К., які «сам сабе гаспадар» і зарабляе пераважна гульнёй на сярэдняй рукі замежных турнірах (яшчэ піша кнігі, агляды etc.), нават згадкі ізраільска-беларускага сайта здаюцца крамолаю: мы ў яго вачах амаль гэткія ж страшныя, як «Хартыя»… Праігнаруем яго блог, дзе трапляюцца кур’ёзныя шахматныя (і каляшахматныя) назіранні, але ў той жа час пануе тупая цэнзура.

Ёсць прымаўка: «чым вышэй залазіць малпа, тым лепей відаць яе зад». Грубавата, аднак слушна. У Беларусі, дарма што не без выняткаў, дзейнічае правіла: чым вышэй статус «дзяржаўнай асобы», чым больш рэсурсаў яна падбірае пад сябе, тым менш у ёй павагі да «простых грамадзян» і схільнасці да «нестандартных» учынкаў. Цытаваў тут адказ намесніцы міністра сувязі… Не склалася і з Рагачоўскім райвыканкамам. У лістападзе 2015 г. намеснік старшыні падтрымаў маю прапанову, ды нават пайшоў далей: абяцаў разам з дэлегацыяй «общественного объединения “Союз белорусский писателей“» (так!) запрасіць у горад на ХХІІІ Дзень беларускага пісьменства і Вашага пакорлівага слугу… Ці трэба казаць, што ў верасні 2016 г. у Рагачове (акурат як 10 год таму ў Паставах) не было дэлегацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, а запрашэння з райвыканкама я так і не дачакаўся?

Дасць Б-г, калі-небудзь з’езджу ў горад Гервасія Вылівахі без узгаднення з чыноўнікамі. Хочацца верыць, што Дзень пісьменства 4 верасня запомніцца рагачоўцам надоўга – не толькі тлумам і галёканнем. У Шчучыне год таму аналагічнае свята мела нямала дадатных рысаў; з іншага боку, чытаць і выбіраць сабе чытво я прызвычаіўся задоўга да заснавання «Дня пісьменства»/«Дамоў кнігі»… Дый прэміі, якія прысуджаюцца чыноўнікамі і афіцыёзным «Саюзам пісьменнікаў Беларусі» без уліку інтарэсаў найстарэйшай творчай суполкі Беларусі, не дужа мяне цікавяць.

Летась райвыканкамаўцы планавалі «при наличии финансовых средств» устаноўку да свята «ротонды и скульптуры Гервасия Выливахи на памятнике архитектуры – Замковой горе г. Рогачева». Фінансавых сродкаў, відавочна, хапіла толькі на Дом кнігі імя Караткевіча. Арганізатары пералічылі юбілеі ўсіх, каго маглі – Бядулі, Крапівы, Багдановіча, Мележа, Шамякіна – а 120-годдзе Майсея Кульбака забылі. Не ўзгадалі ў інтэрнэт-спісе між ураджэнцаў рагачоўскай зямлі выдатнага паэта Самуіла Галкіна, хоць у горадзе здаўна ёсць яго вуліца. Але ж якое беларуска-яўрэйскае сэрца не ўзрадуецца ад весткі пра ўрачыстае наданне імя мастака Анатоля (Танхума) Каплана дзіцячай школе мастацтваў (ідэя абмяркоўвалася на сайце «раёнкі» з вясны 2015 г.), ад таго, што ў Рагачове з 2011 г. праводзяцца Капланаўскія чытанні?

Паколькі ў Рагачоў я не завітваў, то і здымкаў з імпрэзы не прапаную (перадрукоўваць з іншых крыніц сумотна). Паглядзіце-ка лепей, шаноўныя, як балявалі ў іншым горадзе Гомельшчыне – у Калінкавічах. Узровень прыкладна той самы… Абразкі з VIII фестывалю гумару «Аўцюкі» (ліпень 2016 г.) прыслаў пастаянны аўтар belisrael.info Уладзімір Лякін.

20-1 20-3

Асаблівага сэнсу ладзіць фэсты гумару ў Беларусі, па-мойму, няма: жыццё і так смешнае да слёз. Тым, хто яшчэ не верыць, раю паглядзець перадвыбарныя ролікі на БТ Уладзіміра Падгола («Містэр Шалом» кампаніі-2016; мабыць, Артура Клінава абчытаўся) і Дзмітрыя Кучука («Містэр Адгазнік»). Шкада, што не бярэ ўдзелу ў парламенцкіх выбарах Юрый Шульган: на шляху да халяўнай вады ў парку 60-годдзя Акцябра ён паведаміў нам, што ўзмоцнена рыхтуецца да прэзідэнцкіх. Каго не цікавяць баталіі кандыдатаў, няхай уважліва пазнаёміцца са справаздачай бешанковіцкай газеты пра «29 адважных даследчыкаў» (не раўнуючы, 26 бакінскіх камісараў), якія ледзь не згубіліся сярод магільных камянёў. Феерычны таксама пасаж «Зары» пра «незвычайныя» імёны тутэйшых яўрэяў: Роза, Якаў, Іосіф…

Крыху – папраўдзе, самую крыху – насмяшыла Жэня Ч., дачка «нармалізаванага» беларускага медыямагната, якая атабарылася ў Ізраілі. 4 верасня г. г. яна зарэгістравала ўласны бізнэс і на пытанне, чым будзе займацца, горда заявіла: «зліваць у экстазе дзве краіны, якія я люблю: Беларусь і Ізраіль». Калі на любові зарабляюць грошы, гэта завецца?.. Праўда, крыху пазней удакладніла: «вязу групы ІТ-прадпрымальнікаў з Беларусі ў Ізраіль».

Багата мільганула такіх, хто спрабаваў абстрагавацца ад палітычных рэалій і ўхапіць свой кавалак на беларускім рынку… Не дужа «пакаціла» ні ў Эліэзера Фішмана (ці выпадкова пасля апрацоўкі Мінска ён апынуўся на грані банкруцтва?), ні ў Леві Леваева, ні нават у беларускага рэзідэнта Міхаіла Шурыма з ізраільскімі партнёрамі. Можа, спярша правілы гульні ў РБ варта было зрабіць больш празрыстымі і стабільнымі?.. Ну, з такім магутным-тылам, як мама-«культОролог» (хіба аналаг «проффесора»?), у дзяўчыны ўсё мае атрымацца, прынамсі шчыра ёй гэтага зычу.

Усміхнуў і маскоўскі публіцыст Алесь Ч., які хоча быць большым беларусам, чым мясцовыя (што, зрэшты, характэрна для эмігрантаў – аўтараў «Радыё С.»), і падказвае ўладам: «Зьдзіўляюся, як беларускі МЗС і беларускія ідэолягі не выкарыстоўваюць габрэйскі фактар чыста з прагматычных меркаваньняў: гэта ж сапраўды калясальны, гіганцкі патэнцыял для турызма і ўвогуле для разьвіцьця сувязяў з Ізраілям, ЗША, Брытаніяй. Нашчадкаў беларускіх габрэяў – дзясяткі ці сотні тысячаў, сярод іх вельмі шмат багатых і ўплывовых людзей». У 2016 годзе! Пасля безлічы афіцыйных прамоў на тэму «Беларусь – радзіма яўрэйскіх сланоў мастакоў і партызан», пасля місіі лорда Бела, які ў 2000-х «адмываў» Беларусь ад антысемітызму, і шматлікіх заляцанняў высокіх чыноўнікаў да Софы, Эвіка, Фаіны, Грышы Іофе ды іншых інтарэсантаў! Выглядае, мінспорту на пачатку 2016 г. ўзяло экс-дырэктарку ІРА начальніцай беларускага агенцтва па турызму іменна ў спадзеве, што яна прывязе ў «сінявокую» яшчэ болей нашых супляменнікаў. Меркаваў даведацца пра поспехі Веранікі Д. за паўгода з сайта ўзначаленай ёю канторы, ды стаміўся чакаць, пакуль паадкрываюцца яго старонкі…

Яшчэ не заведзены атамны Молах пад Астраўцом ужо забірае людзей (дырэкцыя будоўлі АЭС праз дзень, 27.08.2016, пацвердзіла згубу рабочага). І што-што, а гэта саўсім не смешна.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

05.09.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый

№ 19 (15.08.2016). Перадвыбарны перыяд. «Хто пасля Лукашэнкі?» Кампанія А. Лагвінца 2016 г. Успамін пра 2004 г., калі «адмінрэсурс» працаваў на карысць І. Аляксанавай. Выкрыцці П. Спірына ў 2012 г. І. Аліневіч пра А. Дзмітрыева. Прагнозы адносна шансаў А. Дзмітрыева, Т. Караткевіч, А. Трусава. Інцыдэнт на АЭС і кампанія «зялёных». Павольная беларусізацыя. Вывучэнне творчасці Ф. Гюлена беларускімі «інтэлектуаламі». Неадназначнае стаўленне да праспекта С. Бандэры ў Кіеве, крытыка з боку яўрэйскіх суполак. «Грамадская рэабілітацыя» нацысцкіх калабарантаў у Беларусі.

№ 18 (17.07.2016). Трэш ад С. Алексіевіч. Развагі пра адносіны палякаў і яўрэяў у вайну. «Адстаронены» падыход да ахвяр (Т. Снайдэр і інш.). Рэакцыя прэзідэнта Расійскага яўрэйскага кангрэса. Кніжныя падарункі з аўтографамі (М. Шуканаў, Д. Шульман, Зм. Дзядзенка, І. Бердзічэўскі, Г. Піліеў). Кароткі агляд рамана «Малінавы пелікан» Ул. Вайновіча. Палітычная кар’ера Г. Каспарава і яго недальнабачная пазіцыя пры адкліканні прэміі Гавела, прысуджанай П. Паўленскаму.

№ 17 (27.06.2016). Выступ С. Ландвер на «Усебеларускім сходзе». Яе скандальнасць. Думкі пра суполку, якой яна кіравала. Фільм «Гуд бай, бацька», эвалюцыя «першай беларускай газеты». Закон аб абароне дзяцей, «лалітыка». Бязглуздасць празмерных абмежаванняў у мастацтве. Атмасфера ў Беларусі і «перабудовачныя» фільмы. Канец брэжнеўскага кіравання вачыма А. Рыбіна. Наіўная «вера ў Захад» А. Лагвінца. Добрыя навіны (выстава «яўрэйскіх лялек» В. Гайшун і г. д.), кароткі ўспамін пра Д. Сімановіча. «Шагалаўскае» шоў на АНТ. Індульгенцыі ад кнігароў.

№ 16 (24.06.2016). «Усебеларускі народны сход», падабенства ў бачанні народу А. Лукашэнкам і С. Алексіевіч. Думкі Ю. Хашчавацкага, С. Ландвер. Цяганіна з выплатай пенсій выхадцам з Беларусі ў Ізраілі. Спробы М. Салодкінай і С. Ландвер дамовіцца з М. Шчоткінай (2007, 2012 гг.). Спрэчныя выказванні пра «сялянскасць» беларусаў, «інтэлігентнасць» яўрэяў. Гісторыя М. Шурыма, які страціў кароў. Водгукі на 15-ы выпуск «Катлет і мух». Канферэнцыя «пра яўрэяў» у БДУ (2008 г.). Помнік Э. Севелe ў Бабруйску. Дыскрэдытацыя ўрада Гройсмана міністрам Авакавым.

№ 15 (12.06.2016). Стан іудаікі ў несвабоднай краіне. Назіранне Бенькі пра паступовыя абмежаванні ў Беларусі. Сумнеў у тым, што дзяржава дапаможа развіваць іудаіку. «Афіцыйная» беларуская навука і фестываль нацыянальных культур у Гродне. Гіпатэтычныя крокі да выхаду з крызісу: сацыялагічнае даследаванне, заснаванне Цэнтра ідыша ў Пінску або Бабруйску, «Інстытут беларускай іудаікі». Замежныя інстытуцыі. Бюракратычны адказ на прапанову выпусціць канверт з выявай М. Кульбака.

№ 14 (20.05.2016). 25 гадоў беларускай дзяржаўнасці. Пастка будучай дэнамінацыі. Магчымыя пагрозы для незалежнасці. Расчараванне ў Захадзе, грубыя нападкі Ш. на ЕГУ. Глупствы ад зволеных з ЕГУ выкладчыкаў. Рэальнае месца тэмы Халакосту ў Беларусі. Антыканстытуцыйная ліквідацыя Вышэйшага гаспадарчага суда. Выпадкі, калі суддзі ў 2016 г. касавалі рашэнні выканаўчай улады. «Сэканд-хэндная» газета «Авив». Меркаванне пра парламенцкія выбары.

№ 13 (10.05.2016). Матэрыял Ю. Чарняўскай пра яўрэяў у СССР як падстава для вывадаў пра стан грамадства. Слабыя месцы гэтага артыкула і партала «прагрэсіўнага іудаізму». Малапісьменны дапаможнік для беларускіх студэнтаў «Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў – па 2008 год». Думкі Дз. Сляповіча пра «моду на яўрэйства» ў Беларусі. Юдафобія ў колах «патрыётаў». «Цяжкасці перакладу» (дакументацыя АЭС, нарыс Бядулі). Алей Шалом з Бабруйска. Гастролі ізраільскага гурта «Арава» ў Мінску, Сабантуй у Рышон Ле-Цыёне.

№ 12 (24.04.2016). «Вясна юбілеяў»: Натан Воранаў, Майсей Кульбак, Змітрок Бядуля. Погляд Алеся Бузіны на Тараса Шаўчэнку. Апартунізм Бядулі і Кульбака ў 1930-х гг. Падарожжа Этгара Керэта ў Мінск-2016. Меркаванне пра агенцтва па турызму і Барыса Луцэнку. Праект па вывучэнні гісторыі савецкіх яўрэяў. «Такі Песах» і «Лімуд» у Мінску. «Экстрэмізм» у кнігах Зянона Пазняка і яго рэальныя памылкі. Зварот пра Курапаты ў пасольства Ізраіля.

№ 11 (03.04.2016). Рашэнне прэм’ер-міністра Ізраіля захаваць пасольства ў Беларусі. Лёс «ідышкайт». Выхад і прэзентацыя рамана П. Касцюкевіча «План Бабарозы». Кніга афіцыёзных філосафаў «Беларусь: культурно-цивилизационный выбор». Успамін пра наведванне Інстытута філасофіі і прапановы дырэктара. Гастролі «Серебряной свадьбы» ў Маскве. Разборкі вакол недзяржаўнай літпрэміі «Дэбют». Яўрэі і гумар.

№ 10 (26.02.2016). Візіт у Мінск ізраільскага паэта Ёнатана Барга. Уражанні ад выставы «Час і творчасць Льва Бакста», ад экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея ўвогуле. Некалькі слоў пра Майсея Кульбака. «Шарыкаўскія» выказванні дзяржаўных службоўцаў. Гісторыя з маечкай «Holocoste» на Нямізе, саматужная канспіралогія асобных публіцыстаў. Рэальныя праблемы яўрэйскага жыцця – у Ракаўскім прадмесці і не толькі.

Змест першых серый гл. у № 10 🙂

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 6.09.2016 0:10