Tag Archives: Ирина Кашталян

Рызыкавалі жыццём і былі забытыя

Рызыкавалі жыццём і былі забытыя: як вяртаюць імёны беларускіх Праведнікаў

23-03-2019  Дзіяна Серадзюк

Вайна ломіць законы маралі. Часам нават уратаванне аднаго жыцця ўзамен на згубу іншага немагчыма асудзіць. Але ўсё ж былі і тыя, хто пад пагрозай сабе і сваім блізкім ратаваў людзей, якіх выраклі на знішчэнне. Пазней іх назвалі Праведнікамі народаў свету.

Музей Яд Вашэм. Фота www.culture.ru

Цуд як выбар

Дапамога яўрэям на акупаваных тэрыторыях у часы Другой сусветнай вайны каралася смерцю. Матывы, якія кіравалі выратавальнікамі ў такіх немагчымых умовах, спрабуюць акрэсліць аўтары выставы «На загад сэрца», створанай Міжнароднай школай вывучэння Халакосту Яд Вашэм (Ізраіль). Экспазіцыю да 31 сакавіка можна ўбачыць у Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў Мінску (вуліца Сухая, 25). На выставе прадстаўлены некалькі гісторый ратаванняў з Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы і, вядома, Беларусі. Усе яны разгортваліся пры розных абставінах, але яднае іх тое, што, пэўна, можна назваць цудам.

Экспазіцыя выставы «На загад сэрца». Фота Дзіяны Серадзюк

Напрыклад, успаміны адной з беларускіх Праведніц Раісы Сямашка. Некаторыя кваліфікаваныя партыйныя работнікі яўрэйскага паходжання маглі трапіць у эвакуацыю. Але гэта не гарантавала ўратаванне ўсёй сям’і. Раіса Сямашка распавядала пра сваю аднакласніцу Іду, маці якой працавала ў НКУС і была раптоўна эвакуяваная — так, што нават не мела магчымасці зайсці дадому і забраць маленькую дачку. Дзяўчынка разам з бабуляй уцяклі з Мінску, але сярод мітусні першых дзён вайны згубіліся. У выніку Іда самастойна вярнулася ў Мінск, знайшла кватэру Сямашкаў і на працягу ўсёй акупацыі хавалася ў іх.

Часцей за ўсё арганізаваных сістэм ратунку не было, на гэта адважваліся адзінкі. Але часам такія спантанныя схемы складваліся. Адна з іх звязаная з іменем Васіля Арлова, які працаваў у аддзеле адукацыі і займаўся размеркаваннем дзяцей у дзіцячыя дамы. Таксама ён мусіў знаходзіць яўрэйскіх дзяцей і адпраўляць іх у гета, але ён гэтага не рабіў, а накіроўваў іх у дзіцячыя дамы да давераных асобаў.

Экспазіцыя выставы «На загад сэрца». Фота Дзіяны Серадзюк

Ці гісторыя Мікалая Кісялёва, які трапіў у палон, але змог уцячы і далучыўся да партызанскага руху. Ён стварыў лагер, куды сцякаліся чырвонаармейцы, якія ўцяклі з палону, а таксама цывільнае насельніцтва — пераважна яўрэі з мястэчка Даўгінава. У 1943 годзе гэтых людзей вырашылі накіраваць за лінію фронту. Яны пешшу рушылі ў дарогу, за тры месяцы прайшлі сотні кіламетраў і дайшлі да расійскага горада Вялікія Лукі. Такім чынам удалося ўратаваць 217 чалавек.

Часта галоўным чыннікам выратавання былі асабістыя знаёмствы і добрасуседства. Так, усе сваякі Саламона Жукоўскага загінулі ў адным з гета ў Гродзенскай вобласці, хлопчыку ўдалося ўцячы, і яго хавала ягоная нянька.

Экспазіцыя выставы «На загад сэрца». Фота Дзіяны Серадзюк

Самі яўрэі амаль не мелі магчымасці дапамагаць сваім супляменнікам. Тым не менш, і такія выпадкі здараліся. Бадай, адна з самых вядомых падобных гісторый звязаная з іменем Освальда Руфайзена (брата Даніэля), які стаў прататыпам героя раману Людмілы Уліцкай Даніэля Штайна. Трапіўшы ў мястэчка Мір, падчас акупацыі ён працаваў перакладчыкам у нямецкай жандармерыі, што давала яму доступ да інфармацыі. Дзякуючы гэтаму ён змог папярэдзіць яўрэяў з Мірскага гета аб яго ліквідацыі і ўратаваць некалькі соцень жыццяў.

Сюды ж можна аднесці феномен яўрэйскіх сямейных партызанскіх атрадаў, мэтай якіх было не столькі вядзенне баявых дзеянняў, колькі выратаванне людзей. Адзін з найбольш вядомых з такіх атрадаў быў утвораны братамі Бельскімі ўвосень 1942 года. Да 1944 года ў атрадзе змаглі выратавацца 1200 чалавек.

Экспазіцыя выставы «На загад сэрца». Фота Дзіяны Серадзюк

Гісторыя патрабуе працягу

У савецкі час тэму выратавання яўрэяў у Беларусі падчас вайны амаль не згадвалі. Так адбывалася з-за агульнай ідэалагічнай сітуацыі, калі не прынята было казаць пра жыццё пад акупацыяй, немагчыма было гучна згадваць аб ратаванні тых, каго абмяжоўвалі ў штодзённасці праз гэтак званую «пятую графу», праз спецыфіку адносін СССР з Ізраілем. Хаця пасля 1991 года на вывучэнне тэмы не было абмежаванняў, яна застаецца яшчэ недастаткова даследаванай.

Шэраг арганізацый ставіць за мэту папулярызацыю тэмы ў грамадстве. Больш за дзесяць гадоў стварэннем спісу беларускіх Праведнікаў займаецца Музей гісторыі яўрэяў Беларусі пад эгідай Саюза беларускіх яўрэйскіх арганізацый і абшчын і Джоінта. Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна ў кааперацыі з Беларускім архівам вуснай гісторыі з удзелам валанцёраў-даследчыкаў здолела запісаць больш за два дзясяткі гісторый беларускіх Праведнікаў народаў свету і відэаінтэрв’ю, якія цяпер даступныя анлайн.

Экспазіцыя выставы «На загад сэрца». Фота Дзіяны Серадзюк

Апроч таго летась быў створаны Аргкамітэт па ўсталяванні помніка Праведнікам народаў свету з Беларусі ў Мінску, куды ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу грамадскіх арганізацый. Праект быў распрацаваны яшчэ Леанідам Левіным і мусіў быць часткай мемарыялу «Яма», але тады на яго ўвасабленне не хапіла сродкаў. Цяпер гэтую працу вырашылі давесці да завяршэння, праўда, казаць пра нейкія тэрміны пакуль рана: праект знаходзіцца на стадыі ўзгадненняў.

Падрыхтоўка найбольш поўнага спісу беларускіх Праведнікаў з’яўляецца складаным пытаннем для неабыякавых. Нярэдка падача на званне ўжо немагчымая, бо той, каго ратавалі, загінуў падчас вайны, ці самога ратавальніка не ўдалося знайсці, невядома дакладнае яго імя. Пошукі новых прозвішчаў абцяжарваюцца тым, што тыя, хто маглі б сведчыць пра подзвіг, пераважна ўжо сышлі з гэтага свету. Вуснагістарычны падыход пры зборы дадзенай інфармацыі таксама накладае няпросты адбітак на верыфікацыю звестак.

Музей Яд Вашэм. Фота dona-anna.livejournal.com

Паводле афіцыйнага сайту Яд Вашэм, у нашай краіне 650 Праведнікаў. Аднак падлікі даследчыкаў паказваюць, што іх колькасць можа сягаць 838 чалавек. Разыходжанне тлумачыцца тым, што некаторыя Праведнікі, якія атрымалі званне за выратаванне на цяперашняй тэрыторыі Беларусі, могуць знаходзіцца ў спісах Яд Вашэм па іншых краінах. Гэта можа адбывацца праз блытаніну ў аднясенні назваў населеных пунктаў, дзе адбылося выратаванне, да канкрэтных дзяржаў, бо складана разбірацца з улікам істотных зменаў з часу вайны ў адміністрацыйным дзяленні рэгіёна.

Ірына Кашталян. Фота Дзіяны Серадзюк

Як распавяла «Новаму Часу» кіраўніца Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян, блытаніна з месцамі найчасцей адбывалася з нашымі суседзямі — Польшчай, Расіяй, Украінай. Важны гістарычны факт уплыву: Заходняя Беларусь да 1939 года знаходзілася ў складзе Польшчы. Юрыдычна беларускія Праведнікі з гэтых тэрыторый могуць дасюль разглядацца як польскія, не робіцца карэкціроўка пад сучасныя дзяржаўныя межы.

Яшчэ адно няпростае пытанне — вызначэнне правільнага напісання імёнаў Праведнікаў. Памылкі маглі патрапляць пры запаўненні анкеты ў Яд Вашэм, у выніку перакладаў з розных моваў на іўрыт для прысваення звання і пасля зваротнага перакладу. Тым не менш, неабыякавыя адмыслоўцы стараюцца паляпшаць і дапаўняць беларускі спіс Праведнікаў і надалей.

На жаль, гісторыі выратавання яўрэяў — гэта не заўжды пра гераізм: не ўсе спробы ратаванняў былі ўдалымі, шмат з іх трагічна заканчваліся праз даносы. Там, дзе адны гатовыя былі ахвяраваць дзеля іншых уласным жыццём, другія шукалі выгаду, пераступаючы цераз усе законы маралі і чалавечнасці. Часам людзей выратоўвалі, кіруючыся меркантыльнымі інтарэсамі, многіх свядома пакідалі на волю лёсу… Тым больш каштоўнымі і вартымі для даследавання з’яўляюцца гісторыі беларускіх Праведнікаў.

Такім людзям на ўзроўні дзяржавы маглі б даць званне Герояў Беларусі, бо яны паказалі прыклад асабістай мужнасці, калі маглі за гэта страціць усё, мяркуе Ірына Кашталян. Таму што ёсць і гісторыі, калі сем’і забівалі за тое, што яны хавалі яўрэяў.

Экспазіцыя выставы «На загад сэрца». Фота Дзіяны Серадзюк)

Даведка

Праведнікі народаў свету — ганаровае званне, якое прысуджаецца Яд Вашэм людзям неяўрэйскай нацыянальнасці, што свядома ратавалі яўрэяў у гады Халакосту.

Яд Вашэм, калі прымае рашэнне пра прысуджэнні звання Праведніка народаў свету, улічвае 4 віды дапамогі яўрэям:

1. Дапамога яўрэю ва ўцёках у бяспечнае месца ці за мяжу. Садзеянне пры гэтым у пераадоленні тых перашкод, з якімі былі звязаныя паездкі і пераход мяжы.

2. Забеспячэнне яўрэю магчымасці выдаць сябе за неяўрэя — прадастаўленне яму фальшывага пасведчання асобы ці пасведчання аб хрышчэнні.

3. Прадастаўленне прытулку, які мог забяспечыць дастаткова надзейную абарону ад знешняга свету.

4. Усынаўленне (удачарэнне) яўрэйскіх дзяцей у гады вайны.

Асноўным патрабаваннем для разгляду справы ў камісіі па прысваенні звання Праведніка з’яўляецца сведчанне выратаванага аб характары дапамогі. Усяго ў некалькіх выпадках камісія прыняла ў якасці абгрунтавання архіўныя дакументы як дастатковы доказ. Паказанні сведак з’яўляюцца не толькі неабходным крытэрам, але і часта адзіным доказам.

У гонар кожнага прызнанага Праведнікам праводзіцца цырымонія ўзнагароджання, на якой самому Праведніку або яго спадкаемцам уручаецца ганаровы сертыфікат і імянны медаль. Імёны Праведнікаў увекавечваюць у Яд Вашэм на Гары Памяці ў Ерусаліме.

Арыгiнал

Апублiкавана 24.03.2019  11:02

А. Смалянчук: Памяць пра Халакост шмат гаворыць пра беларусаў

20.01.2017 | Общество | Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

На нашай зямлі яўрэі жылі здаўна, але як вайна паўплывала на іх адносіны з беларусамі і які вобраз Халакосту захаваўся ў народнай памяці?

Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна і Беларускі архіў вуснай гісторыі адкрылі ў Мінску Клуб вуснага гісторыка. Ён мае стаць пляцоўкай, дзе будуць абмяркоўвацца важныя і малавядомыя тэмы з гісторыі ХХ стагоддзя, актуальныя для сучаснага беларускага грамадства. Рэферэнт і кіраўнік адукацыйных паездак Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян зазначыла:

“Мы паспрабуем выбрацца з “вежы слановай косткі”, у якую мы забраліся, да грамадскасці”.

Яна паведаміла, што ў межах клубу плануецца правядзенне дыскусій, прэзентацый даследванняў, выступленні спецыялістаў з-за мяжы.

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала першае пасяджэнне клубу, якое было прысвечана беларускай памяці пра Халакост.

Напачатку прысутныя прагледзелі ролік аб тым, што думаюць звычайныя мінакі пра генацыд яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны ў розных рэгіёнах Беларусі. Як паказала відэа, веды гэтыя досыць сціплыя. І гэтаму ёсць свае прычыны, якія патлумачыў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук. Ён пачаў з таго, што распавёў, якім чынам трагедыя Халакосту адлюстроўвалася ў беларускіх падручніках па гісторыі. Так, савецкія падручнікі 1982 года, якімі яшчэ карысталіся падчас першых гадоў незалежнасці, шмат пісалі пра ахвяр нацысцкага рэжыму. У іх якасці выступалі славяне – палякі, беларусы, украінцы, рускія і “савецкія грамадзяне”. Падручнік 1990 года ўвогуле сцвярджаў, што згодна з планам “Ост” павінна было быць знішчана 30 мільёнаў рускіх. Першае пакаленне беларускіх падручнікаў найноўшага часу распавядала пра “махавік сталінскіх рэпрэсій” і спрабавала найбольш грунтоўна паказаць трагедыю Халакосту. Аднак гэтыя падручнікі праіснавалі толькі тры-чатыры гады, у наступных падручніках 1997–2003 гадоў тэма Халакосту амаль што знікла. У 2006 годзе з’явіўся падручнік па гісторыі Беларусі для 9 класа, дзе ёсць згадкі пра трагедыю, але яны вельмі сціплыя.

“У мяне склалася ўражанне, што трагедыя Халакосту знаходзіцца ў ценю традыцыйных савецкіх міфаў пра Вялікую Айчынную вайну”, – каментуе гісторык змест ужо сучасных падручнікаў.

Не лепшая сітуацыя склалася і ў пасляваенным мастацтве. Культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі заўважае:

“Пытанне, якое дасюль нявырашанае – чаму беларускае мастацтва засталося без асэнсавання гэтай тэмы?”

Па яго словах, невялічкі адказ, які не вычэрпвае ўсёй праблемы, даў мастак Яўген Ціхановіч. Ён распавядаў, што калі па вайне была створана дзяржава Ізраіль, скульптар Заір Азгур стварыў некалькі кампазіцый, прысвечаных артысту Саламону Міхоэлсу. Але калі Міхоэлс быў забіты ў Мінску, Азгур замкнуўся ў сваёй майстэрні і разбіваў там усе свае творы, якія тычыліся яўрэйскай тэматыкі.

Аднак ёсць усё ж выключэнне – карціна з цыклу “Лічбы на сэрцы” народнага мастака Міхаіла Савіцкага, дзе ў досыць непрывабным выглядзе намаляваны чалавек з зоркай Давіда. Мастак сцвярджаў, што на ўласныя вочы бачыў у канцлагеры “яўрэяў-памагатых” нацыстаў.

Асэнсаванне тэмы Халакосту ў мастацтве ўвогуле пачалося толькі ў 1960-х, гаворыць Сяргей Харэўскі.

У літаратуры на ваенную тэму, якой так багата ў беларускай скарбонцы, яна таксама амаль не ўздымалася. Калі і былі нейкія спробы, то яны выглядалі досыць кволымі.

Па словах Алеся Смаленчука, размовы з рэспандэнтамі падчас экспедыцый паказалі, што існуе каласальная праблема ў нашым разуменні Халакосту і беларускай памяці пра яго.

Гісторык зазначае, што расповеды пра забойствы яўрэяў, сабраныя падчас экспедыцый, поўныя шкадавання. У той жа час узнікае стэрэатып пра “жыдоў-баязліўцаў”, якія амаль ніколі не ўцякалі ад распраў.

У гістарычнай памяці беларусаў захаваліся прычыны забойства яўрэйскага насельніцтва падчас вайны, якія даследчыкі ўмоўна падзялілі на некалькі груп. Згодна з першай групай адказаў, тысячы яўрэяў знішчалі праз іх “хітрасць і нежаданне працаваць”. І гэта, зазначае гісторык, прымушае скептычна ставіцца да стэрэатыпа, што беларуска-яўрэйскія адносіны заўсёды былі добрасуседскімі і шчырымі. Другая група адказаў датычыцца “асабістай помсты” Гітлера яўрэям. Ёсць і ўяўленні пра жыдоў як пра “пракляты народ”, які забіў Хрыста (такія меркаванні распаўсюджаныя ў заходніх рэгіёнах Беларусі). Іншым разам ва ўспамінах рэспандэнтаў прысутнічаў “крывавы навет” – маўляў, яўрэі разгаўляюцца крывёю. Былі меркаванні пра тое, што немцы імкнуліся да сусветнага панавання, а яўрэі былі найбольш блізкімі да немцаў, таму іх трэба было забіваць.

Нярэдка злачынствы супраць яўрэяў здзяйснялі не акупанты, а свае, аднавяскоўцы – выдавалі ці нават забівалі іх. У якасці забойцаў фігуравалі і мясцовыя партызаны. Аднак у супрацьвагу гэтаму ёсць і ўспаміны пра тое, як аднавяскоўцы ратавалі яўрэяў і дапамагалі ім.

Эксперты кажуць пра тое, што падчас вайны не было ўяўленняў пра маштабы трагедыі. Людзі верылі, што, прынамсі, з буйных гарадоў яўрэяў эвакуявалі, ніхто не думаў, што паўсюль існуюць вялізныя гета.

“У большасці рэспандэнтаў не было разумення глабальнасці катастрофы”, – канстатуе Алесь Смалянчук.

Між тым гісторык заўважае, што ў беларусаў падчас вайны адсутнічала салідарнасць: нярэдкімі былі выпадкі, калі вяскоўцы перасяляліся ў хаты забітых яўрэяў, забіралі сабе іх маёмасць.

“Гэтая памяць вельмі важная і для загінулых, і для жывых – бо яна шмат гаворыць пра нас, беларусаў”, – падсумоўвае Алесь Смалянчук.

***

Клуб вуснага гісторыка плануе збірацца штомесяц. Наступная тэма будзе прысвечана падзелу беларусаў на “ўсходнікаў” і “заходнікаў” – наколькі жывы ён цяпер.

***

Лазарь Саулович Ран (1909—1989) родился в белорусско-еврейском городке Двинске (сейчас – Даугавпилс, Латвия). С шестилетнего возраста его детство и юность проходят в Полоцке. В 1928 году Лазарь Ран едет в Витебск и поступает там, в Художественный техникум. Эта школа продолжала многие методы и традиции, заложенные в ней Марком Шагалом и Казимиром Малевичем. Сразу же после войны он возвращается в разрушенный Минск и узнает, что все его родные – жена, трое детей, мать и сестра – погибли в гетто. Именно тогда, наверное, и возник у художника этот замысел: посвятить серию работ страшной трагедии, которую пережили евреи в Минском гетто – одном из крупнейших в Европе.

Сын художника Станислав Ран:
“Первая семья моего отца погибла в гетто, сам он уцелел потому, что начало войны застало его в Москве, куда он был вызван в командировку. Это мучило его всю жизнь, заставляло испытывать подспудное чувство вины, и он постоянно мыслями возвращался к этой трагедии”.

 

 

 

 

 

Опубликовано 20.01.2017  17:10