Гірш Смоляр
ХАІМ! МЫ ЖЫВЫЯ!
(раздзел з кнігі “Менскае гета. Барацьба савецкіх габраяў-партызанаў супраць нацыстаў”, Мінск: Тэхналогія, 2002. Пераклад з ангельскай Міколы Гілевіча паводле выдання 1989 г.)
Колькі ж засталося нас, ацалелых габраяў? Гэтае пытанне мы задавалі сабе ў гета пасля кожнай антыгабрайскай акцыі нацыстаў. І калі тады, у гета, мы мусілі цалкам залежаць ад інфармацыі юдэнрата і нашых нацысцкіх “наглядчыкаў”, то цяпер мы падлічвалі свае шэрагі самі – на падставе тых звестак, што прыносілі нам, вяртаючыся з лясоў, габрайскія партызаны, а таксама габраі, пераважна жанчыны, што жылі сярод беларусаў у “рускай зоне” з “арыйскімі” дакументамі.
З Беларускага штаба партызанскага руху, які цяпер размяшчаўся ў Менску, мы атрымалі паведамленне, што 16 ліпеня 1944 года ў Менску на тэрыторыі іпадрома адбудзецца вялікі ўрачысты мітынг у гонар вызвалення сталіцы ад нацысцкіх захопнікаў, а потым пачнецца парад з удзелам 30000 партызанаў. Партызанскія брыгады й атрады нашага цэнтра не былі ўлучаныя ў спіс удзельнікаў. Прычыны: мы мусілі заставацца ў поўнай боегатоўнасці на месцах, каб не дазволіць разбітым войскам ворага замаскавацца ў пушчы і перагрупавацца. Мы мусілі быць падтрымкай савецкіх войскаў, якія актыўна наступалі на ворага.
Тым не меней Стаўбцоўскаму міжраённаму партызанскаму цэнтру прапаноўвалася паслаць на парад двух партызанаў – прадстаўнікоў брыгад і атрадаў, якія падпарадкоўваліся цэнтру. Гэтымі двума сталі малады беларускі пісьменнік Янка Брыль (служыў у польскай марской пяхоце, удзельнічаў у баях з нацыстамі на Балтыйскім моры, а пасля быў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава) і Яфім Сталярэвіч (г. зн. сам Г. Смоляр – belisrael)…
Па дарозе ў Беларускі штаб партызанскага руху я намерыўся зноў, як і тры гады таму, калі Гітлер толькі-толькі напаў на Беларусь, прайсціся па вуліцы Маскоўскай, паглядзець, ці ацалеў будынак, які колісь служыў прытулкам кіраўнікам камуністычнага падполля Заходняй Беларусі. І зноў, як і тры гады таму, Маскоўская сустрэла мяне гурбамі зваленага камення, хіба толькі з той розніцай, што цяпер гэта былі ўжо не гурбы, а гіганцкія крушні, сапраўдныя ўзгоркі. На момант я прыпыніўся каля “дома падпольшчыкаў” і – паспяшаўся ў штаб.
Там нас вельмі гасцінна прынялі, сказалі нават, што парад мы будзем назіраць з трыбуны, дзе адмыслова для нас ужо адвялі два месцы. Начальнік аддзела кадраў штаба Раманаў, якога я ведаў з Беластока, вітаў мяне, быццам родны брат пасля доўгага-доўгага расстання. Аднак радасць гэтая імгненна знікла, калі я запытаў яго, ці не мог бы хто-колечы з ягонага аддзела даць мне дакладныя лічбы наконт колькасці габраяў, удзельнікаў беларускага партызанскага руху, па кожным раёне і ў прыватнасці – па сталіцы. Насупіўшыся, ён адказаў: “Мы не вядзем статыстыкі па нацыянальнай прыкмеце…”
Гэта была чыстая хлусня. У справаздачы, агучанай пазней Беларускім штабам, нацыянальная прыкмета фігуравала – ва ўсіх, акрамя габраяў. Габрайскіх жа партызанаў “упіхнулі” ў шэраг зусім нязначных па колькасці нацыянальных партызанскіх групаў з агульным найменнем: ІНШЫЯ…
У тыя дні Менск нагадваў адзін велічэзны партызанскі лагер. На кожным кроку сустракаліся ўзброеныя людзі ў самым розным адзенні, пачынаючы ад дзівакаватай сялянска-гарадской вопраткі і заканчваючы нямецкай вайсковай формай – яе забіралі ў палонных немцаў, але ва ўсіх быў неадлучны партызанскі сімвал – вузенькая чырвоная стужка на шапцы. У самым цэнтры сталіцы, сярод руінаў, “пасвіліся”, паскубваючы пустазелле, партызанскія коні. Высока ў чыстае летняе неба ўздымаўся дым партызанскіх вогнішчаў. А ў вялікіх закуродымленых катлах, што віселі над вогнішчамі на рагалінах, кіпела, сквірчэла, духмянілася партызанская ежа. У той дзень Менск сапраўды стаў для партызанаў вялікім партызанскім лесам. І мы з Янкам Брылём таксама, падпарадкоўваючыся лясным звычаям, прыселі каля адной з такіх партызанскіх “кухняў” у кампаніі зусім незнаёмых людзей, слухалі розныя гісторыі ды запускалі час ад часу ў агульны кацёл з тушанкай лыжкі; лыжка, паводле партызанскіх няпісаных законаў, у кожнага свая, заўсёды павінна была быць пры сабе…
Хоць на парад прыйшло меней за адну дзясятую ад усіх 370000 партызанаў, якія змагаліся на Беларусі ў 1100 фармаваннях, усё ж такі гэта было ні з чым не параўнанае відовішча: якую ж магутную сілу мы прадстаўлялі! Менавіта гэтае войска нязломных і нястомных народных помснікаў да канца 1943 года ўзяло пад кантроль блізу 60 працэнтаў усёй тэрыторыі Беларусі, у дваццаці раёнах усталяваўшы поўную партызанскую ўладу. Менавіта яны, беларускія партызаны, разгарнулі знакамітую “рэйкавую вайну”, пазбавіўшы немцаў дапамогі з тылу ў гэткі крытычны для іх перыяд наступлення савецкіх войскаў. За адну толькі ноч 3 жніўня 1943 года ўзляцелі ў паветра больш за 42 тысячы рэек, у выніку чаго былі цалкам разбураныя чыгункавыя камунікацыі, якія выкарыстоўвалі немцы для падвозу сваіх рэзервовых войскаў, цяжкога ўзбраення і боепрыпасаў на паўночна-ўсходні фронт.
А праз год, 20 чэрвеня 1944 года, за два тыдні да пачатку наступальнай аперацыі “Багратыён”, ізноў былі падарваныя дзясяткі тысячаў рэек; у тую ноч мы нават наладзілі ім “праводзіны”, афарбаваўшы неба ў самыя розныя колеры – колеры трасавальных куляў з нашых аўтаматаў. Тады былі выведзеныя з строю стратэгічна важныя для ворага чыгункавыя лініі Менск – Ворша, Полацк – Маладзечна, Глыбокае – Вільня і, бадай, асабліва важная Менск – Бранск.
(У адной з лекцыяў прафесар Ясафат Гаркаві выказаў меркаванне, што калі б гэтыя шматлікія тысячы партызанаў былі больш навучаныя прафесійна ваяваць, то яны былі б рэгулярным войскам. Я дазволю сабе не пагадзіцца з паважаным прафесарам. Рэгулярнае войска не змагло б дэмаралізаваць і падарваць адміністрацыйную ўладу ў тыле акупантаў, паралізаваць іхныя камунікацыі і забяспечыць генеральны штаб штодзённай інфармацыяй пра кожны рух ворага. Той жа міжраённы партызанскі цэнтр, дзе мне давялося працаваць, з дапамогай сваёй інфармацыйна-выведкавай “сеткі” мог выдаваць і выдаваў штодзённыя справаздачы пра сітуацыю ў нацысцкай адміністрацыі і войску. І гэта не кажучы ўжо пра вялікую значнасць партызанскага руху як маральна-палітычнага факттару ў падахвочванні мірнага насельніцтва акупаваных тэрыторый да супраціву ворагу.)
Аднак жа вернемся ў Менск, на партызанскі парад 16 ліпеня 1944 года…
Пазнаёміўшы Янку Брыля (пазней ягоныя партызанскія творы прынясуць яму шырокую вядомасць таленавітага пісьменніка) з сваімі старымі таварышамі, беларускімі літаратарамі Максімам Танкам, Піліпам Пестракам ды іншымі, я намерыўся прагуляцца адзін па ўскраінных раёнах Менска, дзе паўсталі тысячы часовых халупінаў. Тут пасяліліся і многія габраі, якіх я ведаў па гета і лесе.
Дабраўшыся туды, я сустрэў шмат знаёмцаў: мы абдымаліся, і нам не патрэбныя былі словы, іх проста б не хапіла, каб выказаць нашую радасць ад усведамлення таго, што мы ацалелі, што ўсё-такі “перажылі ворага”, што нарэшце вярнуліся ў зруйнаваны, але ж гэткі да болю родны горад.
З Навумам Фельдманам, які таксама – як камісар буйнога партызанскага атрада – апынуўся ў гэты дзень у сталіцы, я наогул не змог гаварыць, настолькі перапаўнялі мяне пачуцці… “Давай счакаем, калі скончыцца парад, тады й пагутарым, – прапанаваў ён, – а зараз…” А зараз мы, ацалелыя гетаўцы, надумалі наведаць магілы нашых родных, сяброў і знаёмых, каб яшчэ раз схіліць галовы перад іхнай трагедыяй, каб яшчэ раз аддаць даніну іхнай памяці, каб яшчэ раз праліць пякучую горкую слязу…
Моўчкі хадзілі мы па выпаленых гетаўскіх вуліцах – нямых сведках дзікунскага забойства ні ў чым невінаватых людзей. І ўсё, літаральна ўсё яшчэ так яскрава нагадвала доўгія дні і ночы задротавага калясмертніцтва: будынак юдэнрата з выбітымі дзвярыма і вокнамі; біржа працы і Юбілейная плошча з паваленымі, нібы пасля шалёнага ўрагану, дрэвамі; габрайскія могілкі з незасыпанымі або толькі з большага прысыпанымі магіламі, дзе нават яшчэ бачныя былі парэшткі замардаваных людзей; жудаснае, ажно дрыжыкі прабягалі па скуры, месца (хоць нідзе не было і знаку, што гэта за месца), дзе нацысты закатавалі 5000 габраяў пад час Пурыма 1942 года; нарэшце, гетаўская больніца, дзе ўнутры “спачывала” мая верная “маліна” ў кацельні…
Будынак былой больніцы на вул. Кальварыйскай, 3а, і мемарыяльная дошка на ім (усталявана ў 2010 г.). Фота з netzulim.org
Па дарозе назад мы з Фельдманам дамовіліся сустрэцца пасля парада і абмеркаваць: што далей?
…Ніхто з нас дагэтуль ніколі не бачыў такога парада, як гэты: брыгада за брыгадай, атрад за атрадам, людзі напалову ў цывільным і напалову ў форме, з зброяй і без яе, з серыйнымі вінтоўкамі і адмысловымі партызанскімі “вынаходкамі ручной работы” – бясконцая чалавечая плынь…
Стоячы на трыбуне, я пільна ўглядаўся ў шэрагі, шукаючы вачыма каго-колечы з знаёмых габраяў. Нярэдка я знаходзіў іх, а найчасцей людзі самі мяне пазнавалі і тады шчасліва махалі мне знізу, бы гукаючы: “Мы тут, мы жывыя!..”
У нейкі момант я не стрымаўся і крыкнуў сам: “Хаім!”
Гэта быў адзін з першых гетаўскіх партызанаў і мой добры сябра па Менскім гета – Хаім Александровіч.
Як толькі я крыкнуў “Хаім!”, прысутныя на трыбуне: і ўсыпаныя медалямі генералы, і ўрадавыя кіраўнікі, і нават сам начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка – усе ўтаропіліся ў мяне. Хто – у здзіўленні, хто – не хаваючы злосці, а хто – скрывіўшыся ў саркастычнай грымасе… Панамарэнка літаральна працяў мяне сваім падазроным калючым поглядам. Як сталася пазней, ён так і не забыў і не дараваў мне той нястрымны радасны вокліч.
* * *
Цалкам кнігу «Менскае гета» можна знайсці тут
Чытайце таксама нядаўняе інтэрв’ю з сынам Гірша Смоляра Аляксандрам (па-руску)
Апублiкавана 03.07.2019 20:54