Tag Archives: Илья Зверев

Жыццё ідзе, кантора піша (В. Р.)

Прывітанне! Адразу папярэджу – «сенсацыйныя» гутаркі з удзелам сузаснавальніка «экстрэмісцкага» праекта «NEXTA» не глядзеў, бо не вельмі цікава, і наогул даўно не сачыў за целарухамі Пратасевіча, Пуцілы & Co. Пэўную ролю ў мабілізацыі пратэстнага электарату, асабліва сярод моладзі, праект адыграў у канцы 2019 – пачатку 2020 г.; далей куцця, здаецца, варылася ўжо сама па сабе. Важнейшым было абурэнне паводзінамі ўладаў у час першай хвалі COVID-19 (cакавік-чэрвень 2020 г.), – супярэчлівымі дзеяннямі і бяздзеяннямі, на якія наклаліся «перадвыбарныя» паскудствы, кшталту правакацыі ў Гродне 29.05.2020 з мэтай затрымання Сяргея Ціханоўскага.

Успомнім, як яно было

Маё кола зносінаў не ўключала ні людзей з «NEXTA», ні тых квазіпалітыкаў, што «ўпісваліся» за іх у Польшчы або Літве. Аддаю перавагу асобам, якія даводзяць свае справы – няхай сціплыя і малазаўважныя – да лагічнага завяршэння. Прынамсі, не сыплюць авантурнымі заклікамі кшталту «Даеш пяцігодку за тры гады усеагульную забастоўку ў Беларусі!».

Трапная заўвага ад Валерыя Забаўскага (15.06.2021): «Калi ты ябацька, то Пратасевiча няма чаго слухаць, бо ён тэрарыст. Калi ты “невераятны”, то Пратасевiча няма чаго слухаць, бо ён у заложнiках. Куды нi кiнь – усюды клiн».

На самай-та справе – нічога істотна новага. Андрэй Дынько ў 1999 г. напісаў эсэ «Дзе вы, Шапіра?», адштурхоўваючыся ад лёсу хлопца гадоў 25-ці, які на Брэсцкім абласным тэлебачанні ў сярэдзіне 1980-х «прасіў прабачэньня ў гуманнай савецкай дзяржавы за свае аблуды і злачынствы, за прапаганду чалавеканенавісьніцкага вучэньня сіянізму і павініўся ў сувязі з замежнымі спэцслужбамі. Твар у Шапіры быў зямлісты, пад вачыма — фіялетавыя мяшкі, а голас — зрэзыгнаваны». Хіба што, гледзячы па ўсім, у ХХІ ст., тутэйшыя нашчадкі Эдмундыча ўзялі на ўзбраенне чачэнскія прыёмы ды кітайскія тэхналогіі – можа, пры дапамозе Масквы, а мо і беспасярэдне.

Тое, што кадыраўшчына й кітайшчына больш-менш працуюць у рэпрэсіўна-каральнай сферы, стварае «наверсе» аблуднае ўражанне, што яны спрацуюць ва ўсім. І вось ужо «правая рука атамана Маруські» (выраз, які любіў ужываць св. пам. Якаў Гутман) «аўтарытэтна» заяўляе, што не трэба нам супрацоўніцтва з Захадам – народнай гаспадарцы хопіць таго, чым падзеляцца РФ і КНР.

Апыніся я там, дзе цяпер пан Галоўчанка, верагодна, таксама падтрымліваў бы стасункі з вотчынай Кітайскай камуністычнай партыі, нягледзячы на сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ўрадам гэтай краіны; усё ж КНР – адна з найбуйнейшых эканомік свету, (патэнцыйны) фінансавы донар. Але ж адна справа – падтрымліваць, іншая – «прагінацца» і «класціся»… Нават аўтары аналітычнага дакладу «Беларусь – Кітай: дасягненні, праблемы і перспектывы стратэгічнага партнёрства» (верасень 2020 г.), якія мяркуюць, што пашырэнне кантактаў з Паднябеснай «ва ўмовах геапалітычнага ціску на Беларусь з боку Расіі» умацуе нашую незалежнасць (цуда-аптымісты, па-мойму), не адмаўляюць наяўнасці сур’ёзных праблем з кітайскімі праектамі на нашай зямлі. Трагікамічная гісторыя з заводам беленай цэлюлозы пад Светлагорскам у 2018 г. зрабілася пагалоскай. Выявілася (гл. с. 12-13 пазначанага дакладу), што недаправацалі кітайцы і ў Добрушы, дзе на 2018 г. планаваўся пачатак вытворчасці мелаванага кардону, а ўрэшце запуск завода перанеслі на 2020 г. «Накасячылі», вядома, і тутэйшыя… гэты казус разбіраўся на belisrael.info ў студзені 2021 г. Няйначай мае саркастычныя стрэлы прывялі да таго, што пару тыдняў таму шматпакутны завод на Гомельшчыне ўсё-такі быў здадзены ў эксплуатацыю 😉

Пяць год таму я разважаў пра «нястрашную Маскву». Мажліва, для вонкавых назіральнікаў яна і цяпер не надта страшная, але масквічам, асабліва тым, хто не гатовы моўчкі трываць свавольствы мэра, урада РФ і «вялікага Пу», наўрад ці стала больш утульна ў мегаполісе. Хтосьці за гэтую пяцігодку з’ехаў за мяжу – зусім або «напалову» (як Віктар Шэндэровіч, уладальнік ізраільскага грамадзянства з канца 2020 г.), кагосьці, як Дзмітрыя Быкава, труцілі агенты Крамля, хтосьці папаў за краты.

Яшчэ і звесткі пра захворвальнасць на COVID-19 у «золатагаловай» аніяк не цешаць:

Крыніца: ncov.blog

Пры тым, што ў [Заходняй] Еўропе пандэмія апошнім часам ішла на спад, а, напрыклад, у Ізраілі з 15 чэрвеня знята пераважная большасць абмежаванняў для жыхароў і прадпрыемстваў.

Выглядае, вакцына «Спутник V» («галоўная зброя» супраць каранавірусу ў Расіі, у тым ліку і ў Маскве) далёкая ад ідэальнай, пра што папярэджвалі спецыялісты. Ці нам ганарыцца тым, што Беларусь летась была адной з першых краін, куды паставілі пробныя партыі «Спадарожніка», што ў канцы лютага 2021 г. на прадпрыемстве «Белмедпрэпараты» ўзяліся разліваць менавіта гэтую вакцыну? Сумняюся.

На жаль, і ў пачатку лета 2021 г. узровень смяротнасці ад кавіду ў Беларусі не тое каб зніжаўся параўнальна з канцом зімы…

Таблічка з вікіпедыі

Агульная колькасць памерлых у краіне сёння перавысіла 3000 – паводле афіцыйных звестак. Па стане на 28.02.2021 было 1976 смерцяў.

Руская мова, безумоўна, вялікая-магутная, і многа ёсць талентаў у рускім народзе (ОК, сярод насельніцтва РФ). Але да суседскіх тэхналогій заўсягды, яшчэ з часоў ляскоўскага Ляўшы, былі пытанні. Там і ў ХХІ ст. чысцяць умоўныя ружжы «тоўчанай цэглай», і вось парачка вынікаў:

– у адным з буйных гарадоў Іркуцкай вобласці (Усолле-Сібірскае, каля 75 тыс. жыхароў) з 2018 г. дзейнічае рэжым надзвычайнай сітуацыі праз вусцішнае экалагічнае становішча. Тое, што два гады таму туды для святкавання 3 ліпеня з’язджаліся беларусы аж «з усёй Іркуцкай вобласці», не адмяняе таго факта, што камбінат «Усоллехімпром», закрыты ў 2017 г., пакінуў пасля сябе сотні тон небяспечных адкідаў, якія атруцілі глебу, рэкі, паветра;

– тэхнагенная катастрофа з выцечкай звыш 20 тыс. тон дызельнага паліва адбылася 29.05.2020 (няшчасны дзень і для Беларусі, і для Расіі) у Нарыльску. «Заяўлялася, што праблема з абсталяваннем на прадпрыемствах Уладзіміра Патаніна мае сістэмны характар». Паведамлялі таксама, што 3 чэрвеня 2020 г. Пуцін згадзіўся з прапановай свайго міністра абвясціць надзвычайную сітуацыю федэральнага маштабу, хаця гэтае абвяшчэнне павінна было адбыцца ў дзень аварыі, і адпаведна закону, а не са згоды службовых асоб. Ну дык, ёлы-палы: на Ўсходзе (хутчэй у Азіопе, чым у Еўразіі) традыцыйна «часам не да законаў» 🙁

Не забыліся і запампоўка ў Беларусь з Расіі няякаснай нафты ў красавіку 2019 г., і паўтары сотні крымінальных спраў, звязаных з будаўніцтвам расійскага касмадрома «Усходні» ў 2010-х гадах… Карацей, тутэйшыя гора-чыноўнікі могуць, вядома, казырыцца, кляймуючы Літву «дзяржавай-пігмеем», сварыцца з Украінай, Польшчай і Захадам увогуле, але прыярытэтная стаўка на цяперашнюю Расію, дзе «палюбляюць» даследчыкаў-інаватараў аж да здушэння ў абдымках – бадай, шлях у цывілізацыйны тупік.

Годны вершык напісаў мінскі аршанец Зміцер Дзядзенка (05.06.2021):

«За намі – рускія, кітайцы,

Мы з імі будзем заадно», –

Паспеў сказаць ён, перш чым яйцы

Сталёвыя пайшлі на дно.

* * *

Мінула дзевяць сутак, як «Белпошта» атрымала маё пісьмо наконт газеты «Новы час». Пазіцыя адрасаткі пасля таго ўшчування наўрад ці змянілася – яна адлюстравана ў камюніке на сайце арганізацыі:

Чаго вартае меркаванне «геніяльнай пракуратуры», было паказана амаль паўмесяца таму (belisrael, 03.06.2021). Але ж высокапастаўленых асоб, якія жывуць у сваіх інфармацыйных бурбалках, даволі цяжка адтуль выкалупаць… І во сёння прыйшоў э-адказ ад намесніцы гендырэктара РУП «Белпошта» па эксплуатацыйнай дзейнасці Алены Васільеўны Драздовіч. З няпрошанай парадай: «Адносна распаўсюджвання газеты “Новы час” Вы можаце звярнуцца да рэдакцыі, на якую ўскладзены функцыі па распаўсюджванні ў адпаведнасці з Законам».

Што ж, рэдакцыя «НЧ» не здаецца і насамрэч ужо тыдзень як збірае адрасы ахвотных для «альтэрнатыўнай падпіскі». А 15.06.2021 разрадзілася наступнай навіной:

У вольным доступе па-беларуску з’явілася кніга Тэадора Герцля «Яўрэйская дзяржава»

Поўная назва твора «Яўрэйская дзяржава. Спроба сучаснага вырашэння яўрэйскага пытання». Кніга была напісана ў 1896 годзе. Магчымасць чытаць яе па-беларуску з’явілася ўчора.

Учора ў публічны доступ быў выкладзены беларускі пераклад самай вядомай кнігі яўрэйскага літаратара і публіцыста, заснавальніка ідэялогіі сіянізму Тэадора Герцля.

Пераклад распачаўся некалькі гадоў таму, яго зрабіў Ігар Крэбс пры невялікай дапамозе Віталя Станішэўскага. Фрагменты перакладу друкаваліся ў часопісе «ПрайдзіСвет» у верасні 2018 года ў нумары «Габрэйскі акцэнт».

Цяпер поўны тэкст кнігі даступны на «Беларускай палічцы» ў вэб-фармаце і ў фармаце epub па спасылцы, а таксама на Google Дыску ў выглядзе PDF-файла.

Удакладню: пераклад з нямецкай з’явіўся ў вольным доступе ўжо ў нядзелю, 13 чэрвеня. Выклаў яго колішні госць Ізраіля, беларускі лінгвіст В. Станішэўскі, адрэкамендаваўшы твор Т. Герцля так: «Кніга, якая дэманструе волю і імпэт да стварэння нацыянальнай дзяржавы і настойлівасць у ажыццяўленні мары. Дзеля натхнення ўсім, хто верыць у сваю нацыянальную дзяржаву».

Герцль на ізраільскіх банкнотах 1960-70-х гг.

Тым часам тутэйшыя ідэолагі робяць выгляд, што вераць у «народнае адзінства». У пачатку чэрвеня на ўваходзе ў парк ля Камсамольскага возера (Нававіленскі завулак, 2) павесілі каравы білборд:

Падобныя ўзоры прапаганды сцябалі Ільф & Пятроў, паваенны пісьменнік Ілья Звераў… Пасля іх я б мо і пакінуў «крэатыў» без увагі, але кінулася ў вочы, што пітная крыніца ў парку стаіць бяздзейная (грошыкі, відаць, пайшлі на стэндзікі).

Сёння ў 8.00-8.15

Між тым у Мінску намячаецца спякотнае лета. Як патлумачыць шэфам гарвыканкама і адміністрацыі Цэнтральнага раёна, што народнае адзінства – гэта не марнаслоўе з білбордаў, а магчымасць для «левых», «правых» і цэнтрыстаў наталіць смагу? Баюся, у бліжэйшы час – ніяк (гл. вышэй тэзіс пра інфармацыйныя бурбалкі). З цягам часу, калі горадам будуць кіраваць пераможцы мясцовых выбараў, а не прызначэнцы, – можа быць, удасца.

Дапраўды народныя адказы на чынавенскі выклік. Даўгінаўскі тракт і «Арлоўка» (аўтары невядомыя; «не спрабуйце гэта паўтарыць» :)).

Думаю, што з расстаноўкай прыярытэтаў не памыляюся. Не памыліўся ж у ліпені 2020 г., калі ўзважваў будучыя крокі ўладаў у «поствыбарны» перыяд: «Верагодна, прадоўжацца спробы згуляць на полі “апазіцыі” – маю на ўвазе ўсялякія “Дні вышыванкі”, дый увогуле, працэс “мяккай беларусізацыі”». Так, у гэтым месяцы ладзіцца чарговы БРСМ-аўскі конкурс «Сэлфі & фота з вышыванкай», а ўчора ва Ўшачах былі ўсталяваныя помнікі-бюсты Васілю Быкаву (1924–2003) і Рыгору Барадуліну (1935–2014). Праўда, грошы на іх збіралі прыватныя асобы, але дазвол даваў райвыканкам… І што характэрна, падпісаны той дазвол быў 28.08.2020 – пасля «выбараў».

Крыніца фота

Чыноўнікаў не спыніла тое, што дзядзька Васіль і дзядзька Рыгор належалі да БНФ, крытыкавалі ўладу Лукашэнкі. «Мёртвыя не кусаюцца».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

16.06.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 16.06.2021  22:41

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (124)

Шалом!.. Блi кішалон? Забаўна, што іўрыцкае слова «kishalon» («няўдача») увайшло ў гарадскі слэнг англамоўных. А яшчэ больш забаўна, што, калі ўводзіш у пошукавік urbandictionary.com «Lukashenko», то выскоквае такі во мэсыдж, не без намёку…

На месцы Рыгорыча я б загадаў заблакаваць гэты ўрэдны рэсурс у Сінявокай. Або ўзнагародзіць яго стваральнікаў медалём за развіццё звышкаштоўнай думкі «лепей быць дыктатарам, чым блакітным», або так: узнагародзіць і потым заблакаваць. Амаль як у «Прыгодах Чыпаліна» незабыўнага Джані Радары – фашыста, які 75 год таму перакаваўся ў камуніста… Праўда, дзе-нідзе даводзяць, што ў фашысцкую партыю на пачатку 1940-х ён запісаўся, каб ямчэй змагацца з ворагам (рыхтык той Штырліц).

Не ўсё шаноўнае чытацтва было ў курсах, што сёлета ў мінскага піўзавода – юбілей, ажно 155 гадоў… Першую піваварню ў 1864 г. пабудавала на месцы сучаснага завода мяшчанка з характэрнымі імем і прозвішчам: Рохл(я) Фрумкіна. У гонар «круглай» даты быў звараны гатунак «Багемскае паравое».

Раней іншы вытворца шпурнуў быў на рынак піва «Спарыш» – няйначай у гонар былога генеральнага сакратара БСДП(НГ), ньюсмэйкера, які нават у «Катлетах & мухах» засвяціўся 🙂

Раз «пайшла такая п’янка», бадзёра падкідваю маркетолагам ідэйку да сусветнай шахалімпіяды 2022 года – піва «Шахматнае»! Кандытары ўжо даўно расшалопаліся…

Але чаму раптам «Шахматный слодыч»? Слодыч у беларускай мове – жаночага роду.

Дарэчы, «Аліварыі» варта было б выпусціць «інтэлектуальнае» піва яшчэ з адной прычыны. Перад алімпіядай у Мінску лёгка прадбачыць «набегі» на спонсараў з боку адміністрацыі, як тое было перад Еўрапейскімі гульнямі. Выпуск «шахматнага» піва можа залічыцца як уклад у падрыхтоўку спартыўнай імпрэзы (ну, піяр жа, шахмат жа!), і фірме не прыйдзецца пускаць на вецер у ход жывыя грошы 😉

*

Пазаўчора з’явіліся-такі ўказы аб прызначэнні выбараў у Нацыянальны сход на лістапад 2019 г. Калі гэтыя кепскія паперы не будуць аспрэчаны ў Канстытуцыйным судзе (да разбору справы па сутнасці, хутчэй за ўсё, не дойдзе, але хто ведае…), то дэпутаты страцяць 10 месяцаў з перыяду сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў, г. зн. амаль 20%. Паводле рэдакцыі партала tut.by, нічога страшнага не адбудзецца – «тэрмін працы цяперашняга парламента будзе крыху скарочаны». Відаць, магутна кагосьці «нармалізавалі» год таму, у час «справы БелТА» 🙁

У «Народнай волі» 02.08.2019 паказана рэакцыя кіраўнікоў камісій палаты прадстаўнікоў на пытанне пра дачасныя выбары – «стакгольмскі сіндром» самы настаяшчы. Уладзімір Б.: «Хто будзе абурацца рашэннем прэзідэнта?» Дзмітрый Ш.: «Няма ніякіх парушэнняў закона ў тым, што тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў скарочаны», etc. На гэтым шэрым фоне арыгінальнасцю вылучыліся «філасофскія» развагі старшыні камісіі па міжнародных справах: «Любое грамадства мае тое, што заслугоўвае, і дабіваецца таго, на што здольнае. Калі пытанне тэрміну паўнамоцтваў не хвалюе грамадства, то ці павінна гэта хваляваць тых, хто абавязаны выконваць іх волю?» Усё ж гэта сафістыка, каб не сказаць «дэмагогія». Па-першае, не абавязаны канкрэтны дэпутат слепа выконваць волю выбарцаў сваёй акругі (іншымі словамі, няма ў яго імператыўнага мандату). Па-другое, я ўпэўнены, што пытанне хвалюе значную частку грамадства, асабліва ў сталіцы, дзе няхілая доля юрыдычна падкутых людзей, знаёмых з арт. 93 Канстытуцыі. Дарэчы, пан Варанецкі ў 2016 г. балатаваўся менавіта ў Мінску.

Тутэйшыя «незалежныя» СМІ цягам трох месяцаў не знайшлі часу, каб паведаміць пра бяскрыўдную ініцыятыву – звароты грамадзян да дэпутатаў «сваіх» акругаў у падтрымку Канстытуцыі ды парламентарызму (накшталт ліста, які мастак А. Дубінін адправіў спявачцы І. Дарафеевай яшчэ ў канцы красавіка). Вось і здаецца некаторым, што беларусам усё роўна, топча «галоўны» Канстытуцыю, або не, што на «грамадства» можна перакінуць адказнасць… Думаю, зусім скора гэтых «некаторых» накрые расчараванне.

А цяпер загадка. Якая сувязь паміж ярмошынскай заявай аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў 30 жніўня 2020 г. і выстаўленнем на торг будынка сінагогі ў гарпасёлку Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (тым самым Поразаве, адкуль родам знаная акцёрка Эстэр-Рохл Камінская)? Адказ: у абодвух выпадках службовыя асобы бясклопатна распараджаюцца чужымі аб’ектамі…

Паводле Канстытуцыі (арт. 81), дату прэзідэнцкіх выбараў вызначае ніжняя палата парламента, а не чыноўніца са сваёй камісіяй – «тэхнічным органам», як Ярмошына сама яго накрэслівала ўвесну. Цікава, што ніхто з будучых «канкурэнтаў» Лукашэнкі 05.08.2019 не звярнуў увагі на гэтую акалічнасць (а мо хітрамудрае «Радыё С.» і не дало гэтага зрабіць?) Тут запярэчаць, што чыноўніца – якая трапіла ў пастку з утрыманнем уласнага маёнтка ды баіцца жыць на адну пенсію – проста выказала сваё падхалімскае меркаванне пра аптымальную дату, але ў такім разе публіцы лепей бы яго проста праігнараваць. І я праігнараваў бы, калі б раскручваць навіну не пачаў нацыянальны прававы (!) рэсурс. Не кажучы пра розныя тутбаі & «Беларуси сегодня».

Вядома, задача лукашэнскай адміністрацыі – атрымаць у канцы 2019 г. паслухмяны парламент, пазбаўлены нават той кволай «апазіцыі», што ёсць там цяперака. Вядома, сіл у «выканаўцаў» куды болей, чым у «народных абраннікаў», ды раз на год і палка страляе… Во будзе смешна, калі парламентарыі збяруцца на сваю першую сесію – і раптам прызначаць выбары прэзідэнта не на дзень народзінаў Лукашэнкі, а на вясну 2020 г., як бы ў знак помсты за скарачэнне тэрміну паўнамоцтваў сваіх папярэднікаў 😉

Паводле сусветных норм, часткова засвоеных і ў Беларусі, маёмасць належыць нашчадкам тых, у каго была незаконна канфіскавана. Духоўнымі нашчадкамі тых яўрэяў, што ў канцы ХІХ ст. пабудавалі сінагогу пад Ваўкавыскам, варта лічыць членаў іудзейскай абшчыны, найбліжэйшай да Поразава. Напэўна, гэта будуць іудзеі, адказныя за сінагогу ў Гродне… Што ім рабіць з напаўразбураным – але яшчэ трывалым – будынкам у Поразаве, гэта ўжо іх справа.

Дзейная гродзенская сінагога (hrodna.life); тое, што засталося ад сінагогі ў Поразаве, у 1964 г. ператворанай у склад (fotobel.by).

*

Усё прагрэсіўнае чалавецтва на Свіслачы, Дзвіне і Нёмане хвалюе, «што там у расіян». Аляксандр Л-к з Полацка, экс-шахматыст, а цяпер квазіпалітык, тыдзень таму заявіў: «Россиюшка поднимается с колен» (і нам, маўляў, з ёй па дарозе). Між тым у суседзяў назіраецца прымітывізацыя; іх улады працуюць тымі ж брутальнымі метадамі, што ў Беларусі ўжываліся прыкладна ў 1996-м годзе… Тады ў Расіі таксама было шмат нездаволеных, але іх нейтралізоўвалі больш хітра, чымся ў нас. Цяпер, бач, наадварот: у нас «касманаўты» неяк выйшлі з моды, у Маскве – увайшлі.

Арт-каментар Алега Мініча з racyja.com

Cёння я не па-мізантропску лагодны – пішу пра ўсіх-усіх… Ну, дзейнічае такі «Цэнтр новых ідэй» пад камандзёрствам адстаўных маладафронтаўцаў. На сайце ideaby.org то «ўздымаюць» рэгіёны Беларусі, то «выганяюць» міністра адукацыі (не дакляруючы альтэрнатывы), а цяпер во школьную праграму па літаратуры «перарабляюць». Апошні план – ад культуролага Вадзіма Мажэйкі, выхадца з «Ліберальнага клуба». Падзівіцеся

Ёсць, безумоўна, ў мажэйкавым артыкуле тэзісы здаровыя, хоць і банальныя. Пра настаўнікаў: «Заробкі неабходна павысіць, а не звязаныя з навучаннем абавязкі – скасаваць». Далей сам аўтар прызнае: «Гэта гучыць як кніжная ісціна, якую шмат разоў паўтаралі нават на самым высокім узроўні, але заганная сістэма працягвае існаваць». І што маем?.. Апошняе, 777-е кітайскае папярэджанне?

Дапушчэнне «бадай, асноўны забойца цікаўнасці да літаратуры – гэта сучасная школьная праграма», як мінімум, спрэчнае. Успамінаю сябе і сваіх аднакласнікаў у канцы 1980-х – пачатку 1990-х: тагачасная праграма па літаратуры была не менш «патрыярхальнай» ды ідэалагізаванай, чым цяпер, але ж чыталі нямала, абменьваліся кнігамі… Асабліва каціраваліся замежныя фантасты кшталту Гарысана, Катнера, Хайнлайна, Шэклі (была б «крутая» белфантастыка, юзалі б і яе). Зрэшты, пасля Талстога ды Тургенева добра заходзілі і Міх. Булгакаў, і Д. Хармс.

Артыкул В. М. – не без метадычных парадаў: «Школьны курс дагэтуль грунтуецца на кансерватыўным падыходзе да разгляду твораў. Каб рэфлексаваць над прозай ды лірыкай, дзецям прапануецца засвоіць “асновы светаўспрымання аўтара”, вывучыць яго біяграфію, а потым зразумець, што аўтар хацеў сказаць. Дзіўна засяроджвацца на гэтым у век постмадэрну, калі Ралан Барт ужо 50 гадоў таму напісаў “Смерць аўтара» Пэўна, француз Барт афігеў бы, дазнаўшыся, што яго кароткае і суб’ектыўнае эсэ ў 2019 г. прапануюць прыняць за догму ў Беларусі.

«Немагчыма развіць мысленне, калі проста завучваць тлумачэнні са старой крытыкі» – дык у сучасных навучальных установах і не абмяжоўваюцца «простым завучваннем». Нават у познім СССР лічылася, што вучням трэба ведаць факты плюс умець выказаць уласнае стаўленне да твораў ды персанажаў. (Згадваю, зноў жа, сваю сярэднюю школу, а таксама апавяданні Ільі Зверава кшталту «Другое красавіка».) Агулам, добрай школцы ўласцівы баланс паміж аўтарытарнасцю і разняволенасцю.

Сама ідэя адчужэння літаратурнага твора ад аўтара не дужа мне падабаецца, хоць у 1960-х яна, магчыма, гучала рэвалюцыйна. Зараз насаджэнне гэткага падыходу ў школе здольнае прывесці хіба да дэвальвацыі аўтарытэтаў – за выняткам тых, каторыя «тут і цяпер». Да большай залежнасці школьных курсаў ад моды і палітычнай кан’юнктуры.

Думка выпускніка філфака БДУ, пісьменніка Змітра Дзядзенкі: «Біяграфія ўсё ж уплывае на творчасць. Як уплывае на яе эпоха. Не ўяўляю, як тлумачыць паэзію Маякоўскага ці творы Купалы без сумленнай біяграфіі. Часам біяграфія можа стацца той фішкай, якая зацікавіць, прывабіць будучага чытача». А калега Павел Касцюкевіч на запыт, ці варта вывучаць жыццяпісы літаратараў у школе, прыгадаў выказванне Сяргея Жадана: «Біяграфіі ва ўкраінскіх пісьменнікаў звычайна цікавейшыя, чым творы».

Ці памысна ў РБ адмовіцца ад асобнага курса рускай літаратуры, перавёўшы яе творы ў курс літаратуры сусветнай? Мо і памысна (няхай скажуць адукатары-метадысты), аднак у любым разе гэта зусім не першачарговая задача. Дый лозунг Мажэйкі «доля рускай літаратуры ў беларускай школьнай праграме мусіць адпавядаць адсотку, які складаюць творы рускіх пісьменнікаў у сусветнай літаратурнай спадчыне» – нейкі дэмагагічна-статыстычны… Прадаўжаючы ў тым жа духу, не дайсці б да высновы, што і аб’ём беларускай літаратуры ў агульнай праграме дапушчальна скараціць да 1% (прадстаўнікоў Беларусі сярод лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі – 1/107, нават менш за адсотак, а сярод жыхароў зямной кулі беларусаў усяго-та блізу 0,12%). У гуманітарных сферах статыстыка працуе з перабоямі: пра гэта здагадваюцца нават заўзятыя хунвэйбіны лібертарыянцы 🙂

Цытатнік

«У мяне адчуванне, што цяперашні этап расійскай гісторыі, расійскага грамадства – гэта зацяглая хвароба. Пагатоў што ўрачоў гоняць з парога і спрабуюць іх неяк абезруховіць» (Дзмітрый Быкаў, 02.08.2019) Аналагічныя адчуванні з’яўляюцца ў мяне пры поглядзе на асобныя сегменты беларускага грамадства… Толькі не прыпісвайце мне думак кшталту «беларусы ўсе хворыя» 🙂

«Дзяржава спярша фарміруе кепскія законы, потым ужо гэтыя кепскія перастаюць яе задавальняць… Таму што нават у рамках гэтага вельмі кепскага, нязручнага для грамадзян, але зручнага для ўлады заканадаўства яно не можа ўтрымаць сітуацыю пад кантролем. І тады гэтай уладзе даводзіцца свае ж законы парушаць» (Алена Лук’янава, 02.08.2019)

«Планы барацьбы з алкагалізмам ажыццяўляюцца праз паўмеры. Відаць, алкагалізацыя насельніцтва камусьці вельмі патрэбная. Разам з тым пры дапамозе рупараў прапаганды нас хочуць пераканаць, што вайна з алкагалізмам ідзе, і часам паспяхова» (Міхалена Немагай, 03.08.2019)

Вольф Рубінчык

Мінск, 07.08.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 07.08.2019  11:37