Шаломчык! Нейкія добрыя навіны патрэбны. Дапусцім…
У Мінску працягваецца будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна (не блытаць з Нацыянальным алімпійскім стадыёнам «Дынама») у паўднёва-усходняй частцы горада – каб бліжэй да КНР, значыць 🙂 Нагадаю, увесну 2019 г. Лукашэнка-старэйшы згойсаў да названай краіны, дзе старшыня Сі падарыў яму макет будоўлі, паабяцаў грошы. Па вяртанні шмат гукалася пра падарунак «кітайскага народа беларускаму» – маўляў, «мы гэта ў бліжэйшыя два гады зробім». Потым утапічныя планы былі скарэктаваны, і цяпер мяркуецца, што суперстадыён будзе адкрыты ў 2023-м. Як сцвярджаў анлайнер у сакавіку 2022 г., партнёры з Усходу нямала робяць дзеля свята на нашай вуліцы.
Праўда, тым часам футбольная зборная Беларусі зусім змарнела. «НН», 13.06.2022: «За чатыры летнія матчы [ў Лізе Нацый] каманда Георгія Кандрацьева ні разу не перамагла і адзначылася толькі адным голам. З-за гэтага беларусы рызыкуюць скаціцца ў самы Аід еўрапейскага футбола». Падобна, галоўны трэнер, калі дацягне на сваёй пасадзе да 2023-га, зможа перафразаваць прастаквашынскага мультгероя: «Гэта чаму я так слабавата працаваў? Таму што ў мяне стадыёна не было!» 🙂
На Смаргоўскім тракце, 10 рыхтуецца да адкрыцця паліклініка-не-паліклініка, а цэлы гарадскі цэнтр па стаматалогіі. Аднаўлення працы медустановы многія чакаюць з восені 2021 г. Фота 14.06.2022
Пасля двух адміністратыўных арыштаў днямі выпусцілі Насту Карнацкую, каторая не толькі ў краме «Кнігаўка» прадавачкай служыла, а і пераклады Дж. Оруэла калекцыянавала, і літменеджментам займалася (можа, адпачыўшы ад Акрэсціна, і будзе займацца). Яно-та файна; горай тое, што яе шэф Андрэй Янушкевіч дагэтуль сядзіць, пяты тыдзень ужо. Няскора ў мінчукоў і гасцей сталіцы з’явіцца шанс наведаць «Кнігаўку»…
Фота месячнай даўніны адсюль
Аднак ёсць меркаванне, пашыранае «Новым Часам» і «Будзьмай», што рэпрэсіі цяперака толькі спрыяюць папулярнасці незалежнай беларускай культуры:
«Грамадскія кантралёры» з вялікай дарогі дабраліся да Каліноўскага, а хутка пачнуць пляжыць і Купалу з Коласам. Яны апублічваюць тое, што раней было схавана. Яны падсвечваюць над беларускай мовай арэол пакутніцтва, а гэта заўсёды дае адваротны эфект. Як гэта некалі было з беларускай музыкай, наяўнасць якой у чорных спісах, мякка кажучы, не пашкодзіла яе папулярнасці… Карныя рэйды апантаных «хунвэйбінаў» па кнігарнях мацуюць і трэнд, і надзею.
Доля рацыі тут прысутнічае, ды я б не стаў паспешліва запісваць пагромшчыкаў у «карысныя ідыёты» беларускага адраджэння. Іх завадатары – не такія ўжо ідыёты, дзейнічаюць збольшага рацыянальна. Ведаюць, што «арэол пакутніцтва» ў наш час прываблівае далёка не ўсіх, што ладны сегмент «антылукашэнкаўцаў» жыве паводле аднолькавых з апантанымі лукашыстамі сацыял-дарвінісцкіх правілаў («падштурхні таго, хто валіцца»).
Тут народ падбіраў беларускамоўныя эквіваленты да расійскага прыслоўя «На словах ты Лев Толстой, а на деле – х.. простой». Сярод іх трапляюцца аналагічныя, з нецэнзуршчынай («Ты на словах Іван Мележ, а на справе **йню мелеш»). А бываюць in usum Delphini, г. зн. прыдатныя для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту: «Выглядаеш як Адамчык, а па справах — наркаманчык!» Анягож, да гэтых бяскрыўдных гуляў далучуся і я: «Ты на словах Ізі Харык, а на справе – дзьмуты шарык! (варыянт: «дробны гаўрык»). «Ты на словах Аксельрод, а на справе абармот». «Ты на словах Мойшэ Кульбак, а на справе — недакурак!» Па-мойму, актуальна з улікам таго, што ўвечары 22.06.2022 у мінскім яўрэйскім музеі пры абшчынным доме плануецца прэзентацыя перакладу эпічнай паэмы ў прозе «Зэльманавічы» на беларускую мову. Выступіць перакладчык, мастак Андрэй Дубінін; хто не зможа ці не захоча быць на В. Харужай, 28, паглядзіце ўрыўкі з яго працы па спасылках (раз, два, тры).
Тутэйшыя ўлады гэтак любяць беларускую мову («тое, што нас адрознівае»), што гатовыя здушыць у абдымках. Часам яшчэ заходжу на сайт урада government.by – радзей і радзей… Тамака тры моўныя версіі, «Бел», «Рус» і «Еng» – з гэткай паслядоўнасці нібыта вынікае, што самая важная беларуская. А вось не! Калі ў спісе па-руску фігуруюць усе міністры (за выняткам міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжы, выгнанага за нейкі цьмяны ўчынак 05.05.2022 – цікава, што яму дагэтуль не знайшлі замену), то ў беларускамоўным на сёння, 15.06.2022, бракуе:
– міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава (прызначаны 21.12.2021);
– міністра адукацыі Андрэя Іванца (прызначаны 10.02.2022);
– міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Сіняўскага (прызначаны 11.03.2021);
– міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло (прызначаны 10.02.2022);
– міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі (прызначаны 18.10.2021).
У варыянце «Еng» не хапае тых самых асоб + Ministеr of Architecture and Construction
(Руслана Пархамовіча, прызначанага ажно 04.06.2020). Гэтым разам не буду прапаноўваць прынтскрыны – схадзіце па спасылках або паверце так. Хіба што адзін…
Апошнія навіны ў беларуска- і англамоўнай версіях сайта адсылаюць да сакавіка 2022 г., між тым рускамоўная версія абнаўлялася і ў чэрвені. Таму ў раўнапраўе дзвюх славянскіх моў тут і цяпер цяжкавата паверыць. Лягчэй – у тое, што беларуская ў РБ мае статус замежнай.
Мінск, 2-гі Смаргоўскі завулак, д. 6 (фота 14.06.2022). Добра, што павесілі шыльду ў гонар выдатнага мастака і педагога, але подпісу на беларускай для Сяргея Каткова хтось пашкадаваў
Вязынка, побач з музеем Янкі Купалы, фота 2019 г. «Дарэчны» выбар мовы ў разгар «мяккай беларусізацыі», што тут скажаш
І разам з тым… Пераймаючыся праз тое, што ў рэпертуары Тэатра юнага гледача з прыходам на дырэктарскую пасаду Веры Паляковай-Макей паменела беларускамоўных спектакляў (нават «Альпійскую баладу» паводле Васіля Быкава ставяць на рускай), не варта браць за контрдовад тое, што «Васіль Быкаў пісаў свае творы выключна па-беларуску» («НН»). Ранняе апавяданне Быкава «В первом бою» было напісана і надрукавана ў 1949 г. па-руску; дый кінасцэнарыі 1960-70-х гг. паводле сваіх твораў пісьменнік усё ж пісаў на гэтай мове. Каго-каго, а мяне прадукцыя дзяржаўных тэатраў зараз увогуле мала цікавіць, незалежна ад іхняй моўнай палітыкі – бо разняволенасці ва ўстановах, падпарадкаваных мінкульту РБ, даўно няма, пануе (сама)цэнзура.
Тое, што нас чакае? Стоп, яшчэ ў 2006 г. тутака раскручвалі песеньку «Слухай бацьку»… 🙁
Большасць актыўных творчых работнікаў у 2020-2022 гг. з’ехалі або змянілі прафесію. Некаторыя заўчасна памерлі, як паэт, перакладчык, бард, літаратуразнавец Сяргей Мінскевіч (12.02.1969 – 08.06.2022)…
Св. памяці Серж Мінскевіч, фота са старонкі СБП. Каліcьці я чытаў яго раннюю (самвыдатаўскую) кніжку «Абсурдэлькі», бачыў пару перформансаў. Мне падабалiся
***
Аёй жа, здаецца, мае заўвагі, зробленыя ў канцы мая 2022 г. («Тое, што Святлана і яе памочнікі ваяжыруюць па Ісландыі, Іспаніі, ЗША, а цяпер адкрылі прадстаўніцтва ў Кіеве, магчыма, не так бессэнсоўна, як бачыцца з Мінска, але да рэальнай палітычнай дзейнасці мае толькі аддаленае дачыненне»), часткова падзейнічалі. Прачытаў 8 чэрвеня ў fb: «Святлана Ціханоўская запрашае на асабістыя размовы з беларусамі ў гэтую суботу» (неабходна было зарэгістравацца праз zoom). Потым яна правяла рабочую сустрэчу з актывістамі дваровых супольнасцей (аказваецца, у Сінявокай ёсць КПД – «Кааліцыя пратэстных двароў»). Падобна да піяр-крокаў, але ў любым разе, гэтыя крокі – хутчэй у слушным кірунку, чым не.
Загадка пасярод «Года гістарычнай памяці» – што было ў 1990-х на месцы гэтага сталічнага дома? (Падказка – шэраг іншых дамоў.)
Колькі дзён таму побач, на вул. Ураджайнай, будаўнікі знайшлі некалькі мацэйвес (магільных пліт; фота аўтара і з fb-акаўнта souzevrei). Як мацэйвес апынуліся там, дзе па вайне былі прыватныя двары, – таксама загадка.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
15.06.2022
w2rubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 15.06.2022 16:41