Tag Archives: Гай Пикарда

Андрэй Дубінін. Флаг, сцяг, гасла

Cябар даслаў артыкул пад назвай “Протестные флаги Минска”, змешчаны на інтэрнэт-сайце tut.by у студзені 2021 г. Я мастак, і ў мяне запыталіся аб мастацкіх якасцях сабраных разам “БЧБ-сімвалаў галоўных раёнаў”.

Адразу варта адзначыць, што перад намі разгарнулася цудоўная дзейнасць і прафесійных, і непрафесійных творцаў. Візуалізацыя гэтай стыхійнай творчасці ў выявах сцягаў – толькі маленькі фрагмент агульнага ўздыму, які яшчэ мусіць быць асэнсаваны і прааналізаваны адмыслоўцамі. Мае далейшыя развагі – зацемкі аматара (ад лацінскага amator, amore “любіцель, любоў”).

Я адразу спатыкнуўся аб вызначэнне гэтых стыхійна паўсталых сімвалаў як “флагов” і спачатку сфармуляваў для сябе паняційную шкалу “прымацаванага да дрэўка або да шнура кавалку матэрыялу адпаведнай формы і колеру (звычайна з якой-н. эмблемай)”. Пакіну ў баку пачуццё нейкай недакладнасці, недарэчнасці называння ў артыкуле сімвалаў пратэсту “флагами” па-руску, бо гэта не афіцыйныя або дзяржаўныя знакі. У рускай (як і ў беларускай) мове ёсць добрая лексема “стяг/сцяг”, што, на маю думку, добра адпавядае разгляданаму феномену. Ну, а паколькі самі сцягі з’явіліся ў выніку дасціпнай творчасці людзей, дык і агляд будзе адпаведны.

І. Троху аматарскай этымалогіі: “флаг” – «хутчэй за ўсё, з галандскай мовы… Слова, відаць, паўночнагерманскае (м.б., скандынаўскае) паводле паходжання. Параўн. старажытнасканд. flogra – “лунаць, развявацца”. Паводле іншага меркавання, першакрыніца англійская: параўн. англ. flag – “павіснуць”, “панікнуць”» (П. Я. Черных, «Историко-этимологический словарь современного русского языка»). Мабыць, на гэтым першасным узроўні вазьму для сябе нейтральнае значэнне «пазначыць сваё». То хай пакуль тут «павісіць», а мы ідзем далей:

ІІ. “стяг/сцяг” – «стар.-рус. Вытворнае ад сътягати «сцягваць». Стяг літаральна – «тое, што сцягвае» (параўн. дыял. стяг – «жэрдка, якой сцягваецца сена на возе», прымаўку: язык – стяг, дружину водит)» (Н. М. Шанский, Т. А. Боброва, «Этимологический словарь русского языка»). Гэта ўжо семантыка акумуляцыі, канцэнтрацыі ці вызначэння – у нашым выпадку па тапанімічным прынцыпе. У «Этымалагічным слоўніку беларускай мовы» праславянскі *stěgъ параўноваецца са сцежар, стажар: “уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог”. Вельмі прыгожы вобраз таго працэсу “стагавання”, збору ў мікрараённыя купкі, што адбываўся мінулай восенню. У гэтым стагаванні сваю высокую ролю якраз і выконвалі прапанаваныя сцягі-сцяжары, і на агульных шэсцях відаць было, як вакол гэтых раённых шастоў раіліся “свае”. Пазначым мабілізуючую функцыю “стагавання”.

ІІІ. Добра, сцягнуць – сцягнулі, функцыя адпрацавана, далей што? Найвышэйшая ступень класіфікацыі – “гасла”: «“пароль” (стар. ваен.)» (Фасмер), “паведамленне, сігнал, дэвіз, лозунг, пароль” (“Этымалагічны слоўнік беларускай мовы”). Гэта адпаведнік добра вядомаму “слогану” – паняццю, што ўжывалася сярод амерыканскіх рэкламістаў. Слова старажытнае, паходзіць з гаэльскай мовы (sluagh-ghairm), дзе азначала «баявы кліч». Гасла ў нашай шкале – гэта візуальны сігнал, узор дзеяння-учынку. Для мяне – у выяве на гэтым узроўні заяўляецца праграмма, маніфестуецца вобраз дзейнасці.

І. Флаг/флаг

Такая нейтральная пазнака свайго месца жыхарства (Сельгаспасёлак): “выбіралі вельмі доўга. Жартуюць, што вінаватая дэмакратыя – кожны ў чаце выказваўся. Перамог мінімалізм. Але не ўсе мясцовыя згодныя з такім лаканічным варыянтам: камусьці не хапала яблыні, камусьці – кошкі на плоце, ну і плота таксама. Флаг з домікам сімвалізуе ўтульны дом чалавека, які трапятліва ставіцца да сваіх уласнасці, краіны, свабоды і жыцця.”

Што да мяне, я падкрэсліў бы, што мой дом – мая крэпасць; ад сукупнасці дамоў-крэпасцей залежыць моц горада і краіны.

“Мiкрараён Дамброўка — частка Фрунзенскага раёна сталіцы. Яго назва, як і многія, атрымана ў гонар амаль аднайменнай вёскі Дамброва. Гэты тапонім сустракаецца ў славянскіх рэгіёнах, бо слова паходзіць ад старажытнаславянскага слова «дуб». Звычайна значыць «дубовы гай». Так і тлумачыцца дызайн сцяга гэтага раёна.”

Дарма не спалучылі Дамброўку з Дамброўскім, так і ўяўляеш сабе паміж дубовых лістоў – паплечнікаў Каліноўскага. І ўслаўленне гістарычнай фігуры, сугучнай сваёй мікратапаніміцы, і асэнсаванне свайго раёна ў новым, вышэйшым рэгістры.

ІІ. Сцяг/стяг

Сцяг “Маякоўкі” быццам сцягвае ў кулак. Выбар свядомы на “стагаванне”:

“Гэты сцяг адсылае да настрояў паэзіі Уладзіміра Маякоўскага, у гонар якога названа галоўная вуліца гэтага раёна.”

Цытата з артыкула: “Мясцовыя скарысталі з падабенства прозвішча савецкага военачальніка Гая, у гонар якога названа вуліца, і імені Гая Фокса — удзельніка Парахавой змовы. Маска апошняга акурат выяўлена на сцягу раёна, адно што кашулю на персанажа апранулі беларускую. Кветка ў руцэ таксама невыпадковая: журналістку і партызанку Карастаянаву звалі Лілія.”

Паўтару сваю даўнюю думку. Калі ўжо і пераліцаваць (кравецкі тэрмін, але літаральна – “замяніць ліцо, твар”) Гая, дык не на Фокса, і нават не на Гая Рычы, а на нашага “роднага” Гая Пікарда. Вось кароткая вытрымка з біяграфіі: нарадзіўся ў 1931 г. у сям’і брэтонца-француза і брытанкі ірландскага паходжання. Скончыў Оксфардскі ўніверсітэт, універсітэт у Сарбоне і Лонданскую школу эканомікі. Захапіўся царкоўнымі харавымі спевамі падчас навучання ў Оксфардзе і Парыжы, дзе спяваў у хоры праваслаўнай царквы Аляксандра Неўскага. Аднойчы Гай дэ Пікарда вырашыў арганізаваць канцэрт, для якога атрымаў песні ад украінцаў і рускіх. Але лонданскія ўкраінцы прапанавалі таксама ўключыць у праграму і беларускую музыку — і скіравалі яго ў раён Фінчлей (паўночны Лондан) да маладога святара Часлава Сіповіча, шэфа Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Беларусь, рэгіён змяшаных культурных стыляў — праваслаўнага, рымска-каталіцкага, грэка-каталіцкага, габрэйскага і татарскага — выклікала велізарнае захапленне Гая Пікарды на ўсё жыццё. Вывучаў творчасць беларускіх кампазітараў М. Равенскага, М. Куліковіча (Шчаглова), жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі ВКЛ. У 1959 адшукаў у Кіеве Супрасльскі і Жыровіцкі ірмалоі — рукапісныя музычныя зборнікі XVI ст. рэлігійнага зместу. У 1961—1970 выкладаў музыку і спевы ў беларускай школе імя Кірылы Тураўскага ў Лондане. Памёр 21 красавіка 2007 года ў Лёндане. Паводле запавету, прах Гая Пікарды быў пахаваны ў Беларусі 15 лістапада 2008 года. Паніхіду па памерлым адслужыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На месцы пахавання, ля Чырвонага касцёла, усталяваная мемарыяльная шыльда.

Прыгожае спалучэнне досціпу і лакальнай гісторыі: “У выяве сцяга жыхары раёна абыгралі слова «вольны» ў складзе слова «камвольны». А птушкі — гэта адсылка да мазаікі, якая была ў Доме культуры Камвольнага камбіната да рэканструкцыі 2018 года.” Мяне як былога рэстаўратара цешыць захаванне лакальнай культурнай спадчыны.

ІІІ. Гасла/гасло

Адзін з яркіх прыкладаў “гасла”, пазначаных на мапе:

“Гэта адна з версій сцяга. На цагляным муры «Кераміна» выяўлена статуя з цмачыным элементам «Утаймаванне агню», якая стаіць у фантане непасрэдна побач з заводам. Менавіта дзякуючы прадпрыемству і нарадзіўся раён. На муры можна заўважыць і 10К (адсылка да іншай назвы раёна — “10-й Кирпичный”), і Сярова, і Аснл (скарачэнне вуліцы Асаналіева). Намалявалі нават эмблему «Кераміна».” Як бачым, абраны вельмі актыўны патэрн “патрабавання перамен”.

Але ў калекцыі партала tut.by няма самага сімвалічнага, знакавага “гасла” ўсёй эпохі Перамен – сцяга з Дыджэямі Перамен:

Калі ў першым варыянце прапанаваны “сілавы” метад перамогі над драконам, то Дыджэямі Перамен маніфестуецца метад здушэння дракона ў саміх сабе. У інтэрв’ю хлопцы якраз тлумачылі момант перамогі ў сабе страху. Кірыл Галанаў: “Я не займаў актыўнай пазіцыі. Так, глядзеў навіны, сачыў за Ціханоўскай, захапляўся, калі аб’ядналіся тры штабы: гэта выглядала моцна і прыгожа. Думаў, што схаджу на апошні перадвыбарны мітынг, калі буду вольны. То бок разумеў, што адбываецца, але актыўна ў гэтым не ўдзельнічаў. Тое, што мы зрабілі – гэта акурат дэманстрацыя пасіўнай пазіцыі. Мы толькі паказалі, што не маем дачынення да таго, што ў той дзень адбывалася ў Кіеўскім скверы. Мне здаецца, гэта і было б найбольш дзейсным варыянтам, калі б кожны, хто здзяйсняе штосьці несправядлівае і бруднае, гэтага не рабіў. Калі б знячэўку ўся краіна стала жыць паводле справядлівасці, сумлення і закона, той вусцішы, якая доўжыцца ўжо столькі месяцаў, не было б.”)

Бясконцая вытворчасць выяў-сцягаў мікратапанімікі паказвае, што мы нарэшце прысабечылі, засвоілі фізічную прастору, у якой існуем, яна супала з нашай уяўнай ідэальнай краінай. У нашай актуальнай гісторыі сцягі робяцца масавымі арганізатарамі, прапагандыстамі і агітатарамі (амаль па Леніну). Таму вельмі дзіўна і нават прыкра, што на разгляданай мапе адсутнічае галоўны, на маю думку, сімвал беларускай рэвалюцыі-2020 – “Дыджэі перамен”. Гісторыя, што адбылася 2500 год таму ў Грэцыі, мелася паўтарыцца 6 жніўня 2020 года ў Кіеўскім скверы горада Мінска.

Скульптары Крыцій і Несіёт стварылі ў пачатку 470-х гадоў да н. э. бронзавую групу Тыраназабойцаў — Гармодыя і Арыстагітона, — узамен увезенай персамі архаічнай скульптуры, якая выяўляла гэтых жа герояў. Для грэкаў 5 ст. да н. э. вобразы Гармодыя і Арыстагітона, якія забілі ў 514 г. да н. э. афінскага тырана Гіпарха і загінулі самі, былі прыкладам самаадданай адвагі грамадзян, гатовых аддаць жыццё для абароны цывільных свабод і законаў роднага горада.

Я наўпрост з гугла скапіраваў першыя-лепшыя вокладкі польскіх падручнікаў па гісторыі Польшчы, нашай хаўрусніцы па Рэчы Паспалітай. Цікава – многія (ці большасць – баюся схібіць, але тэндэнцыя відавочная) вокладкі, зробленыя рознымі мастакамі, маюць дамінуючую ўзнятую руку – фармальна рух актыўны, прызыўны, агітуючы і ваяўнічы.

Ёсць спакуса ўгледзець тут той архетып агульнага падсвядомага, што дазволіў ацалець і расквітнець польскай нацыі. Адзначу вялікую тэму, што вынікае з гэтых развагаў – гэты жэст не індыкатыўны (не той, што ўказвае), імперсаналізаваны, гэта рух уздыму масы, народу, покліч Майсея, гэта рух Старога Запавету.

А вось сціплыя беларускія вокладкі на тэму “мы, беларусы, мірныя людзі… шчыра сябруем…” А дзе ж “…сілы гартуем”?

Вышэй – накід для будучай вокладкі навейшай гісторыі Беларусі з «дыджэямі-тыранамахамі»…

Андрэй Дубінін, г. Мінск

Апублiкавана 08.02.2021  23:41