Tag Archives: Флор

Артыкулы пра шахматы ў Беларусі (2)

Выказваю ўдзячнасць Вольфу Рубiнчыку за дасланыя цiкавыя матэрыялы. Папярэднiя знаходзяцца тутака:Артыкулы пра шахматы у Беларусi, а таксама Вольф Рубінчык. На яўрэйскiя тэмы

1. Былі ў нас і Сала, і Вера…

Цяперашняя станцыя Негарэлае – зусім не шахматнае месцейка. Хіба што майстры з Брэста ці трэнэры з Баранавіч праскочуць праз яе на які-небудзь «опэн» у Мінск. А 75 гадоў таму Негарэлае, няхай на колькі гадзін, раз-пораз ператваралася ў Нью-Васюкі. Тамака праходзіла мяжа «Польшча/СССР» (чытай – «заходні свет/бальшавікі»), і менавіта на гэтай савецкай станцыі спыняліся цягнікі са слыннымі заходнімі гросмайстрамі, калі тыя ехалі на шахматныя імпрэзы – у прыватнасці, у Маскву. Дарэчы, дзіўна, чаму турнір 1925 г. называецца «першым міжнародным», а турнір 1935 г. – «другім міжнародным», калі і да рэвалюцыі ў Маскве ладзіліся міжнародныя спаборніцтвы з маэстрамі Марка (1907) і Дурасам (1913)? Але гэта так, пабочная заўвага. Безумоўна, турніры 1925 і 1935 гг. былі важнымі падзеямі. І той, і другі выклікалі ў аматараў «шахматную ліхаманку». Магу дапусціць, што ў 1935 г. ейны размах быў меншы, чым на 10 гадоў раней, у адносна сыты год НЭПу. Толькі што – у снежні 1934 г. – забілі Кірава, буяла эпоха гвалтоўнай калектывізацыі, пошуку «трацкістаў» і прочых «двурушнікаў», у тым ліку сярод шахматыстаў…

І ўсё ж прыбыццё ў СССР сузор’я «гросаў» было аддухай для многіх і многіх людзей шахмат. Тое, што замежнікі спыняліся ў Беларусі і крочылі па нашай зямлі, не магло застацца незаўважаным тутэйшымі хранікёрамі. Найбольш падрабязна апісаны быў прыезд Сала Флора: мо таму, што праязджаў ён праз Беларусь у 1935 г. не ўпершыню і спыніўся ў сталіцы БССР: гадзін аж на 48.

Flor_Minsk1935

На здымку Сала Флор злева, Мiнск, 1935 год

Спярша – бачанне з XXI ст.:

«Ні ў час матчу 1933 г. з будучым чэмпіёнам свету Міхаілам Батвіннікам, ні на зваротным шляху ў Прагу Сала Флор нават не задумваўся, што Негарэлае стане для яго нейкім талісманам і яму давядзецца ўбачыць гэты паўстанак яшчэ не аднойчы: у лютым 1935 г. па дарозе з Прагі ў Маскву ён затрымаецца на два дні ў Менску… Праз сорак гадоў, ужо масквіч, ён прыедзе ў Мінск на першынство СССР па шахматах (першая ліга) у якасьці міжнароднага арбітра і на вакзале жартоўна запытаецца ў тых, хто яго сустракаў: “Скажыце, а паўстанак Негарэлае я не праехаў?!”» (Іосіф Калюта, «СБ», 25.03.2006).

«…Па дарозе ў Маскву Флор зрабіў прыпынак у Менску, дзе прабыў два дні. У ягонай праграме быў сеанс на 50 дошках і ўдзел у бліцтурніры. Цікава, што ў сеансе не палічылі для сябе ганебным гуляць вядучыя шахматысты БССР. Таму Флору давялося нялёгка. Сэанс працягваўся 2,5 гадзіны [ніжэй паказана, што гэта не так – В. Р.] і завяршыўся перамогай гросмайстра з лікам 28,5:21,5 (+18 –11 =21)» (Абрам Ройзман, «Шахматы», № 3, 2006).

Сведчанне з дзённіка чэмпіёна Менска 1934 г. Леаніда Жыткевіча, які сам удзельнічаў у тым сеансе 10 лютага 1935 г. «Сэанс праходзіў у Педагагічным інстытуце на Земляробчым завулку… доўжыўся 12½ гадзін і скончыўся з добрымі для гросмайстра вынікамі +18-10=22… Арганізацыйны бок сеансу быў вельмі кепскі…» (паводле часопіса «Шахматы-плюс», № 3, 2004).

Jytkevich

Леанід Жыткевіч

Сеанс у інстытуцкай актавай залі, на які збегліся некалькі соцень гледачоў, пачаўся ўвечары, а ўдзень 10 лютага Сала Флор паспеў яшчэ сустрэцца са старшынём Менскага гарадскога савета Жуковічам, які распавёў чэхаславацкаму маэстру пра поспехі сацыялістычнага будаўніцтва.

Пагудка пра візіт Флора набыла ледзь не сусветны маштаб. Так, гросмайстар Шпільман у гутарцы з карэспандэнтам быў «вельмі здзіўлены, калі даведаўся аб выніках ігры грасмайстра Флора ў сеансе ў Менску, асабліва тым, што сеанс прадаўжаўся 12 гадзін» («Звязда», 14.02.1935). «У 2 гадзіны ночы ў сеансе з Флорам былі закончаны толькі дзве партыі. Абедзьве ўнічыю», – адзначаў неназваны карэспандэнт «Звязды». Ён жа назваў усіх тых, хто перамог Флора: «Жудра, Маневіч, Асадчый, Сташэўскі, Зысман А., Пятроў, Насцюшонак, Жыткевіч, Касперскі А., Клемецкі». У вышэйцытаваным артыкуле Ройзмана ў лік пераможцаў чамусьці ўплішчыўся прафсаюзны бос Пасэ. Мо таму, што гэты чалавек у час сеансу дадумаўся даць тэлеграму маскоўскім шахматыстам, якія ў той вечар гулялі ў сеансе з Капабланкам, і выклікаць іх на «спаборніцтва па якасці гульні»: «Пасля першай гадзіны не маем паражэнняў. Паведамляйце рэзультаты кожныя тры гадзіны». Што самае цікавае, з Масквы ў адказ прыйшла «маланка»: «Капабланка прайграў 14, выйграў 5, нічыіх 4… Прывітанне ад шахматыстаў Масквы. Гольдберг, Гінзбург».

Пэўна, шахматы займалі ў сярэдзіне 1930-х у спартовай іерархіі бадай тую ж прыступку, што цяперака футбол. Рэдакцыя «Апошніх паведамленняў» Белрадыёкамітэта наладзіла «прамы эфір» з Земляробчага завулку, 4. На пачатку перадалі падзякі сеансёра за цёплы прыём, потым транслявалі навіны пра ход гульні. Брыгада «Белдзяржкіно» зафіксавала падзею для кіначасопіса. Як жа ж заадно мастацкую стужку не знялі, а-ля «Шахматная ліхаманка» Пудоўкіна!

Шахматная горячка (1925) х/ф

Сеансы народ палюбляў, «бліц» – не дужа. Сведчыць Л. Жыткевіч: «У бліц-турніры з удзелам Флора, адбытым 11 лютага, я не ўдзельнічаў з-за стомы пасьля сеансу. Бліц-турнір скончыўся перамогай Флора, які выйграў усе партыі».

У «Звяздзе» 12.02.1935 удакладнялася, што ў бліцтурніры бралі ўдзел 10 гульцоў. Другое і трэцяе месцы занялі Жудро і Камянецкі, чацвёртае і пятае – Мазель і Верасаў. Якасьць хуткай гульні майстра Мазеля і без пяці хвіляў майстра Верасава першакатэгорнік Жыткевіч зганіў.

Увечары пасля бліцтурніру Флор выправіўся ў Маскву, дзе 15 лютага стартаваў у Вялікай Шахматнай Гонцы. Пэўна, беларуская зямля натхніла яго на абачлівасць: 7 перамог, 12 нічыіх, 0 паражэнняў – і падзел 1-2 прызоў з Батвіннікам. Савецкі чэмпіён наракаў на стомленасць, чэхаславацкі – ані.

Прыехаўшы ў БССР з Захаду, Флор адразу перадаў «беларускім шахматыстам найлепшае прывітанне» (факсіміле ягонай цыдулкі, пісанай быццам бы ў Негарэлым, прыведзена ў «Звяздзе» 11.02.1935), а калі вяртаўся ў Чэхаславакію з Масквы (ізноў жа, праз БССР), «ПРАСІЎ ПЕРАДАЦЬ ПРЫВІТАННЕ МЕНСКІМ ШАХМАТЫСТАМ І ПАЖАДАЎ ІМ ДОБРЫХ ПОСПЕХАЎ» (іменна буйным шрыфтам гэтыя словы былі надрукаваныя ў «Звяздзе» 9.04.1935). Сала Флор вылучыў менчукоў нароўні з харкаўцамі як найбольш небяспечных супернікаў у СССР (пасля маскоўцаў і ленінградцаў, вядома ж).

Сала Флор лічыўся адным з прэтэндэнтаў на першынство ў свеце прыблізна з 1932 г. і аж да пачатку Другой сусветнай вайны, таму яго выказванням – скарэй ветлівым, чым глыбокадумным – надавалася багата ўвагі. У рэшце рэшт, ягоныя візіты засталіся ў «гістарычнай памяці» тутэйшых гульцоў. Куды менш вядома, што праз Беларусь у 1935 г. праязджала першая чэмпіёнка свету…

«У гутарцы з карэспандэнтам “Звязды” В. Менчык заявіла, што яна з вялікай ахвотай едзе на турнір у Маскву, бо ў Маскве яна вучылася і скончыла пачатковую школу. Яна лічыць, што маскоўскі міжнародны турнір з’яўляецца выключным па колькасці моцных ігракоў. Найлепшыя шанцы на перамогу маюць Капабланка, Флор, Батвінік і Ласкер…» («Звязда», 14.02.1935). Вялікая Вера як у ваду глядзела: менавіта гэтыя гульцы і занялі першыя чатыры месцы з дваццаці (праўда, у іншым парадку).

Вольф Рубінчык

rubinczyk@yahoo.com

Флор – Жыткевіч. Менск, 10.02.1935. Сеанс на 50 дошках.

1. d4 d5 2. c4 e6 3. Кc3 Кf6 4. Сg5 Кbd7 5. cd ed 6. e3 c6 7. Сd3 h6! 8. Сh4 Сe7? 9. Фc2 0-0 10. Кge2! Тe8 11. h3 Кe4! У гэтым была ідэя хода Се7, трэ было замацаваць поле e4. Капабланка ў 32 партыі матчу з Алехіным раіў 8…Сd6.12. Сe7 Фe7 13. Сe4 de 14. g4 Кf6? Лепш было 14…c5 15. dc Кc5, высвятляючы пазіцыю белага караля ў цэнтры. Няможна 16. 0-0-0 Кd3+ і 17Кf2. 15. 0-0-0! Сe6 16. Тdg1. Нельга 16. Кe4 Сa2 17. Кf6+ Фf6 18. b3 Сb3 19. Фb3 Фf2 звырашальнай атакай. 16…b5 17. Крb1? Таb8? Пасля 17…b4 18. Кd1 b3! наўрад ці белыя вытрымалі б атаку чорных.Цяпер ініцыятыва ў белых. 18. Фd1! Тb6 19. g5 hg 20. Тg5 Кh7 21. Тg3 c5 22. Тhg1 g6 23. dc? Фc5 24. Кd4 a5 25. h4Крf8 26. h5? Фh5 27. Фh5 gh 28. Кcb5 Сg4! Вельмі моцны ход, які зводзіць на нішто дзейнасць белых тураў накаралеўскім флангу. 29. Кc3 Кf6 30. Крc2 Тc8 31. Тc1 Кd5 32. a3 Кc3 33. bc Тcb8! 34. c4! Лепш, чым Крd2. 34…Тb2+ 35.Крc3 Тf2 36. c5 Тa2 37. c6 Тa3+ 38. Крc4 Крe7 39. Крc5 Тa4 40. Тgg1 Тg8! Арыгінальны манёўр тураў, які выйграепартыю. 41. Тb1 Тg5+ 42. Крb6 Тb4+ 43. Тb4 ab 44. c7 Тg6+ 45. Крa7 Сc8! 46. Тh1 Крd7 47. Тh5 Тa6+ 48. Крb8 Тb6+ 49. Крa7 Тb7+ 50. Крa8 b3 51. Тh1 b2 52. Тb1 Крc7 і белыя здаліся.

(“Альбино плюс”, Лунінец; № 32, 2010)

2. Чаму Капабланка не выступіў у Менску

Дзявятага лютага 1935 г. на станцыю Негарэлае прыбылі вагоны з Хасэ-Раулем Капабланкам, Саламонам Флорам і Васям Пірцам. Выбітных шахматыстаў сустрэлі прадстаўнікі ўсесаюзнага і беларускага саветаў прафсаюзаў, Вышэйшага савета фізычнай культуры СССР, газетчыкі. Карэспандэнт газеты “Звязда” меў гутарку з Капабланкам. Калі верыць нататцы ў № за 10.02.1935 (аператыўна спрацавала рэдакцыя!), на традыцыйнае пытанне аб шанцах удзельнікаў Капабланка даў такі адказ: “Я ведаю толькі некалькіх савецкіх майстроў. Вось чаму мне цяжка судзіць аб магчымых пераможцах турніру. Для мяне асабіста турнір прадстаўляе выключна вялікую зацікаўленасць”. Адказ, як бачым, надта дыпламатычны: не тое, што ў Веры Менчык (гл. артыкул вышэй). Потым Капабланка трохі распавёў пра сваё падарожжа па Еўропе і “выказаў згоду пры звароце з Масквы спыніцца для ігры ў Менску”. Аднак, заняўшы ў міжнародным турніры 4-е месца, экс-чэмпіён свету нібыта забыўся на сваю згоду-абяцанку. “У канцы сакавіка 1935 г. Капабланка цёпла развітаўся з гасціннымі гаспадарамі [у Маскве] і выехаў у Парыж”, – піша А. Сізаненка ў кнізе “Капабланка. Встречи с Россией” (Масква, 1988). Ехаў гросмайстар зноў праз БССР, але нават прывітання менчукам не перадаў. Чаму?

Першы варыянт адказу: стомленасць. Другі варыянт: Капабланку на мяжы нешта пакрыўдзіла, і ён свядома вырашыў праігнараваць памежны горад Менск. Трэці варыянт: кубінец чакаў запросінаў ад беларускай шахматнай супольнасці, але такіх запросінаў не паступіла ці яны не былі досыць пераканаўчымі. Разгледзім гэтыя варыянты больш пільна.

Ясна, спаборніцтва, расцягнутае на месяц, стаміла і ўдзельнікаў, маладзейшых за 46-гадовага Капабланку. Пагатоў ён яшчэ як след не адаптаваўся да турнірнай барацьбы: у першай палове 1930-х займаўся больш дыпламатычнай службай. Але ж пары тыдняў (турнір завяршыўся 15 сакавіка) было, пэўна, досыць для аднаўлення сіл. Прытым кубінец наважыўся гастраляваць па Украіне ў 1936 г., пасля амаль гэткага ж доўгага і напружанага “Трэцяга маскоўскага міжнароднага турніру”!

Другі варыянт выглядае яшчэ менш імаверным. Важных замежных гасцей у сярэдзіне 1930-х звычайна прымалі па “вышэйшым разрадзе”, пачынаючы ад першай савецкай станцыі. Безумоўна, у Негарэлым падчас выхаду з вагонаў (цягнікі пераводзіліся на іншыя рэйкі, гэтая працэдура займала 1,5-2 гадзіны) пасажыры маглі, напрыклад, выпадкова ўступіць у бруд, што аднойчы здарылася з наркамам Максімам Літвінавым. Але не веру, што Капабланку, якім бы ён ні быў “эстэтам”, пакрыўдзіла б такая драбяза. Дый не ўпершыню ён прыязджаў у СССР: прыкладна ведаў, чаго чакаць ад чыгуначнікаў, чыноўнікаў і агентаў НКУС[1].

У Сізаненкі сказана, што Капабланку клікалі да сябе “Ленінград, Свярдлоўск, Кіеў, Харкаў”. Асабіста мне здаецца, што і тутэйшыя дзеячы запрашалі Капабланку выступіць у Менску, але прапанова выявілася непераканаўчай. Капа мог даведацца пра беларускіх гульцоў у таго ж Ерамеева ці Флора – і, як чалавек прагматычны, палічыў, што сустрэча з імі яго нічому не навучыць, нічога не дадасць да ягонага іміджу, а значыць, не наблізіць запаветнага матч-рэваншу з Алехіным. Насамрэч, у Менску на пачатак 1935 г. не было майстроў: Мазель два гады як з’ехаў, Верасаў жа атрымае гэтае званне толькі ў 1937 г. Адзіны беларускі майстар Сіліч жыў у Віцебску – аднак ягоныя выступы на ўсесаюзным роўні (як і менчука, першакатэгорніка Касперскага) часта пакідалі жадаць лепшага, хоць пазней яго і пахваліў сам Ласкер.

Напэўна, Капабланка прыехаў бы і дзеля сустрэчы з гульцамі першай-другой катэгорый – але ж беларусы не славіліся ні багаццем (то бок магчымасцю выплаціць госцю экстраганарар), ні ўменнем выдатна рыхтаваць шахматныя імпрэзы. Нездарма Леанід Жыткевіч у дзённіку раскрытыкаваў арганізацыю сеансу з Флорам 10 лютага 1935 г. У Маскве Флор мог пераказаць Капабланку, што сеансёру заміналі хадзіць па кругу «чалавек 5 фатографаў і кінааператараў, 3 кансультанты [удзельнікаў сеансу] і чалавек 6 адміністратараў». Кубінскі маэстра, залічаны на ўрадавую службу яшчэ ў пачатку 1910-х гг., адрозна ад Флора альбо, напрыклад, Ліліенталя, меў сталую крыніцу даходу і дазваляў сабе, кажучы мовай савецкіх бюракратаў, “капрызнічаць”.

І ўсё ж… многае залежала ад асобы перамоўніка/перамоўніцы. Калі б менчукі, ведаючы цікавасць Капабланкі да прыўкраснага полу, выправілі размаўляць з гросмайстрам прыгажуню-шахматыстку – мо і выступіў бы ў нас кубінец. Аднак у сярэдзіне 1930-х беларускія шахматы мелі “мужчынскі твар”: Ганна Шарэвіч і Алена Клімец народзяцца няскора, а камсамолкі і ўдарніцы гулялі па-аматарску. Каб хаця ў Беларусі знайшоўся малады імпэтны дзеяч накшталт украінскага журналіста Яўгена Астроўскага, які ў 1936 г. быў карэспандэнтам усіх чатырох днепрапятроўскіх газет на маскоўскім турніры: “Я вярнуўся дадому ў добрым гуморы і, змовіўшыся з сакратаром абкама Хатаевічам, запрасіў у Днепрапятроўск на два сеансы адначасовай гульні самога Капабланку. Ён прыехаў у суправаджэнні сакратара Усесаюзнай шахматнай секцыі Ерамеева”. Дык не знайшлося… А ў Радзівона Шукевіча-Траццякова к таму часу ўжо адбілі ахвоту цягнуць у Менск замежнікаў.

Праязджаў праз Беларусь Капабланка і ў 1936 г. Карэспандэнт “Звязды” зноў узяў у яго інтэрвію на вакзале, але гаворкі пра Менск і беларускіх гульцоў не вялося. Прагучалі стэрэатыпныя пытанні пра “спартовую форму” і шанцы савецкіх майстроў. Капабланка вылучыў масквічоў Руміна і Кана і заявіў, што шахматная справа ў СССР арганізаваная “надзвычай добра”.

Уражанні ад усёй гэтай гісторыі ў мяне дваістыя. Шкада, што Капабланка ў нас не спыніўся, але, з іншага боку, наўрад ці ягоны візіт ператварыў бы Менск у шахматную Меку. Сустрэча з Хасэ-Раулем адно дадала б клопатаў тутэйшым гульцам (да іх пачалі б чапляцца органы бяспекі – глядзіш, у 1937-м выкрылі б сеціва “кубінскіх шпіёнаў”). Суцяшае прынамсі тое, што трэці чэмпіён свету папахадзіў па беларускай зямлі ў Негарэлым, пабачыў беларускія краявіды і ўспомніў пра існаванне газеты “Звязда”.

…Праз 60 гадоў дырэктар мінскага выдавецтва “Бесядзь” Іван Пракопавіч Клімянкоў на зэканомленай паперы перадрукуе рускамоўны пераклад “Падручніка шахматнай гульні” Х.-Р. Капабланкі, тыражом 7000 ас. Так што Капабланкава аўра ў Беларусі захавалася… Як тая ўсмешка Чэшырскага Ката.

Вольф Рубінчык,

rubinczyk@yahoo.com

(“Альбино плюс” № 33, 2010)

3. Флора – у гарсавет, Ласкера – у Саўнаркам!

Не паспеў сціхнуць ажыятаж пасля візіта ў Менск гросмайстра Саламона Флора ў 1935-м, як у 1936-м завітаў Флораў старэйшы калега, сам Эмануіл Ласкер: другі чэмпіён свету, супергросмайстар… “Звязда” радасна паведаміла:

26 лютага ў Менск па запрашэнню шахматна-шашачнай секцыі ЦСПСБ прыехаў былы чэмпіён свету па шахматах гросмейстэр доктар Ласкер.

Днём доктар Ласкер быў на прыёме ў старшыні Соўнаркома БССР тав. Галадзеда. На прыёме таксама прысутнічалі намеснік старшыні СНК тав. Саакян і лепшыя шахматысты Менска.

Вечарам у Доме партактыва доктар Ласкер даў сеанс адначасовай ігры на 25 дошках. Сеанс закончыўся вельмі добрым для Ласкера рэзультатам. Ён прайграў тры партыі, 6 скончыліся ўнічыю і 16 Ласкер выйграў. У Ласкера выйгралі Жыткевіч, Конэ і Зісман А.

Як вядома, к таму часу Ласкер ужо бадай паўгода жыў у Маскве, працаваў у Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук. Наўрад ці ва ўзросце пад 70 яму карцела выбірацца ў правінцыйны па сутнасці горад, на які гросмайстар мог нагледзецца і ў 1935 г., па дарозе ў Маскву. Але, пэўна, спрацавала прабеларускае “лобі”. Рэч у тым, што за шахматную працу ў прафсаюзах на ўсесаюзным узроўні ў сярэдзіне 1930-х адказваў Ісак Мазель, нараджэнец Беларусі, які ўмеў ладзіць разнастайныя мерапрыемствы на адлегласці (гл. успамін Аляксандра Котава ў кнізе “Мастерство”: Масква, 1975 г.). Мазель і сам шмат гастраляваў па СССР, не абмінаючы родны Менск. Напрыклад, у чэрвені 1935 г. прыехаў разам з Андрэ Ліліенталем, які пасля маскоўскага турніру застаўся ў Савецкім Саюзе і быў залічаны трэнерам прафсаюзнай шахматнай каманды. Не выключана, што Мазель і Ліліенталь расказалі Ласкеру пра дадатныя бакі Беларусі – той і пагадзіўся. Да таго ж трэ было выконваць абяцанне: “У гутарцы з супрацоўнікам газеты “Звязда” [на вакзале]… Ласкер паведаміў, што ён з вялікай ахвотай у будучым пазнаёміцца асабіста з ігрой менскіх шахматыстаў і сыграе рад партый у Менску” (“Звязда”, 16.08.1935).

Такім чынам, візіт Ласкера (і Андрэ Ліліенталя) у Менск-1936 быў амаль непазбежны і ставаў у шэраг іншых падобных візітаў. Адноснай нечаканасцю выявіўся хіба прыём на вышэйшым узроўні: Флора, нагадаю, віталі толькі ў Менскім гарсавеце. Зрэшты, тагачаснаму кіраўніку беларускага ўраду заставалася жыць крыху больш за год (у чэрвені 1937-га Мікалай Галадзед заб’е сябе – альбо яму дапамогуць следчыя НКУС).

Цікавей за ўсё, натуральна, было б даведацца, што Э. Ласкер насамрэч думаў пра наш край. Аднак наўрад ці ён занатоўваў свае падарожныя думкі. Для друку ж Ласкер ветліва казаў, што “вельмі рады наведаць Менск на пару дзён, гэта прыгожы горад” і што “менскія шахматысты першай катэгорыі паводле сілы гульні не саступаюць гульцам першай катэгорыі Масквы”. Вылучыў “чэмпіёна Верасава” і віцьбіча Сіліча, які “ў час турніру ВЦСПС у Маскве паказаў добрую гульню”. І ўсе засталіся задаволеныя. Папраўдзе, на жаль, менскія гульцы ў сярэдзіне 1930-х саступалі не толькі маскоўскім, а і кіеўскім калегам (што засведчылі два матчы “на выездзе” ў траўні 1935 г., прайграныя беларусамі з аднолькавым лікам 3:7). Антон Касперскі канстатаваў “недахоп тэхнікі ў беларускіх ігракоў”, нават такіх, як Сіліч і Верасаў (“Звязда”, 24.06.1935).

Захаваўся тэкст мінімум адной партыі з “гістарычнага” сеансу. Прыводжу гэтую партыю паводле дзённіка Леаніда Жыткевіча, з каментарамі пераможцы. Дарэчы, дзённік, які доўга перахоўваўся ў мінскім клубе “Вяснянка”, цяпер знаходзіцца ў знакамітага маскоўскага гісторыка шахмат, і ці будзе вернуты ў Беларусь – богведама.

Сіцыліянская абарона

Партыя гулялася 26 лютага 1936 г. у сеансе супраць д-ра Ласкера ў клюбе партактыву

Д-р Ласкер Э. – Жыткевіч

1. е4 с5 2. Kf3 Kc6 3. d4 cd 4. Kd4 Kf6 5. Kc3 d6 6. Ce2 g6 7. Ce3 Cg7 8. 0-0 0-0 9. h3. Гэтак сама Ласкер гуляў пазней супраць Рагозіна ў трэцім міжнародным турніры ў Маскве. Больш ініцыятыўна тут 9. Kb3. Горш f4 з-за Kg4 або нават Фb6?! 9…a6 10. Фd2 Кd4 11. Cd4 b5 12. Cf3 Ce6! Найлепшы ход. Кепска Cb7 з-за е5. 13. Cf6 Cf6 14. e5?Памылковы ход. 14…Се5?! Лепш было de Фd8 Tad8, застаючыся з лішняй пешкай. Чорныя гуляюць на абвастрэнне.15. Са8 Фа8 16. Kd1 Tfc8 17. c3 Фe4 18. Те1 Фh4 19. Ke3 Tc5! 20. Kf1 Tc4 21. f3? Аслабляе каралеўскі фланг. 21…b4! 22. Tac1 Cf4 23. Ke3 bc 24. Tc3 Фg3 25. Фd3?? Фе1+ і белыя здаліся. Мне здаецца, што сеансёр не выпадкова зяўнуў туру, а наўмысна. Справа ў тым, што партыя мая дэманстравалася, і Ласкер, бачачы, што я пасля страты якасці дабіўся добрага становішча, каб не стамляць сябе намарна, зяўнуў туру. Дасведчаны сеансёр заўсёды так робіць.

І яшчэ імпрэсіі Л. Жыткевіча ў перакладзе з рускай мовы:

Ласкер! З гэтым імем звязаная цэлая эпоха ў шахматах. Пераможца Стэйніца ў 1896 г. вельмі добра захаваўся з часу І Маскоўскага міжнароднага турніру 1925 г. У зубах нязменная цыгара. Дужа сціплы. Прагнаў усіх кінааператараў і фатакараў, якія хацелі яго зняць. Хады робіць няспешна. Любіць добра падумаць. Валодае каласальным запасам энергіі. Пад канец сеансу, калі засталося 10-12 партый, ён стаў гуляць не горш, а лепш і выйграў усе гэтыя партыі, хаця ў некаторых стаяў на пройгрыш”.

У “Звяздзе” папярэдне (17.02.1936) паведамлялася, што Ласкер – на манер Флора – возьме ўдзел у бліцтурніры з беларускімі гульцамі. Але пазней ні Жыткевіч, ні прэса пра гульню Ласкера ў такім турніры не кінулі слоўца жаднага. Усё ж і “каласальны запас энергіі” часам вычэрпваецца. Зявок туры ў вышэйпададзенай партыі можна вытлумачыць акурат тым, што старому маэстру ўжо цяжка было даваць гастролі, як ні стараўся ён давесці адваротнае. Ад “бліцу” ён, хутчэй за ўсё, ветліва адмовіўся. К стагоддзю Э. Ласкера С. Флор пісаў у “64”, што ён “свае сілы ўмеў берагчы і ўмеў добра адпачываць”.

В.Р.

(“Альбино плюс” № 33, 2010)

4. Яго баяўся сам Алехін

Калі апытаць нашых заўзятараў, хто з нараджэнцаў Беларусі перамагаў за дошкай вялікага Аляксандра Алехіна, што яны адкажуць? Думаю, працэнтаў 40 прамаўчаць, а астатнія ўспомняць маэстра Давіда Яноўскага, які нарадзіўся ў Ваўкавыску на Гродзеншчыне.

Малады гісторык Павел Лашкевіч упэўнена называе Д. Яноўскага (1868-1927) “беларускім спартоўцам”, хоць той выступаў за Расію ды Францыю і сфармаваўся як шахматыст не на беларускіх землях (навучыўся гуляць у Лодзі, куды яго перавезлі яшчэ дзіцём; раскрыў свой талент у Парыжы 1890-х гг.). Не прыніжаючы Давіда Маркелавіча, які не раз пабіваў Алехіна ў 1910-я гг., успомнім яшчэ аднаго, значна менш вядомага пераможцу будучага чэмпіёна свету. Пагатоў гэтаму пераможцу нават больш пасуе “тытул” нашага земляка.

У рарытэтнай кнізе Уладзіміра Нейштадта і Уладзіміра Пака “Князь Мышкин шахматного царства” (Данецк, 2007), прысвечанай расійскаму майстру Аляксею Селязнёву, натрапіў на дзіўную фразу: “Пасля пройгрышу першых чатырох партый з турніра выйшаў Баброў, лепшы вынік паказаў Аляксандр Алехін, які саступіў моцнаму мінскаму аматару Р. Герцыку.” Ідзецца пра першы “восеньскі” турнір маскоўскага шахматнага гуртка (1909). Падобна, аўтары кнігі не ведалі поўнага імя загадкавага Герцыка, таму і абмежаваліся ініцыялам. А звалі яго Раман, і быў ён прыкметнай фігурай у Мінску 1900-х гг. У артыкуле 1925 г. “З мінулых часоў” (гл.: “Беларусь шахматная. Год 1925”. Менск, 2011, с. 8-9) яго старэйшы брат А. Я. Герцык выклаў некаторыя біяграфічныя звесткі пра мінскага шахматыста, к таму часу ўжо нябожчыка.

Р. Герцык, як і іншыя гульцы І катэгорыі, рэгулярна наведваў кавярню Вянгржэцкага – тагачасны “шахклуб”. Разам з Крайчыкам даваў сеансы за дошкай і ўсляпую, распаўсюджваў шахматную літаратуру. Пятнаццацігадовы Раман Герцык, студэнт камерцыйнай вучэльні, у 1903 г. выйграў два матчы ў Крайчыка – таго самага, які праз год будзе абвешчаны чэмпіёнам Мінска.

Чамусьці А. Герцык не напісаў пра далейшыя шахматныя подзвігі брата. З кнігі Нейштадта-Пака вынікае, што к канцу 1900-х г. Р. Герцык адно падвысіў клас гульні. Ва ўсякім разе, каб перамагчы Алехіна, нават юнага, трэ было мець не абы-які талент; у 1909 г. Алехін якраз атрымаў званне “маэстра”, заняўшы 1-е месца ва Ўсерасійскім турніры аматараў. Выйграў Р. Герцык і ў будучага майстра Селязнёва, і ў Астрогскага ды Цэлікава; праўда, і прайграў 4 партыі з 9, застаўшыся ў сярэдзіне турнірнай табліцы (+4-4=1).

Наўрад ці хто з мінчукоў 100 гадоў таму дабіваўся такіх поспехаў у шахматнай гульні, як Р. Я. Герцык – чалавек, які не дажыў да 40. Спадзяюся, талакою мы адновім яго біяграфію. А калі б знайшлася яго партыя 1909 г. з Алехіным, гэта было б цудоўнай нагодай для адраджэння “жывых шахмат” у нашай сталіцы.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

rubinczyk@yahoo.com

(“Альбино плюс”, № 43, 2011)

5. Ліліенталь думаў пра Беларусь

У маі 2011 г. споўнілася 100 гадоў з дня народзінаў выбітнага гросмайстра (венгерскага, потым савецкага, потым зноў венгерскага) – Андрэ Арнольдавіча Ліліенталя. Да юбілею ён не дажыў усяго год – памёр 8 мая 2010 г.[2] Імя Ліліенталя асацыюецца найперш з бліскучай перамогай над Капабланкам у Гастынгсе (1934-35). Пасля маскоўскага міжнароднага турніру 1935 г., закаханы ў рускую жанчыну і ўражаны развіццём шахмат у бальшавікоў, ён застаўся ў СССР, а ў 1939 г. прыняў савецкае грамадзянства. У 1930-х ён даў колькі сеансаў адначасовай гульні ў Беларусі, праверыўшы “тэхніку беларускіх ігракоў”, якая, калі верыць “Звяздзе” ад 24.06.1935, агулам пакідала жадаць лепшага.

“Звязда” 12.02.1935 пісала: “…учора праз Менск у Маскву праехаў чэмпіён Венгрыі гросмайстар Ліліенталь. У гутарцы з кар. “Звязды” Ліліенталь заявіў, што найбольшыя шансы на перамогу ў міжнародным турніры маюць Флор і Батвінік” (прадказанне збылося дакладна). Гросмайстар дадаў, што “з асаблівай ахвотай едзе ў Савецкі Саюз”, што жыў у Маскве да 11-цігадовага ўзросту…[3]

У некаторых выданнях паведамлялася, што гастролі Ліліенталя ў Менску прайшлі ў красавіку 1935 г. Аднак насамрэч яны адбыліся ў сярэдзіне чэрвеня: “Шахматна-шашачная секцыя ЦСПСБ запрасіла прыехаць у Менск гросмайстра па шахматах Ліліенталя і майстра Мазеля” (“Звязда”, 15.06.1935). У № за 17.06.1935 падкрэслівалася, што Андрэ Ліліенталь, гросмайстар востракамбінацыйнага стылю гульні, “астаўся ў СССР і цяпер залічан трэнерам прафсаюзнай каманды ВЦСПС”. На наступны дзень расказвалася пра сеанс на 39 дошках (замест планаваных 35) у актавай залі Вышэйшага педагагічнага інстытута: “Гросмайстар іграў выключна хутка. Сеанс закончыўся за 4 г. 35 м. Такая хуткасць гульні дала добрыя для гросмайстра вынікі (+17-7=15). Выйгралі ў гросмайстра Шукевіч, Брэйтман, Берлінкоў, Маневіч, Насцюшонак, Нікалаенкава і Майзель Ю.

У канцы лютага 1936 г. у Гомелі А. Ліліенталь гуляў на 56 дошках і набраў каля 80% ачкоў; у Менску, хоць сеанс ладзіўся толькі на 5 дошках, вынік быў падобны (+4-1). Рэч у тым, што супроць сеансёра выступілі не проста аматары, а выбраныя ігракі, у т.л. экс-чэмпіёны Беларусі: Брэйтман, Іваноў, Маневіч, Насцюшонак, Сташэўскі.

Ініцыятарам гастроляў Ліліенталя ў БССР 1935-36 гг., імаверна, быў ураджэнец Менска Ісак Мазель – раўналетак гросмайстра, на той час сакратар шахсекцыі ВЦСПС, асоба досыць уплывовая. Магчыма, ён і паспрыяў працаўладкаванню замежніка трэнерам прафсаюзнай каманды. У кожным разе, ва ўчорашняга жыхара Будапешта з пазаўчорашнім “менскерам” усталяваліся адносіны даверу, пра што сведчыць і артыкул у “64” 1939 г. з крытыкай на адрас Мазеля: “Ён ідзе ў Прафвыдат, ад свайго імя і імя Ліліенталя заключае дамову на кнігу, атрымлівае аванс і… з’язджае. Ніхто, вядома, ніякай кнігі не напісаў, затое Ліліенталю давялося прачытаць цыдулку са строгім патрабаваннем Прафвыдата вярнуць аванс, што ў рэшце рэшт і было зроблена”. Хто меў рацыю – цяпер сказаць цяжка. Вядома, аднак, што 18 чэрвеня 1935 г. у Менску Ліліенталь і Мазель згулялі паказальную кансультацыйную партыю супраць Сіліча і Верасава (і выйгралі чорнымі на 35-м ходзе). Выходзіць, супольная творчасць ім была не чужая.

Спартовыя ўлады яшчэ “кінулі” А. Ліліенталя на ўмацаванне чэмпіянату БССР 1938 г. – І месца па-за конкурсам, 10,5 з 13. Адзінае паражэнне гросмайстру нанёс маскоўскі майстар Васіль Паноў, які таксама не браў удзелу ў размеркаванні прызоў. Чэмпіёнам рэспублікі ў тым годзе быў абвешчаны срэбраны прызёр, першакатэгорнік Абрам Маневіч з Гомеля (10 з 13). Дзякуючы прадастаўленай яму магчымасці пазмагацца з вышэйшымі па званнях ён стаў кандыдатам у майстры, а праз год і майстрам. Адну партыю з таго чэмпіянату, выйграную ў бронзавага прызёра Гаўрылы Верасава (на 43-м ходзе), А. Ліліенталь уключыў у зборнік сваіх лепшых партый 1969 г. Як пісаў Абрам Ройзман, гросмайстар даваў сеанс у Менску і ў 1938 г., калі ў чэмпіянаце выпаў выходны. З 29 удзельнікаў нічыю зрабіў толькі Сцяпан Турчыновіч, будучы намрэдактара “Мінскай праўды”.

…Кур’ёзна, што пазалетась у Мінску была зарэгістраваная фірма “Ліліенталь”.

Падрыхтаваў В. Р.

(“Альбино плюс”, № 43, 2011)


[1] Праўда, на карысць версіі аб “памежных крыўдах” гавораць радкі з ліста Капабланкі да Валяр’яна Ерамеева перад турнірам 1936 г.: “Будзьце ласкавы, дайце ўказанне, каб на мяжы мяне не турбавалі наконт багажу. Калі ласка, арганізуйце мне асобнае купэ ад мяжы” (гл. Линдер В., Линдер И. Капабланка в России. Масква, 1988. С. 136-137). У 1935 г., падобна, і багаж кубінца ператрэслі, і ў купэ “падсялілі” непатрэбных асоб.

[2] Цікавы артыкул пра жыццёвы шлях Ліліенталя быў размешчаны на сайце crestbook.com 4 мая 2011 г. (аўтар – Барыс Пастоўскі).

[3] Тут, хутчэй за ўсё, памылка “Звязды”. Маці А. Ліліенталя вярнулася з сынам у Венгрыю ў снежні 1913 г., калі яму не было і 3 гадоў; пра гэта расказваў сам гросмайстар у кнігах “Жизнь шахматам” (Масква, 1969) і “Андрэ Лилиенталь” (Масква, 1989).

P.S. Другие материалы о тех, кто упоминается в очерках Вольфа Рубинчика, можно прочесть на сайте здесь:

“Беженец” К столетию Сало Флора

Шахматный король. Эмм. Ласкер

05.01.2013 / Марат Гаравы

Мінулае і будучыня айчынных шахмат

У апошнія гады палітолаг і перакладчык Вольф Рубінчык вывучае гісторыю айчынных шахмат. Напрыканцы 2012 года ён выдаў кнігу «З гісторыі Беларусі шахматнай», прысвечаную памяці забітага ў гады сталінізму беларускага  паэта і шахматыста Зэліка Аксельрода (1904–1941).