Tag Archives: еврейские мотивы в белорусской литературе

Тодар Кляшторны. У ДАРОЗЕ

Кніжачка, з якой узятая паэма; яе аўтар

У дарозе

І

Дзень згараў…

Заціхалі ў палёх перазвоны.

Майскі вечар чаромху ня мёў…

Захлынуліся вокны вагону

Сіняватым вячэрнім агнём.

А за вокнамі сьцені скакалі

Табунамі ліхіх рысакоў…

Ціха талі

У звонкія далі

Пераліўныя хвалі палёў.

Бедных ніў

Залатое прывольле

Задрамала ў тынянай цішы…

Эх ты, поле,

Бязьмежнае поле!

Люба мне беларуская шыр!

Хай сягоньня сявалкамі вёсен

Сее смуту ў палёх недарод…

Нашы дні –

Ня журботная восень,

Нашы дні –

Грамавы веснаход.

Хоць палі нашы

Бедны вясною,

Але час наш

Сьвятлей і мілей,

Бо пад нізкай сялянскай страхою

Палымеюць зарніцы надзей.

ІІ

– Усё так створана

Мудра на сьвеце, –

Разважаў спадарожнік Тарас; –

Ня прыкмеціш,

ніяк ня прыкмеціш,

Як мяняюцца людзі і час.

Бачыш там,

Дзе бухмаціцца клён так,

Серабрыцца дзе квецень садоў,

Быў калісьці

Багаты маёнтак

З незапамятных дзён і часоў.

Жыў там

Ян Апанасавіч Сілін.

Ой, і пан быў, –

ня пан – удаў;

Ён сусьвет-бы

ў кішэню зажыліў

І за звонкія-б сонца прадаў.

Мужыка раз

Прыбіў да поўсьмерці,

А за што, братка,

Крыўдна сказаць:

– Што вы, кажа,

Зазналіся, чэрці,

Нават шапку ня хочаце зьняць!..

Што глядзіш так,

Адродак сабачы,

Што?!

Цураешся, быдла, паноў?!

А старык нават сьцежкі ня бачыў

Дзевятнаццаць мо’ нейкіх гадоў.

Час ішоў, –

Не адзін маладзік зьнік,

Шмат сплыло ў нябыцьцё вечароў.

Раз на вёску прыехаў вураднік,

да пана зазваў мужыкоў.

Ў нетрах душ

Невядомасьць гарэла:

Што пан мае,

Што мае сказаць?

А пан выкаціў бочку гарэлкі

І давай мужыкоў частаваць.

Падымаліся,

Бомкалі чаркі,

Залівалі

Надломы душы,

Покуль зор

Залатыя агаркі

Ня зблудзілі ў сьвятальнай цішы.

А як высахлі

Майскія росы,

Вышаў пан…

Пад шалеючы гам

Задуменна дастаў папяросу

І прамову сказаў мужыкам:

– Мы, браткі, –

Хрысьціянскія душы,

Хілім голаў

Ніжэй ад вады,

А нас нехрысьць праклятая душыць,

Нас асецілі сёньня жыды.

Нас асецілі

Шмэркі ды Бэркі…

Дай віна –

Дарагога віна!..

Гэй, выкачывай бочку гарэлкі,

Выпіваемо куфлі да дна!..

Разьміналіся

Звонка бакалы,

Залівалі

Надломы душы,

Покуль золак сівыя туманы

Не разьмёў па вазёрнай цішы.

А як толькі

На раньнія росы

Зараніца цякла з-за гаёў, –

У мястэчку заляскалі косы,

У мястэчку крывавы пагром.

Забражджэлі

Жалезныя брамы,

Зазванілі

Засовы дзьвярэй…

Бачу, Моўша

Ляжыць каля крамы,

А ля Моўшы пяцёра дзяцей…

Эх, вы, любыя,

Як не заплакаць?!

Дарагія,

Ну як-жа, ну як?!

Мае скарбы –

Аборы ды лапці,

Скарбы Моўшы –

Стары лапсярдак.

Разам долі па сьвеце шукалі,

Разам мералі

Жорсткі сусьвет…

Надламілася

Cэрца ад жалю,

Уваччу затуманіўся сьвет…

ІІІ

Усё праходзіць,

Як дым у даліне…

Толькі ў сэрцы

Такая пустош!..

Я ледзь-ледзь

Не павіс на асіне,

А на Сіліна вытачыў нож.

І вось там,

Дзе бухмаціцца клён так,

Дзе пярэсьціцца

Зелень бяроз,

Быў калісьці багаты маёнтак,

А цяпер – багацейшы саўхоз.

Дагарэлі там п’яныя ночы

І ніколі ня вернуцца зноў,

Толькі вецер за брамаю точыць

Дурнап’яны мінулых гадоў.

Хоць палі нашы

Бедны вясною,

Але час наш

Сьвятлей і мілей,

Бо пад нізкай сялянскай страхою

Палымеюць зарніцы надзей.

Хай сягоньня

Сявалкамі вёсен

Сее смуту ў палёх недарод;

Нашы дні –

Ня журботная восень,

Нашы дні –

Грамавы веснаход…

…Ша…

Прыпынак…

Вячэрнія бомы!

І сьвятло залатых ліхтароў…

Захлынуліся вокны вагону

Сіняватым вакзальным агнём.

Менск–Парэчча, 1927 г.

* * *

«Фрагмент паэмы У дарозе, прысвечаны пагрому. Кляшторны зрабіў усё, каб падаць гэта максімальна “нявінна – у тым сэнсе, што апісанне пагрому падаецца не ў нацыянальных катэгорыях, а ў сацыяльных. Найбольшы акцэнт зроблены на гніду, крывасмока-пана. Пагром паказваецца толькі як адна з праяваў нялюдскасці гэтага пана. Але працягнуць тэму ў 1970 годзе [падчас выдання выбраных твораў Кляшторнага ў Мінску] ўсё роўна было абсалютна немагчыма» (з лекцыі Андрэя Хадановіча для праекта «(Не)расстраляная паэзія», 16.11.2017).

Пасляслоўе ад публікатара

Мабыць, не памылюся, калі скажу, што поўны тэкст паэмы перадрукаваны тут упершыню пасля 1928 г., калі ён з’явіўся ў зборніку «Сьветацені». Арфаграфія арыгіналу захаваная. Парэчча, дзе пісалася паэма, – гэта родная вёска Тодара Кляшторнага (на Лепельшчыне).

Твор зацікавіў мяне найперш таму, што цэнтральнае месца ў ім займае карціна антыяўрэйскага пагрому ды яго наступстваў, падкупіла і ясенінская інтанацыя паэта. Пагром апісваецца «з адлегласці» – аўтар як быццам дае зразумець, што ў БССР такога няма і не будзе.

Агулам, схема простая: прадстаўнік ненавіснага царскага рэжыму (ураднік) дамаўляецца з панам-самадурам, апошні нацкоўвае на яўрэяў «сваіх» мужыкоў, ласых да гарэлкі… Яны згаджаюцца біць суседзяў ці то праз рэлігійныя забабоны, ці то праз зайздрасць да «жыдоўскага багацця», ці з абедзвюх прычын. Апавядальніку – напэўна, і аўтару – важна, каб такога не паўтарылася, а падрабязнасці зладзейства, матывы ўчынкаў адыходзяць на задні план і, у рэшце рэшт, застаюцца па-за кадрам. Пагромшчыкі не персаналізуюцца, у творы яны – безаблічны натоўп. Выглядае як дадатковае ім пакаранне…

Дух паэмы адпавядаў кампаніі супраць перажыткаў антысемітызму, што вялася ў Савецкім Саюзе (у тым ліку і ў БССР) у канцы 1920-х гадоў. Насупор таму, што часам пішацца, адносіны яўрэяў і «хрысціянскага насельніцтва» ў тагачаснай савецкай Беларусі з яе НЭПам, беларусізацыяй ды чатырма афіцыйнымі мовамі не былі ідэальнымі, пра што сведчыць і «справа лістападаўцаў» у 1926 г. Разам з тым другая палова 1920-х і пачатак 1930-х выявіліся перыядам, калі беларускія пісьменнікі, бадай, найбольш інтэнсіўна распрацоўвалі яўрэйскія тэмы. Згадаю хаця б паэму Міхася Чарота «Карчма» (1925), апавяданні Міхася Лынькова «Гой», «Беня-балагол» (1926, 1928) і Андрэя Мрыя «Рабін» (1929; у тым жа годзе выйшлі «Запіскі Самсона Самасуя», дзе таксама закраналася тэма дачыненняў беларусаў і яўрэяў), паэмы Юлія Таўбіна «Таўрыда» (1930-1931) і Віктара Казлоўскага «Рахіль» (1932), раман Юркі Віцьбіча «Лшоно Габоо Бійрушалайм» (1933)… Нямала яўрэйскіх персанажаў паказаў тым часам і Змітрок Бядуля (гл. «Салавей», «Язэп Крушынскі», «Набліжэнне»…) – зрэшты, ён пісаў пра яўрэяў на ўсіх этапах сваёй творчасці.

Можна доўга разважаць пра перакліканне паэмы Т. Кляшторнага з некаторымі творамі таго часу – што называецца, упісваць яе ў гістарычны кантэкст. Аднак тут я спынюся; адзначу хіба, што аўтар умела «аправіў» пакутлівыя ўспаміны Тараса 1-й і 3-й часткамі з іхнімі «зарніцамі надзей». Бо аповед спадарожніка ў 2-й частцы ўсё-такі выйшаў надта змрочны – калі звычайныя людзі так лёгка і хутка ператвараюцца ў пагромшчыкаў, то хоцькі-няхоцькі засумняешся ў трываласці дэклараванай «дружбы народаў». Праўда, варта ўлічваць, што замардаваны сталінцамі Тодар Тодаравіч Кляшторны (1903–1937) увогуле быў чалавекам, апантаным трывогай. «Уважлівы чытач знойдзе ў вершах і паэмах Кляшторнага шматлікія матывы віны і раскаяння, злачынства і пакарання, неспакойнага сумлення і ўцёкаў ад сябе…», – пісаў А. Хадановіч.

В. Рубінчык, г. Мінск

Апублiкавана 14.12.2018  07:29