Zingeray у віцебскім музеі Марка Шагала
У межах праекта “Спеўны сход” у Віцебску [29.06.2019] прайшоў Zingeray – свята габрэйскіх песень і танцаў. У Віцебск завітаў Сяржук Доўгушаў, ініцыятар спеўных сходаў, якія папулярызуюць народную песенную культуру, музычны ансамбль Bareznburger Kapeley з Менску і танцмайстарка Наталля Голава з Барысава.
Сустрэча з габрэйскай культурай праходзіла ў знакавым месцы – у дворыку музея Марка Шагала. Гасцей прадставіла віцебская вядучая спеўных сходаў Марына Булатоўская. Яна правяла распеўку, а потым разам з гасцямі віцябляне весяліліся так, нібыта вуліца Пакроўская апынулася ў мінулым часе. Калі ў Віцебску было шмат габрэйскага насельніцтва, а мова ідыш вольна суседнічала з беларускай, польскай, літоўскай ды расейскай, кажа дырэктарка музею Ірына Воранава: – На пачатку 19-га стагоддзя габрэі складалі амаль 60% ад усяго насельніцтва горада, бо праз нас праходзіла рыса аседласці. І наш музей зацікаўлены папулярызаваць габрэйскую культуру ў супольнасці з беларускай, паказваць, што яны блізкія – бо мы заўсёды жылі побач. І мы павінны так і жыць далей.
Для большасці беларусаў габрэйская культура сёння – гэта экзотыка. Для габрэяў беларуская – таксама. Але найстарэйшы артыст габрэйскай самадзейнасці Міхал Саломенскі спадзяецца, што колішняя традыцыя ўзаемапаразумення адродзіцца: – Старыя людзі сыходзяць, моладзь нічога не ведае, шмат людзей раз’ехалася… Усе нацыі здаўна жылі тут разам, і размаўлялі габрэі на беларускай мове, і ўсе адно аднаго разумелі, і ўсё было добра. І вы бачыце, як сёння ўсё добра, гэта пачатак адраджэння традыцый, гэта проста свята!
Найбліжэйшая падобная імпрэза адбудзецца ў музейным дворыку 7 ліпеня – у дзень народзінаў Марка Шагала. Арганізатары рыхтуюць вялікую канцэртную праграму, і гледачы таксама змогуць далучацца да яе ў якасці танцораў і спевакоў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтаркі
Па стане на 05.08.2019. No comments.
***
Zingeray сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў
Спеўны сход у Гомелі Zingeray сабраў [04.08.2019] рэкордную колькасць удзельнікаў у параўнанні з іншымі гарадамі. Больш за 150 чалавек сабраліся каля філіяла Веткаўскага музея, каб праспяваць разам габрэйскія песні на ідыш і іўрыце, а таксама па-беларуску.
Лідар гурта Vuraj і арганізатар Спеўных сходаў Сяржук Доўгушаў распавёў пра ідэю стварэння праекта Zingeray. – Я нейкі час падарожнічаў па ЗША і там пазнаёміўся шмат з габрэямі, якія эмігравалі менавіта з Беларусі і я падумаў зрабіць адраджэнне традыцый. Беларусь – гэта краіна, дзе не толькі спявалі па-беларуску, а гэта шматкультурніцкі край, у якім можна было ў свой час пачуць і мову ідыш. І вырашылі пачаць аднаўляць гэтую традыцыю, традыцыю мястэчкаў і гарадоў і пазнаёміцца з традыцыяй габрэйскіх песень. Бібліятэкар і этнограф Алена Ведзь гаворыць, што ў ХХ стагоддзі габрэі займалі значную частку насельніцтва Беларусі.
– Таму габрэй успрымаўся як нешта сваё роднае. А габрэі знаходзіліся ў так званай мяжы аселасці. Іх гналі з Еўропы, там пачаліся якраз супрацьгабрэйскія настроі. У саму Расею не пусцілі, і мяжа аселасці праходзіла па Беларусі і па Украіне. Нават у сярэдзіне ХХ стагоддзя адукаваныя людзі былі прадстаўленыя, як правіла, габрэямі. У той жа абласной бібліятэцы ў сярэдзіне ХХ стагоддзя 90% супрацоўнікаў – гэта габрэі.
Арганізатары праекту Zingeray спадзяюцца, што Спеўныя сходы стануць традыцыйнымі ў Гомелі.
Апублiкавана 05.08.2019 14:49
Дапаўненне