Tag Archives: Дебора Берман

Нам пішуць (пра яўрэяў Гарадзеі)

Вітаю, шаноўнае спадарства.

Ёсць на беларускай мапе мясціна пад назвай Гарадзея (Нясвіжскі раён, Мінская вобласць).

У тым месцы кіпела людское жыццё, але пасля «гарaдзейскага» Халакоста памяць пра мінулае там была страчана.

Таму толькі з цягам часу і пры вялікім жаданні можна аднавіць некаторыя падзеі.

Каб не згубіць тое, што мелі, і тое, што засталося, дасылаю да вас свой ліст.

З павагай,

Наталля Апацкая

* * *

Маленькае мястэчка з вялікай гісторыяй. Штэтл Гарадзея

У канцы дзевятнаццатага і ў першай палове дваццатага стагоддзя Гарадзея (зараз гэта Нясвіжскі раён Мінскай вобласці), як і многія іншыя мястэчкі Беларусі, была хутчэй габрэйскім, чым беларускім ці польскім паселішчам.

Першае з’яўленне габрэяў на тэрыторыі Гарадзеі адзначаецца ў 1808 годзе. Менавіта ў гэты час была пабудавана сінагога ва ўрочышчы Урвант, дзе размяшчалася першае габрэйскае пасяленне.

Cінагога, здымак да 1921 г.

Калі габрэі перабраліся ў сучасны цэнтр Гарадзеі, нам не вядома. Але вядома, што сацыяльна-эканамічнае жыццё Гарадзеі віравала вакол гандлёвага пляца, духоўным жа агмянём у мястэчку з’яўлялася сінагога.

Пасля чарговага перасялення габрэям быў патрэбны і свой малітоўны дом, бо старая сінагога знаходзілася надта далека ад месца, дзе яны атабарыліся.

Па стане на 1921 г. у мястэчку Гарадзея налічвалася дзве сінагогі. Адна стаяла пры чыгунцы – гэта была камяніца вялікіх памераў, яна не захавалася да нашага часу. Другая сінагога была пабудавана на вуліцы Шашэйнай. Зараз гэты будынак стаіць за брацкай магілай. Наконт таго, ці з’яўляўся ён сінагогай, вялося нямала спрэчак. Пісьмовага пацвярджэння таму няма, і нават многія жыхары Гарадзеі не ведаюць, што гэта за будынак. У 1960-х гадах у ім мясцілася крама «Культмаг». Калі звярнуцца да месца размяшчэння самой пабудовы, то будынак стаіць на самым высокім месцы, а менавіта на гарадзейскай горцы, і звернуты фасадам на ўсход.

Сінагога па вуліцы Шашэйнай, 2014 г.

Ёсць яшчэ адзін цікавы момант у пабудове Гарадзейскай сінагогі – гэта сам фасад. Калі добра прыгледзецца да фасаднай часткі будынка, то можна заўважыць, што цэнтральнае яго вакно было калісьці галоўным уваходам у будынак. А наяўнасць прыступак пад вакном тое пацвярджае.

Няможна пакінуць без увагі дэкаратыўны элемент над сярэднім вакном (галоўным уваходам) Гарадзейскай сінагогі. На фасадах сінагог часта змяшчалі традыцыйныя габрэйскія знакі – мянору, сімвалічныя Скрыжалі Запавету, зорку Давiда. Часам фасады распісваліся традыцыйнымі біблейскімі сюжэтамі, выявамі пары львоў, кароны і розных атрыбутаў месіянскага часу.

На першы погляд, гэта цырыманіяльная арка нічога не можа нам нагадваць. Аднак, звярнуўшыся да крыніц, мы даведаемся, што гэты элемент носіць назву «апсіда арон-кодэша». Арон-койдэш (Каўчэг запавету) заўсёды размяшчаецца каля ўсходняй сцяны сінагогі. Гэты будынак – ледзь не адзінае, што засталося нам у памяць аб тых людзях, якія шанавалі сваю веру і будавалі сваё жыццё ў нашым краі.

Рабін мястэчка Гарадзея

У кожным маленькім мястэчку рабін быў вельмі заўважнай асобай, прыцягваў увагу ўсяго насельніцтва. Жыхары Гарадзеі увесь час звярталіся да яго, ён быў адной з галоўных «цікавостак» іхняга жыцця.

Рабін Эліяху Перэльман быў сынам знакамітага Йерухама Йехуды-Лейба Перэльмана (1835—1896), буйнога рэлігійнага дзеяча, аднаго з правадыроў літвацкага габрэйства. Ён набыў славу як галоўны рабін Мінска (1883—1896) і кіраўнік мінскага ешыбота, г. зн. габрэйскай рэлігійнай навучальнай установы. Рабіна Перэльмана ведалі таксама пад мянушкай «Гадоль мі-Мінск», што азначае «Вялікі (Волат) з Мінска». Гл.: www.istok.ru/library/168-gadol-iz-minska-1-predislovie-k-russkomu-izdaniyu.html

Эліяху (Ілля) Перэльман нарадзіўся ў 1867 годзе ў Сяльцах, калі яго бацька толькі пачынаў працаваць рабінам у тых месцах. Разам са сваім старэйшым братам Шломам Эліяху Перэльман пайшоў вучыцца ў Валожынскі ешыбот. Калі яны з братам, узбагачаныя глыбокімі ведамі Талмуда і кніг законавучыцеляў, вярнуліся з Валожына, бацька пагадзіўся запрасіць для іх у выкладчыкі па свецкіх прадметах аднаго са студэнтаў-габрэяў, далёкага ад свайго народа і веры.

Йерухам Перэльман, будучы свяцілам іудаізму, хацеў, каб яго дзеці набылі вопыт зносін з «недавяркамі» і ў стане былі даваць адпор «вятрам сучаснасці». Для сваіх сыноў ён запрашаў самых лепшых настаўнікаў, якіх толькі мог знайсці, і плаціў ім нават больш, чым самыя заможныя жыхары горада. Раў Йерухам вельмі любіў сваіх дзяцей, але і гэтая любоў была ўведзена ў рамкі, акрэсленыя канонамі. Усё ж Гадоль ніколі не губляў пільнасці; штораз, калі ў хаце з’яўляліся новыя настаўнікі, ён уважліва ўглядаўся ў сэрцы дзяцей і «сачыў, куды ступаюць іх ногі» – ці не адбылося нейкіх змен да кепскага ў іхніх поглядах і паводзінах.

У 1893 годзе, калі Эліяху споўнілася 23 года, ён ажаніўся з Хасяй Бройдэ – дачкой шанаванага рабіна Дова Бройдэ з Тэлза. Шлюб прайшоў на радзіме яго жонкі, у горадзе Тэлз (Цельшы). У 1899 годзе Эліяху Перэльман атрымаў тытул «аў бэйс-дын» (кіраўнік рабінскага суда) Гарадзеі. Як пісаў аб ім яго былы настаўнік і лепшы сябар яго бацькі, рабі Меір Гальперын: «Выбітны знавец Торы, ён валодаў выдатным характарам і быў надзвычай далікатным. Рабі Эліяху нагадвае бацьку і сваім імкненнем да праўды, і стараннасцю пры вывучэнні Торы, і бесстароннім стылем камунікавання з уладнымі людзьмі. Ён сціплы і пакорлівы чалавек, яго голасу не пачуеш на вуліцы – і толькі пры блізкім знаёмстве робіцца зразумела, наколькі ён вывучыў усе падзелы Торы, да якой ступені глыбока яго разуменне спадчыны мудрацоў, наколькі вялізная яго эрудыцыя ў габрэйскім заканадаўстве… Словам, ён захоўвае ў сабе значна больш, чым можна заўважыць з боку».

Вядома, што бацька Эліяху, Гадоль, ганарыўся сынам і любіў яго асабліва моцна. У рабіна Эліяху засталіся рукапісы бацькі, ён з вялікай дбайнасцю займаўся іх рэдагаваннем і рыхтаваў да друку. У кнігу рабі Гадоля было ўлучана мноства яго нататак. Скончылася жыццё Эліяху Перэльмана пад час Гарадзейскага халакоста, у 1942 годзе. https://yvng.yadvashem.org/nameDetails.html?language=en&itemId=1028594&ind=2

Дачку Эліяху Перэльмана звалі Гітл (Гіта), прозвішча пасля замужжа змянілася на Йогель. У пошуках ратавальнага сродку для яе і для сямігадовага сына Гіта Йогель папрасіла пашпарт замежнай дзяржавы.

У траўні 1942 года ў Жэневу прыбыў гаіцянскі пашпарт на яе імя. У сваім лісце гаіцянскі консул вітаў Гіту са сваёй рэзідэнцыі ў Парагваі і выказаў надзею, што пашпарт дазволіць ёй «перабрацца на Гаіці, каб завяршыць працэдуры натуралізацыі». Гэта надзея была марная. Праз два месяцы, 18 ліпеня 1942 года, габрэі Гарадзеі былі вывезены на базарную плошчу. Некаторых забілі на месцы, іншыя былі пастраляныя ў суседніх ямах. Невядома, што здарылася з Гітл і яе сынам. Гл.: http://www.gfh.org.il/?CategoryID=500&ArticleID=2304

Другі сын Эліяху Перэльмана – Йерухам-Лейб Перэльман – нарадзіўся ў 1897 годзе ў Гарадзеі. Праз некаторы час ён перабраўся жыць у польскую Лодзь. Там ён працаваў настаўнікам, а потым ажаніўся з Дэборай Берман, 1897 г. н., яна была родам з Лодзі. Яе бацькоў звалі Бэньямін і Іта. Дэбора была хатняй гаспадыняй. Падчас вайны яго сям’я вырашыла перабрацца ў Вільню. У Вільні, яны загінулі ў 1942 г.: https://yvng.yadvashem.org/nameDetails.html?language=en&itemId=1018206&ind=5

Вось так склалася жыццё Эліяху Перэльмана і яго сям’і. Ёсць звесткі, што яшчэ аднаму сыну рабіна ўсё ж удалося выжыць. Гэты сын, Мардэхай Перэльман, ажаніўся з Блюмай. У іх была дачка Хася (Ася) Перэльман-Каніц – унучка апошняга нашчадка рава Эліяху Перэльмана, якая памерла ў Ізраілі.

Апублiкавана 12.12.2018  14:39