От ужо дапраўды «цоеўскі» месяц… Увага да Віктара Цоя (1962–1990) і яго песень як бы пацвярджае думку Данііла Хармса (1905–1942) пра тое, што нябожчыкі – так сабе народ: «Их зря называют покойники, они скорее беспокойники».
Плакат у Мінску, 30.08.2020
22 мая 2020 г. Сяргей Чэрачань вырашыў быў утылізаваць славутую песню Цоя:
Атрымалася не надта (мажліва, «Чэ» забыўся, у якім годзе не стала В. Цоя; а мо нешта ведае пра яго зямное жыццё ў 1990–2000 гг., тады чаму не падзяліўся? :)). Але палітык-пачатковец не закінуў свае спробы і зрабіў «Хачу перамен» гімнам сваёй кампаніі. Прынамсі так яна ў пачатку жніўня прэзентавалася на яго афіцыйным сайце cherechen.by – цяпер ужо не…
Дыджэяў Галанава & Сакалоўскага, якія ўключалі «Перамен!» ля мінскага кінатэатра «Кіеў» 06.08.2020, здаецца, такі выціснулі з краіны – больш за тыдзень яны знаходзяцца ў Літве. Аднак гэта не замінае жыхарам квартальчыка, што мяжуе з нашай Каштанаўкай (гмахі па вул. Чарвякова, 62, Смаргоўскі тракт, 1 і 3), рупліва аднаўляць мурал, прысвечаны смеламу ўчынку. Першы раз выява з’явілася ў раёне 17 жніўня і была знішчана на ранку 19-га. Другі раз – 22-га, пратрымалася да 27-га. Зноў убачыў яе на ранку 30.08.2020, i сцяг над будкай пакуль што лунае.
Фота 31.08.2020; гэта не першы жарт з разбуральнікаў
Як дасціпна пазначыла «Хартыя», лік цяпер 3:2 на карысць жыхароў квартала. Я паставіў бы на канчатковую перамогу Смаргоўкі ў гэтым «матчы», які інтрыгуе болей, чым усе будучыя заявы «Каардынацыйнай рады».
Тым часам прэм’еру кінафільма «Цой» (рэжысёр – Аляксей Учыцель), якая планавалася на 27 жніўня, а потым на 3 верасня г. г., перанеслі на нявызначаны тэрмін. Добра, што хоць «Канец канікул» Сяргея Лысенкі застаецца з намі…
https://www.youtube.com/watch?reload=9&v=oj5ITBQMYxc
Фільм здымаўся ў Кіеве-1986. Цешыць, што сёлета кіеўскія дэпутаты надалі статус батанічнага помніка дрэву, якое шматкроць трапляла ў кадр і сталася культавым для фанатаў гурта «Кіно».
Кіеўская вярба і мінскі каштан
Меў бы паўнамоцтвы – надаў бы ахоўны статус конскаму каштану, што перад «караткевіцкім» пад’ездам па вул. В. Харужай, 48. Дрэву каля 50 год (каштаны жывуць па 200-300), і Уладзімір Караткевіч калі не адпачываў у яго цені, то як мінімум глядзеў на саджанец з балкона. Няйначай гэтае дрэва натхняла пісьменніка ў час працы над аповесцю «Лісце каштанаў» (1972)!
Вынікі палітычных баталій падводзіць пакуль што рана, але я – незалежна ад расійскай пралукашэнскай прапаганды, якую выкрываў Максім Кац тыдзень таму – схіляюся да думкі, што адміністрацыя РБ у цэлым адбіла пратэстныя хвалі. З другога боку, большасць нездаволеных нарэшце пачала ўсведамляць, што яна – большасць, і пасля «работы над памылкамі» будзе здольная рэальна змяніць хаду гісторыі.
Гэтым разам поспехі не былі развітыя, сярод іншага, праз недасведчанасць лідараў. Так, у пратэстаў былі і павінны быць кіраўнікі; формула «кожны сам сабе лідар» працуе толькі да пары, да часу. Асобныя эпізоды паказалі, што сіла пратэстоўцаў недаацэньвалася (у тым жа Кіеўскім скверы 6 жніўня можна было дасягнуць большага), а некаторыя – што яна пераацэньвалася.
Адным з пабочных вынікаў пераацэнкі сіл была ўтапічнасць мэтаў. Як ужо адзначалася, «агульнага страйку» з 11 жніўня не выйшла.
Улёткі, зафіксаваныя 10.08.2020 (вул. Чарвякова) і 18.08.2020 (вул. Ракаўская)
Няясна, адкуль «обер-аналітык» Пётр Р. 25 жніўня ўзяў звесткі пра спробу супраціву «з боку тысячы дзяржаўных прадпрыемстваў, каб такім чынам паўплываць, каб у Беларусі вярнуць вяршэнства закона». Намаганні супрацоўнікаў пары дзясяткаў буйных прадпрыемстваў (можа, мелася на ўвазе, што супрацоўнікаў былі «тысячы»?) прагнаць «вялікага боса» выглядалі эфектна, але чыноўнікам пакрысе ўдалося здушыць іх – дзе ўгаворамі, дзе кропкавымі рэпрэсіямі… Старшыню страйкавага камітэта на «Гродна Азоце» Юрыя Рававога, не раўнуючы тых дыджэяў, выціснулі за мяжу; яго калегу з Мінскага трактарнага завода Сяргея Дылеўскага ў той жа дзень (24.08.2020) кінулі за краты на 10 сутак… Мінуў тыдзень, але дабіцца яго вызвалення таварышы не здолелі.
Улады паказалі, што членства ў «Каардынацыйнай радзе», і нават у яе прэзідыуме, не бароніць ад пераследу… 🙁 Уразіла і сама Рада, якая ціха ператварылася з органа «па забеспячэнні трансферу ўлады» (мэту абвясціла Святлана Ціханоўская 14 жніўня, і гэта гучала цягам некалькі дзён) у орган для «арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу» – гэткае грувасткае і цьмянае мэтавызначэнне з’явілася на сайце КР у апошняй дэкадзе жніўня.
Зразумела, што члены КР меліся падстрахавацца, асабліва пасля ўзбуджэння «вялацякучай» крымінальнай справы 20 жніўня… Аднак змена цэтліка сведчыць і пра тое, што дарэчны момант для змены ўлады пасля 9 жніўня быў, аб’ектыўна кажучы, упушчаны. Меў рацыю былы часовы павераны Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч:
Трэба было б засяродзіцца на рабоце з працоўнымі калектывамі буйных дзяржпрадпрыемстваў. Мы бачым, што нават на [вулічныя] акцыі з удзелам соцень тысяч чалавек улады не рэагуюць. Але варта было супрацоўнікам МТЗ выказаць пазіцыю, як Качанава паспяшалася заявіць, што голас рабочых пачуты.
Дык чаму не рухаць пратэстны рух у гэтым кірунку? Тым, хто прэтэндуе на лідарства, варта было б наладзіць «поўны» кантакт з рабочымі буйных прадпрыемстваў і ўнікнуць у іх праблемы ды страхі, якія перашкаджаюць страйку. Каб людзі не баяліся звальненняў, каб мелі гарантыі не дэклараваныя, а рэальныя – каб дэклараваная дапамога пачала паступаць.
П. Мацукевіч сышоў з дзяржслужбы ў гэтым жніўні. Фота адсюль
Са школьнай праграмы памятаю, што ледзь не галоўнай прычынай паразы рэвалюцыі 1905 г. у Расіі быў брак дамоўленасці паміж рабочымі і сялянамі. У Беларусі, выглядае, гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу – «белыя каўнерыкі» і самазанятыя, што складаюць рухаючую сілу нашай «рэвалюцыі», не дамовіліся як след з «сінімі каўнерыкамі»… Мажліва, усё яшчэ наперадзе, але прызнайма, што за апошні тыдзень рэакцыянеры скарысталі з памылак «прагрэсіўных колаў» і адваявалі сабе нямала прасторы.
Сярод яўных абмылаў – выказванне «старэйшыны» Каардынацыйнай рады аб тым, што Пуцін мае весці перамовы з Лукашэнкам, каб той пайшоў на саступкі. Сумнеўную ідэю наконт адклікання дэпутатаў мясцовых саветаў і палаты прадстаўнікоў (які сэнс марнаваць высілкі выбаршчыкаў, пакуль не адпраўлены ў адстаўку цяперашні Цэнтрвыбаркам?) раскрытыкаваў і П. Мацукевіч. Апошняя па ліку, але не па значнасці, памылка – заява 25.08.2020 пра тое, што статус цяперашняга беларускага ўрада спрэчны; маўляў, пасля выбараў не адбылося інаўгурацыі, «аднак ужо 19 жніўня прэзідэнт прызначыў новы ўрад». Гэтая «крытычная» прамова ў выкананні Марыі К. фактычна значыла згоду з перамогай Лукашэнкі, названага «прэзідэнтам»; тое, што Рада не абвергла заяву сваёй спікеркі, навявае сум…
Уладны «наезд» на недзяржаўныя СМІ, у прыватнасці, на «Комсомольскую правду», спярша маскіраваўся пад паломку друкарскага абсталявання, з-за якой газета 18.08.2020 быццам бы не дайшла да чытачоў. Ну, чыста гісторыя з невыданнем «Чукокалы», апісаная ўнучкай Карнея Чукоўскага Аленай (і Уладзімірам Вайновічам у «Іванькіядзе») – «у друкарні абвалілася столь». Хоць бы праз паўстагоддзя штось новае прыдумалі!
Неўзабаве, пасля некалькіх нявыхадаў «КП», а таксама «Народнай волі», «Cвободных новостей» і «БелГазеты», паводзіны «Беларускага дома друку» – «флагмана паліграфічнай прамысловасці Беларусі» – зусім праясніліся. Для даведкі, генеральным дырэктарам прадпрыемства, якое ўзяло на сябе цэнзарскія функцыі ды запусціла «дурачку», у канцы жніўня 2020 г. быў Раман Сцяпанавіч Алейнік. Ці давераць яму кіраўніцтва хаця б капіравальным апаратам пасля «змены дэкарацый»?
«КП» і «Народная воля» знайшлі выдаўца ў Маскве, але прадпрыемства «Белсаюздрук» (гендыр – Ігар Віктаравіч Дудзіч) адмовілася браць тыраж у продаж. У Мінску я сам на мінулым тыдні сутыкнуўся з адсутнасцю патрэбных газет у кіёсках. Друкаваная прэса і так ледзь ліпіць у Беларусі, а тут яшчэ спецаперацыя, выканаўцамі якой сталіся «галоўная друкарня» і «галоўныя распаўсюднікі» (далучылася «Белпошта»). Замоўцаў, вядома, трэба шукаць у «Чырвоным доме» па вул. К. Маркса, 38; многае пра новы «наезд» на СМІ, які ўключае і блакіроўку сайтаў naviny.by ды nn.by, маглі б расказаць таксама чыноўнікі міністэрства інфармацыі на чале з Луцкім.
У выніку пазапланавай праверкі, з якой дзяржкантроль прыйшоў у рэдакцыю «Камсамолкі» 26 жніўня, газета праз колькі дзён была вымушана змяніць рэдактара… Суцяшае хіба тое, што «крамольныя» нумары (з расповедамі пра жудкія наступствы першага «паслявыбарнага» тыдня) у электронным выглядзе можна знайсці тутака. Ды не ўсім зручна чытаць з камп’ютара.
Часам проста дзівуешся, колькі ж дрэні сабралося ў Сінявокай за апошнія 25 год. Крыўдна, што гэтая дрэнь, хоць яна і ў меншасці, адкрыта плюе ў вочы большасці, практыкуючы прынцып «сваім – усё, чужым – закон» (прычым закон тут бачыцца не як шматбаковы рэгулятар грамадскіх адносін, а як прылада для пакарання).
У нечым разумею «галоўнага палітыка» – ён прынамсі чалавек паслядоўны, і ад самага пачатку дэманстраваў, што мэтазгоднасць для яго вышэйшая за крымінальны кодэкс (збіццё трактарыста ў 1989 г. як бы намякала). Але нязменна шакіруюць «галоўныя юрысты» – стойкія абаронцы ладу, пры якім зневажаецца сама сутнасць права. Гаворка перадусім пра старшыню Цэнтрвыбаркама, генеральнага пракурора, старшыню Канстытуцыйнага суда і старшыню Вярхоўнага суда.
Даўно не маю ні ілюзій, ні павагі да «мадам Ярмо» і генпракурора, які заплюшчваў вочы на дзеянні садыстаў з МУС (але 20 жніўня кінуўся з крымінальнай справай на толькі што створаную каардынацыйную раду, якая нібыта выношвала «захоп дзяржаўнай улады і шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). А што ж двое вопытных суддзяў, якія дасягнулі ўзросту, калі час ужо думаць пра вечнае?..
Пётр Міклашэвіч не пасаромеўся заявіць 25.08.2020, што стварэнне каардынацыйнай рады «неканстытуцыйна», бо «Канстытуцыя не прадугледжвае магчымасці стварэння грамадскіх органаў і арганізацый, правамоцных пераглядаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў». Паводле гэтай жа логікі «неканстытуцыйна» хварэць на COVID-19, купляць газеты ў кіёсках і назіраць за захадам сонца – усяго гэтага Канстытуцыя «не прадугледжвае». Харош і «Інтэрфакс» з загалоўкам: «КС Белоруссии признал совет оппозиции неконституционным» – у двух радках мінімум тры памылкі (ну, па-першае, тут меркаванне старшыні суда, а не судовае рашэнне…).
Некаторыя пасля 14 жніўня (дзень абвяшчэння «канчатковых вынікаў выбараў») спадзяваліся яшчэ на Вярхоўны суд і на яго старшыню Валянціна Сукалу – ох, наіўнасць… Суддзі Вярхоўнага суда, прызначаныя Лукашэнкам, разгледзелі скаргі экс-кандыдатаў у прэзідэнты на дзеянні Цэнтральнай выбарчай камісіі, склад якой прызначыў той жа Лукашэнка… Рашэнні суддзяў, прынятыя 25.08.2020, зводзяцца да таго, што, раз ЦВК не лічыць выбары неадбытымі, яны адбытыя. Як у тым анекдоце: «Падсудны, прызнаяце сябе вінаватым? – Нэт! – Што ж, на нэт і суда нэт… Aпраўданы». Затое 31 жніўня Сукала пахваліўся: «Судовая сістэма выконвае тыя канстытуцыйныя абавязкі, якія на яе ўскладзены».
Сістэма настолькі дэградавала, што я не здзіўлюся, калі ў новым варыянце Канстытуцыі будзе сказана: «Забараняецца абскарджваць у судзе рашэнні, прынятыя органамі, што падпарадкоўваюцца Прэзідэнту» (мо ўставяць «Горача Любімаму»). Яшчэ прасцей было б суздром ліквідаваць суды, перадаўшы іх функцыі Лукашэнку ды пешкам з яго «вертыкалі». Тады першы прэзідэнт мог бы адчуць сябе не толькі аўтаматчыкам, як у канцы жніўня 2020 г., але і царом Саламонам. Праўда, яшчэ пытанне, ці ведае гэты нябога, ад якога паціху адплывае ўжо і амерыканскі прыхільнік Грыша Іофе («26 гадоў ва ўладзе – мнагавата ў любым выпадку»), хто такі Саламон…
Вольф Рубінчык, г. Мінск
31.08.2020
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 31.08.2020 20:42