Tag Archives: Белла Шпинер

В. Рубінчык. Сістэма зменіцца!

Не цяпер, дык у чацвер

Усім прывітанне. Мінулым разам я падкрэсліваў: не відаць, каб сістэма дзяржкіравання і адносіны «дзяржава-грамадства» значна змяніліся ў Беларусі за апошнія 8 месяцаў, г. зн. пасля «выбараў» 09.08.2020. Агмяні хваляванняў per fas et nefas удалося лакалізаваць, і вось ужо ў сваім «палітблогу № 2» Андрэй Казакевіч падводзіць да думкі, што адміністрацыя РБ працісне свой праект Канстытуцыі, не раючыся з альтэрнатыўнымі сіламі.

https://www.youtube.com/watch?v=qAEVsrKstfg&t=5s

14:36 і далей. Прыемна, што прамоўца замяніў тэрмін «апазіцыя» на «альтэрнатыўныя [палітычныя] сілы», як і было прапанавана

Так, пазначаны варыянт канстытуцыйнай рэформы найбольш імаверны: знакам тым, яе змест i працэдура звядуцца да звыклай формулы «мяняць, нічога не мяняючы». Выходзіць, як мінімум паспяшаўся той жа А. К. у ліпені 2020 г. прадказваць, што «У тым выглядзе, у якім сістэма існавала да гэтага часу, яна больш існаваць не будзе. Яе давядзецца перабудоўваць… без аніякага плану».

Ад сваіх слоў пра касметычныя змены і бюракратычную валтузню не адмаўляюся, але! Становішча ў краіне цяпер такое, што і фармальныя, падкантрольныя інстытуцыі здольныя выйсці з-пад кантролю (успомнім, як паводзіў сябе Вярхоўны Савет у БССР – і яго аналагі ў іншых еўрапейскіх рэспубліках – у апошнія гады існавання Савецкага Саюза). Таму нават мінімальны пераход паўнамоцтваў ад «в. а. цара» да органаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, я б асцярожна вітаў. І ўзмацненне ролі палітычных партый – таксама.

А. Казакевіч сцвярджаў летась, што «ўлады ў нас заўсёды баяліся весці складаную палітычную гульню», дый «кампетэнцыі дзеючай бюракратыі і самога прэзідэнта», маўляў, перашкаджаюць зрабіць сістэму «больш плюралістычнай». Усё ж нават у ХХІ ст. ніжняя палата «парламента» ў Сінявокай не была дазвання стэрыльнай, а ў 2016–2019 гг. «істэблішмент» неяк трываў у складзе «палаткі» Алену Анісім і Ганну Канапацкую – дам, якія час ад часу псавалі настрой чыноўнікам праз непрыемныя пытанні.

Агулам я б устрымаўся ад недаацэнкі інтэлектуальных здольнасцей «верхавіны» рэжыму, і не стаў бы следам за брытанска-нідэрландскім даследчыкам Мэт’ю Фрыарам паўтараць, што «ў рэжыму скончыліся хітрыкі і перавагі, якімі ён мог карыстацца для адаптацыі». Дапусцім, «той лагер» жывіцца пераважна статкавымі інстынктамі, але ачолены ён «ваўкамі» ды «лісамі», якія шчэ здольныя на шматлікія выкрунтасы, каб утрымацца ва ўладзе.

Не блізкі мне і пацаваты аптымізм а-ля Андрэй Шуман… Гэты філосаф, пазнаёміўшыся з даследаваннем нямецкага інстытута ZoiS (згадвалася тут), чамусьці зрабіў алагічную выснову, што «Лукашэнка мусіў быў прайграць Ціханоўскай ужо ў першым туры». Пры тым, што апытанні ZoiS ладзіліся ў снежні 2020 г. сярод жыхароў сярэдніх і буйных гарадоў, не закранаючы грамадзян ва ўзросце 64 гады і болей. Іначай кажучы, даследаванне ахоплівала, апрыёры, найбольш актыўную частку насельніцтва РБ (55-60%)… I нават сярод гэтых «вяршкоў» Ціханоўская збірала – у снежні! – усяго 52,5%.

Альтэрнатыва «адзінаму палітыку» ў Беларусі па-ранейшаму цьмяная. Персаніфікаваць яе – «хлопотное дельце»: часткова з-за рэпрэсій, якія абрынаюцца на людзей з рэальнымі і патэнцыйнымі лідэрскімі якасцямі, часткова з-за стратэгічных памылак тых, хто кінуў выклік рэжыму. Пэўна, разумеючы гэта, «цяжкавагавікі» Віктар Бабарыка і Павел Латушка заклікаюць да стварэння новых партый, хоць на сёння іх рэгістрацыя бачыцца ўкрай праблематычнай. Але, мажліва, у стратэгічным плане гэткае «партбудаўніцтва» з турмы (Бабарыка) і з замежжа (Латушка) усё-такі акупіцца. Самацытата з тэксту ад 15.06.2018:

Попыт у Беларусі на партыйную сістэму, адрозна ад першых лукашэнскіх гадоў, цяпер ужо ёсць. У грамадстве па меры развіцця капіталізму – амаль паводле дзеда-Леніна – нарастаюць супярэчнасці і фармуюцца групы ціску. Аптымальнай сталася б двухпартыйная сістэма а-ля ЗША або Вялікабрытанія. Мазаіка а-ля цяперашні Ізраіль з яго крохкімі кааліцыямі, а пагатоў італьянская палітчахарда тут непамысныя, бо выдаткі на «згладжванне вуглоў» акажуцца завялікімі. У горшым выпадку зноў забуяе аднапартыйнасць з дэкарацыйнымі карлікавымі парцейкамі (зірнем на КНР).

Хутчэй за ўсё, менавіта Паднябесную і бяруць за ўзор тутэйшыя паліттэхнолагі, не грэбуючы таксама досведам РФ. Ergo, будзе «партыя ўлады» (ПУ), якой адыдуць многія месцы ў «парламенце», мясцовых саветах, а нават і міністэрствах. Іншым партыям застануцца «агрызкі з гаспадарскага стала», прычым «радыкалаў» ад яго зусім адсякуць (ну, хіба што пасля перарэгістрацыі пакінуць адзін БНФ як «хлопчыка для біцця»).

Можна дапусціць, што ПУ – або асобным яе фракцыям – з цягам часу наканавана прыняць дыстанцыю ад «галоўнакамандуючага», які зрабіўся ў апошнюю пяцігодку надта ўжо таксічнай постаццю. «Ператрахванні» кадраў з нагоды і без, абразлівыя выказванні зрабіліся пагалоскай; многія з іх не патлумачыць рацыянальна, хіба што пры дапамозе інструментарыя д-ра Шчыгельскага… «Нумар 1», выглядае, набліжаецца да стану Іосіфа Вісарыёныча, якому ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х мроіліся розныя змовы.

«Перастаноўка ложкаў у бардэлі» прадказальна вядзе да правалаў – асабліва ў амбітных, рэсурсаёмістых праектах. От было дзеля чаго ў 2011 г. разбураць помнік архітэктуры – будынак першай мінскай электрастанцыі канца ХIX ст.!

Апрача Лукашэнкі-старэйшага, руку да зносу не маглі не прыкласці тагачасныя старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька і міністр культуры Павел Латушка (так, той самы). Каля цырка, у самым цэнтры сталіцы, збіраліся будаваць офісы і гатэль, але… Пачытаем артыкул Мікалая Градзюшкі з «Анлайнера» (03.10.2018):

Сама будоўля ператварылася ў нейкую бязглуздзіцу. Спачатку былі сарваныя ўсе тэрміны (здаць гатэль хацелі яшчэ к чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе), потым цэнтральны офіс кампаніі Kempinski адхрысціўся ад аб’екта ў Мінску. Некалькі гадоў будоўля стайма стаяла, пакуль праблемны аб’ект не быў прададзены расійскаму Ашчадбанку. Указам прэзідэнта вызначаны новы тэрмін — 2020 год.

Ці трэба дадаваць, што і к канцу першага квартала 2021 г. аб’ект не быў здадзены ў эксплуатацыю?

Падобная карціна – у іншай частцы «галоўнага праспекта краіны», дзе гадоў 7 таму знеслі ўтульны аўтавакзал «Маскоўскі» (на здымку А. Лычаўкі) пад абяцанкі расійскай фірмы. Петыцыя супраць зносу не дапамагла. Указам ад 04.04.2013 прадугледжвалася заканчэнне работ у 2018 г., а ў тым годзе «самі-ведаеце-хто» чарговым указам перанёс заканчэнне на 2020-ы. Пакалупаліся газпромаўцы з будоўляй, надоўга яе прыпынілі… Толькі цяпер быццам бы аднаўляюць: «Будаўніцтва развіваецца не так хутка, як хацелася б. Асноўная прычына – недаацэнка інвестарам сітуацыі на пляцоўцы», будзе казаць гарадскі чыноўнік (05.02.2021).

І з «нацыянальным футбольным стадыёнам» (не)вясёлая гісторыя… Хацелі ўлады пабудаваць яго яшчэ ў канцы 2000-х – літоўскі бізнэсмен «раптам» адмовіўся. У ліпені 2014 г. з’явіўся ўказ прэзідэнта, паводле якога шматфункцыянальны комплекс, у тым ліку супермегастадыён, мусіў быць узведзены да 31.12.2018. Зноўку фэйл… У 2017 г. у гульню ўступілі «жалезныя браты» – не ведаю, што яны напяялі «галоўнаму», але ў чэрвені 2018 г. ён падпісаў указ «Аб падрыхтоўцы тэрыторый» для пабудовы кітайскім інвестарам нацыянальнага стадыёна і басейна. А ў маі 2019 г. заявіў: «Мы гэта ў бліжэйшыя два гады зробім».

Неўзабаве нават да «галоўнага» дайшло, што ні ў маі, ні ў чэрвені 2021 г. згаданыя аб’екты завершаны не будуць. Магчыма, іх адкрыццё адбудзецца ў 2023-м; урад КНР быццам бы зробіць нам «падарунак», як рабіў Габону, Замбіі, Мазамбіку…

Нават калі ўласна стадыён на 33 тыс. месцаў нічога не будзе каштаваць Беларусі, яго далейшы лёс выклікае пытанні. Якасць футболу ў РБ за апошнія дзесяцігоддзі, мякка кажучы, не вырасла (што паказаў і праславуты матч «Беларусь-Бельгія» – 0:8), буйных міжнародных спаборніцтваў пакуль што не прадбачыцца… Між тым эксплуатацыя вымагае грошай, і як бы не выпала ператвараць новы спортаб’ект у барахолку кшталту «Дынамаўскай»?!

Карацей, наўрад ці ўплывовым людзям падабаецца стыль кіравання з неапраўданымі прывілеямі для замежнікаў і невыкананнем указаў (апрача трох названых факапаў, было мноства іншых…) Новая «праўладная» партыя будзе, бадай, заляцацца да беларускага бізнэсу, каб у нейкай ступені вярнуць яго давер. Многія бізнэсоўцы дапраўды зробяць стаўку на «рэфарматараў, набліжаных да імператара», а не на страшных «радыкалаў», і гэта зменшыць шансы на паўнавартасную рэвалюцыю. Так ці іначай, шансы на перафарматаванне сістэмы ў наступныя год-паўтара ёсць, і не абы-якія – таму я і даў перад гэтым тэкстам бойкі загаловак.

Вышэй крытыкаваўся павярхоўны філосаф А. Шуман. Сярод яго тэзісаў: «Лукашэнку давядзецца кіраваць грамадствам, 70% якога, паводле ZoiS і Голаса, яго адкрыта не падтрымліваюць». Але «фішка» нямецкага апытання была якраз у тым, што пацвердзілася: «адкрыта не падтрымліваць», г. зн. удзельнічаць у тых ці іншых формах пратэсту, была гатовая меншасць, кожны сёмы (нагадаю, ідзецца пра найбольш актыўную частку насельніцтва – гараджанаў ва ўзросце ад 16 да 64; мяркую, пасля 64 гадоў доля ахвотных пратэставаць надалей зніжаецца). Рэшта нязгодных схілялася да «паказу дулі ў кішэні», што збліжала 2020-ы з 2015-м, 2010-м…

Прыйшла інфа ад Белстату, што за мінулы год насельніцтва Беларусі зменшылася на 60,6 тыс. чалавек – гэта на 40-42 тыс. болей, чым звычайныя гадавыя страты. Міністэрства аховы здароўя паведамляла ў апошні дзень 2020 г., што ў Беларусі памерлі «1424 пацыенты з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй». Астатнія дзясяткі тысяч, відаць, прыбраў каранапсіхоз… Жартую па-чорнаму, а што застаецца?..

Натрапіў на чарговае прапагандонства:

Мілыя ўрывачкі адсюль

Бачыў рознае, але тут крыху здзівіўся. Чаму топ-менеджэрка буйной фірмы, зарэгістраванай у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці, узялася разважаць пра бел-чырвона-белы рух, COVID-19 i Захад? Пашукаў адказ – і, здаецца, знайшоў… Увесь 2020 г. «Дэльту» сатрасалі канфлікты паміж акцыянерамі – разбіраў іх ажно Вярхоўны суд. Цяпер, пасля раптоўнага сыходу заснавальніка і гендырэктара Мікалая Чарнашэя (16.09.1951 – 05.03.2021), ідзе вайна за спадчыну, і камусьці закарцела праз «галоўную газету» паказаць, хто ў хаце гаспадар.

Праўда, кпіны з «хвалёнай еўрапейскай сістэмы аховы здароўя», ды яшчэ ад чалавека з прозвішчам Чарнашэй, глядзяцца даволі цынічна. Рэч у тым, што кіраўнік фірмы памёр пасля ўдзелу ў лютаўскім «Усебеларускім народным сходзе» – як мяркуюць, ад ускладненняў COVID-19. З іншага боку, «СБ» і не на такоўскае здольная. Хай родзічы Мікалая Сяргеевіча – каторым спачуваю, хоць яго бізнэс абапіраўся на дзіўныя схемы – самі высвятляюць адносіны міжсобку і з «органам адміністрацыі прэзідэнта».

Балюча ад таго, што згасла «блукаючая зорка» – акцёрка, спявачка Бэла Шпінер. Яе прозвішча звязваюць з несамавітым серыялам «Мухтар», але для мяне куды цікавейшы быў яе ўдзел у гумарным спектаклі «Паліто з Бабруйска».

Бэле Шпінер, дачцэ Міхала (05.08.1976, Асіповічы – 07.04.2021, Мінск), не споўнілася і 45. Вечная памяць!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.04.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апубiкавана 11.04.2021 00:17