Tag Archives: Артур Финькевич

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (90)

Шалом(чык)! Пасля кароткага перапынку – зноў пра ўсялякае-рознае. Cпачатку пра шахматныя падзеі, як тое ні дзіўна пасля дзвюх ранейшых серый…

Сайт «Адкрытыя шахматы» 22.10.2018 анансаваў адкрыты чэмпіянат Віцебскай вобласці, прысвечаны 60-годдзю, як там пішуць, «васьміразовай чэмпіёнкі Рэспублікі Беларусь і шматразовай чэмпіёнкі Віцебскай вобласці МГ Р. Эйдэльсон». МГ = міжнародная гросмайстарка, а Р. – значыць Рахіль. У тутэйшай прэсе шахматыстку почасту менавалі «Раісай», нават у постсавецкі перыяд, калі дазволена стала не баяцца «экзатычнага» імя (на іўрыце Рахіль – «бяскрыўднае слова “авечка”»).

Аўтограф чэмпіёнкі для чытачак часопіса «Шахматы-плюс» (Мінск, сакавік 2004); фота з газеты «Спортивная панорама», той жа год.

Рахіль Саламонаўну паважаю, аднойчы згуляў з ёй партыю на адкрытым спаборніцтве ў Балгарыі (Албена, лета 1991 г. – звёў унічыю). Дый Віцебск у шахматным плане не чужы мне горад – там увосень 1989 г. выканаў першы разрад на мемарыяле Еўфрасінні Зяньковай. Карацей, мо’ знайшоў бы сілы – і ў лістападзе 2018 г., пасля турнірчыку ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, запланаванага на 03.11.2018, выбраўся б на першынство Віцебшчыны. Аднак арганізатары зрабілі ўсё, каб не выбраўся.

Найперш: «Неабходнай умовай удзелу з’яўляецца для беларускіх шахматыстаў абавязковае членства ў БФШ і адсутнасць запазычанасці па членскіх унёсках». Хто б патлумачыў, чаму для ўдзелу ў адкрытым чэмпіянаце тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь (у рамках права на заняцце фізічнай культурай і спортам, прадугледжанага Законам РБ № 125-З ад 04.01.2014) трэба членства ў грамадскай арганізацыі, якой з’яўляецца Беларуская федэрацыя шахмат? Тут якраз тое «дакучлівае памкненне ўсё кантраляваць», пра якое вялося ў 89-й серыі. Да таго ж агаворка пра беларускіх шахматыстаў – дыскрымінацыя «сваіх», якая супярэчыць арт. 4.3 названага Закона: «Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца правамі ў сферы фізічнай культуры і спорту нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь». Выходзіць, што замежнікі заплоцяць толькі 15 рублёў за права ўдзелу, а беларусы, якія не з БФШ, – амаль 40 рублёў (15+24,5).

Раю Аляксандру Сарбаю & Со. пайсці далей: калі дзеля змагання за прыз 250 рублёў (блізу 120$) завітае ў Віцебск, напрыклад, Ілья Смірын, добраахвотна-прымусова прыняць яго ў БФШ, дый годзе. Агулам, усіх шахматыстаў-выхадцаў з Беларусі, якія цяпер жывуць за мяжой і выступаюць за іншыя федэрацыі, лічыць членамі БФШ з усімі выцякаюшчымі… Не раўнуючы, хуацяо з іхнім вечным маральным доўгам перад Кітаем 🙂

Зрэшты, юрыдычныя і маральныя праМблемы шахістаў Беларусі мала што значаць у параўнанні, напрыклад, з будоўляй АЭС пад Астраўцом. Апошнім разам я звяртаўся да гэтай балючай тэмы паўгода таму, але яна не перастала мяне хваляваць. Пагатове за гэтыя месяцы, 16.07.2018, на той будоўлі загінуў яшчэ адзін чалавек.

Пра этыку працы ў Беларусі, асабліва ў сферы будаўніцтва, нямала сведчаць падборкі ад tut.by з цыклу «Дошка ганьбы»: напрыклад, тут і тут. Што ж – у шматлікіх кантрольных органах таксама людзі, большасці з іх не хочацца сварыцца з будаўнікамі і дарожнікамі… Праўда, потым народ задае пытанні тыпу: «Калі яны дзве дарожкі злучыць не могуць, як яны АЭС будуюць?»

Даводзіцца зноў канстатаваць, што «дырэктыва № 1» аб «жэстачайшай дысцыпліне» на вытворчасці, падрэдагаваная ў кастрычніку 2015 г. (ураду было даручана, сярод іншага, да 1 студзеня 2016 г. «пашырыць паўнамоцтвы службовых асоб на ажыццяўленне кантролю над выкананнем работнікамі заканадаўства аб ахове працы», «у сувязі з чым могуць пачасціцца праверкі ў сферы аховы працы»), сябе не апраўдала. У 2016–2018 гг. смяротных выпадкаў на працы наўрад ці стала меней: зважаючы на навіны, хутчэй наадварот, дый нават афіцыйная, сумнеўнай вартасці статыстыка як бы намякае. Два загалоўкі за адзін дзень, 23.10.2018: «На бабруйскім ФанДОКу загінуў слесар – ён трапіў пад колы пагрузчыка»; «Рабочы загінуў на тэрыторыі вайсковай часці ў Асіповіцкім раёне». З нядаўніх трагедый успамінаюцца выбух на «Магілёўдрэве» 25.09.2018, дзе пацярпелі 6 чалавек (адна жанчына потым памерла), магутны выбух і пажар на заводзе «Алкід» пад Мінскам 22.05.2018 (пацярпелі чацвёра, праз некалькі дзён адзін з іх памёр у рэанімацыі). У гэтым плане Беларусь і Ізраіль маюць больш супольнага, чым здаецца на першы погляд, і чым хацелася б. «З пачатку 2018 года на будоўлях і прадпрыемствах Ізраіля загінулі 37 рабочых. Толькі за мінулы тыдзень [у сярэдзіне кастрычніка] загінулі чацвёра», – паведаміў сайт легендарнай газеты «Вести» (якая, дарэчы, з пачатку 2019 г. плануе спыніць выхад на паперы).

Тутэйшаму «высокаму начальству» разумна было б адмовіцца ад заканчэння будоўлі БелАЭС – калі што якое, дык там не адзінкі пацерпяць… Тым болей што электраэнергія з атамнай станцыі суседзям, мякка кажучы, не дужа патрэбная: Літва і Польшча ёй грэбуюць, наўрад ці зацікаўленыя і Латвія з Эстоніяй ды Фінляндыяй… Тэарэтычна, можна было б развіваць масавую вытворчасць электрамабіляў у Беларусі, ды як гэта стасуецца з навязлівым прасоўваннем беларуска-кітайскіх «Geely», якія ўсё-ткі на бензіне працуюць?

Пакуль што ўражанне такое, што БелАЭС – адзін з «траянскіх коней» суседняй дзяржавы, дадатковы рычаг для ціску на кіраўніцтва РБ. I, мяркую, апошняе ўсё разумее, ды змяніць ужо нічога не можа. Або – не хоча, бо сілы не тыя.

Агулам, на жаль, сіла і блеф вырашаюць на постсавецкай прасторы і ў свеце ўсё больш, а розум і здаровыя глузды – усё менш. Не пра тое я марыў у 1990-х… Паказальна, што нацболаўскія лозунгі кшталту «Так, смерць!» у 2010-х гадах пераймае істэблішмент. То мітрапаліт праваслаўнай царквы ў снежні 2011 г. ад імя Расіі ялейным галаском гразіўся Захаду атамнай і бактэрыялагічнай зброяй: «у роспачным стане нам нічога не застанецца, як адкрыць чарнобыльскі кранік». ИЧСХ Што характэрна, праз два гады яго перакінулі сюды, у Мінск. То цяпер «галоўны» па Крамлі разважае, што «мы» (Расія), калі скарыстаем ядзерную зброю, то, як пакутнікі, трапім у рай, а ворагі «проста здохнуць». Афігенная «алегорыя» 🙁

Ясна, што і гаспадар мясцовага «Чырвонага дома» схільны ставіць на сілу, гвалт. Чамусьці мяркуе, што студэнты занадта вольна жывуць; амаль перафразуе грыбаедаўскага Скалазуба («Фельдфебеля ў Вальтэры дам»), прапануючы ўвесці вайсковыя зборы на «пару месяцаў» у час студэнцкіх вакацый. І панеслася: «Мужык павінен умець размаўляць са зброяй», «наша функцыя – бараніць і памерці дзеля жанчыны». Гістарычны досвед паказвае, што тыя, хто больш за ўсіх крычыць пра абарону і смерць, падчас рэальнага канфлікту аказваюцца ў глыбокім тыле або ўвогуле пераходзяць на іншы бок… Дый не працуе больш падобная «мужыцкая» прапаганда; у СССР або цяперашняй Расіі яшчэ можна (было) падахвоціць грамадзян на смерць за камунізм або імперыю, а ў Беларусі за «стабільную і квітнеючую», якая да таго ж, паводле меркавання ідэолагаў, зарадзілася толькі ў 1994 г., нямногія захочуць паміраць. Таму зараз важна не колькасны склад арміі нарошчваць, а мацаваць салідарнасць у грамадстве.

Як бы ні было, Беларусь на цяперашнім этапе не можа мець амбіцый планетарнага маштабу – хіба што ў некаторых галінах навукі. Развязваць канфлікты беларусаў з атачэннем мусяць найперш юрысты, эканамісты і дыпламаты, не вайскоўцы. Трызненні ж пра раздачу насельніцтву «сямі мільёнаў адзінак зброі» толькі паслабляюць прэстыж дзяржавы. Некаторыя з людзей, народжаных у 1950-х і сфармаваных на савецкіх міфах 1960–70-х пра «ўсенародны супраціў» захопнікам у Вялікую Айчынную вайну, змаглі перабудавацца, некаторыя – не. 🙁

У адрозненне ад ізраільскай тэрыторыі, на беларускую зараз ніхто (адкрыта) не прэтэндуе, і няма такога стаўлення да прадстаўнікоў нацменшасцей, якое магло б стаць зачэпкай для ўварвання. Спытаецеся: а што Расія? Сапраўды, пачасціліся несуцяшальныя для нас прагнозы. Мае рацыю Мікола Дзядок: увосень 2018 г. «алармісцкія заявы пасыпаліся як з вядра». Хтосьці кажа, што «аншлюс» адбудзецца цягам шасці месяцаў, нехта – што цягам двух гадоў… Расіянін Іларыёнаў, экс-дарадца Пуціна, ужо не першы год пужае магчымай агрэсіяй РФ супраць РБ (напрыклад, тут, тут).

Тым не менш я гатовы ісці ў заклад на прымальную суму, што па стане на 31.12.2020 агульнай дзяржавы з адзіным цэнтрам кіравання ў Маскве не будзе, і ад памежных абласцей Беларусі Расія нічога не адкусіць. Мажліва, я зноў недаацэньваю Расію, але ёй бы Крым «асвоіць»… Да таго ж буферная РБ пакуль яшчэ выгадная і Крамлю, і Захаду – і як дыпламатычная пляцоўка, і як своеасаблівая афшорная зона для розных гешэфтаў. Чакаю ад чытачоў выклікаў на гэткі заклад да 25.11.2018. Гатовы рызыкаваць не толькі грашыма, але і сваёй прафесійнай рэпутацыяй… А я даражу ёй, чаго не скажаш пра «тожа-палітолага» Паўла У., які назваў адну з шараговых заяў Лукашэнкі (12.10.2018, пра Магілёў) «дзяржаўнай здрадай». Так яе мог бы кваліфікаваць палітык, але не эксперт.

Не раз заўважаў, што сістэма дзяржаўнага кіравання паціху ідзе ўразнос (напрыклад, тут), што, безумоўна, аслабляе суверэнітэт Беларусі. Аднак запас трываласці ў гэтай сістэмы яшчэ ёсць, і на два гады яго дакладна хопіць. Пісаў і пра тое, што яна рэагуе на знешнія сігналы, асабліва на лакальным узроўні. Так, у 2017–2018 гг. удалося дабіцца змен надпісаў у адпаведнасці з нормамі арфаграфіі ў трох месцах: мінскі чыгуначны вакзал, вул. Прытыцкага насупраць Кальварыйскіх могілак, выезд са Шчучына. Нядаўна да іх дадалося і чацвёртае: Каменная Горка, паварот з Прытыцкага на вул. Акадэміка Жэбрака.

Было ў 2017 г. і стала ў 2018-м. Прадстаўнікі адміністрацыі вырашылі не звязвацца з прозвішчам акадэміка і пазначылі паварот на іншую вуліцу, Скрыпнікава. Дасціпна!

Цырымоніі да 75-годдзя знішчэння Мінскага гета прайшлі як прайшлі – не без піяру ад беларускіх ды ізраільскіх чыноўнікаў. Магло быць і горай… Яны наклаліся на 30-годдзе заснавання БНФ. Пра апошняе пісалі менш; інфармацыйнай нагодай стала хіба што адкрыццё выставы на сядзібе БНФ у Мінску. Зараз фронт «ужо не торт», але на маю просьбу Якаў Гутман, прэзідэнт Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў (ЗША), узгадаў пару падзей з жыцця арганізацыі, заснаванай у кастрычніку 1988 г.: «24 гады таму Лявон Баршчэўскі і іншыя дэпутаты арганізавалі маё выступленне ў Вярхоўным Савеце. Паводле дыпламатычнага пратаколу – гэта найвышэйшая ступень з боку дзяржавыУ 1991 г. дэпутаты ад БНФ у Народнай газеце выступілі супраць пагрому на яўрэйскіх могілках у Барысаве. У 2001 г. мы з Паўлам Севярынцам спрабавалі прайсці шляхам Машы Брускінай». Удакладню, што 26.10.2001 ад турмы на вул. Валадарскага шляхам павешаных у 1941 г. ішло чалавек 10-12; большасць неўзабаве разагналі-затрымалі АМАПаўцы. І шэсце тое ладзіў не так БНФ, як аўтаномны «Малады фронт», хоць тагачасныя лідары МФ, Павел Севярынец і Аляксей Шэін, былі адначасова і актывістамі БНФ. У кастрычніку 2003 г. шэсце паўтарылася пад кіраўніцтвам «маладафронтаўца» Артура Фінькевіча, «ад яўрэяў» ішлі мы з Веніямінам Галубчыкам. Тым разам нікога не затрымлівалі – усе дабраліся з Валадарскага на вул. Кастрычніцкую.

«Вольфаў цытатнік»

«Калі маўчанне ёсць золатам, то і мы, безумоўна, старацелі» (Аляксандр Галіч, 1918–1977)

«Праблема свету ў тым, што разумнікі поўныя сумневаў, а ёлупні цалкам упэўненыя ў сабе» (Чарлз Букоўскі, 1920–1994)

«Варта было б збіраць групы вельмі таленавітых студэнтаў, накіроўваць іх за кошт дзяржавы ў лепшыя ВНУ свету – з умовай іх вяртання ў Беларусь, і ўжо ў Беларусі паціху рабіць эканамічныя пераўтварэнні, каб паставіць краіну на нармальныя рэйкі» (Генадзь Фядыніч, 24.10.2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

25.10.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 25.10.2018  14:11

***

Водгук на першыя абзацы серыі ад Уладзіслава Каташука – рэдактара сайта brestchess.ucoz.ru, аднаго з найбольш вопытных трэнераў Брэсцкай вобласці, улетку 2017 г. выбранага старшынёй гарадской шахматнай федэрацыі Брэста:

«Тема поднимается уже несколько последних лет. На заседаниях детско-юношеской комиссии Белорусской федерации шахмат я и представители нашей области выступали резко против. Те, кто хочет заставить всех участников детских первенств области платить взносы в БФШ, пытаются доказать, что раз первенства области отборы на первенства страны, то и участвовать там должны оплатившие взносы. Наша позиция как проводить область, это внутреннее дело, тем более что именно область дает деньги на проведение этого турнира».

В. Рубінчык: «Кур’ёзна, што ў палажэнні аб адкрытым чэмпіянаце Віцебскай вобласці не сказана, што гэта – адборачны турнір да чэмпіянату Беларусі. Г. зн. на сёння, 26.10.2018, нават сумнеўнай “адмазкі” пра адбор у віцебскіх арганізатараў няма. Карацей, “Добро пожаловать, или Посторонним вход воспрещён”».

Дадана 26.10.2018  13:14