Tag Archives: Арон Волобринский

Вольф Рубінчык пра часопіс «Штэрн»

Даведка пра мінскі часопіс «Штэрн» (для аднаго з міністэрстваў РБ)

«ШТЭРН» («Зорка»), літаратурна-мастацкі і навукова-палітычны часопіс. Выдаваўся з мая 1925 да крас. 1941 у Мінску на яўр. мове. З 1932 орган Аргкамітэта ССП БССР, з 1934 – ССП БССР. Друкаваў творы яўр. і бел. (у перакладзе на яўр. мову) сав. пісьменнікаў, артыкулы па пытаннях л-ры і мастацтва, хроніку культ. жыцця Беларусі і саюзных рэспублік (…) У часопісе ўдзельнічалі яўр. сав. пісьменнікі З. Аксельрод, Ц. Даўгапольскі, Э. Каган, Г. Камянецкі, М. Кульбак, А. Платнер, Р. Рэлес, І. Харык, Г. Шведзік і інш.

(«Беларуская савецкая энцыклапедыя», т. XI. Футбол – Яя. Мінск: БелСЭ, 1974. С. 364)

* * *

У Савецкім Саюзе 1920–1930-х гадоў, у тым ліку і ў БССР, значная ўвага надавалася перыядычнаму друку на яўрэйскай мове (ідыш). Напрыклад, у Маскве выходзіла масавая штодзённая газета «Дэр Эмес» («Праўда»), у Мінску – газета «Акцябр» («Кастрычнік»).

З 1924 да 1937 гг. ідыш з’яўляўся адной з афіцыйных моў савецкай Беларусі[1]. Працавалі шматлікія школы і тэхнікумы з навучаннем на гэтай мове, на ёй нярэдка вялося справаводства і г. д. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г., у БССР налічвалася каля 5 мільёнаў жыхароў, з іх 407 тысяч складалі яўрэі. Большасць яўрэяў Беларусі (звыш 80%), некаторая частка беларусаў і прадстаўнікоў іншых народаў у міжваенны перыяд валодалі мовай ідыш.

«Тоўсты» часопіс «Штэрн», які выдаваўся ў 1925–1941 гг. (спачатку раз на два месяцы, з 1926 г. – раз на месяц), быў спробай адказаць на запыты той часткі жыхароў БССР, што чытала на ідышы і цікавілася навінамі культуры. Гэта значыць, адрасаваўся ён, умоўна кажучы, інтэлігенцыі, аднак рэдакцыя заклікала падпісвацца на «Штэрн» і рабочых, і калгаснікаў.

На фота 1–2 – вокладкі часопіса ў 1926 і 1927 гг.

Тыраж часопіса «Штэрн» у розныя гады складаў ад 1000 да 3500 экз. Звычайны аб’ём адной кніжкі часопіса ў першай палове 1930-х гадоў сягаў 100 старонак (пры памеры 16 на 21,5 см); часам выходзілі здвоеныя нумары, аб’ём якіх перавышаў 200 старонак. Найбліжэйшы беларускамоўны аналаг «Штэрна» – часопіс «Полымя», заснаваны ў 1922 г. (у 1932–1941 гг. меў назву «Полымя рэвалюцыі»). З 1930-х гадоў «Штэрн» выпускаўся з беларускамоўнай анатацыяй зместу.

Рэдакцыя часопіса «Штэрн» у 1925–1927 гг. знаходзілася ў Мінску па адрасе вул. Ленінская, 26, у 1927–1930 гг. – на вул. Ленінскай, 22, а з № 9, 1930, г. зн. з восені 1930 г. і да канца існавання часопіса, звыш 10 гадоў, – па вул. Рэвалюцыйнай, 2 (гл. звесткі на вокладках; фота 3–5). Сучасны адрас у Мінску – такі самы.

Літаратурна-мастацкія выданні на ідышы меліся ў 1920–1930-х гг. і ў іншых рэспубліках СССР, асабліва ва Украіне: «Праліт» (1928–1932), «Фармэст» (1932–1937), «Ды ройтэ велт» (1924–1933), «Саветышэ літэратур» (1938–1941). У 1936–1940 гг. у РСФСР выдаваўся штоквартальнік «Фарпост». Тым не менш, як можна бачыць, мінскі часопіс «Штэрн» стаў «доўгажыхаром» сярод даваенных савецкіх часопісаў на ідышы. Ён праіснаваў больш за 15 гадоў, нягледзячы на тое, што да 1917 г. тэрыторыя Беларусі не лічылася найлепшым месцам для яўрэйскіх пісьменнікаў[2]. Відавочна, заслуга ў гэткім працяглым захаванні «Штэрна» належыць перадусім яго аўтарам, членам рэдкалегіі і выдаўцам.

Аўтарамі часопіса «Штэрн» былі практычна ўсе літаратары БССР, якія ў міжваенны перыяд пісалі на мове ідыш. Да таго ж у ім актыўна публікаваліся вядомыя ідышамоўныя пісьменнікі СССР (Давід Гафштэйн, Леў Квітко, Перац Маркіш, Іцык Фефер…), асобныя замежныя літаратары (Аўрам Рэйзен, Меінке Кац, Мойша Надзір…). Крытэрыем адбору твораў была «прагрэсіўнасць» замежнікаў, г. зн. іхняя прыхільнасць да левых ідэй, тым не менш на старонках часопіса дасягаўся і вытрымліваўся даволі высокі мастацкі ўзровень.

Фігуравалі сярод аўтараў «Штэрна» і беларускамоўныя пісьменнікі – ад прызнаных класікаў (Якуб Колас, Янка Купала) да маладзейшых аўтараў (Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Міхась Чарот…). Іх перакладалі на ідыш Зэлік Аксельрод, Майсей Кульбак, Мендл Ліфшыц, Ізі Харык і інш.

Аналізуючы змест біябібліяграфічнага даведніка «Беларускія пісьменнікі» (6 тамоў, Мінск: БелЭН, 1992–1995), можна заўважыць, што звыш дзясятка літаратараў пачыналі свой творчы шлях, друкуючыся ў «Штэрне». Сярод гэтых літаратараў – Рыгор Бярозкін, Мацвей Грубіян, Мота Дзягцяр, Эля Каган, Сара Каган, Гірш Камянецкі, Сямён Ляльчук, Рыўка Рубіна, Рыгор Рэлес, Рува Рэйзін, Леў Талалай, Майсей Тэйф, Генадзь Шведзік.

Сярод тых, хто мае дачыненне да Беларусі і атрымаў «пуцёўку ў жыццё» дзякуючы часопісу «Штэрн», назаву таксама паэта Мендла Ліфшыца (нарадзіўся і жыў у Беларусі да вайны), сужэнцаў Рахіль Баўмволь і Зяму Цялесіна (у 1930-х жылі ў Мінску, пазней аказаліся ў Расіі, дзе сталі вядомымі паэтамі; у пачатку 1970-х эмігравалі ў Ізраіль).

Варта дадаць, што, паводле газеты «Літаратура і мастацтва» (4 жніўня 1932 г.), пры рэдакцыі часопіса была створана пастаянная літаратурная кансультацыя, у склад якой трапілі Зэлік Аксельрод, Якаў Бранштэйн, А. Дамэсек (поўнае імя гэтага крытыка, які пэўны час уваходзіў у рэдкалегію часопіса, мне не вядома), Ізі Харык, Майсей Кульбак, Лейб Царт і Арон Юдэльсон. На старонках «Штэрна» аглядаліся і пытанні тэатральнага жыцця, у прыватнасці, са сваімі нарысамі не раз выступаў Міхаіл Рафальскі, у 1926–1937 гг. – мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР.

Склад рэдкалегіі часопіса «Штэрн» не адрозніваўся стабільнасцю. Да таго ж у многіх выпусках часопіса проста пералічваюцца члены рэдкалегіі без удакладнення іх службовых абавязкаў, а ў некаторыя гады (1938–1939 гг.) нумары падпісвала «рэдкалегія», і зараз няпроста адказаць на пытанне, хто працаваў у ёй найбольш плённа. Аднак, прагледзеўшы дзясяткі выпускаў «Штэрна», якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прааналізаваўшы іншыя даступныя мне крыніцы, у тым ліку артыкулы з «Беларускай энцыклапедыі», я прыйшоў да высновы, што ключавымі асобамі ў рэдакцыі былі:

Самуіл Агурскі (1884–1947) – член рэдкалегіі ў 1925–1929 гг. Грамадскі дзеяч, аўтар прац па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1936). Арыштаваны ў 1938 г., рэабілітаваны ў 1956 г.

Зэлік Аксельрод (1904–1941, расстраляны) – член рэдкалегіі ў 1931–1941 гг. Паэт. У 1931–1937 гг. адказны сакратар часопіса; паводле некаторых звестак, выконваў абавязкі галоўнага рэдактара пасля арышту І. Харыка. Арыштаваны ў 1941 г., рэабілітаваны ў 1957 г. «Гэта быў паэт ясенінскага складу. Тонка ўспрымаў прыроду. Шмат месца ў яго вершах займалі матывы кахання і дружбы (…) За надта інтымную лірыку, за апалітычнасць яго часта лаялі крытыкі і партыйныя інструктары, што стаялі на варце чысціні ленінска-сталінскіх ідэй у мастацкай літаратуры» (Рыгор Рэлес. Праз скрыжаваны агонь // Полымя. 1995. № 8. С. 242).

Эля Ашаровіч (1879–1938, расстраляны) – член рэдкалегіі ў 1925–1930 гг. Шматгадовы рэдактар штодзённай газеты «Акцябр», пад эгідай якой выдаваўся часопіс «Штэрн». Арыштаваны ў 1937 г., рэабілітаваны ў 1957 г.

Якаў Бранштэйн (1897–1937, расстраляны) – член рэдкалегіі ў 1930–1937 гг. Літаратурны крытык, педагог, прафесар педінстытута (з 1932 г.), член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1936). Арыштаваны ў 1937 г., рэабілітаваны ў 1956 г.

Арон Валабрынскі (1900–1938, расстраляны) – член рэдкалегіі ў 1928–1934 гг. Публіцыст, педагог. Дакладных звестак пра год рэабілітацыі не маю.

Хацкель Дунец (1897–1937, расстраляны) – член рэдкалегіі ў 1928–1934 гг. Літаратурны крытык, у пачатку 1930-х – намеснік наркома асветы БССР, адказны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» ў 1932–1935 гг. арыштаваны ў 1936 г., паўторна ў 1937 г., рэабілітаваны ў 1967 г.

Сара Каган (1885–1941, загінула ў гета) – член рэдкалегіі ў 1940–1941 гг. Паэтэса, празаік.

Эля Каган (1909–1944, загінуў на фронце) – паэт, празаік, драматург, у 1936–1939 гг. – літаратурны рэдактар часопіса «Штэрн».

Майсей Кульбак (1896–1937, расстраляны) – член рэдкалегіі ў 1934–1937 гг. Сусветна вядомы паэт і празаік, аўтар аднаго з першых раманаў пра Мінск «Зэлменянер» («Зельманцы»; раман друкаваўся ў часопісе «Штэрн» з № 5, 1930, пазней быў перакладзены на беларускую, рускую, англійскую, нямецкую, французскую і іншыя мовы). Арыштаваны ў 1937 г., рэабілітаваны ў 1956 г.

Лэйме Разенгойз (1895–1962) – член рэдкалегіі ў 1930–1937 гг. Грамадскі дзеяч, публіцыст, гісторык.

Ізі Харык (1896–1937, расстраляны) – сакратар рэдакцыі і член рэдкалегіі з 1928 г., галоўны рэдактар з 1930 г. (паводле звестак у часопісе, з 1932 г.). Сусветна вядомы паэт. Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1936). Арыштаваны ў 1937 г., рэабілітаваны ў 1956 г. «Ізі Харык шмат зрабіў для з’яўлення новых талентаў. Ён даў ім магчымасць развінуць крылы на старонках часопіса…» (Рыгор Рэлес. Праз скрыжаваны агонь // Полымя. 1995. № 8. С. 237).

Усе гэтыя асобы, незалежна ад магчымых да іх прэтэнзій (многія з іх разам з беларускамоўнымі літаратарамі ўсхвалялі Сталіна і падтрымлівалі пераслед «ворагаў народу», у тым ліку пасродкам «Штэрна»), на мой погляд, заслугоўваюць памяці за іхні ўклад у развіццё культуры Беларусі. Але ж наўрад ці мэтазгодна пералічваць усе 11 прозвішчаў на мемарыяльнай дошцы ў цэнтры Мінска. Тэкст на дошцы, які я прапанаваў у лісце ад 10.10.2017 і прапаную зараз, мог бы выглядаць так:

SHTERN (назва яўрэйскім пісьмом)[3]

Па гэтым адрасе (або: У гэтым будынку) ў 1930–1941 гг. знаходзілася

рэдакцыя ідышамоўнага часопіса «Штэрн» («Зорка»), у якой працавалі

Зэлік Аксельрод (1904–1941) ZELIK AKSELROD (імя і прозвішча яўрэйскім пісьмом)

Майсей Кульбак (1896–1937) MOJSHE KULBAK (імя і прозвішча яўрэйскім пісьмом)

Ізі Харык (1896–1937) IZI KHARYK (імя і прозвішча яўрэйскім пісьмом)

ды іншыя знакамітыя пісьменнікі.

Пад іншымі знакамітымі пісьменнікамі я маю на ўвазе перадусім вышэйзгаданых Элю Кагана і Сару Каган – іхнія жыццёвыя шляхі ды літаратурная спадчына дагэтуль выклікаюць цікавасць[4]. Варта прызнаць, што, напрыклад, крытычныя творы Я. Бранштэйна, Х. Дунца занадта прасякнуты «духам часу» і маюць меншую вартасць для сучасных чытачоў; адпаведна, і прозвішчы гэтых літаратурных крытыкаў не такія вядомыя ў свеце.

Вялікая частка супрацоўнікаў рэдакцыі была рэпрэсаваная і трагічна загінула. Дошка на вул. Рэвалюцыйнай стане для іх, як мне бачыцца, своеасаблівым «калектыўным помнікам». У сувязі з гэтым не зашкодзіла было б выявіць на ёй які-небудзь сімвал зняволення (напрыклад, краты або калючы дрот), аднак настойваць на гэтым я не маю права.

У якасці выдаўца часопіса «Штэрн» у 1925–1927 гг. выступала беларускае аддзяленне ўсесаюзнага выдавецтва «Шул ун бух» («Школа і кніга»), а ў 1927–1941 гг. – рэдакцыя мінскай газеты «Акцябр» («Кастрычнік»).

РЭЗЮМЭ

Штомесячны літаратурна-мастацкі часопіс «Штэрн» цягам 15 гадоў быў важнай з’явай культурнага жыцця горада Мінска, Беларускай ССР, дый усяго Савецкага Саюза. Мемарыялізацыя часопіса шляхам устанаўлення памятнай дошкі па месцы знаходжання рэдакцыі (Рэвалюцыйная, 2) будзе разумным і справядлівым учынкам.

Дадатак, або Навошта на памятнай дошцы яўрэйскае пісьмо

Тыя, хто працаваў у рэдакцыі часопіса «Штэрн», карысталіся збольшага мовай ідыш, таму яе прысутнасць, няхай фрагментарная, будзе зусім дарэчнай. З другога боку, ідыш сам па сабе заслугоўвае ўвагі і павагі ў нашай краіне як адна з традыцыйных моў мясцовага насельніцтва. Так, у другой палове ХХ ст. колькасць носьбітаў ідыша ў Беларусі паступова зніжалася з розных прычын (асіміляцыя, выезд яўрэяў за мяжу). Аднак у XXI cт. назіраецца павышэнне цікавасці да гэтай мовы, асабліва пасля выхаду вялікага ідыш-беларускага слоўніка (складальнік Алесь Астравух; Мінск: Медысонт, 2008). Песні на ідышы ёсць у рэпертуары многіх беларускіх выканаўцаў; ідыш гучыць, сярод іншага, у «Местачковым кабарэ», папулярным спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Магчыма, прысутнасць яўрэйскіх літар на памятнай дошцы дадаткова заахвоціць жыхароў Беларусі да вывучэння багатай (і пакуль маладаследаванай) культурнай спадчыны, створанай на ідышы.

Яшчэ адзін аргумент звязаны з тым, што з сярэдзіны 2010-х гг. актывізуецца прыцягненне замежных турыстаў у Беларусь. Сярод гэтых турыстаў нямала зацікаўленых «яўрэйскай тэмай», а між тым у Мінску візуальна мала што сведчыць пра даваеннае культурнае жыццё беларускіх яўрэяў, якое было даволі разнастайным, хоць і супярэчлівым. На сённяшні дзень у горадзе прадстаўлена перадусім гісторыя знішчэння вязняў гета (мемарыяльны комплекс «Яма», помнікі на Юбілейнай плошчы, на вул. Сухой і г. д.), што вельмі важна, але не дастаткова. Дошка з яўрэйскім пісьмом, на маю думку, стане адной з цікавостак, дзеля якой прыедуць у Мінск турысты з «далёкага замежжа», асабліва калі аб’ект па Рэвалюцыйнай, 2 будзе ўключаны ў адпаведныя экскурсійныя маршруты.

Падрыхтаваў Вольф Рубінчык

PS. Як выявілася ў ходзе кантактаў з міністэрствам (пакуль не буду пісаць, якім…), па стане на кастрычнік 2017 г. інстытут гісторыі НАН «не меў інфармацыі» пра мінскі часопіс «Штэрн». Што нямала гаворыць пра наш гістарычны «афіцыёз» 🙁

[1] Паводле пастановы ЦК КПБ(б) 1924 г. і Канстытуцыі БССР 1927 г. Фактычна афіцыйны статус мовы ідыш быў прызнаны з 1920 г. – Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь прадугледжвала роўны статус чатырох моў (беларускай, рускай, ідыша, польскай).

[2] «На Беларусі не было традыцый яўрэйскай літаратурна-творчай працы… У Менску ня было амаль і яўрэйскага друку. Менск, зразумела, ня мог быць літаратурным асяродзішчам, у ім нават ня было вызначаных кадраў культурна-творчай інтэлігенцыі» (Б. Аршанскі. Яўрэйская літаратура на Беларусі // Маладняк. 1929. № 10. С. 100).

[3] Ніжэй у дадатку абгрунтоўваецца, чаму пажадана ўжыць іменна яўрэйскае пісьмо.

[4] Асобныя вершы Сары Каган перакладаў на беларускую народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін; шэраг яе твораў, гэтаксама як і твораў Элі Кагана, быў змешчаны ў зборніку «Скрыжалі памяці», укладзеным праф. Алесем Бельскім (Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005. Кн. 1. С. 499–522; 523–561).

Апублiкавана 16.11.2017  14:14