Tag Archives: Анна Вощинчук

В. Рубінчык. Не да катлет з мухамі

І ўсё-такі шалом! Карціць скончыць сваю даўно задуманую кніжку № 9, але без набегаў на публічныя бібліятэкі справа гэта праблематычная – у інтэрнэце ё далёка не ўсе выданні 1920–30-х гадоў. Наогул цяжка будаваць планы, пакуль штодня колькасць невылекаваных хворых COVID-19 у Беларусі прырастае сотнямі. Таму – зноў назіранні за бягучымі «буйніцамі і драбніцамі» (пазычаю выраз у мастака Андрэя Дубініна, які ў 2018 г. назваў свой артыкул акурат «Буйніцы і драбніцы»).

Тутака прыводзіў я табліцу; з яе вынікае, што ў апошнюю дэкаду красавіка былі дні, калі згаданы прырост складаў 400–500 чалавек. На другое мая, паводле афіцыйнай статыстыкі, розніца паміж захварэлымі і ачунялымі за папярэдні дзень сягала 812 чалавек, на трэцяе – 798, на чацвёртае – 723, на пятае – 349. Разважаючы абстрактна, такое зніжэнне можа быць падставай для асцярожнага аптымізму, аднак доктаркам/дактарам, медсёстрам/медбратам, фельчаркам/фельчарам, каторыя на перадавой – і нясуць страты – ад яго зараз наўрад ці лягчэй.

Бадай усе людскія рэзервы ўжо мабілізаваны; лік медработнікаў у краіне не можа расці на сотні (і нават на дзясяткі) за дзень. Гэта якіх-небудзь намеснікаў па ідэалогіі можна падрыхтаваць на тыднёвых курсах, між тым нават сярэдні медычны персанал рыхтуецца цягам многіх месяцаў. А тут яшчэ звальненне галоўнага ўрача віцебскай бальніцы хуткай дапамогі Сяргея Лазара – без тлумачэння.

С. Лазар. Фота з адкрытых крыніц

Ёсць думка, што чалавека, злёгку нават падобнага да Лукашэнкі (!), наважыліся выкінуць з працы, каб іншыя начальнікі бальніц на фоне эпідэміі баяліся пушчаць «нячэсныя» CМІ да сваіх падначаленых. Вопытны ўрач-рэаніматолаг Раман Антоненка, які сам падхапіў COVID-19, у канцы красавіка сказаў для tut.by «лішняе» (з гледзішча тых самых ідэолагаў): «Вірус распаўсюджваецца па краіне… Шмат хворых на пнеўманію, і сярод іх не толькі пажылыя. Ёсць і 30-гадовыя без шкодных звычак… Каб гэта спыніць, патрэбны неардынарныя захады, адной самаізаляцыяй тут ужо не дапаможаш… Я не ведаю: або ў вышэйшай улады мала добрых дарадцаў па медыцыне, або да іх не прыслухоўваюцца».

Абвяржэнне ад міністэрства аховы здароўя РБ – маўляў, няма сувязі паміж публікацыяй на тутбаі і звальненнем Лазара – трошкі не пераконвае. Міністэрства ўжо не раз лавілi на хітрыках і недагаворках, не кажучы пра сумнеўнай вартасці прагнозы. Cёння ў абласным аддзеле міністэрыі паабяцалі, што зволены застанецца ў медыцыне… паглядзім. Спадзяваймася, не на пасадзе санітара.

31 сакавіка, у дзень, калі Галоўны Клюшкар аб’явіў пра «дасягненне піку» захворвальнасці згодна з яго, клюшкара, адчуваннямі, на Беларусі было 152 інфікаваных, каля 40 ачунялых і 1 памерлы, у Ізраілі – 4831 інфікаваны, 163 ачунялых і 17 памерлых. На 05.05.2020 Беларусь абагнала Ізраіль паводле першага паказчыка (18350 супраць 16237) i моцна адстала паводле другога (3771 супраць 10223). Праўда, памерлых у Беларусі покуль меней (107 супраць 237), але разрыў скараціўся… і, на жаль, будзе скарачацца далей – улічваючы, што звыш 200 пацыентаў у РБ знаходзяцца пад апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх (у Ізраілі – толькі 66).

З абмежавальнымі захадамі, што каштавалі Ізраілю вялікіх грошай, таксама не ўсе ўрадоўцы згаджаліся, да таго ж ізраільцы – не самы дысцыплінаваны народ, аднак… тыдні за чатыры ўдалося пераламіць сітуацыю да лепшага. А скнары, для якіх «эканоміка галоўнае» і «важна не страціць рынкі», плаціцьмуць двойчы (зрэшты, ужо плацяць).

«Комс. правда в Бел.», 05.05.2020. Паводле «мэра» (у Мінску няма мэра, ёсць старшыня выканкама, якога паставіў «на горад» вышэйшы адміністратар), у выпадку каранціна з 1 сакавіка «мы» мелі б не 102% валавага прадукта, а 92% – ужосъ!

Але, як у незабыўнага Мендэле, «не тое хацеў я сказаць». Лупцуй не лупцуй «бюракратаў», у тым ліку і боса іхняга, апантанага суботнікамі, вайсковымі дэфіле ды «чысткай капытоў», відочнага плёну ў бліжэйшы час не будзе. Словы ў савецкай і постсавецкай Беларусі настолькі часта разыходзіліся са справамі, што абясцэніліся ўшчэнт – якая тут «парэсія», у нашых палестынах і для палітычнай сатыры прасторы малавата… Каб суцішыць тых, каторыя равуць «кароль голы», практыкуюцца ўніверсальныя адказы: «Спярша самі станьце каралём» або «вы яму проста зайздросціце». Як ні дзіўна, у 99% выпадкаў гэткія «досціпы» спрацоўваюць.

Дзевяностагадовы юбілей таленавітага Мая Данцыга (1930–2017) ў канцы красавіка сціпла адзначыла, як раней бы сказалі, «шырокая грамадскасць». З’явіліся новыя артыкулы, фільмы… Планавалася чарговая выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі, ды праз эпідэмію яе адклалі. Затое выклалі ў сеціва відэазапіс, дзе супрацоўніца музея, мастацтвазнаўца Н. Сяліцкая, распавядае пра М. Данцыга. Усё б нічога, ды ў апошні час мастак паціху-патроху падганяецца пад чыесьці «хацелкі». Выпадак з Халоднай сінагогай, будынак якой Май Вольфавіч намаляваў на сваёй карціне 1972 г. нібы на знак пратэсту супраць разбурэння старога Мінска, я ўжо згадваў. Пра тое, што гэтая карціна не раздражняла ўлады, сведчыць, дарэчы, і наданне яе аўтару ў 1973 г. звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».

«Данцыг ніколі не рабіў папярэдніх малюнкаў, эскізаў…», – смела заяўляе Наталля Сяліцкая (4:23). Ну, такое… Амаль адначасна выйшаў артыкул Ганны Вашчынчук, дзе дадаткам відаць якраз папярэднія малюнкі і эскізы Данцыга 🙂

«Май Вольфавіч Данцыг быў чалавекам з неверагодным пачуццём гумару…» (8:16). За сем гадоў зносінаў «неверагоднага пачуцця», на жаль, не заўважыў. Папраўдзе, творца быў не абы-якім эгацэнтрыкам, а такія з гумарам зазвычай не сябруюць. Дамінантай яго паводзінаў было падгрэсці пад сябе як мага болей усяго (рэсурсаў, улады), што, між іншым, пункцірна пазначана ў Адама Глобуса (2005). Не кажу, што эгацэнтрызм – заўжды кепска, але… на мой густ, мастак адносіўся да сябе задужа сур’ёзна. Разам з тым ён умеў пасміхацца і па-свойму жартаваць – «з пазіцыі сілы». Ну і, вядома, летуценіць: «Я ніколі не пісаў правадыроў, не здраджваў сваім прынцыпам» (2009); «Халтуру і я рабіў: пісаў партрэты Сталіна на нашым камбінаце мастацкім, але я не затрымаўся ў гэтым стане, тое было эпізодам» (2015).

М. Данцыг, партрэты А. Касыгіна і М. Суслава, сярэдзіна 1970-х. Хіба не халтура, а «покліч душы» 🙂

Знаёмы чытачам belisrael.info літаратар Зміцер Дзядзенка 24.04.2020 так адкаментаваў лагатып дрыбінскай раённай газеты: «Мазаічная псіхапатыя перыяду лукашызму. Назва “Савецкая вёска” спакойна суседзіць з магдэбургскім гербам».

З сайта dribin.by

Разумею пачуцці Змітра, але… не абавязкова гэткае суседства – праява «мазаічнай псіхапатыі». Аксюмараны, спалучэнне неспалучальнага характэрныя для самых розных краін/часоў; менавіта яны, як правіла, і ствараюць камічны эфект («Мешчанін у дваранах», «Пінская шляхта»…) Барадатая показка «або крыжык здыміце, або трусы надзеньце» – пра тое самае.

Тое, што асобныя прэзідэнты (nomina odiosa) паводзяць сябе «не па чыну», а як распешчаныя манархі, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай для жартаў, але ж і значна больш сур’ёзнай праблемай, чым пастаўленыя побач «магдэбургскі» герб і назва з мінулага стагоддзя. Во ўзгадалася, што ў Шчучыне касцёл стаіць на вуліцы Савецкай, а ў Мінску музей Міхаіла Савіцкага (той яшчэ быў «аматар яўрэйшчыны»…) часцяком экспануе творцаў-яўрэяў, і нічога… Можа, тут і хаваецца славутая сярмяжная праўда «тутэйшая талерантнасць»? 🙂

Насамрэч усё мае свае межы, і, напрыклад, сабаччо на могілках (нават зачыненых) я, адрозна ад «прагрэсіўнай» журналіздкі Сашы Р-й, не гатовы талераваць…

Слушная пазнака на агароджы брацкіх могілак, дзе пахаваны ўдзельнікі Першай сусветнай, рог вул. В. Харужай і Чарвякова ў Мінску. Не бачыў падобных пазнак вакол «Яўрэйскага мемарыяльнага парка» па вул. Калектарнай/Сухой, дзе да 1970-х гадоў былі яўрэйскія могілкі (у канцы 1980-х, як распавядаў Якаў Гутман, пляцоўку збіраліся забудаваць, што канчаткова сцерла б пра іх памяць, а так… хоць асобныя магільныя пліты захаваліся).

Cабака пісьменніка Кды гойсае па плітах (фота 2015 г., гл. тут)

Надвор’е апошняга тыдня спрыяла шпацырам… Накоратка вярнуся да тэмы, якая турбавала летась, аднак адышла на задні план у пачатку 2020 г. – мінская тапаніміка, афармленне шыльдаў з назовамі вуліц. Пагатоў што тыдні з тры таму дызайнер Ігнат Плотнікаў выступіў з ідэяй візуальнай уніфікацыі тых аншлагаў (на свой капыл; адчуваецца натхненне «чалябінскім варыянтам» Іллі Бірмана).

Я не тое каб супраць такіх колераў, але з большай прыемнасцю акцэптаваў бы шыльды, дзе літары й лічбы крочаць «белым па зялёным»… Ці «белым па сінім», як тут:

Ды больш істотна для мяне – каб адваявана было месца для беларускай мовы. У жніўні-верасні 2019 г. звяртаў увагу на адсутнасць яе пры афармленні шэрагу шыльдаў; за паўгода наўрад ці многае ў Мінску змянілася да лепшага. Што ілюструюць і «Нововиленская», і «Каховская», і гэта:

 

Трэба прызнаць, на вул. Пархоменкi, 3 дошка з партрэтам героя выканана па-беларуску… I на доме № 17 па Кахоўскай з другога боку з’явіўся беларускамоўны аншлаг.

Прыкра, што адсутнічае белмова на гімназіі, дзе некалі (у 1990 г.) вучыўся 🙁

Тэксту на гімназічнай шыльдзе не відаць, ды паверце: там «Государственное учреждение образования», etc.

Аднак і беларуская мова, зразумела, не панацэя ад бесталкоўшчыны.

Гэтая таблічка на вул. Шчадрына, 90, з гібрыдам «Шчадрына» і «Скарыны» (=«Шчадрыны»), вісіць шмат год… ¯\_(ツ)_/¯

Тут, ля прыпынку «Кіеўскі сквер», бачым ваганне «зацікаўленых асоб», якую версію выбраць. Дапраўды, «Смаргоўскі» тракт або «Сморгаўскі»? Знянацку не кожны адкажа… Дэ-юрэ тракт і некалькі завулкаў побач з ім усё-такі «Смаргоўскія». Назва зафіксаваная ў «Приложении к решению Минского городского Совета депутатов от 26.10.12 № 259» – спісе элементаў вулічна-дарожнай сеткі горада Мінска. Яна паходзіць ад колішняга ўрочышча Смаргоўка…

Выходзіць, летась я памыляўся, калі следам за С. Харэўскім прасоўваў варыянт «Сморгаўскі» (трэ’ было арыентавацца на больш аўтарытэтнага знаўцу мінскай тапанімікі – гісторыка Івана Сацукевіча). Зрэшты, не адзін я такі шлімазл; «Сморгаўскі завулак» выкарыстоўваецца нават у дыпламатычным даведніку міністэрства замежных спраў РБ (2020; гл. с. 12). Дарэчы, там на с. 11 усплывае i «вул. Сабінава» – слушна «Собінава».

А нехта (не блытаць з блогерам Nexta) верыць, што назва «Смаргоўскі» – ад Смаргоні 🙂

Во яшчэ кур’ёз: пэўна, летась пад «Еўрапейскія гульні» і/або перапіс насельніцтва ўрад падкінуў грошай камунальнікам, і тыя прымудрыліся павесіць новыя шыльды там, дзе дубляванне адно рассейвае ўвагу… Як бы ні было, вешаючы новыя, варта было зняць старыя, дзе назоў вуліцы імя Паліны АсіпенкА пададзены з памылкай. Кур’ёзна, што і ў згаданым «спісе элементаў» 2012 г. фігуруе «вул. Асіпенкі». Але Мінгарсавет не меў паўнамоцтваў мяняць правапіс беларускай мовы.

Як скланяюцца жаночыя і мужчынскія прозвішчы на «-нка», было патлумачана ў 2014 г. ва ўрадавай газеце са спасылкай на экспертаў. Багата дзе ўсё напісана як мае быць… Разам з тым колькі аншлагаў на гэтай вуліцы Мінска – фактычна адной з цэнтральных – дагэтуль нясуць на сабе сляды непавагі да граматыкі.

Мазаічная псіхапатыя? Пры ўсёй павазе да Змітра, я так не думаю. Хутчэй – суцэльная апатыя…

Прагулка па «Арлоўцы» амаль непазбежна вядзе ў Кіеўскі сквер. У 1980-я і нават у «ліхія» 1990-я гады тут блішчэлі пазнакі, што сквер закладзены ў такім-та годзе такімі-та людзьмі ў гонар горада-героя Кіева…

Цяпер алея & камень – голыя; металічныя пліты даўно скрадзены або дэмантаваны. Аднавіць іх у век краўдфандынгу, бадай, рэальна, i «мытня дала б дабро» (гэта ж не шыльда ў гонар БНР, якую ў сакавіку Мінгарвыканкам чарговы раз не дазволіў павесіць на вул. Валадарскага). Але ж перапісвацца з чыноўнікамі мне паднадакучыла – мо такі вярнуся да кнігі.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

05.05.2020

Апублiкавана 05.05.2020  22:26

Водгук

Наконт «асобныя прэзідэнты… паводзяць сябе не па чыну, а як распешчаныя манархі» яшчэ класік трапна сказаў: «Няма горш, як з хама пана, a з дзярма пірага.»

Неяк прыйшло да галавы смелае параўнанне. Некаторыя беларусы — тыя, што ў гета — гэта як габрэі гадоў 150 таму на той самай тэрыторыі. А мовы размяркоўваюцца так:

Тое, чым быў у іх тады ідыш — адпавядае зараз рускай у беларусаў. Ведаем кепска (бачна па чатах), ужываем у побыце, хоць і крыху саромеемся, але, напрыклад, у мяне, дзіцяці менскай ускраіны 70-х — руская фактычна была засвоена першай, як ні круці.

Іўрыт — беларуская (сакральная, ведаюць не ўсе, у побыце размаўляюць рэдка, альбо размаўляюць у адмысловым асяроддзі).

Руская ў гэбраяў тады — ангельская ў беларусаў цяпер (каб выйсці з гета ў шырокі свет).

Ясна, што тут вялікая нацяжка, але, можа, вам мая хохма спадабаецца.

Віктар Сяргейчык (г. Мінск)   07.05.2020  14:21