Так склалася, што апошнія пару гадоў засцерагаю грамадска-палітычных актывістаў ад шапказакідальніцтва і самападману – гл., напрыклад, тут і тут. Дый 13.08.2020, на фоне (тады яшчэ) дужа масавых пратэстаў, дапускаў, што «адміністрацыі РБ, якая нарабіла кучу памылак і атрымала масу адчувальных аплявух, неўзабаве ўдасца сяк-так стабілізаваць сітуацыю, дарма што са скрыпам і не без саступак у “негалоўных” сферах». Цяпер, праз чатыры месяцы, можна канстатаваць, што дапушчэнне – на жаль ці на шчасце – выявілася карэктным. Рэвалюцыі, пра якую доўга казалі бальшавікі апаненты «перасідэнта», не адбылося.
Тым не менш не толькі гастралёр з Украіны Міхаіл Мінакоў (у чэрвені), а і Андрэй Ягораў, беларус, пацярпелы ад рэпрэсій, якога я ў верасні менаваў удумлівым палітолагам, у кастрычніку 2020 г. даводзіў наяўнасць «рэвалюцыі», ды яшчэ дэмакратычнай:
Вартасць пяці доказаў можаце ацаніць самі… На мой погляд, тэзіс пра грамадства, якое «не жадае жыць па старых правілах», адносіцца да разраду wishful thinking. Гаворка мусіла б ісці пра сегмент грамадства – значны, але, як паказалі падзеі жніўня-верасня 2020 г., усё яшчэ даволі друзлы. Акурат напярэдадні ягораўскага выступу канстатаваў: «размовы пра давер і салідарнасць застаюцца шмат у чым размовамі; грамадства змянілася істотна, але не радыкальна» (09.10.2020). Апошнія два месяцы не пераканалі мяне ў адваротным. Эрозія сістэмы працягваецца, але павольна, і ўважаць яе за непасрэдны вынік «дэмакратычнай рэвалюцыі» пакуль што не выпадае. Быў бы «грамадскі рух» настолькі шырокім, як хацелася – мы б назіралі ў канцы кастрычніка сапраўдны агульнанацыянальны страйк, а не лакальныя праявы, якія здараліся і да заклікаў Ціханоўскай & Co…
Нечаканасць пратэстаў («ніхто не чакаў, што яны працягнуцца больш за тры дні») таксама раздзьмутая. Нават у сакавіку 2006 г. яны доўжыліся больш за тры дні, а лукашэнская сістэма тады яшчэ не настолькі абрыдла… Карацей, А. Ягораў выступіў больш як «інтарэсант», што не дзіўна (ён жа ў Каардынацыйнай радзе), чым як аналітык.
Другі бок пераацэнкі ўласных сіл – недаацэнка апанентаў, iх прымітывізацыя, пра каторую таксама ў свой час пісаў… Вось як гэта зараз выглядае ў аўтара сайта budzma.by Ціхана Чарнякевіча (09.12.2020):
Бо ў «іншага боку», не ў сілавікоў адных, проста няма нічога. Толькі жаданне разбурыць. Пасля сябе яны пакідаюць бясконцыя знакі разбурэння, і рэальныя, і сімвалічныя: садраць, перамаляваць, засыпаць, зрэзаць, перакруціць у словах. На жаль, у пераліку гэтых разбурэнняў – і чалавечыя жыцці.
Не трэба падманвацца, што гэтая стратэгія – энергія пошуку нейкага выйсця. Пошук прадугледжвае акурат той самы дыялог; у пошуку ёсць набытак і страта, плюсы і мінусы. У нашай жа сітуацыі ёсць толькі жаданне дэструкцыі: разбурыць яўнае, адмовіць у прапанове, фальсіфікаваць усім вядомае, абылгаць праўдзівае. Гэта не пошук і не дыялог нават на долю працэнта.
A значыць, улада адкрыта пазіцыянуе сябе як пусты знак. Чвэрць стагоддзя кіравання не вынайшлі нічога. Толькі пустку, нежыць, якая хоча паглынуць усё жывое.
Некаторыя эпізоды апошніх тыдняў як быццам пацвярджаюць рацыю сп. Чарнякевіча – адна спілаваная за «няправільныя» колеры «Эйфелева вежа» ў мікрараёне «Усход» чаго вартая!
Вежа: 29.09.2020 і 22.11.2020
Калі б усё было так проста: «мы» ствараем, «яны» толькі бураць. Колькі разоў сутыкаўся з непавагай (і перакрутамі, і безадказнасцю, і адмовамі ў дыялогу), маючы стасункі з «дэмакратамі»… Дый «культурка» ад уладаў не зводзіцца да сясцёр Г-вых, з’едліва згаданых Ціханам… Нават цяпер на «іншым баку» – не толькі пустэча, а і, напрыклад, народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсяннікаў ды Зінаіда Зубкова. Можна кпіць з таго, што праўладнае пісьмо спартоўцаў у пачатку снежня падпісала мноства «ноўнэймаў» – чыноўнікаў і/або носьбітаў першых разрадаў, але ж і некалькі алімпійскіх чэмпіёнаў падпісаліся, і легендарны трэнер Спартак Мірановіч…
Карацей, варта прызнаць: выйшлі супраць дыктатуры і таленавітыя, і неталенавітыя. Сярод яе абаронцаў таксама ёсць… такія і гэткія. Нават цяпер урад сёе-тое робіць для «культуркі»; той жа сайт budzma.by адсылае да рэцэнзіі на кнігу Алеся Разанава, выдадзеную ў міністэрскай «Мастацкай літаратуры». Дабралася да мяне інфа і пра даведнік «Уладзімір Караткевіч», які выйшаў да 90-гадовага юбілею пісьменніка ў дзяржаўным жа выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя»… Хваліць гэтыя кнігі, не чытаўшы, не бяруся, але сам па сабе факт уцешны.
Мне ніколі не былі блізкія заклікі да «кіраўнікоў дзяржаў-суседак Беларусі», каб тыя зрабілі «захады дзеля прымусу беларускіх уладаў да дыялогу з беларускім народам і ягоным прадстаўніком – Прэзідыумам Каардынацыйнай рады». Ні ў пачатку кастрычніка, ні, тым болей, цяпер, калі Прэзідыум – дый, падобна, сама Каардынацыйная рада – фактычна не дзейнічаюць. Але я паважаў і паважаю права старэйшых калег на летуценні… і, у рэшце рэшт, на памылковыя крокі. Хіба сам іх мала рабіў у жыцці?..
Заміж таго, каб настойваць на «паўторных выбарах» (як быццам спецаперацыя, адбытая ў пачатку жніўня 2020 г., была выбарамі; як быццам пасля пастаноў ЦВК і Вярхоўнага суда ў сярэдзіне жніўня ды заявы Канстытуцыйнага суда ў канцы жніўня, чагосьці можна дабіцца ўгаворамі), думаю пра лёсы канкрэтных асобаў. Засела, відаць, у галаве выказванне Іосіфа нашага Бродскага: «Cвет, верагодна, уратаваць ужо не ўдасца, але асобнага чалавека – заўсёды можна».
Адно з рэдкіх калектыўных пасланняў, якое падпісаў: адкрыты ліст прадстаўнікоў навуковай супольнасці (і Беларусі, і свету). Там, у прыватнасці, гаворыцца:
Рэпрэсіі ў адносінах да вучоных, якія выконваюць свае прамыя прафесіянальныя і грамадскія абавязкі, недапушчальныя!
Важна адзначыць, што пацярпелыя ад падобных рэпрэсій вучоныя маюць высокую кваліфікацыю, мноства публікацый, патэнтаў, добрую рэпутацыю ў міжнароднай навуковай сферы.
Турбуюць найперш звальненні дасведчаных спецыялістаў з Інстытута гісторыі Акадэміі навук – канкрэтна, гэта Кацярына Крывічаніна, Аляксей Шаланда, Мікалай Волкаў, Уладзiмiр Шыпiла, Андрэй Радаман, Аляксандр Жлутко, Татьяна Папоўская. Доследы мінулага ў Беларусі 2000–2010-х гадоў былі падарваныя праз надуманыя звальненні гісторыкаў з таго самага акадэмічнага інстытута і з дзяржаўных ВНУ (асабліва Гродзенскага дзяржуніверсітэта). Чарговы ўдар можа стацца фатальным для тутэйшай гістарыяграфіі.
Пётр Рэзванаў цікуе за заявамі аднаго вусатага персанажа пра змены ў Канстытуцыі. Ну, а мне цікавей сачыць за паваротамі думкі самога Пятра…
Спачатку [17.08.2020] было неакрэсленае абяцанне «Выносім на рэферэндум, прымаем Канстытуцыю, і я вам свае паўнамоцтвы па Канстытуцыі перадам» (што праўда, яшчэ тады ён пужаў, што «нельга гэту Канстытуцыю аддаваць незразумела каму. Таму што будзе бяда»).
Потым [28.08.2020] была размова пра паўнамоцтвы, але, хутчэй, пра grassroot level: «Навошта на ўзровень Прэзідэнта цягнуць гэта? — запытаў ён. — Вы ж хочаце паўнамоцтвы перадаць зверху ўніз. Вось і забірайце іх. Чаму Прэзідэнт павінен вырашаць: будзе сам калгас гэта будаваць са сваімі людзьмі або ПМК».
Потым (калі не лічыць пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж Камітэтамі дзяржкантролю і дзяржбяспекі ці пашырэнне паўнамоцтваў яго памочнікаў, для чаго змен у Канстытуцыі не патрэбна) зноў былі згаданы вышэйшыя органы ўлады, і дадалося канкрэтыкі: «Урад і іншыя органы ўлады трэба дагружаць, знімаць з Прэзідэнта неўласцівыя пытанні. Нядаўна я атрымаў запіску: прапануецца 71 паўнамоцтва, калі можна так сказаць, перанесці ад Прэзідэнта на ўсе ўзроўні ўлады» [12.10.2020]…
Пазаўчора [07.12.2020] ён зноў казаў пра «пераразмеркаванне паўнамоцтваў» на карысць «тых, каму мала», але яшчэ нічога не прадвяшчала…
І вось 8-га мы даведаліся, што «ва Урад і парламент гэтыя [пакуль што прэзідэнцкія] паўнамоцтвы не падыходзяць», і пра прапанову перадаць іх Усебеларускаму народнаму сходу, як (увага!) «органу, які ўсіх імгненна стабілізаваў бы». Чым яму Ўрад і Парламент не падабаюцца? — Нібыта тым, што ён баіцца таго, што «калі растварыць паўнамоцтвы Прэзідэнта, якія перадаюцца парламенту, Ураду, міністрам, губернатарам, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі». Да спасылак на 1990-я і нават 1980-я мы ўжо прызвычаіліся! Нагадаю, што нядаўна [27.11.2020] была яшчэ адна фраза: «Давай, дэмакратыя, усе павінны выбірацца… Мы гэта праходзілі ў перыяд Гарбачова, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ж выбіралі ўсіх — кіраўнікоў прадпрыемстваў, дырэктараў. Ну што, давыбіраліся? І краіну страцілі, і Саюз разваліўся. Нам гэту падлянку хочуць падкінуць цяпер».
Далей Пётр жартуе:
Але ж гэты самы Ўсебеларускі народны сход (асабліва з сапраўднымі паўнамоцтвамі!) можа прывесці на памяць не толькі Ўсебеларускія кангрэсы (вай! і сцяг не той, а другі яшчэ і калабаранты праводзілі!) але і гарбачоўскі З’езд народных дэпутатаў (паралельны Вярхоўнаму Савету). Ой, разваліць Рыгорыч краіну, ой разваліць! 😉
Я схільны згадзіцца з тым, што «Усебеларускі народны сход» – орган, апрыёры не здольны «ўсіх імгненна стабілізаваць». Разам з тым ва ўяўным «вар’яцтве» (перадача паўнамоцтваў ад першай асобы «курултаю», куды трапляюць нібыта ад працоўных калектываў па нейкіх цьмяных квотах) ёсць свая логіка. I наліванне «новага віна» (грамадскай энергіі) у «старыя мяхі», г. зн. у сход, альтэрнатыўны дзеючаму парламенту, сапраўды здольнае на нейкі час адцягнуць увагу ад галоўных праблем краіны… Мяркую, сярод дэлегатаў акажацца «памяркоўная апазіцыя», якой, хутчэй за ўсё, дадуць трыбуну і нешта паабяцаюць. Хтосьці на гэта нават купіцца – купіліся ж некаторыя пратэстоўцы ў чэрвені 2020 г. на абяцанку «самога» арганізаваць у Брэсце мясцовы рэферэндум наконт будоўлі акумулятарнага завода «пасля выбараў»! Чатыры месяцы мінула пасля 09.08.2020 – мясцовага рэферэндуму няма… і, напэўна, ужо не будзе.
Рыгорычу Рыгорычава, а зборнік «Іудзейнасць», пра які ў «Новым часе» напісаў рэцэнзент, д-р Уладзіслаў Гарбацкі, усё яшчэ можна замовіць. Зміцер Дзядзенка адгукнуўся так: «Дваістыя ў мяне адчуванні засталіся пасля прачытання. З аднаго боку, я з пэўнай шчымлівасцю ў сэрцы дакрануўся да гэтага габрэйскай Атлантыды, якую мы страцілі за мінулае стагоддзе. З яе любовямі, здрадамі, натхненнем, кроўю і слязьмі… З другога — паспрабаваў уявіць, што гэтаксама можна будзе апісаць беларускую культуру. Як аскабалкі вяршыняў, якія яшчэ бачныя над вадзяной роўняддзю. Цікавая кніга атрымалася. Асобна хачу падзякаваць за артыкулы пра габрэйскую тэму сярод беларускіх літаратараў» (01.12.2020). Кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль, на наступны дзень: «Безумоўна, у кнізе ўздымаецца цікавы і важны культурны пласт!»
Малюнак адсюль
Застаецца нагадаць, што зборнік выйшаў пад эгідай суполкі «Шах-плюс» (мэйл для сувязі – ніжэй). І павіншаваць чытачоў: а) з Ханукай; б) з Міжнародным днём правоў чалавека.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
10.12.2020
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 10.12.2020 18:14