Краіна Тутэйшыя – месца, дзе многім з нас не хапае месца… Між тым неяк адаптаваліся: жывем, існуем або трываем (непатрэбнае выкрэсліць).
Пераважная ўвага тут і цяпер – да кандыдатаў у прэтэндэнты на «галоўны фатэль» РБ. Іх цяпер 15, амаль як на якіх-небудзь паўночнаамерыканскіх выбарах, але вылучэнцаў, якія штосьці з сябе ўяўляюць, няшмат (адзначаў тутака).
Запомніўся адказ Cяргея Ціханоўскага, блогера-і-за-кратамі-сядзельца, на пытанне карэспандэнткі «Нямецкай хвалі»: «Калі праводзіць паралелі, кім вы сябе адчуваеце: беларускім Навальным? Або, можа, Зяленскім?» – «Я адчуваю сябе беларускім Ціханоўскім». Напэўна, так (сур’ёзна-дасціпна) і трэба выказвацца.
Яшчэ досціп ад Настачкі з твітэра: «Калі бачу ў адной навіне прозвішчы Бабарыка, Ціханоўскі, Цэпкала, адразу ў галаве карцінка ўзнікае, як першы ў аркестры дырыжыруе, другі з Паплаўскай “Малінаўку” спявае, а трэці з Лалітай скача». Празрыстая алюзія на дырыжора Віктара Бабарыкіна, спевака Аляксандра Ціхановіча і расійскага шоўмэна Сашу Цэкала 🙂
На гэтым вясёлым фоне асабліва ўбога выглядалі «жарцікі» ад Ліды Я. з цэнтравыбаркама… Нагадаю: жонка Міколы Статкевіча Марына прынесла ў ЦВК «недасканалыя паперы». Рэакцыя была такая: «Баюся, Марыну Адамовіч увечары чакае сямейная сцэна!» А пра іншую прэтэндэнтку, нібыта заражаную каранавірусам, чыноўніца абвясціла: «Напэўна, ёй хацелася плюнуць у маёй прыёмнай». Фэйспалм…
Сёння пачытаў, як цырк-шапіто, выгнаны з Брэста-Літоўскага ў сувязі з эпідэміяй COVID-19, мадзее ў сельскай мясцовасці, практычна ў лесе… Доўга думаў. Прыйшоў да высновы, што не тую ўстанову назвалі «цырк-шапіто» (і турнулі з горада).
«Мадам Ярмо» не толькі выпраменьвае паранаідальныя ідэі – следам за тым, хто зрабіў на яе стаўку ажно ў 1996 г. – але і страціла прафпрыдатнасць. Улетку 2019 г. «заслужаная юрыстка» прапаноўвала правесці выбары прэзідэнта 30.08.2020, «Радыё Liberty» ды іншыя дробныя СМІ стрымгалоў кінуліся каментаваць тую ярмошынскую заяву… Cёлета «раптоўна» выявілася, што, калі на «выбарах» спатрэбіцца працяг, то названая дата пярэчыць канстытуцыі: «У 30 жніўня ёсць недахоп: выбары могуць праходзіць у два туры»… Іншая пасля такога факапу сышла б на пенсію, але 67-гадовая ўладальніца катэджа ў Драздах ані сумелася. Працягвае лінію старухі Шапакляк на дробныя паскудствы, як лёгка ўбачыць. Зрэшты, для чаго яшчэ, па вялікім рахунку, юрысты патрабуюцца «вярхоўнаму»?
«Салідныя кандыдацкія бабры» як быццам пачулі маю бясплатную параду – не апранаць даспехі радыкалаў. Адстаўны казы барабаншчык памочнік Лукашэнкі ўчора заявіў: «Краіне патрэбна еднасць – без падзелу на ўладу і апазіцыю, ворагаў і сяброў». Карацей, усеагульны кампраміс (і такой бяды, што яго не бывае ў прынцыпе – хіба толькі на могілках).
Пан Цапкала, слушна пазначаючы некаторыя праблемы беларускага соцыуму ды палітыкуму, па-ранейшаму кур’ёзна рэагуе на вострыя пытанні. Рэпліку «Хто вінаваты?» ён парыруе развагамі пра тое, што трэба перагарнуць старонкі мінулага, не шукаць ворагаў… Ну не атрымаецца абнуліць чвэрць стагоддзя – нават пры дапамозе такіх «плюшак», як авіярэйсы лаўкостараў, энергаэфектыўная эканоміка і да т. п.
Здаецца, па-ранейшаму замоўчвае Валер Ц. свой унёсак у пабудову той сістэмы, якую ён цяпер лупцуе… Унёсак не толькі канца ХХ ст. (дапусцім, што на той час аматар хакею сапраўды адпавядаў запытам выбарцаў), а і ХХІ ст. Напрыклад, у амплуа «памочніка прэзідэнта», прадстаўніка Лукашэнкі ў «Нацыянальным сходзе» (2002–2005).
Тое, што вяшчае нядаўні банкір, які ўступіў у тутэйшую палітыку, часам увогуле чмур… Крым – грэчаскі? Цэнтрвыбаркам абараняе галасы грамадзян? Мо апошняе – і камплімент на адрас «мадам Ярмо» (або заляцанне да «наменклатуры»), але з маёй званіцы ўспрымаецца як чарговы няўдалы жарт.
Прамаўляе Віктар Б. і разумныя рэчы – напрыклад, што хацеў бы аднавіць абмежаванне тэрмінаў кіравання прэзідэнта двума тэрмінамі (=10 год) – ды неяк яны губляюцца сярод трэшу… І як тут паверыш чалавеку, які займаў пасаду старшыні праўлення банка не 10, а 20 (дваццаць) гадоў? Так, аб’ектыўна розніца паміж палітыкай і бізнэсам істотная, аднак Віктар яе акурат не хоча заўважаць… Прэзідэнт у яго трактоўцы – «чысты менеджар», і каб жа пан Бабарыка не перанёс на палітыку & дзяржкіраванне сваё разуменне кадравых працэсаў… Іначай кажучы, учэпіцца новаабраны ў фатэль пад прэтэкстам выканання KPI – не адбярэш і праз два дзесяцігоддзі. Вунь пан Зяленскі таксама абяцаў сысці пасля першага прэзідэнцкага тэрміна, а цяпер, 20.05.2020, кажа, што, «як будзе вялікая падтрымка ад народу», можа і перадумаць…
Натуральна, былі, ёсць і будуць есці аўтары кшталту Стася К., якія заклікаюць скарыстаць шанс (як тыя напарстачнікі на вакзальнай плошчы): «Давайце намалюем сабе таго бізнэсмена, які фарміраваўся ў апошнія 30 гадоў. Ён шмат чаго дабіўся. Ён любіць Беларусь так, як можа. Ну, вось так, як Бабарыка, напрыклад. Дабіўся, любіць, прапануе сябе. Чаму вам не падабаецца тое, як ён яе любіць, і тое, чаго дабіўся?» Засталося дадаць хіба: «Вы проста не любіце ўсіх Бабарык банкіраў!» Зміцер Дзядзенка няблага напісаў 20 мая: «Мяняць быка на індыка – беларускі нацыянальны спорт».
Вангую, што неўзабаве за В. Бабарыку «ўпішацца» С. Алексіевіч – яна палюбляе гэткага ўзроўню каляпалітычныя праекты (напрыклад, ухвальна выказвалася пра А. Мілінкевіча і Т. Караткевіч). І захапляецца, калі нехта з багатыроў ахвяруе на культурку 0,01…% ад сваіх капіталаў.
Год таму каля галоўнага офіса «Белгазпрамбанка» на вул. Прытыцкага ў Мінску паставілі скульптуру Осіпа Цадкіна «Дараносец». Гонар і хвала фундатарам!
Дарэчы, не тое каб я імкнуўся падлавіць лаўрэатку на супярэчнасцях – неяк само вылазіць… Летась спадарыня фактычна падтрымала эўтаназію; паводле С. А., яна магчымая, «калі чалавек хоча адысці раней, чым перастае быць чалавекам». А днямі тая ж «Свабода» піша, што лаўрэатка – за тое, каб жывёлы-інваліды, якім пагражае эўтаназія, працягвалі жыць (і матэрыяльна падтрымлівае групу «Добры леў»). Як яно спалучаецца? Дзеля-мадзеля патлумачу: хай жывуць хворыя жывёлы, я супраць эўтаназіі для хворых людзей. Асабліва небяспечнай была б яе легалізацыя ў нашых умовах, дзе шчыруе прававы нігілізм, а вольнае самавыяўленне грамадзян, лагодна кажучы, дзе-нідзе ставіцца пад сумнеў.
Яшчэ каліва звестак пра жывёлаў і людзей.
Заяц-шарак пасяліўся ўвесну 2020 г. каля Дома ўрада ў Мінску – няйначай гэта пачатак перадвыбарнай кампаніі старшыні Магілёўскага аблвыканкама, экс-міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Вушасты звярок распальвае цікавасць журналістаў, пра яго пішуць у сувязі з «сакральным» будынкам. Выходзіць, яго з’яўленне – хітры ход, каб павялічыць пазнавальнасць Леаніда Канстанцінавіча як будучага палітыка! 🙂
Зайцы (2 экз.). Злева – фота Тамары Хаміцэвіч, «Мінск-навіны». Правае фота ўзята адсюль
З тым, што «капіталізм караскаецца ўгору», згаджаецца гомельскі гісторык Юрый Глушакоў. Яго погляд можна пачытаць тут: «Сенсацыяй гэтай кампаніі стала з’яўленне на ёй «рэальнай» буржуазнай апазіцыі… Мэта цалкам зразумелая – адарваць ад усялякіх “кандыдатаў пратэсту” ІТ-шнікаў, “крэаклаў” і іншых “яйкагаловых”». Версія, што мае права на жыццё: вылучэнне кандыдатаў «з эліты» абумоўлена ходам гістарычных падзей, але ў канкрэтных умовах яны могуць быць пешкамі (ОК, фігурамі) у «гульні тронаў». Дыялектыка… (Чаму Глушакова на сайце «Белпартызан» мянуюць першым намеснікам старшыні партыі «Зялёныя», здольная адказаць толькі рэдактарка – Юрый перастаў ім быць у 2016 г.).
Не ведаю, за каго тут аддаць голас – мо і праўда за маэстра Віктара Бабарыкіна, галоўнага дырыжора прэзідэнцкага аркестра ў 2002–2019 гг.? (Засталося дачакацца яго вылучэння ў кандыдаты.) Затое дакладна ведаю, за каго НЕ галасну – вядома ж, за в. а. цара з яго «піярам у час чумы»: «Паказнік застанецца адзін – смяротнасць людзей. І тое, што мы ў гэтым плане лепшыя ў свеце, ніхто ўжо не аспрэчвае».
Статыстыцы афіцыйнай няма вялікага даверу, дык жа ж нават паводле яе – далёка не лепшыя. Асцярожная «Наша Ніва», прывёўшы лічбы, якія абвяргаюць выказванне правадыра, заўважыла: «Магчыма, маецца на ўвазе колькасць смерцяў на агульную колькасць захварэлых» (21.05.2020). Замест мяне даў дыхту Лукашэнку і яго мудрым тлумачальнікам аўтар «БелГазеты» Дзмітрый Растаеў, прычым заранёў (19.05.2020): «Нават калі прывязаць нашы лічбы да “аб’ёму тых, каго выяўляюць”, пераможная карцінка ўсё адно не складваецца. У Сінгапуры, напрыклад, пры 27356 выяўленых усяго 22 памерлых, у Катары пры 30972 выяўленых усяго 15 ахвяр. Тэзіс пра “самую нізкую смяротнасць” і тут міма касы».
Cпраўдзіўся мой пятамайскі прагноз адносна Беларусі і Ізраіля: «памерлых у Беларусі покуль меней (107 супраць 237), але разрыў скараціўся… і, на жаль, будзе скарачацца далей». На сёння ў Беларусі – 190 памерлых з COVID-19, у Ізраілі – 279 (паводле звестак адпаведных міністэрстваў аховы здароўя). «Плато», пры якім штодня ў краіне прыбаўляюцца сотні носьбітаў каранавіруса – так сабе плато. Гэтых носьбітаў ужо два райцэнтры (34303 інфікаваных мінус 12833 вылекаваных = 21470 чалавек). І значная частка хворых – у цяжкім стане; відаць, «жыватворны парад» не ўсім пайшоў на карысць…
Хочацца верыць Ірыне Глінскай з галоўнага ў РБ цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якая 22.05.2020 прадказала зніжэнне захваральнасці на рубяжы мая – чэрвеня. Ну, хаця б таму, што спецыялістка шчыра прызнае: «Піку не было, зніжэнне будзе павольнае… Сёння няма падстаў меркаваць, што вірус сыдзе і мы ўсе пра яго забудзем». Праўда, шэф Глінскай, міністр Каранік, «думаў» 09.04.2020, што пік такі будзе, і на месяц раней, г. зн. у канцы красавіка – пачатку мая… Дык то ж міністр, чалавек, які па вызначэнні (by default) усёй праўды не ведае і не скажа. Ладна, як усё скончыцца, «разбор палётаў» акажацца больш дарэчны. Што ўзяць з асобнага чыноўніка, калі тут «усю сістэму трэба мяняць». Ідзецца не пра рэвалюцыйную прапаганду – пра сумную рэчаіснасць.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
wrubinchyk[at]gmail.com
22.05.2020
Апублiкавана 22.05.2020 21:29