Tag Archives: синагоги Слуцка

Э. Шульман. Што я помню пра Слуцк

Гэты нарыс Эліёгу Шульман з Нью-Ёрка напісаў у памяць пра свайго дзеда Ёсла Барона і пра ўсіх Баронаў, знішчаных у Слуцку, Нясвіжы і Мінску, ён быў апублікаваны ў 1962 г. на ідышы, а ў 2022 г. – у перакладзе на рускую ва ўжо згаданай кнізе «Еврейский Слуцк – земной и небесный». Тут нарыс падаецца ў скарочаным выглядзе.

Беларусь (або «Райсн») вельмі часта паказвалася ў яўрэйскай літаратуры. Аўром Рэйзен, Довід Эйнгорн, Мойшэ Кульбак, Лейб Найдус, Г. Лейвік і «Дзядуля» Мендэле Мойхер-Сфорым малявалі краявіды, палі і лясы з беларускімі бярозкамі. Рахманым, спакойным, сумным быў пагляд на гэты край. Сум адчуваўся і ў народных песнях беларускіх сялян, і ў апісаннях з яўрэйскай літаратуры. Але нельга сказаць, што ўся Беларусь была беднай і шэрай. Слуцк быў жывым горадам, поўным актыўных і надзіва імпэтных яўрэяў. Ён з’яўляўся «павятовым горадам» – цэнтрам эканамічнага і культурнага жыцця вялікай акругі. У суседніх з ім мястэчках таксама напоўніцу віравала жыццё.

Слуцк узгаданы ў хроніках паўстання Хмяльніцкага. Можна прыняць як пацверджаны факт, што яўрэйскаму Слуцку – не менш за 400 год.

Я ўспамінаю Слуцк як яўрэйскі горад, хоць у ім жыло таксама шмат хрысціян. Неяўрэямі былі ўсе чыноўнікі, настаўнікі ва ўсіх рускіх школах і гімназіях. У Слуцку жылі таксама лютэране (на Шырокай вуліцы каля бульвара знаходзілася лютэранская царква) і нямала палякаў. У 1918 г. была адчынена польская гімназія, якую наведвала мноства вучняў. Хрысціяне жылі ў Трайчанах, ля манастыра, на Шырокай вуліцы, на Юр’еўскай вуліцы побач з земствам, на Новай вуліцы, у прадмесці Востраў і на некалькіх завулках, але асноўнае насельніцтва было ўсё ж яўрэйскае.

Слуцкія яўрэі вялі рэй у гандлі і рамёствах. Прыгадваю толькі каліва неяўрэйскіх крамак у Слуцку, напрыклад «Крама братоў Мухіных», «Гарохавіч» і яшчэ пару. Амаль усе іншыя крамы на шашы і вуліцах былі яўрэйскія. Апрача гандлю ў крамах, яўрэі займаліся фізічнай працай. Горад поўніўся яўрэйскімі краўцамі і іх чаляднікамі, шаўцамі, закройшчыкамі, мулярамі, цеслярамі, ганчарамі, цырульнікамі, малярамі, кастарэзамі і інш.

Слуцк насарэч быў пасярэднікам паміж горадам і вёскай. Кожную нядзелю ў горад з усіх бакоў з’язджаліся сяляне са сваімі прадуктамі. Яўрэі – мужчыны і жанчыны – куплялі жыта, пшаніцу, авёс, яйкі, бульбу, курэй і быдла. Гешэфты здзяйсняліся ў нядзелю да 12 гадзін апоўдні, таму што потым ладзіліся набажэнствы ў цэрквах, аднак і пасля 12-й гадзіны ўсе крамы былі адчынены, і сяляне маглі купіць усё, што ім патрабавалася.

У вёсках вакол горада нарыхтоўвалася шмат збожжа, слуцкія гандляры яго скуплялі і перапрадавалі па ўсёй Расіі. У Слуцку было тры паравыя млыны – Файнберга, Гутцайта і Мышалава. Мука таксама вывозілася ў далёкія краі. Яўрэі скуплялі таксама свіную шчэць, якую экспартавалі нават за мяжу.

І ў найскладанейшыя часіны Першай сусветнай вайны, а асабліва ў змрочны перыяд пад уладай бальшавікоў – з канца 1918 да жніўня 1919 гг., да таго, як палякі ўзялі Слуцк – у горадзе, нягледзячы на голад ва ўсёй Расіі, было дастаткова хлеба не толькі для ўласнага спажывання, але і для экспарту. У той час у Слуцк штодня прыбывалі «мяшочнікі» – людзі з мяхамі для набытага хлеба. Са Слуцка штодзень вывозіліся – і чыгункаю, і на фурманках – тысячы пудоў мукі.

Слуцк меў багатыя сады і гароды – як у межах горада, так і на прылеглых землях. Знакамітыя слуцкія грушы «бэры» пакаваліся ў скрыні, а потым вывозіліся далёка ў Расію. У Слуцку таксама вырабляўся цудоўны гусіны тлушчы, вядомы паўсюдна. Увогуле, можна сказаць, што горад сапраўды жыў і тварыў.

Слуцк быў поўны ідышкайту, яўрэйскасці. Сярод яго жыхароў было нямала людзей, якія сур’ёзна вывучалі Тору. Ва ўсіх сінагогах ад мінхі да майрэва вывучалі «Эйн Якаў», «Хаей Адам» або раздзелы з Мішны. Удзень у суботу, па абедзе, сінагогі былі перапоўненыя. Між іншага, у горадзе было 18 сінагог і дамоў навучання. Толькі на адным сінагагальным двары знаходзіліся пышная і насамрэч цудоўная Халодная сінагога, вельмі стары «Клойз», Вялікі дом навучання (бесмедрэш), Рагавая сінагога і Кравецкая сінагога. Недалёка ад гэтага двара стаялі Мясніцкая сінагога, сінагога рабі Ісеркі і сінагога «Мішнаёс». У Халоднай сінагозе былі дзве каменныя прыбудовы-«мураванкі», у бесмедрэшы – прыбудова для ранішняй малітвы «ватыкін». У сінагозе «Мішнаёс» была адзіная ў горадзе хасідская малельня-прыбудова.

М. Філіповіч, «Сінагога ў Слуцку за ракой» (акварэль 1925 г.)

Апрача згаданых, былі і яшчэ сінагогі: Капыльская, Гаспадарская, Гарбарская, Зарэчная, Выгодская, Астроўская, Кавальская, новая і старая сінагогі на Хапашкінскай вуліцы. Горад меў мноства хедэраў, маленькіх ешываў (была і адна вялікая), у ім былі дзве талмуд-торы і «выпраўлены», «прагрэсіўны» хедер. Слуцкая ешыва славілася ва ўсёй Расіі, у ёй вучыліся ешыботнікі з далёкіх месцаў. Ешыва выпускала часопіс «Ягдыл Тора», унутры яе вялася барацьба паміж «мусарнікамі» і апанентамі руху «Мусар». Слуцк быў проста пранізаны старасвецкай яўрэйскасцю, аднак у горад прабіраўся і дух сучаснасці. Так, у Слуцку працавалі рускія школы: класічныя мужчынскія гімназіі, жаночыя гімназіі, камерцыйная школа. Былі таксама пансіён, некалькі прагімназій, «яўрэйская вучэльня», «гарадская вучэльня». Пры манастыры існавала «духоўнае вучылішча». У гімназіях панавала «працэнтная норма», але нямала яўрэйскіх дзяцей там усё ж навучалася.

Апрача ўсяго іншага, у 1917 г. былі заснаваныя рэальная вучэльня, беларуская гімназія і тэхнічная школа. Слуцк быў дапраўды культурным цэнтрам, і ў горад сцякалася мноства вучняў з суседніх гарадкоў і мястэчак. Яны карысталіся падручнікамі, і таму ў горадзе былі кнігагандляры: Грынвальд, Рубінштэйн, Тамашоў, Файтэльсон, яшчэ некалькі. У кнігагандляра Рэйсера і яго кампаніі можна было набыць кнігі на ідышы і старажытнаяўрэйскай, а таксама газеты і часопісы.

Калі мне было шэсць гадоў, я пайшоў у «абноўлены», або прагрэсіўны хедэр, які моцна адрозніваўся ад старых хедэраў. Па-першае, у абноўленым вучыліся да трох гадзін апоўдні, а не да васьмі вечара, як у старых. Па-другое, ён быў падзелены на класы. Таксама вучні сядзелі не за адным доўгім сталом, а кожны на сваім услончыку; зрэшты, гэта было ўжо толькі фармальнае адрозненне. Абноўлены хедэр быў іншым у больш значных аспектах; вучылі ў ім пры дапамозе куды больш сучасных метадаў. Вучні карысталіся сучаснымі хрэстаматыямі, вывучалі граматыку і Танах, яўрэйскую гісторыю, геаграфію Зямлі Ізраіля. За кароткі час навучэнцы асвойвалі старажытнаяўрэйскую мову. У абноўленым хедэре «Морыя» часта здараліся таксама вечарыны («сходы»), калі паказваліся карцінкі праз «чароўны ліхтар», дэкламаваліся вершы і спяваліся песні на старажытнаяўрэйская. Руская мова і арыфметыка ў мой час у выпраўленым хедэры не вывучаліся, аднак у параўнанні са старым хедэрам абноўлены быў прагрэсіўнай з’явай.

Калі я скончыў абноўлены хедэр, дзед адправіў мяне ў звычайны – да меламеда Аўрэмеле (Затуранскаму). Навошта ён так зрабіў, я не разумею. Я ўжо дастаткова ведаў Хумеш, дый Танах, а тут мне раптам давялося сядзець у старым хедэры і вучыць азы кшталту «“Бэрэйшыс” значыць “у пачатку”». Нядоўга я сядзеў у гэтым хедэры, а потым нейкі час вучыўся ў Стыфакова, прыхільніка Гасколы (яўрэйскага Асветніцтва). Яго сістэма была даволі старамоднай, аднак у яго мы вучылі старажытнаяўрэйскую мову і пісалі сачыненні. У той час абноўлены хедэр «Морыя» ужо не існаваў, але Гутцайт разам з Аўромам-Ічам Шпількіным адкрыў прыватную школу ў доме Бенцыёна Шпількіна. У іх я вучыўся да таго, як у 1917 г. паступіў у камерцыйную вучэльню.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. пачаўся моцны прыток яўрэйскіх дзяцей у рускія школы. Была скасавана працэнтная норма, і яўрэю ўжо не выпадала плаціць за навучанне некалькіх неяўрэйскіх дзяцей, каб яго дзеці паступілі ў навучальную ўстанову «звыш нормы». Хедэры зачыняліся адзін за другім. Каб прыпыніць навалу паступлення ў рускія школы, арганізацыя «Агудас-Ісроэль» нават адкрыла мадэрнізаваную рэлігійную сярэднюю школу. Аднак я вырашыў, што лепей насіць шапку з зялёным аколышкам ды мундзір з зялёнымі палоскамі на каўняры, і пачаў рыхтавацца да іспытаў. Рыва Віленская дапамагла мне падрыхтавацца, і неўзабаве я трымаў экзамен. У верасні 1917 г. мяне такі прынялі ў слуцкую «камерцыйную вучэльню». Ёю кіраваў ліберальны дырэктар Дзімітрый Іванавіч Іваноў. Сярод вучняў старэйшых класаў налічвалася прыкладна роўная колькасць яўрэяў і хрысціян. У малодшых класах пераважную большасць вучняў складалі яўрэі.

Яўрэйскія вучні размаўлялі міжсобку на ідышы – не толькі на перапынках, але і ў класах. Настаўніцы збольшага былі рускія. Настаўнікам гімнастыкі служыў паляк – пазней, у час польскай акупацыі, ён стаў начальнікам слуцкай турмы. Яшчэ адным настаўнікам быў вядомы бундавец Лейб Мышкоўскі.

Владимир Хворов

Слуцк. Будынак старой камерцыйнай вучэльні. Фота адсюль

Камерцыйная вучэльня ў параўнанні са старым хедэрам была сапраўднай акадэміяй. У ёй часта ладзіліся танцавальныя вечарыны і спектаклі. У гэтай вучэльні я правучыўся тры гады.

Увесну 1920 г. польская жандармерыя выявіла ў вучэльні камуністычную ячэйку, і праз гэта ўстанова была зачынена. Неўзабаве палякі пакінулі Слуцк; сыходзячы, яны, між іншага, спалілі будынак камерцыйнай вучэльні. Пазней, увосень 1920 г. – калі палякі зноў увайшлі ў Слуцк – «камерцыйная вучэльня» адчынілася наноў у будынку мужчынскай гімназіі. Але я к таму часу ўжо стаяў на парозе эміграцыі ў Амерыку.

На працягу трох гадоў камерцыйная вучэльня шмат чаго дабілася. У час нямецкай акупацыі ўлады не мяшаліся ў дзейнасць установы; іх задавальняла тое, што нямецкая мова выкладалася ў вучэльні з першага года навучання. У час польскай акупацыі быў уведзены курс польскай мовы і польскай гісторыі.

Пад бальшавіцкай акупацыяй (снежань 1918 – жнівень 1919 гг.) у вучэльні ажыццяўляліся пэўныя рэформы: хатнія заданні скасоўваліся, ладзіліся прагулкі па свежым паветры (па тэрыторыі маёнткаў і па лясах), пачалі чытацца лекцыі пра рэвалюцыйны рух. Плата за навучанне была адменена.

Тры гады навучання ў камерцыйнай вучэльні сталі для маладых людзей цікавым і важным досведам. У той жа час я працягваў вывучаць старажытнаяўрэйскую мову і літаратуру і новай вячэрняй школе асацыяцыі «Тарбут». Вячэрнія ўрокі ладзіліся ў будынку «талмуд-торы», маімі настаўнікамі былі Хазановіч, Хініч і Некрыч.

Пераклаў з ідыша В. Р.

***

Слуцкая бібліятэка запрашае вас на запланаваную канферэнцыю: Zoom.
Тэма: Прэзентацыя кнігі “Еврейский Слуцк. Небесный и земной”
Час: 9 вер. 2022 02:00 PM Мінск
Падлучыцца да канферэнцыі Zoom
Ідэнтыфікатар канферэнцыі 667 400 4873
Код доступу: i52QxN
.
Апублiкавана 08.09.2022  00:24

 Мордхе-Ліпа Горын. Мой Слуцк

…Здаля, з навакольных палёў і дарог, было відаць знакамітую, пекную, выбеленую Халодную сінагогу. Гэтая камяніца з пакатым, пафарбаваным у зялёны колер бляшаным дахам узвышалася над горадам, быццам вежа.

Сінагога, пабудаваная ў гатычным стылі, была сіметрычным будынкам – з дакладнымі, збалансаванымі архітэктурнымі лініямі, гзымсамі. Мела доўгія і шырокія вокны з каляровымі шыбамі (блакітнымі, зялёнымі, чырвонымі…). Унутры будынка дах падпіралі круглявыя дыхтоўныя калоны. Здавалася, што аб’ёмныя слупы сімвалізуюць слуцкую абшчыну, якая таксама абапіралася на старажытнае знатнае паходжанне.

Апранутыя ў футры або ў тоўстыя цёплыя палітоны, людзі, здаралася нават у марозныя зімы прыходзілі маліцца ў Халодную сінагогу. Зуб не трапляў на зуб, аднак ні люд паспаліты, ні «вяршкі грамадства» не шманалі. Калі голас хазана (кантара) мудрагеліста ўздымаўся, а потым зрываўся ў крык, людзі адчувалі яго паспех і разумелі, што скора ўсё скончыцца. Але прыхаджанам цяжка было стаяць на месцы праз холад, і яны падскоквалі. Па сутнасці, удзел у малітве ўяўляў з сябе бязладнае мітусенне ў вялізнай залі. Ніхто не стаяў на месцы, усе віхрам насіліся ў сваіх талесах зверху палітонаў, мармыталі нешта сабе пад нос, гутарылі ды маліліся.

У 1908 годзе громам грымнула навіна, што Халодная сінагога дабудоўваецца, і з абодвух бакоў будзе жаночая малельня. З гэтай нагоды кпілі: «Цяпер і жанчыны даведаюцца, што такое мароз». Аднак улетку прыхаджане аджывалі ды цешыліся з прахалоды, адчуваючы сябе нібыта ў раі. Тады яны маліліся зусім па-іншаму. На малітвы вялікіх хазанаў у Халоднай сінагозе прадаваліся квіткі. Гершон Сірата, Меер Лідзер, Лейба Уздзер ды іншыя знакамітасці былі ўлюбёнцамі гараджан. Пра іх выказваліся з веданнем справы, атрымлівалі асалоду ад асабліва прыгожых пасажаў з іхніх спеваў. Многія яўрэі стаялі пад сінагогай і захоплена прыслухоўваліся: «Ай, вось гэта ён вывеў!» Хазаны прыносілі людзям такую радасць, што іх літаральна асыпалі пацалункамі.

У летнія месяцы да Халоднай сінагогі прыходзілі на рэпетыцыі слуцкія пажарныя. Амаль кожны чацвер пажарны, апрануты ў мундзір і ў раскошным шаломе, ехаў на дрожках і дзьмуў у трубу, паведамляючы сваім таварышам, што ўвечары будзе сход, вулічная рэпетыцыя.

Рэпетыцыі адбываліся спачатку на вялікай пустой плошчы ля рынка, дзе знаходзіліся гаражы з пажарнымі машынамі, помпы з бочкамі, канюшня, а таксама памяшканне для дзяжурных, якія неслі вахту ўдзень і ўночы, заўжды гатовы ўзняць трывогу.

На чале слуцкіх пажарных стаялі Ісроэл Барон, энергічны яўрэй, і памешчык Курацэвіч, які жыў у канцы бульвара ў пышнай, прыгожай сядзібе.

Пажарныя былі апрануты ў ладна падагнаныя мундзіры і маршыравалі ў суправаджэнні аркестра стройнымі радамі, быццам атрад вайскоўцаў. Гукі маршу прыцягвалі хлапчукоў з хедэра, дый проста вясёлыя кумпаніі, а таксама асобных мінакоў, для якіх гэта быў добры спектакль і прыемнае баўленне часу.

На сінагагальным двары, каля лазні, пажарныя ставілі лесвіцы, прыпіралі іх да муроў Халоднай сінагогі і залазілі на пакаты дах. Паміж хлопцамі ладзілася спаборніцтва, хто хутчэй здолее гэта зрабіць. Грала музыка, а з пажарных шлангаў, уткнутых у бочкі, вада лілася ўгору і далёка навокал. Дзеці дапамагалі пажарным чэрпаць ваду з найбліжэйшых студняў.

Потым пажарныя бавілі час у харчэўнях, дзе смакавалі слуцкія стравы: рыбу, гусінае мясо і тлушчы, блінцы, пірагі з начыннем, торты – і ўсё гэта залівалі акавітай.

У дні дзяржаўных святаў навучэнцы гімназіі і камерцыйнай вучэльні, быццам вымуштраваныя жаўнеры, заходзілі ў Халодную сінагогу строем, у поўнай форме. Яны сядалі на лавы вакол бімы ў цэнтры сінагогі, і казённы рабін Эшман, апрануты ў чорны сурдут, на рускай мове трымаў перад імі патрыятычную прамову пра важнасць свята. Ён прымяркоўваў свае выступы да тэмы святкавання: напрыклад, да дня нараджэння цара, іншых тытулаваных асоб з дынастыі Раманавых.

Пасля цырымоніі чытаўся раздзел з псалмаў. Завяршаўся выступ казённага рабіна патрабаваннем быць добрымі, набожнымі і лаяльнымі да цара.

У Халоднай сінагозе прыводзілі да прысягі маладых яўрэйскіх хлопцаў, прызваных у войска. Ускудлачаныя, разгубленыя, яны праз зубы паўтаралі клятву, якую Эшман вымаўляў па-руску, дэкларуючы вернасць і адданасць расійскаму цару. Словы Эшмана набывалі іранічнае і нават дзікае гучанне ў сінагозе без прыхаджанаў, у прысутнасці вайскоўцаў і цывільных службоўцаў.

Тут жа часам з’яўляўся спраўнік Штрыкер, тоўсты бландзін. Пад яго ўладай знаходзіліся дваццаць пяць паліцыянтаў і рота жаўнераў, якія змяшчаліся ў бараках. Пляц для трэніровак быў у іх побач з касцёлам.

У Халоднай сінагозе, як і ў іншых, былі сярод прыхаджанаў таемныя агенты. Штрыкер быў някепскім чалавеком. Яго ведалі дзеці і жанчыны, ён гуляў па вуліцах у сваім шэрым мундзіры з эпалетамі, усміхаючыся мінакам. Але да моладзі, замяшанай у занадта вольных учынках, спраўнік быў бязлітасны.

У сакавіку 1905 года яго сын, пятнаццацігадовы гімназіст, пасля спрэчак з бацькам схапіў ягоны рэвальвер і застрэліў яго. Падлетак захапляўся ідэямі левых і не мог вынесці таго, як бацька з ім абыходзіўся. У Слуцку тады ўсчаўся вялікі шум, усё здарылася якраз за тыдзень да Пэйсаха. Паніхіда прайшла ў лютэранскай царкве на бульвары.

Вакол сінагагальнага двара было пяць сінагог: Халодная на ўсходнім баку, дом навучання на заходнім, «Клойз» і Рагавая сінагога на паўночным, а на паўднёвым — сінагога краўцоў. На прасторным двары, што ўмяшчаў сотні людзей, ладзілі вяселлі, тут гралi клезмеры — капела Айзла-клезмера або музыкі Шымена-Лейба. Калі ж яны гралі на вуліцы, тое быў знак, што вясельная працэсія рухаецца да сінагагальнага двара.

М. Філіповіч, «Сінагога ў Слуцку» (акварэль 1925 г.)

Побач з «Клойзам» арганізоўваліся жалобныя цырымоніі: калі паміралі важныя персоны, труну ўзнімалі на стол, што стаяў на ўзвышшы. З гэтага ж узвышша слова пра нябожчыка прамаўляў рабін або даян рэб Лейб Неймарк; яны распавядалі пра дабрадзейнасць памерлага, пра тое, які ён быў цудоўны яўрэй. Прысутныя мужчыны і жанчыны праходзілі міма нябожчыка, аплакваючы яго. Хлопчыкі з хедэра і талмуд-торы крочылі за труной і спявалі псалом «Цэдэк ле-фаноў еѓалех, вэ-ёсем ле-дэрэх пэамоў»*. Шамес рэб Файвл трэс каробкай для цдокі (ахвяраванняў) і звяртаўся да людзей са словамі мудраца: «Цдоке тацыл мі-мавет»**.

Так і цягнулася жалобная працэсія: улетку – па спёцы, увосень – па раздарожжы, узімку – па снезе. Людзі ішлі і неслі труну на плячах. Яўрэі мерна крочылі ў пачцівай цішыні, якую парушаў толькі звон манет у каробцы для цдокі, і даходзілі так да абнесеных каменным плотам могілак ля ракі, у канцы Зарэчнай вуліцы.

Пераклаў з ідыша В. Р.

* «Справядлівасць перад Ім пойдзе, і накіруе Ён яе па шляху ступакоў Сваіх» («Тэгілім», 85:14)

** «Дабрадзейнасць ратуе ад смерці» («Мішлей», 10:2)

***

Паводле «Кнігі памяці яўрэяў Слуцка і наваколля» (Нью-Ёрк, 1962; іўрыт, ідыш, англійская). Гэты фрагмент – у перакладзе з ідыша на рускую мову – увайшоў у кнігу «Еврейский Слуцк – земной и небесный», што надоечы выйшла ў Маскве. Прэзентацыя выдання мае адбыцца ў Слуцку 9 верасня, у раённай бібліятэцы, пачынаючы з 14.00.

Апублiкавана 05.09.2022  23:29

***

Слуцкая библиотека приглашает вас на запланированную конференцию: Zoom.
Тема: Презентация книги “Еврейский Слуцк. Небесный и земной”
Время: 9 сент. 2022 02:00 PM Минск
Подключиться к конференции Zoom
Идентификатор конференции: 667 400 4873
Код доступа: i52QxN
.
Добавлено 07.09.2022  13:09