ГУТАРКА З ДАВІДАМ ШУЛЬМАНАМ
(заканчэнне, пачатак тут).
- Барысаў, ідыш, продкі, кампартыя…
– У Вас многія творы пра Барысаў, Ваша юнацтва…
– Натуральна – кожны літаратар піша пра сябе і тое, што перажыў.
– Калі прыязджаеце ў Беларусь, то Барысаў штораз наведваеце?
– Вядома, там жа пахаваны бацька, дзед з бабуляй, цётка… Учора я там быў, прывёў магілы ў парадак. Гэта галоўнае, дзеля чаго я прыязджаю сюды: наведаць бацьку, «адчытацца» перад ім. Маці ж пахавана ў Эйлаце. Сем гадоў таму…
– У Барысаве засталіся яшчэ родзічы?
– Нікога. Некалькі чалавек ёсць знаёмых… Летась была прэзентацыя ў барысаўскім доме-музеі Каладзеева маёй кніжкі «З вялікай літары Б.», дарэчы, там пра маю былую суседку. Вялікая літара «Б» – гэта Беларусь, Барысаў, Берагавая… і Бенянсон Блюма Беркаўна.
– Дзе зараз сябе лепей адчуваеце – у Барысаве ці ў Эйлаце?
– У Эйлаце. Мне і Мінск цяпер бліжэй, чым Барысаў. А Барысава мне малавата: пасля Эйлата – такая правінцыя з нізкім небам… Хаця горад і вялікі, ехалі ўчора доўга на машыне па вуліцы Гагарына, мясціны знаёмыя. Але гэта ўжо не маё. Маё – мінулае, а пра сённяшні Барысаў я не змог бы напісаць. Штораз, калі наведваю яго, дзіўлюся, як я тут жыў… Гэта ўжо не той горад.
– За беларускімі навінамі сочыце?
– Кожны раз, як вяртаюся з работы, гляджу ў аўтобусе. Маю доступ у інтэрнэт праз тэлефон. Праглядаю некалькі недзяржаўных сайтаў, яны больш цікавыя, разняволеныя… Мяне не цікавіць афіцыёз – ні беларускі, ні расейскі. Я не гляджу расейскае тэлебачанне, усе гэтыя шоў пра лідэраў, байкі пра палітыку… Мне цікавейшае жыццё звычайнага чалавека.
– Ізраільскай палітыкай, пэўна, таксама ніколі не цікавіліся?
– Чаму, нейкі час нават сам займаўся палітыкай у Ізраілі. Гэта было ў першыя гады, калі мы прыехалі: стваралася партыя на чале са Шчаранскім («Ісраэль ба-алія»), дык я быў у горадзе лідэрам… Гады два. Мяне ў той час віншавалі з днём народзінаў вядомыя палітыкі, зараз адзін з іх – старшыня Кнэсету (Юлій Эдэльштэйн). Маю шмат фотак, дзе зняты з ім, са Шчаранскім, з іншымі… Я ўдзельнічаў у з’ездах, ездзіў на іх з Эйлата. Але зразумеў: палітыкай павінны займацца людзі, для якіх гэта сэнс жыцця. У мяне ж было проста жаданне дапамагчы расейскамоўнай абшчыне ўзняцца, пісаў у мясцовыя выданні пра гэта. А потым шкада стала часу… Мне лягчэй сесці, напісаць кнігу.
– Вы ж былі і старшынёй аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Эйлаце?
– Быў гадоў 8-10, а цяпер суполка распалася… Прымаў дэлегацыі з Беларусі. З Мінска прыязджалі – два чалавекі, чатыры, шэсць… Я іх сустракаў, паказваў горад. Звычайна гэта былі чыноўнікі, якія займалі добрыя пасады. Дарэчы, мы пасябравалі, сябруем дагэтуль з некаторымі. Мяне і сям’ю сястры не цікавяць пасады – яны былі ў нас, прыязджалі як чыноўнікі, але сустракаліся як звычайныя людзі. Мяне цікавіць, які ён побач са мной, а не на працы.
У суполку ўваходзіла чалавек 80. Мы ўздымалі чарку… Адзначалі яўрэйскія святы з беларускім прысмакам… Размаўлялі пра Беларусь, хто адкуль, хто чым займаецца. Збіраліся звычайна ў якой-небудзь рэстарацыі… Мелі патрэбу ў «абшчэнні».
– Як жа суполка распалася?
– Сама сабой. Людзі сталі жыць лепей, але шмат часу працаваць, іх ужо цягнула дахаты, больш часу пабыць са сваёй сям’ёй…
– Калі цяпер захоча прыехаць госць з Беларусі, які пра Вас не ведае, як яму знайсці «ізраільскіх беларусаў» у Эйлаце?
– Трэба зайсці ў сеціва, там ёсць адрасы кіраўніцтва… Калі трэба, мы прымем. Займаюся гэтым ужо не як лідэр, а як ватык, чалавек, які даўно жыве ў Ізраілі. 25 год прамільгнулі хутка, як, зрэшты, хутка праходзіць усё жыццё.
– Вы адчуваеце сябе часткай Ізраіля?
– Канешне.
– І прэзентацыі Вашых кніг у Ізраілі адбываліся?
– Былі. Але не на Іерусалімскім кніжным кірмашы – гэта далёка. Эйлат ад Іерусаліма – мінімум 4 гадзіны язды. У мясцовых установах, у кнігарні былі сустрэчы…
– Каго чытаеце з ізраільскіх пісьменнікаў?
– Меіра Шалева – у цудоўных перакладах.
– У перакладах нешта губляецца… Вы маглі б і на іўрыце?
– Можа, і губляецца, але Шалева перакладаюць шмат гадоў, вядомыя перакладчыкі… У арыгінале я магу не зразумець усіх нюансаў. Цяжкавата ўсё ж – на іўрыце я магу невялікае апавяданне прачытаць, ну а раманы… Не ў мае гады!
– А што б вы параілі ў Шалева?
– Усё, што тут даступна.
– Падазраю, што Этгара Керэта на беларускую больш перакладалі…
– Так, бо ў яго пераважна кароткія апавяданні. Ён – іншы пісьменнік, не зусім мой, а вось Шалеў – мой пісьменнік. І ў яго шмат раманаў, амаль усе звязаны з Расіяй, Беларуссю, Украінай…
– Апошнім часам культурныя сувязі, выглядае, мацнеюць: прыязджалі Ёнатан Барг, той жа Керэт… Відавочна, з дапамогай пасольства Ізраіля. Вас запрашалі?
– Не.
– А хацелі б, каб Вас пасольства запрасіла?
– Звычайна на маіх прэзентацыях прысутнічаюць людзі з пасольства. Мінулым разам, дый раней, былі адказныя за культуру, я дарыў ім кніжкі свае… Але пакуль, напэўна, я не такі вядомы. Можа, справа і ў тым, што яны зацікаўлены прадстаўляць тут карэнных ізраільцян.
– Дык і Вы ўжо, бадай, «карэнны» – 25 год у Ізраілі. Што прапанавалі б для публікацыі ў інтэрнэце з новай кнігі «Особое женское состояние»? Можа, кароткія дыялогі?
– Там ёсць і эратычныя…
– Мы ж не цэнзурны орган! А ці прадаюцца зараз вашы кнігі ў Беларусі?
– Патрошкі, «а бісэлэ».
– Мая настаўніца Пніна Мелер любіць паўтараць: «а бісэлэ, а бісэлэ – вэрт а фулэ шысэлэ!» У кнігах Вашых многа слоў і выразаў на ідышы – як з гэтай мовай у аўтара?
– Разумею амаль усё. Ужываю мову на працы – ёсць там некалькі чалавек, з якімі я размаўляю на ідышы. Гэта не выхадцы з нашых краёў – з Румыніі…
– То бок ідыш яшчэ даволі папулярны ў Ізраілі… Ці не «яшчэ», а «ўжо»?
– Так, «ужо»… З кожным годам становіцца больш папулярным. Пасля шматгадовага занядбання многія зноў пачалі размаўляць на ім, ладзяцца курсы…
– А ў Вас ідыш ад маці? «Мамэ-лошн»?
– Ад бацькоў. У нас гаварылі дома, так што і я, і сястра вывучылі мову. Размаўляем мы зараз няшмат, але калі трэба, каб ніхто не «паняў», то мы з сястрой гутарым на ідышы! Ні дзеці, ні яе муж нічога не разумеюць… Або калі па тэлефоне трэба нешта сказаць, каб не падслухалі…
– У Барысаве Вашага юнацтва былі месцы, дзе размаўлялі на ідышы?
– Паўсюдна! Усе размаўлялі, не баяліся. На вуліцах ішлі, у парках сядзелі, размаўлялі. Праўда, у аўтобусах – не. Тыя, з кім я жыў побач, прыходзілі да нас, да бацькоў, размаўлялі… Гэта былі людзі, якія нарадзіліся яшчэ ў 20-я, 30-я гады, у якіх ідыш быў карэнны, мова, з якой яны нарадзіліся. А вось большая частка пасляваеннага пакалення – ужо не гаварыла.
– У Вас ідыш такі застаўся…
– Правільна, таму што побач былі дзед з бабуляй, суседзі… Мы круціліся ў гэтай атмасферы ідышскай. Бацькі выпісвалі часопіс «Савеціш Геймланд», чыталі. Я нават прывёз тры нумары ў Ізраіль, яны ляжаць у маёй кладоўцы.
– Дзед з бабуляй – яны з Барысава?
– Не, дзядуля са Свіслачы, гэта Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, пад Бабруйскам. Бабуля – з Лапіч.
– Якое жыццё яны пражылі?
– Вельмі кахалі адно аднаго. Дзядуля быў сплаўшчыкам – такая габрэйская спецыяльнасць. А бабуля дома, займалася дзецьмі. Раней-та жанчыны не працавалі.
А бацька мой – з Бабра, маці – са Свіслачы. Бацька ваяваў у фінскую, вызваляў Заходнюю Беларусь у 39-м годзе. Усё на зборы яго цягалі. Казаў: «Толькі валасы адрастуць – зноў на зборы!» Так ён папаў на фінскую, а потым – на Вялікую айчынную. Медалі яго ў мяне, я цішком вывез, тады цяжка было вывозіць узнагароды…
Сам я не служыў у арміі, але быў на зборах – 4 месяцы. Але я іх добра адбыў – сакратаром партыйнай арганізацыі гэтай часці. Партыйны чалавек… Уступіў у КПСС у 1970 г. – да 100-годдзя нараджэння Леніна.
– Верылі ў ідэі ці кар’еру хацелі зрабіць?
– Не тое што кар’еру, а быў заідэалагізаваны, як усё грамадства.
– То бок усё-такі верылі?
– Мне здавалася, што з партыяй можна лепей зрабіць… Вядома, расчараваўся. Хутка? Не, не вельмі. Жыў звычайным жыццём… Калі ад’язджалі мы, выходзіў з партыі, дык парторг сказаў: «ты не хадзі на сход, каб табе не было непрыемна, давай сюды білет».
– У 1991-м было яшчэ так строга? Ужо ж нібы развальвалася ўсё…
– Я ж выязджаў з Савецкага Саюза. Развальвалася, але была партыйная арганізацыя, яшчэ людзі карміліся з КПСС. Здаў я білет, інакш мяне не выпусцілі б…
– Вы ж і бізнэсам у СССР займаліся?
– Так, меў кааператыў, ён называўся «Время», гэта быў шоў-бізнэс у Барысаве… Тое, што апісаў у кнігах, – усё праўда.
Ад’ехаў – усё скончылася. Нейкі час я хацеў у Ізраілі бізнэс прадоўжыць, але потым падумаў, што мне будзе цяжка, іўрыта яшчэ не было…
– Што б Вы пажадалі нашым чытачам?
– Каб прыйшлі на прэзентацыю 27 чэрвеня ў Мінску!
– Добра, а як наконт больш глабальных зычэнняў?
– Я чалавек не глабальны, хутчэй «лакальны». Што называецца, «не чапайце мяне – і я вас чапаць не буду».
– Усё ж нямала ведаеце, бачылі… Што можна зрабіць, каб наш свет стаў лепшым?
– Кожны хай займаецца сваёй справай, добра робіць гэтую справу, думае пра сваіх, дбае ў першую чаргу пра сваю сям’ю. Больш увагі сваім родным, таму што ўсё мінае, яны зыходзяць, і тады адчуваеш сябе вельмі кепска.
– А менавіта ў Беларусі – што можна змяніць?
– Я зацікаўлены, каб людзі жылі добра, каб у іх усё было…
– І «мірнага неба над галавой»?
– Якраз мне здаецца, што не трэба грамадзян палохаць канфліктамі, што вакол ворагі: маўляў, яны вінаваты, што чагосьці не хапае… Ворагі наўкол толькі ў Ізраілі, і гэта дужа непрыемна, але тым не менш мы жывем, працуем…
– Вы прыязджаеце ў Беларусь з 1994 г. – нешта змянілася да лепшага?
– Ну, вядома, новыя будынкі з’явіліся прыгожыя. Потым, мне здаецца, людзі сталі больш упэўненыя ў сабе.
– Але вы не хацелі б тут жыць…
– Не, я ўжо проста не змагу. Я чалавек вольны, незалежны.
– У Беларусі не зусім вольна?
– Не хацеў бы ўлазіць у гэтыя праблемы. Але Алексіевіч мудра выказалася наконт дыктатуры… У яе быў добры настаўнік – Алесь Адамовіч. Не заўсёды я з ёй згодзен, але кожны мае права на памылкі, на іншы пункт гледжання.
– Пасля таго, як Святлане Аляксандраўне прысудзілі Нобеля, у Ізраілі сталі лепей ведаць пра Беларусь?
– Так, лепей. Я прыйшоў на работу, а мне кажуць: «Твая ўзяла прэмію». Да таго ж яна прыязджала ў Ізраіль пасля гэтага, я чытаў інтэрв’ю з Алексіевіч у нашай газеце.
* * *
У Лявона Баршчэўскага, які год таму ўзяў слова падчас прэзентацыі кнігі Давіда Шульмана, творчасць Давіда выклікала асацыяцыі са Змітраком Бядулем ды Ісакам Бабелем. На мой густ, Д. Шульман усё ж бліжэй да Бядулі: сентыментальнасцю, самавызначэннем «габрэйскі беларус», практычнасцю ў асабістых справах ды некаторай наіўнасцю ў грамадскіх… У нечым яго няхітрыя гісторыі нагадваюць творы Эфраіма Севелы. Шкада, што ў літаратуры Ізраіля мой суразмоўца, носьбіт беларускай мовы і культуры, застаецца адзінцом. Пакуль?
Падрыхтаваў Вольф Рубінчык для belisrael.info
Мінск, 22.06.2016.
Апублiкавана 23 чэрвеня 2016 11:17
Водгук ад нашага пастаяннага мінскага чытача Алеся Рэзнікава (24.06.2016):
Упершыню пазнаёміўся з Давідам Шульманам на прэзeнтацыі 11 чэрвеня 2013 г. у Кнігарні логвінаЎ. Ён прэзентаваў кнігі прозы “Баскетболистка з улицы Жданова” і “Дзе ўзяць крыху шчасця”. Прыйшоў крыху раней, нават трошку паразмаўлялі, як быццам бы даўно былі знаёмыя. На прэзентацыі былі пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Уладзімір Някляеў. Атмасфера была вельмі цёплая і хатняя. Кніжкі я набыў і даваў пачытаць розным людзям. Расказы філасофска-іранічныя з элементамі лёгкага эратызму. Разам з тым ёсць грамадзянская пазіцыя і любоў як да Беларусі, Барысава, так і да Ізраіля і Эйлата… Другі раз быў на прэзентацыі 17 чэрвеня 2015 г., Давід Шульман мяне адразу пазнаў. Я падзяліўся уражаннямі з маёй паездкі ў Ізраіль (быў у каталіцкай пілігрымцы ў верасні 2013 г., нават 2 дні былі ў Эйлаце – праўда, не ведаў, што пісьменнік таксама там жыве). Набыў кніжку “З вялікай літары Б”, прачытаў, потым падарыў Адзе Эльеўне Райчонак. Дзякуй за ўвагу. Алесь.