Tag Archives: программа “Первый дом на родине”

Яўген Булка ўжо ў Ізраілі

25.05.2022 / 08:58

«Уключэнне ў сумна вядомыя спісы наклала забарону на прафесію». Шоўмен Яўген Булка з’ехаў у Ізраіль і расказвае пра сваю эміграцыю

У 2020 годзе вядучы Яўген Булка падтрымаў пратэсны рух, з-за чаго згубіў працу і знік з беларускай медыясферы. Колькі тыдняў таму ён з жонкай і дзецьмі з’ехаў у Ізраіль, дзе распачаў жыццё з чыстага ліста. «Наша Ніва» распытала яго пра першыя крокі на новай зямлі.

Яўген Булка: «Нават самых элементарных перспектыў у жыцці ў Беларусі пасля 2020-га не бачыў». Фота: асабісты архіў

«Наша Ніва»: Ваш першы водгук пра жыццё ў Ізраілі гучаў так: «Узровень стрэсу істотна знізіўся». А якім гэты ўзровень быў на піку?

Яўген Булка: Мяркую, як і ўва ўсіх: пастаянная трывожнасць, бяссонніца, эмацыйная напружанасць. Калі ж пачалі з ног на галаву перакульвацца жыцці блізкіх сяброў, то ўвогуле стала нясцерпна… Шчыра прызнаюся: нават першыя тыдні пасля пераезду за мяжу (мы пакінулі краіну 11 красавіка) мроіліся ўсялякія жудасці з беларускага мінулага.

Дарэчы, гэтае мінулае і падштурхнула да эміграцыі: упершыню такія думкі з’явіліся яшчэ ў 2020-м, а пасля паступова назапашваліся адпаведна з ростам узроўню трэшу ў дзяржаве. Падзеі ж лютага на мяжы Расіі і Украіны прымусілі паскорыцца.

На пачатку яшчэ спрабаваў трымацца, аднак уключэнне ў сумна вядомыя спісы фактычна наклала забарону на прафесію, на афіцыйнае працаўладкаванне. Таму трэба было шукаць розныя спосабы элеметарна выжываць ды забяспечваць сям’ю. Перабралі, падаецца, усё відавочнае ды легальнае — і прыйшлі да высновы, што трэба радыкальна мяняць месца жыхарства. Бо нават самых элементарных перспектыў у жыцці тут болей не бачылі.

Ведаеце, у 2020-м яшчэ меў надзею — нешта ў Беларусі вось-вось зменіцца. Вялікія зрухі ў ментальнасці людзей адбыліся, народ аб’яднаўся, пачаў агулам мысліць крытычна.

Аднак далей мела месца катастрафічная страта пасіянарыяў: тыя, хто ў тры-чатыры змены адбудоўваў бы Беларусь, не шкадуючы сябе, вымушана з’ехалі. Некаторыя энтузіясты не паспелі пакінуць краіну, аднак абавязкова гэта зробяць пасля, як толькі атрымаюць магчымасць.

І гэты адток працягнецца, хаця кожны такі чалавек патрэбны краіне для аднаўлення, наладжвання сацыяльных механізмаў ды міжнародных сувязяў. Калі разумееш безвыходнасць, адчуваеш яе па тым, як змяняецца кола прыватнай камунікацыі, то і сам пачынаеш думаць пра будучыню ў зусім іншых фарматах, чым звыкся.

«НН»: Чаму менавіта Ізраіль? Беларусы звычайна абіраюць больш блізкія краіны для рэлакацыі.

ЯБ: Адштурхоўвася ад будучыні для дзяцей і магчымасцяў асабістага росту — тут не толькі максімальная свабода для дзеянняў ды самавыражэння, але і безліч перспектыў. Калі ёсць прага нешта рабіць, ты абавязкова знойдзеш занятак па сабе, сваіх патрабаваннях, таленце, здольнасцях.

 

Да таго ж пабачыў, якая велізарная колькасць калег рэалізавала сябе тут цягам паўгода-года — і натхніўся. Як кажуць беларусы, хто працуе, той і мае. У дачыненні да Ізраіля гэта справядліва на сто адсоткаў.

Плюс тут успрымаюць рэпатрыянтаў як людзей, што вярнуліся дамоў, а не як бежанцаў. У іншых краінах ты павінен неяк прадэманстраваць удзячнасць за велікадушша, бо атрымаў месца для жыцця. Тут жа адчуваеш сябе доўгачаканым родзічам, якога даўно не бачылі.

«НН»: Што такое «кібуц», дзе вы цяпер жывяце, калі тлумачыць папулярна?

ЯБ: Невялічкая мясцовасць кшталту вёскі, дзе купкамі жывуць сем’і, пераважна першым часам пасля рэлакацыі. У нашай — змяшчаемся на поўначы краіны, у 30 кіламетрах ад мяжы з Ліванам — іх 19. Большасць з Расіі, пяць рэпатрыянтаў з Украіны і мы — з Беларусі.

Яўген з жонкай. Яна дызайнерка інтэр’ераў. Фота: асабісты архіў

Па праграме «Кібуц — мой першы дом на радзіме» маем пэўныя фінансавыя ільготы цягам шасці месяцаў. Пасля яны скарачаюцца, а ўзамен даецца дазвол на працу. Асноўным абавязкам увесь гэты час з’яўляецца інтэнсіўнае вывучэнне іўрыта: груба кажучы, нават на нейкія фрылансы не можаш выдаткаваць час — толькі сядзі авалодвай мовай на курсах, што тут жа і арганізаваныя.

«НН»: Класік пісаў, што масквічоў папсавала кватэрнае пытанне. А якое пытанне папсавала ў Ізраілі вас?

ЯБ: Не паспеў яшчэ сапсавацца, бо маю вялікі тэрмін прыдатнасці — падсушыла мяне Беларусь (смяецца). А калі сур’ёзна, то безліч неверагодна смачнай ежы крышку разбэсціла, так.

 

Тут усё разоў у пяць-дзесяць больш смачнае, чым прызвычаіўся. Можа, гэта надвор’е так уплывае ці мясцовасць, не ведаю. Але гэты момант заўважылі абсалютна ўсе: нават у звыклых прадуктаў кшталту аўсянкі, брокалі альбо агуркоў смак іншы.

«НН»: Да якіх жыццёвых рэалій у Ізраілі вы, як мяркуеце, ніколі не прызвычаіцеся?

ЯБ: Тут велізарная павага да любой праявы свабоды, таму з часам, напэўна, адаптуешся да ўсяго. Напрыклад, у цягнік можа зайсці мужчына ў панчохах з нафарбаванымі вачыма — і сесці побач з прававернай рэлігійнай сям’ёй, пасля чаго ўсе нармальна паедуць у адным вагоне.

Таму, хутчэй, магу згадаць пра нешта такое, што цяжка будзе ўспрыняць людзям «звонку». Кшталту размыцця рабочага і вольнага часу. Цябе просяць пачакаць хвілінку, а гэта расцягваецца на паўгадзіны. «Зробім заўтра» — не факт, што нешта зрушыцца з мёртвай кропкі праз тыдзень. І гэтак далей: асабліва ніхто нікуды не спяшаецца…

Іншая гісторыя, звязаная з працоўнымі днямі, — афіцыйна ў Ізраілі іх шэсць на тыдзень. Аднак з-за велізарнай колькасці святаў яшчэ не бачыў, каб людзі працавалі тут ад нядзелі да пятніцы. Увесь час некія івэнты, каб сабрацца ды пасмажыць сасіскі, альбо раздаць дзеткам кукурузу, альбо нешта прыемнае такога ж кшталту для дарослых.

«НН»: Наколькі мясцовае тэлебачанне адрозніваецца ад таго, што прызвычаіліся рабіць вы?

ЯБ: Тут усё крышачку… З аднаго боку, гэта можна пры жаданні назваць дылетанцтвам, а з іншага — расслабленасцю. Скажам, тое, што ў нас выклікала б абурэнне гледачоў альбо афіцыйныя разборкі, у Ізраілі прагаворваецца на міжасабовым узроўні ды без фатальных наступстваў.

Аднак, наколькі разумею, гэта тычыцца не толькі ТБ, а ў прынцыпе ўсіх сфер жыцця. Скажам, захварэў ты, блага табе дні тры. Якая парада? Ну, папі вады яшчэ суткі, можа, стане лепш. А што, вось так вось ужо дрэнна, ажно «гайкі»? Тады, калі ласка — у лякарню, але там ужо камфорт ды клопат найвышэйшага ўзроўню.

Мы на сваім вопыце, дарэчы, гэта праверылі, бо дзіця трапіла ў лякарню. Пяць дзён не маглі збіць тэмпературу — і толькі на чацвёрты візіт да доктара атрымалі накіраванне ў бальніцу.

«НН»: Нягледзячы на тое, што пачалі вывучаць іўрыт, наколькі складана вам цяпер ладзіць камунікацыю?

ЯБ: Давайце ў якасці прыкладу прывяду тую ж бальніцу — яна змяшчаецца ў буйным горадзе непадалёку ад кібуца. Там усе надпісы зробленыя на трох мовах: іўрыце, арабскай ды рускай. У гэтым рэгіёне пражывае буйная дыяспара рускамоўных, таму дзяржава адаптавалася — і каб спрасціць зносіны людзям, і каб у будучым не губляць час на вырашэнне праблем з камунікацыяй.

Увогуле ж у Ізраілі, калі сутыкаешся з цяжкасцямі, то можаш спыніцца на вуліцы, узняць руку, сказаць «дапамажыце, калі ласка» — і некалькі чалавек абавязкова падыдуць ды выратуюць.

Праўда, адначасова распытаюць, адкуль ты прыехаў, якую сям’ю маеш, колькі дзетак, хто па прафесіі… Гэты small talk — своеасаблівая плата за дапамогу, а здольнасць падтрымаць размову і гатоўнасць да яе — валюта.

 

Ведаеце, яшчэ што цікава? Тыя суполкі, што ў нас утварыліся толькі ў 2020-м, калі незнаёмыя беларусы пачалі аб’ядноўвацца па інтарэсах, даведвацца адно пра аднаго, таму што разам было ў кайф бавіць час, тут на кожным кроку. Кінулі хлопцы кліч: можа, хто хоча ў футбол паганяць? І адразу нехта прывёз сасіскі, іншы з кустоў ужо выцягнуў мангал, трэці прыбыў на кропку збору са скрыняй напояў — і ў дадатак да файнай гульні людзі атрымалі годны вечар размоваў адно з адным…

Іншымі словамі, самаарганізацыя і ўзаемападтрымка тут на высачэзным узроўні нават пры рознасці паходжанняў, інтарэсаў, моў, поглядаў.

«НН»: Кажуць, што праца на ТБ падобная на наркотык. Атрымліваецца, што ў вас пасля 16 год такой занятасці павінна была наступіць ломка. Як яе пераадольваеце?

ЯБ: Годнае, але балючае пытанне. З 2021 года канчаткова пайшла забарона на мае любыя грамадскія «праявы» — і гэты перыяд перажываў цяжка. Так, надараліся разавыя запрашэнні на майстар-класы, эфіры ў Інстаграме. Але ўсё гэта было крышку не тое…

 

Тут жа, у Ізраілі, сканцэнтраваўся на сям’і — цяпер для мяне гэта самае галоўнае, асноўнае. Магчыма, калі крышку авалодаю іўрытам, ужо і да звыклай дзейнасці паспрабую вярнуцца.

«НН»: Звычайна беларусы пераязджаюць у Літву ці Польшу, аднак абмаўляюцца: з першай маршруткай пасля змены ўлады вернемся на радзіму. А для вас зваротны шлях яшчэ актуальны?

ЯБ: Канечне, з задавальненнем вярнуся, калі такія варыянты будуць. Хтосьці можа пакрыўдзіцца на наступны выраз, для кагосьці ён будзе незразумелы. Але скажу так: здорава, калі ў чалавека ёсць два дамы — гэта неацэнная раскоша. І я не бачу перашкод, каб гэтымі дамамі сябраваць.


Крынiца

Апублiкавана 26.05.2022  09:07

***

27.05.2022 / 15:56

За год у Ізраіль з’ехала амаль 1300 беларусаў. Чаму яны туды перабіраюцца і за што жывуць?

 

Выкладчыку не працягнулi кантракт з-за мовы

Выкладчыку не працягнулi кантракт з-за мовы (БДУIР адмаўляе гэта). Цяпер ён рабочы ў Ізраілі

 

Уладзiмiр Аляксандраў выкладаў у БДУIР 4 гады — i быў звольнены з-за таго, што вёў заняткi па-беларуску, кажа ён (ВНУ гэта адмаўляе).

Спрабаваў дабiцца справядлiвасцi — i да рэктара хадзiў, i вышэй. Нейкi час перабiваўся рэпетытарствам, а ў лiстападзе 2020 года з’ехаў у Iзраiль, знайшоў кватэру, уладкаваўся на працу ў пякарнi. dev.by выслухаў яго гiсторыю.

 

 «Праз месяц правялi пасяджэнне кафедры ў савецкiм ключы»

— Я ўладкаваўся ў БДУIР выпадкова — мяне аднакурснiк прывёў. I я ўдзячны загадчыцы кафедры за тое, што ўзяла чалавека «з вулiцы».

У прынцыпе я ведаў, што БДУIР — адзiн самых прэстыжных унiверсiтэтаў краiны: там заўсёды вялiкi конкурс. А калi я пачаў выкладаць, то пераканаўся, што ўзровень студэнтаў вельмi высокi: у бюджетных групах на факультэтах, як ФКСiС, вучылiся практычна адны выдатнiкi.

Я выкладаў фiласофiю, а па логiцы вёў толькi семiнары, бо без навуковай ступені не меў права чытаць лекцыі. 3 гады рабiў гэта па-руску, а вясной 2017 года перайшоў на беларускую мову. Тут i пачалiся праблемы… Але не адразу, бо спачатку кiраўнiцтва не ведала. Я быў упэўнены, што без цяжкасцяў не абыйдзецца, зрабiў гэта «цiшком».

I той факт, што маё кiраўнiцтва даведалася пра гэта толькi праз паўгады, сведчыць аб тым, колькi студэнтаў добразычлiва паставiлiся да майго ўчынку. Паўгады — гэта ж сотнi студэнтаў, i нiхто з iх не скардзiўся, не пiсаў даносаў.

А як вашае кiраўнiцтва даведалася, што вы выкладаеце па-беларуску?

Адзiн з замежных студэнтаў — хлопец з Туркменii — абурыўся: маўляў, у дамовах прапiсана, што выкладанне будзе весьцiся на рускай мове (што праўда — у замежнiкаў менавiта так i ёсць). Так аб гэтым даведалася спачатку загадчыца кафедры, а потым i кiраўнiцтва факультэта. I вось з таго моманту — з верасня 2017 году — i пачалiся «разборкi»: «што за дзiкая iдэя» прыйшла мне ў галаву, што я вырашыў выкладаць па-беларуску.

Трэба адзначыць, што я i ў жыццi ў той час перайшоў на беларускую мову.

Тая ж загадчыца кафедры чула, як я стасуюся з калегамi па-беларуску. Але яна «не дапускала думкi», што я i выкладаць буду на мове. Для яе гэта быў шок — ужо паўгады, як выкладанне вядзецца па-беларуску, ай-ай-ай!

Ну i пачалося: спачатку пайшлi пытаннi — «Навошта?», потым угаворы — «Ня трэба». Недзе праз месяц правялi пасяджэнне кафедры ў савецкiм ключы, на якiм дзве гадзiны разглядалi мае пытанне.

«З 20 груп набралося ажно 6, дзе нiводзiн студэнт не выступiў супраць»

Я меў i юрыдычную, i фактычную базу, якая дазваляла мне выкладаць па-беларуску, — я спасылаўся на тым паседжаннi на многiя норматыўныя акты i дакументы, пачынаючы ад Канстытуцыi Беларусi, у якой замацаваны статус дзвюх дзяржаўных моў — рускай i беларускай, — i заканчваючы кодэксам аб адукацыi, законам аб мовах i нават статутам БДУIР. Але ж мае аргументы не былi пачутыя. У рашэннi кiраўнiцтва напiсала, што мне рэкамендавана выкладаць па-руску — «ў сувязi з адсутнасцю навукова-метадычнага забеспячэння» (то бок падручнiкаў i дапаможнiкаў на мове па фiласофii i логiцы няма).

Цiкава, што ў БДУIР, дзе навучаецца шмат замежных студэнтаў, у некаторых групах усё выкладаецца па-ангельску. У тым лiку i фiласофiя. I як я даведаўся, у той момант (i да яго) у бiблiятэцы ВНУ не было падручнiкаў па фiласофii на ангельскай мове. Але ж выкладанне па-ангельску вялося — без усялякага навукова-метадычнага забеспячэння. I нiкога гэта не бянтэжыла й не палохала. Пры тым, что ў статуце БДУIР няма нi слова пра выкладанне па-ангельску.

Адзiн з аргументаў, якiя прыводзiлi на тым паседжаннi мае апаненты: «няма iнiцыятывы з боку студэнтаў». Да яго я нават прыслухаўся i прапанаваў правесцi ў сваiх групах ананiмнае апытанне, каб высветлiць стаўленне студэнтаў да выкладання па-беларуску.

I паабяцаў: калi ў групе знойдзецца хоць хтосьцi супраць, я вярнуся на рускую мову i працягну выкладаць па-беларуску толькi там, дзе нязгоды няма. Такi варыянт не задаволiў маё кiраўнiцтва. Яно не жадала iсцi на кампрамiс i  патрабавала, каб я неадкладна спынiў заняткi на беларускай мове. Але ж я не паслухаў — i ведаеце, з 20 груп набралося ажно 6, дзе нiводзiн студэнт не выступiў супраць.

Было зразумела, што на мне як на выкладчыку паставiлi крыж, раз я не задаволiў патрабаванне кiраўнiцтва на 100%, — i летам 2018 маё меркаванне пацвердзiлася: мне не прапанавалi новы кантракт. Хаця дагэтуль 4 гады запар праблем з яго працягам не было.

Я нейкi час «барахтаўся» — спрабаваў адстойваць свае правы, хадзiў на прыём да новага рэктара (якраз у той час у БДУIР прыйшоў Вадзiм Богуш), пiсаў скаргi ў мiнiстэрства адукацыi — але ж ясна было, што ў такой сiтуацыi ў нашай дзяржаве вышэйшае кiраўнiцтва абараняе i пакрывае нiжэйшае. Нiякай абароны я не знайшоў.

 

А што Вадзiм Богуш?

Абяцаў разабрацца. А потым мне прыйшоў адказ: маўляў, вы не мелi права выкладаць свае прадметы па-беларуску без навуковага забеспячэння, а таксама iнiцыятывы з боку самiх студэнтаў.

Я шукаў працу дзе-небудзь яшчэ. Але паколькi я быў беларускамоўным, усе сумоўi ўтыкалiся ў пытанне: «Вы размаўляеце па-беларуску, а выкладаць таксама на мове збiраецеся?» Я казаў, што хацеў бы, але ж гатовы прыняць волю патэнцыйных студэнтаў — то бок сумесна з iмi прыняць рашэнне. На гэтым сумоўе i заканчвалася. Зноў-такi адкрыта мне нiхто не казаў: не возьмем вас з-за беларускай мовы. Але ж было зразумела, што гэта менавiта так.

Не знайшоўшы працы, я перабiваўся нейкi час рэпетытарствам i саспяваў да думкi пра эмiграцыю ў Iзраiль. У iншых абставiнах я б нiколi не з’ехаў, але, як кажуць, само жыццё прымусiла.

«Тут нiхто ня чуў пра абхадныя лiсты, працоўныя кнiжкi цi месяц адпрацоўкi»

Пераехаў я ў лiстападзе 2020 года па праграме «Першы дом на радзiме». Па ёй людзi або сем’i жывуць ў кiбуцах — сельскагаспадарчых пасяленнях, па сутнасцi, у вёсках, але вельмi добраўпарадкаваных — i вучаць iўрыт.

Мой кiбуц быў на поўначы краiны. Я жыў у аднапакаёвым домiку, у якiм было ўсё неабходнае для жыцця — вельмi добрае жытло.

Першыя паўгады я толькi вывучаў мову (а дагэтуль у Менску я вучыўся на моўных курсах пры амбасадзе Iзраiля). Звычайна рэпатрыянты яшчэ недзе падпрацоўваюсь, але ж у той час прыйшла цi то другая, цi то трэцяя хваля каранавiруса, — таму з працай было цяжка. Аднак дапамогi, якую Iзраiль выдзяляе рэпатрыянтам, мне, у прынцыпе, хапала — i каб аплочваць жыллё, i на свае патрэбы.

У траўнi 2021 года я знайшоў кватэру ў невялiкiм гарадку пад Хайфай i амаль адразу ж i працу — у пякарнi. Канечне, на першых парах было няпроста, бо я амаль усё жыццё быў выкладчыкам — 20 гадоў педагагiчнага стажа — але справiўся: дапамагалi людзi — i кiраўнiцтва, i калегi.

 

Што вы рабiлі у пякарнi?

Па-нашаму я быў рознарабочым — збiраў хлеб, якi iдзе па канвееры, складаў яго ў скрынi, таксама па неабходнасцi плёў з цеста розныя здобныя вырабы. Вытворчасць на прадпрыемстве аўтаматызаваная, там ёсць машыны, якiя дапамагаюць збiраць i камплектаваць хлеб, — таму мне трэба было навучыцца абслугоўваць гэтую тэхнiку i ўмець з ёю працаваць.

Месяц таму я звольнiўся, бо перасялiўся ў iншы горад.

Трэба сказаць, што мяне вельмi ўразiла, як тут проста i ўладкавацца на працу, i звольнiцца. Тут нiхто ня чуў пра абхадныя лiсты, працоўныя кнiжкi цi месяц «адпрацоўкi». Канкрэтна я напiсаў заяву на рускай мове — лiтаральна некалькi радкоў — i кiнуў яе ў скрыню на вахце.

Ведаю выпадкi, калi людзi не пакiдалi анiякай заявы, а проста паведамлялi вусна альбо дасылалi кiраўнiцтву смс-ку цi пiсалi ў WhatsApp. Чалавек увогуле можа проста не прыйсцi — i ўсё. Пры гэтым яму выплацяць заробак да шэкеля за кожны дзень, якi ён адпрацаваў.

А цi нехта зразумеў, што вы напiсалi ў заяве?

Так, зразумелi. Руская мова не з’яўляецца дзяржаўнай у Iзраiлi. Але ж яна дастаткова распаўсюджаная.

Адпаведна ж i знайсцi працу тут значна лягчэй, чым у Беларусi. Вакансiй шмат. Зразумела, што многiя так цi iнакш звязаныя з фiзiчнай працай, i шмат што залежыць ад таго, цi валодае чалавек мовай.

«Простым рабочым зарабляю тут у 8 разоў больш, чым выкладчыкам ў Менску»

Я спакойна прыняў той факт, што не змагу больш выкладаць, i вырашыў для сабе: нiчога страшнага ня будзе, калi я пабуду нейкi час рабочым на заводзе. А там глядзiш — пайду вучыцца.

Што тычыцца заробкаў i цэнаў, то перад ад’ездам вельмi многiя з тых, з кiм я вучыўся на курсах у Менску, казалi, што жыццё тут вельмi дарагое. Я да гэтага маральна падрыхтаваўся i быў прыемна здзiўлены тым, што гэта не так.

Напэўна людзi ня ўмеюць параўноўваць цэны i заробкi — i мне раiлi гэтага не рабiць, каб не засмучаўся — але я пачаў i быў у шоку ад таго, наколькi насамрэч лягчэй людзям тут жыць. Простым рабочым я зарабляю тут у 8 разоў больш, чым выкладчыкам ва ўнiверсiтэце ў Менску.

Я ўжо не кажу, колькi тут атрымлiваюць выкладчыкi. Пры тым што цэны, па сутнасцi, як у Беларусi, калi пералiчваць на даляры цi еўра.

На аплату трохпакаёвай кватэры iдзе пятая частка майго заробку — 1,6 тысяч шэкелей (амаль 500 даляраў — прым. рэд.) з 9. Для параўнання: калi мы з жонкай толькi ажанiлiся, мы здымалi кватэру ў Менску — i аддавалi за тую аднапакаёўку ўвесь мой заробак выкладчыка, а жылi на грошы жонкi.

Канечне, у тым жа Тэль-Авiве цэны на жыллё значна больш высокiя. Але ж нiхто не прымушае жыць у сталiцы. Я зараз перасялiўся ў Ашдод.

У мiнулым годзе Iзраiль не сыходзiў са старонак СМI з-за таго, што яго бамбiў ХАМАС. Вы сутыкнулiся з абстрэламi? 

Я жыў на поўначы краiны, там быў толькi адзiн абстрэл з боку Лiвана. А так было спакойна — калi не чытаць навiны, не глядзець тэлевiзар, то нават не падумаў бы, што страляюць.

Зараз я ў Ашдодзе, а гэта на поўднi краiны, дзе падчас абвастрэнняў бываюць абстрэлы, таму людзi тут заўсёды да гэтага гатовыя.

Цi ёсць у вас план?

Канкрэтнага плану пакуль няма. Для мяне першачарговая задача — знайсцi новую працу, бо трэба i самому жыць, i дапамагаць, у мяне ж сваякi засталiся ў Беларусi.

Я ўжо зразумеў, што гэта не страшна — стаць рабочым. Ведаю, што шмат людзей псiхалагiчна вельмi цяжка перажывае падзенне сацыяльнага статусу — некаторыя нават не вытрымлiваюць i вяртаюцца на радзiму. Мне крыху лягчэй, бо я з’язджаў з пустымi кiшэнямi — у Беларусi ў апошнi час у мяне не было анi працы, анi перспектываў.

Мне не было куды падаць, таму я даволi лёгка перажыў той час, якi лiчыцца самым складаным.

Цi размаўляеце хоць з кiм па-беларуску ў Iзраiлi?

Размаўляю з тымi, з кiм разам вучыўся на курсах яшчэ ў Менску. А таксама ж з сябрамi i ўсiмi, хто застаўся ў Беларусi, цi з’ехаў у апошнi час адтуль у iншыя краiны.

БДУIР: «Проведение занятий на белорусском языке не является основанием для непродления контракта»

Мы звярнулiся за каментам у БДУIP, i вось якi адказ даслала прэс-служба:

— В Белорусском государственном университете информатики и радиоэлектроники проводятся занятия на русском, белорусском и иностранных языках.

Язык обучения определяется учебно-программной документацией и наличием в группе иностранных студентов. В частности, для белорусских студентов, такие дисциплины как «История Беларуси», «Беларуская мова (культура маўлення)», «Беларуская мова (прафесійная лексіка)», «Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны)» преподаются на белорусском языке. Возможность преподавания остальных предметов тесно связана с учебным планом, существующей терминологией и соотношением в группе иностранных и белорусских студентов.

Что касается названного вами бывшего работника, то проведение занятий на белорусском языке не является основанием для непродления контракта с каким-либо преподавателем, скорее всего имели место иные причины.

«Офер — толькі калі перайду на рускую мову». Беларускамоўныя айцішнікі пра сумоўі 
Апублiкавана  22.03.2022  11:36