Шалом! Прадоўжу гутарку пра шкодныя расліны, распачатую колькі дзён таму на мове суседняй дзяржавы. Чаму вярнуўся да тэмы? А таму, што, як паведамляў ужо, мая лепшая палавіна вырошчвае карысныя расліны, і гэта стымулюе цікавасць да праблем батанікі ў нашай сям’і 🙂 Да таго ж, калі блукаў па ваколіцах Вязынкі ў кастрычніку г. г., недалёка ад канала натрапіў на цэльную плантацыю сумніка, з якім у нашай краіне быццам бы вядзецца бязлітаснае змаганне. Гэтая знаходка падштурхнула мяне да таго, каб вывучыць даступныя матэрыялы пра баршчэўнік ды сумнік… і прыйсці да несуцяшальных высноў.
Нагадаю, у 2008 г. міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя РБ прыняло пастанову, згодна з якой забараняліся да інтрадукцыі і (або) акліматызацыі ў нашай краіне баршчэўнік Сасноўскага і яшчэ кoлькі відаў. Забараняць інтрадукцыю-акліматызацыю было пазнавата, бо агрэсіўныя расліны атабарыліся тутака ў мінулым стагоддзі. Тым не меней штось пачалі рабіць для абмежавання іхняга распаўсюду.
На ўзроўні «першай асобы» пра небяспеку каварнага прыбыша з Каўказа як быццам нічога не гаварылася (мажліва, я прапусціў), а вось на ўзроўнях ураду, профільных міністэрстваў і мясцовых органаў вяшчалі колькі заўгодна. Прычым адказнасць па завядзёнцы перакідвалася зверху ўніз, яскравы прыклад – выступ Міхаіла Русага ў лістападзе 2014 г. Тагачасны віцэ-прэм’ер заявіў, што баршчэўнік распаўсюдзіўся па Беларусі праз нядбайнасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, і прапанаваў экзатычны спосаб, як даць з ім рады: «Тых кіраўнікоў, якія дапусцілі распаўсюд баршчэўніка Сасноўскага, трэба туды засадзіць, у гэтыя зараснікі, хай пасядзяць там, і тады ўсё будзе нармальна». Няйначай браў прыклад з шэфа, які таксама ніколі не грэбаваў салдафонскімі жарцікамі… 🙁
Восем год таму Русы дадаў, што пры жаданні зараснікі баршчэўніка ў краіне можна было б знішчыць за 2-3 гады, для чаго, маўляў, меліся і тэхналогіі, і хімікаты. На адпаведную барацьбу ў РБ-2014 выдаткоўвалася 3,7 млрд рублёў (або 350-370 тыс. долараў). У жніўні таго года спецыялісты казалі пра 2295 га, засмечаных баршчэўнікам.
З рэляцыі на сайце мінпрыроды, апублікаванай 27.10.2017: «У 2017 году мерапрыемствы па рэспубліцы выкананы на плошчы 2569,65 га, або 88,7% ад агульнай плошчы, занятай раслінаю (2895,43 га)». Паводле справаздачы, на тых гектарах з баршчэўнікам змагаліся хімічным, механічным і іншымі метадамі, неакуратным землекарыстальнікам выпісваліся штрафы. Рэзюмэ ж было такое: «Асноўная задача, пастаўленая Міністрам прыродаахоўнага ведамства Андрэем Худыком на 2018 год – недапушчэнне далейшага распаўсюду і колькасці баршчэўніка Сасноўскага» (не дужа ўцямна, але гэтак і ў рускамоўным арыгінале). А. Худык, які заняў пасаду міністра 24.09.2017, – дагэтуль член ураду, хоць, як зараз убачым, праваліў не выканаў нават уласныя планы… І з комплексам па перапрацоўцы таксічных адходаў пад Чачэрскам у Гомельскай вобласці не ўсё так гладка, як буйны чыноўнік абяцаў 4 гады таму.
Агенцтва «Мінск-навіны», 04.05.2018:
У Беларусі ў бліжэйшыя два гады павінны звесці папуляцыю баршчэўніка Сасноўскага да мінімуму. Пра гэта паведаміў на калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы.
— Мінпрыроды як каардынатар мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі ажыццяўляе кантроль над барацьбой з інвазіўнай раслінай. Планамерная работа на працягу апошніх гадоў дазволіла стабілізаваць гэтую сітуацыю. Пастаўлена задача за два-тры гады значна знізіць плошчы баршчэўніка Сасноўскага, — падкрэсліў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.
Цяпер на тэрыторыі Беларусі звыш 2900 га баршчэўніка Сасноўскага. Сумнае лідарства ў Віцебскай і Мінскай абласцей. Плошча, занятая раслінай у сталіцы, складае 57,2 га.
Ужо і на Гомельшчыне… Фота 2018 г. адсюль
Мінпрыроды, 15.06.2020: «У Беларусі стартаваў новы сезон барацьбы з баршчэўнікам… Зараз у Беларусі баршчэўнік паразіў звыш 4500 гектараў. Найбольш пацярпела поўнач краіны».
«Звязда», 18.06.2021: «Рэгуляванню распаўсюджвання баршчэўніка і залатарніка (сумніка. – В. Р.) канадскага надаецца асаблівая ўвага, таму што плошча іх вырастання значная. Аднак яна некалькі скарацілася ў параўнанні з 2020 годам», — сказаў Мікалай Свідзінскі з мінпрыроды.
«Звязда» са спасылкай на мінпрыроды, 20.07.2022 (дзе-нідзе акругліў лічбы):
Па стане на 1 студзеня 2022 года плошча росту баршчэўніка Сасноўскага па Беларусі складала 4550,5 га. Найбольш інвазіраванымі з’яўляюцца:
Віцебская вобласць, дзе агульная плошча росту гэтай расліны складае 3667,2 га, або 80,6% ад плошчы росту па краіне.
Мінская вобласць, дзе агульная плошча росту баршчэўніка складае 668,47 га, або 14,7% ад агульнай плошчы яго росту.
Такім чынам, вастрыня праблемы была прызнана ў 2000-х гадах, з сярэдзіны 2010-х рашэннем апошняй заклапочаны ўрад, а між тым вынікі няможна лічыць пераканаўчымі. Праз 2-3, і нават праз 4 гады пасля вясны 2018 г., плошчы баршчэўніка ў Беларусі не тое што не былі «значна зніжаны», а павялічыліся болей чым на 50%. Пры ўсёй прыблізнасці афіцыёзных падлікаў, яны дэманструюць тэндэнцыю:
– жнівень 2014 г.: 2295 гектараў;
– восень 2017 г.: 2895,4 га;
– май 2018 г.: звыш 2900 га;
– чэрвень 2020 г.: звыш 4500 га;
– чэрвень 2021 г.: «некалькі меней»;
– студзень 2022 г.: 4550,5 га.
Аднак, калі звяртаць увагу на намеры чынавенства, то ўсё глядзіцца не так ужо і блага: «Мінпрыроды сумесна з навукоўцамі распрацоўвае сістэму ранняга папярэджання» (zviazda.by, 18.06.2021). «У Беларусі штогод знішчаецца 900 га баршчэўніка Сасноўскага, а за апошнія чатыры гады ліквідавана 3 тыс. га гэтай інвазіўнай расліны» (belta.by, 20.07.2022).
Сцяпан Латыпаў з мінскай «Плошчы Перамен». Мог бы ваяваць з баршчэўнікам, чым і займаўся да 2020 г., але трэці год сядзіць за кратамі – пакуль што без спадзеваў на амністыю, як і 1000+ іншых палітзняволеных
На жаль, адважныя знішчальнікі ў канцы 2010-х – пачатку 2020-х рабілі мартышчыну працу: ліквідоўвалі за год у лепшым выпадку 20-25% папуляцыі… Тым часам астатнія расліны бойка размнажаліся, з лішкам кампенсуючы свае страты. Значыць, трэба або ў разы павялічыць рэсурсы, што выдзяляюцца на барацьбу з баршчэўнікам (але рэзерваў, выглядае, не было нават да пандэміі каранавірусу & эканамічных санкцый, пагатоў няма цяпер, на тле зніжэння ВУП), або радыкальна мяняць наяўную сістэму, якая дазваляе – ці нават заахвочвае – самааднаўленне безгаспадарчасці. Тут яшчэ важна ўсвядоміць, адкуль «псуецца рыба».
«Звязда» распавяла ў ліпені г. г.: «Навукоўцы з Санкт-Пецярбурга спрабавалі знайсці насякомых-ворагаў для баршчэўніка. Дзеля гэтага яны нават паехалі на Каўказ, адшукалі такіх насякомых, прывезлі іх у Расію і пасялілі на баршчэўніку. Але тыя чамусьці пераключыліся на суседнія расліны». Гісторыя, на першы погляд, трагікамічная – аднак прымушае задумацца, што айчынныя даследчыкі маглі б вынайсці для зацугляння баршчэўніка і сумніка нешта больш эфектыўнае, чым звыклыя гербіцыды… Калі б навука ў РБ не была настолькі запрыгонена, як цяперака (сервільныя паводзіны прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук увосень 2020 г. і гусакоўскія запабяганні перад в. а. цара – толькі верхавіна айсберга).
Народ ужо даўнютка пакеплівае з адмыслоўца па ўсіх пытаннях. З адносна свежага (прысланага на e-mail y кастрычнікy):
Не Супэрмэн.
Не Чалавек з жалеза.
Такіх не стане Marvel маляваць…
А без яго — ні курыцу разрэзаць,
Ні бульбу немагчыма перабраць!
І навукай немагчыма займацца, дадаў бы я.
З ціўцера, aka Twitter
Ідэолагі з 2003 г., калі было высачайшэ абвешчана пра неабходнасць дзяржідэалогіі, размножыліся, як той баршчэўнік… І бадай з тым жа эфектам для «народнай гаспадаркі». Мноства прыкладаў дэградацыі прыўладных СМІ прыводзілася летась і цягам гэтага года – вось яшчэ адзін, да 210-годдзя бітвы каля вёскі Студзёнка на Бярэзіне (рака, што цячэ па Барысаўшчыне).
Sb.by, 26.11.2022
Найбольш вядомае Беразіно («Березино») – гэта райцэнтр за 60 км ад месца бітвы, у 1812 г. – мястэчка, дзе нічога істотнага пад канец лістапада не адбывалася. Няхай «палітолаг» агаварыўся – але куды глядзелі рэдактары БелТА (урадавае навінавае агенцтва, дзе ўпершыню з’явіўся гэты перл) і «СБ»? 🙂
Затое актуальным ёсць наступнае чатырохрадкоўе (таксама не маё):
Хай Беларусь не лепшы край для гігантызму,
Ды ёсць для гонару нагода ўсё адно,
Бо скажам шчыра: па пытаннях экстрэмізму
Мы ўсю планету пераплюнулі даўно.
***
Памёр адзін з дойлідаў гэтай сістэмкі, міністр замежных спраў Уладзімір Макей (1958–2022). Хай чалавек спакойна спіць на Усходніх могілках… нешта і добрае ў сваім каламутным жыцці зрабіў. Кажуць, у сярэдзіне 2010-х прасоўваў «мяккую беларусізацыю», за што яго не любілі расійскія імперцы. Мо любіцелі кампрамісаў і мелі рацыю ў сваіх апісаннях… мне ж ад таго казённага лібералізму не было ні горача, ні холадна.
У лепшыя часіны з Макея – інтэлектуальна падрыхтаванага такі лепей, чым большасць дзяржслужбоўцаў – магла б вырасці постаць талейранаўскага маштабу. Тут ён і да фатальнага 2020 года заставаўся пешкай, якая не прайшла ў ферзі (характарызуе яго асобу і таварыства Макеяў з папсавіком-фанершчыкам Кіркоравым). Досыць пра нябогу.
***
Нарэшце з’явілася ў вольным доступе 13-хвілінная анімацыя «Класікі і шахматы» ад «Беларусьфільма» (2022), у тэхніцы камп’ютарнай перакладкі:
Прыгожая задума – паказаць, як мастацтва ператварае свет – але ўсё, на мой густ, пададзена занадта бесканфліктна. Той самай шахматнай партыі паміж Якубам Коласам ды Янкам Купалам бракуе і канкрэтыкі, і гістарычнага кантэксту – некаторыя гледачы ўвогуле не сцямілі, навошта ў фільме шахматы. Зміцер Дзядзенка, паглядзеўшы, рытарычна запытаўся (27.11.2022): «Якой аўдыторыі адрасаваны гэты мультфільм? Хіба што настаўнікам беларускай мовы і лiтаратуры… Паэты паміж сабой спаборнічаюць у вершаваным уплыве на прыроду? Дык з чаго такі спабор? Дый у інтанацыях іхніх не чуваць нейкай дыскусійнасці».
За спробу-то Наталлі і Канстанціну Касцючэнкам дзякуй, аднак я, калі выбіраць паміж мультфільмамі з пераасэнсаваннем літаратурнай класікі, аддаў бы перавагу хуліганскаму «Буревестнику» рэжысёра Аляксея Туркуса (2004)…
У тым «Буравесніку» па матывах М. Горкага прынамсі экшн ёсць. І ладная доза гумару.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
28.11.2022
w2rubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 28.11.2022 14:48