Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Бера Лейзеравіча (Барыса Лазаравіча) Берлінкова – чэмпіёна Беларусі 1933 года, старшыні рэспубліканскай шашачнай секцыі, майстра спорту СССР.
Нарадзіўся Бер Берлінкоў у Віцебску ў 1912 годзе (дакладная дата невядома). У юнацтве захапіўся шашкамі і шахматамі. Дарэчы, пасля выбару на карысць першых апошнія не кінуў – у 1945 годзе стаў першакатэгорнікам па шахматах, судзіў шмат спаборніцтваў, у тым ліку і фіналы чэмпіянатаў БССР. Але ў шашках удалося дасягнуць нашмат большага.
У 1929 годзе Бер Берлінкоў займае другое месца ў малым чэмпіянаце Віцебска і ў наступным годзе прымае ўдзел у вялікім. Пераможная партыя гэтага турніра з яго аналізам была нават апублікавана ў цэнтральным часопісе “64. Шахматы і шашкі ў рабочым клубе”.
У 1931 годзе эцюд братоў Берлінковых публікуецца ў “64. Шашкі ў масы” (асобны шашачны часопіс выходзіў у 1931-32 гадах).
Тут трэба зрабіць адступленне і расказаць пра малодшага брата – Меера (16.10.1915 – 24.08.1977). Першая шашачная задача 14-гадовага падлетка была апублікавана ў “64” у 1930 годзе. Яшчэ шэсць задач былі надрукаваны ў тым жа часопісе ў наступныя гады, у тым ліку і пасля пераезда Меера ў Ленінград на вучобу. Апошняя з вядомых – у 1940 годзе ў сааўтарстве з гамяльчанінам Уладзімірам Мышкоўскім, які таксама вучыўся там у той час.
У 1939 годзе Меер Берлінкоў закончыў матэматыка-механічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта. Восенню 1941 года быў прызваны ў войска, дзе адслужыў два гады ў якасці тэхніка-інтэнданта. З фронта вярнуўся з раненнем нагі.
Пасля вайны спачатку выкладаў у Ніжнім Тагіле, потым пераехаў у Свярдлоўск і пачаў працаваць у Горным інстытуце. У 1953 годзе стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук. З 1962 года загадваў кафедрай матэматыкі геафізічнага факультэта.
Але вернемся да старэйшага брата, майстэрства якога імкліва расце. У канцы 1931 года Бер Берлінкоў лепш за астатніх прадстаўнікоў Беларусі выступае ў другім малым чэмпіянаце СССР, дзе займае 4-е месца ў сваёй групе. У чэмпіянаце рэспублікі наступнага года становіцца бронзавым прызёрам. А ў 1933 годзе тэхнік віцебскага завода ланцугоў Галя становіцца чэмпіёнам Беларусі (другім у гісторыі), падзяліўшы першае месца з майстрам Іллёй Гардонам, які выйграў усе пяць папярэдніх першынстваў.
Гэта дало Берлінкову права ўдзелу ва ўсесаюзным адборачным турніры ў студзені наступнага года ў Днепрапятроўску, дзе гулялі майстры спорту і мацнейшыя першакатэгорнікі Украіны, Беларусі і Ленінграда. Для выхаду ў фінал чэмпіянату СССР не хапіла аднаго ачка.
У сярэдзіне 1930-х гадоў віцеблянін паступае ў Беларускі дзяржаўны палітэхнічны інстытут і пераязджае ў Мінск.
У гэты час у матчы БССР – Масква ён перамагае аднаго з мацнейшых майстроў, чэмпіёна Савецкага Саюза 1930 года Дзмітрыя Шэбэдзева. Вось гэтая партыя (прыводзіцца па кнізе А.Ракітніцкага “Дарагія аматары шашак” з заўвагамі Б.Берлінкова, які гуляў белымі).
1.cb4 ba5 2.bc5 db4 3.ac5 fg5 4.bc3 gh4 5.gf4 gf6 6.fg5 hf4 7.eg5 cd6 8.cb4 ac3 9.db4 fe5 10.gh6 hg7 11.ab2 dc7 12.cd2 cb6 13.de3 bd4 14.ec5 bc7 15. ba3 gf6? 16.hg3! cb6 17.ed2 bd4 18.de3 dc3 19.bd2 ab6 20.dc3 bc5 21.ef4 cb4? (прайграе, нічыя была пасля 21. … cd4 22.cb4 fg5 23.bc5 db4 24.ae3 ed6)
22.ca5 ed4 23.fg5 dc5 24.gf4 dc3 25.fe3 cb4 26.ac5 cb2 27.ed4 bc1 28.ab6 hg3 (не выратоўвае чорных камбінацыя 28. … fg7 29.hd6 cd2 або 29. … cb2 з-за вялікай матэрыяльнай перавагі белых) 29.fh2 fh4 30.de5 ca3 31.ed6 ef6 32.ba7 і праз некалькі хадоў чорныя здаліся.
У 1936 і 1937 гадах Бер Берлінкоў удзельнічае ва ўсесаюзных турнірах першакатэгорнікаў, заканчваючы групавыя спаборніцтвы ў верхняй палове.
Што тычыцца чэмпіянатаў Беларусі, то пасля перамогі ў 1933 годзе тройчы запар ён становіцца прызёрам – бронзавым у 1934 і сярэбраным у 1936 і 1937 гадах.
Серыя перарываецца ў чэмпіянаце 1938 года, дзе добра згуляла моладзь – чэмпіён СССР сярод школьнікаў мінчанін Сямён Барок, землякі-віцебляне Кабакоў і Грушэцкі. Берлінкоў становіцца толькі пятым. У апошніх перадваенных чэмпіянатах Беларусі ў 1939 і 1941 гг. па нейкіх прычынах не ўдзельнічае.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны працуе інжынерам на абаронным заводзе ў Куйбышаве. Пасля вайны вяртаецца ў Мінск, дзе ўладкоўваецца на завод імя Чкалава.
У першым пасляваенным чэмпіянаце Беларусі, які адбыўся ў 1947 годзе, Бер Берлінкоў займае другое месца, саступіўшы толькі Матвею Рабіновічу з Гомеля. Пасля становіцца прызёрам рэспубліканскіх чэмпіянатаў па рускіх шашках у 1949, 1950 і 1953 гадах.
У лістападзе 1953 года ў Мінску праходзіць першы ўсебеларускі турнір па стаклетачных шашках. Бер Берлінкоў паўдзельнічаў у размеркаванні медалёў, перамогшы ў апошнім туры лідзіраваўшага Аркадзя Ракітніцкага, і ў выніку падзяліў з ім трэцяе месца. Лепшымі ж сталі студэнты Сямён Рудэрман і Іван Сцяпанаў.
У 1957 годзе трапляе ў фінал чэмпіяната СССР па рускіх шашках, дзе гуляе ўдала – дзялёж 6-11 месцаў пры 50-працэнтным выніку. У 1962 годзе па выніках паўфіналу саюзнага чэмпіянату становіцца нарэшце майстрам спорту.
З 1948 года Берлінкоў уваходзіць у адноўленную рэспубліканскую шахматна-шашачную секцыю. Судзіць шмат спаборніцтваў, доўгі час ён адзін з нямногіх суддзяў рэспубліканскай катэгорыі, прычым не толькі па шашках, а і па шахматах. У 1955 годзе становіцца старшынём шашачнай секцыі БССР.
Пасля завода імя Чкалава пераходзіць на працу ў спецыяльнае канструктарскае бюро № 3 Савета народнай гаспадаркі (пазней Дзяржплана) БССР, дзе ў 1966 годзе публікуе працу “Механизация сборочных работ с помощью ручного механизированного инструмента”. Працягвае гуляць у шашкі.
У 1983 годзе разам з Аркадзем Ракітніцкім выдае кнігу “Шашечные партии белорусских мастеров”.
Са словаў Аркадзя Плакхіна, у 1980-х гадах Бер Берлінкоў пераязджае з дачкой у ЗША. Год смерці невядомы.
Апублiкавана 25.12.2022 14:40