В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (35)

Жыццё ўсё больш і больш дзівоснае… «Всё чудесатее и чудесатее», як сказала б кэралаўская Аліса (ёсць верагоднасць, што яе прыгоды ў Залюстроўі выйдуць асобнай белмоўнай кнігай у 2017 г.) або «всё тот же анекдот», паводле глускага газетчыка Навума Сандамірскага. Так ці іначай, каб тут існаваць, патрэбна жалезабетоннае пачуццё гумару.

Міністр адукацыі Жураўкоў, які хаваўся ад Ганны Канапацкай, а заадно ад нашых заўваг, 15.12.2016 зволены (ну, для яго сям’і гэта не так смешна, тым болей усё адбылося па-хамску, без папярэджання). На яго месца прызначылі чыноўніка 1964 г. нар., і таксама з юбілейным медалём, толькі не «70 год Перамогі ў вайне», а «60 год». От цікава, а ў чэргах іх пускаюць уперад, як франтавікоў?.. Нейкі час у міністэрстве, калі меркаваць паводле афіцыйнага сайта, увогуле панавала двоеўладдзе. Рускамоўная версія прадстаўляла аднаго таварыша, белмоўная – другога (cкрын ад 16.12.2016, 17:59).

Ну Гайдай жа самы настаяшчы: «Так што, выходзіць, у вас два міністры?» – «Выходзіць, два… І цябе вылечаць, і цябе вылечаць, і мяне вылечаць».

Дзіўна, што кудысьці падзяваліся аўтары сайта «Навінкі сёння», іх пляцоўка не абнаўляецца з канца верасня. Праўда, кіслотная атмасфера не спрыяе развіццю «сатырычна-парапалітычных» блогаў – у нас і праставатыя жарты па завядзёнцы не дужа цэняцца. Во натрапіў на рэцэнзію Міколы Хведаровіча, які ў 1958 г. адгукнуўся на дэбютны зборнік Уладзіміра Караткевіча:

«Верш “Вадарод”, цікавы па зместу і па-майстэрску выкананы, не задавальняе завяршэннем развагі. Вядома, што атамная энергія вынайдзена нашай навукай (! – В. Р.) не для знішчэння, а для росквіту чалавечага шчасця, але гэтая вынаходка выкарыстоўваецца капіталістамі супраць прагрэсу і дэмакратыі, для імперыялістычных захопніцкіх мэт. Аб гэтым паэт мог сказаць проста і выразна, а ён піша (цытуем радкі па зборніку «Матчына душа»):

Бы сарваўся вар’ят утрапёны і злосны

Прах старых гарадоў дасягае нябёс,

З дзіркай ў чэрапе гінуць дваццатыя вёсны,

Плывуць горкія рэкі жаночых слёз.

Недарэчныя ў гэтым месцы і такія радкі:

У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі,

(Эстэтычней, ніж яек пратухлых пах).

Такія жарты ў такім сур’ёзным месцы проста не да месца, бо гэты жарт сам па сабе знімае ўсю вастрыню выказанай думкі».

* * *

Пасля Чарнобыля і Фукусімы ведаем мы пра «росквіт чалавечага шчасця», і выходзіць, што Караткевіч востра прадчуваў бяду, а больш вопытны Хведаровіч – на жаль… Ды справа нават не ў гэтым, а ў шчырай перакананасці беларускага літаратара (не найгоршага, які да таго ж сам у 1932 г. досыць плённа жартаваў у зборніку «Ха»), што цноту з гарэзіяй вымешваць няможна…

У дадатак старэйшы калега, нядаўна выпушчаны з лагера, адлупцаваў «маладога» за жартаўлівы верш «Як размаўляюць звяры і птушкі»: «Чытаеш і дзіву даешся. Няўжо ў наш час гэта такая важная і вострая тэма, як размова жаб, вуркатанне галубоў і пеўня?»

Што б сказаў бедны Хведаровіч, пагартаўшы новы зборнік Віктара Жыбуля «Дзяцел і дупло», куды ўключаны, напрыклад, такія радкі пра дзённік Максіма Багдановіча:

Нацешымся дзівоснаю кабетаю,

Якой зачараваны быў Максім,

з Гагарыным узмыем над планетаю

і з Каліноўскім сумна павісім.

Напэўна, не паверыў бы анатацыі: «Іронія, гратэск, «чорны» гумар, давядзенне да абсурду, гульня словаў і сэнсаў здольныя не толькі выклікаць усмешку (у мяне дык і рогат – В. Р.), але нярэдка і задумацца над рознымі праявамі нашай зменліва-зманлівай рэчаіснасці (такі задумваўся – В. Р.)». Пайшоў бы шукаць печку-буржуйку…

Да чаго хілю – ахвяры і пакутнікі не заўсёды становяцца героямі, дарма што з іх раз-пораз лепяць герояў. Папраўдзе, дужа рэдка становяцца… Той жа Хведаровіч побач з іншым былым вязнем, Уладзімірам Дубоўкам, увосень 1958 г. у хоры з кіраўнікамі Саюза пісьменнікаў БССР Броўкам, Глебкам ды інш. ганіў Пастарнака, хоць мог бы, напэўна, і прамаўчаць.

«Літаратура і мастацтва», 01.11.1958

Нядаўна Ганна Севярынец, шанавальніца і даследчыца творчасці аўтара «маёй шыпшыны», патлумачыла паводзіны свайго ўлюбёнага паэта: «Дубоўку… прымусілі выступіць на адным з такіх сходаў. Ён толькі нядаўна быў рэабілітаваны, таму не мог адмовіцца… Што зрабіў Дубоўка? Ён расказаў кітайскую легенду: «Адзін мастак сказаў: я зраблю цуд. Ён працаваў некалькі гадоў і стварыў маленькую малпачку. Вось тое самае зрабіў Пастарнак». Ці асудзіў ён Пастарнака? Вялікае пытанне… Калі слухаць выступ Дубоўкі, ведаючы Кітай так, як ведаў яго паэт, пачуем: Пастарнак сказаў, што зробіць цуд, і – зрабіў яго. Ясная рэч, ніхто з прысутных гэтага не зразумеў – і дзякуй богу».

На мой сціплы одум, сказаць так, што ніхто нічога не зразумеў, – усё роўна што не сказаць. У «сухой рэшце» засталося наступнае: надломленага пісьменніка нацкавалі на калегу і зафіксавалі гэта для публікі на старонках газет (пазней той жа трук удаўся з Васілём Быкавым, калі яго подпіс у 1973 г. фігураваў пад калектыўным лістом з асуджэннем Аляксандра Салжаніцына і Андрэя Сахарава). Тут бачыцца найперш урок для моладзі ад партбосаў: калі нават такія «маманты», як Дубоўка і Быкаў, гнуцца, то загонім і вас у казіны рог – нават не спрабуйце «высоўвацца»…

У Беларусі тактыка выявілася паспяховай у тым сэнсе, што толькі адзінкі ў 1960-70-х наважваліся вольна выказвацца і дзейнічаць. Сярод іх быў ураджэнец Бабруйска Міхась Кукабака, якому нядаўна споўнілася 80. З іх каля 17 правёў у турмах, лагерах, вар’ятнях, так што яму ёсць што ўспомніць. Чалавек з няпростым характарам, як гэта вынікае з перапіскі на «Мы здесь» (не блытаць з «Мы яшчэ тут!») у 2005 г. Добра, што нарэшце выйшла і прэзентавана прысвечаная яму кніга. Цяпер Кукабака жыве ў Маскве і папярэджвае беларусаў пра небяспеку ад ворага, пуцінскай Расіі.

Cярод экс-сядзельцаў сучаснай Беларусі ёсць тыя, хто змагаецца, а ёсць тыя, хто піша кнігі пра сваё былое змаганне. Да апошніх, відаць, трэба аднесці і Андрэя Саннікава, згаданага ў 33-й серыі. Шэсць гадоў таму ён абяцаў «змяніць лысую гуму». Потым да вясны 2012 г. знаходзіўся за кратамі, адкуль у 2011 г. гукнуў, што ў снежні 2010 г. пры «чэсным» падліку галасоў мусіў выйсці ў другі тур з Лукашэнкам і па-ранейшаму лічыць сябе кандыдатам у прэзідэнты. Цяпер – недзе на Захадзе.

Я б, можа, не цікавіўся так паваротамі яго лёсу, каб не кніга Саннікава «Белорусская американка». Нейк сумна, калі чалавека, асноўным дасягненнем у палітыцы якога ёсць «Хартыя-97» (надоечы яна зноў папіярыла «Легендарнага генерала Булак-Балаховіча», акуратна адцэнзураваўшы арыгінал з «Гістарычнай праўды», дзе ёсць слова «погромщик», і заблакаваўшы мой камент пра ўдзел балахоўцаў у антыяўрэйскіх акцыях), прэзентуюць так: «Хочацца верыць, што калі-небудзь мой народ выбера іменна такога прэзідэнта. Выбера будучыню».

Пачытаў у бібліятэцы пісьмо 1949 г., падпісанае бацькам палітыка Алегам Саннікавым, і знік яшчэ адзін козыр Андрэя Алегавіча, 1954 г. нар. («патомны інтэлігент»). Газета «Сталинская молодежь», 23.03.1949:

Яшчэ былі заявы пра адну з найлепшых беларускіх п’ес («Тутэйшыя» Янкі Купалы) тыпу «камедыя гэта супярэчлівая і ідэйна невыразная», спасылкі на такіх аўтарытэтаў у галіне тэатразнаўства, як Сталін і Маа Цзэдун (ужо ў кнізе 1961 г.). На даволі хісткім падмурку быў пабудаваны дабрабыт сям’і С. у савецкую эпоху. Ясная рэч, нашчадкі не абавязаны крочыць сцяжынамі продкаў, і дэ-юрэ прэтэнзій быць не можа, але мне блізкая думка Дзмітрыя Быкава аб тым, што «мы адказваем за грахі бацькоў», прынамсі ў маральным плане. Падобна, «творчую спадчыну» бацькі былы лукашэнкаўскі чыноўнік не адрэфлексаваў, без чаго цяжка было спадзявацца на прагрэс у палітыцы. Можа, зараз?..

Дапраўды, што замінае папрасіць прабачэння ў нашчадкаў сусветна вядомага фалькларыста Льва Барага (ён не загінуў, аднак пасля 1949 г. быў вымушаны з’ехаць у Башкірыю)? Калі гэты акт будзе шчырым, то я ўпэўнены, што Андрэй Саннікаў яшчэ здолее «ўскочыць у цягнік», рэальна вярнуцца ў палітыку.

* * *

Набліжаецца Новы год, карціць падвесці вынікі. Стрэлка сімвалічнага «гадзінніка Суднага дня», прыдуманага ў 1947 г. навукоўцамі з Чыкагскага ўніверсітэта (блізіня да 12 сімвалізуе небяспеку), стаіць усяго ў трох мінутах ад крытычнага моманту… Так блізка яна не знаходзілася з 1984 г. На гэтым фоне мясцовая мітусня, асабліва перастаноўкі чыноўнікаў, істотна блякне. I ўсё ж выкажу сваё стаўленне да кампаніі за адстаўку міністра ўнутраных спраў, якога папракаюць, сярод іншага, і тым, што «засвяціўся» на парадзе 9 мая 2015 г. у форме камісара НКУС. Ён і канспіролаг – лічыць, што супраць міністэрства, як самай моцнай галіны ўлады, вядзецца мэтаскіраваная кампанія дыскрэдытацыі (звычайна, дадам ад сябе, удары наносяцца якраз па слабейшых кропках). Каментатары, пачынаючы ад Юрыя Зісера, небеспадстаўна заўважылі, што дыскрэдытуюць сябе «органы аховы парадку» перадусім самі.

Ужо не адзін месяц збіраюцца подпісы пад петыцыяй да Лукашэнкі, каб зволіў міністра… Не набралося і 1500. Там, дзе людзі звяртаюцца да міністра і пералічваюць вапіюшчыя факты, прапануючы яму «навесці парадак» або добраахвотна пайсці ў адстаўку, справы крыху лепшыя – лік падпісантаў набліжаецца да 5000.

Шансаў, што петыцыі спрацуюць, няшмат, мо 0,01%. Зараз я рэдка ўдзельнічаю ў справах, пра якія загадзя ведаю, што поспеху не будзе. Дый міністры ў цяперашняй сістэме – пешкі, не кажучы пра большасць чыноўнікаў ніжэйшага рангу (тыя – проста клеткі на шахматнай дошцы). Вопыт як бы намякае, што асноўныя рычагі кіравання крэпка трымае адміністрацыя, а пры ёй – Савет бяспекі, дзе куды большую вагу мае чалавек з імем Віктар. Тое, што Віктар Аляксандравіч у 30 гадоў стаў памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і застаецца ім дасёння, нягледзячы на сумневы ў яго кампетэнтнасці (асабліва пасля выбуху ў мінскім метро ўвесну 2011 г.), ёсць куды большай праблемай, чым «касякі» асобных службоўцаў. Зацята змагацца з аматарам святочных маскарадаў – значыць не глядзець у корань.

Што да партыйца, які ўзяў міністэрства адукацыі – на першы погляд ён выглядае цемрашалам (напрыклад, 07.11.2016 у якасці «віцэ-мэра» адкрываў помнік Леніну ля Трактарнага завода), аднак наўрад ці здолее абваліць сістэму больш, чым ужо абвалена. Хіба стане больш камуністычных суботнікаў, будзе вернута абавязковая школьная форма (таварыш К. пра гэта даўно марыў). З іншага боку, прасочваецца заканамернасць: чыноўнічкі – за выняткам аднаго-двух – займаюцца ў нашай краіне зусім не тым, што любяць і ўмеюць. «Лібералаў» шэф прымушае (ладна, самі згаджаюцца) «біць па штабах», а цемрашалаў – гуляць у лібералізм. Карацей, не ўсе страхі ад прыходу першага сакратара ЦК КПБ ва ўрад цалкам абгрунтаваны. І я застаюся на сваёй пазіцыі канца 2015 г.: Беларусь ужо шмат гадоў аб’ектыўна не савецкая краіна. Восем дэпутатаў ад кампартыі ў палаце прадстаўнікоў узору 2016 г. (са 110), нават са сваім хлопцам ва ўрадзе, не вернуць нас ні ў сталінскі, ні ў брэжнеўскі «сацыялізм»: дзікі капіталізм у нас у асноўным пабудаваны. Ура, таварышы?..

Вольф Рубінчык, г. Мінск

16.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 16.12.2016  20:38