В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (31)

Вітанні прыхільнікам (і прыхільніцам) серыялу! Сёння пагутарым пра дэмагогію як стыль жыцця, пра Украіну і Беларусь, пра тутэйшых нацыянал-патрыётаў і лібералаў у двукоссі і без, і г. д., і г. д.

На мінулым тыдні памёр адзін з абсалютных чэмпіёнаў свету па дэмагогіі, які ўмеў прамаўляць па сем гадзін запар. Хлеба на «востраве Свабоды» заўсёды бракавала, наконт відовішчаў таксама ёсць сумневы (відовішча = змена карцінак, а якая змена ва ўмовах ідэйнай самаізаляцыі, калі адна сям’я больш як паўстагоддзя кіруе?), затое па колькасці слоў і метафар, абрынутых на «душу насельніцтва», Куба дзесяцігоддзямі знаходзілася ў сусветнай «вышэйшай лізе». Хто яшчэ ў гэтай лізе? Некаторыя мяркуюць – КНДР, хтосьці пакажа на Ватыкан з яго энцыклікамі, ну, а мне ўяўляецца, што Беларусь, Расія ды Украіна зоймуць далёка не апошнія месцы. Вонкава краіны ў нас розныя, аднак усе тры моцна выдаюць на лабараторыі дэмагогіі, і паўсюль гучыць «добрае, ціхае слова» (сарказм). У выніку нават слушныя рэчы, тыпу «2Х2=4», ужо не ўспрымаюцца з вуснаў начальнікаў… Што ўражвае, трапляюцца індывіды, якія вышукваюць у лагарэйных прамовах рацыянальнае зерне, абапіраюцца на цытаты, каб дасягнуць нейкіх сваіх мэт… Далёка хадзіць не трэба – у 23-й серыі «Катлет & мух» я сам спасылаўся на «Пораха» 🙂 Асобныя людаеды нават помняць, што перад абраннем у маі 2014 г. Пётр П. прагназаваў пад сваім кіраўніцтвам курс долара ніжэй за 11 грывень (у красавіку 2014 г. курс сягаў 12 гр. за USD, зараз перавышае 25). Плюс абяцаў прадаць фірму «Рашэн» і перакрыць усе афшоры, скончыць антытэрарыстычную аперацыю «за лічаныя гадзіны»… Бязвізавы рэжым з Еўрапейскім Саюзам абяцаўся шматкроць: апошні (здаецца) раз называлася дата 24.11.2016. У ЕС пачухалі патыліцу… і перанеслі разгляд пытання на 2017 г.

«Альтэрнатыўна адораны» аматар шахмат з Каліфорніі ў 2015 г. паглядзеў на тое, як прымаў Парашэнка чэмпіёнку свету Марыю Музычук (на жаль, і гэтая прыгажуня не дала рады кітаянцы Хоў Іфань – менш як праз год страціла тытул), і замілавана вымавіў: «Прэзідэнт, за якога не сорамна». Забыўся бядак, што папярэдніку Парашэнкі, «крымінальніку ў наколках», таксама хапіла інтэлекту ўзнагародзіць ордэнам шахматную чэмпіёнку з Украіны (Ганну Ушэніну) – і папіярыцца на яе фоне. Ну дык… «у іх шпіёны, у нас разведчыкі».

На сем бед у кіраўнікоў нашай суседкі адзін адказ: «расійская агрэсія вінавата». Днямі П. П. назваў гэтую агрэсію ліхам, горшым за Чарнобыль. Праўда, не патлумачыў, чаму ў такім разе Расіі не абвясцілі вайну, чаму краіна не пераведзена на ваеннае становішча… Афіцыйныя асобы Украіны тлумачылі, што ў такім разе «можна будзе забыць пра замежныя крэдыты». Што выглядае «размовамі на карысць бедных»; напрыклад, Ізраіль і арабскія краіны знаходзіліся ў стане вайны ад 1948 г., аднак крэдыты спраўна атрымлівалі (Ізраіль – з Захаду, Егіпет і Сірыя – з СССР).

«Чаму мы купляем расійскае мыла, расійскі шампунь, бытавую хімію, прадукты сельскай гаспадаркі?» – задаў надоечы рытарычнае пытанне ўкраінскі эканаміст Аляксандр Саўчанка. Вядома, гэта справа грамадзян іншай краіны, як сябе паводзіць, вядома, жыць у міры лепей, але, мажліва, яднанне «для фронту і перамогі» дазволіла б ім лягчэй перажыць цяжкія часіны?.. У 2014 г. валавы ўнутраны прадукт, падзелены на лік насельніцтва, быў роўны 2924$ за год, у 2015-м – 2004$, у 2016 г. прагназуецца 1854 (падзенне за 2 гады – звыш 35%). Раней жартавалі: «Не тую краіну назвалі Гандурасам…» Жарт перестаў быць актуальным: Гандурас летась абагнаў Украіну паводле названага паказчыка, дый Папуа-Новая Гвінея апярэдзіла (!)

Наўрад ці таварышаў з Поўдня суцяшае той факт, што намінальны ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі падаў яшчэ хутчэй: у 2014 г. быў 8041$, у 2015-м – 5749, сёлета прагназуецца 4855 (мінус 38%!) Давяраць гэтым лічбам МВФ ці не – выбар кожнага, аднак у мінскім «Чырвоным доме» зачухалі патыліцу: аказваецца, за правал у беларускім машынабудаванні «нехта павінен адказаць». У лік самых папулярных каментаў мінулага тыдня ўвайшлі наступныя: «Застаецца знайсці чыноўніка па прозвішчы Нехта – і жорстка пакараць». «Нехта павінен адказаць! І гэты «нехта» павінен адказаць не толькі за машынабудаванне, а за ўсё, што ён нарабіў за 22 гады ва ўладзе!» Падрабязны ж дыягназ беларускай прамысловасці 2010-х гг. паставіў тут малады інсайдэр – тры гады назад…

Тым часам у Мінск прыязджаюць прапагандысты «рускага свету», у Маскве крытыкуюць беларускіх гісторыкаў, тыя адбрэхваюцца… Усё як звычайна: тэлевізар ваюе з халадзільнікам. Руціну парушыла хіба тое, што адзін з тэлегерояў, а менавіта старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, заявіў пра сваю скорую адстаўку. І пахваліў Лукашэнку, які летась хваліў яго.

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета А. Трусаў узначальвае ТБМ з 1999 года. Мне выпадала некалькі разоў перасякацца з гэтым супярэчлівым дзеячам, мог бы ўспомніць нямала камічнага, апрача «хітраватай усмешкі», ды навошта: у «палатку № 6» А. Т. сёлета не прайшоў, начальствуе на маленькім лапіку (Мінск, вул. Румянцава, 13). Трэба адзначыць, што пры Трусаве, які ў 1990-х даследаваў тэму беларускіх сінагог, суполка худа-бедна павярнулася «тварам да яўрэяў». Некалі А. Т. прапаноўваў адкрыць у таварыстве курсы ідыша, у 2006 г. казаў, што трэба прыняць новы Закон аб мовах, дзе беларуская будзе дэкларавацца адзінай дзяржаўнай, але прапаноўваў «не забыць пра польскую, пра ідыш — помнік беларускай культуры». Наўрад ці выпадкова тое, што менавіта на сядзібе ТБМ у верасні 2008 г. адбылася прэзентацыя вялікага ідыш-беларускага слоўніка. Таксама гадоў восем таму Трусаў публічна прасіў пасла Бен-Ар’е выдаць па-беларуску кнігу па гісторыі Ізраіля, а Зэеў скардзіўся на недахоп грошай… Такой кнігі, калі не памыляюся, няма дагэтуль, затое просты складаны ізраільскі беларус Павел Касцюкевіч падрадзіўся пераказваць біблійныя падзеі (напрыклад, тут і тут).

aleg_pasha

А. Трусаў і разбуджаны ім Павел К. Выявы з svaboda.org.

Штотыднёвая газета «Наша слова» час ад часу дае матэрыялы кшталту «Яўрэі Шчучына», а іншае тэбээмаўскае дацзыбао, «Новы час», – такія артыкулы, як «Габрэі і беларусы». Потым сайту belisrael.info ёсць што публікаваць 🙂

Парадавалі мяне ў свой час і аб’явы, ласкава змешчаныя на сайце ТБМ. У 2014 г. анансаваўся конкурс «Якаву Камянецкаму – 100», у 2016 г. – сустрэча да 120-годдзя Майсея Кульбака ў кнігарні «Галіяфы». Карацей, у «сухой рэшце» ад зносін з трусаўскай арганізацыяй, заснаванай аж у 1989 г., застаецца пазітыў. Не выключаю, што і таблічкі са звесткамі пра мінуўшчыну, развешаныя ў цэнтры сталіцы (легенды для турыстаў на беларускай і англійскай, слова «Мінск» на розных мовах, у т. л. на іўрыце/ідышы), – ініцыятыва актывістаў суполкі. A гарвыканкам толькі зацвердзіў.

masony

На пл. Свабоды, лістапад 2016 г.

Да яўрэйства ў 1990-х неабыякава ставіліся як «нацыянал-патрыёты» (БНФ, ТБМ…), так і «лібералы-касмапаліты», якія гуртаваліся пераважна вакол Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, Беларускага фонду Сораса, Беларускага Хельсінкскага камітэта… Многія з іх працавалі ў ЕГУ – неслі студэнтам (у тым ліку і мне) «еўрапейскія каштоўнасці».

Ужо на пачатку 1990-х «патрыёты» і «касмапаліты» не палюблялі адно аднаго, тым болей што канкуравалі за людскія і матэрыяльныя рэсурсы. Прыход Лукашэнкі да ўлады нe спыніў іхняга суперніцтва. Толькі ў пачатку 2000-х часова замірыліся, і тое пад націскам замежніка (эмісара АБСЕ, немца Ханса-Георга Віка), і тое коштам расколу БНФ на памяркоўных вячоркаўцаў ды імпэтных пазнякоўцаў…

Вядома, «лібералы» – сярод якіх было нямала асіміляваных яўрэяў – асуджалі антысемітызм. З іншага боку, выказванні іх яркага прадстаўніка Алега Манаева (які пару гадоў кіраваў мясцовым фондам Сораса) дэманструюць плыткасць, павярхоўнасць іхняй юдафіліі. Ніжэй – фрагменты з інтэрв’ю д-ра Манаева 2000 г. пра паваенную БССР. Толькі адна заўвага: велізарнай нацяжкай выглядае апісанне савецкіх яўрэяў як аплоту «еўрапейскай цывілізацыі»…

Галоўнае, большасць прыезджых прыўносілі не еўрапейскую, а еўразійскую сістэму каштоўнасцей і лад жыцця. Да таго ж значную ролю ў «вымыванні» лепшых прадстаўнікоў нашай краіны адыграла гісторыя беларускіх яўрэяў, якіх да другой сусветнай вайны налічвалася тут звыш мільёна. Многія з іх былі знішчаны ў час вайны, але многія і з’ехалі ўжо ў 1970-80-х, пасля папраўкі Вэніка-Джэксана, прынятай у свой час амерыканскім кангрэсам… Цяпер у РБ, паводле даных апошняга перапісу, засталося менш 30000 яўрэяў… Яўрэі, і гэта агульнапрынята, зрабілі значны ўклад у навукова-тэхнічны і культурны прагрэс у Беларусі. Высокі ўзровень нацыянальнай самаідэнтыфікацыі яўрэяў дазволіў ім увайсці ў нацыянальную беларускую эліту, з якой яны дзякуючы мэтаскіраванай палітыцы антысемітызму былі выбіты. Іх месца таксама занялі зусім не самыя лепшыя людзі, якія прадстаўлялі традыцыі і каштоўнасці, далёкія ад традыцый і каштоўнасцей еўрапейскай цывілізацыі.

Далей прафесар дзейкае пра «плебс», які лічыць Лукашэнку сваім прэзідэнтам…

Працытаваў Манаева, каб паказаць, адкуль «растуць ногі» сёлетніх рэфлексій Святланы Алексіевіч у Вашынгтоне:

«У Беларусі гэтая праблема [эліт] абсалютна відавочная. З аднаго боку эліту нашай краіны знішчыў Сталін, з другога боку Гітлер падчас вайны знішчыў яўрэяў. Гэта была галоўная культурная праслойка ў нашай краіне. На гэтым стаяла культурная стабільнасць і трываласць. Зараз гэтае сялянскае насельніцтва без эліты і, канечне, веды толькі адныя — сялянскія. Вось старшыня калгаса — вось гэта правадыр, вось гэта лідар».

Калі пагартаць выданні пачатку ХХ стагоддзя, хаця б тую ж «Нашу Ніву», то відаць, што нават тады, у пераважна аграрнай Беларусі, веды і інтарэсы беларусаў мелі не толькі «сялянскі» характар. Цяпер жа гараджан – тры чвэрці, і многія (большасць?) нарадзіліся-павырасталі ў гарадах… Пісьменніца ж, падобна, загрузла нават не ў 1990-х, а ў 1970-х гадах, калі праблема «сена на асфальце» была насамрэч актуальная.

Пра штучнасць процістаўлення тутэйшых гараджан і вяскоўцаў, яўрэяў і беларусаў я задумаўся, калі чытаў тэкст свайго даўняга знаёмца, германіста Андрэя Лаўрухіна (былы выкладчык ЕГУ, у 1990-х пэўны час наведваў ідыш-курсы пры Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка, зараз, здаецца, робіць у адным з піцерскіх універсітэтаў). Нечакана А. Л. узяўся аналізаваць… змест расійскага ток-шоў пра Беларусь 24.11.2016, і пашкадаваў – вы не паверыце! – пра аднабаковасць тэлежурналістаў.

moek96

Заняткі ў МОЕКу на Інтэрнацыянальнай, 6. Год 1996-ы. На фота М. Мінковіча А. Лаўрухін справа (у акулярах).

Вобраз жыхароў Беларусі на тэлебачанні РФ мала мяне абыходзіць, але ж аўтар задаў даволі важнае пытанне: чаму «ў найбольшай ступені маргіналізавана якраз тая група грамадзян, якая больш за ўсіх “сябруе з розумам”, не ўпісваецца ў сканструяваны ўладай і нацыянал-патрыятычнай апазіцыяй шаблон і не ідэнтыфікуе сябе з крайнімі, відовішчнымі, эпатуючымі публіку пазіцыямі: ні з кандовай афіцыйнай, ні з крайняй нацыянал-патрыятычнай»? Па-мойму, у пытанні часткова змяшчаецца адказ: ТV і здаровы глузд прымірыць няпроста. Тым не менш было б карысна пакорпацца і ў суб’ектыўных прычынах недастатковай публічнасці «Беларусі без крайнасцей». Яшчэ 20 год таму «лібералы-касмапаліты» інтрыгавалі грамадства ды валодалі значнымі рэсурсамі. Апроч вышэйназваных арганізацый, яны кантралявалі, напрыклад, «Белорусскую деловую газету», шэраг аналітычных цэнтраў… Потым уплыў паступова зніжаўся; на «БДГ» пасыпаліся папярэджанні, ЕГУ і НІСЭПД былі выціснуты з Беларусі. Дык чаму ўсё пайшло коса-крыва – адзін Лукашэнка вінаваты? А мо ФСБ? Ці адказныя зноў яўрэі, каторыя не абаранілі? 🙂 Тут ёсць аб чым дыскутаваць, хіба што ў іншай серыі.

…Калі б вароны ўмелі гуляць у шахматы, якую асалоду яны атрымалі б ад толькі што скончанага матчу на першынство свету! (КАРлсен адолеў КАРакіна на тай-брэйку: 3:1). А ў сусветнай эліце ж ёсць і КАРуана, дый КАРпаў дагэтуль cядае за дошку… Праўда, усё часцей яго супернікамі стаюцца малыя карапузы 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

01.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 1.12.2016  14:30