Лістапад, «галоўнае пудзіла» амерыканскай палітыкі перамагло-такі на агульных выбарах пудзіла негалоўнае. Усё як у песні Віктара Цоя: «И вот кто-то плачет, а кто-то молчит, а кто-то так рад, кто-то так рад». Нехта па-дзіцячы цешыцца і спяшаецца павіншаваць, нехта лямантуе або пратэстуе, а хтосьці (як імпэтная Тамара Вяршыцкая з Навагрудка, якая прыклала тамака руку да Музея яўрэйскага супраціву) запрашае мільярдэра ў госці, бо зяць ягоны Джарэд Кушнер мае «навагрудскія карані».
Калі верыць апытанням (ці заўсёды абавязкова ім верыць?), то звыш 70% яўрэяў ЗША галасавалі за Клінтан. Праўда, напрыклад, Якаў Гутман, прэзідэнт «Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў», зарэгістраванага ў Нью-Ёрку, 10.11.2016 адказаў так: «З майго пункту гледжання Трамп лепшы. Але мы ведаем ператварэнне Саўла ў Паўла. Хацелася б спадзявацца, што пераход у іудаізм дачкі (Іванкі Трамп. – В. Р.) быў зразуметы татам». Наконт «ператварэння» сп. Якаву дапраўды ёсць што ўспомніць: у канцы 1994 г. ён адрэагаваў у ізраільскім часопісе «Алеф» на крытычны артыкул тагачаснага старшыні аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі. Няхемія Макабі меркаваў, што яўрэям Беларусі ад Лукашэнкі з яго выбрыкамі а-ля Жырыноўскі не трэба чакаць нічога добрага: Я. Гутман спрачаўся, маўляў, усё не так страшна. Аднак праз пару год, а асабліва на рубяжы стагоддзяў, ён стаў адным з самых зацятых крытыкаў лукашэнкаўскага рэжыму.
У ліпені 2016 г. Гары Каспараў выказаўся ў тым духу, што кандыдат ад рэспубліканцаў даўно пераймае тэзісы з «Майн кампф», іншымі словамі, гітлерападобны ён. Cур’ёзны папрок, хоць і не ад вельмі сур’ёзнага аналітыка, – але ў чым праблема з Трампам? Чэл амаль усё свядомае жыццё займаўся бізнэсам; ён, вядома, не «сэлф-мэйд» у класічным разуменні, але павялічыў тое, што яму дасталося ад заможнага бацькі, у n разоў. Выкшталцоных манер у яго па вызначэнні быць не можа, аднак – і гэта добрая навіна – не можа быць і пэўнай экстрэмісцкай ідэалогіі. Прынцып гульні з нулявой сумай – «Балівар дваіх не вывезе» – паступова змяніўся ў заходніх бізнэс-колах на «жыві і давай жыць іншым», што выціскае расізм у сферу побытавых забабонаў… Што-што, а роля фашыста нью-прэзідэнту наўрад ці патрэбная, хіба каб папалохаць занадта пільных антыфашыстаў і/або каб адцягнуць увагу ад нейкіх сваіх далёкасяжных эканамічных планаў.
З Беларуссю будучы «начальнік фарфоравай вежы» (толькі такі альтэрнатыўна адораны міжнароднік, як Андрэй Ф., мог заявіць, што Трамп ужо стаў прэзідэнтам; калегія выбарцаў ЗША прагаласуе ў снежні 2016 г., а пераход пасады ад Барака мае адбыцца ў студзені 2017 г.) звязаны не толькі праз зяця. Некалькі год таму ў Мінску даволі актыўна выдаваліся кнігі з удзелам Д. Т… Спадзяюся, выдавец не запярэчыць, калі працытую ў перакладзе на мову родных бяроз – а раптам хтосьці прачытае і зможа лепей паразумецца з «клёвунам»:
«Рука Мідаса можа служыць ідэальнай метафарай паспяховага прадпрымальніцтва. Навучыцеся па-майстарску валодаць кожным пальцам – і зразумееце, чаму адным прадпрымальнікам заўсёды спрыяе ўдача, а большасці іншых – не.
Вялікі палец сімвалізуе сілу характару. Без яе прадпрымальнік не зможа перажыць падзенні і расчараванні, якія непазбежна суправаджаюць працэс нараджэння новага з нічога…
Указальны палец сімвалізуе канцэнтрацыю. Каб дасягнуць поспеху, прадпрымальнік павінен на ім засяродзіцца.
Сярэдні — самы доўгі — палец сімвалізуе ваш брэнд. Стварыце сабе моцны брэнд і прыкладзіце ўсе намаганні для таго, каб пра яго даведаўся ўвесь свет. Без гэтага вам не стаць Мідасам…» (з кнігі Д. Трампа і Р. Кіясакі «Дар Мідаса»).
«У мяне часта пытаюцца, у чым сакрэт майго поспеху. Адказ просты: засяроджанасць, цяжкая праца і ўпартасць. Удача некалькі разоў усміхалася мне, але яна спрыяе толькі ўпартым. Неабходна таксама дзелавая хватка – не абавязкова навуковая ступень у галіне эканомікі, але вы павінны валодаць цярпеннем і жаданнем пастаянна вучыцца. Я заснаваў «Універсітэт Трампа», каб зацікаўленыя дзелавыя людзі маглі атрымаць веды, неабходныя для дасягнення ўстойлівага поспеху» (з прадмовы Д. Трампа да кнігі Д. Сэкстана «Універсітэт Трампа. Брэндынг 101»).
Як адаб’ецца прыход сям’іскі Трампаў у Белы дом на беларускіх справах? Калі верыць словам кандыдата, то ЗША пабудуюць плот на мяжы і ўвогуле засяродзяцца на сваёй дзялцы, а значыць, «кінуць» Беларусь (як і Украіну) ў абдымкі Расіі. Аднак абяцанкі палітыкаў варта дзяліць на «шашнаццаць». Інэрцыя дзяржаўнай адміністрацыі такая, што Амерыка, хутчэй за ўсё, прадоўжыць «памагаць станаўленню дэмакратыі» ў нашых краях, а там і прэзідэнцкі тэрмін Дональда скончыцца. Карацей, пікейныя жылеты з «Радыё Свабода» могуць не хвалявацца, наўрад ці іх разгоняць (хаця ёсць за што – адзін ідыёцкі або правакацыйны сказ «Вядома, што Ізраіль усе арабы лічаць ворагам» у вуснах «палітолага» чаго варты), і псеўдаапазіцыя, што атрымлівае фінансаванне праз розныя NEDы, – таксама.
Не пацерпіць і Грыша Ё. – шанавальнік беларускай «стабільнасці», прафесар кіслых шчэй геаграфіі, які даўно выдае сябе за эксперта ў палітычнай сферы. У дзень галасавання ён глыбокадумна абяцаў перамогу Клінтан: «На адным адпрэчванні палітычнай карэктнасці выбары не выйграеш». І як такіх запрашаюць у пасольства? А можа, толькі такіх цяпер і запрашаюць?.. Вось яшчэ адзін ыксперд – рэдактар «Радыё Свабода», які ў той жа дзень выказаўся з Амерыкі: «Давайце глядзець праўдзе ў вочы, верагоднасць перамогі Трампа на гэтых выбарах вельмі нізкая…» Ну, і досыць пакуль пра комікаў.
Не выявіўся клоўнам Юрый Зісер, гаспадар тутбая; ён хітра маўчаў перад выбарамі, а потым заявіў, што спачуваў Трампу, якога «цкавалі» (ці то паўтарыў словы Лукашэнкі, ці то Лукашэнка паўтарае следам за славутым маркетолагам…) Звычайна я не шмат увагі аддаю асобным аўтарам, але зараз крыху даўжэй спынюся на артыкуле «галоўнага інтэрнэтчыка» Беларусі, апублікаваным 10.11.2016, тым болей што загаловак «Інавацыйная Беларусь: думкі ўслых» гучыць як маніфест. Крыху пазней Ю. З. зрабіў яшчэ пару мабілізуючых заяў: напрыклад, «Беларусь павінна стаць трэцяй у свеце ІТ-дзяржавай пасля ЗША і Ізраілю». Быццам бы ён гатовы весці за сабою калі не народ, то «яйкагаловых» калегаў…
З аднаго боку, аўтар недаацэньвае, прымітывізуе «ўладу»: «Што сёння ўлада можа зрабіць для паскарэння ўкаранення інавацый? У першую чаргу, на словах дабраславіць людзей на прадпрымальніцтва, самазанятасць і змену прафесіі. Зрэшты, яна не зможа гэта зрабіць праз каштоўнасныя перакананні. Я вельмі здзіўлюся, калі раптам у нашых школах пачнуць выкладаць калі не прадпрымальніцтва, то хаця б элементарную фінансавую пісьменнасць».
Спадар нібыта не ў курсе, што «ўлада» за 20+ год навучылася лоўка мімікраваць, і «на словах» здольная зрабіць што заўгодна. Дабраславіць на прадпрымальніцтва, змену прафесіі? Лёгка! Казала ж адна чыноўніца, што «трэба круціцца», а другі, што «трэба варушыцца», не спадзявацца на ўрад… Райвыканкамы абяцаюць грошы беспрацоўным на «падтрымку малога бізнэсу і прадпрымальніцтва», а міністэрства па падатках і зборах лічыць, што ўрокі «фінансавай пісьменнасці» патрэбныя. А яшчэ я помню, колькі траскатні было вакол «дырэктывы № 4 пра развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы» ад 31.12.2010. Нехта ў пачатку 2011 г. нават рэкламаваў Беларусь як новы Сінгапур… Карацей, аўтар артыкула ломіцца ў адчыненыя дзверы: з самага «верху» шматкроць гучалі словы пра лібералізацыю, разняволенне грамадзян еtc. Горы неадменна спараджалі мышак; няма прычын меркаваць, што нешта зменіцца ў бліжэйшы час.
«Пара спрасціць падатковае адміністраванне і дакументаабарот»… З гледзішча прадстаўніка бізнэс-сектара – безумоўна, пара; з гледзішча даследчыка – змаганне з «бюракратызмам» без моцнай і зацікаўленай грамадзянскай супольнасці непазбежна мае адваротны эфект, бо для развязання праблем ствараюцца новыя камісіі, якія пішуць свае пратаколы і пастановы…
Адмена шэрагу артыкулаў крымінальнага кодэкса, хутчэй за ўсё, наспела. Аднак праблема куды глыбей, чым у рэгулярных наездах некаторых «сілавікоў» на «бізнэс», пра якія са скрухай гаворыць сп. Зісер: «кожны арышт бізнэсмена дэмаралізуе мільёны шараговых беларусаў…» Яна – у (не)даверы грамадзян да ўлады і «апазіцыі», у атамізацыі грамадства.
Між іншага, куды больш якасны аналіз сітуацыі ў РБ быў змешчаны ў кнізе былога палітвязня Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», асабліва ў раздзеле «Карпарацыя». Прынамсі Аліневіч куды больш паслядоўны, чым Зісер, які ў адным абзацы сцвярджае: «наша дзяржава канчаткова захрасла ў мінулым стагоддзі. Яе абсалютна не цікавіць, што пра яе думаюць. Яна адгарадзілася помнікамі Леніну…» А ў другім вырашае «падпусціць лёстачак»: «Пры гэтым наша дзяржава стварыла някепскія стартавыя ўмовы для бізнэсу. Сёння можна свабодна адкрываць новыя прадпрыемствы, ствараць працоўныя месцы, наймаць патрэбных спецыялістаў, знаходзіць рынкі збыту, прадаваць тавары і паслугі… Перспектывы развіцця айчыннага прадпрымальніцтва не абмежаваны». Уражанне, як ад кнігі Смілавіцкага, агледжанай у мінулай серыі: нібыта два розных чалавекі пісалі…
«Нармалізаваны» мінскі яўрэй-бізнэсовец, выглядае, так і не ўцяміў, што няможна аддзяліць «эканамічную будучыню» краіны ад палітычнай будучыні: «у Беларусі з’яўляецца ўсё больш стартапаў, іхні патэнцыял не абмежаваны нічым. Бо калі прадукты будуць прадавацца – гэта могуць быць дзясяткі і сотні мільярдаў. Гэта не прыйдзе за год-два, гэта зойме 15-20 гадоў… Гадоў за 15 мы павінны стаць трэцяй у свеце IT-дзяржавай пасля ЗША і Ізраілю па праграмным забеспячэнні».
Можа, мяне запішуць у песімісты і «ныцікі», але верагоднасць таго, што «беларуская мадэль» ляснецца не тое што праз 10, а цягам 5 гадоў, ацэньваю даволі высока. Праўладны доктар эканамічных навук яшчэ летась, у бытнасць памочнікам Лукашэнкі, прапаноўваў перавесці беларусаў на «фінансавую дыету», што паступова і робіцца… Пенсійны ўзрост павышаны, але даходы насельніцтва і валавы ўнутраны прадукт падалі як у 2015, так і ў 2016 гг. Яшчэ пару гадоў з гэткім жа трэндам – і вынікі для «Чырвонага дома» будуць непрадказальныя. Тады не дапамогуць ані танная гарэлка, ані пераводы «стрэлак» на Расію (дзе, дарэчы, так пакуль і не наважыліся агулам узняць пенсійны ўзрост і заняцца пошукам «дармаедаў»). І няўжо маленькі ды горды ІТ-cектар бура не накрые?!
З іншага боку, разумею пахудзелага Зісера, якому трэба паказаць, што збольшага ўсё ў яго (а значыць, і вакол яго) ціп-топ, што ён можа дазволіць сабе пабудову планаў на 15 гадоў – такі сабе брэндынг у стылі таварыша Трампа… Вось толькі прэзідэнтам Беларусі Юрый Анатольевіч ніколі не стане, хаця б таму, што такая канстытуцыя… (нарадзіўся на тэрыторыі Украіны).
І апошняе. Год таму Ю. З., разважаючы пра «Нобелеўку» Алексіевіч, прадказаў «рост экспарту праз узмацненне брэнда краіны». Сёлета ў студзені-верасні экспарт з Беларусі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 г. склаў 84,3%. «Прасеў» ён нават ніжэй, чым агульны абарот (апошні дасягнуў 86,3%). Ці лаўрэатка не спраўдзіла чаканняў, ці з прагнозамі «што-та ня так»?.. Тут я не радуюся, не сумую, а спыняюся, каб лепей зразумець. Запрашаю чытачоў самастойна асэнсаваць сітуацыю і падзяліцца меркаваннямі 🙂
Вольф Рубінчык, г. Мінск
11.11.2016
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 11.11.2016 22;16