Да 100-годдзя з дня смерцi Шолам-Алейхема. Ад Пейсаха да Кучак

(внизу ссылка на русский перевод 1959 г. истории, про шахматиста Рубинштейна, под названием “Чемпион по шахматам)

Дзіўная гісторыя, расказаная ў халодную зімовую ноч адным яўрэем, апантаным шахматыстам, пасля вясёлай картачнай гульні і добрай закускі ў цёплай кумпаніі

Было ўжо моцна за поўнач. На дварэ стаяла зіма. Вечарынка скончылася, і стол сведчыў, што кампанія, якая была сабралася за ім, добра перакусіла і добра прабавіла час. Зялёныя столікі, спісаныя крэйдай, поўніліся раскіданымі картамі, з якіх глядзелі тузы і каралі і дражніліся: “Цяпер мы тут!”… Зноў сядаць за вінт, прэферанс ці “вока” было б ужо маркотна, але позна было ўжо саромецца сваіх страсцей. Кампанія накурылася, напілася чорнай кавы і, пакуль варочаліся языкі, абмянялася навінамі. Але вось нехта кінуў нейкае слоўца пра шахматы, нехта падтрымаў размову, і апантаны гулец Рубінштэйн адразу навастрыў вуха.

Рубінштэйн – шахматыст небяспечны. Праз шахматы ён можа прайсці дзесяць міль, не есці, не піць, не спаць ноч – фанатычны гулец, што тут скажаш! Пра яго ходзіць маса анекдотаў: 1) ён можа гуляць сам з сабою ў шахматы цэлую ноч; 2) ён тройчы разводзіўся з жонкай з-за шахмат; 3) ён ужо некуды прападаў на тры гады з-за шахмат. Карацей, там, дзе Рубінштэйн, там і шахматы, а дзе шахматы, там і Рубінштэйн, і Рубінштэйн любіць, каб у кампаніях размаўлялі пра шахматы, як добры выпівоха любіць, каб размаўлялі пра выпіўку… Калі вы паглядзіце на Рубінштэйна, то перш за ўсё заўважыце яго недарэчна высокі лоб, высокі і шырокі, круглы – маю на ўвазе, пукаты. Вочы таксама дзіўна вялікія, круглыя, чорныя, але халодныя. Сам ён сухі, кашчавы, але голас у яго гучны, як звон – сапраўдны бас. Там, дзе Рубінштэйн – там ужо чуваць толькі Рубінштэйна, больш нікога…

Пачуўшы, што нехта завёў размову пра шахматы, Рубінштэйн зморшчыў свой і без таго наморшчаны лоб, адным вокам скасавурыўся на чорную каву, быццам бы яна смакавала як мыла ці як памыі… і сказаў усім і нікому сваім адмысловым басам:

– Дамы і панове! Калі хочаце пачуць файны расказ пра аднаго гульца ў шахматы, то сядайце бліжэй, я раскажу вам старадаўнюю гісторыю.

– Гісторыю пра гульца ў шахматы? У былыя часы? – падхапіла гаспадыня, якой карцела, каб госці не разбегліся. – Цудоўна! Скажыце Фелічцы, каб яна кінула фартэпіяна, і, калі ласка, зачыніце дзверы, прынясіце яшчэ пару-тройку крэслаў. Садзіцеся, прашу вас, садзіцеся! Пан Рубінштэйн раскажа нам гісторыю пра гульца ў шахматы, старадаўнюю гісторыю.

Рубінштэйн аглядзеў з усіх бакоў толькі-толькі запаленую цыгару, якую яму прапанаваў гаспадар, быццам бы ацэньваў яе кошт, скрывіўся і выпукліў свой вялікі лоб, нібы хацеў сказаць: “Гм… выглядае як цыгара, але паліцца, бы венік…” і пасля гэтага падступіў да сваёй гісторыі такімі словамі:

– Што я, мае дамы і панове, апантаны, прыродны шахматыст, як і ўсе ў нашым родзе, – гэтага вам не трэба даводзіць, самі ведаеце. Наша прозвішча крыху вядомае ў свеце, і я хацеў бы з вялікай асалодай спытацца, ці ведаеце вы хоць каго з Рубінштэйнаў, які не быў бы шахматыстам.

– Я ведаю Рубінштэйна – страхавога агента, ён прыходзіць да мяне штотыдзень. Апрача “страхавання жыцця” ён нічога не ведае, чысты дзікун! – улез у размову адзін з гасцей, юнак з выцягнутай угору галавой, на якой сядзелі залатыя акуляры. Ён лічыў сябе разумным і любіў з усіх пакпіць. Аднак Рубінштэйн спакойна адказаў сваім басам, утаропіўшыся ў юнака вялікімі чорнымі вачыма:

– Відаць, ён не нашага роду. Сапраўдны Рубінштэйн – заўсёды шахматыст. Гэта натуральна ў той жа ступені, як натуральна тое, што дурні любяць кепскія жарцікі… Мой дзед Рувім быў сапраўдным Рубінштэйнам, таму што быў ён, мае дарагія дамы і панове, сапраўдным шахматыстам. Калі ён гуляў у шахматы, увесь свет мог перакуліцца, а ён бы і не заўважыў. Да яго прыязджалі з усіх канцоў згуляць партыю важныя людзі – памешчыкі, графы, вяльможы! Быў ён усяго толькі гадзіннікавым майстрам, які добра знаўся на сваёй справе. Але, паколькі на першым месцы ў яго стаялі шахматы, то меў ён не заробкі, а слёзы, і ледзь-ледзь мог пракарміць сям’ю.

І вось аднойчы здарылася гісторыя, мае любыя панове і дамы… Пад’язджае да дзедавай хаткі шыкоўны тарантас, запрэжаны дзвюма парамі гарачых коней, і выскоквае з яго нейкі памешчык, а хутчэй магнат з двума слугамі. Ён быў увешаны ардэнамі і медалямі зверху данізу – вялікі пан! Жвава заходзіць у домік: “Дзе тут яўрэй Рувім Рубінштэйн?”

Дзед мой, праўду кажучы, крыху напалохаўся, але хутка прыйшоў у сябе і вымавіў: “Гэта я – яўрэй Рувім Рубінштэйн. Чым магу служыць?” Гэтым пан задаволіўся і кажа на дзеда: “Калі ты і ёсць яўрэй Рувім Рубінштэйн, то вельмі прыемна. Скажы паставіць самавар і прынясі шахматы, мы з табой згуляем. Я чуў, што ты добра гуляеш у шахматы, і што ніхто ніколі не аб’яўляў табе мату”. Так кажа на яго гэты магнат (таксама, відаць, любіцель шахмат) і сядае з ім гуляць у шахматы, партыю за партыяй, партыю за партыяй, а тым часам закіпеў самавар і падалі гарбату, ясная рэч, на падносе, з сочывам і рознымі закускамі, аб гэтым ужо падбала мая бабка, дарма што ў яе кішэні не было ані шэлега. А на двары, ля тарантаса сабралося ўсё мястэчка. Ці жартачкі – у Рувіма-гадзіншчыка гэтакі магнат! Вядома, па мястэчку пайшлі розныя чуткі. Нехта казаў, што вялікі пан прыехаў з губерні з рэвізіяй, дзеля “вобыску”, шукае фальшывыя грошы… Іншыя сцвярджалі, што не абышлося без даносу, паклёпу, што тутака “шыецца справа”… Зайсці ўнутр і паглядзець, як пан сядзіць з дзедам і гуляе ў шахматы, ніхто не дадумаўся. Каму, на самай-та справе, магла прыйсці ў галаву такая думка?

І трэба сказаць вам, дамы і панове, што той вялікі пан, хоць ён гуляў няблага, нават можна сказаць, зусім добра, атрымліваў ад дзеда мат за матам, і чым больш гуляў, тым больш гарачыўся, а чым больш гарачыўся, тым скарэй прайграваў. А дзед – ні брывом не вядзе, скажу я вам! Як быццам ён гуляе, ну, я не ведаю з кім – з навічком… Пану гэта было, напэўна, дужа крыўдна, што я буду вам тлумачыць? Прайграваць ніхто не хоча, а яшчэ каму – нейкаму яўрэйчыку! Але сказаць ён нічога не можа, дый што тут казаць, калі кожны ход робіцца добра – майстру не запярэчыш! І трэба вам ведаць, панове і дамы, што сапраўдны гулец у шахматы цікавіцца значна больш самой гульнёй, чым перамогамі ці паражэннямі. У сапраўднага шахматыста няма гульца-партнёра, ён гуляе супраць фігур – не ведаю, ці вы мяне зразумееце…

– Плаваць мы не ўмеем, але ў плаванні нешта цямім, – уставіў слова юнак-жартун, і як заўсёды недарэчна. Апантаны шахматыст Рубінштэйн прасвідраваў яго халодным позіркам і кінуў: “Так, адразу відаць, як вы цяміце ў плаванні”… Зацягнуўшыся цыгарай, ён прадоўжыў расказ.

– І паколькі ўсё на свеце мае канец, мае дамы і панове, то скончылася і іхняя гульня ў шахматы. Магнат устаў, зашпіліўся на ўсе гузікі, працягнуў дзеду два пальцы і звярнуўся да яго так: “Слухай, Рувім Рубінштэйн, ты мяне разбіў ушчэнт, і я мушу прызнацца, што ты найлепшы шахматыст не толькі ў маёй губерні, а і ва ўсёй імперыі, а можа, і ва ўсім свеце. Я вельмі цешуся, што меў гонар і задавальненне гуляць з найлепшым шахматыстам свету. Будзь пэўны, тваё імя ад сённяшняга дня прагрыміць яшчэ гучней, чым дагэтуль. Я перадам міністрам і далажу пра цябе пры двары…”

Пачуўшы такую мову – “перадам міністрам… далажу пры двары…” – пытаецца дзед: “Хто ж Вы такі, ясны пане?” Рассмяяўся пан, выставіў грудзі ў медалях і адказаў дзеду: “Я – губернатар”… Тут дзеду стала трохі ніякавата; калі б ён ведаў, з кім гуляе, то гуляў бы іначай… Але што было, то было – назад не вернеш! Губернатар вельмі ветліва развітаўся, сеў у тарантас і – “пошел!”

Зразумела, спачатку ўсё мястэчка накінулася на дзеда з пытаннямі: “Хто гэта быў?” А калі стала вядома, што гэта быў губернатар, то людзі здзівіліся яшчэ больш: “Што тут рабіў губернатар?” А калі дзед перадаў ім, што губернатар прыязджаў толькі дзеля шахмат, то людзі тройчы сплюнулі і вылаяліся, а потым сталі разыходзіцца, яшчэ трохі пагаманілі – і забыліся. І дзед таксама забыўся на гэты выпадак, яго галава была ўжо дзесьці ў іншым месцы – ён зноў думаў пра шахматы, а заадно і пра свой заробак. Вядомая справа, яўрэй заўсёды мучаецца, гаруе, шукае, дзе зарабіць на хлеб.

І вось надышоў дзень, мае панове і дамы, – не ведаю, колькі часу прайшло з таго выпадку, ведаю толькі, што гэта сталася напярэдадні свята Пейсах. А на свята ў дзеда не было нічога, нават кавалка мацы жаднага. Дзетак ён меў, каб не сурочыць, многа – аднаму трэба кашуля, другому пара боцікаў – цяжка! І сядзіць ён, бядак, скурчаны ў тры пагібелі, са шкельцам у воку, калупаецца ў маленькім гадзінніку, які чамусьці спыніўся, і думае думку біблійнымі словамі: “Адкуль прыйдзе дапамога?” Раптам расчыняюцца дзверы, уваходзяць двое жандароў і проста да дзеда: “Пажалуйце!”. Яму ў галаву ўдарыла (дзед быў летуценнікам): ці не ад губернатара яны? Дык вось і разгадка – можа, таму вяльможу захацелася зрабіць добрую справу, ашчаслівіць чалавека? Хіба не здаралася, што пан яўрэя асыпаў золатам праз якую-небудзь драбязу, ды так, што заставалася і дзеткам, і дзеткавым дзеткам? Але аказалася, мае дамы і панове, нічога падобнага – яго ласкава просяць прагуляцца, схадзіць… куды б вы думалі? Аж у Пецярбург! А навошта – жандары і самі не ведаюць! Яны кажуць толькі, што атрымалі паперу з Пецярбурга і ў ёй напісана: “неадкладна даставіць яўрэя Рубіна Рубінштэйна ў Санкт-Пецярбург” – пэўна, у гэтым нешта ёсць. “Прызнайся, дзядзька, што за штуку ты выкінуў?” Дзед клянецца, што ён нічагусенькі не ведае, што ён за ўсё жыццё нават мухі на сценцы не забіў, Усё мястэчка, кажа ён, можа за яго паручыцца! Слухаць яго слухаюць, але не чуюць. Вырашылі даставіць яго пешым шляхам, то бок “па этапу” – таму што, калі ў паперы сказана “даставіць”, што гэта можа азначаць, як не этап і ланцугі? І яшчэ сказана “неадкладна” – ясная рэч, чым хутчэй, тым лепей.

І вось, мае дамы і панове, нядоўга разважаючы, узялі жандары майго дзеда, без лішніх цырымоній закулі ў кайданы і разам з усімі злодзеямі накіравалі на сапраўдны этап. А што ў тыя гады ў маскалёў значыла “ісці па этапу”, пра гэта я вам не буду шмат расказваць. Хто не ведае, што не было ні чыгункі, ні шашы, і людзі ў дарозе мерлі як мухі? Больш за палову гінулі, а тыя, хто дабіраўся да месцы прызначэння, былі амаль заўсёды кончанымі калекамі. Аднак, на шчасце, мой дзед быў такой самай камплекцыі, як я: сухі, кашчавы, моцнага целаскладу. Да таго ж ён быў чалавекам разважлівым і пабожным, а да таго ж яшчэ і філосафам. “Чалавек памірае аднаго разу, – казаў ён, – калі яму суджана жыць на зямлі, дык ніхто ў яго жыццё не адбярэ”… Чаму ён так загаварыў пра жыццё і смерць? Таму што адчувалася: справа пахне катаргай, Сібірам ці нават нечым горшым… Ён не толькі развітаўся з жонкай, дзецьмі і ўсім мястэчкам назаўсёды, а і прачытаў малітву на небяспечнае падарожжа і хацеў сказаць спавядальную… яго суцяшалі, усё мястэчка выйшла яго праважаць, як на сапраўдным пахаванні. І слёзы ліліся бясконца, як па нябожчыку.

Перадаць вам, дамы і панове, усё, што дзеду выпала на тым шляху, заняло б у нас не адну ноч, а тры. Часу шкада – лепш выкарыстаць гэты час на гульню ў шахматы… Калі коратка, магу вам сказаць, што цягнуўся шлях усё лета, ад Пейсаха да Кучак, таму што этап дзяліўся на часткі, і на кожным перасыльным пункце арыштантаў трымалі тыдзень, а то і два, пакуль не збіралася цэлая партыя злодзееў і бадзяг, якую гналі далей. І нават калі, пасля шматлікіх пакут і мук, дзед апынуўся ў Санкт-Пецярбургу, вы думаеце, гэта ўжо канец? Памыляецеся! Там майго дзеда ўзялі і кінулі ў “каменны мяшок” – цёмны пакойчык, дзе ні сесці, ні легчы, ні прайсціся, ні пастаяць…

– Пэўна, там добра гуляць у шахматы, – уставіў юнак-жартун.

– І па-дурному жартаваць! – дадаў шахматыст Рубінштэйн і працягнуў: – Там, у “каменным мяшку”, дзед ужо канчаткова развітаўся з жыццём, сказаў на памяць спавядальную малітву… Ён ужо бачыў перад сабою анёла смерці і адчуваў, што той вось-вось забярэ яго душу, яшчэ раней, чым яна акажацца перад Судом, і, праўду кажучы, прыспяшаў гэты момант. У яго заставаўся толькі адзін спадзеў – на мястэчка. Ён быў упэўнены, што мястэчка не будзе маўчаць, што знойдуцца хадайнікі, заможныя яўрэі, якія будуць прасіць, шукаць пратэкцыі, а калі трэба, дадуць хабар, каб выцягнуць бязвіннага яўрэя з бяды, абараніць яго ад паклёпу… І дзед не памыліўся, мае панове і дамы – ад першага дня, калі яго забралі, і цягам усяго лета мястэчка рупілася аб яго вызваленні! Наймалі адвакатаў, шукалі пратэкцыі, давалі хабар – проста сыпалі грашыма, але ніякія высілкі “ў імя Ізраіля” не дапамагалі. Грошы хадайнікі бралі, але казалі, што нічога зрабіць для дзеда нельга, і з разумным выглядам тлумачылі, чаму. Прыкладна так тлумачылі: “Злодзея ці іншага злачынцу можна лёгка вызваліць, калі маеш грошы. Чаму? Таму што мы ведаем, што той злодзей скраў пару коней, а той злачынца падпаліў дом. Але з такім чалавекам, як Рубінштэйн, нічога падобнага – хто ведае, якое злачынства ён здзейсніў? Можа, палітычнае, і тады ён “палітычны злачынца”? А гэткі тып ва ўсе гады лічыўся горшым, чым бандыт, які зарэзаў усю губерню!.. Ісці прасіць за “палітыка” – гэта ўжо небяспечна!… Слова “палітычны” значыць, што “наверсе” сочаць за справай, яе не замнеш паціху… А як Рувім Рубінштэйн мог стацца “палітычным”? Ну як жа – яўрэй-летуценнік, філосаф!..”

Аднак, мае панове і дамы, усё на свеце мае канец. Прыйшоў дзень, калі дзверы турмы адчыніліся і двое жандароў, узброеныя з галавы да пятак, узялі майго ўжо ледзь жывога дзеда, пасадзілі яго ў карэту і – “пошёл!”, куды б вы думалі? Ён нічога не пытаўся. Едзем у суд? – няхай будзе суд. На эшафот? – хай на эшафот, абы ўсё скончылася!… І мой дзед ужо ўяўляў сабе, як стаіць перад судом – быццам яго прывезлі ў Сенат і кажуць: “Рувім Рубінштэйн! Прызнавайся ва ўсім!” І ён адказвае Сенату: “Прызнаюся, што я бедны яўрэй, майстар гадзіннікаў, і жыву сумленнай працай сваіх рук, нікога не абкрадаў, не падманваў, не абражаў, і Бог сведка, а калі вы хочаце караць мяне, карайце, але лепш ужо адразу забярыце душу, яна ў вашых руках!” Так у думках дзед размаўляў з Сенатам, а карэта тым часам пад’ехала да камяніцы, дзеду кажуць вылазіць – і ён вылазіць. І яго вядуць у адзін пакой, потым у другі, і кажуць яму распрануцца да кашулі! Ён не разумее, навошта, але раз жандар сказаў, нельга ўпарціцца… Пасля гэтага яму кажуць (мае дамы і панове, тысячу разоў прашу прабачэння) зняць і кашулю. Здымае ён і кашулю, і тады яго вядуць у лазню. Але ж гэта была лазня на ўсе сто! Яго там і мылі, і церлі, і паласкалі. Потым кажуць яму апранацца і едуць з ім далей – едуць, едуць… Дзед думае сабе: “Уладар сусвету! Што ж са мною будзе?”… І ён спрабуе ўспомніць апавяданні, якія некалі чытаў, пра Іспанію і Партугалію, і не можа ўспомніць, дзе чытаў пра такое, што перш чым адправіць злачынцу на эшафот, яго вядуць у лазню… А пакуль ён думае гэткія думкі, карэта пад’язджае да дома з жалезнай агароджай і пазалочанымі зверху пруткамі, а наверсе кожнага з пруткоў – арлы. І вядуць яго міма генералаў з залатымі эпалетамі ды медалямі і кажуць нічога не палохацца, кажуць, што яго прадставяць цару, і каб ён глядзеў прама, нічога лішняга не казаў, ні на што не жаліўся і адказваў на царскае “так” – “так”, на “не” – “не”. І вось, пакуль дзед прыходзіў у сябе, яго прывялі ў прыгожую залу з багатымі карцінамі і залатымі крэсламі, а проста перад ім стаў высокі чалавек з бакенбардамі… Чалавек з бакенбардамі (гэта быў цар Мікалай I) уперыўся ў дзеда позіркам і паміж імі адбылася такая гаворка:

Цар: Як цябе зваць?

Дзед Рубінштэйн: Рувім Рубінштэйн, сын Шолема.

Цар: Колькі табе гадоў?

Дзед Рубінштэйн: 57.

Цар: Дзе ты навучыўся гуляць у шахматы?

Дзед Рубінштэйн: Гэтая навука ў нас перадаецца ў спадчыну.

Цар: Кажуць, што ты першы шахматыст у маёй зямлі.

На гэта дзед хацеў адказаць: “Лепш бы я не быў першым шахматыстам у тваёй зямлі”… Верагодна, цар запытаўся б: “Чаму?” Тады б ужо дзед выклаў, што не так трэба абыходзіцца са знакамітым шахматыстам, якога хоча бачыць цар… Дзед Рубінштэйн ужо гатовы быў усё выкласці! Але цар махнуў рукою, генералы адцяснілі дзеда, і тыя самыя жандары, якія суправаджалі яго ў царскую рэзідэнцыю, выштурхалі дзеда на вуліцу. Яму сказалі, што ён мусіць неадкладна ехаць дадому, бо ў горадзе заставацца забаронена… Як ён дабраўся дадому – не пытайцеся; галоўнае, што дабраўся жывы. І прыбыў ён дахаты акурат на восеньскае свята Кучак, дамы і панове! Я скончыў…

 

Пераклаў з ідыша Вольф Рубінчык

Ад перакладчыка. Шолам-Алейхем (Шолам Якаў Рабіновіч) – адзін з заснавальнікаў новай яўрэйскай літаратуры на мове ідыш. Нарадзіўся 02.03.1859 ва Украіне, у пачатку XX ст. не раз бываў у Беларусі. Памёр у ЗША 13.05.1916. Апавяданне, якое прапануецца ніжэй, належыць да “касрылаўскага” цыклу Шолам-Алейхема і датуецца 1915 г. – годам, калі ў свеце ўжо набыло шырокую вядомасць імя Акібы Рубінштэйна. Гісторыя пра “шахматыста Рубінштэйна” пад назвай “Чемпион по шахматам” у скароце друкавалася ў часопісе “Шахматы в СССР” № 3, 1959 г. – у перакладзе на рускую мову А. Бялова. На беларускую мову апавяданне было перакладзена ў 2009 г., да 150-годдзя пісьменніка, і надрукавана ў лунінецкім бюлетэні “Альбино плюс” (спецвыпуск № 10).

Цікава, што ў «Шахматной еврейской энциклопедии», апрача Акібы, згадваюцца яшчэ пяцёра Рубінштэйнаў: Сімон (1910-1942), які нарадзіўся ў Львове, быў віцэ-чэмпіёнам Вены, загінуў у канцлагеры; Саламон (1868, Польшча – 1931, Лос-Анджэлес), нацыянальны майстар, з 1915 г. жыў у ЗША; Сэмі (1927, Антверпен – 2002, Брусэль), нацыянальны майстар, сын Акібы Рубінштэйна; Хасэ (1940, Вілья-Мартэльі – 1996, тамсама), міжнародны арбітр, арганізатар турніраў у Аргенціне; Эмануіл (1897, Кракаў – ?), яшчэ адзін нац. майстар, прызёр у чэмпіянаце роднага горада (1938). Вось ужо сапраўды шахматнае прозвішча…

Шолом_Алейхем        Акиба_Рубинштейн

Савецкая паштовая марка 1959 г. і кніга, якая выйшла ў Расіі ў 2011 г.

***

Русский перевод А. Белова можно прочесть в журнале “Шахматы в СССР” № 3, 1959 г. на стр. 88-89 (26-27 листы) 

Апублiкавана 13 мая 2016 0:21