В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (13)

За 9 месяцаў дапаўзлі мы паціху да 13-й серыі… Калі ж, як не на «чортавым тузіне», звярнуцца да брыдкіх непрыемных з’яў нашай рэчаіснасці?

Не ведаю, чым кіравалася знаная культуралагіня, рыхтуючы матэрыял пра антысемітызм у СССР для аднаго з буйнейшых парталаў Беларусі. Магчыма, шчыра жадала, каб прагучалі «галасы эпохі». Яны-та прагучалі, але неяк не надта пераканаўча – без выхаду ў цяпершчыну, адрозна ад галасоў ізраільцаў у нядаўнім цыкле той жа аўтаркі. Да таго ж карціна жыцця яўрэяў у Савецкім Саюзе выйшла… ну, скажам, непазбежна аднабаковая. Без гіпербалізацыі не абышлося, напрыклад, тут: «Яўрэйскі антыфашысцкі камітэт пакаралі смерцю цалкам (за выключэннем акадэміка Ліны Штэрн)». Вікіпедыя сведчыць, што «пасля вайны членамі Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта былі 70 чалавек… Іх працу забяспечвалі 18 штатных супрацоўнікаў апарата». Тая ж крыніца кажа, што расстраляны былі 23 чалавекі і 6 памерлі ў час следства. Усё ж ацалела не адна Л. Штэрн…

Імаверна, публікацыя разглядалася і як зандаж грамадскай думкі – нармальных сацыялагічных доследаў, дзе задаваліся б «нязручныя» пытанні (такія, што могуць падарваць вобраз сінявокай краіны, мілай для ўсіх) у Беларусі амаль не ладзіцца. Калі ж яны і ладзяцца, то іх вынікі маладаступныя для шырокай публікі.

Колькасць «лайкаў» і «дыслайкаў» у каментах да артыкула Ю. Чарняўскай «Евреи, евреи, кругом одни евреи…» – па стане на вечар 08.05.2016 яго прачыталі больш за 10000 чалавек – ускосна гаворыць пра настроі «звычайных беларусаў». Так, пераважная большасць (+68-2) падтрымала рэпліку «А цяпер муслімы, муслімы, вакол адны муслімы». З чаго можна зрабіць папярэднюю выснову: у бліжэйшы час ісламафобія будзе ў Беларусі мацнейшай за юдафобію.

Атрымалі падтрымку, хоць і не такую істотную, тэзісы аб тым, што «яўрэі, дзе б яны ні працавалі, ПРАСОЎВАЮЦЬ і БЯРУЦЬ на РАБОТУ толькі сваіх – ЯЎРЭЯЎ… Сёння яны займаюць амаль усе кіроўныя пасады ў дзяржавы, а апараты адміністрацыі, саўміна амаль поўнасцю складаюцца з богамабранай нацыі. Амаль другі Ізраіль» (+11-5); «нікуды яны не з’ехалі, дагэтуль сядзяць тут на кіруючых пасадах» (+35-15). І ў побыце я не раз сутыкаўся з думкай, што ў беларускай «эліце» замнога яўрэяў. Падобна, гэтая думка аднекуль «зверху» і спускаецца, тым болей што прозвішчы Шапіра ды Якубовіч сапраўды на слыху. Раней важныя ролі ў адміністрацыі Лукашэнкі гралі Абрамовіч, Шэйман, і якая абывацелям розніца, што гэтыя людзі не маюць дачынення да нашага народу? Прозвішчы ж «падобныя». Напэўна, так «купіўся» і паэт Н., «светач беларускай дэмакратыі», які шчэ год таму аб’явіў польскаму тэлеканалу, што «нашым войскам кіруюць расейцы, а сілавымі структурамі – жыды». Заява засталася без наступстваў для Н. – канал перапісаў скандальную цытату на сваім сайце, а «незалежныя» СМІ вырашылі зрабіць выгляд, што нічога не здарылася.

Падлівае масла ў агонь недалёкі «сусветны яўрэйскі партал», дзе ўсім прапануецца шукаць адпаведныя карані: «Таксама яўрэйскімі будуць прозвішчы з назвамі жывёлаў і прафесій: Дрозд, Скляраў. Калі Вашага дзеда звалі Якаў, Барыс, Ісак, Іосіф, Сямён, то, хутчэй за ўсё, ён таксама быў яўрэй». Ісак Ньютан і Іосіф Джугашвілі нервова кураць бамбук на тым свеце. І сее ж гэткую бздуру не прыватная асоба, а прадстаўнік «прагрэсіўнага іўдаізму»…

Ідэя «засілля яўрэяў» у сённяшняй Беларусі, зважаючы на каменты, усё ж не такая папулярная (нават дурні разумеюць, што нас тут ужо вельмі мала), як меркаванне аб тым, што рэвалюцыю 1917 г. зрабілі яўрэі для саміх сябе. «Абедзве рэвалюцыі ў Расіі былі справай рук пераважна яўрэяў», каментуе нехта (+28-8). «У першым савецкім палітбюро з 12 чалавек толькі адзін не быў яўрэем па пашпарце – як ні дзіўна, Луначарскі», піша нейкі Уладзімір Кандраценка і збірае масавыя «апладысменты» (+42-3). Такой бяды, што наркам асветы Луначарскі ў Палітбюро (дзе рэй вялі Ленін і Сталін) і не ўваходзіў ніколі…

Cпекуляцыі наконт ролі яўрэяў у пачатку ХХ ст. пачаліся не сёння: cпробы вытлумачыць паслярэвалюцыйныя беды змовай масонаў, сіяністаў і г. д. рабіліся ў познім СССР. Ю. Чарняўская чамусьці вырашыла зрабіць «тварам» плыні, з якой вырасла таварыства «Памяць», мастака Глазунова, хоць хапала ў 1980-х больш злосных блытанікаў. Цяпер у РБ выходзяць вучэбныя выданні, дзе названыя спекуляцыі так ці іначай маюць месца, і гэта, бадай, значна горш ад маечкі з парадыйным надпісам «Holocoste», на якую tut.by абрынуўся ў лютым.

Раскажу пра адзін «вучэбны дапаможнік» «Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў – па 2008 год». Ён выйшаў у 2009 г. і адразу мне ў рукі не трапіў, бо ў 2009-2011 гг. я быў заняты «пранікненнем ва ўладу» цягаў жыхарам г. Мінска газеты і пісьмы. Ну, сёлета пазнаёміўся-такі з творам Я. Новіка, І. Качалава, Н. Новік. Асноўны аўтар – першы, ён жа і рэдактар (доктар навук, ВАКавец і г. д.). У савецкую эпоху – пясняр Ленінскага камсамола, у лукашэнскую «праславіўся» тым, што выгнаў з працы выкладчыка па палітычных матывах. У кнізе пра гісторыю Беларусі не адну старонку (с. 291-293) аддаў на канцэпцыю сіянісцка-масонскай змовы як рухавіка рэвалюцый 1917 г…

Хоць у дапаможніку ад выдавецтва «Вышэйшая школа» гэтая канцэпцыя і аспрэчваецца (словамі нябожчыка Вадзіма Кожынава), аўтары настойліва прасоўваюць думку пра адказнасць яўрэяў за свае і чужыя беды: «менавіта непрапарцыйны ўдзел яўрэяў у органах улады і кіравання нараджаў у краіне антысеміцкія настроі, аб чым з горыччу і не аднойчы гаварыў Л. Д. Троцкі». Падкрэсліваецца, што сярод кіраўнікоў НКУС у 1935 г. «больш за палову складалі яўрэі», а ў 1937-м «на пасаду начальніка палітупра замест яўрэя Я. Гамарніка быў прызначаны член яўрэйскай нацыянальнай партыі “Рабочыя Сіона” Л. З. Мехліс». Так і бачацца сіяністы, што падабраліся да «чырвонай кнопкі»… Насамрэч Леў Мехліс належаў да «Паалей-Цыёна» толькі ў ранняй маладосці (1907-1910 гг.), а пасля 1918 г. быў фанатычным бальшавіком, які мала дбаў пра сваё яўрэйства.

Пасля Другой сусветнай барацьба з «касмапалітызмам, ці нізкапаклонствам перад Захадам», калі верыць Новіку і кумпаніі, не мела ў БССР антыяўрэйскага аспекту. Сярод пацярпелых ад рэпрэсій названы толькі акадэмік Жэбрак, наркам асветы Саевіч, пісьменнікі Дубоўка, Грахоўскі, Александровіч.

У прынцыпе, пазіцыя аўтарскага калектыва ясная: Беларусь развівалася-развівалася і пры Лукашэнку нарэшце стала «грамадствам сацыяльнай справядлівасці». Напэўна, дзеля гэтай самай справядлівасці нам-такі кінулі падачку, напісаўшы ў раздзеле пра «нацменаў» (с. 485): «Значнай падзеяй у жыцці беларускіх яўрэяў стала стварэнне ў 1998 г. Цэнтра яўрэйскай культуры, які ўспрымаецца як цэнтр адраджэння нацыянальнай культуры з адпаведнымі атрыбутамі (рэстаран нацыянальнай кухні, магазін кашэрных прадуктаў і прадметаў рэлігійнага культу, курсы па вывучэнні іўрыта, гісторыі і традыцый яўрэйскага народа». Вось толькі не адкрывалася ў тым годзе на Беларусі ніякага Цэнтра з рэстаранам і крамай – яго і ў 2016-м няма 🙁

Ёсць затое меркаванне, што ў беларускай сталіцы яўрэем цяпер быць модна. Некалі мінскі, а цяпер нью-ёркскі ідыш-клезмер Зміцер Сляповіч засумняваўся ва ўнікальнасці яўрэяў: «Так, яўрэйскі кампанент даўно і трывала ўвайшоў у беларускую культуру, але ў жывым і натуральным выглядзе ні той, ні другой ужо няма. Гэтак сама і беларусам быць модна. Небяспечна, але модна. Акурат як яўрэем. Проста ёсць асобныя людзі – іх дужа мала – якім сумна і крыўдна, калі нічога не адбываецца». І я схільны з ім пагадзіцца.

Зразумела, што сутыкаўся сп. Сляповіч у «каляпатрыятычных колах» з ідэямі кшталту «Беларусь – для [этнічных] беларусаў». «Гэта фашызм! Гэта гульні ў салдацікаў людзей, якія не сфармаваліся, як асобы, якія не адказныя ані за сваю сям’ю, ані за сваю зямлю, ані за свой народ! Калі я ўпершыню такое пачуў, то падумаў: “Ды нашто мне гэта ўсё трэба?!”» –выгукнуў ён у інтэрв’ю. Можа, таму цяпер і прапагандуе беларушчыну пераважна ў ЗША…

Не здзівілі мяне расповеды пра тое, што выдатнаму беларускаму мовазнаўцу Змітру Саўку (1965-2016, меў «семіцкую» знешнасць) яшчэ ў 1980-х «на нацыянальных тусоўках нехта старэйшы ў вышыванцы запраста казаў, бліскаючы дзіўным радасным шалам уваччу: ой, а ты што тут робіш, ідзі ты, братка, адсюль… Чаму і ён размаўляе па-беларуску? Ён дыскрэдытуе наш рух!..» І пазней у гэтых «тусоўках» трапляліся розныя… Алесь А., таксама доктар навук, быў адным з лідараў БНФ да пачатку 2000-х і пазней аставаўся «аўтарытэтам» нацыянальнага руху, асабліва на Гарадзеншчыне. У канцы красавіка 2016 г. на сваім сайце дапісаўся да таго, што «габрэі, якія 600 гадоў карысталіся гасьціннасьцю беларускага народу – мірным жыцьцём на нашай зямлі (перад гэтым зьведаўшы шмат разоў пагромы ды татальныя выгнаньні з боку іншых еўрапейскіх народаў), дасёньня так і не наважыліся паўдзячыць нам — дапамагчы беларусам пазбавіцца ад этнацыднай прамаскоўскай дыктатуры. Хаця маглі б… (дарэчы, калі ацаніць гасьцяваньне габрэяў на нашай зямлі па самым мізэрным кошце (усяго толькі ў 100 мільёнаў даляраў за год) і выразіць гэты кошт у золаце па яго сёньняшнім курсе (40 $ за 1 гр. – 40.000.000 $ за 1 тону), атрымаецца, што габрэйскі народ вінны беларускаму народу 600х100.000.000 / 40х1000.000 = 1500 тон золата!)» No comments. Хіба што прывяду цытату з Лявона Баршчэўскага (svaboda.org, 2014 г.): «Алесь… – адна з самых сьветлых галоў у сёньняшняй Горадні». Праўда, гэта было сказана быццам бы ў суцяшэнне, пасля таго, як А. зволілі з універсітэта (дапускаю, што несправядліва).

У свой час прафесійныя «змагары з антысемітызмам» любілі разважаць пра тое, што ён сілкуецца перадусім «з Масквы». Жыццё паказвае, што ёсць уплывы і з Польшчы, і з Украіны, дый ці мала дамарослых юдафобаў? Баюся, што рэцэпты, якія я выпісваў 13 год таму ў «Мы яшчэ тут!» («Осторожно, “Неман”!»), ужо наўрад ці дзейсныя, і нічога маштабнага раіць не стану. Спадзяюся, усё яшчэ актуальныя думкі Уладзіміра Караткевіча («Галоўнае ў нашым характары — гасціннасць добрага да добрых») і Паўла Севярынца («Беларусы ўнікаюць любое рэзкасьці, катэгарычнасьці, радыкалізму»). Усё ж і ў каментах да артыкула Ю. Чарняўскай на tut.by меркаванне «Юдафобія… Гэта сумотна, як і любая іншая нацысцкая праява. Нельга ненавідзець людзей толькі за тое, што яны такімі нарадзіліся» сабрало куды больш «плюсоў», ніж «мінусаў» (+48-24). Неанацызм не пройдзе! (?)

«Пройдзе», хутчэй за ўсё, Астравецкая АЭС, менеджары якой не знайшлі нічога лепшага, як перакласці дакументы для літоўскіх партнёраў праз «гугл-транслэйт» натуральна, з процьмай памылак. Што нямала гаворыць пра якасць будоўлі і будучую бяспеку ўсяго рэгіёна… Зрэшты, у РБ з этыкай працы почасту праблемы. Не кажу, што сам ідэал, але нядаўна натрапіў на «пераклад» вядомага нарыса Змітрака Бядулі на рускую. За пераклад узяла на сябе адказнасць «цэлая дацэнтка» акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ, вядучая навуковая супрацоўніца, вучоная сакратарка і г. д. – а ўражанне, што тупы комп рабіў… Поўны абзац: «Взять еврейских писателей из Беларуси – то в их произведениях всегда чувствуется белорусская природа – «родные образы». Больше всех это выражается в произведениях еврейского классика Абрамовича (МэндэлеМойхэрСфорым) из Копыля». Асабліва «пашанцавала» яўрэйскаму класіку, прадстаўленаму ў рускамоўных даведніках як Менделе Мойхер-Сфорим… (часам Мохер Сфарим).

* * *

І ўсё ж завяршу гэтую серыю на «аптымістычнай спартыўнай ноце». У мінскіх крамах зноў паказаўся «Шалом»… не, не раман Артура Клінава, а алей з Бабруйска (сертыфікат кашэрнасці № 1404).

13-1  13-2  Klinov_Shalom

Зусім скора ў горадзе з’явіцца і «Арава»… не, не антырэўматычны прэпарат, а гурт ізраільскіх музыкаў, якія 11 траўня дадуць канцэрт у аднэй з гімназій ды застануцца ў Беларусі на Ём-Ацмаут. Тым часам 6 траўня ў Рышане прайшоў Сабантуй, прысвечаны 10-годдзю Татарскага культурнага цэнтра ў Ізраілі. Татары, ша… лом-алэйхем! Башкіры, ша… лом-алэйхем!

Вольф Рубінчык

г. Мінск, 10.05.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10 мая 2016