В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (9)

У беларуска-ізраільскіх адносінах – адноснае зацішша. Тэлевядучы з БТ згойсаў у Ізраіль па халяўнай праграме «Тагліт» і расказаў гаспадарам, што ў Беларусі «ідэальна чыста» – вучыцеся, пацаны! Святлана Алексіевіч на лекцыі ў Тэль-Авіве (7 лютага) зноў і зноў паўтарала свае мантры. Бібі з урадавага мястэчка, чухаючы палыселую патыліцу, чытае Сары нанач пісьмы «за» і «супраць» ліквідацыі пасольства ў Мінску. Тым часам выхадцы з сінявокай у Зямлі Абяцанай шамэраць, мэтапэляць, нікаёняць, пякуць мацу, ходзяць на рынкі, у сінагогі і бардэлі (а некаторыя, як Бора Ш., нават запісваюць альбомы з музычнымі трэкамі, якія няможна слухаць без навушнікаў) ды паплёўваюць на існаванне самой «праблемы пасольства». Як вядома, у жніўні 2003 г. у Іерусаліме адбылася дэманстрацыя (мітынг?) супраць рашэння ўраду Шарыка Арона… пардон, Арыка Шарона. Нагадаю аб гумарной справаздачы аднаго з арганізатараў, Пекера Гены. Яе і цяпер можна знайсці на форуме Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі, даю ў перакладзе з пэўнымі скаротамі:

 

Было каля 200 чалавек – чалавек 150 на месцы правядзення і чалавек 50 спрабавалі нас знайсці. Знайшлі самыя настойлівыя, у т. л. Элі Валк, я, Міхаілы Левіт і Хейфец, Лідзія Ратнер і інш. Дэманстрацыя заказвалася насупраць канцылярыі кіраўніка ўраду, побач з Садам Руж, але гэтае месца саступілі больш апантаным, па-мойму, друзам. А нас, як людзей інтэлігентных, адправілі па дыяганалі… бліжэй да Яўрэйскага ўніверсітэта. На нас глядзелі зацемненыя вокны будынка, як нехта з’едліва заўважыў, напэўна, туалеты 🙂

Агулам мітынг удаўся. Выступала кіраўніцтва аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі ў асобе Льва Зусмановіча і Міхаіла Альшанскага пад ухвальныя воклічы з натоўпу… Не было ніводнага прадстаўніка ні ад кіраўніка ўраду, ні ад міністэрства фінансаў і МЗС. Чуліся заклікі падтрымліваць на выбарах толькі тых, хто нам дапамагае. Прыводзіліся лічбы: 170 тыс. выхадцаў з Беларусі тут і 70 тыс. яўрэяў у Беларусі. Успаміналіся імёны выхадцаў з Беларусі з былога і цяперашняга кіраўніцтва Ізраіля, уключаючы беларускія карані Арыэля Шарона.

Не застаўся без слова Элі Валк, першы пасол Ізраіля ў Беларусі. Заклікаў цвяроза глядзець на рэчы, асудзіў крыкі пра генацыд, расказаў пра сваю працу на пасадзе пасла, калі пачынаў з пакоя на 8-м паверсе і дайшоў да памяшкання 400 метраў з 20 супрацоўнікамі, гаварыў пра важнасць існавання пасольства ў Рэспубліцы Беларусь пры цяперашнім аўтарытарным рэжыме. Казаў, што важна назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі, знутры, і не кідаць на волю лёсу яўрэйскую абшчыну Беларусі.

І, вядома, рэй вяла Марына Салодкіна, адзіная з членаў Кнэсета, хто прысутнічаў на нашым мітынгу. Яна прамаўляла самавіта і па сутнасці, а сонца было ў зеніце, таму міласэрныя пенсіянеры то давалі ёй парасон для абароны ад сонца, то забіралі назад. Паведаміла нам, што так гэтага не пакіне, што яе канцылярыя ўжо адправіла пісьмы Арыэлю Шарону, Бібі Нетаньягу і Сільвану Шалому… У фінале сваёй прамовы М. Салодкіна заклікала стварыць камітэт барацьбы супраць закрыцця пасольства і слаць пісьмы, не саромеючыся, па-руску, проста на адрас: Іерусалім, канцылярыя галавы ўраду, Арыэлю Шарону.

Таксама выступалі старшыні аддзяленняў аб’яднання ў Ашдодзе і Рышон ле-Цыёне Ісаак Цфасман, Эдуард Фрыдман… А потым народ, стомлены сонцам, перайшоў у цень у чаканні аўтобусаў, дзе прадоўжыў вяшчаць Элі Валк, а там яго за гэтым заняткам фатаграфаваў Міхаіл Левіт. Спадзяюся змясціць тут фота з мітынгу, якія мне абяцаў пераслаць на e-maіl Барыс Беразоўскі з Петах-Тыквы, гаспадар рускай лазні (а я думаў, ён у Лондане 😀 ))

 

Справаздача навявае лёгкую настальгію. Некаторых ужо няма (Шарон, Салодкіна…), а некаторыя адышлі ад грамадскіх спраў. Б. Беразоўскі пасля 20 ізраільскіх гадоў вярнуўся ў Мінск і замест лазні адкрыў на вул. Суражскай фалафель-бар – «першы яўрэйскі фаст-фуд». Не ўсе водгукі аднолькава пазітыўныя, скажам асцярожна, і з «сецівам фалафельных» пакуль не надта атрымліваецца… Ды добра ўжо тое, што бізнэсовец не паўтарыў лёс свайго поўнага цёзкі. М. Альшанскі кіруе Аб’яднаннем ужо звыш 10 год (пасля смерці Л. Зусмановіча), і я сумняюся, што ў 2016 г. гэтая суполка здольна выставіць на мітынг нават трыццаць трох багатыроў, а не тое што 200.

У гэтыя лютаўскія дні згадаў яшчэ адзін гістарычны факт: акурат паўстагоддзя таму ў Маскве ішоў «працэс Сіняўскага-Даніэля». У чэрвені 1991 г. мы, група беларускіх шахматыстаў, вярталіся з турніру ў балгарскай Албэне. Балгарыя пачала аджываць пасля Жыўкава, але везці з яе асабліва не было чаго, і я купляў кнігі, made in the USSR. У кнігарнях іх чамусьці было шмат, у тым ліку і такіх, якія ў Мінску трапляліся рэдка. Можна было плаціць левамі, зыходзячы з цаны, пазначанай на вокладцы ў рублях: так я набыў зборнік Яўгена Замяціна «Мы» (1990 г. выдання, 5 леваў), «Цану метафары» (1989 г., 2 левы 70 стацінак) – так-так, гэтую самую, толькі ў чорным пераплёце… Апошняя кніга – зборнік матэрыялаў пра вышэйзгаданы працэс 1966 г., дапоўнены творамі асуджаных – і цяпер стаіць у мяне на паліцы, час ад часу ў яе зазіраю. Упершыню ж я прачытаў яе недзе пад Русе і быў уражаны тым, што нядаўна, не ў сталінскі час, людзей адпраўлялі ў турмы-лагеры за літаратуру. А яшчэ ўразіўся – і захапіўся, як можа захапіцца 14-гадовы падлетак – тым, што аўтары, Мікалай Аржак (Даніэль) і Абрам Тэрц (Сіняўскі) не абміналі тэму сэксу.

Cпадчына Сіняўскага, на мой густ, перанасычана моўнымі выкрунтасамі – творы Даніэля «ўстаўляюць» лепей. Асабліва спадабалася мне кароткая антыўтопія «Гаворыць Масква» пра «Дзень адкрытых забойстваў», нібыта аб’яўлены ў СССР 1960 г. паводле «Указу Вярхоўнага Савета». Адны ўхваляюць, іншыя хаваюцца… Галоўны герой Карцаў (!) спрабуе абараніць хоць кагосьці, хоць сваю душу – і атрымлівае перамогу. Жора Оруэл адпачывае.

За сваю «антысавецкую» сацыяльную фантастыку Даніэль у 1966 г. атрымаў 5 гадоў зняволення, Сіняўскі – 7. Рэабілітавалі іх толькі ў 1991 г. Ускосна пацярпеў ад працэсу і Алесь Адамовіч, які не падпісаў калектыўны зварот з ухвалай прысуду.

Daniel_Sinauski

Злева – Ю. Даніэль, справа – А. Сіняўскі. images.myshared.ru

Калі не памыляюся, то «Гаворыць Масква» на беларускую не перакладалася – а шкада, бо для нашых палясцін аповесць актуальная. Працытую хіба аўтарскі пасыл з перадапошняга абзаца: «Я іду і кажу сабе: “Гэта – твой свет, тваё жыццё, і ты – клетка, часціна яго. Ты не павінен дазваляць запалохаць сябе, і праз гэта – ты ў адказе за іншых”». Многа ў нас і «левых мастакоў», якія, будзь заўтра абвешчаны Дзень педэраста, адразу возьмуцца за пэндзлі і будуць «паказваць рост гомасексуалізму ў параўнанні з 1913 годам». Аднаму такому «народнаму мастаку Беларусі», які ў 1970-х лісліва множыў партрэты Касыгіна і Суслава, летась з нагоды юбілею зрабілі выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі. Ён стары, аднак хапае маладзейшых, хрыбціна ў якіх не менш гнуткая.

Не тое каб я пільна сачыў за кар’ерай свайго раўналетка Г., з якім на рубяжы стагоддзяў вучыўся ў аспірантуры… Тым не менш ад рэха яго бурапеннай дзейнасці цяжка было схавацца. То ён нахваліць Мураўёва-вешальніка («таленавітага адміністратара») і спляжыць Кастуся Каліноўскага, то ў 2012 г. раскажа ўсяму свету, што скіду цацак на Беларусь з самалёта не было – ён прымроіўся відавочцам… У пачатку лютага «актывіста» прызначылі ажно дэканам філасофскага факультэта вядучай ВНУ краіны… Прызначэнне мяне не здзівіла, бо раней дэмагог без журналісцкай адукацыі ўжо кіраваў часопісам адміністрацыі прэзідэнта. Хочацца верыць, што выкладчыкі-яўрэі не пацерпяць ад гэтага «ісцінна рускага чалавека» і працэнтная норма для студэнтаў не будзе ўведзена.

У 2000-м Г. казаў мне, што кінуў бы на Ізраіль атамную бомбу, пасля чаго я перастаў з ім вітацца. Аднак… думаю, за 16 гадоў ён «паабцёрся» і прыцішыў сваю юдафобію (як у Высоцкага: «он малость покрякал, клыки свои спрятал…»). Прынамсі я бачыў яго інтэрв’ю з П. Якубовічам, дый з паэтам Н. Гальпяровічам, здаецца, змагар з сіянізмам паразумеўся. Часам нават выступае на літаратурнай беларускай мове і – дзіва! – не запісвае яе ў прыдумкі «ворагаў Расіі».

Павел Севярынец, развіваючы думкі Уладзіміра Караткевіча пра рахманасць нашых суайчыннікаў, пісаў так: «Беларусы ўнікаюць любое рэзкасьці, катэгарычнасьці, радыкалізму… беларус-фанатык – гэта проста нонсэнс». Можа, Павел і перабольшваў, але насамрэч, некаторым яўрэям не зашкодзіла б падвучыцца талерантнасці ў беларусаў…

Пакрысе дастае ўжо фанатызм публіцыста Н., «найвялікшага абаронцы» светлага імя Машы Брускінай. Калі коратка: не адно дзесяцігоддзе яўрэі Беларусі дабіваліся, каб «невядомая» стала вядомай. У кастрычніку 2001 г. маладафронтаўцы, Якаў Гутман і аз грэшны спрабавалі наладзіць шэсце з той жа мэтай (было разагнана АМАПам). 29 лютага 2008 г. Мінгарвыканкам нарэшце прыняў рашэнне аб тым, што дзяўчыну, павешаную 26 кастрычніка 1941 г. ля дрожджавага заводу ў Мінску, трэба лічыць Марыяй Барысаўнай Брускінай. Улетку 2008 г. на месцы забойства з’явілася мемарыяльная шыльда з папраўленым тэкстам. Яшчэ ў маі начальнік Беларусі назваў Брускіну сярод герояў мінскага падполля, калі віншаваў Ізраіль з 60-годдзем; у кастрычніку 2008 г. ён зноў згадаў Машу ў сваім выступе, надрукаваным паўмільённым накладам. Усе гэтыя факты даступныя ў сеціве, аднак Н., як той партызан з анекдота, «пускае цягнікі пад адхон» і праз гады па сканчэнні «вайны». Аказваецца, у 2015 г. ля прозвішча Брускінай у адным з беларускіх музеяў стаяў пытальнік! Калі ж ён, Н., звярнуўся да кіраўніцтва музея з прэтэнзіяй, то фота павешаных 26 кастрычніка 1941 г. увогуле знікла з экспазіцыі.

У канцы 2015 – пачатку 2016 гг. была арганізавана цэлая транскантынентальная кампанія са зваротамі ў міністэрства культуры Беларусі, да Лукашэнкі і г. д. – пад кангеніяльным слоганам «Замоўчваюць. Падтасоўваюць. Хлусяць». Жыхар Германіі Н., ізраільцянін Т., амерыканец М. даюць дыхту беларускім навукоўцам (напрыклад, доктару гістарычных навук Аляксею Літвіну) і чыноўнікам з мінкультуры, якія дагэтуль сумняюцца ў тым, што на здымку 1941 г. – іменна Брускіна. Папракаюць «скептыкаў» у непрафесіяналізме і антысемітызме.

На мой дылетанцкі одум, не варта было кідацца абвінавачваннямі. Існуюць довады як «за Брускіну», так і на карысць прыхільнікаў альтэрнатыўных версій. Асабіста я веру, што Заір Азгур і яшчэ два дзясяткі сведкаў мелі рацыю, калі пад канец 1960-х прызналі ў дзяўчыне з фота Машу. Мяне задавальняе, што ў Мінску ёсць прынамсі два месцы, дзе яе імя ўвекавечылі (вул. Кастрычніцкая і вул. В. Харужай – абодва ў цэнтры горада); не бачу неабходнасці «праз Лукашэнку» навязваць гісторыкам з Акадэміі навук і БДУ пазіцыю, якой яны не падзяляюць. Ведаю, што А. Літвін – навуковы кіраўнік дысертацыі пра яўрэяў Пінска, які ў 2010 г. падтрымаў намаганні па мемарыялізацыі «мазырскай Масады» – сумленны спецыяліст, далёкі ад антысемітызму. Нават калі ён памыляецца ў канкрэтным выпадку з Брускінай, жыццё расставіць усё па сваіх месцах.

Што тычыць Н. і яго прыяцеляў… Міжволі мяркуеш – іх бы энергію ды ў мірных мэтах. Колькі ў Беларусі нявырашаных праблем – і, умоўна кажучы, «яўрэйскіх» (не раз пісаў пра тое, што трэба дабівацца, каб урад РБ выканаў сваю абяцанку ды ўвекавечыў памяць Саламона Міхоэлса), і шырэйшых. Аднак 4 лютага 2016 г. іерусалімец Т. горда адпавёў наведвальніку newswe.com: «Вы спрабуеце ўцягнуць нас, замежнікаў, ва ўнутрыбеларускія разборкі. Мы ж заняты (і будзем заняты, іншага не дачакаецеся!) адной вузкай тэмай…» Назіраць за гэтым шчыраваннем і смешна, і балюча: «Мышы плакалі, калоліся…»

 

                                                                                                           rubinczyk[at]yahoo.com

Мінск, 08.02.2016

Апублiкавана 8 лютага 2016