В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (8)

Ёсць не дзве, а мноства навін – і добрыя, і кепскія. Няхай высокаразумныя чытачы самі аддзеляць мясныя вырабы ад насякомых…

Самая пазітыўная вестка апошніх месяцаў – у Мінску адкрыўся клуб сянцы! Гэта кітайскія народныя шахматы, калі хто не чуў. Не тое каб іх у Беларусі раней зусім ігнаравалі, але цяпер, калі за справу ўзяўся паэт Сяргей Карчыцкі (пачынаў як гулец у «класічныя» шахматы, потым доўгі час займаўся гексаганальнымі-«польскімі», а ў пачатку ХХІ ст. пераключыўся на японскія сёгі), яна кудысьці абавязкова пойдзе, і сотні сталічных аматараў інтэлектуальных гульняў пачнуць мружыцца, як у старым анекдоце. Пакуль жа на бліцтурнір у лістападзе 2015 г. сабралося аж чацвёра змагароў-сянцыстаў (не блытаць з сіяністамі). Японія, Кітай… Наступным захапленнем Карчыцкага & Со. стануць, мабыць, мангольскія шахматы «шатар».

На маю электронную скрынку паступаюць тэрабайты пытанняў, якія зводзяцца да наступнага: «ці ёсць плён ад тваёй пісаніны?». Кампетэнтна адказваю: «А няўжо ж не!» Да прыкладу, сталыя наведвальнікі помняць, што пакпіў я некалі з прафесара Ігнацішчава, які ў Магілёве выпусціў бязглуздую кніжулю і прэзентаваў яе як «навуковае выданне». У 2015 г. той жа таварыш выдаў брашурку з не менш кур’ёзнай назвай: «Заслуженный деятель науки Руслан Игнатищев: шахматы — массовость. Растеряли. Восстановите!», але ўжо не наважыўся пхаць у яе лухту на грані ідыёцтва, дый грыф гэтым разам менш амбіцыйны: «выданне для вольнага часу». Рэкамендую ўсім 🙂

Праўда, як казалі ў Ізраілі 1970-х, складаныя рэчы мы робім адразу, а дзівосы вымагаюць крыху большага часу. Прызнаю і каюся ў тым, што мой артыкулік, напісаны ў жніўні 2015 г. – калі толькі пачалі зюкаць пра закрыццё пасольства ў Мінску – не зрабіў уражання на ізраільскае знешнепалітычнае ведамства. Падобна, Бібі і яго каманда пакуль не вывучылі беларускай мовы; будзем спадзявацца, што ўсё наперадзе.

Дыпламаты заўсёды падпускаюць туману… Дайшлі да мяне чуткі, што пасольства Ізраіля ў Беларусі спыніць сваю дзейнасць у ліпені 2016 г. Вядома, «гаспадарчыя» довады не пераканалі: выдаткаваць мільён долараў за год для ўраду – усё роўна што адкласці долар за год нам з вамі, шаноўны чытач. Многае падказвае, што справа не ў грашовых выдатках, а ў атмасферы, што складвалася вакол дыпработнікаў у нашай краіне.

Дапускаю, што паслу і яго падначаленым у мясцовым «Чырвоным доме» даводзілі план па прыцягненні інвестыцый у беларускую эканоміку («вы ж яўрэі, грошы маеце»…). Праз выбрыкі Лібермана тутэйшыя ідэолагі трымалі Іосіфа Шагала на кароткім павадку; нездарма часам ён вяшчаў так, быццам чытаў перадавіцу «Советской Белоруссии». Не здзіўлюся, калі выявіцца, што пасольству на Партызанскім праспекце навязвалі «добраахвотна-прымусовую» падпіску на звышкаштоўнае для ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва перыядычнае выданне, але тут ужо слова самому экс-паслу ці яго баявым памочніцам.

Што паробіш, не ўсе дыпламаты здольныя працаваць у нашай «сінявокай». Уявім сабе сітуацыю: Нетаньягу (або Цыпі, каторая Хатавелі, ягоная намесніца) склікае калегію міністэрства, запрашае патэнцыйных прэтэндэнтаў на ролю пасла ў Беларусі. Але высвятляецца, што адзін раптоўна захварэў, другі з’ехаў у камандзіроўку, трэцяга ніяк не могуць знайсці ў калідорах Кнэсета… Што застаецца начальству? Прызнаць, што ахвотных няма, а місія правалена.

Заслугоўвае права на існаванне і канспіралагічная версія. Яе, бадай, найлепей выразіў «Кэп Очевиднов» на форуме tut.by 12.01.2016: «Яўрэі ведаюць больш за нас, і калі яны нас больш за краіну не ўважаюць, то гэта вельмі і вельмі трывожны сігнал». Так, у апошні час штогадовы тавараабарот з Беларуссю складаў дзясяткі мільёнаў долараў (найперш – экспарт беларускіх тавараў у Ізраіль!), аднак, напэўна, спецслужбы, якія кансультавалі Нетаньягу, заўважылі спад у беларускай гаспадарцы (летась яго цяжка было не заўважыць) і далі негатыўныя прагнозы. У жніўні 2015 г. быў кінуты «пробны шар», а ў студзені 2016 г., калі стала ясным, што «курс дзяржавы не зменіцца», Ізраіль абвясціў пра закрыццё афіцыйна.

Дарэчы, невялікі крок убок. У Беларусі назіраецца сумная заканамернасць – чым горш становішча ў гаспадарцы, тым больш актыўна сябе паводзяць прапагандоны прапагандысты, хаця прыціхнуць бы ім… Хіба адзін штрых: у снежні 2010 г., калі cярэдні заробак у РБ ненадоўга дасягнуў-такі $500 за месяц, паштальёнаў «пераканаўча прасілі» раскідаць па скрынях агітматэрыял за аднаго з кандыдатаў (здагадайцеся з трох разоў, якога іменна). Тыраж тых «паштовак» сягаў 1 млн. Увосень 2015 г., калі сярэдні працаўнік у РБ не меў ужо і $400, адміністрацыя зрабіла аналагічны «фінт», але тыраж агітвырабаў павялічыўся… у 2,5 разы (пэўна, каб і немаўлятам хапіла).

2010 2015

«Паштоўкі ад Лукашэнкі», 2010 і 2015 гг.

Мінае сто дзён з часу «пераабрання» стара-новага «моцнага лідара». Навіны за гэтыя тры з лішкам месяцы – адна весялейшая за другую. Як і было прадказана, курс долара перакрочыў адзнаку 20000. У пачатку студзеня тысячы дробных прадпрымальнікаў не выйшлі на працу, бо душаць іх – цынічна, з прыказкамі кшталту «скончыліся вашы мядовыя гады». Колькасць стратных прадпрыемстваў за 2015 г. павялічылася бадай на 50%, як і лік беспрацоўных (многім з іх, у прынцыпе, няма куды дзецца – Расія ды Украіна перасталі вабіць). Ну і г. д.

Нехта скажа: калі ў Беларусі чакаюцца дэфолт і «вілы», то дыппрадстаўніцтва Ізраіля тым больш патрэбнае – каб абараніць яўрэяў, прынамсі падобныя довады высоўваліся ўлетку 2003 г., пасля першага закрыцця пасольства. Тады сярод «землякоў» збіраліся подпісы пад зваротам, дзе, сярод іншага, гаварылася: «грамадзяне Ізраіля, якія наведваюць родных у Беларусі, пазбавяцца абароны сваёй дзяржавы ад ураду дыктатуры». Ці то ў Ізраілі cур’ёзна лічаць, што зараз усе беларусы – «мірныя людзі» (як пяецца ў гімне), ці то ведаюць іншыя сродкі самаабароны, апрача наяўнасці пасольства… Пажывем-пабачым. У стратэгічным плане закрыццё выглядае памылкай, у тактычным Нетаньягу – які, пры ўсёй яго кампраміснасці, пакуль не паддаецца на ціск Лібермана, Ландвер і іншых інтарэсантаў – зразумець можна.

Наш чытач з Мінска Алесь Рэзнікаў піша пра былога пасла, і ў нечым мае рацыю: «Шчогалеў («дзявочае» прозвішча Шагала – В. Р.) зрабіў аграмадную шкоду дзяржаве Ізраіль і габрэйскаму народу. Калі чалавек зробіць нейкую пакасць, ён сам адказвае, а калі ён яшчэ і габрэй, аддуваецца ўся нацыя, так чамусці гістарычна склалася. А тут яшчэ і дыппрадстаўнік, які, наадварот, павінен згладжваць памылкі вялікіх палітыкаў. Магчыма, шмат у каго з дэмакратычных людзей Беларусі ў галовах пасяліліся пэўныя вірусы. А дзяржаве Ізраіль трэба назапашваць сяброўскі патэнцыял з будучай сапраўды незалежнай Беларускай дзяржавай…» (ліст ад 16.01.2016).

Пра тое, што дыппрадстаўніцтва ў Мінску працавала ў незвычайным рэжыме, і нешта трэ’ было з ім рабіць, гаворыць і рэакцыя беларускага афіцыёзу. Калі ў 2003 г. прадстаўнік РБ Панамароў выказваўся даволі стрымана («Зараз разглядаецца некалькі варыянтаў. Магчыма, прадстаўніцтва [Беларусі ў Ізраілі] будзе зніжана да консульскага ўзроўню»), то ў 2016 г. адказ быў хуткі і нервовы. Ужо 7 студзеня – назаўтра пасля заявы ізраільцаў – прэс-сакратар беларускага МЗС Мірончык паабяцаў, што «Беларусь, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, таксама вымушана зрабіць комплекс захадаў па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль-Авіве». І дадаў, што гэта, маўляў, звычайная практыка (не зусім так – мы з Ізраілем усё ж не ў стане вайны).

Яшчэ горш раздражненне беларускага боку завуалявана ў тэксце «палітолага» Сяргея М., які, нібыта, уваходзіць у першую сотню самых уплывовых людзей Беларусі (што зусім не так). «Аналітычны» цэнтр гэтага спецыяліста па музеях быў раскручаны з дапамогай спецслужбаў перад сумнавядомым рэферэндумам 2004 г. – дзеля альтэрнатывы празаходнім «фабрыкам думкі». Паводле звестак Ecoom-«Экаом» («Есоот», як прачытаў гэтую хітрую назву адзін супрацоўнік КДБ у 2005 г. :)), беларусы толькі і чакалі, каб даць Лукашэнку права пажыццёва кіраваць імі. Пазней кіраўнік цэнтра набыў «дом Хаіма Вейцмана ў Моталі», вырашыўшы падзарабіць на ізраілезнаўстве. Абяцаў «музейны комплекс», але за 6 гадоў (2008–2014) практычна нічога не зрабіў. Ну і ў 2015 г. бракавала часу – трэба ж было даць дыхту Нетаньягу.

Lapata

Падарунак беларускім ідэолухам ад «БелЦэнтраМашу».

Пра валоданне М. тэмай беларуска-ізраільскіх адносін нямала гаворыць пасаж, прысвечаны Шымону Перасу: «Упэўнены, што пры ім такога (рашэння аб закрыцці пасольства ў Мінску – В. Р.) не адбылося б». Але ж неспадзяванка – іменна Перас, калі ўлетку 2002 г. быў міністрам замежных спраў, і прыняў адпаведнае рашэнне! Тагачасны прэм’ер-міністр Шарон заблакаваў яго; тым не менш, амбасада была зачынена ў 2003 г. і зноў адчынена ўжо тады, калі Пераса змяніў Сільван Шалом…

Высер ад М. цікавы тым, што ў ім гучыць непрыхаваная пагроза: «А калі Беларусь сказала, што вымушана зрабіць комплекс захадаў, то не забудзе і на закрыцці пасольства не спыніцца». Мо тут і «самадзейнасць», але хутчэй за ўсё – праява інфармацыйнай вайны, якую так любяць распальваць тутэйшыя «спецы»… У кожным разе, каб я быў «прафесійным яўрэем», то паасцярогся б дапускаць у бліжэйшы год агрэхі на роўным месцы.

Ніяк не супакоіцца і іншы ваяка, «мудры» Авігдор Э. Здавалася б, самавіты чалавек – 55 гадоў, сямёра дзяцей, з барадой… 🙂 Паводзіць жа сябе, як дробны шахрай. Тут дэманстравалася, як крыва трактаваў ён жыццё ў Беларусі пад канец 2015 г. У студзені 2016 г. «галоўны ізраільскі русафіл» прыцягнуў за вушы даўнюю гісторыю, абы даць адлуп сучасным «жыдабандэраўцам»: «Недзе ў канцы 80-х гадоў да нас прыехала группа яўрэяў з Украіны, і яны ўсталявалі ў Іерусаліме помнік ахвярам галадамору… Ён прастаяў менш за суткі. У той жа вечар прыйшлі былыя партызаны і ліквідавалі яго». Пэўна, Э. думаў, што ўсе забылі, як было насамрэч… У маі 1985 г. (не ў канцы 80-х) на гары Сіён з’явіўся помнік пакутам яўрэяў і ўкраінцаў, ахвярам сталінізму і нацызму (а не толькі Галадамору). Групе выхадцаў з Польшчы згадка пра ўкраінцаў не спадабалася, і праз 4 месяцы (!) помнік, устаноўлены па ініцыятыве дзеяча ўкраінскай дыяспары з Канады (!), яны разбурылі. Даведацца больш можна з газеты «The Ukrainian Weekly» № 8, 1986, а яшчэ з бюлетэня «Диалоги» (№ 15-16, 1987), які выдаваў у Іерусаліме св. пам. Якаў Сусленскі (1929–2009).

Усё б нічога, аднаго Э. мы б вытрывалі… Але яго паслядоўнікі з’яўляюцца сярод маладзейшых. Шчыруе нейкі Меір Ю., які на «сусветным яўрэйскім партале» 2,5 месяцы таму зганіў удзельнікаў кіеўскага мітынгу ў падтрымку Ізраіля: «прыйшлі на майдан 300 яўрэяў, памахалі ізраільскім сцягам і зладзілі антырасійскую акцыю, што, у прынцыпе, і чакалася…» Ці во нядаўні перл: «Закрыццё пасольства ў сувязі са зніжэннем выдаткаў – скрайне абразлівая форма разрыву дыпламатычных адносін, але Нетаньягу нічым не грэбуе». Перш чым абвінавачваць замежнага палітыка ў «чарговай здрадзе», мальцу варта было б дазнацца, што такое разрыў дыпадносін, ці роўны ён закрыццю пасольства – ды навошта? «Прагрэсіўныя іўдзеі», выглядае, «з’ядуць» і не такое.

Не ўтрымаюся, працытую ўрыўкі са сваёй кніжкі «На ізраільскія тэмы» (Мінск: Шах-плюс, 2011). Тэзісы амаль пяцігадовай даўніны гучаць даволі актуальна:

Лёс Ізраіля і Беларусі мне баліць: гэта краіны, моцна расколатыя знутры, у якіх пануе дужа цьмянае ўяўленне аб правах чалавека і законнасці ўвогуле. Чым раней яны пераадолеюць свае мітрэнгі мірным шляхам, тым лепш. Здольнасць пераадолення расколаў залежыць ад якасці інтэлектуальных эліт. Хто і як будзе рэальна працаваць над кшталтаваннем эліт – вось у чым пытанне… Каб эфектыўна супрацоўнічаць, трэба ведаць адно аднаго; каб ведаць, патрэбныя праўдзівыя адмыслоўцы, а не ідэолагі «рынкавага сацыялізму» ці «навуковага (анты)сіянізму».

Мінск, 18.01.2016

rubinczyk[at]yahoo.com

Апублiкавана 18.01.2016