Спецыяльна для belisrael.info
Я даўні прыхільнік “вольных шахмат” (яны ж – “шахматы-5039”), але, што называецца, без фанатызму. Згодзен і на “шахматы-960” (aka “шахматы Фішара”), і на звычайныя – абы гульня дапамагала хоць неяк развіваць грамадства або асобных яго прадстаўнікоў. Больш падрабязна мае погляды выкладзены ў кнігах “Жывуць вольныя шахматы”, “Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні”, а артыкул “За шахматную гарызанталь” можна знайсці тут
Апошнія месяцы радуюць. Баюся памыліцца, але шахматная супольнасць Беларусі адштурхнулася ад дна, на якім ляжала, напрыклад, у 2009 г., калі меркаваць па гэтай інтэрнэт-канферэнцыі
Знакавымі падзеямі, з майго пункту гледжання, сталі турнір па вольных шахматах у офісе Саюза беларускіх пісьменнікаў (22 сакавіка, ажно 4 удзельнікі!) і шоў “Жывыя шахматы” ў мінскім гандлёвым цэнтры “Сталіца” 13 чэрвеня 2015 г. Нехта, магчыма, залічыў бы да гэтых падзей і канцэрт загадкавага гурта “Шахматы” 6 лютага 2015 г., але тут я пішу толькі пра тое, што бачыў сам.
“Вольны” турнір у СБП быў праведзены па ініцыятыве Вадзіма Жылко. Гэты ж чалавек, журналіст і шахматны кампазітар з Лунінца Брэсцкай вобласці, прапанаваў назваць турнірчык “адкрытым чэмпіянатам Мінска”, чаму я, чэмпіён сталіцы 2012-2013 гг., не запярэчыў. Пасля турніру (1. В. Рубінчык; 2. В. Жуковіч; 3. В. Жылко; 4. І. Клімянкоў) пра яго паведаміла лунінецкая газета “Информ-прогулка” (inform-progulka.by), што сведчыць пра легітымізацыю вольных шахмат. Наколькі я ведаю, раней пра гэты від гульні расказваў у Беларусі толькі самвыдат накшталт “Альбино плюс”.
“Жывыя шахматы” адбыліся паводле звычайных правілаў, але пацешылі ніяк не менш. Дагэтуль я толькі чытаў пра падобныя шоў на тэрыторыі Беларусі (у Брэсце, Віцебску, Гродна…) і згадваў у кнігах пра тое, як яны ладзіліся ў 1920-я гады, але сам ніколі не бачыў.
Ужо да пачатку 1-й партыі (13.06 а 17.00) я зразумеў, што маё пажаданне пяцігадовай даўніны (“Разумная тэатралізацыя шахмат у Беларусі справакуе да іх інтарэс…”) споўнілася. Фігуры выглядалі імпазантна, а гледачы на трох ярусах падземнага гандлёвага цэнтра літаральна віселі адно на адным. Штопраўда, к канцу першай гадзіны іх паменела… “Аператарамі”, як хутка высветлілася, былі юныя энтузіясты, а арганізатары шоў не ставілі перад сабою глабальных мэт. Галоўнай задачай адміністратара інтэрнэт-групы Максіма Вараб’ёва і кіраўніка маладзёжнага аб’яднання “Авангард” Марата Абрамоўскага было… дагадзіць адной дзяўчыне. Шоў ёй спадабалася: вось урыўкі з заявы А. Маханавай на onliner.by у перакладзе з рускай:
“Увесь бюджет трымаўся на голай ідэі. Каманда рабят-арганізатараў не дармаеды, робяць яны гэты не для таго, каб адцягнуць народ ад палітыкі або дзеля чагосьці там яшчэ. Яны робяць гэта толькі таму, што ім падабаецца. Я, Маханава Аляксандра…, пажадала гульню ў шахматы з фігуркамі-людзьмі. Рабяты (нягледзячы на тое, што было вельмі цяжка дабіцца дазволу) выканалі … Вялізная пахвала! Падзяка. Было рэальна крута))))”
фота Кацярыны Сільвановіч
Першая партыя паміж студэнтам Ернарам Шамбаевым і школьнікам Уладам Снігурам скончылася ўнічыю. Спярша я думаў, што справа адной партыяй (і фотасесіяй гледачоў з “фігурамі”) і абмяжуецца, аднак нечакана пачалася 2-я партыя, амаль адразу – 3-я… Паглядзеўшы на сілу гульцоў (адна з партый ішла так: 1.е4 g6 2.Kf3 h6 3.d4 f5 4.ef gf 5.Ke5, неўзабаве чорныя здаліся), я вырашыў, што, напэўна, згуляў бы не нашмат горш. 4-я партыя крыху зацягнулася, і ўплішчыцца мне выпала толькі ў 5-ю: маім супернікам быў, як я даведаўся пазней, першаразраднік Павел Сямко, курсант Акадэміі МУС. Гулялі мы, як і астатнія, на кішэнных шахматах – хады фігурам перадаваў вядучы праз мегафон. У скандынаўскай партыі ўдалося чорнымі выйграць пешку, і праз 10 мінут супернік здаўся. У выніку хлопцы і дзяўчаты своечасова прыбралі свой рыштунак (у “Сталіцы” ім даваўся час толькі да 19.00), чорны кароль у майцы з надпісам “Слухай сваё” пасвяціў мяне ў рыцары, а мы, трое Рубінчыкаў, паспелі на джазавы канцэрт ля мінскай Ратушы :))
Рэакцыя на тое, што адбылося ў “Сталіцы”, была размаітай. Як сказана вышэй, публіка – некалькі соцень чалавек – успрыняла гульню ў цэлым пазітыўна, хаця на нейкім этапе “караул устал”. На жаль, большасць гледачоў, як я зразумеў з іхніх рэплік, не ведала элементарных шахматных правілаў.
Калі казаць пра СМІ, то на падзею адгукнуліся нават тыя, хто ніколі не цікавіўся шахматамі. Citydog.by, melom.by, belchas.by, kp.by, onliner.by – гэты спіс няпоўны. Вядома, не абышлося без агрэхаў. Нехта з журналістаў напісаў, што адбыўся “шахматны турнір”, камусьці здалося, што “жывыя шахматы” былі арганізаваны ўпершыню ў Мінску або нават у Беларусі (?)
Цікава было паназіраць за рэакцыяй ананімусаў у інтэрнэце. Шэраг каментатараў абрынуліся на “калгасны ўзровень”, як быццам маглі прапанаваць нешта лепшае. (Успомнілася гісторыя з № 1 майго часопіса “Шахматы-плюс” звыш 10 гадоў таму, калі нейкаму “маёру” на папулярным сайце не спадабалася ўсё: і партый мала, і вучэбныя прыклады старыя, і не так рэдактар пра сваё звальненне з “Шахмат” напісаў…) Нехта дапісаўся да таго, што жывыя шахматы – прыдумка “рэжыму”, г.зн. Лукашэнкі і кампаніі… Былі, вядома, і станоўчыя водгукі. Асабіста я падзякаваў арганізатарам за дзве гадзіны кайфа, які даўно не атрымліваў на “мероприятиях” Беларускай федэрацыі шахмат.
Але насамрэч няма мяжы для дасканаласці…
- Выявілася, што многія “фігуры” слаба арыентуюцца на палях дошкі, з-за чаго не раз адбываліся замінкі – кур’ёзныя і не надта. Можна было б кожнае з палёў дробненька падпісаць…
- Як мне падалося, у час абдумвання некаторых хадоў публіка, дый самі “фігуры”, крыху сумавалі. Бадай, варта было ці то абавязваць гульцоў рабіць хады ў бліцтэмпе, ці то неяк запаўняць паўзы (музыкай? канферансам? чырлідынгам?)
- “Фігуры” збольшага рыхтавалі строі самастойна, і каліва няўцямнасці мела месца. Парадавалі каралі з “халоднай зброяй”, ферзі ў каронах; магчыма, і іншым фігурам не зашкодзілі б выразныя “апазнавальныя знакі”, хаця б кардонныя шчыты з эмблемамі.
Зрэшты, і блізкі па духу “спантанны” фільм, зняты бітламі ў 1967 г. (“Magical Mystery Tour”), у свой час выклікаў крытыку. Калі ж рэзюмаваць, то дзяўчаты і хлопцы яшчэ раз даказалі, што шахматы могуць быць вельмі відовішчнай гульнёй, і я рады, што неяк спрычыніўся да імпрэзы. Мяркую, у верасні 2015 г. шахматныя гурткі і секцыі чакае хваля новых наведвальнікаў…
Вольф Рубінчык, г. Мінск
rubinczyk[at]yahoo.com
Дадатак паводле кнігі “Жывуць вольныя шахматы” (Менск: Шах-плюс, 2010, с. 74):
«Вольныя шахматы» – гэта зусім не забаўка масонаў («вольных муляроў»), а сродак для перазагрузкі мазгоў, мосцік над безданню, што раздзяляе ў XXI ст. шахматных «прафесіяналаў» і аматараў. Апрача ўсяго, гульня «Сhess5039» дужа прыдатная для арганізацыі «жывых шахмат». Людзям, якія маюць выяўляць белыя фігуры, можна будзе даць права самастойна пашыхтавацца на дошцы, што падвысіць іх цікавасць да ўдзелу ў шоў. Нечаканасць іхняй расстаноўкі заахвоціць мэтраў, што гуляцьмуць за белых і чорных, ісці на авантуры, якія спадабаюцца гледачам яшчэ больш, чым 20-ціхадовая камбінацыйная партыя Флейсіг – Шлехтэр (традыцыйная на фэсце ў італьянскім горадзе Маростыка). А ці не дазволіць гульцам на дошцы самім дамаўляцца міжсобку, якія хады рабіць?
Разумная тэатралізацыя шахмат у Беларусі, бясспрэчна, справакуе да іх інтарэс, нават калі ўдзельнікі абмяжуюцца гульнямі паводле звыклых правілаў. Тым болей што традыцыя «жывых» гульняў на нашых землях існуе, яна даволі багатая. Канспектыўна накрэслю доказы:
«Звезда», 1925 г.: «Жывыя шахматы за апошні час ставіліся ў Менску двойчы – у чырвонаармейскіх лагерах і ў садзе ВСФК “Чырвоны Прафінтэрн”. Удалыя касцюмы, размаітасць твараў, коннікі, машыны – усё гэта разам узятае надало відовішчу захапляльнасць, прыцягвала гледачоў. У бліжэйшай будучыні плануюцца новыя пастаноўкі».
«Зьвязда», 1928 г.: «Жывыя шахматы ў менскім цырку падрыхтоўваюцца на 10 кастрычніка саюзам работнікаў мастацтва разам з цэнтральнай шахматна-шашачнай сэкцыяй. Шахматныя фігуры ня будуць толькі статыстымі, як гэта звычайна практыкуецца. У партыі прымуць удзел лепшыя мастацкія сілы опэры, тэатру, цырку, музтэхнікуму. Кожная пабітая фігура, раней чым пакінуць поле, выконвае які-небудзь мастацкі сольны нумар. Самая партыя будзе разыграна па кансультацыі тт. Гаухбэргам, А. Касьперскім, Розэнталем, Шукевічам. Пастаноўка абяцае быць надзвычайна цікавай».
«Жывыя шахматы» дапамогуць завабіць публіку ў шматлікія стадыёны і «лядовыя палацы» РБ, якія рэдка скарыстоўваюцца напоўніцу. Шахматысты, нарэшце, выйдуць са свайго гета…
На здымку – белы кароль М. Вараб’ёў са сваёй балельшчыцай Юляй. Справа – аўтар артыкула
Даслана i апублiкавана 17 чэрвеня 2015
17 июня 2015