А. Дубінін. Фіш-Кульбак

Малюнак з буслом я зрабіў для лагатыпа выдавецтва Рамана Цымберава, як Раман звярнуўся быў да мяне па дапамогу. Падказку знайшоў у рамане Кульбака “Зэльменянер”, у шостай главе другой кнігі “Дзядзькі – чатыры апорныя стаўпы рэбзэвага двору”:

“Па тым, як калгаснікі, не паснедаўшы, у белых талесах уроскід, бы старыя буслы, беглі ўдому, дык проста плявалі ад азвярэння”.

Праз досціп Кульбака птушка пераўтварылася ў беларуска-яўрэйскага мудрага бусла. Запомнім аптычную дакладнасць пісьменніка.

“Фіш-Кульбак” – не проста жарт ці гульня ў рыфмаванне “бульба-Кульбак”, фіш-бульба – адзін з важных сімвалаў рамана. У апошняй главе паказаны апошнія хвіліны рэбзэвага двору, “а на прыпечку ўсё яшчэ тлее між пары галавешак Зэльманавіцкі агонь, нудны агеньчык, што варыць фіш-бульбу”. Прыгадваецца знакамітая песня Марка Варшаўскага “Afn pripeček brent a fajerl”, дзе на прыпечку гарыць агеньчык, і рэбе вучыць маленькіх вучняў алэфбэйсу. Тут гэты агеньчык дагарае, дом разбураецца, і ад пачуцця сыходзячага яўрэйскага свету не пазбыцца.

Але згаданы вобраз, калі ён і бачыўся аўтарам, перабіваецца адным з ключавых вобразаў “залатога карася/goldene karas”. Як памятаем, “Рэбзэвы двор падобны да старой сажалкі, калі яе воды перагнілі. Зелень між вадой і звісаючымі галінамі, вадзяніста-хворае паветра, хоч залаты карась яшчэ хлюпне галавой у балоце, і тады зморшчыцца тоўстая, зялёная скура вады”. Гэты абзац цалкам паўтораны ў канцы кнігі. Праз такі паўтор-рэфрэн двух буйных кавалкаў тэксту ў другой частцы Кульбак фіксуе адзін з цэнтральных вобразаў усяго рамана. Рэбзэвы двор – сажалка, а Цалка ў ёй – залаты карась, што павесіўся ад затхлай вады гэтага двору. Залаты карась, з якога, нарэшце, зварылі такі фіш-бульбу. Заўважым – Цалка мае даволі аўтапартрэтных рыс пісьменніка, і можам перапісаць “фіш-бульба” як “залаты карась Кульбак”. Вось як мантажна выглядае кавалак пра фіш-бульбу і Цалку ў апошняй главе, два сказы праз зорачку:

“…а на прыпечку ўсё яшчэ тлее між пары галавешак Зэльманавіцкі агонь, нудны агеньчык, што варыць фіш-бульбу.

*

Запомніліся хаўтуры Цалі дзядзькі Юды…”

Вось чаму хацелася б ушанаваць геніяльнага паэта – увесці новую страву “Фіш-Кульбак”, і палепшыць песеньку “Zuntik Kulbak, montik Kulbak…” – каб кожны дзень з Кульбакам. Абмяркоўваем асаблівасці гатавання фіш-бульбы: пасля таго, як прыгатаваную гефілтэ фіш раскладалі па талерках, заставалася даволі соўса з цыбуляй, перцам і іншымі спецыямі. Тады ў чыгунок дадавалі бульбу і тушылі яе гадзіны паўтары, вось гэта і ёсць фіш бульба. Аднак тое была ўжо не святочная страва, яе якраз елі на наступны дзень, калі ўласна рыба была ўжо з’едзена. Гэта важна – рыба з’едзена, пазасталася адно пасмачча. Двор “з’еў” Цалку, і варыцца бульба ў булёне ад залатога карася. Кульбак сам сабе напісаў рэквіем.

Таму на фартухе (для гатавання сённяшняга Фіш-Кульбака) чыгунок з бульбай з агеньчыкам – на месцы піянерскага значка, і скрыпачка з хвастом залатога карася. Стары і новы свет сфастрыгаваны па дыяганалі, з перпендыкулярным адносна адно другога рысункам стужак, справа – “чатыры стаўпы рэбзэвага двору”…

Фрагмент лекцыі А. Дубініна (Мінск, 22.06.2022)

Яшчэ адна лінія Цалкі – кампазіцыя яго павешання.

“Скрыпачка вісела на сцяне, ён зняў яе, падышоў да драўлянай сценкі, дзе па другі бок ляжала Хаечка дзядзькі Юды…” (1 кн., 3 гл.) – “А затым ён у пустым доме свайго звар’яцелага таты праляжаў, забыты светам, добрых некалькі тыдняў. Насупраць, у тоўстым пылу сцяны, яшчэ тырчэў вялікі цвік, і ў гэтым пылу было пуката акрэслена тое месца, дзе некалі вісела дзядзькі Юдава скрыпка. На сцяне вісела гэта пустое месца ад скрыпкі” (2 кн., 5 гл., заўважым – от тут Кульбак вырашыў на гэтым цвіку “павесіць” Цалку, бо падкрэслена “вялікі цвік”, для скрыпачкі занадта, ну і геніяльнае “вісела пустое месца”).

“Зранку ўрэшце знайшлі Цалела дзядзькі Юды мёртвым. Ён вісеў у доме на заходняй сцяне” (2 кн., 21 гл.). Цалка заняў пустое месца ад скрыпачкі, уклаўся ў яго як у футарал. Чалавек-скрыпка, чалавек-душа яўрэйскай культуры. І гэты апошні сказ стаіць якраз пад паўторам аб тым, да чаго падобны рэбзэвы двор – “да старой перагнілай сажалкі…” І другі момант – навошта нам ведаць пра “заходнюю сцяну”? Бо ў доме нам не вядомы прасторавыя і прадметныя сувязі і суадносіны. Тут хутчэй прымёк да “Мура ляманту” (“Сцяны плачу”), у яўрэйскай традыцыі “Ha kotel ha-maariv” – “заходняя сцяна”.

Цяпер што да структуры кнігі і кампазіцыі яе частак. Пачынаючы першую кнігу, пісьменнік, як мне падаецца, толькі наважваўся пазначыць тэму біблійнага “Выхаду” (тэстамант рэб Зэльмачкі запісаны так: “Панядзелак, кніга Выхад (з Пяцікніжжа), года… (закрэслена)”. І далей, у наступных главах, ідзе расповяд пра электрыфікацыю і радыё як пра насланнё: “– Новая навалач!” (пра электрыфікацыю), як кары Егіпецкія, каб нейкія законныя, старыя яўрэі адпусцілі моладзь са свайго спрадвечнага рабства.

Асобна стаіць трэцяя глава “Вялікі тлум”, але ўрэшце яна і падказала кампазіцыю ўсяе кнігі.

“Вялікі тлум” – пра “няўдалы шлюб” Бэры і Хаечкі. У першую чаргу ён паказаны няўдалым праз кампазіцыю істотных частак вясельнага абраду. Мыццё падлог – Запрашэнне – … – Пасыпанне попелам галавы жаніха – Разбіванне келіха нагой – Мазлтоў!…

Мыццё падлог ёсць, але кубістычна раз’ятае – Бэра мые падлогі ў міліцыі: “там, паміж рассунутых сталоў, змяшчаўся жаніх – Бэра мые падлогу ў міліцыі”, а толькі пазней, у вясельным доме, “пахне свежай сасновай дошкай” (без тлумачэння, чаму менавіта дошкай пахне? – бо чыста вымыта). Запрашэнне Бэры, жаніха, якое робіць ягоная маці, запрашаючы на ягонае ж вяселле. Пасыпанне попелам заменена жаданнем: “Дзядзька Юда…прыгожага зяця свайго…сатрэ ў попел”. Заместа келіха жаніха — “Дзядзька Юда…схапіў пляшку віна і трахнуў вобземлю”. І нарэшце “Мазлтоў!” – Мазл-тов/гемозлт, своеасаблівая формула зычання: “Чакай, Зыся, ты яшчэ не пабіты воспай і не ашчасліўлены адзёрам, у цябе яшчэ таксама маюцца дачкі!”

Яшчэ раз – паводле традыцыі на вясельнай яўрэйскай цырымоніі пасля таго, як жаніх разбівае шкляны келіх, усе прысутныя ўсклікваюць: “mazl tov!” (“На шчасце! Хай шчасціць!”). У канцы Кульбакава “ціхага вяселля” ёсць біццё шклянога посуду – дзядзька Юда бразнуў аб мост пляшку віна, і самы час прагучаць зычанням шчасця – “mazl tov!”, яны і гучаць, але паколькі “шлюб няўдалы”, то і зычанні дзядзька Юда выгуквае адпаведныя: “gemozlt!”(які па гучанні падобны ў гэтай дзеі да “mazl tov!”). Зразумела, калі ён доўгі час рыхтаваўся, і віншаванні саспелі ў галаве, і былі пакаштаваны на языку, то падчас скандалу, калі ўсе стрымкі зняты, яно само вылятае словам, але ў перакручаным і спакутаваным выглядзе.

Усе часткі абраду быццам ёсць, але перастаўлены адносна парадку і перакручаны-перакрыўлены. Калі парушаны суадносіны частак абраду, то ён як бы і не абрад.

Вось гэты прыём у другой кнізе паслужыў Кульбаку для выяўлення асноўнай ідэі кнігі. Шаснаццатая глава другой кнігі называецца “Надзвычайная ноч”. Ужо назоў главы ў чалавека, гадаванага ў яўрэйскай рэлігійнай традыцыі, выклікае замяшанне падабенствам да такога ж азначэння галоўнай ночы вучты на Пэсах. Гэта не выпадкова; як мы бачылі раней, тыя ранейшыя ўзгадкі ды прыпадабленні да гісторыі Пэсаха-Выхаду з егіпецкага рабства, тут нарэшце набываюць “сістэмны”, структурны выгляд суцэльнай падзеі. У рэчышчы такога падыходу многія цёмныя месцы робяцца крыштальна зразумелымі. Гэтая глава ўтварае структурную сіметрыю 3 главе першай кнігі “Вялікі тлум”, зменены толькі маштаб. Як і там, мы выразна бачым асобныя важныя элементы знакавага яўрэйскага свята. У гэтым выпадку гэта не вяселле, а Пэсах, свята выхаду з егіпецкага рабства. І гэтак сама элементы, якія ёсць неад’емнымі пры святкаванні Пэсаху, перакручаны.

“Дзядзькі – чатыры апорныя стаўпы рэбзэвага двору”. “Агада” – адзін з магчымых ключоў да задумы аўтара. Гэты тэкст з маленства вядомы кожнаму яўрэю, выхаванаму ў яўрэйскай традыцыі. “Arboe-bonim” – “чатыры сыны”; чацвёра дзяцей, аб якіх распавядаецца ў Пасхальнай Агадзе: “xoxem” мудры, “roše” зламысны, “tam” наіўны, “šeejnu-jedeje-lišojl” дурань; гум. гурт блага выхаваных дзяцей.

У яўрэйскай традыцыі святкавання Пэсаха (сыходу з егіпецкага рабства) вялікую традыцыю маюць так званыя “фір кашэс” чатыры пытанні. Самы малодшы на вучту Пэсаха задае чатыры пытанні – “Ма ніштана”. У Шолэм-Алэйхэма ёсць апавяданне пра Пэсах, дзе рэфрэнам ідзе на ідышы эквівалент гэтага “ма ніштана” – “Farvos epes…”:

У нашым выпадку дзядзька Іца ўвесь час пытаецца “– Чамусь нешта ў высокую камяніцу?” [Farvos epes…], “– Чамусь нешта на кані?” [Farvos epes…], “– Зыся, чамусь нешта павесілі?” [Farvos epes…], “– Дык што, Малачка, сядзем можа сабе есці гэты яблык?” [Iz vos…]. У гэтай главе дзядзька Іца задае чатыры пытанні, якія ў трох выпадках пачынаюцца аднолькавай традыцыйнай формулай: “Чамусь нешта…” [Farvos epes…]. Чацвёртае пытанне дзядзькі Іцы рыфмуецца з трыма першымі “чамусь”: [Farvos…] – [Iz vos…], але не паўтарае кананічнае Пасхальнае пытанне, “вяртаючы” хаду апавядання да жыцця.

Ніякім іншым чынам нельга патлумачыць раптоўную згадку пра мудраца Гілэля: “Дзядзька Іца, нябога, ня можа адарвацца ад аканіцы. Гэтак жа тысячы год таму “мудрэц” Гілэль вісеў на акне і таксама не мог “наглытацца” вачыма”. Справа вырашаецца досыць “проста”. Гэта такі код Кульбака, па стараяўрэйску імя Гілэл пішацца так: הִלֵּל – “Hilel”. Запаведзь аб правядзенні Пэсаха кажа аб абавязку чытаць гэтай ноччу “Галель”. Што такое “Галель”? Гэта ўрывак, што складаецца з тых псалмаў, кожны з якіх пачынаецца і канчаецца словам “Аллелюя”, г. зн. хвалеце Усявышняга. На стараяўрэйскай слова הַלֵּל азначае “хвала”. Як бачым, іх напісанне без дыякрытычных знакаў супадае. Памянуўшы мудраца Гілэля, Кульбак выканаў запаведзь Пэсаха, прамовіўшы “хвалу”.

Яшчэ такі момант – “Фалка, спацелы, зноў з’явіўся ў двары, прынёс пляшку зуброўкі і талерку сырой капусты”. Пытанне: “[Farvos epes zubrovke?] Чаму менавіта “Зуброўка”? Адметная рыса гэтага напою тая, што ён настояны на зуброўцы. Гэта пашыраная ў Беларусі зуброўка духмяная (Hierochloe odorata), шматгадовая трава з залаціста-жоўтымі каласкамі, вышынёй да 70 см. Наземныя часткі зуброўкі ўтрымліваюць ангідрыд аксікарычнай кіслаты, алкалоіды і кумарын, чым і тлумачыцца яе горкі смак і даўкі водар. А адно з традыцыйных пытанняў Пасхальнай вучты – “Чаму ва ўсе іншыя ночы мы можам есці ўсялякую зеляніну, а ў гэту ноч – толькі горкую?” – “Горкая зеляніна “марор” (хрэн, а ў нашым выпадку паралель яму – зуброўка, гаркаваты напой) – нагадвае нам аб цяжкім часе, перажытым нашымі продкамі ў Егіпце”.

Як атрымаўся “няўдалы шлюб”, так “няўдалым” атрымаўся і Выхад-Пэсах з рабства…

Завершыць вечарыну прапаную кропляй “Зуброўкі”-марора ў памяць Майсея Кульбака (1896-1937)

Андрэй Дубінін, г. Мінск

Апублiкавана 22.07.2022  00:02