«Або Аба, або не». Да стогадовага юбілею майстра Шагаловіча

Штрыхі да партрэту Абы Ізраілевіча Шагаловіча (01.02.1922 30.05.2009)

У студзені 1956 г. завяршыўся чэмпіянат Мінска-1955. Чэмпіёнам чарговы раз стаў Аба Шагаловіч, будучы майстар спорту СССР і заслужаны трэнер БССР. Яму ніяк не ўдавалася выйсці першым у чэмпіянатах Беларусі, затое менавіта ў 1956 г. Шагаловіча выбралі намеснікам Гаўрылы Верасава ў рэспубліканскай федэрацыі шахмат. Пазней, у 1960-х (і ў 1970-х – да таго, як прыйшоў доктар Мікалай Місюк) ён будзе нават старшынёй – агулам каля 10 гадоў… А ў 1956-м чэмпіёнам Мінска Шагаловіч пабыў няпоўны год; у лістападзе пачаўся новы чэмпіянат, выйграны Абрамам Ройзманам.

Партыя з чэмпіянату Мінска 66-гадовай даўніны (А. Шагаловіч справа)

З Абам Ізраілевічам – «моцным майстрам, які вельмі любіў шахматы» (паводле артыкула Уладзіміра Барскага) – не выпала мне быць знаёмым. Але ў 2017-м папрасіў двух яго вучняў, кандыдатаў у майстры спорту розных пакаленняў, запісаць для belisrael.info ўспаміны пра знакамітага дзеяча шахмат, што яны і зрабілі. Тут гэтыя згадкі даюцца ў скарачэнні, у маім перакладзе на беларускую.

В. Р.

Дзмітрый Ной (1935 г. нар.):

У Шагаловіча душэўныя адносіны з вучнямі не складваліся. Ён скончыў юрыдычны інстытут, атрымаў дыплом юрыста, але пазней не працаваў па спецыяльнасці. Думаю, што раздвоенасць адбівалася на яго характары ў псіхалагічным плане.

Шагаловіч быў прыгожы мужчына, сярэдняга росту, разумны, разважлівы. Такім заставаўся, не мяняючыся, дзясяткі гадоў. Ён доўга працаваў то намеснікам старшыні шахматнай федэрацыі, то яе старшынёй, пакуль не знаходзілася, з яго пункту гледжання, больш вартая кандыдатура. Быў акуратны, сумленны, паважаны ўсімі. К 1957 году гуляў у сілу майстра спорту. Аркадзь Ракітніцкі выбіў у спарткамітэце грошы на правядзенне турніру з майстарскай нормай. Запрасілі з Расіі чэмпіёна сталіцы Салаўёва і майстроў Шчарбакова, Юхтмана. Шагаловіч перавыканаў норму і, нарэшце, стаў майстрам. Пасля гэтага, аднак, ён усё радзей уключаўся ў турніры.

Я займаўся шахматамі ў мінскім Палацы піянераў у канцы 1940 – пачатку 1950-х гадоў. Прыблізна ў 1950 годзе Шагаловіч звазіў каманду Палаца ў Прыбалтыку. Мы пабывалі з матчамі ў Вільнюсе, Рызе, Таліне. Усё гэта прыемна ўспомніць, але адносіны з настаўнікам у мяне былі халаднаватыя: відаць, перашкаджалі розныя характары.

Шагаловіч меў падпрацоўку на радыё. Пасля А. Ракітніцкага гэта па значнасці другая фігура ў шахматным жыцці Беларусі. У яго было многа вучняў, у тым ліку гросмайстар Віктар Купрэйчык.

Юрый Тэпер (1958–2020):

Шахматны гурток мінскага Палаца піянераў я пачаў наведваць у верасні 1971 года. Першы сезон асноўным трэнерам быў Міхаіл Шарашэўскі; ён кіраваў заняткамі ў другую змену (з тымі, xто раніцай хадзіў у школу), а Шагаловіч вёл ранішнюю групу шахматыстаў. У той навучальны год ён прыходзіў на замену адзін ці два разы, але тыя заняткі нічым асаблівым не вылучаліся. Адзінае, што я адзначыў, – яўрэйскі акцэнт (напрыклад, «пяць» замест пяць).

Пад кіраўніцтвам А. Шагаловіча я займаўся шахматамі два сезоны: 1972/73 і 1973/74. Адзначу «дух» гуртка. Ва ўсіх, прынамсі ў пераважнай большасці рабят, незалежна ад таго, якіх поспехаў яны дабіліся, на ўсё жыццё захавалася любоў да шахмат, цікавасць да шахматных падзей і паважлівае стаўленне адно да аднаго. Ні разу ў маёй прысутнасці не было ўзаемных абраз, боек, канфліктаў па яўрэйскім або іншым нацыянальным пытанні. А мы ж вучыліся ў 1970-я гады, калі ў савецкім грамадстве ўсё гэта здаралася. Вядома, дадатная абстаноўка ў гуртку была звязана з тым, што на шахматы хадзілі пераважна дзеці з iнтэлігентных сем’яў, але і асабістую ролю Абы Ізраілевіча прымяншаць не варта.

У пачатку заўсёды быў агульны ўрок на 15-20 мінут, дзе паказвалася якая-небудзь партыя або тэарэтычны варыянт (звычайна дэбютны; эндшпілі Аба Ізраілевіч дэманстраваў рэдка). Потым ішла практычная частка заняткаў – турніры, лёгкія партыі. Згуляныя партыі тут жа аналізаваліся. Шагаловіч глядзеў і лёгкія партыі вучняў без запісу, ставіўся сур’ёзна да разбору пазіцый, выяўлення памылак. Па-мойму, аналіз быў найбольш карыснай часткай заняткаў.

Колькі слоў пра стыль паводзін А. Шагаловіча. У яго фразах было шмат гумару, досціпаў, цікавай інфармацыі – шахматнай і не толькі. Гаварыў ён проста, зразумела; можа, дзесьці нават падстройваўся пад мову рабят. Успамінаецца адзін эпізод. Вельмі здольны хлопец Гена Лібаў (цяпер ён майстар ФІДЭ, вядомы трэнер) прапусціў адзін занятак. На наступным ён сказаў, што пісаў сачыненне. А. I. толькі і чакаў, каб пакпіць з тых, хто прапускае заняткі. Вось яго маналог, наколькі яго помню: «Так, сурёзная прычына. Вось у Сярэдняй Азіі ўзбекі, таджыкі ездзяць на ішаках. І якія ў іх бываюць сачыненні? Што бачаць, тое пяюць. Ва ўсіх там “сачыненні”»… Запомніўся фінал таго ўрока. Калі была развязана няпростая задача, нехта гукнуў «Ура!». Шагаловіч тут жа заявіў: «Хто крычыць “ура”? Вы думаеце, што вы ў тыле ворага? Вы ў тыле більярдыстаў!» Справа ў тым, што ў гульнёвым пакоі Палаца стаяў більярд, і некаторыя гурткоўцы хадзілі туды ў час заняткаў.

Часам пад настрой А. Шагаловіч успамінаў маладосць. Паспрабую аднавіць яго ўспамін пра Вялікую Айчынную вайну і вайсковую службу: «Тое, што цяпер наракаюць на цяжар службы, гэта пустое. Вось у нас перад вайной быў цяжар. Ганялі нас па 20 кіламетраў у адгазніках і з грузам. Не ведаю, як я вытрымаў. Называлася гэта “вучыцца па-сувораўску”. А ў немцаў ніякіх сувораўцаў не было. Едуць сабе на машынах, танках, матацыклах і рабі з імі, што хочаш. Дзіва што мы столькі тэрыторый аддалі. Так, фізічна мы былі моцныя, але што толку ад моцы, калі ў іх была перавага ў тэхніцы. Добра, што паспелі разгарнуць вытворчую базу на Ўсходзе і зрабіць пералом у вайне». Я цікавіўся гісторыяй, але нячаста мне выпадала чуць падобныя выказванні.

Аба Ізраілевіч любіў расказваць пра сустрэчы з вядучымі шахматыстамі. Узгадаю яго ўспаміны пра Міхаіла Батвінніка. Аднойчы Шагаловіч ездзіў у Маскву на ўсесаюзны турнір першакатэгорнікаў, і да іх завітаў Батвіннік. На пытанне Шагаловіча аб прычынах наведвання турніру, дзе клас удзельнікаў не адпавядаў гросмайстарскаму, Батвіннік адказаў прыкладна так: «Адкрыю сакрэт. Першакатэгорнікі тэорыю ведаюць слаба, пазіцыю разумеюць сваеасабліва. Праз няведанне яны могуць прыдумаць арыгінальныя хады. Калі ўзяць іх пад “рэнтген” і добра прааналізаваць, то гэтыя варыянты можна потым ужываць у самых сур’ёзных турнiрах». На пачатку 1970-х гадоў гэтыя думкі гросмайстра выклікалі ў гурткоўцаў не абы-якую цікавасць.

Запомніліся таксама словы Абы Ізраілевіча наконт таго, што не трэба баяцца пройгрышаў. Ён расказваў, што, калі Віця Купрэйчык першы раз гуляў у турніры Палаца піянераў, то прайграў усе партыі. Шагаловіч тады апасаўся, што гэта можa надлaміць першакласніка, і ён кіне заняткі. На шчасце, гэтага не здарылася.

А. Шагаловіч не любіў, калі перабольшвалі сілу супернікаў. Неяк ён уключыў у юнацкую каманду першаразрадніка Міколу Клебановіча (цяпер – кандыдат у майстры). Матч адбыўся ў Ленінградзе, Коля абедзве партыі прайграў. Пры разборы партыі трэнер выказаўся так: «Супернікам Колі быў “чыжык” па прозвішчы Юнееў». У адказ на рэпліку, што гэты «чыжык» дабіўся поспехаў «на Саюзе», наш трэнер заявіў, што не трэба шукаць сабе апраўдання ў чужых поспехах, няма чаго баяцца. Я не ўпэўнены, што метад «прыніжэння» супернікаў заўжды быў слушны, але ведаю дакладна: калі сам Шагаловіч гуляў, ён нікога не баяўся. У свой час ён адолеў Таля, зрабіў нічыю са Смысловым… (гл. партыі ніжэй).

Рэзка адрэагаваў А. Шагаловіч на тое, што яго былы вучань В. Купрэйчык у 1976 г. падпісаў артыкул з крытыкай на адрас федэрацыі шахмат, кіраванай ім, Шагаловічам. Але помніцца і такое. У 1985 г. мы з Валерам Буякам загаманілі пра гексашахматы на пасяджэнні федэрацыі. Віктар Купрэйчык, Альберт Капенгут, Аба Шагаловіч знайшлі тады паразуменне («нам не патрэбны такія гульні»). Так, гросмайстар Купрэйчык казаў: «40 тысяч займаюцца ў нас у рэспубліцы звычайнымі шахматамі, а тут групка 10-20 чалавек… Хай ездзяць [на спаборніцтвы] за свой кошт!», Шагаловіч падтакваў. Але мінула гады 4, я спаткаў Шагаловіча, ён спытаўся «Чым займаешся?» і на адказ «У гексашахматы гуляю» пахваліў: «Малайчына!»

***

Некаторыя дадатковыя звесткі пра Абу Шагаловіча я атрымаў з публікацый 1970–1990-х гг. Артыкул за подпісамі Верасава, Купрэйчыка і Холада, згаданы ў Ю. Тэпера, публікаваўся ў маскоўскай газеце «Советский спорт» і ў рыжскім часопісе «Шахматы» (№ 21, 1976). У ім змяшчалася крытыка на адрас федэрацыі шахмат БССР і асабіста Шагаловіча за, калі рэзюмаваць, «адставанне ад жыцця». Крытыкаваў Шагаловіча і ўсесаюзны часопіс «Шахматы в СССР» – за няздольнасць забяспечыць правядзенне ўсесаюзнага спаборніцтва ў Мінску. Савецкім СМІ на 100% верыць не абавязкова, і яшчэ адзін вучань А. Шагаловіча, шматразовы чэмпіён Беларусі Альберт Капенгут, у 2020 г. празрыста намякаў, што ў іх гісторыя шахмат фальсіфікавана (зрэшты, А. К. супрацоўнічаў з тымі самымі СМІ – напр., з «Физкультурником Белоруссии»). Аднак падобна, што Аба Ізраілевіч, які ў 1960-х гг. займаў пасаду старшыні федэрацыі і быў зноўку на яе абраны ў 1970 г. – аднагалосна, пасля чатырохгадовага перапынку, – сапраўды не быў выдатным арганізатарам. Хоць і ўнёс свой уклад у поспех беларускай каманды на ўсесаюзнай Спартакіядзе 1963 г.

У артыкулах А. Шагаловіча, якія ў 1980-х друкаваліся ў інфармацыйна-метадычным зборніку «Шахматы, шашки в БССР» (пэўны час А. Ш. займаў пасаду старшага трэнера зборнай школьнікаў БССР і актыўна дзяліўся сваімі меркаваннямі пра гульню юных, даваў парады калегам), было шмат памыснага, але нямала і спрэчнага, дагматычнага. Прывяду пару фраз пра картачную гульню, у прыватнасці, прэферанс як забаўку для шахматыстаў: «Карты ніколі нікому не дапамагалі і ніколі не дапамогуць. Яны толькі стамляюць мозг, забіраюць масу нервовай энергіі, каштоўнага часу, вядуць да бяздзейнасці ды гультайства» (артыкул 1982 г.). Між тым картачнай гульнёй, асабліва брыджам, у той час захапляліся многія вядучыя гросмайстры, у тым ліку чэмпіён свету, дый трэнер Карпава Сямён Фурман, як сведчыў Гена Сасонка ў кнізе «Мае паказанні», у 1970-х меў рэпутацыю заўзятага карцёжніка. Лёс умее іранізаваць: адзін з вучняў А. Шагаловіча, міжнародны майстар па шахматах Дзмітрый Навіцкі ў год смерці свайго настаўніка зрабіўся чэмпіёнам СНД менавіта па прэферансе…

Аба Шагаловіч быў першым трэнерам Міхаіла Шарашэўскага. Праз дзесяцігоддзі Шарашэўскі так апіша свайго настаўніка ў кнізе «Моя методика» (Масква, 2019, с. 5-6): «Ён быў таленавітым, адукаваным чалавекам, моцным практыкам, але па цяперашніх мерках – аматарам. Ён любіў шахматы, здолеў прышчапіць гэтую любоў вучням, але прафесійнай методыкай навучання ён не валодаў».

Некаторыя сумневы ў чалавечых якасцях А. Шагаловіча з’явіліся ў мяне па прачытанні інтэрв’ю ў зборніку «Шахматы, шашки в БССР» (1990; адтуль і першае фота). Заклікаючы шахматыстаў да сціпласці і самаадданасці, майстар сам не супраць быў пахваліцца: «Недзе з 1947 да сярэдзіны 50-х гадоў быў нязменным чэмпіёнам Мінска». Як відаць з публікацыі пра пасляваенныя чэмпіянаты, гэта не зусім так, дый гісторыі аб адносінах А. Шагаловіча з А. Ракітніцкім, аб стылі паводзінаў першага за дошкай, запісаныя Д. Ноем у 2016 г., не ўпрыгожваюць вобраз шахматнага майстра. Не дужа трэнер Шагаловіч давяраў сваім калегам з іншых гарадоў Беларусі – выхадзец з Бабруйска Барыс Мар’ясін (1950 г. нар.) у 2020 г. сведчыў, што стаўленне Абы Ізраілевіча да юных шахматыстаў з рэгіёнаў бывала прадузятым, мінчанін яўна аддаваў перавагу мінчанам.

Ці быў А. Шагаловіч «другой паводле значнасці фігурай у шахматным жыцці Беларусі»? Калі мець на ўвазе выключна адміністратыўны аспект, то, бадай, адносна пэўнага перыяду можна і згадзіцца… Калі ж зірнуць на вынікі А. Ш. у чэмпіянатах Беларусі, то яны былі такія: 1947 – 11-е месца з 16; 1948 – 3-е з 14; 1949 – 4-е з 14; 1950 – 2-3-е з 14; 1951 – 10-12-е з 14; 1952 – 10-11-е з 14; 1953 – 5-е з 14; 1954 – 8-е з 16; 1955 – 6-7-е з 14; 1956 – 11-е з 16; 1957 – 6-е з 16; 1959 – 3-4-е з 16; 1961 – 9-11-е з 17; 1963 – 6-е з 18; 1964 – 3-е з 16; 1966 – 5-6-е з 14; 1969 – 8-10-е з 16. Такім чынам, дапушчальна аспрэчыць словы майстра, маўляў, «другім, трэцім» ён рабіўся «сістэматычна».

У інтэрв’ю 1990 г. А. Шагаловіч нібы апраўдваўся за пасрэдныя вынікі ў чвэрцьфіналах чэмпіянатаў СССР: «Сямя (я ранa aжаніўся, у 1946 годзе, калі мне было 24 гады), вучоба, праца… Можа быць, іменна таму дабіцца нечага большага было цяжка». Для даведкі, Міхаіл Батвіннік, Тыгран Петрасян і Міхаіл Таль ажаніліся ў 23 гады, Гаўрыла Верасаў – у 22…

Асобныя партыі ў А. Шагаловіча выходзілі вельмі няблага, але ў цэлым яго гульня не адрознівалася стабільнасцю. Зразумела, заслугоўвае павагі сам факт удзелу ў амаль 20 рэспубліканскіх першынствах, і тое, што А. Ш. быў адным з першых нараджэнцаў Беларусі, якія заваявалі званне майстра спорту СССР па шахматах. Да 1957 г. такіх было менш за дзесяць.

Удалыя партыі з «зоркамі»:

М. Таль – А. Шагаловіч (Вільнюс, 1955)

1.c4 Кf6 2.Кс3 d5 3.cd К:d5 4.g3. Наймацнейшы працяг. Пасля 4.d4 g6 паўстае абарона Грунфельда. А калі 4.Кf3, то мажліва 4…g6 або пераход да ферзевага гамбіту шляхам 4…с5 5.е3 е6 6.d4. 4…g6 5.Сg2 К:c3. Не жадаючы марнаваць час на адступленне 5…Кb6, што і вяло да аднаго з варыянтаў абароны Грунфельда. Цяпер жа белыя атрымліваюць моцны цэнтр і паўадкрытую лінію «b». 6.bc Сg7 7.h4. У духу Міхаіла Таля – атака пры першай магчымасці. Звычайным працягам з’яўляецца 7.Лb1 Kd7 (У партыі Ройзман – Шагаловіч з першынства Беларусі таго ж года было выпрабавана 7…0-0 8.Л:b7 С:b7 9.С:b7 Кd7 10.С:а8 Ф:а8 11.Кf3 Ке5 12.0-0 К:f3+ 13.еf, і белыя засталіся з лішняй пешкай, праўда, з контргульнёй у чорных.) 8.Кf3 0-0 9.0-0 Кb6 10.d3 Сd7 11.е4 с6 12.Сb2 з прасторавай перавагай у белых. 7…Кd7. Дапускаючы наступ белых на каралеўскім флангу. Магчыма, лепей тут было 7…h5. 8.h5 c6 9.Кf3 Кe5 10.К:е5. Вострая гульня пачыналася пасля 10.d4 К:f3+ 11.С:f3 Се6 12.Лb1 Фd7. 10…С:е5 11.hg hg 12.Л:h8+ С:h8 13.Лb1. Лепей было 13.Фа4 і толькі потым Лb1. Цяпер чорныя завалодваюць ініцыятывай. 13…Фa5! 14.Фb3 Фh5 15.Cf3? Белыя не заўважаюць 16-ы ход чорных і хутка трапляюць у цяжкае становішча. Ратавання варта было шукаць у варыянце 15.Крf1. Напрыклад: 15.Крf1 Фh2 16.e4 Ch3 17.C:h3 Фh1+ 18.Kpe2 Ф:e4+ 19.Kpd1 Фh1+ 20.Kpc2 Ф:h3 21.Ф:b7 Фf5+ 22.Kpb2 Фc8 23.Ф:c8+ Л:с8 24.Крс2 Крd7 з імавернай нічыёй. 15…Фh2 16.e4 g5! Гэты прыхаваны рэсурс атакі белымі не быў улічаны. Пагражае g4. Здавальняючай абароны ўжо няма. 17.d3 Фg1+ 18.Kрe2 g4 19.Сg5 gf+ 20.Kр:f3 Фh2 21.Сh4 Сf6 22.С:f6 Фh5+ 23.Kрf4. На 23.Крg2 было б Сh3+ і Фf3. 23…Фh6+ 24.Сg5 e5+ 25.Kрf3 Фh5+ 26.Kрe3 Ф:g5+. Белыя здаліся (заўвагі А. Шагаловіча са зборніка «Шахматисты Белоруссии», Мінск, 1972). У кнізе Марка Дварэцкага «Мастацтва манеўравання» («Искусство маневрирования», Масква, 2017) аналіз А. Ш. удакладняецца: напрыклад, ход 15.Сf3 Дварэцкі лічыў прымальным, а 16.е4вырашальнай памылкай (трэба было 16.е3! з узаемнымі шансамі).

А. Шагаловіч – В. Смыслоў (Масква, 1967)

1.d4 Кf6 2.Кс3 d5 3.Сg5 Кbd7 4.Кf3 h6 5.Сh4 e6 6.e4 g5 7.Сg3 Сb4 8.ed К:d5 9.a3 К:c3 10.Фd3 Сa5 11.b4 Кd5 12.ba c5 13.Фd2 cd 14.К:d4 Фf6 15.Сc4 Кf4 16.0-0 Кe5 17.Сb5+ Kрf8 18.Лfe1 a6 19.Сa4 Kрg7 20.Лad1 Кeg6 21.Кf3 e5 22.Фd6 Сg4 23.Ф:f6+ Kр:f6 24.Лd6+ Сe6 25.h4 Лad8 26.Лb6 Лd5 27.Сb3 Л:a5 28.hg+ hg 29.Кd2 Л:a3 30.С:f4 К:f4 31.g3 Кh3+ 32.Kрg2 g4. Нічыя.

Адкуль прыказка «Або Аба, або не»? Яе ўзгадала шахматыстка і журналістка Эльміра Харавец, якая чула, як трэнеры Леў Пак і Аба Шагаловіч пакеплівалі адно з аднаго па-беларуcку. Шагаловіч менаваў Пака Шпакам, а той не палез па cлова ў кішэнь, магчыма, перафразаваўшы пеcеннае «Ці ты Яcь, ці ты не».

Падрыхтаваў В. Рубінчык,

г. Мінcк

Апублiкавана 15.02.2022  13:47